Паўлінка - Купала Янка 2 стр.


Дый надзену лапці;

Кожны дурань ці разумны -

Пан у сваёй хаце.

(Садзіцца за стол.)

Паўлінка (кінуўшы шыццё на ложак, да Альжбеты). Мамка, дастаньце з куфра настольнік, а я прынясу вам з’есці. (Выходзіць.)

З’ява V

Сцяпан, Альжбета.

Альжбета (дастаючы настольнік з куфра). З кім ты гэтак намурзаўся?

Сцяпан (закурваючы люльку). Я і з тым, я і з сім, а ты, каханенькая, родненькая, згадай, - з кім?

Альжбета. А немач цябе ведае, з кім!

Сцяпан. Ці ж я не казаў, што ў цябе тут (торкаючы сабе пальцам у лоб) не ўсе дома? Але слухай: з зяцем!

Альжбета (здзівіўшыся). З зяцем?!

Сцяпан. Так, так, каханенькая, родненькая. Хто з сватам, хто з сваццяй, а як Сцяпан Крыніцкі, дык з родным зяцем.

Альжбета (накрываючы стол). Такі праўду кажуць, што гарэлка людзей з поля зводзіць. Калі ж ты ўспеў яго нажыць?.. Дачка яшчэ замуж не вый-шла, а бацька ўжо зяця мае!

Сцяпан. Калі не маю цяпер, дык буду мець у чацвер. Гэта, бачыш, ён яшчэ толькі збіраецца падмазацца да нашай Паўлінкі; ну, а каб слізчэй усё пай-шло, дык перш мяне ён падмазаў.

Альжбета (садзіцца). Так бы і казаў адразу. А хто ж гэта такі?

Сцяпан. Адольф Быкоўскі!

Альжбета. Э-э! Я думала, хто там!.. Ажно нічога людскога. Толькі ездзіць ды нюхае, якая дзяўчына пасагу больш мае, а сам дык голы як бізун.

Сцяпан. Пасаг нюхае, бо нос мае. Але ўсё-такі гэта для нас блін, ды яшчэ маслам падмазаны. Ён сам мне, каханенькая, родненькая, хваліўся, што яго гаспадарка ў сто раз лепшая ад усіх тутэйшых гаспадароў. За аднаго каня толькі, казаў, заплаціў сёлета тры сотні. «На гэтым жа кані, кажа, заўтра да васпанства заедуся з кірмашу». (Мацаецца па кішэнях, сам сабе.) Дзе ж бы яна падзелася?.. (Да Альжбеты.) Ты, баба, ці не бачыла кніжкі, што я купіў сягоння? Дзе яна прапала?

Альжбета. А што я, пастушка над тваімі кніжкамі? Прапіў, можа, з гэтым сваім зяцем.

Сцяпан (ідзе к куфру, знаходзіць у бурцы кніжку і кладзе яе за абраз, дзе Паўлінка палажыла фатаграфію). Каханенькая, родненькая, не думай, што я якую дрэнь выбраў сабе на зяця. Заўтра ён прыедзе, паглядзіш, дык адразу што другое запяеш. Адным словам, хлапец: шляхоцкага заводу, з рызыкай, з усякай далікатнасцяй і ўсё такое…

З’ява VI

Паўлінка, Сцяпан, Альжбета.

Паўлінка (уваходзячы з міскай, з лыжкамі і хлебам пад пахай). Аб кім гэта, татка, гаворыце, што мае ўсякую далікатнасць і ўсё такое? (Ставіць яду на стол і садзіцца за шыццё.)

Сцяпан (ядучы). Вельмі васпанна цікавая! Скора састарышся, каханенькая, родненькая, як усё будзеш ведаць.

Паўлінка (просячы). Скажыце, скажыце, татачка!

Сцяпан. Ага, ні села ні пала, захацела баба сала! Калі ўжо табе, каханенькая, родненькая, так хочацца, дык скажу. (З павагай.) Знакам тым, гэты паніч з далікатнасцяй і з усякім такім - мой зяць.

Паўлінка (пырснуўшы смехам). Зяць?!

Сцяпан. Знакам тым, ён не саўсім яшчэ зяць, але скора на яго выкіруецца.

