Дзе скарб ваш - Янка Брыль


Annotation

У новую кнігу народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля ўвайшлі апавяданні «пра час i пра сябе», эсэ на вострыя тэмы сучаснасці, лірычныя запісы i мініяцюры, дзе i роздум пра найгалоўнейшае ў жыцці, i шматфарбныя замалёўкі прыроды, сцэнкі з народнага побыту, i здаровы, іскрысты гумар.

Над фотаздымкам

Пра наіўнасць

З пявучай памяці

Тэма

Іскрынкі

ДЗЯДОК

ПЯСТОТА

ДАМАЎНІК

ГЛЫБІНЯ

ПЕХАТОЮ

ГІМНАСТЫКА

ПОЧЫРК

ЗДАЛЁК

ПІСУЛЬКА

З людзьмі і сам-насам

ДЗЕВЯНОСТА ТРЭЦІ

ДЗЕВЯНОСТА ЧАЦВЁРТЫ

ДЗЕВЯНОСТА ПЯТЫ

З РОЗНЫХ ГАДОЎ

Жывыя пісьмы

Слова з нагоды

АД ПЕРАКОСУ i ДА ПЕРАКОСУ [36]

ЗАЛЕЖЫЦЬ I АД НАС [37]

ПУНКТ АПОРЫ I ЗАПАС СПАКОЮ [38]

«З БОГАМ У СЭРЦЫ» [39]

ЗНАК НА РОДНАЙ ЗЯМЛІ [40]

У СВЕТЛАЙ ВЕРЫ [41]

МУЖНАСЦЬ I МУДРАСЦЬ [42]

ВОБРАЗ I СІМВАЛ [43]

notes

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

11

12

13

14

15

16

17

18

19

20

21

22

23

24

25

26

27

28

29

30

31

32

33

34

35

36

37

38

39

40

41

42

43

Лірычная проза

Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Дзе скарб ваш: Лірычная проза, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1997. — 334 с.

...бо дзе скарб ваш, там будзе

і сэрца ваша.

Ад Мацвея. VI, 21

Над фотаздымкам

Зроблены ён улетку трыццаць шостага года, пра што гаворыць надпіс на адвароце, у вёсцы Рачканы на Ляхавіччыне, што дадам цяпер.

Гэтую вёску тады я ўжо ведаў: мы з братам хадзілі туды на год раней.

Маці казала, што ў нашых з Мішам паводзінах «усе свечкі загараюцца ад яго, старэйшага». Так было з нечаканым вяртаннем з гімназіі i захапленнем філасофіяй Льва Талстога, з дзіўным i смешным для вёскі вегетарыянствам, так было i з паходам у тыя невядо-мыя Рачканы, на спатканне з малёванцамі. Уладзімір Кот, наш намнога старэйшы сябар з Міра, добра-такі нагаварыў нам пра тых рачканскіх «аднадумцаў», з якімі ў яго была такая ўжо дружба, што «панская» паліцыя ў сваіх пратаколах, якія захаваліся ў архівах, i самога яго называла малёванцам. Да «свечак», якія i сапраўды шмат у чым загараліся ад схільнага да захапленняў Мішы, трэба дадаць i маё ўзроставае падпарадкаванне яго аўтарытэту, a яшчэ i тую ўласцівасць майго характару, якая праяўлялася ў сяброўстве не толькі з братам: я легка, а то i залішне лёгка паддаваўся ўплыву таго, з кім сябраваў i хацеў сябраваць. Так было i паўтаралася пазней, у розных жыццёвых абставінах, a ў маленстве i раннім юнацтве быў адзін Міша.

З Рачканамі, алроч ягонага ўплыву i сваей у мяпе цікавасці, было яшчэ i жаданне пабачыць свету, выйcцi ў новае, вольнае. Наша жыццёвая прастора ў той час распасціралася ў адзін бок, на ўсход, на трыццаць кіламетраў, да павятовых Стоўбцаў, куды я аднойчы вазіў у бальніцу старую цётку, маміну сястру, на захад — на сорак, да ваяводскага Наваградка, дзе i я пакаштаваў гімназіі, на поўнач — у Налібоцкую пушчу, куды мы за дваццаць — дваццаць пяць кіламетраў ездзілі зімой па дровы, дзеравякі або жэрдзе, а на поўдзень — толькі нейкіх дзесяць да вёскі Крышылоўшчына, дзе жыў наш другі, таксама намнога старэйшы сябар-аднадумец, бацька люднай ды небагатай, працавітай сям'і Якаў Ваўчок, кнігалюб, што вучыўся ў мірскім гарадскім вучылішчы, а потым спакваля сабраў нямала добрых кніжак, якімі шчодра пазычаўся. Ну, а тыя Рачканы, што таксама на поўдні i нешта на шэсцьдзесят кіламетраў далей — колькі яшчэ Беларусі, да таго ж у пышнай красе пачатку пагодлівага лета!..

