Саша вярнулася амаль на світанні. Яна зайшла нячутна і на дыбачках кралася да свайго ложка.
Ён спыніў яе гучным запытаннем:
— Дзе ты была?
Яна ажно ўздрыгнула ад нечаканасці:
— Ты яшчэ не спіш? Цішэй.
— Дзе ты была? — Голас яго задрыжаў ад перажытых пакут, болю і крыўды.
— У хворай.
— Да раніцы — у хворай! — Ён хмыкнуў зняважліва, злосна.
— Дзівак ты! У здаровай. Прымала роды… Хлопчык!..
— Роды?! — І адразу куды дзеліся ўсе яго шматгадзінныя сумненні, расчараванні. Зноў вярнулася адчуванне шчасця, спакою. Ён лёгка ўздыхнуў і нават ціха засмяяўся. У сэрцы яго апрача кахання з'явілася нейкая асабліва глыбокая павага да Сашы: яна прысутнічала пры святым таінстве — нараджэнні чалавека, пры якім яму, дарожнаму тэхніку, напэўна, ніколі ў жыцці не прысутнічаць! Не, яна не толькі прысутнічала, яна памагала нарадзіцца чалавеку, без яе магло б здарыцца няшчасце. Вось якая яна, яго Саша! І яму зрабілася вельмі сорамна і брыдка за сваю рэўнасць. Які ён дурань! Так кепска думаць пра Сашу! Ён тут жа пакляўся сам сабе, што ніколі-ніколі ў жыцці больш не падумае пра яе нічога благога…
— Даруй, Сашок, — ціха папрасіў ён прабачэння за свае абразлівыя, недарэчныя думкі.
— Завошта?
— Я лаяў цябе, што ты сышла немаведама куды.
— Ты прабач, што я не папярэдзіла. — Яна падышла і дакранулася далоняй да яго гарачай галавы. — Спі.
Ён схапіў яе руку і… прыпаў вуснамі да яе халодных ад эфіру, спірту і начной вільгаці пальцаў.
Здавалася, кончыліся ўсе непрыемнасці, надышоў час бязвоблачнага шчасця. Але адна рэч — юнацкі розум, які здольны быў разважліва ацаніць усе падзеі, зразумець і прымірыцца нават з прагнасцю гаспадыні, і зусім іншая рэч — юнацкія пачуцці, над якімі розум часам не мае ніякай улады. Пятро пакляўся ўначы, што ніколі ў яго сэрцы не будзе такога агіднага пачуцця, як рэўнасць, і што ён не будзе звяртаць увагі на гаспадыню і, на злосць ёй, будзе жыць паўмесяца, а то і больш (заняткі, у сувязі з практыкай, у іх пачыналіся на месяц пазней — у кастрычніку). Але ўсе гэтыя клятвы і перакананні мелі сілу нядоўга — да раніцы, пакуль ён спаў. А потым зноў пачаліся непрыемнасці, і зноў з-за гаспадыні.
Колькі яшчэ ў нас выпадкаў, калі шчырае каханне, самыя лепшыя пачуцці і жаданні разбіваюцца аб вострыя скалы матэрыяльнага разліку, скнарасці ці проста чалавечай дурноты. Калі такія людзі стануць на дарозе да твайго шчасця, юнак, смела падымайся над імі: у такім выпадку ты маеш поўнае маральнае права зрабіць гэта і, стаўшы над імі, спіхай іх прэч з дарогі, не зважаючы ні на што — ні на іх сівыя валасы, ні на словы любві да цябе… Праўда, абставіны звычайна складваюцца так, што гэта вельмі нялёгка зрабіць. Але знайдзі ў сябе сілы, бо гэта адзіная магчымасць ратаваць сваё шчасце, інакш яго растопчуць, забрудзяць.
…На снеданне гаспадыня падала яечню: на вялікай скавародцы гарэлі сонцамі паміж апетытных кавалкаў румянага сала штук шэсць жаўткоў. Саша ажно пасвятлела ад задавальнення — размова памагла. Але калі селі за стол, выявілі, што няма хлеба.
— А хлеб, Аня? — спытала Саша, думаючы, што гаспадыня забылася падаць хлеб.
