Замуж выйшла яна,— я не ведаю, быў далека ад дому,— ці таму, што i яе таксама ж нехта ўпадабаў, ці па нейкаму так разліку безвыходнасці, аднак калі я праз гады ўбачыў яе дачку — адразу падумалася, што бацька, мне незнаемы, красы ёй, беднай, не дадаў.
Мне трэба было дапамагчы гэтай дзяўчыне, выпускніцы вясковай дзесяцігодкі i, як яе мама ў гэтым узросце, таксама сіраце, якая не так па ведах, як па нясмеласці не набрала летась патрэбных балаў. Я не любіў такіх дапамогаў, асцерагаўся ад ix, але мая старэнькая вясковая сястра, нібы з матчыным правам загадваць, сказала мне, што тут якраз трэба. I я зрабіў, што мог, у тым інстытуце, дзе працавалі мае знаёмыя. I прыемна было, нават з пэўнай удзячнасцю, што землякі мяне памятаюць, вераць мне, ды яшчэ ад думкі, што вось табе i нагода паспрыяць адной з сябровак маладосці.
Бо мне ж i песня тая прыгадалася з балючым «цяжко, мамо», i сама спявачка, якую доля не пашкадавала i замужжам пры хваравекім гаспадару, i ранне-ўдовіным цяжкалеццем. Праўда, тады я самую яе не пабачыў, бо яны жылі ў далейшай вёсцы.
Даўно ўсё гэта было. Не толькі даваеннае, але i тое ўжо, як незнаёмае дзяўчо нясмела пазваніла ў нашы гарадскія дзверы, нават i тое, як яна з дыпломам настаўніцы зноў зайшла, каб ад сябе i ад мамы засведчыць удзячнасць раскошным вясковым букетам. Ужо на пяць сталічных гадоў смялейшая, з выразнымі спробамі папрыгажэць, а то i сапраўды папрыгажэлая ў культурнай сталасці. Ці спявае дзяўчына, як маці спявала, так i не спытаўся, ні першы раз, ні пры другой i пакуль што апошняй сустрэчы.
Даўно ўсё прамінула...
А песня пра галку, што крача, i дзеўку, што плача,— сяды-тады вяртаецца да мяне сваім сірочым, дзіўнагалосым болем.
Тэма
Мы сустрэліся праз дваццаць з нечым гадоў пасля таго, як загінуў яе муж. Пяецца: «У чужым, далёкім полі...» А тут яшчэ, нібы знарок дзеля таго, каб ёй было крыўдней за ўсіх, пахаронка прыйшла пасля перамогі, калі другія мужчыны хто голас жывы падаў, а хто неўзабаве — няхай сабе i праз паўгода — вярнуўся ці пакалечаны, ці i зусім здаровенькі.
Ды тое, ваеннае, калі я трапіў на ix лясныя хутары, было ўжо найгарчэй аплакана. Слёзы ў яе был i ўжо іншыя, навейшыя, хоць таксама ж адтуль, дзе невычэрпна нясцерпная доля.
Пагаварыўшы ca мною — у хаце мы былі ўдваіх,— яна пайшла за перагародку, пашамолілася там i выйшла, аберуч трымаючы за краі павялічаны фотапартрэт у белым, пругкім паспарту. Углядалася ў яго i плакала, змогшы сказаць мне адно толькі: «Во...» Хлопец яе, адзіны сын — я чуў пра гэта ад людзей i толькі што выслухаў ад яе,— два гады таму назад, працуючы на балоце, дзе торфазаводскія распрацоўкі, быў уцягнуты ў машыну...
Бацька, калі па той песні, загінуў у чужым, далёкім пол i. А сын на сватм, недалёкім балоце. Той богведама як i забіты, i пахаваны. А гэты паміраў адзін-адзінюткі на ўсім цэлым свеце, як ні крычы... Так мне было адразу ўявілася, калі пачуў пра гэта раней. Ну, а што ўжо там было хаваць, што засталося ад яго — не пасмеў спытацца.
За ўвесь час, пакуль мы сядзелі, спачатку каля стала, а потым за сталом, успамінаючы i нашу маладосць, i потым перажытае, хто дзе i як сваё перажываў, яна адзін толькі раз усміхнулася.
