Былы бядняк. Яскравы прыклад таго, што далі савецкая ўлада, калгас пераважнай большасці людзей у нашай вёсцы. Учарашні дзень нашай сапраўднасці, пра які я (часамі трохі авансам) пісаў у калгасных замалёўках і ў «Забалоцце. Прыемна, радасна, што я тады не ілгаў, верыў, любіў — з усімі «вытекающими последствиями»: і Сталінская прэмія, і выхад за мяжу рэспублікі, нават Саюза, і паводка ўсякай чарнаты, якой аблівалі мяне ўсе, хто быў сяк ці так закрануты маім поспехам.
Хлеб, боты, валёнкі, кажух, добра ўладжаныя дзеці, новая хата, электрычнае святло і іншае — які гэта харошы ўчарашні (беручы па-журналісцку) дзень нашага калгаса!..
Мне трэба бачыць яго заўтрашні дзень, я хачу верыць, што ён будзе харошы.
Але...
Праклятае «але»! Сённяшні дзень перашкаджае мне бачыць заўтрашні. Сёння ўжо два гады не плочана людзям грошай на працадзень (з'ела тэхніка, а лён пагніў), на фермах няма подсцілу, корму — лёгенька — хопіць толькі да красавіка, а цялят калгас павінен закантрактаваць па плану... 600. П'яныя брыгадзіры. Адзін, ён жа старшыня таварыскага суда, цягае недарослых дзяўчатак (пазаўчора, прыйшоўшы да малатарні, засталі яго з 17-гадовай на саломе). «Галоўны» камуніст у нашым Загоры рэгулярна гоніць самагонку. Старшыня, які быў добры дзесяць гадоў таму назад, калі трэба было і паганяць, цяпер адстаў ад свайго калгаса і крыўдзіцца, што партарганізацыя (35 чалавек) не слухае яго. А ў партарганізацыі таксама зашмат прыдуркаў і лайдакоў, несумленных і нават па-анкетнаму з цёмнай душою.
Адзін з трыццацітысячнікаў, былы дырэктар СІД студэнт, афіцэр, здзіўляецца, за што білі Кулакоўскага з яго «Дабрасельцамі». Бледная, кажа, нявінная рэч... Так, цяжкавата без крытычнага рэалізму! І не хацелася б называць яго — усюды і катэгарычна — днём учарашнім.
* * *
Пара ўжо мне канчаць з тым, што мне нібыта сорамна бывае за сваю панскую работу, сорамна — перад людзьмі цяжкай працы. Адкрыта трэба, свабодна. У многіх тых, каго я часамі саромеюся, як блазен ці як чалавек не на сваім месцы, дзеці тым часам ужо не меншыя «паны». Нешта ў гэтым ёсць такое мужыцкае, калі грубасцю, нібыта гумарам прыкрываюць сапраўдную сутнасць з'яў. Як той наш «камуніст»-самагоншчык, што глядзіць у загорскім клубе хвалюючы, глыбокі фільм і каменціруе яго ўголас, самаздаволена, дурнымі, але «смешнымі» рэплікамі: «Ну, тут яму і хана!.. От дзе даў лататы!.. Па мордзе ёй, правільна!..» — і яшчэ лепш.
* * *
У вялікім, утульным клубе калгаса «Новае жыццё» семінар, на якім старшыні калгасаў, аграномы, брыгадзіры трактарных брыгад і звеннявыя па кукурузе слухалі двух шэфаў — вучоных з сельгасакадэміі, прафесара і кандыдата. Адзін гаварыў пра цукровыя буракі, а другі, менш цікава, пра кукурузу. Менш цікава было і літаратару, і самой аўдыторыі. Адны, менш інтэлігентныя, проста спалі; другія, больш жыццярадасныя ці маладыя, шапталіся ды хіхікалі; былі і такія, што за шырокакажушнымі спінамі сяброў-старшыняў чыталі «Раман-газету».
