Палічыўшы грошы, знахарка глянула на Хадоську.
— Ето — усё?
— Усё… — прашаптала Хадоська. Багата ж як ёй трэба! Яшчэ, чаго добрага, і не захоча рабіць!
— Мало етаго…
Хадоська маўчала. От, канечне ж, не захоча. Верне грошы, скажа: ідзі як прыйшла! Але ж дзе ёй, Хадосьцы, узяць тых грошай яшчэ!
— Няма болей!..
— Ну, няхай ужэ… — прамовіла мякчэй Захарыха. — Адно — што шкода мне цябе… Добрая я…
Яна схавала грошы кудысьці пад паху, паклала каптанчык у скрыню, якую тут жа замкнула на замочак, падалася к печцы. Упраўляючыся пры печцы, загадала Хадосьцы разуцца, дала рваныя сухія анучы, прынесла карэц гарачай вады з чабаровай заваркай. Хадоська пераабулася, напілася. Пачула, як па целе пайшла лагодная, млосная цеплыня.
— Угрэлася? — заўважыла Захарыха. — А ты распраніся. Скінь світу… Няма чаго…
Хадоська зноў зняла світу. Цяпер ужо сядзела, як дома, у шэрай зрэбнай кофце, сіняй спадніцы, на якой фарба ляжала плямамі. Сядзела, сачыла за знахаркай, якая поркалася каля печы, і чула, што ўжо амаль не баіцца яе. Ныла толькі тужліва ў грудзях трывога перад адным, нязнаным ніколі, але нядобрым, страшным, што было цяпер так блізка.
Вярнуўшыся ад печы, Захарыха глянула зноў так строга, што Хадосьцы стала боязна.
— Пакляніся — кеб ні слова пра ўсё! Ніколі, нікому!
Хадоська хуценька, спяшаючыся, сказала:
— Ніколі, нікому ні слова! Як перад Богам! — Яна перахрысцілася.
— Як скажаш — дабра не чакай! — пагразілася Захарыха.
Хадоська так зірнула ў адказ, што было відаць: хай рэжуць, хай паляць — не дазнаюцца нічога! Тады Захарыха загадала:
— Лажыся!
Хадоська не варухнулася, як бы не чула. Знахарка хацела пакласці яе сама. Але як толькі кранула рукой, Хадоська дзіка адкаснулася:
— Не!
— Дурная, чаго ты?!.
Хадоська прамаўчала. Сорам, страх, агіда, роспач — усё было на яе твары разам. Ён гарэў агнём…
— Як бы — што якое!.. Як бы — адна такая!.. Було тут, перабуло такіх…
Вочы Хадоські таксама гарэлі, дзікія, поўныя адчаю. Не верылася нічаму…
— Дзело — простае, дзявочае… Няма чаго тут!..
Захарыха пайшла да палічкі, вярнулася са шклянкай нейкага настою.
— На от — выпі… Супакойся…
Хадоська паслухмяна ўзяла. Зубы яе дробна, трывожна калаціліся аб край шклянкі…
3
Усё аказалася такім страшным, такім балючым, што дзіва, як выцерпела. Балела, як ніколі, нішто. Але горш за ўсё — было страшэнна брыдка, агідна, сорамна. Так агідна, сорамна, што, калі скончылася, не магла вачэй падняць на Захарыху, — хацела хутчэй выбегчы адсюль абы-куды. Толькі б не бачыць, не чуць яе побач! А Захарыха гаварыла, супакойваючы:
— От і ўсё. Лічы ўжэ — нічога і няма… Як і не було… Кроў шчэ будзе ісці, але ты не думай нічога… Так і трэба… А так, лічы, усё ўжэ… Нічога няма…
Яна сама правяла Хадоську за лес. Хадоська ішла, стомленая без меры, дзіўна аслабелая, чуючы ў сабе нязнаную, страшную спусцеласць, з тупым здзіўленнем думала, што вакол — яшчэ той жа самы вечар, які пачынаўся, калі яна прабіралася сюды! Той жа вечар — толькі сцямнела так, што дрэваў не разабраць. Так мала мінула часу, а колькі перадумана, перажыта. Як усё, здаецца, перамянілася. Яна ўжо нібы не яна, нібы зусім другая. Зусім перамянілася. Зусім нібы незнаёмая… А вечар — яшчэ той самы, толькі што пацямнела. Тады толькі пачынала цямнець, а цяпер — змрок, дрэвы здаюцца плямаю, сцежка — плямаю, святлейшай трохі. Неба ледзь шарэе. Усё так хутка абышлося, а здаецца — няхутка. Многа, здаецца, часу прайшло… І так важка на душы. Так пуста і брыдка… Нядобра — перад Богам… Ён зжаліцца. Даруе. Даруй, Божачка! Ты ўсё знаеш… Даруй…
— Дак кроў будзе шчэ… Ты не бойся, калі што якое… А так — як і не було… — Захарыха напомніла з пагрозай: — Дак — кеб нікому ні слова!