— Хлеба няма, Шурачка. Ніяк змалоць не магу, тыдзень бегаю на млын. Гэта ж цэлае няшчасце… Раней у адной нашай вёсцы колькі млыноў было, а цяпер на паўраёна — адзін млын. Хто сядзіць там — той меле. А мне сядзець няма калі. Каровы яшчурам хварэюць. Свая карова сёння нічога не дала, баюся, каб не захварэла! Гэта ж такое няшчасце будзе…
Звычайна маўклівая, яна зрабілася надта мнагаслоўнай і ўсё гаварыла пра свае няшчасці і пра тое, як ёй цяжка жыць. Але Саша не слухала яе, яна не паверыла, што хлеба няма, і зноў адчувала сябе няёмка перад Пятром. А яшчэ горш адчуваў сябе Пятро — бульба перасядала ў горле, хоць ён учора не вячэраў і быў галодны. Настрой сапсаваўся зноў. Магчыма, калі б Саша заставалася з ім увесь дзень, ён хутка забыўся б на ўсё гэта. Але, як наліха, з раёна прыехаў інспектар санстанцыі, дарэчы, малады хлопец, і яны пайшлі ў суседнюю вёску рабіць нейкую прафілактыку. Пятро на ўвесь дзень застаўся адзін і не ведаў, чым заняцца. А вядома, калі чалавеку няма чаго рабіць, то якія толькі думкі ні прыходзяць у галаву. Праўда, прыступу беспадстаўнай і недарэчнай рэўнасці больш не было, але думкі ўсё ж прыходзілі сумныя.
На наступны дзень Сашу яшчэ да снедання павезлі ў суседнюю вёску. Прыехаў па яе сам старшыня калгаса, тоўсты вясёлы чалавек, які, убачыўшы Пятра, раптам пачаў віншаваць дзяўчыну і вельмі збянтэжыў гэтым іх абаіх. Саша паабяцала хутка вярнуцца, але не вярнулася і на абед. Тады, не маючы больш сіл сумаваць і думаць ліха ведае што, Пятро пайшоў у тую вёску, куды яна паехала. Яму «пашанцавала». Ён сустрэў Сашу ў канцы вуліцы. Яна стаяла з нейкім маладым чалавекам і весела размаўляла. У Пятра ёкнула сэрца, але ён рашуча наблізіўся. Саша здзівілася, убачыўшы яго.
— І ты тут? — спытала яна і пачырванела.
Гэта ўзмоцніла яго падазронасць, ён тут жа ўспомніў, што і роды пазаўчора яна прымала ў гэтай жа вёсцы. Кроў балюча стукнула ў скроні.
— Знаёмцеся, — сказала яна. — Гэта мой… брат.
Малады чалавек, які, аднак, быў гадоў на пяць старэйшы за Пятра, з усведамленнем уласнай годнасці працягнуў руку і назваў увесь свой «тытул»:
— Настаўнік Уладзімір Іванавіч Лялькевіч.
Пятро ў адказ буркнуў адно імя.
— Хадзем, Аляксандра Фёдараўна, пагуляем у валейбол, у школе якраз мае калегі і вучні старэйшых класаў сабраліся, — прапанаваў настаўнік.
Саша адразу згадзілася, і гэта яшчэ больш балюча разанула па сэрцы юнака. «Яна з радасцю згаджаецца, не думаючы, што я прыйшоў па яе, што я не абедаў…»
Сарамлівы ад прыроды, Пятро заўсёды адчуваў сябе няёмка і быў нязграбны сярод людзей незнаёмых, асабліва ў прысутнасці дзяўчат і жанчын. Тым больш цяжка было яму знаёміцца з настаўнікамі і настаўніцамі ў такім душэўным стане: ён не мог вымавіць слова, не мог адказаць на жарт. Да таго ж ён не ўмеў гуляць у валейбол. Упершыню гэты недахоп здаўся яму страшэнна ганебным. Пятро згараў ад сораму. Ён сядзеў збоку і з рэўнасцю глядзеў, як весела гуляюць на пляцоўцы. Не адводзіў вачэй ад Сашы і Ўладзіміра, заўважаючы кожны іх рух, ловячы кожнае слова, якое яны гаварылі адно аднаму. Яны гулялі ў адной камандзе, былі ўвесь час побач і, як здавалася Пятру, знарок білі па мячы адначасова, каб дакрануцца адно да аднаго. І ўвесь час весела смяяліся. Між іншым, Пятро пачуў, як Уладзімір сказаў ёй:
— Што гэта ваш брат такі бука? А яшчэ студэнт!