* * *
Панадзіліся мужчыны ўвечары ў «дурня» гуляць. Першы раз было цікава, другі — так сабе, а ўчора — цяжка. Міжвольна ўспомніў пра адносіны Горкага да мужыкоў, якіх (адносін) я дагэтуль не разумеў. Не магу ўжо, здаецца, і я расчульвацца кожным з іх, што мне так падабалася ў Талстога, не магу не думаць, што цемра застаецца цемрай, і няма ёй апраўдання сёння, калі ўжо, як казаў адзін старшыня калгаса на сходзе, «гасподзь Бог бедных на хрэн паслаў». Савецкая ўлада, калектывізацыя ліквідавалі беднасць, даюць культуру... А яны сядзяць пад яркай лямпачкай Ільіча, пад'еўшы, а ўсе непаголеныя, брудныя, харкаюць на падлогу, лаюцца... Потым адзін кажа: «А знайдзі ты чалавека, якому падабаецца калгас?» «Няма, не знойдзеш»,— кожны па-свойму, але аднолькава згодна адказваюць усе шэсць чалавек — былыя беднякі, сераднякі і адзін «несостоявшийся» кулак.
А я ўспамінаю, як гаварыў адзін з сяброў палону, начуючы ў мяне: «Я часта чую па радыё, як Янка Брыль адабрае калгас...» Хто паверыць у шчырасць хлопца з «багатай сям'і»? «Хітрыць, зарабляе»,— гаварылі многія. А той, каго я зачапіў, як адмоўнага прататыпа, капаўся і капаецца пад «хітрага сабаку». Цяпер — «хітры», а тады, калі быў не такі, як усе, «чортведама чаго шукаў, жывучы на такой, браце, гаспадарцы» — называлі хто дзіваком, а хто і проста «святым дурнем».
Трэба толькі праўду пісаць, не быць староннім назіральнікам, не пісаць тады, калі трэба было б ілгаць.
* * *
У ляснога хутараніна Л. часта прыпыняліся партызаны. І печкі іхнія там былі, і лаўкі. І жонку Лаўрыкаву нават цягалі. Пасля вайны свякроў яе скардзілася былому камісару:
«Яе калісьці хлопцы шпанскімі мушкамі апаілі і валачылі, хто колькі хацеў. А мой дурань урэзаўся і ўзяў, бо ж і багатая яшчэ была. Але дзяцей не было. Ездзілі, ездзілі партызаны, а потым іхні начальнік, М., узяў ды забраў яе ў Л. Падзякаваў нам за ўсё. Яно, вядома, крыўдна, але ж ажаніўся мой хлопец з другою і вось хоць дзеці ёсць, як ва ўсіх добрых людзей...»
Учора ў прыёмнай райкома спаткаўся я і пагаварыў з тым самым М. Успомнілі партызанскае, гаварылі трохі пра беларускую літаратуру, бо ён калісьці вершы пісаў, а цяпер, кажа, піша нейкія ўспаміны. Потым зайшлі да Паўла ў кабінет. І вось тут я ўбачыў даволі яркі вобраз чалавека, які здорава апусціўся, а жыць лягчэй — хоча. Стаіць каля сакратарскага стала, а не сядзе, гаворачы, як камуніст з камуністам, як партызан з партызанам,— стаіць у ліслівай позе і, проста кажучы, просіцца. Просіць заступіцца перад дырэктарам школы, які не хоча трымаць яго нават на палавіне стаўкі, дзяжурным прадоўжанага дня, бо невук наш М., завала і п'яніца. Пяцідзесяты год пайшоў таварышу, і «хворы на лёгкія», просіць дапамагчы атрымаць персанальную пенсію. «Рублёў з пяцьдзесят — мне і хопіць»,— гаворыць і паўтарае. І за гэтай «сціплай», яшчэ на старыя грошы як быццам, а не на новыя ўжо, за гэтай «сціплай» лічбай стараецца схаваць нясклёпістую хітрасць. Ды яшчэ і ўсміхаецца жалю варта...