У вайну i адразу пасля вайны на першае гора ў яе быў памочнікам тата. Па гадах ужо не змабілізаваны, але яшчэ ўсё дужы i ўвішны. Ён ці прыходзіў, ці возам або саньмі прыязджаў з іхняй вёскі, балазе i не так далека. Цяпер яго ўжо каторы год няма, не пабачыў, як тут яе другі раз ударыла.
Яна расказвала, за кампанію закусваючы крыху пачатую чарачку.
— Іду я з бабамі i гавару: «Божа мой, Божа, а картопля мая яшчэ ж не абагнаная». А на свой двор ступіла, гляджу — a ўжо ж ён, наш Антось, мыецца каля калодзежа, сарочку зняўшы. Пакуль мы з поліва на абед, дык ён з маёй картопляй i справіўся! Не прошаны, не галошаны!..
Якраз тут яна i ўсміхнулася, хоць i праз слёзы, нібы святлейшыя.
— Кажуць: мужык любіць жонку здаровую, а брат сястру багатую. A ў мяне ж, сам бачыш, ні здароўя таго, ні багацця. А ён, браток, памагае. Усё памагае, хоць i ў самога ж сям'я ды работа. Праўда, i Зося яго — грэх што-небудзь сказаць...
Я памятаю бацьку яе, ведаю брата. Толькі сына вось бачу ўпершыню — з малога здымка не надта ўдала, цьмянавата перацягнутага на вялікі.
Пасля таго наведання я збіраўся пабачыць машину, што закатоўвала яго на балотнай пустэчы, зрэдку думаў пра тую страшную запаволеную смерць, не ведаючы, як да яе падступіцца...
Пакуль не пагаварыў ca знаёмым, які зблізку ведаў той выпадак. Я спецыяльна сустрэўся з ім, каб распытаць, як там было з тым бедным сынам маёй гарапашнай зямлячкі.
I ён адразу нібы абсек маю непрыступную тэму сваёй дакладнай абазнанасцю.
Як мала слоў, каб яно стала бачыцца інакш, чым доўга, прыблізна ўяўлялася:
«Машына ўборачна-фрэзерная... яго не ўцягвала. — яго схапіла i раструшчыла... ён быў... ну, ведаеце, выпіўшы». Апошняе — каб неяк далікатней, больш зразумела i даравальна па-сучаснаму. Бо ў гэтым мой знаёмы быў, на жаль, не бязгрэшны i сам...
Там, адкуль не вярнуўся бацька, было вельмі людна, смерць або калецтва — для ўсіх аднолькавай доляй.
I тут, дзе адбылося з сынам, таксама бяда або пошасць — амаль усялюдная.
А для маці ён быў i застаўся сыночкам.
Іскрынкі
ДЗЯДОК
Побач з нашым Загорам, уздоўж яго, з даліны на гару пяўся спрадвечны гасцінец. Цяпер ён ужо не пнецца, яго пакрылі асфальтам, i мноства машын снуе па ім цішэй i няпыльна. A ў дні майго маленства пяўся, глеіста-гразкі, i ніякія шараваркі не маглі яму памагчы стаць прыстойнай дарогай.
Пасля трох класаў Загорскай пачатковай школы я пайшоў у чацвёрты клас турэцкай сямігодкі. (Можна й спаткнуцца на гэтым «турэцкай», а яно ж ад мястэчка Турэц.) Нас, такіх «гімназістаў», як падкусвалі ў вёсцы, было трое, Толік, Ліда i я, наймалодшы. А наш Міхась хадзіў ужо ў пяты клас, на другую змену. Ніхто нас, вядома, спецыяльна не падвозіў, пра гэта i думак не было, ні ў нас, ні ў бацькоў, ні ў «панскай» дзяржавы. Чатыры кіламетры туды i столькі ж назад для быстрых пастушыных ножак, хоць i абутых у школу, гэта было не цяжка. Хоць часамі, узыходзячы на гару, калі мы вярталіся, мне зручней было апірацца далонямі на калені, папераменна, так памагаючы нагам. Ды гэта болей жартам. А яшчэ i rapa вінавата.