Саша ішла дадому вясёлая, узрушаная гульнёй і гарэзліва пазірала на свайго каханага, разумеючы, чаму ён такі. А Пятро ішоў пануры, маўклівы, злосна збіваў дубцом прыдарожны быльнік, узнімаў пыл нагамі, не шкадуючы сваіх ненадзейных чаравікаў і адзіных штаноў.
— Чаго ты сапеш, як кавальскі мех? — са смехам спытала Саша.
Ён не адказаў.
— Ці не раўнуеш ты часам? — жартавала далей яна. — Вось гэта мне падабаецца! А ты ж увесь час даказваў, што гэта — перажытак… а ты — чалавек новы, перадавы… І раптам… заразіўся перажыткамі? Ха-ха-ха… — смяялася яна. — Чаму ты маўчыш?
Яму нечага было сказаць, бо сапраўды ён увесь час сцвярджаў, што рэўнасць — гэта ганебная пляма мінулага, якая непазбежна павінна знікнуць у людзей сацыялістычнага грамадства. Але гаварыць няпраўду Пятро не хацеў: «Няхай ведае, што ўсё з-за яе паводзін». Ён яшчэ доўга ішоў моўчкі, не адказваючы на Сашыны кпіны і жарты, потым сумна сказаў:
— Я пайду.
— Куды? — не зразумела Саша.
— Да бацькоў. Куды ж я магу яшчэ пайсці!
Саша адразу змоўкла — куды падзелася яе гарэзлівасць! Яна не ведала, што адказаць. Не магла сказаць: «Ідзі», бо гэта значыла б бадай што выгнаць яго, і не магла прасіць — не дазваляла гордасць. Яна ўздыхнула:
— Цябе чамусьці неўзлюбіла Аня.
— А чаго ёй любіць мяне, калі… — Ён не скончыў, але Саша здагадалася, што ён хацеў сказаць, і пакрыўдзілася да слёз:
— Як табе не сорамна!
Яго суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы яе поўныя слёз. У іншых абставінах ён, напэўна, страшна ўсхваляваўся б, калі б адчуў, што пакрыўдзіў яе. І цяпер у яго з'явілася моцнае жаданне прыгарнуць яе, пашкадаваць і памірыцца. Але рашэнне пайсці, якое ўзнікла нечакана, рабілася ўсё больш цвёрдым, і ён не даў волі сваім пачуццям.
Саша зразумела яго так, што ён пойдзе назаўтра, раніцой, і гэта крыху супакоіла яе, а можа, перадумае за ноч? Але калі яны прыйшлі на кватэру, Пятро адразу ж пачаў збіраць свой партфель — укладаць дзённікі і вершы.
— Ты куды? — здзівілася Саша.
— Пайду, — упарта паўтарыў ён.
— Зараз? — Яна глядзела на яго спалоханымі вачамі. — Увечары няма поезда. І машын ужо не будзе на Рэчыцу. Куды ты пойдзеш?
— А я і не пайду на тваю Рэчыцу! Па гэтай агіднай дарозе!.. — Ён раптам адчуў сябе ў ролі пакутніка, а вядома, што нішто не надае гэтулькі ўпартасці і рашучасці, асабліва ў юнацтве, як адчуванне, што ты пакутуеш. Пятро адварочваўся і глытаў слёзы, шкадуючы самога сябе, але цяпер, безумоўна, ужо ніякія ўгаворы спыніць яго не маглі.
— Куды ж ты пойдзеш?
— Пайду цераз Дняпро да Сожа, а там будзе відаць: можа, паеду на параходзе, можа, пайду далей — на шашу.
— Ты звар'яцеў! Праз лес і балота проці ночы? Не пушчу! Не пойдзеш! — Яна рашуча загарадзіла дзверы.
Ён іранічна ўсміхнуўся і ўзяў у рукі партфель, надзеў кепку, намерваючыся выходзіць, але не ведаючы, як прайсці міма яе:
— Ты камандуй кім іншым…
— Ты — дурань.
— Вядома, я — дурань, бо ёсць разумнейшыя…
— Божа мой! — прастагнала яна, але, відаць, зразумела, што затрымаць яго немагчыма, і саступіла з дарогі. — А абед? Ты пойдзеш без абеду? — раптам успомніла яна.
Але роля ўяўнага пакутніка — страшная і смешная роля: чалавек такі бясконца выдумляе сабе новыя пакуты.
