Моладзь часамі пытаецца, ды яшчэ з праведна пераможным падкусваннем, што такое быў «ваш сацрэалізм». Можна адказаць i так.
Нам, калі i мы былі маладыя, убівалі ў галовы, утоптвалі ў душы перакананне, што найважней i перш за ўсё патрэбна ідэйнасць. I мы, хто як мог, таксама вякалі ды хрыпелі, толькі што на паперы, а не пад бедную гітару, — як тая большасць вельмі прыблізных «кампазітараў» ды «паэтаў» у адной асобе, у каго таксама перш за ўсё — ідэйнасць на свой лад, па іншай модзе.
* * *
Памятаю яго на шаснаццаць гадоў маладзейшым — светла, нават i з захапленнем яго таленавітасцю. I вось, пасля доўгага перапынку, надарылася магчымасць пабываць на яго радзіме, павітацца, сказаць яму штосьці заслужана добрае. I гавару гэта. А ён, заўважаю тым часам, грунтоўна п'яны. Сярод белага дня, на ўрачыстым шматлюддзі, a набраўся, як чоп, ледзь мяне бачыць i чуе...
Можа, i ў гэтага трэба шукаць глыбіннага апраўдання?
А можа, будзе дазволена калі не сказаць, дык падумаць: «Ну i пайшоў ты, хлопча, у хлеў»?..
* * *
Капуста-шаткаванка i паэма-рыфмаванка. Толькі ж не такая смачная ды спажыўная, як капуста. У паэзіі такой — абы зрыфмаваць, a ў іншай драматургіі — абы «здыялагізаваць», раскласці на шэрую, мляўкую гутарку.
Чытаеш, i ўспамінаюцца самадзейныя, няхай сабе i надрукаваныя, п'ескі ў колішняй Заходняй, аўтары якіх, ушчэнт заблытаўшыся ў сваёй бездапаможнасці, часта канчалі так: «Ну, а цяпер паскачам «Лявоніху»!» I скакалi на радасць публіцы, i ўсё цудоўна завяршалася.
I сёння некаторыя п'есы, з новага сяк-так пашытыя або пераліцаваныя з уласнай ці чужой прозы, хочацца закончыць парадай аўтару:
«Давай, можа, лепей паскачам «Лявоніху»?»
* * *
Добра знаёмая мне польская літаратурная сям'я, у якой i сам «пан дому» пісьменнік, i «пані дому» пісьменніца, i дачка паэтка, i зяць паэт. Больш дарослых пакуль што няма.
Падаючы далейшае, прозвішча «панства дому» прыйшлося змяніць.
Пані вядзе на праходку цюціка. Насустрач ім — таксама літаратар, але з тых, што не надта салідныя, а да таго яшчэ i выпіўшы. Праўда, капялюш прыпадняў ён ветліва, аднак i спытаўся:
— Проша пані, чы песэк Кусьнежэўскі руўнеж пішэ?..
Мы ca сваімі літаратурнымі сем'ямі да «песка» яшчэ не дайшлі. Усюды наша адсталасць!..
* * *
Механізатар на пенсіі. Інвалід вайны. Значна старэйшы за свае гады i п'янаваты. На другім годзе ўрадавай пастановы супраць п'янства.
Вяртаемся з санаторыя, I там я неаднойчы бачыў яго пад патаемнай чаркай, з нейкай нягеглай фанабэрыяй вышэйшасці. У нашым купэ яго знайшоў знаёмы па санаторыі, з другога вагона. Пагаварыць яны выйшлі на калідор. Адтуль, цераз прачыненыя дзверы, пачулася, як той знаёмы шаптаў інваліду, хто я. Вярнуўшыся ў купэ адзін, таварыш, крыху памаўчаўшы, спытаўся:
— А вы пісьменнік? Я i не ведаў.
Зноў памаўчаў, а тады, уздыхнуўшы:
— Дурная, браце, работа!
Адкуль ён ведае гэта, я не спытаўся. Аднак бывае, калі прыцісне, i падумаеш: a ці ж не праўда?..