Гара — не rapa, але i ўзгоркам яе не назавеш. Зыходні канец нашай вёскі ўздымаўся высока, a калі яшчэ выйсці з яе на гасцінец, дык i адчуеш, як ты падняўся над наваколлем. Ва ўсе бакі, так далека, так хораша ўсё відно — i палі, i вёскі, i мястэчка з шасцю светла-салатавымі куналамі царквы, i лясы, меншы на поўдні, а на паўночным усходзе большы. У меншы мы, школьнікі, мінулай восенню хадзілі па бярозкі, якія саджалі абапал гасцінца, a ў большы лес, які далей на поўнач, за Нёманам, i называецца Налібокамі, пушчай, дарослыя зімой ездзілі па дровы i дзеравякі.
Я i сёння яшчэ люблю сяды-тады, чым далей, то ўсё больш зрэдку, апынуцца на нашай гары. Калі адзін, дык моўчкі пастаю, паазіраюся, a калі з якімнебудзь госцем, бывае i з замежным, дык i спытаюся: «Што, прыгожа?» A ў маленстве я ўмеў радасць ад вышыні яшчэ выказваць i крыкам — тонкім, пранозлівым, доўгім,— лепш за ўсіх сябрукоў i сябровак. Гэта тады, калі мы пасля заняткаў выбягалі з сумачкамі на школьны двор, адкуль таксама было далека відно, i крычалі ад радасці, а я — наймацней, «як паравозны гудок».
Стоўбцы былі тады павятовым горадам, Наваградак ваяводскім, i паміж імі хадзіў аўтобус, самаход. Для 1927 года гэта было дасягненнем, а для нас, «гімназістаў», радасцю. Некалькі дзён.
Аўтобус той быў падобны на таварны вагон, з дошак, толькі значна меншы, карацейшы i цёмна-шэры, а не брудна-белы, як той, у якім мы, наша сям'я, пяць гадоў перад гэтым вярталіся з Адэсы. З абодвух бакоў у яго было па акне, а дзверы ззаду, калі пагода, дык i адчыненыя ўсярэдзіну. А ад парожка ўніз — дзве жалезныя прыступкі.
Калі аўтобус, натужна гудучы ды крэхчучы, паволі пяўся на нашу гару, мы проста беглі за ім, не спадзеючыся, што ён нас возьме, падвязе. Вераснёвая раніца, у якую стаўся цуд, пачалася сонечна, i дзверы таго крахтуна былі адчыненыя. Усярэдзіне — людзі, паны, якіх ён вёз, а злева каля дзвярэй дзядок. У паліце, пад кепачкай, глядзеў, як мы весела трухаем, а пасля... Гэта нават i падкрэсліць хочацца: пасля ён узяў сваю кульбу за канец i дужку выставіў нам!.. Не прыпомню, хто з нас ухапіўся першы, хто другі, хто апошні. Мы ўсе паспелі, адно за адным, пакарыстацца кульбай, дзвюма прыступкамі, i вось — Бог ты наш добры! — ужо сядзім на падлозе самахода, а ён нарэшце адкрахтаўся, узабраўся на гару, лягчэй пайшоў па роўным, а потым i пакаціўся зверху ў даліну.
Не памятаю, вядома, што гаварылі паны i пані ў аўтобусе. Але i сёння бачыцца, што той дзядок зноў апіраецца на кульбіну дужку i ўсё маўчыць, нават нібы ўсміхаецца. I нам ён, я мяркую па сабе, бачыўся таксама пасажырам, хоць слова гэтае, не ўпэўнены, што ўсе мы ведалі. Прасцей было думаць, што i ён таксама едзе, як i ўсе.
Цуд паўтарыўся некалькі разоў. Не памятаю, ці ўзапар, ці з паўзамі на непагадзь, калі дзверы над дзвюма прыступкамі былі зачынены. У адчыненых дзядок сядзеў на тым самым месцы, таксама з далоньмі на дужцы, таксама выстаўляў сваю кульбу, а потым маўчаў i ўсміхаўся зрэдку ў сівыя вусы над сівой бародкай. I мы ўжо думалі, i гаварылі, ідучы, паміж сабой, што ён або грошы бярэ з усіх за праезд, або i самаход — ягоны.
За апошнім разам ca мною здарылася бяда.