— Не трэба мне твой абед! — Ён сказаў гэта з такой злоснай упартасцю, што Саша жахнулася: нейкая недарэчнасць можа загубіць іх каханне, дружбу. Папрасіць, паклясціся, што яна кахае аднаго яго, што ўсё, што ён выдумаў, — глупства? Не, у яе таксама ёсць гордасць! І хоць ёй, магчыма, было ў сто разоў цяжэй, чым яму, і хацелася заплакаць наўзрыд, яна стрымана і сурова сказала:
— Што ж, калі ты такі — ідзі!
Яму вельмі хацелася спытаць — які такі, але пабаяўся, што гэта можа стаць крокам да прымірэння.
— Дай я пакладу яблык на дарогу…
— Не трэба мне яблыкі тваёй прагнай гаспадыні!
— Яблыкі не гаспадыні, яблыкі мае. — Яна падышла, сілком узяла з яго рук партфель і пайшла за занавеску, дзе стаяў яе ложак. Выйшла адтуль і, аддаючы партфель левай рукой, адначасова працягнула правую.
— Ідзі. Будзь здароў. — Яна баялася, каб не заплакаць, і хацела, каб хутчэй усё гэта скончылася.
Ён моцна сціснуў яе руку і, не могучы з-за слёз вымавіць слова, хутка павярнуўся і пайшоў, абмінуўшы на кухні спалоханую і здзіўленую дачку гаспадыні, якая, мусіць, чула іх размову.
Пятро пайшоў праз сад і, калі ўжо выйшаў на дарогу, раптам пачуў ззаду Сашын голас:
— Пеця!
Ён спыніўся. Яна падышла, пільна паглядзела ў вочы яму, напэўна, чакаючы, што ён скажа. Пятро маўчаў. Тады яна абняла і моцна пацалавала — упершыню пацалавала сама. Потым павярнулася і ўподбег рушыла назад.
Ашаломлены, ён ледзь не кінуўся следам за ёй, але ўпартасць перамагла. Наіўная юнацкая ўпартасць!
III
Можна ўявіць, што ён адчуваў, калі ішоў па пыльнай дарозе, цераз пустое асенняе поле, да Дняпра. Але самая страшная думка прыйшла на высокім крутым беразе, з якога ён аглядаў шырокія прасторы прыдняпроўскіх лугоў, густа застаўленыя стагамі. Чаму з'явілася такая думка? Магчыма, ад вострага адчування далечыні. Калі мы адчуваем даль — азіраемся з вышыні, едзем стэпам, — заўсёды прыходзяць самыя нечаканыя думкі. Яна прыйшла раптоўна, з нейкім вельмі балючым штуршком сэрца: а што, калі яе пацалунак — гэта развітанне назаўсёды, апошняе «бывай»? Чым больш ён думаў пра гэта, успамінаў падрабязнасці, тым больш пераконваўся, што гэта так. І адразу пацямнелі для яго і сонца, і яснае неба, і сіняя дняпроўская вада… Калі стары рыбак перавозіў яго цераз Дняпро, Пятру хацелася, каб вузкі човен, які ў народзе называюць душагубкай, перакуліўся. Не… загінуць зусім яму не хацелася, хоць і вялікая роспач была ў душы. Хацелася, каб рыбаку здалося, што ён утапіўся, а ён у сапраўднасці каб неяк непрыкметна выплыў. Гэта трэба было яму для таго, каб потым як-небудзь падглядзець употайкі, як сустрэне вестку пра ягоную смерць Саша. Ці засталася ў яе сэрцы хоць кропля былога кахання? Калі не — тады справа іншая, тады можна тапіцца і назаўсёды, бо жыццё яму здавалася немагчымым без яе, без яе кахання…
Мабыць, у яго быў вельмі засмучаны выгляд, бо рыбак клапатліва спытаў:
— Ты не хворы, хлопец?
Ён схамянуўся:
— Не. Я здалёк ішоў і стаміўся.
І зноў так задумаўся, што калі пераехалі, то забыўся разлічыцца з рыбаком, хоць той у самым пачатку запрасіў за перавоз два рублі. Рыбак таксама змаўчаў, відаць, адчуўшы, што з хлопцам робіцца нешта нядобрае.
Не распытваючы дарогі, Пятро рушыў па першай, што трапілася яму і вяла ад Дняпра на ўсход, у глыб лесу.