Што ж да Мішы, дык у яго, апроч агульнага для нас абодвух, было яшчэ i толькі сваё, вельмі нялёгкае, што мы з ім аніяк не маглі падзяліць пароўну. Ён толькі што прайшоў прызыўную камісію, якая «здала» яго ў кавалерыю, а туды бралі ўвосені. Яно, хутчэй за ўсё, можа здарыцца якраз у гэтую восень, а ён цвёрда намерыўся адмовіцца ад вайсковай службы як пацыфіст, за што будзе суд i турма... Задумацца было над чым. I ў гэтым нашым паходзе, які хто-небудзь вясёлы мог бы назваць i прошчай, Міша, старэйшы за мяне на тры гады, адчуваў патрэбу больш чым краязнаўчую...

Toe, што ў нас гэтымі днямі, пасля веснавой работы, перад сенакосам, ішло перасыпанне хлявоў, з нанятымі двума цеслямі з суседняй вёскі, не здавалася нам перашкодай. Сёмуха — тры дні свят з дадаткам, «градавой серадой»,— думалi справіцца. На адзін дзень усё ж перабралі, за што нагарэла ад маці, пад справядлівае маўчанне брата Колі, яшчэ не жанатага гаспадара, што ўвосені вярнуўся з вайсковай службы, i пад стрыманае недаўменне цесляў, дарэчы, нашых дваюрадных братоў, старэйшых за нас i сямейных.

Цяпер я тую «распусную» дзіўнасць нашых паводзін бачу нібы нават староннімі вачыма, скрозь пэўную паблажлівасць да юначай наіўнасці думаю, што ў нас тады інакш быць i не магло,— без пошукаў, без імкнення да глыбейшага сэнсу жыцця...

I так — Рачканы.

Секта малёванцаў узнікла ў канцы мінулага стагоддзя на Кіеўшчыне. Душою яе быў Кандрат Аляксеевіч Малёваны (1845-1913), малапісьменны кіеўскі мешчанін-стальмах, рэлігія якога ўся была ў любові да брата-чалавека i да жывых істотаў, адкуль i пайшло i адмаўленне ад службы ў войску, ад удзелу ў любой вайне, а таксама i вегетарыянства. За свае пропаведзі Малёваны доўгімі гадамі пакутаваў у шпіталях для псіхічнахворых, катаваўся царскай паліцыяй, але ў веры сваёй быў нязломны. За яго i ягоных паслядоўнікаў заступіўся Талстой i іншыя прадстаўнікі перадавой рускай інтэлігенцыі, што абумовіла веданне малёванцаў i за мяжою. У чатырохтомным дзённіку «Яснополянские записки» славака Душана Макавіцкага, сябра Льва Мікалаевіча i яго асабістага лекара, Малёваны i малёванцы згадваюцца часта. Талстой высока цаніў этычна-маральны стрыжань веры гэтага прадстаўніка народных нізоў, яго цвярозае адмаўленне ад містыкі, у 1907 годзе ў Яснай Паляне сустракаўся з Кандратам Аляксеевічам, яго вясёлай пявунняй сястрой i талковым сынам, шаўцом, ахвотна i многа, паважліва гутарыў з імі, з прыемнасцю слухаў ix «божественные песни, заунывные, похожие на малороссийские народные». Пры ўсім гэтым вялікі пісьменнік i мысліцель крытычна ставіўся да aдмоўнага ў малёванстве, скажам, да ix адмаўлення культуры i да асобы ix кіраўніка, якога паслядоўнікі называлi нават «Спасителем», «Христом», а той не надта супраціўляўся, а да прарочых «писаний» Малёванага наогул адносіўся іранічна.