Хадоська пачула палёгку, калі знахарка прапала ў змроку. Цяпер Хадосьцы хацелася быць адной, ні з кім не сустракацца, ні з кім не бачыцца. Адной з тым нядобрым, брыдкім, што гняло, прымушала стараніцца ўсіх. К цётцы яна не пайшла. Абышла полем і сяло, каб ненарокам не сустрэцца з кім-небудзь са сваякоў, абмінула, як і ўдзень, Алешнікі. На балоце абхапіла яе грознай цемрай. Хадоська падалася крадком, пільна прыслухоўваючыся. Падступіў, сціснуў грудзі страх: "Божа, не карай мяне! Даруй, Божачко!.."
Абышлося. Прабілася цераз грэблю ціха. Бог пашкадаваў. Але як толькі зажаўцелі рэдкія агеньчыкі з сяла, нядобрае, брыдкае ажыло зноў. Каля чорных хат стала зусім — нібы не сваё сяло, чужое. Ісці наважылася не скора, падалася, тулячыся да платоў, баючыся сустрэцца.
Ніхто не спаткаўся. Дома таксама спалі. Маці прачнулася, прамармытала праз сон, што вячэра ў печы, Хадоська сказала — есці не хочацца. І хата свая здалася не такой, як раней. Усё іншае. Хадоська хутчэй раздзелася, легла, накрылася з галавою посцілкай. Нічога не чуць, нічога не думаць! Заснуць адразу, прачнуцца, забыўшыся пра ўсё. Але не спалася, усё, што бачыла, наплывала і наплывала ў памяць. Было чагосьці вельмі шкода, і было горка, і хацелася страшэнна плакаць. І яна плакала, душачыся слязьмі, баючыся, каб хто-небудзь не пачуў. Са слязьмі і заснула.
Абудзіў яе трэск агню ў печы, рып дзвярэй. Маці гатавала сняданне. Бацька скінуў абярэмак дроў. Хадоська хацела, як заўсёды, ускочыць, адзецца, але як толькі варухнулася, пачула — унізе жывата апякло, як агнём. Сарочка была мокрая, яна паднесла руку к вачам: кроў!
"Нічога… — супакоіла сябе Хадоська. — Захарыха казала, што кроў будзе. Кеб не пужалася… Так, мабуць, трэба…" Яна больш занепакоілася аб тым, каб маці і бацька не ўбачылі, не сталі дазнавацца.
Увесь дзень Хадоська хадзіла, завіхалася, як магла, старалася адагнаць, заглушыць сорам і прыкрасць, што ніяк не хацелі ні адступацца, ні ціхнуць. Не магла глядзець у вочы бацькам — здавалася, вось-вось даведаюцца пра яе ганьбу. Ёй было так нядобра! І калі б толькі адна тая пакута, што на душы! Боль у жываце часта рэзаў так, што губы кусала, каб не застагнаць.
Яна са страхам заўважала, што ўсё больш слабее, ногі самі падгінаюцца. Толькі б не ўпасці, датрываць бы да вечара! Абнадзейвала, суцяшала сябе: "Нічога, нічога… Пройдзе…"
Пад вечар маці паслала яе ў склеп прынесці бульбы. Ледзь Хадоська ўзняла каробку з бульбай, як пранізаў такі востры і моцны боль, што аж зацяло дыханне. Адразу ж няспынна пайшла, палілася кроў…
Яе ахапіў жах. Ад жаху яна не помніла, як выбралася ўгару. Калі выйшла з прыгрэбніка, галава закружылася так, што яна ледзь не ўпала. Усё ж неяк дацягнулася да ганка і тут без сілы аб'ехала на ступенькі. "Людзі пабачаць…" — падумала з трывогай. Але ўстаць адразу ўжо не хапіла сілы.