Паўлінка. А як жа годнасць гэтага… гэтага, ну, як яго… што некалі татавым зяцем зробіцца?

Альжбета. Дык гэта ж, гэты… Ты, пэўна, яго бачыла некалі… Адольф Быкоўшчык.

Паўлінка. Быкоўшчык!!

Сцяпан. Але. Але! Пан Адольф Быкоўскі!

Паўлінка. Ну, хіба, татка, для яго другой дачкі пастараецеся або самі з ім ажэніцеся, каб перарабіць яго з простага чалавека на свайго зяця.

Сцяпан. А ты што? Зломак?

Паўлінка. Зломак - не зломак, але і за ламаку не пайду.

Сцяпан. А дзяга нашто?

Паўлінка. На ўсё, толькі не на паганяку к за-мужству.

Сцяпан. Каханенькая, родненькая, яшчэ па-глядзім, дзе каго пасадзім.

Альжбета (ядучы, да Сцяпана). Еш вот лепей, чымся з пустога ў парожняе пераліваць. Як прыедзе сватацца, тады тое і будзе.

Паўлінка. Татка, ведаеш не сягоння, за каго я толькі пайду або за нікога.

Сцяпан (змяніўшыся, кідаючы лыжку аб стол). Што?.. За каго?..

Паўлінка (устаючы і ідучы к ложку). За каго? За Якіма.

Сцяпан (стукаючы кулаком па стале). Маўчы, гадаўка! Раз сказаў, каб гэтага шэльмы і звання не было ў маёй хаце, каб яго імені я не чуў ніколі… гэтага недавярка, гэтага… гэтага забастоўшчыка! Дык і не забывайся аб гэтым, каханенькая, родненькая…

Паўлінка (паірытавана). Нашто дарэмшчыну вясці. Ён нікому ніякай забастоўкі не рабіў і не робіць.

Сцяпан (закурваючы са злосцю люльку). Чорт яго бяры, не тут успамінаючы, - рабіў ці не рабіў. Знаць і бачыць не хачу яго ў сваёй хаце, гэтага хамуйлу, гэтае плюгаўства.

Альжбета. Прыбірай, Паўлінка, ужо са стала!

Паўлінка (кінуўшы на ложак шыццё і ідучы к сталу). А даўно гэта, татка, сам з ім цалаваўся?

Сцяпан. Каханенькая, родненькая, не лезь у вочы. А не то вон з хаты і цябе з гэтай дрэняй выганю.

Паўлінка ідзе з міскай к дзвярам; неўспадзеўкі дзверы адчыняюцца, увальваецца ў хату п’яны Пранцісь Пустарэвіч, за ім - яго жонка. Пранцісь няўмысля выбівае міску ў Паўлінкі.

Паўлінка. Ай, што ж гэта, дзядзька, зрабілі?

З’ява VII

Паўлінка, Сцяпан, Альжбета, Пранцісь, Агата.

Пранцісь. Глупства, глупства, пане дабрудзею! Пахвалёны Езус. Собственно, адкупім, адкупім, вось-цо-да!

Сцяпан і Альжбета. Навекі.

Альжбета. А мае ж вы родненькія, ці ж гэта вы ўсё яшчэ з рынку едзеце? Здаецца ж, раней за нас выехалі?

Пранцісь. Собственно, вось-цо-да, кабыла заблудзіла, пане дабрудзею.

Агата. Тудэма-сюдэма, ці ж гэта мачыляпа калі прыехаў у сваім часе дамоў? Ён жа, як рызнік, то туды, то сюды блытаецца па дарозе.

Пранцісь. Пане дабрудзею, тваё бабскае дзела - маўчаць! Я, собственно, вось-цо-да, спрытны - тонка панімаю, што і як раблю.

Альжбета. Ды садзіцеся ж, мае міленькія!

Агата. Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца! Ноч на дварэ, кабыла за плотам, паўвярсты да дому, а гэты, тудэма-сюдэма, начніца касавокая, не вытрымаў, каб людзям не нарабіць уночы неспакойства. (Садзіцца, а за ёй - іншыя.)