На Беларусь, зрэшты, толькі ў Рачканы, малёваншчына прыйшла дзякуючы рачканцу па прозвішчы Болтуць, які служыў салдатам у Фаставе пад Кіевам, сустракаўся з малёванцамі i самім Малёваным, i вярнуўся адтуль настолькі апантаным, што захапіў новай верай ці не большую палавіну вялікай паўночна-палескай вёскі. Імя i па бацьку таго Болтуця, якога ў трыццаць пятым ужо не было, я забыўся. Як быццам Іосіф, Юзік. Затое перад вачыма i цяпер стаіць адна незвычайная паперына — надрукаванае i пропісам запоўненае пасведчанне, выдадзенае Болтуцю пра тое, што ён па сваіх рэлігійных перакананнях сапраўды не можа прымаць удзелу ў вайне са зброяй i таму службу ў Чырвонай Арміі павінен адбываць санітарам у заразным шпіталі. Даведка падпісана ўпаўнаважаным па справах веравызнанняў Уладзімірам Чартковым, адным з найбліжэйшых сяброў i аднадумцаў Л. М. Талстога, а законную сілу гэтай даведцы давала надрукаваная на адвароце спасылка на адпаведную пастанову Савета Народных Камісараў ад 4 студзеня 1919 года — што мне запомнілася дакладна — за подпісамі Леніна i БончБруевіча. Такая вось гісторыя!..

На даўнім ужо, фармаце паштоўкі, здымку ў цэнтры невялікай групы рачканцаў — іхні высокі госць, Іосіф Вігдорчык, публіцыст Бен-Адам, прадстаўнік на Польшчу сусветнага пацыфісцкага «Интернационала противников войны». Ca свайго Беластока ён спачатку прыехаў у Мір, да Ката, адтуль да нас з Мішам, у Загора, а тады ўжо ў Рачканы. У нас ён спаў у гумне, на свежым сене (чым не раскоша ў параўнанні з душнай хатай!), аднак прастудзіўся, выглядае па-свойму ссутуленым ды яшчэ вусатапанураватым, хоць па натуры ён дабрадушны, нават крыху сентыментальны i вясёлы.

Гаспадар глінабітнай, пабеленай хаты, на рагу якое сабралася група — адзін ca старэйшых, актыўнейшых малёванцаў Вінцусь Вінель, з дзіцем на каленях, лысаваты дзядзька з гогалеўскай усмешкай пад вусамі.

Яго маладзейшага брата Пятра, якога мы з Мішам бачылі годам раней, на здымку няма. Інтэлігентны i майстравіты, прыемны ў гутарцы мужчына са сваёй гаспадарлівай жонкай i яшчэ недарослымі дзецьмі, ён падаўся ў Парагвай. Гаварылася — на разведку. Пачаўшы ці не з Баранавіч, а то i з найбліжэйшай чыгуначнай станцыі Рэйтанава,— на сушы, на моры i на месцы ўжо, у пажаданых, вымараных прэрыях поўнай свабоды,— Пятрусь вёў дзённік. Па-гаспадарску грунтоўна расказваючы ў ім пра ўсё, робячы справаздачу i дапаможнік у падарожжы для тых, хто накіруецца следам за ім. Былі там i шчырыя, паэтычныя адхіленні з гумарам i красою ўсяго пабачанага, да парагвайскіх кветак i матылёў уключна. Гэтыя рускамоўныя запісы ён прыслаў брату Вінцусю ці непасрэдна Вігдорчыку, а той размножыў ix на сваёй нястомнай машынцы. Адна гусценькая, на тоненькай паперы копія таго унікальнага дзённіка цалкам у мяне не захавалася, толькі першыя ды апошнія старонкі, сам не магу ўцяміць, чаму іменна так. A вельмі шкада, бо гэта ж цікава было б апублікаваць, балазе ў нас ёсць ажно тры часопісы пра родную гістарычную мінуўшчыну ды спадчыну.

Вінцусь Вінель пазней падасца таксама за акіян. Сын ягоны, падлетак Казік, які на здымку, да таго часу крыху пасталее, а потым i шчасліва ўратуецца ад злачыннага вайсковага абавязку. Быў i такі разлік у братоў Вінеляў наконт лёсу сыноў, у чым яны абодва нам прызналіся.