У адрозненне ад правага берага, высокага і бязлеснага, левабярэжжа, ды і наогул увесь гэты куток у міжрэччы Дняпра і Сожа, — край лясоў, балот і пяскоў. Глеба тут неўрадлівая, пустая, і калгасы слабыя з самага свайго заснавання. Раённыя кіраўнікі, калі размова ідзе пра гэтыя калгасы, махаюць рукамі: «У міжрэччы? Што вы! Нічога там не зробіш! Пустэча! Туды і прыемна толькі з'ездзіць рыбку палавіць…»
І, мабыць, сапраўды ездзілі ў гэтыя калгасы толькі «рыбку палавіць», раз назаўсёды пераканаўшы сябе, што ўзняць гаспадарку там немагчыма.
Да вайны новага чалавека здзіўляў знешні выгляд вёсак у гэтым месцы: сярод лесу стаялі пахіленыя хаткі з беднымі агародамі, у той час калі ў вёсках стэпавых, за дваццаць-трыццаць кіламетраў ад лесу, хаты былі адна ў адну — вялікія, новыя, і навокал — багатыя сады. Пасля вайны выгляд вёсак перамяніўся. Гэта былі гады, калі ўсе будаваліся — і той, хто пагарэў, хто не меў дзе жыць, і той, у каго быў добры дах над галавой; усіх ахапіла гарачка будаўніцтва, і кожны лез са скуры, каб зрабіць дах большы і лепшы. Натуральна, што тыя, у каго лес быў пад бокам, адбудаваліся хутчэй і лепш. Калі яшчэ ўлічыць, што на правабярэжжы зніклі сады, то выгляд вёсак у бедным міжрэччы цяпер стаў значна прыгажэйшы. Ды і не такі ўжо ён бедны, гэты край! Недарма тут даволі густа сяліліся нашы продкі. Пясчаныя глебы, але затое колькі іншых выгод! Шырокія сенажаці, лясы, рэкі і азёры — старыкі. Трава і дрэва, рыба і звер — усё ёсць. З даўняга часу вёскі тут славяцца рыбаловамі, паляўнічымі, цеслярамі, бондарамі, кашарамі і іншымі майстрамі… Цікавая яшчэ адна акалічнасць. У гэтым кутку міжрэчча некалькі вёсак маюць назву Рудня: Рудня Марымонава, Рудня Каменева… І гэта не проста назва. Каля гэтых вёсак знаходзяць вялікія залежы «жужалю» — шлаку ад плавак. Некалі даўно-даўно вольныя казакі Багдана Хмяльніцкага ці, магчыма, нават раней яшчэ завозілі па Дняпры і Сожы з Крывога Рога руду ці, можа, знаходзілі яе дзе-небудзь бліжэй, а лесу на вугаль тут заўсёды хапала. І вось у гэтым лясістым кутку беларускай зямлі выплаўлялі яны зброю, каб біць ёю ворагаў.
Няшчасны закаханы ішоў па гэтых мясцінах, безумоўна, не заўважаючы ні хараства іх, ні асаблівасцей, якія заўважыў аўтар і, захапіўшыся, адступіў ад тэмы. Сапраўды, скажаш ты, чытач, пры чым тут выгляд хат, рыбакі і бондары, казакі Багдана і руда, калі гаворка ідзе пра каханне? Дарэчы былі б яшчэ разважанні аб прыгажосці наддняпроўскіх дуброў і сасновых бароў, аб бярозах з першым золатам лісцяў, але ж аўтар сам сказаў, што герою было не да любавання прыродай. Што зробіш, дарагі чытач, у кожнага з нас свая слабасць, а гэтая слабасць, відаць, ёсць ва ўсіх — пры выпадку і без выпадку сказаць хоць некалькі слоў аб родных мясцінах, аб тых лясах, дзе прайшло тваё маленства, аб тых лугах, дзе ўпершыню мянташыў касу і адчуў, што пот салёны, аб тых палях і сцежках, па якіх бег на першае спатканне…
…Лес скончыўся, і пачалося сухое балота з высокім куп'ём, старымі абгарэлымі пнямі і з вялікімі абгароджанымі стагамі сена. Дарога цераз балота была ледзь прыкметная — вузкая сцежка. Магчыма, што гэтая панурасць і бязлюддзе краявіду схамянулі хлопца і нібы апрытомілі: куды ён ідзе? Куды выводзіць гэтая сцежка? Дзе ён будзе начаваць?