Яна наўколенцах дабралася да парога, чапляючыся пальцамі за дрэва, паднялася, увайшла ў сенцы, адчыніла дзверы ў хату. Маці, як толькі ўбачыла збялелы твар яе, жахнулася:
— Дочачко! Што з табою?!.
Хадоська важка дапала да ложка, павалілася. Маці спалохана залямантавала:
— Ой, горачко ж ты маё!.. Што ж ето?!. З'ела што паганае, ці што?!. Горачко ж, гора!..
Хадоська маўчала. Яна чула, як кружыцца галава, дзіўна пустая, вялікая, як нейкія хвалі гайдаюць туды-сюды. Было чамусьці вельмі холадна нагам, плячам, спіне, усяму целу, яна стала ўся дробна, нястрымна дрыжаць. Маці накрыла яе спачатку коўдрай, потым світай, а холад гэты ўсё не адыходзіў, дрыжыкі не ўціхалі. Калі прыехаў з лесу, увайшоў у хату бацька, яна ўбачыла яго як бы праз ваду і пачула як бы праз ваду: "Табе мо што трэба?.." Яна адно моўчкі павяла галавой.
А кроў ішла і ішла, і здавалася, не сунімецца ўжо ніколі. І здавалася, што з крывёй ідзе з яе і цяпло, і жыццё. Заплюшчыўшы павекі, на якія падала з камінка чырвонае святло, яна скрозь дрымоту падумала раптам: "От і канец мой падыходзіць… Смерць мая…" Падумала — і не адчула ні страху, ні жалю, усё было абыякавым, пустым.
Толькі адно дайшло, узварушыла: даючы нейкага зелля, маці сказала, што, можа б, Захарыху-знахарку пазваць. Хадоська як бы ажыла, падняла галаву, ціха, але рашуча прамовіла:
— Не!
Усю доўгую ноч маці не адыходзіла ад яе, укрывала, уздыхала, шаптала малітвы, давала піць зелле. Хадоська то драмала, то абуджалася, то ляжала так, што сон і ява спляталіся, трацілі межы.
"Памру. Ну, і няхай памру…" — думала яна, вяртаючыся да явы.
Пад раніцу бацька запрог каня, паехаў па доктара ў Загалле. Яны прыехалі, калі ў вокнах было ўжо бела — мітусіліся першыя, дачасныя сняжынкі. Доктар, распрануўшыся, пагрэўшы каля печы рукі, выгнаў усіх з хаты. Калі ён падступіўся, Хадоська спачатку запрацівілася, але варушыцца, гаварыць было так цяжка. І не было ўжо ахвоты. Было ўсё абыякава.
— У Юравічы! У бальніцу — зараз жа! — сказаў доктар, пазваўшы бацьку з сянец…
Калі заплаканы Ігнат, Хадосьчын бацька, вёз дачку цераз грэблю, яму спаткаўся Чарнушка, які ехаў з Глінішчаў ад Годлі. Чарнушка, задаволены тым, што клопат з кофтай збыты, і збыты ўдала, ахвотна спыніў каня.
— Куды ето, Ігнат?
— Дачка… — Ігнатавы губы горка таргануліся. — П-памірае!..
Ганна саскочыла з калёс, спалохана падбегла да Хадоські. Яе ўразіла: Хадоська ляжала, нібы ў дамавіне. Незнаёма схуднелая, без крывінкі, як нежывая.
— Хадосечко!.. Што з табой?!
Хадоська зірнула на яе як бы здалёк. Яна быццам не адразу пазнала, але калі пазнала, ажыла, павекі варухнуліся трывожна, непрыхільна. Адразу ж непрыязна заплюшчыліся.
"Глядзець не хоча!.." — сумелася Ганна.
Хадосьчын бацька правёў рукавом па твары, тузануў каня.
