Трывожнае шчасце - Шамякин Иван Петрович 21 стр.


— Што я там раблю!

— Не кажы! Выратаваць, вылечыць, схаваць аднаго радавога савецкага байца — гэта ўжо, брат ты мой, подзвіг. А Уладзімір Іванавіч…

Саша ўбачыла, як Лялькевіч сціснуў калена каваля, i той змоўк.

Яны прыслухаліся да крокаў на вуліцы, да шчадровак.

— Не асуджаеш, Уладзімір Іванавіч, маю выдумку з шчадраваннем? — спытаў каваль пасля хвіліны маўчання i, не чакаючы адказу, растлумачыў: — Хацелася мне хлопцаў разам сабраць так, каб гэтыя ганчакі не западозрылі ні ў чым. Яшчэ тыдзень назад пайшоў я да Гуся, спытаў дазволу, ці можна аднавіць старыя народныя традыцыі. Ты думаеш, пень гэты сам вырашыў? Трасца! Паехаў да гаспадароў сваіх — немцаў… А там, відаць, хітры гад сядзіць: даў загад — аднаўляць i падтрымліваць усё, што звязана з рэлігіяй, з верай. Паліцаі гэта разнеслі па сяле. I ведаеш, які вынік? Вырашылі нашы бабулі адкрыць сваю царкву. А папа няма. Вось i з'явілася ўчора дэлегацыя да мяне — запрашаюць заняць гэтую высокую пасаду. Хо-о-о! — Каваль забыўся i рагатаў — быццам сыпануў бульбу аб падлогу.

Лялькевіч ляпнуў яго па плячы:

— Цішэй вы, гром пятроўскі! Што ж вы адказалі?

— Прыняў дэлегацыю з павагай і… дыпламатычна адмовіўся. Не маю права, кажу, я — расстрыга.

— I цяпер нельга паправіць?

— Што?

— Каб стаць вам папом?

Каваль вытрашчыў на Лялькевіча вочы:

— Чакай! Вы лічыце, што гэта нам патрэбна?

— Думаю, што не зашкодзіла б. Нашым людзям было б лягчэй прыходзіць да папа, а яму — ездзіць у горад, у суседнія вёскі. I наогул сустракацца з рознымі людзьмі, «паладзіць» з уладай. Не карысна хіба?

Каваль ляпнуў сябе далоняй па лбе:

— Ах ты, ліха мае! Як жа гэта я, такі мудрэц i хітрэц, не дадумаўся! Вось праўду кажуць, век жыві — век вучыся. Пабаяўся, што рыза мая не спадабаецца хлопцам. Яны любяць каваля i рыбалова… Добра, Уладзімір Іванавіч, паспрабую пачаць перагаворы…

Калі абмеркавалі падпольныя справы, каваль раптам прапанаваў:

— Давай спяём, Уладзімір Іванавіч, што-небудзь.

— Што вы! — Камісар нават разгубіўся ад такой нечаканай прапановы. — Пачуюць. Што падумаюць? У такіх умовах. Ды яшчэ перад святам.

— А мы так, каб ніхто не пачуў.— Каваль пасунуўся на ляжанцы да глухой сцяны i, не чакаючы згоды, ціха заспяваў:

За Сибіром сонце сходить…
Хлопці, не зівайте…

Лялькевіч не вытрымаў, падцягнуў:

Ви на мене, Кармелюка,
Всю надію майте!..

Так, напаўголаса, праспявалі куплеты два.

Аляксей Сафронавіч уздыхнуў, пахваліў, як той казак:

— Добра, сынку! Эх, ірвануць бы нам з табой на поўны голас! — I, нахіліўшыся да Лялькевіча, заспяваў яшчэ цішэй, без слоў, «Свяшчэнную вайну».

Сашу быццам удары л а токам — скалануўся, уздрыгнуў кожны нерв.

Гэтую песню яна ўпершыню пачула некалькі дзён назад: тут жа, у гэтым закутку, у такі ж вячэрні час, гэтак жа амаль шэптам Лялькевіч навучаў Даніка спяваць яе. I вось ужо спявае каваль. Не, не адзін ён! Спявае камісар — Саша чуе яго голас. I сама яна таксама спявае, суровая мелодыя гучыць у душы, у галаве, запаўняе ўсю яе істоту. Яна падышла да спевакоў, засланіла ix ад акна. Але песня змоўкла.