Так жа ёмка сядзеў, ускочыўшы пасля ўсіх, i ногі мае на прыступцы, адной рукой трымаюся за вушачок дзвярэй, другая рука свабодная, сумка вісіць на тым плячы. Гляджу сабе, як гасцінец пад намі ўцякае назад. А пасля... Пасля мая сумка з кніжкамі ды сшыткамі ціха шуснула ўніз, на дарогу!.. Я, не паспеўшы нічога іншага падумаць, сігануў за ёю. Аўтобус тым часам ужо скаціўся з гары i ветрам імчаўся па цвёрдай жвіраванай роўнядзі. А я ж ніколі не скакаў на хаду. Што грукнуўся аб цвёрдае, дык гэта, можа, i не адчуў так страшна, а жорстка перакуліцца ў калючым пыле давялося некалькі разоў.
A ўсё ж мне бачыцца... калі не помніцца, дык чамусьці дагэтуль, праз процьму перажытага, бачыцца, што дзядок наш — смяяўся. Нават i рукі прыўзняў, адна з кульбай, другая так сабе. I смяяўся, я думаў, разам з усімі, хто бачыў маю ганьбу...
Было балюча i крыўдна. Я ўстаў, трохі асцепаўся, даклыпаў да сумкі, падняў, тады вярнуўся да шапкі, абабіў яе аб калена, надзеў на стрыжаную галаву i падаўся ў недалёкае мястэчка. Не плачучы.
...Колькі разоў за два апошнія гады аўтобус той не-не ды зноў загудзе, закрэхча ў маёй старэчай дальназоркай памяці. I ва ўспаміне гэтым бачу, адчуваю — як галоўнае — не тую крыўду i злосць за сваё кулянне падбітым зайцам услед за сумкай, не той, можа, i ўяўны смех, а перш за ўсё — працягнутую дужкай кульбу, а тады маўчанне дзядка, яго таямнічую, дабрадушную ўсмешку...
ПЯСТОТА
На тры гады раней, зімою, здарылася такое, што наша маці паехала ў госці адна, а мяне не ўзяла, колькі я ні малёкаў.
Госці былі далека, за семнаццаць вёрст, да Ганны, маёй найстарэйшай сястры, i не так сабе, а на хрэсьбіны — у нас гаварылася: на радзіны — мамінай унучкі, маёй пляменніцы.
Толькі вароты нашы зачыніліся, а я яшчэ не зусім адрумзаўся, калі з мяне пачалі пакепліваць браты. Няхай сабе той, што старэйшы на тры гады, а то ж i той яшчэ, што на сем, вялікі!.. Яны смяяліся: «А не ўзяла, не ўзяла!», я агрызаўся: «А я паеду, паеду!», i дайшло да таго, што я зноў надзеў зношана-сіні, з чорным каракулевым каўняром гарадскі палітончык, які па праве даношвання пасля старэйшых быў маім, i выбег на двор. З двара — на вуліцу. Ніхто мяне не даганяў, бо ніхто не падумаў, што я гэта напраўду, i я пачаў даганяць сваю маму.
Наша хата ў ніжэйшым канцы вёскі, i мне спачатку трэба было бегчы па вуліцы ўгару. Я спадзяваўся, што за першым узгоркам, дзе жыла Віліта, другая з нашых замужніх сясцёр, мама спыніцца, бо i яны, Віліціны, таксама ж паедуць на радзіны. Але саней, i нашых, i іхніх, на вуліцы ўжо не было. I я далей варухнуўся подбегам, яшчэ не крычучы.
Крычаць пачаў за вёскай, на самай гары, калі здалёк убачыў, як абодва «вазкі», святочныя сані, следам за чорнай i сівой кабыламі, пабеглі з гары ў далінку, каб потым зноў на ўзгорак... Я бег, крычаў адно толькі слова, мой палітончык быў не зашпілены, адліжны снег паміж каляінамі рассоўваўся на бакі, боты чапляліся адзін за адзін, a ўсё ж я ні разу не паваліўся!.. Пратрухаўшы рыссю з узгорка на роўнае, коні пайшлі ступой. I я закрычаў часцей і, мне здавалася, мацней. А яны ўсё не чулі — нават i мама, хоць ехала ззаду, хоць гэта ж i яна!.. Потым коні зноў пайшлі бегма. I я ўсё бег. Да мястэчка было ўсё бліжэй ды бліжэй. А зацятасць мая яшчэ ўсё мяне падганяла, яшчэ ўсё не думаў: а што, а як жа далей?..