* * *
Разгарнуў пад вечар таміну «Жизнь животных. Птицы», трапілася на жаваранка, пачаў чытаць пра яго, i стала так добра, журботна на душы.
Колькі ўсяго непазнанага, i не пазнаеш яго як след, пакуль прыйдзецца ўсё пакінуць...
* * *
Няўжо гэта конча трэба пасля сябе «пакінуць след» — у сэнсе славы нейкай, шырокай вядомасці? A калі проста жыць на радасць i пашану блізкім i трохі далейшым, з кім зводзіла жыццё?
I я такіх ведаў, i шчыра паважаў, i з удзячнасцю ўспамінаю.
* * *
Чаму я павінен маўчаць, адкладаць на далей свае думкі i пачуцці з нейкіх палітычных меркаванняў, як быццам вышэйшых за маё чалавечае права на свабоду, на адно толькі жыццё?..
* * *
Калі ты сам сябе — хоць i заслужана, i шчыра — у душы або ўголас называет дурнем або гадам — гэта яшчэ не канчатковы прысуд. Недзе глыбей затоена перакананне, упэўненасць, што гэта не ўсё або не зусім яшчэ ўсё, што ёсць жа ў цябе, было i штосьці добрае, а застаецца — спрадвечна i назаўсёды — святое, дзіцячае: я больш так не буду.
«Все в табе, все в любве», — чытаў такое зноў жа ў Льва Мікалаевіча, вельмі ўжо даўно. Так проста i мудра гаварыў у яго хтосьці з вясковых сяброў) не памятаю ўжо, Бондараў ці Сютаеў. I словы тыя, з нейкім ці не беларускім налётам, успомніліся цяпер. Як вывад з горкіх пакутаў, гнілых сумненняў, дробнай, зласлівай зайздрасці, падазронасці, незадаволенасці, крыўды...
Усё ў табе, i гэтага ніхто не забярэ, калі яно будзе ў сіле.
ПА ПЛАНЕ
Снедаючы ў Доме творчасці, Піліп Пястрак i Мікола Хведаровіч дзеляцца турэмнымі ўспамінамі. Польскі вязень успамінае адзін ix бурны пратэст, потым, між іншым, згадвае пра шмалец, які ім дазволена было выпісваць.
— Ну-у, браце, — засмяяўся вязень культаўскі, — наеўшыся шмальцу, добра было пратэставаць!..
Праз дваццаць год, выпісваючы гэта з блакнота, успамінаю прачытаны ў машынапісе дзённік Кузьмы Чорнага. Як ён, наслухаўшыся расказаў Пестрака пра катаванні ў дэфензіве, успамінаў свае, тэхніку ix параўноўваў...
Нямала нарасказваў мне Хведаровіч, расказчык куды цікавейшы, чым літаратар, i ў вершах, i ва ўспамінах. Сёе-тое я занатоўваў.
«...Па плане ўсё рабілася. Прыходзіш у турму, а там ужо твая пайка сабралася за некалькі дзён: павінны былі ўзяць раней, але турма была забітая.
Камера на дзесяць чалавек, а нас там каля сотні. Мокрыя ад поту, у адных трусах, ляжым проста адзін на адным.
А параша саракавядзёрная, ажно брадзіць пачынае ад гарачыні. Уранні наглядчык адчыніць дзверы, а сам набок, каб духам з ног не збіла!..»
Бядняк, член партыі, адказны работнік, з моладу нястомны актывіст, пралетарскі паэт, ён i думаць не думаў, што i яму прыйдзецца цярпець такія пакуты, быць западозраным у такіх неверагодных злачынствах... Упершыню ўштурхнуты, пасля катавання, у перапоўненую камеру, прысеў каля napora, слухае, як храпуць... А потым голас з верхніх нараў:
— Отрок, поди сюда, приляжешь у меня.
Поп расказаў яму паўшэптам пра сябе. Пацяшаючы:
— Привыкнешь, отрок. Я уже четвертый раз посажен. Придешь домой, не успеет матушка первый блин на сковородке перевернуть — ан глядь в окно — уже опять антихрист в сине-красной шапке!..