Раздзел пяты
1
Апошнія перад вяселлем дні ішлі ў хапатлівай гонцы. Абдзіралі, рэзалі, секлі цяліцу, смалілі, разбіралі кабанчыка, пяклі хлеб, каржы, коржыкі — смалілі, пражылі столькі, што з непрывычкі ад пахаў станавілася млосна. Усё, над чым дрыжалі не адзін месяц і што трэба было расцягнуць да лета, хутка, на вачах, рабілася смажаным і печаным, ненадоўга зносілася ў сыры і цвілы Чарнушкаў "пограб". Ганнін бацька ўдзень і ўвечар прападаў недзе на ўзболатку ў зарасніках, поцемкам вазіў туды бочкі з брагаю, адтуль крадком валок барыльцы і біклагі самагонкі.
Дабра, што мелі самі, хоць падмяталі дачыста, было мала — кідаліся па хатах, дзе толькі можна, — пазычалі. Не думалі, душылі страх — як потым жыць, як з пазычаным разлічыцца: думай не думай, усё адно не выкруцішся інакш. Пакуль абы адзін клопат адолець, вяселле збыць. А там — Бог бацька, там будзе відаць…
Рупіліся — абы пабольш было, абы хапіла. Хата поўнілася мітуснёй, гоманам, чадам. Вечарамі ў Ганны балелі рукі і спіна, у роце было горка, сон браў дурнотны, нездаровы. Ад утомы, недасыпання, чаду галава стала нейкая няцямная, важкая. І сама ўся як бы ацяжэла, хадзіла, рабіла ўсё без ранейшага спрыту, павольна, абыякава. Бацька і мачыха варушыліся таксама нібы заведзеныя, стараліся больш таму, што трэба было спяшацца: падганяў усё неспакой — не спазніцца б, управіцца б у пару…
Увечары ў суботу сабралі дружак маладой, бліжэйшых сваякоў, пасядзелі трохі за сталамі. Пасядзелі так, каб не выдаткавацца загадзя, проста — абы паказаць, што помняць "закон" і шануюць і каб не сарамаціцца перад людзьмі, бо ў жаніха ж — гулялі. У нядзелю з самага ранку Чарнушка стаў ладаваць вясельны воз. Калёсы былі не свае, пазычаныя — ладнейшыя, на лягчэйшым хаду, моцныя, акурат для таго, каб ехаць у такую дарогу. Папрасіць прыйшлося і аднаго каня. Чарнушка накарміў яго добра разам са сваім канём, даў нават аўса, каб прутчэй кацілі калёсы, не ганьбілі маладую. Тады, як дружкі прыбіралі стужкамі вуздзечку, нарытнікі, дугу, ён палажыў на воз лепшага мурожнага сена, якое выбраў загадзя, старанна заслаў яго коўдраю.
Ужо збіраўся запрагаць коней, калі з хаты прыйшоў Хведзька:
— Вас мамо заве…
Чарнушка памацаў хамут, неахвотна падаўся к ганку. У хаце было трохі жанок, дзяўчат, Ганніных дружак і сябровак. Жанкі хадзілі разам з мачыхай пры печы, каля сталоў з гарэлкай і ядою, дзяўчаты ў кутку каля дзвярэй шапталіся аб нечым. Ганна была між іх.
Мачыха, як толькі ўбачыла Чарнушку, з заклапочаным выглядам адвяла яго ў куток да акна, сказала ціха, разважліва:
— Маладую адзяваць час ужэ…
— Час дак час… — Чарнушка ледзь не ўздыхнуў.
— Час… — Мачыха яшчэ наблізілася, яшчэ прыцішыла голас. — А сам — што надзенеш?
— Што е, тое і надзену. Буў жа ўчора ў нечым…
— Буў!.. У дзіравых штанах!.. Латка на латцы!..
— З латкамі дак з латкамі. Вялікая бяда. Не жаніх, грэц яго…
— Не жаніх-то не жаніх! Дак нявеста — дзіця тваё! Нявесцін бацько! Не чужы, кеб абы-як можно, кеб так — старцам — к жаніху выйсці!.. Учора — то шчэ нічога, свае булі! Галякі такія ж, сказаць! А тут — сойдуцца са ўсяго свету! Дай жаніх які! Багацей першы!
— Багацей, багацей! А што ён — чужы, не знае, сколькі ў мяне капіталу! І то шчэ — дзякуе няхай, што ўгашчэнне сабраў!