Сцяпан. Э, што там такое! Выспімся! Дзякуй Богу, ночка не пятровая, а пакровая.

Паўлінка (падбіраючы чарапкі). Заўтра госці будуць, а дзядзька апошнюю міску стоўк. Трэба, каб на кірмашы дзве адкупіў.

Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею, глупства! Хаўтурнага, собственно, вып’ем па місцы. (Дастае з бакавой кішэні пляшку, пацягае з яе і хавае назад.)

Альжбета (смеючыся). А каб гэта нам сваток даў гэтай сусолькі пассаць. Ці ж мы з сваццяй паскрэбкі…

Паўлінка (выходзячы з чарапкамі). Ого! Гэтых свянцоных кропель дзядзька і канаючаму не даў бы, не то што… (Выходзіць.)

З’ява VIII

Сцяпан, Альжбета, Пранцісь, Агата.

Пранцісь (услед Паўлінцы). Глупства, глупства, пане дабрудзею. Маладзенькая яшчэ, мала-дзенькая! Лазы трэба, собственно, вось-цо-да.

Агата (да Альжбеты). Што, свацейка, тудэма-сюдэма, добрага куплялі на рынку?

Альжбета. Ат, сёе ды тое. Паглядзіце, калі хочаце. Нічога такога цікаўскага. (Устаюць і ідуць абедзве да куфра і разглядаюць кінутыя на ім пакупкі.)

Пранцісь (да Сцяпана). Чуў, сват, пане дабрудзею, што сягоння людзі казалі?

Сцяпан. Не, не, каханенькі, родненькі, не чуў, не было калі! А што?

Пранцісь. Ды як жа, вось-цо-да! Кажуць, пранцуз, пане дабрудзею, ідзе на Барысава па шапку і рукавіцы, што калісь там заставіў. Чатырыста тысяч войска з сабой вядзе і, собственно…

Агата (перабіваючы з месца). Не чатырыста ты-сяч, а чатыры сотні тысячаў…

Пранцісь. Глупства, глупства, пане дабрудзею. Усё роўна ідзе, вось-цо-да. Спранжыновы касцёл з сабой нясе, пане дабрудзею.

Агата (з месца). Тудэма-сюдэма, не нясе, а на паветры, на машыне, што лётаюць, гэты касцёл вязе.

Сцяпан і Альжбета (здзівіўшыся). Ай-я-я! Аж на паветры касцёл вязуць!..

Агата. Але ж, але! Тудэма-сюдэма, я сама на свае вушы чула.

Сцяпан. Во калі пайшло ўсё ўверх нагамі! Як паставяць гэты спранжыновы касцёл, то можна бу-дзе спадзявацца і для нашага брата якога-такога палягчэння. Дзякуй Богу, дзякуй Богу!!! А вось мая гэта ахмістрыня, дачушка мая сакатушка, сплуталася з гэтым… з гэтым бязбожнікам, і хоць ты ёй вар на галаву лі.

Пранцісь. Маладзенькая, собственно, вось-цо-да. Бярозавай кашы не шкодзіла б, пане дабрудзею.

Альжбета. Дужа трудна паладзіць з цяперашняй моладдзю. Пайшло такое распуства на свеце, што не дай Божа! Заместа кніжак ды набажэн-ства - чытаюць нейкія дрындушкі. Вецер ва ўсіх па галаве ходзіць. Гэта ж мне калісь сказалі: ідзі за Сцяпана, - я і пайшла без ніякай спрэчкі са сваімі старымі.

Агата. А так, так, тудэма-сюдэма! І мой, як да мяне пасватаўся, бацька-нябожчык і кажа: ідзі, бо ўсё роўна ніхто цябе лепшы не возьме; я падумала, тудэма-сюдэма, ну і пайшла.

Глядзяць абедзве на сваіх мужоў, пасля - адна на адну, плююць кожная ў другі бок і разглядаюць ізноў клункі.

Пранцісь. Так, так, пане дабрудзею, іначай калісь было. (Дастае пляшку і п’е, а пасля дае Сцяпану.) Собственно, глупства, вось-цо-да, было, а ты, сват, выпі, каб тое, што было, у памяці не сядзела.