«...Жанчыны не толькі ехалi за мужамі ў ссылку, але i каля турмаў далёкіх некаторыя аціраліся — куды б яго ні перавялі. Падаянкі перадавалi.
А мужчыну, які ўслед за жонкай прыехаў, бачыў я толькі аднаго...»
«...Вось табе, браце, навела. Арыштаваны быў Тар Качаран, замест Эр Качарана, памылкова. Дзесяць год дамагаўся ён праўды, ды так i не дамогся. Выпусцілі з турмы, а потым зноў узялі, на высылку. «Дык я ж не Эр, а Тэр Качаран!» — апраўдваецца ён. «Але ж сядзелі вы. Вам, значыцца, i на высылку!» Логіка ёсць, — што за розніца, каму сядзець, каго саджаць?..»
Шматгадовы пакутнік, a ўсё ж вясёлы i разумна просты чалавек, сустрэўшыся неяк на выхадзе з Дома літаратара, Мікола сказаў мне:
— Надумаўся, браце, i я адзначыць свае семдзесят пяць. Відаць, апошні раз гэта. Хай будзе, хай пагавораць...
Як напрарочыў, што апошні, бо гады праз два памёр.
На тым юбілейным вечары, даволі прыстойным, работнікі тэлебачання чакалі са сваёй апаратурай да самага канца, да выступлення юбіляра. I трэба ж яна — такая іронія няхай паласкавелага, а так доўга суровага, несправядлівага лесу! Рыхтуючыся з-за стала на трыбуну, Мікола Хведаравіч зашпіліў пінжак не на тыя гузікі. Адно крысо ніжэй, борт адпаведна тырчыць угару. Асвяцілі шаноўнага на трыбуне, узялі, нарэшце, буйным планам, ён выступав, а здымаць няма як... Прыкра, столькі чакалі.
А ён?..
1988
«КАЖЕТСЯ...»
У канцы 1947 года Кагановіча адклікалі з Украіны ў Маскву, i таму ў Кіеве не адбыўся пленум пад вельмі змястоўнай назвай: «Барацьба супраць нацыяналізму як галоўнай небяспекі ў КІІ(б)У», да якога ўжо рыхтаваліся. Крывавага шаўца натхняла пастанова пра часопісы «Звезда» i «Ленинград», пагром Зошчанкі i Ахматавай, адпаведнікаў якім, дарэчы, шукалі i знаходзілі ў кожнай рэспубліцы.
Улетку была праведзена нарада маладых украінскіх пісьменнікаў, якія былі адпаведна нацкаваны зверху на старзйшых, у першую чаргу — на Рыльскага. Так на паэму «Мандрівка в молодість» быў нацэлены сённяшні прагрэсіўны эмігрант Мікола Рудэнка і, як засведчыла прэса, заданне выконваў горача. Партызан Платон Варанько ў сваім выстунленні не знізіўся да бэштання Рыльскага, Яноўскага, Сенчанкі, выдатных пісьменнікаў i высакародных людзей, якіх i я меў гонар пазней уведаць. Міхайла Стэльмах, якомуРыльскі зрабіў нямала добрага, на той пагром не з'явіўся, што было як-ніяк пэўным пратэстам.
Выступленні маладых падтрымалі... ажио пісаць не хочацца: Тычына, Бажан, Первамайскі... Само сабой Карняйчук, I некаторыя іншыя, каго я потым уведаў, але, аказваецца, недастаткова.
Да гонару Міколы Бажана — пазней ён прызнаўся, маючы на ўвазе загадана-калектыўны здзек з Юрыя Яноўскага:
«Мне нялёгка пісаць пра тое, што i я тады выступаў так, як не павінен быў выступаць. Не сцёр i не сатру гэтага са сваёй памяці, не скіну гэтага цяжару».
Іншы цяжар залёг у душы Максіма Рыльскага, якога прымусілі-такі напісаць пакаянне ў «Литературной газете» ў канцы таго самага года.
Чытаю поа ўсёгэта ў «Літературноі Украіни» — i згодзен з незнаемым, відаць, маладым аўтарам публікацыі, які не хоча, не можа цытаваць з таго вымушанага «прызнання». Не будзе яму месца, з гонарам дадае таварыш, і у дваццацітомным Зборы твораў Рыльскага.