Аляксей Сафронавіч гнеўна прашаптаў:

Гнилой фашистской нечисти

Загоним пулю в лоб,—

i саскочыў з ляжанкі.

— Пара мне ісці. Хлопцы чакаюць. Каб яны часам не выбрыкнулі чаго-небудзь без мяне.

— Хлопцаў беражыце, Аляксей Сафронавіч, — з бацькоўскім клопатам папрасіў Лялькевіч.

* * *

Аднойчы Данік i Цішка ўскочылі ў хату вельмі ўзрушаныя. Данік цягнуў сябра амаль сілком. Той асабліва не ўпіраўся, але нагадваў раз'юшанага звярка: маленькі, у расшпіленым кажушку, у вялікіх стаптаных валёнках, ён выглядаў нейкім дзікаватым, натапыраным.

Лялькевіч i Саша насцеражыліся. Хлопцы ніколі гэтак не ўрываліся, яны наогул рэдка хадзілі разам, каб асабліва не выяўляць сваю дружбу, i ставіліся адзін да аднаго гэтак жа, як кожны з ix ставіўся да любога іншага свайго равесніка-аднавяскоўца.

Яныспынілісяўпарозе. Данік, задыханы, расчырванелы, кінуў позіркам, ці няма старонняга ў хаце, i адразу да Лялькевіча:

— Таварыш камісар! Скажыце вы яму… Вось жа дурань!

Цішка стаяў збялелы, пасінелыя губы яго перасмыкаліся як ад болю, а вочы гарэлі такім гневам, што Сашы стала страшна.

— Усё адно я застрэлю гэтага гада! Усё адно я заб'ю яго… Усё адно, — прашаптаў ён, выставіўшы сціснутыя кулакі.

— Не так трэба забіваць! — прыкрыкнуў Даніла. — Падпольшчык!

Лялькевіч зразумеў, што здарылася нешта вельмі сур'ёзнае, i па-камандзірску паказаў рукой у закутак паміж печчу i грубкай, які стаў месцам, дзе вяліся ўсе падпольныя размовы.

Хлопцы зайшлі туды, прытуліліся плячамі да сцяны.

Лялькевіч стаў насупраць ix, тварам у твар, шэптам загадаў:

— Дакладвай, Данік.

— Паліцаі арыштавалі Ганну з Рэпак. Нехта зноў данёс, што ў яе партызан начаваў… Вялі яе, а мы за крамай стаялі, сачылі. А тут дачка яе, Манька, гадкоў шэсць ёй, бяжыць следам, хапаеццаза кажух, крычыць: «Мама! Мамачка…»

Данік змоўк i як бы праглынуў нешта. A ў Цішкі вочы напоўніліся слязамі. Ён сарваў з галавы сваю аўчынную вушанку i закрыў ёю твар.

— Фашыст ён пракляты! Усё ад но я яго…

Данік з жарам перабіў Цішку:

— Ты яго! Ты нас праваліў бы, як эсэр які!

— Спакойна! — патрабаваў Лялькевіч. — Па парадку! Што было далей?

— Далей… гад гэты, бандыт Гусеў,— цяпер ужо i Данік ажно скрыгатаў зубамі,— як схопіць малую ды як шыбне ў снег… Быццам гэта не дзіця, не чалавек. Сволач ён! Ну, Цішка i не вытрымаў — за пісталет… Добра, што я ўбачыў… Я не ведаў, што ў яго пісталет… У нас была пастанова: удзень зброі не насіць. Навошта ён носіць, як анархіст які? Добра, што я ўправіўся схапіць яго за руку i вырваць гэтую рэч. — Данік дастаў з кішэні пісталет i працягнуў Лялькевічу. — Добра, што нас ніхто не бачыў, мы адны за крамай стаялі… Самі сябе выдал i б… Разумеет ты?

— Усё адно я заб'ю яго! — з дзіцячай упартасцю цвярдзіў сваё Цішка.

Лялькевіч прысеў на ўслончык.

— Саша, паглядзіце, калі ласка, каб нас ніхто не захапіў знянацку, — папрасіў ён.

Але Саша ўжо стаяла на варце: слухаючы ix размову, не спускала вачэй з акна, праз якое відаць была брамка.

Лялькевіч спытаў Ціхана стрымана, але сурова:

— Што ж гэта ты, герой, загубіць нас усіх захацеў?

— Не мог я, таварыш… — страпянуўся юнак. — Вы стаялі б спакойна, каб пры вас такое?..