Мачыха нецярпліва, коса павяла позіркам — ніхто чужы, здаецца, не слухае іх гаворкі, а ўсё-ткі зашаптала цішэй. Асцярога ніколі не лішняя…
— Угашчэнне ўгашчэннем, а толькі вочы не зальеш! Усё разгледзяць дай абгавораць!.. Адзецца трэба — кеб не сорам перад Глушакамі стаць! І сядзець жа разам з імі прыйдзецца!.. Я дак у Хімы пазычу. У яе кохта е сіняя, з палярынай… — Мачыха сабралася выходзіць. — А ты б — к Грыбку збегаў, пакуль суд ды право. Штаны ў яго дабрэнныя. Са службы каторыя прынёс.
— Мне і ў сваіх не пагано. А каму не падабаюцца, няхай не глядзіць!
— Табе-то, можа, не пагано, дак дачцэ — як? — Мачыха кінула позірк на Ганну, якая падышла паслухаць бацькоў. Думала, Ганна падтрымае, але тая — хоць бы слова. — Мне — як? Перад людскімі вачыма! Глядзець будуць, усё разгледзяць, што було і чаго не було. Абы даў прычэпку, абсмяюць! Голае цела, маўляў, латкамі прыкрыў! А таксамо — к багатым лезе, маўляў!
— Няхай смяецца, каму хочацца! А мне — усё адно!
— От бо — розум! Як дзіця! — страціла рэштку цярплівасці, ускіпела мачыха. — Дзіця — і тое даўмела б!
— Знаеш што, — ускіпеў і бацька. Ён загаварыў ужо так, што жанкі і дзяўчаты прыціхлі, сталі здзіўлена слухаць. — Хочаш да Хімы ісці, дак ідзі, а мяне — не чапай! І так — чорт душу скрабе! Не да штаноў паганых, кеб яны згарэлі! Тут на душы такое, а яна, грэц ёй, — штаны, латкі!.. Ідзі, калі хочаш!
Мачыха азірнулася, перахапіла позіркі жанок, сказала Цімоху як можна мірна:
— Мне — што? Я ж — аб табе. Каб табе лепей!.. А не хочаш, не трэба!
Яна стукнула дзвярыма. Бацька ад душы плюнуў, зрабіў выгляд, што шукае штосьці на чорным, чыста вышкрабаным, вымытым падаконніку ля палацяў, сказаў Ганне, як бы апраўдваючыся:
— У Грыбка вазьмі! Бы на чужыне, бы ніхто не знае, якія штаны ў мяне, якія ў Грыбка! Тыя штаны ўжэ хто ні насіў: мо паўсотні вяселляў справілі! Ледзь не ўсякі жаніх у Грыбковых штанах! — Ён пакруціў у руках свае святочныя штаны. — Якія е, такія е, затое не чужыя…
Ганна, задуменная, сур'ёзная, адгукнулася:
— Дзірка ў іх на латцы, на каленях… Дайце зашыю.
— Ты б сказала, кеб самую сабіралі. От-от прыехаць могуць!
— Упраўлюся.
Яна ўзяла штаны, прысела на высокіх палацях, засланых новаю коўдрай, пад якой было ўсякага рыззя, пачала звыкла завіхацца з іголкай.
Штаны былі не то шэрыя, не то жоўтыя: іх хацелі неяк паднавіць, пафарбавалі, але фарба аказалася з фокусамі, узялася няроўна, а лапіны вымалявала зусім інакш, пад спелую цыбулю. Але Чарнушка як бы і не бачыў гэтага знаку сваёй беднасці — з сумам, з замілаваннем глядзеў на дачку, на яе рукі, на чорныя валасы, смуглявы лоб. Калі Ганна падала яму штаны, ён пачуў, як збіраюцца недарэчныя слёзы, ледзь стрымаўся.
— Ну от, перахаджу неяк! У сваіх!..
Мачыха вярнулася ад суседкі радая, з кофтай, але як толькі ўбачыла Чарнушку, пакрыўджана нахмурылася, адвярнулася, мабыць, не збіралася дараваць спрэчкі. Бацька таксама, было відаць, не збіраўся вінаваціцца…
— Матко, маладую час убіраць, — сказала старая Аўдоля, што корпалася пры печы.