Мы, беларусы, кажучы з горкай іроніяй, менш ганарлівыя. Наша «Літаратура i мастацтва» летась надрукавала пакаяльныя пісьмы Купалы i Коласа, глыбока-сумныя акты іхняй капитуляций, што так выразна адбілася на далейшай творчасці. Мала гэтага, дык яшчэ нядаўна на вечары, прысвечаным памяці вымардаваных сталіншчынай пісьменннікаў, у канцэртнай частцы ўрыўкі з тых страшных пісьмаў былі ўрачыста зачытаны артыстам — пад партрэты абодвух класікаў, па чарзе высветленыя на экране...
У Рыльскага на сходзе, дзе ўжо сам Кагановіч падвёў яго аж пад пятлюраўца, хапіла духу ўстаць i сказаць, што такім ён ніколі не быў. У дзённіку Аляксандра Даўжэнкі значыцца, што ў ЦК Камуністычнай партыі Украіны, дзе Рыльскага апрацоўваў хтосьці з найвышэйшых, Максім Тадэевіч сказаў такое, што лепш, як i вершы яго, цытуецца ў арыгінале:
«Ви прийшли i підете, а я вже остався». I яшчэ — пра яго сапраўдную інтэлігентнасць.
Калі праз паўтара года пасля ад'езду Кагановіча ў Маскву пачалася кампанія супраць «бязродных касмапалітаў», пад новы агонь трапіў адзін з тых, што так нядаўна таптаў «нацыяналіста» Рыльскага. Аўтар публікацыі не называв таго «касмапаліта», i мне таксама важней іншае. Рыльскаму хтосьці сказаў, што вось i прыйшла магчымасць адпомсціць пагромшчыку, на што ён, без пары пасівелы паэт, які сівець пачаў яшчэ ў засценках 1937-га, адказаў, — таксама трэба прывесці ў арыгінале:
«Чим би я тоді відрізнівся від нього?..»
I яшчэ скажу — ужо такое, што над старонкаю «Літературноі Украіни» не першы раз успомнілася.
У чэрвені пяцьдзесят восьмага года, праездам гасцюючы ў мяне ў надсвідязянскай леснічоўды, Максім Тадэевіч расказваў, між іншым, i пра сваю сустрэчу на сесіі Вярхоўнага Савета СССР з тым самым Кагановічам. Тым ды не тым — ён ужо блізу год лічыўся ў «антыпартыйнай групе», а дэпутатам па куль што быў. Сустрэліся ў гардэробе. Рыльскі павесіў паліто i адвярнуўся. А тут — ох, як жа знаёмае, шануючы вас, аблічча!.. I ўсмешачка, i пытанне:
«Кажется, Максим, Фадеевич?»
Адказ:
«Да, кажется».
I — міма.
Хоць столькі чалавечага задавальнення.
1989
ЛЫЖАЧКА ДЗЕГЦЮ
Напярэдадні Кастрычніка ў семдзесят першым годзе я гасцяваў у М. П. Прыляжаевай на яе перадзелкінскай дачы, прыйшоў туды з Дома творчасці.
Гасцей было ніштавата, пераважна старыя ды пажылыя жанчыны, а з мужчын, апроч мужа Марыі Паўлаўны, заўсёды карэктнага, прыемнага педагога, сусед па дачы Канстанцін Федзін, крытык В. О. i я.
У цэнтры ўвагі быў, вядома, Федзін. I гэта ўжо не проста павага была, а спрэс богатварэнне з боку састарэлых анеліц, ад чаго было прыкравата. Скажам, такое:
«Таварышы, а цяпер кожны з нас, адзін за адным, скажам Канстанціну Аляксандравічу штосьці добрае! Гэта будзе так слаўна — такія тосты...»
Хочаш не хочаш — нікуды не дзенешся.
Мая чарга была пад канец, я паспеў настроіцца на прыстойную шчырасць, сказаў пра «Першыя радасці», добрае ўражанне ад гэтай кнігі, па якой я некалі i пазнаёміўся з Федзіным-пісьменнікам.