— Нервы слабыя? А партызану, падпольшчыку трэба мець моцныя нервы. Вельмі моцныя! Ты ўяўляеш, што мог бы нарабіць твой стрэл? Ты — аднаго Гусева…

— Я ўсіх бы ix, чатырох…

— Дапусцім. А потым?

Ціхан змоўк.

— Ну, а потым? Потым што вы рабілі б?

— Уцяклі б, — няўпэўнена прашаптаў Цішка.

— «Уцяклі»! — перадражніў яго Данік. — Куды б ты уцёк?

— Сапраўды, куды можна ўцячы па такім снезе? Але дапусцім, што ўцяклі б. Вы маладыя, спрытныя… А мы? Фашысты адразу схапілі б тваю маці, сясцёр, мяне, Сашу. Ты падумаў пра гэта?

Ціхан ніжэй нахіліў галаву.

— Нічога ён не думаў! — дакараў сябра Данік.

— У нашай суровай барацьбе з такім страшным i бязлітасным ворагам самае галоўнае — дысцыпліна. А ты парушыў яе, парушыў пастанову арганізацыі — не насіць зброі. Па сутнасці ты парушыў клятву. Мала таго — у цябе няма вытрымкі. Значыцца, слабая сіла волі. A калі ты трапіш у яшчэ горшыя абставіны? Можам мы, твае сябры, быць упэўненымі, што ты не падвядзеш нас?

— Таварыш камісар!.. Ды я памру, калі трэба!..

— Памерці — самае лёгкае на вайне. Каб мы думалі аб смерці, чаго была б варта наша барацьба! Мы думаем аб жыцці, аб шчаслівай будучыні для сваіх блізкіх, для народа. Зразумейце, гарачыя галовы. Мы не адмаўляемся ад такіх стрэлаў, але цяпер наша асноўная задача — збіраць, згуртоўваць сілы для залпаў, для вялікіх залпаў, якія мы зробім неўзабаве па ворагу. Замест таго каб страляць, калі позна ўжо, трэба было падумаць пра Ганну раней. Чаму мы не ўпільнавалі гэтага дарагога нам чалавека, маці? Чаму мы не папярэдзілі?.. Якія партызаны да яе прыходзілі? З якога атрада? Нам павінна быць сорамна, што мы не ведаем. Сорамна i балюча…

— Яна не ішла на сувязь, — пачаў апраўдвацца Данік, зразумеўшы, што дакор гэты не аднаму Цішку, але ўсёй арганізацыі.— Мы спрабавалі наладзіць з ёй сувязь яшчэ ўвосень. Сам Стары займаўся. Але яна i яму не паверыла. Яна нікому не верыла. Мы вырашылі, што тады яна выпадкова пякла хлеб партызанам, а потым спалохалася, i больш да яе не падступіцца…

— Слаба, значыцца, мы ведаем, што робіцца ў вёсцы. А мы павінны ведаць усё: чым жыве, што думае кожны чалавек. A ці адна толькі Ганна такая? Перадай, Данік, Старому, каб ён памог схаваць яе дзяцей…

Саша ўздрыгнула, пачуўшы пра дзяцей. Няўжо немцы могуць крануць дзяцей? Так, яны ўсё могуць. Дагэтуль, слухаючы хлопцаў, яна без страху, разважліва думала пра тое, што з арыштам Ганны могуць выплыць на паверхню асеннія здарэнні — уцёкі партызана з калодзежа, смерць Кузьмы. Яна вырашыла сказаць пра сваю асцярогу Уладзіміру Іванавічу, каб ён на ўсякі выпадак меў на ўвазе. Калі ж успомнілі пра дзяцей, яе апанавала тое цяжкае пачуццё, ад якога яна страшэнна пакутавала, бо цяпер ёй здавалася, што толькi адна яна такая баязлівая, a ўсе іншыя страху не ведаюць. Наіўная жанчына! Яна не разумела, што сіла не ў тым, каб зусім не мець гэтага пачуцця (смерці баяцца ўсе), a ў тым, каб умець перамагаць страх і, перамагаючы яго, сумленна выконваць свой абавязак. Яна не хавала свайго пачуцця ад Даніка, Полі, нават ад чырвонаармейцаў i суседзяў, але цяпер — перад Уладзімірам Іванавічам — яна ніколі не выдасць свайго страху. Ніводным словам, ніводным рухам! Таму i пра апаску сваю вырашыла маўчаць. Але сам камісар усё помніў, усё ўлічваў!