Чарнявы Міша Касель, з энергічна складзенымі на грудзях, да лакцёў аголенымі рукамі бондара, стаіць амаль зусім у профіль. Успамінаю наша знаёмства ў той сёмушны дзень.

На малітвенным зборы малёванцаў, якраз у гэтай пабеленай хаце, песні адразу нагадалі мне даўно знаёмае — «сабранія» пяцідзесятнікаў, пасля апісаныя мною ў «Праведніках i зладзеях», іхнія песні i пропаведзі па хатах, у тым ліку i ў нашай вёсцы, а больш у суседніх Маласельцах, дзе ў трыццаць пятым годзе «братья верующие», сярод якіх i добрыя цеслі, столяры былі, пабудавалі ладны малітвенны дом, які, дарэчы, стаіць, на святы гучыць у садзіку i сёння. Толькі ж спявалі рачканцы на свой, як падумалася тады, палескі лад, з большай цягучасцю i пэўным «падвываннем» у канцы. І песні ў ix — не з песеннікаў, якія пяцідзесятнікам прысылаліся з Амерыкі, a ca складзенага жонкай Чарткова «Сборника песен и гимнов свободных христиан», там былі, з нотамі, i рускія народныя песні, i даўно любімая мною «Молитва» Лермантава — «В минуту жизни трудную», i ўпершыню пачутая, ледзь не маршава бадзёрая песня на словы Някрасава «Средь мира дольного для сердца вольного есть два пути», i песні на словы іншых, больш ці менш знаёмых паэтаў, рускіх i замежных. Была i песня, аўтар якое не запомніўся,— пра пахаванне Льва Мікалаевіча, што да «мурашак на целе» ўразіла мелодыяй i словамі, найбольш такое страфы:

И роет могилу лопата,

и сыплется желтый песок,

и горем полмира объято —

преставился русский пророк...

Што яшчэ здзівіла тады, дык гэта мноства рабых ад воспы, «е» замест «ёсць», абсечанасць у назвах: «паехаў у Баранавіч», «быў у Ляхавіч» i сёе-тое іншае. Пяцідзесятнікі, напрыклад, вітаюцца словамі «слава нашаму Госпаду», а малёванцы «слава Богу», звяртаюцца таксама: «брат», «сястра», аднак яшчэ i цалуюцца, як родныя пасля доўгай разлукі.

Людзей у хаце, хоць i не малой, было поўна. Душна i потна. Побач са мною дзябёлая дзеўка, рабая ад воспы, рыжая i шчодра потная, у песнях галёкала як за ўвесь гурт. I Міша Касель, праціснуўшыся да мяне, вельмі дарэчы кіўнуў, каб выйсці, а за парогам прапанаваў прайсціся. Ад хутарское хаты Вінеляў мы памалу, гамонячы, пайшлі ў поле... Ад тых, у каго мы з братам спалі першую ноч, па Евангеллю зайшоўшы ў самую першую ў вёсцы крайнюю хату, я ўжо ведаў, што Касель, на сем гадоў старэйшы за мяне, нядаўна вярнуўся з турмы, дзе адбываў пакаранне за адмову служыць у войску. З яго намёкаў, уздыхаў, усмешак i больш адкрытай шчырасці я адчуў яго пэўнае расчараванне i ў пацыфізме, i яшчэ больш у малёваншчыне, у якой за такімі вось спевамі, братаннем-сястраннем з пацалункамі была i проста веска, як i ўсе навокал, з шэрай будзённай беднасцю, з нейкім трохі багаццем у адных i зайздрасцю ў другіх, з цемрай i варажнечай, не толькі дробязнай, бабскай, але i больш агіднай у праявах, да боек i судоў уключна...

Праз два гады пасля гэтай гутаркі, наведаўшы Рачканы на веласіпедзе, ды адзін, бо Міша мой сядзеў у турме, я запісаў у блакноце, а дома перапісаў у дзённікавы сшытак, які захаваўся:

«Малёванцаў ужо няма. Засталося некалькі сем'яў вегетарыянцаў, дый то яны спыняюцца толькі на вегетарыянстве, а матэрыяльная няроўнасць ужо не рэжа ім вочы... Чытаюць мала, дзяўчаты зусім не чытаюць. Многія нават не ведаюць, хто такі быў Малёваны. Бібліятэка разабрана, на руках, добрую частку яе Пятрусь Вінель павёз у Парагвай, частка, як хлопцы кажуць, «у музеі М.» (цяпер, цытуючы запіс, не магу ўспомніць, чыё гэта прозвішча), частка ў Вінцуся Вінеля i патаемна рыхтуецца да вы вазу ў Парагвай. Ад дзяўчат i маладзейшых хлопцаў аддае пустатой. Старэйшыя хлопцы выйшлі з абшчыны. Мужчыны крывадушнічаюць. Старыя ад Малёванага набраліся адмаўлення навукі, мастацтва, музыкі. Забубёныя «матэрыялісты» i сектанты...