Перад такім кальцавым славаслоўем быў першы нумар анельска-федзінскай праграмы. Канстанціну Аляксандравічу ўрачыста ўручылі сігнальны экземпляр другога тома акадэмічнай гісторыі савецкай літаратуры, яго другі паўтом. Таксама не проста ўручылі, як шаноўнаму саўдзельніку выдання, а з адпаведным уступным малебнам. Які ён, наш Канстанцін Аляксандравіч, акуратны ва ўсім, як ён не пераносіць хоць бы найменшай памылачкі ў кнізе, тым больш у такой, i як мы ўсе, дарагія таварышы, рады, што гэты паўтом выйшаў — «ну, без сучка i задорынкі»!..
Кніга пайшла спачатку ў рукі нібы імянінніка, пасля яе бралі, гарталі, цмакалі іншыя. Дайшла чарга i да мяне. Гэта было ўжо ў час тых кругастольных здравіц, настрой у мяне быў прыкра-прэсны, i я, калі ўжо ўсе адгаварылі сваё, з нейкай блазенскай прыемнасцю ціха сказаў той пасівелай анеліцы, што ўручала кнігу i наогул асанніла найбольш:
«А Уладзімір Калеснік усё-такі Андрэевіч, а не Іванавіч, як тут».
Так значылася над падраздзелам пра заходнебеларускую літаратуру, не ў тэксце дзе-небудзь, а на самым відавоку.
Гады праз чатыры, у Дубултах, я нечакана сустрэўся ў Доме творчасці i з Прыляжаевай, i з тою яе сяброўкай. Марыя Паўлаўна зноў пачала нас знаёміць, а тая з калючай усмешкай сказала:
«Помню я, помню вашу лыжачку дзёгцю!..»
А мне жыва прыгадалася тая вялізная кадзь старэча-анельскага мёду, якім увесь вечар кармілі старога, рассаладзелага пестуна, i прасіць прабачэння не захаделася.
1987
СПАКОЙ
Знаёмы мой, малады літаратар, прыляцеў з Масквы ў Ашхабад, узяць для «Литературной газеты» інтэрв'ю ў Кербабаева. Сазваніўся, завітаў да класіка на дачу.
— Ваш погляд, паважаны Берды Муратавіч, на сучасны стан нашай савецкай літаратуры.
— Які погляд, якое інтэрв'ю, дарагі, хутка вечар, будзем чай піць.
Уранні зноў:
— Які погляд, дарагі, якое інтэрв'ю з самага ранку, будзем чай піць...
Камандзіровачны пачаў прасіцца. Гаспадар палепшаў:
— Ну добра, дарагі, прыязджай пасля абеду.
Прыехаў, зноў просіць, што больш ужо аніяк не можа.
— Дык што ты хацеў, дарагі?
— Ваш погляд на сучасны стан нашай літаратуры. Для газеты, для шматмільённага чытача гэта вельмі цікава i важна...
Нічога не зробіш, можна i так.
Паважаны пайшоў на прыдуманы, падрыхтаваны гумар, звярнуўся да свайго сакратара:
— Слухай, дарагі, пайдзі ты пазвані ў аддзел культуры ЦК, спытайся, які мой погляд на сучасны стан нашай савецкай літаратуры.
I засмяяўся сыценька, прыплюшчана, пашанотна падтрыманы сакратаром.
Гадоў праз пятнаццаць, у Алма-Аце, на ўрачыстым літаратурным вечары, паважаны аксакал нявінненька драмаў у прэзідыуме, ужо выразна састарэлы, хоць i гладкі па-ранейшаму. На гэты ціха-шчаслівы міні-сон я шэптам звярнуў увагу суседа, даўняга ўжо, пры ўсіх перабудовах нязменнага ўсесаюзнага сакратара па арганізацыйных пытаннях. Ён іроніі не адчуў, душэўна зашаптаў мне з гаспадарскай задаволенасцю, што вось нядаўна Берды Муратавіч быў у Маскве i яго паглядзеў у паліклініцы літфонду сам прафесар... Назваў прозвішча таямнічай славутасці.