— Да здарэння з Кузьмой не дакапаюцца? — спытаўся ён у Даніка.

— Не! — упэўнена адказаў хлопец. — Ніхто ж нічога не ведае. Абы маўчала цётка Хадоска. А яна будзе маўчаць! Яна набожная стала, дзень i ноч моліцца… Хіба толькі Старому можа паспавядацца.

— Асцярожнасць, таварышы, у падпольнай справе — аснова поспеху. Мы павінны ўсё бачыць i ўсё ўлічваць наперад. I берагчы сваіх людзей. A здраднікі… Гусеў гэты i іншыя… нікуды яны ад нас не дзенуцца, не схаваюцца ад народнага суда. Мы пакараем ix…

Ціхан, крыху ўтаймаваны суровасцю i бацькоўскай лагоднасцю Лялькевіча, зноў загарэўся помстай.

— Даручыце мне! Таварыш камісар!

— Ох, рызыкант! Хочаш, каб змянілі п'яных паліцаяў зондэркамандай? Каму ад гэтага стане лягчэй?

— Ніякай рызыкі не будзе! Я падпільную яго дзе-небудзь пад горадам, як ляснічага. Каб i не падумалі на нашу вёску.

— Праўда! — раптам падтрымаў Данік. — Дазвольце нам стукнуць гэтага гада. Няхай ведае, як кідаць дзяцей… піць кроў людскую.

— Як ляснічага, кажаце? A ці шмат гэта дасць цяпер нашай барацьбе? Я хачу, каб вы заўсёды ставілі сабе такое пытанне. I заўсёды помнілі: мы — не забойцы, мы — суддзі. Мы караем ад імя народа. I народ павінен ведаць, хто i завошта пакараны, a галоўнае — ведаць, кім пакараны. Кожны наш стрэл па ворагу павінен узнімаць новых барацьбітоў, папаўняць нашы рады. Я сказаў вам: Гусеву нашай кары не мінуць. Але я катэгарычна забараняю самавольныя анархічныя дзеянні! Я папярэджваю, што надалей буду сурова караць тых, хто парушае дысцыпліну, законы падполля. Майце на ўвазе гэта! Ясна?

— Ясна, Уладзімір Іванавіч, — ціха адказаў Данік.

— Пісталет у цябе, Ціхан, я забіраю, каб ты не нарабіў глупства. I на першы раз папярэджваю.

Юнак цяжка ўздыхнуў: шкада было расставацца з пісталетам, які ён знайшоў яшчэ тады, калі яны з Данікам збіралі зброю на месцы бітвы. Пісталет ужо неаднойчы паслужыў яму як зброя пометы за вялікія крыўды народа.

VIII

Можа, на адну хвіліну заснула Саша ў тую ноч i адразу ўбачыла сон. Бяскрайняе i роўнае-роўнае, без узгорачка, без куста, заснежанае поле. Яна ўзіраецца да болю ў вачах у гэтую белую роўнядзь i… раптам бачыць: па пол i ва ўсім белым паўзе чалавек. Яна пазнае Пецю. Ён працягвае да яе рукі, просіць дапамогі, нешта крычыць. Яна хоча закрычаць у адказ i… не можа — няма голасу. Яна бяжыць насустрач, але ўзнімаецца страшэнная віхура. Саша змагаецца з ветрам, выбіваецца з апошніх сіл, але з жудасцю заўважае, што віхура адносіць яе назад, яна не набліжаецца да Пеці, а аддаляецца ад яго. I ён астаецца адзін еярод гэтага страшнага поля.

Саша прачнулася, аблітая халодным потам. Сэрца калацілася так, быццам сапраўды яна толькі што доўга бегла, змагаючыся з віхурай.

За акном шуміць вецер. Таполі ажно звіняць абледзянелым голлем, шоргаюць ім аб страху хаты. На шыбах шархаціць сухі снег.

«Гэта добра, што такая ноч», — успомніла яна словы Лялькевіча i адразу пачула яго самога: ён піў ваду каля дзвярэй, дзе стаяла вядро. Напіўся i асцярожна, без мыліцы, каб не стукаць, трымаючыся за лаву i за сцяну, пачаў прабірацца да ложка.

«Трэба ставіць яму ваду. Як гэта мы не здагадаліся?» — падумала Саша i шэптам паклікала:

— Уладзімір Іванавіч!