Вахлак, што так ды сяк хаваўся за партбілетам, падмацоўваючы свой аўтарытэт сякімі-такімі партызанскімі заслугамі. І чалавечай годнасці — ні крышку. Сакратар пытаецца ў яго: «А як жа гэта ты адбіў чужую жонку?» Ён толькі хіхікае ў адказ. Наконт рэспубліканскай пенсіі сакратар кажа, што для гэтага трэба мець асобыя заслугі, а ён надзімаецца: «У мяне ж чатыры ордэны!» «Якія?» Аказваецца, «Чырвоная зорка» і тры медалі. Сакратар смяецца з яго, і сам ён смяецца таксама: «Усё роўна ж урадавыя ўзнагароды!..»
Я сяджу збоку, і мне ўжо сорамна, што разам з ім зайшоў, што слухаю ўсё гэта, што даў яму свой мінскі адрас і прасіў заходзіць.
А чалавеку, здаецца, хоць бы што...
Пакуль успамінаў пра гэта і садзіўся запісваць, думаў, што нягожа, відаць, узяць жыццё чалавека ды так вось лёгка навесіць на яго літаратурны ярлык?..
А цяпер вось думаю пра другога слізняка з партбілетам, пра пажылога настаўніка С., з якім мне трапілася сустрэцца ў Турцы. Выключаны гадоў шэсць таму назад з партыі за падхалімскую падтасоўку бюлетэняў на выбарах нялюбага актыву сакратара райкома партыі, ён доўга ездзіў па інстанцыях (між іншым, пырскаючы слінай і на нас: «Вось камуніст як пакутуе, а беспартыйныя, сякія-такія, пануюць!..»), ездзіў, хадзіў, пакуль зноў не ўбіўся ў авангард... І вось, у настаўніцкім пакоі, калі я сказаў, што зайду да Валі П., ён зноў жа пырскнуў: «Только там не соблазните ее...»
Запісваю дзярмо гэтае таму толькі, што ўсю дарогу з Турца быў незадаволены сабою. Трэба было і мог бы словам даць па саплях пашляку, а я нават нібы разгубіўся і штосьці прамямліў, замест таго каб хоць шапку яму на вочы насунуць... Старое гэта за мною, хоць часта, нават і вельмі часта бывае інакш,— скажаш нешта завостра і каешся.
* * *
Дайшоў да Рахметава, да яго гутаркі з Верай Паўлаўнай, да гутаркі Чарнышэўскага з «проницательным читателем» і... ніяк не цягне больш да рамана. Не памагае ні абаяльнасць аўтара, ні яго мудрасць. Мастацкі твор павінен быць мастацкім.
* * *
«Если страшно от сильного пожара, то надобно бежать туда и работать, и вовсе не будет страшно».
Выпісваю гэта з Чарнышэўскага («Што рабіць?»), думаючы, што вось і я прыехаў сюды, дзе мяне многія, здавалася здалёк, ненавідзяць,— прыехаў, прыгледзеўся зблізку і бачу, што гэта — не так, што больш рабілася ў маім уяўленні.
* * *
Дрэнна, непрыемна і крыўдна хваліцца тым, што над табою злітаваліся, цябе пашкадавалі.
Адчуў гэта ўчора, калі расказваў Колю пра тое, як аднёсся да мяне зімой 1951—1952 года, калі вырашалася справа з прэміяй, Зімянін. Што знайшоўся разумны, высакародны чалавек, які выратаваў мяне з ямы паклёпу — гэта вельмі прыемна, і я яму вельмі ўдзячны, але хваліцца гэтым (ах, які я таленавіты, што ажно ён мяне пашкадаваў!..) — не вельмі хораша і не вельмі прыемна.
* * *
Румяны здаравіла, былы партызан, а цяпер п'яніца, злодзей, які пабываў ужо ў турме, пазычыў у другога партызана, калекі і добрага хлопца, грошай. Прайшло багата часу, і той, за чаркай, напомніў яму пра доўг.
— Ты мне глядзі,— абурыўся даўжнік,— а то я табе пакажу доўг. Я партызанам быў і партызанам застаўся!..