Я ўжо бываў у Ганны, ведаў, што вельмі далека, але цяпер пра гэта як быццам не памятаў.
Коні i сані ўбеглі ў нашу, ад нашага боку, вуліцу мястэчка i пайшлі памалу. Яны былі далека, аднак надзея мая зноў пачала крычаць, як i раней, вядома, з прыплачам. Вуліца здалёку ўздымалася ўгару, пасля быў паварот управа. I нашы туды схаваліся. А я ўсё бег, неўзабаве — сярод першых двароў. Кагосьці бачыў я, хтосьці мяне, i гэта было незвычайна — як я то клыпаю, то зноў бягу, тут ужо гукаючы зрэдку...
I радасць — нарэшце — прыйшла!..
За адным, пасля за другім паваротам вуліцы распасцерлася рыначная плошча. I там нашы коні i сані стаялі, спыніўшыся каля крамы. Потым на ганак выйшлі мама, Віліта, Юстын. А я падбягаў да ix ужо з усмешкай. Мокры, незашпілены.
Вусаты панурысты дзядзька, што быў маім шваграм, сказаў:
— Дайце рэспусту пугі i няхай бяжыць назад, як i сюды дабег!..
Штосьці так. Калі ж у словах не зусім дакладна, дык тон я памятаю добра.
А з маміных пазнейшых слоў помніцца тое, што яна тады падумала:
«Скулу табе, таўлўй! Каб я сваё дзіця...»
Нават заплакала. Але гэта пасля, калі мы ўжо ехалі.
Спачатку мы дваімі санямі павярнулі з плошчы ў бакавую вуліцу, да мамінай цёткі, а там пазычылі кажушок. Мама апранула мяне, каўнер кажушка наставит i падвязала хусткай. I вось я зноў сяджу ў перадку, спіной да нашай Сіўкі, носам да мамы, i ногі мае не толькі ў сене, але i накрыты коўдзеркам, таксама пазычаным. I мне так добра — i цёпла, i свайго дамогся, i лепш пра гэта не скажаш!..
Маці была, як на мой сённяшні лік, яшчэ не старая, пяцьдзесят другі, i модная характарам. Аднак i на гэта ў яе хапала цяжару. Года яшчэ не было, як аўдавела, засталася на разбуранай вайною гаспадарцы з трыма хлапчукамі. Старэйшаму толькі чатырнаццаць. А гэты...
Тут я спыняюся, каб не расчульвацца. Бо i не плакала яна, думаецца цяпер,— слёз яе няма ў маёй памяці, яны былі, відаць, толькі ў мамінай душы.
Маўклівай... Самотнай!.. Дачка i зяць?.. Значна пазней я пачаў разбірацца, што да чаго, чаму яна i ехала асобна, на сваім вазку, чаму яна i «скулу табе!», хоць не сказала, a толькі падумала...
Далей была дарога, якая i не здоўжылася, i закончылася цёплай хатай, дзе былі дзеці, пляменнікі, не надта старэйшыя за мяне, i тая, трэцяя, з-за якое мы прыехалі, зусім маленькая, на падушцы. Была сястра, таксама як i Віліта, падобная больш на цётку, i быў яшчэ адзін швагер, дзядзька не толькі вусаты, але i з барадой... Было б што яшчэ расказачь.
Ды мне далей успамінаць не хочацца. Мой дзікі бег i крык, няхай сабе i пястунскі, чатыры зімовыя кіламетры, а потым мама, сані, кажух, перамога — гэта важней за ўсё!
ДАМАЎНІК
На тры гады старэйшы брат Міхась пасвіў каровы, а я то выганяў свіней на бліжэйшую пашу, то больш дамаўнічыў. У такога дамаўніка былі i абавязкі i, вядома ж, выбрыкі. Абавязкі — ну, перш за ўсё хаты, двара, саду i агарода пільнавацца, бурачання свінням нарваць-накрышыць, укапаць пад вечар бульбы, сустрэць авечак, вылучыць ix з агульнай чарады. А з усіх выбрыкаў мне вось успомніўся той цудоўны напітак, які мы з госцем-сябруком рабілі.