Сцяпан п’е, Пранцісь прытрымлівае за пляшку, каб той залішне не выпіў.

Сцяпан (абціраючы вусы ды сплёўваючы). Шчыпецца, каб яе гаручка!

Пранцісь (хаваючы гарэлку). Ага, вось-цо-да, шчыпецца, собственно, бо чужая, пане дабрудзею.

Абодва закурваюць.

Альжбета (да Агаты). А ці заўтра, свацейка, будзеце на кірмашы?

Агата. Ды трэба ж будзе як сцягацца.

З’ява IX

Тыя ж і Паўлінка.

Паўлінка (уваходзячы, да Альжбеты). Можа б, мамка, прыціснулі сыр, бо да заўтрашняга не адціснецца.

Альжбета. Яшчэ паспее… Дай мне з цёткай разгаварыцца.

Паўлінка. Ідзіце, ідзіце, мамка, а я за вас з цёткай пагавару.

Агата. Ідзіце, свацейка, тудэма-сюдэма, не зважайце на мяне. Мы тут з Паўлінкай пачакаем на цябе.

Альжбета (выходзячы). Ну, як сабе хочаце.

Паўлінка з Агатай садзяцца на куфры і жыва аб чымсьці гавораць.

З’ява Х

Паўлінка, Сцяпан, Пранцісь, Агата.

Сцяпан. Знаеце, сваток, гэтага, гэтага… як ён… а каб цябе… (Да Паўлінкі.) Паўлінка, як гэты завецца, што мяне сягоння падмазываў?

Паўлінка (з месца). А скуль жа я магу ведаць, хто татку мазаў?

Сцяпан. Ну, гэты ж?.. каб ён цяміўся… зяць, зяць!

Паўлінка (прыпамінаючы). Як жа ён, як?.. Здаецца, Бык… Бычок…

Сцяпан. Ага, ён, ён. Не, не так! Быкоўскі, каханенькая, родненькая, вось як. Пан Адольф Быкоўскі. (Да Пранціся.) Дык бачыш, сваток, ён, значыцца, падлабуньваецца да маёй Паўлінкі. Што ты на гэта?

Пранцісь (дастаючы гарэлку). Глупства, глупства, пане дабрудзею. Собственно, бычок, вось-цо-да, больш нічога. (П’е і дае гарэлкі Сцяпану.)

Сцяпан (выпіўшы). Заўтра, знакам тым, прыедзе абнюхаць, як і што, дык і сваток са сваёй загляньце да нас. Ану ж, каханенькі, родненькі, можа, які гандаль будзе наладжвацца, дык прыкінеш якое слаўцо. Прыедзьце толькі.

Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею, і прыйсці можна. Собственно, блізка, вось-цо-да.

Сцяпан. Блізка-то блізка, але каб не было слізка: на дождж як бы збіраецца.

Паўлінка (з месца). А ці, татка, каня паілі?

Сцяпан. Не, каханенькая, родненькая. Зараз пайду. (Да Пранціся.) Можа, разам з сватам пойдзем? Я свайго напаю, а сват свайго паглядзіш, ці добра прывязаны.

Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею. Собственно, жонка завязе, калі б кабыла ўцякла. (Да Агаты.) Праўда, баба?

Агата (з месца). Што - праўда?

Пранцісь. Собственно, калі б кабыла ўцякла, то мяне тады ты дамоў завязеш, пане дабрудзею.

Агата. А каб ты, тудэма-сюдэма, бокам ездзіў! Ідзі скарэй, паглядзі! Гэта ж і мне з памяці сышло.

Сцяпан. Пойдзем, каханенькі, родненькі. (Абымаюцца і сланяючыся выходзяць, напяваючы.)

Чаму ж нам не пець,

Чаму ж не гудзець,

Калі ў нашых хатачках

Парадак ідзець?

З’ява XI

Паўлінка, Агата.

Паўлінка. Але ж калі я яго люблю, цётачка.

Агата. Мала што, дзеткі, тудэма-сюдэма, любіш яго, але калі бацька не хоча, дык падумай, што людзі скажуць, як супроці волі старых пойдзеш.