І праўда — можа паказаць... Прагналі яго за п'янства з пажарнай. Дык ён таго, што быў пастаўлены на яго месца — маладога хлопца, ні ў чым антыпартызанскім ніколі не замешанага,— пры дапамозе кучкі сяброў прыдушыў, даў наглытацца з выхлапной трубы, завёўшы ў гаражы машыну, а тады пасадзілі яго за руль, а руку, каб не было слядоў іхніх пальцаў, аблілі бензінам і абсмалілі... Нават і дзверы кабіны забыліся зачыніць. І ўсё сышло. На экспертызу ў вобласць (ці ў раён) паслалі сэрца і лёгкія задушанага, і там прызналі, што гэта ад бензіннага, бачыце, перагару...
Не дароўваецца толькі грэх «против духа свята». У румянага здаравілы такіх грахоў няма — член партыі, юнаком пайшоў у партызаны. А да таго ж яшчэ ўсё зроблена чыста...
* * *
Малады, энергічны старшыня калгаса, былы настаўнік, скардзіцца на «цяжкую вёску»:
— Пры Польшчы яны — самі хваляцца — былі барацьбітамі, падпольшчыкамі. А цяпер на свята сцяг не вывесяць. Хіба каб забараніў яму другому — тады б вывесіў!.. Панавучваліся на сходах гудзець з закрытым ротам. Гудуць і не пазнаеш, каторы... У тры-чатыры гадзіны ночы будзе табе стукаць у акно: «Прыд-ся-даяцель, заўтра машына пойдзе ў Карэлічы?» Прыйдзе ў праўленне, прычэпіцца, як гразь, біцца лезе, лаецца, а скажы яму слова — напішуць калектыўна і ў райком, і куды хочаш вышэй. А даў аднаму па саплях — пачалі трохі больш паважаць... Паміж молатам я і кавадлам.
* * *
Такая простая, здаецца, арыфметыка: удосталь подсцілу — многа гною, многа гною — добра зародзіць зямля, будзе подсціл і г. д. Кругам. А подсцілу няма. Думаў сам і гаварыў з іншымі: ад чаго? Многа зямлі ідзе пад лён, кукурузу, цукровыя буракі. Салома не збіраецца як след: падонне пасля стагоў, бурты, дый так усюды. Вельмі многа скаціны. А іншае?..
* * *
Партызанская вёска. Калгасныя яслі. У клубе чытаецца выступленне Хрушчова пра бабовыя. Мясцовы філосаф і ўгоднік, былы партызан, камуніст:
— Трэба каля ясляў пасеяць бобу, каб малыя па садах не лазілі!..
Рогат. Так вось і адгукнуліся на пастанову.
Часамі быць толькі самім сабою, беларускім пісьменнікам, і то — подзвіг. Аднак паводзіны свае — разумнае рашэнне рабіць галоўнае, на ім канцэнтраваць увагу — не хочацца лічыць філасофіяй баязлівасці. Бо я не памятаю самога сябе без любві да Расіі, да рускай мовы, літаратуры, не памятаю сябе беларускім нацыяналістам, хаця даўно і сам, і назаўсёды вырашыў, што кожная бочка павінна стаяць на сваім уласным дне.
* * *
Аўтобус Магілёў — Мінск спыніўся ў Беразіне. Доўгачаканае сонца, шэрыя домікі над ракою і ў новай, з залацістых дошак, прыбіральні бязлітасны надпіс наконт таго, што тут (дата) была... устаяка прадаўшчыца (імя і прозвішча) з магазіна №... Сумна. «Уездная звериная глушь!..» Ці толькі тут гэта? Ці ўсё гэта тое, што выходзіць гноем наверх?..
* * *
Два вялікія выпрабаванні — славай і паклёпам. Нялёгка іх пераносіць. І проста яны не праходзяць, не пакідаючы следу. Дый ці праходзяць?..
Моцнае і сталае пачуццё тугі па сапраўдным чалавеку. Пазнаеш, захапляешся, потым пазнаеш бліжэй — расчараванне і зноў туга...
* * *
З прыемнасцю прачытаў у Салаухіна: «Нет ничего хуже, дичее и гаже, когда человек бьет другого человека».