Ён не адказаў, стаіўся недзе на паўдарозе — хацеў схітраваць.

— Уладзімір Іванавіч! Можа, вам нездаровіцца, што вы ўжо двойчы п'яце ваду?

— Не, Саша, я здаровы. Мне проста не спіцца, i я тупаю па хаце.

— А я заснула.

— Вы крычалі ў сне.

— Я сасніла страшны сон. Бачыла Пецю. Ён поўз па полі.

— Вы думалі пра хлопцаў, як будуць яны паўзці да склада, таму вам прыснілася гэта.

Каля стала заскрыпеў услончык — Лялькевіч недзе там сеў.

— А мне, зразумейце, цяжка. Цяжка адчуваць сваю бездапаможнасць. Мне хочацца… мне трэба быць разам з хлопцамі. Яны такія маладыя i нявопытныя!

На ляжанцы ўздыхнула Поля — таксама не спала. Але яна нічога не сказала, таму i яны змоўклі.

…Дні тры назад каваль, які стаў-такі папом, заглянуў да Лялькевіча i сказаў:

— Іванавіч, хлопцы даўно замахваліся на хлебныя склады на станцыі. Немцы да ліха нарабаванага збожжа туды навезлі. Я доўга прыглядаўся i ўсё стрымліваў хлопцаў — небяспечна, не вельмі склады загарацца зімой. А цяпер ёсць магчымасць… Я сёння быў там, на пахаванні стрэлачніка. Магчыма, каб не выстаўляць дадатковы пост, немцы, дурні, падсунулі пад самы склад, на запасную каляю, бензацыстэрну. Адну «хлапушку» пад гэтую цыстэрну — i ўсё да Бога: i бензін i склад! Дарэчы, падае барометр, гудзяць ногі. Трэба чакаць мяцеліцы. Нам — на руку.

— Вось гэта ўжо будзе залп! Ён будзе далека чуваць i відаць, — сказаў Лялькевіч.

Дачакаліся дня, калі пайшоў снег, i позна ўвечары хлопцы рушылі на заданне. Пайшло пяць чалавек: Анатоль, Данік, Ціхан, Павел i Лёнік. Але план аперацыі абмяркоўвалі з камісарам толькі Данік i Цішка. Анатоль не прыйшоў з меркаванняў канспірацыі, а новыя члены арганізацыі, як было дамоўлена, нічога не ведалі пра Лялькевіча i Сашу.

Саша ведала ўсе дэталі гэтага плана. I станцыю, якая знаходзілася кіламетраў за дзевяць ад ix вёскі, за лесам, яна добра ведала. Таму яе ўяўленні былі такія яскравыя, быццам раскрыліся сцены хаты, расступіўся лес i яна ўсё бачыць наяве. Вось хлопцы выйшлі з лесу i па глыбокім снезе абходзяць пасёлак. Добра, што ідзе снег i замятае адразу сляды. Вось яны ляглі ў кустах на беразе ручая. Адгэтуль да склада нейкіх метраў трыста. Правяраюць зброю. Далей паўзуць толькі трое — Анатоль, Цішка i Данік, захутаўшыся з галавы да ног у белыя балахоны, пашытыя ёю, Сашай, з тых накрухмаленых, прапахлых нафталінам прасцін, якія набывала яшчэ ix нябожчыца маці ў пасаг дочкам. Каля штабялёў бярвення, што навалены па гэты бок чыгункі, якраз насупраць склада, астаецца Анатоль, узброены нямецкім аўтаматам: у выпадку чаго ён павінен прыкрыць адыход хлопцаў. Далей паўзуць двое — Данік i Цішка. Самае цяжкае — перабрацца цераз пуці. Але яны перабіраюцца. I вось ужо стаіліся за вуглом склада, чакаюць, калі вартавы-немец, які ходзіць вакол склада, наблізіцца да ix. Саша не хоча бачыць, як Данік ударыць яму ў спіну нямецкім кінжальным штыком, a Цішка адразу заткне рот, каб ён не закрычаў. Яна заплюшчвае вочы… i сапраўды прапускае гэты момант. Вось немец ужо ляжыць. Хлопцы падкладваюць пад бензацыстэрну міну i ўжо не паўзуць, а бягуць назад… Тонуць у гурбах снегу, падаюць, зноў падымаюцца… Хутчэй, хлопчыкі! Хутчэй! Каб снег замёў вашы сляды…

Назад Дальше