Паўлінка. А што там людзі? Яны ж з ім жыць за мяне не будуць і па маёй смерці за мяне пакута-ваць не будуць. Пагавораць, пагавораць ды перастануць, як намазоляць языкі.

Агата. Як уважаеш, мае дзеткі. Што ж, я, тудэма-сюдэма, нічога не дараджу.

Паўлінка (заламаўшы рукі на каленях). Калі ён такі добры, такі разумны, што і сказаць не магу.

Агата. Усе яны добрыя, пакуль не ўбярэ каторы дзяўчыны ў свае рукі, а як убярэ, тады на іншы лад, тудэма-сюдэма, зайграе, а ты танцуй пад яго дудку. І мой, пакуль толькі сватаўся да мяне, - патульны быў, як цялё, а як ажаніўся, дык праўдзівым ваўком зрабіўся.

Паўлінка (як бы не зважаючы на гаворку Агаты). Кніжкі мне прыносіў… Хораша так аб усім расказваў… як трэба жыць, як людзей трэба ўсіх любіць, і шмат, шмат чаго. І любіць жа ён гэтых людзей зусім неяк не так, як мы іх любім. Гэта ж трэба ведаць, столькі мой тата на яго ўсякай дарэмшчыны нагаварыў і ачарніў, а ён хоць бы што. «Ведама, кажа, чалавек: яму нешта абышло ці не спадабалася, дык і помстуе. У нас, кажа, усё ідзе не так, як трэба. Людзі, кажа, у нас, як звяры: адзін на другога кідаюцца, адзін другога цкуюць, пад’юджваюць, ненавідзяць адзін другога. Змалку дзён, кажа, прывыкаюць у ненавісці жыць, змалку дзён іх да гэтага вучаць і дома, і за домам. Сляпыя, кажа, усе сляпыя. Адзін над другім не маюць ніякай літасці, хоць усіх душаць зверху ўсялякія пошасці ды злыдні».

Агата. Чула я, чула аб ім не раз. Вельмі ўжо, ка-жуць, тудэма-сюдэма, разумны і добры ён.

Паўлінка (ажывіўшыся). А што ж, ці не праўда? І ўсё б было добра, каб не гэты тата: хоць немаведама што рабі з ім…

Агата. Трэба, дзеткі, пачакаць, ану ж, тудэма-сюдэма, ліха перамелецца, і ўсё добра будзе.

Паўлінка. Трэці год, цётачка, чакаем, і нічога не выходзіць. Трэці год трасуся і выглядаю той часінкі, каб толькі з ім пабачыцца. Павешуся, цётачка, павешуся, калі мяне з ім разлучаць!..

Агата (хрысцячыся). Мёйца, Сына! Тудэма-сюдэма, што ты, Паўлінка? Пабойся Бога гэткія рэчы гаварыць напроць ночы! Цьфу! Матачка Найсвентшая!

Паўлінка (паказваючы). Калі тут, цётачка, так пад сэрцам баліць, што і жыць неўмагату. Такі ён міленькі, такі прыгожанькі, такі паслухмяны… (Заглядзеўшыся ўдаль.) Калі яшчэ з татам былі яны добра, прыйдзе, бывала, вады за мяне прынясе, дрэўкі нашчапае. Не глядзіць на тое, што калісь вучыўся, а цяпер сам вуча і большых, і меншых. Ніколі ад яго слова благога не чула. Так, ведаеце, цётачка, і хочацца з кім-колечы аб ім гаварыць і думаць без канца і пачатку. І чаму я такая няшчасная? (Са слязьмі.) Бацька родны хоча мяне адарваць ад таго, хто мне цяпер мілей ад усяго чыста - жыцця, хаты роднай, цэлага свету. І чаму ж я такая няшчасная?

Агата (тулячы да сябе Паўлінку, праз слёзы). Ціха, мае дзеткі, ціха. Не гаруй, не маркоцься, міленькая, вельмі. Неяк жа ды будзе. Бог найвышэйшы, тудэма-сюдэма, міласэрны і аб тваёй тут цяжанькай долі не забудзецца.

Паўлінка (як бы збудзіўшыся). А няхай сабе будзе, што мае быць, - я свайго такі даб’юся або згіну, каб і следу не засталося.

Назад Дальше