Амаль заўсёды, калі думаю, што чалавека крыўдзяць — да болю выразна і міжвольна, не розумам, а сэрцам станаўлюся на баку слабейшага. Цяпер нават часта ўяўляю пры гэтым, што пакрыўджаны кожны родны мне чалавек. Не думаю, што гэта баязлівасць, бо я сам сабе неаднойчы давёў, што не вельмі баязлівы. Часцей думаю, што гэта слабасць, хвараблівасць. А даваенны «крытык» К. сказаў бы проста, што гэта сентыментальнасць...
Не! Бо я з маленства не любіў, калі б'юць чалавека.
* * *
Чытаю «Жажду жизни» І. Стоўна — пра Ван-Гога, пра нас, пра абавязак перад людзьмі, пра шчасце несці гэты абавязак. Ёсць штосьці вышэй за смерць, і недарма — думаў, чытаючы,— людзі шукалі Бога, неба, вечнасці.
Між іншым, чакаючы аўтобуса ў Турцы, слухаў гутаркі пра паступленні ў ВНУ. О, усёмагутны хабар, як ён увайшоў у наш побыт! Проста людзі не хочуць, а можа, і не могуць паверыць, што хтосьці не можа ўзяць хабар з-за сумленнасці.
І не дзівіся, не крыўдуй, што не вераць, не хочуць паверыць, што ты пішаш не за грошы, а па абавязку.
Абапал дарогі — жыта і кукуруза на спецыяльна ўгноенай зямлі: каб з райкомаўскай ды абкомаўскай машыны здавалася, што яны тут усюды добрыя. Бачыў у Смаргонскім раёне.
* * *
Прачытаў пахвалены Адамовічам раман Аксёнава «Звездный билет». Многа добрага, цікавага, свежага, але сапсавала ўсю справу гісторыя кахання Дзімы і Галі — выпрабавання гэтага кахання чужым ложкам. Так і не могуць нашы літаратары дазволіць, каб чалавек пакахаў і сам пачаў сваю каханую,— гэта павінен зрабіць нехта трэці, а ўжо тады можна яе падняць ды страсянуць, як чужую посцілку, ды радавацца, што цяпер ужо наша каханне будзе надзейным, правераным. І як гэта проста, як лёгка робіцца! І як гэта ўжо абрыдла і ў літаратуры і ў жыцці!..
* * *
Мікола Засім.
Прыкра стала ад майго нарачанскага запісу пра ягоную смерць. Я не лгаў тады, але ж гэта было і лішне жорстка, нялюдска.
Перачытаў, як быццам новымі вачыма, Калеснікаву прадмову да апошняй Засімавай кнігі, перачытаў, а некаторыя прачытаў упершыню вершы з гадоў акупацыі. Перачытаў яшчэ адзін мой запіс, зроблены пад гарачую руку, пасля нашай брэсцкай сваркі ў сакавіку 1954 года. Знайшоў яго пісьмо да мяне, у якім ён, назаўтра ж, прасіў прабачэння. Падумаў пра сваю паметку на канверце: «Без адказу»...
Так, ён мяне моцна абразіў калісьці сваім «падазрэннем»; так, ён мне потым моцна нахаміў; так... яшчэ адно так... А ўсё ж я з сапраўднай чалавечай прыемнасцю пагаварыў бы з ім сёння пра ўсё гэта — шчыра, бязлітасна шчыра і добра. Але яго няма.
Маленькай іскрынкай вечнага здаецца мне цяпер той факт, што я ўзняў пытанне перад саюзам пра выданне таго «Выбранага», дзе Валодзева прадмова.
І добра, што мы — і сябруючы — можам вось так, як у гэтым выпадку Валодзя, цвяроза глядзець на тыя справы і з'явы, якія аднаму ці другому не вельмі падабаюцца.
Вырваць старонку з запісам — лягчэй, чым вырваць з памяці. Дык няхай жа будзе і гэтая старонка: няхай камусьці, хто будзе (можа?) чытаць гэта, будзе вядома, што былі ў мяне не толькі хвіліны настрою, але і роздум з дыстанцыі часу.
Зрэшты, што гэта я?.. Запіс гэты патрэбен перш за ўсё мне самому. І гэта, здаецца, важней за ўсё. Для мяне. Для маёй прыгоднасці да жыцця.