Словам, прыехаўшы да ix з наіўнай надзеяй адпачыць душою, падмацавацца — робіцца сумна i ўзнікае пытанне: «Чым жа вы адрозніваецеся ад усіх людзей? Ці варта ехаць да вас за 60 кіламетраў?.. Паедзе Міша Касель у Парагвай, Вінель — таксама, толькі з-за Пашкі i буду тут калі-небудзь...»

У брэсцкае «więzienie karne», дзе наш Міша з вясны трыццаць сёмага сядзеў, адмовіўшыся ў баранавіцкім пяхотным палку не толькі ўзяць зброю, але i надзець салдацкую форму, пісаць можна было толькі адзін раз у месяц. Таму мае пісьмы яму былі вялікія, пісаў я ix у свабодны ад работы час, на працягу двух-трох вечароў. Па-журналісцку кажучы, цэлая «хроніка бягучых падзеяў», прытым, для большай зручнасці для пана цэнзара, на рускай мове. Пісаў я свайму пакутніку, вядома, i пра расчараванне ў малёванцах, i пра тое, як я падзяліўся гэтым расчараваннем з Вігдорчыкам i як ён мне адказаў. Цытую ў перакладзе:

«Твае заўвагі пра «растайванне» рачканскай абшчыны, пэўна ж, правільныя. Ды гэта, відаць, i непазбежна, i патрэбна. I тое, што адбываецца ў ёй, мусіць, лепш, чым рабіцца чаму-небудзь штучнаму, з намерам утрымаць у цэласці «шкарлупіну» (абшчыну). Уся справа цяпер у тых нешматлікіх паасобных птушанятах, здольных выконваць свае прызначэнне, якія вылупіліся з яйка (абшчыны). Аднак пры гэтым нам не трэба забывацца, што Богава сіла дзейнічае ў людзях i не заўважна для нас».

Да такіх «птушанят» належаў i Пашка, пра якога я пісаў Мішу:

«Слаўна мы з ім гутарылі начамі ў яго каморцы, куды ён заходзіў «прысыпаць» мяне. Ён мяне любіць, што асабліва паказаў пры развітанні».

Дарэчы, у той каморцы, рана прачнуўшыся, я i запісваў пра сваё раечараванне.

Яшчэ адно «дарэчы» — пра рачканскую бібліятэку. Там былі не ат сабе выпадковыя кнігі, што трапілі, як у нашым Загоры, да паасобных сялян у «мікалаеўскую» вайну, пасля афіцэраўфрантавікоў, i не з маёнткавых пакояў у «свабоду» — кнігі малёванцам, асабліва выданні славутага «Посредника», з абедзвюх серыяў: для простага i для інтэлігентнага чытача, прысылаліся па пошце i дастаўляліся рачканскімі хадакамі з Масквы, магчыма, нават з Яснай Паляны, пачынаючы з гадоў далёка перадваенных i да першых савецкіх, з нейкай яшчэ свабодай кантактаў. У гэтым сэнсе з асаблівай павагай i чуласцю старэйшыя рачканскія малёванцы прыгадвалі імя жонкі Чарткова, Ганны Канстанцінаўны, ix апякункі i заступніцы, жанчыны высакароднай, таленавітай i ў слове, i ў музыцы. З тое іхняй, без перабольшання кажучы, бібліягэкі нам з Мішам, а потым ужо мне аднаму, таксама прыйшлося сім-тым пажывіцца. Між іншым, Касель падарыў мне тады, у трыццаць сёмым, пераплецены том нумароў часопіса «Голос Толстого и Единение» за 1918 год. Але ж, на жаль, наша загорская бібліятэка ўся вайны не прайшла...

Дальше