І партызаны таксама не ўздымаліся. Каля Васілевіч [29], як бабкі-пакутніцы ўчора расказвалі, яны ляжалі на ўзлеску і толькі глядзелі, баючыся аказацца.
Амаль усе гавораць, што стралялі не немцы, а свае. Немцы толькі камандавалі, начальнікі, а радавыя часамі і чалавечнасць праяўлялі, пра што людзі расказваюць амаль са свежым здзіўленнем.
* * *
...Ляснік-беларус, хутар якога стаіць за Котрай, у літоўскім лесе. Дзеці прыроды ў «міжрэспубліканскай зоне». Браканьеры і самагоншчыкі. Няўлоўныя. Прыйдзе літоўская міліцыя: «Я беларус», прыйдзе беларуская: «Я літовец». Сам ідзе са стрэльбай, а баба загоншчыцай. Лось. Дзік. Аднойчы яго дома не было, прыйшло сем літоўскіх міліцыянераў, а баба замкнулася ў хаце і крычыць: «Не лезь, бо засяку! У мяне тут гасударсцвеннае імушчаства!..» Тры вядры чарніцаў. Пакрычалі, пастукалі браты-літоўцы і пайшлі... Муж пачаў хадзіць да суседкі, дык леснічыха, у парадку папярэджання, спачатку набіла суседцы морду, потым падпаліла хлеў, а нарэшце — і хату. Так і выжыла суседзяў.
...Лясы, лясы. Тут, відаць, партызаніў Алёша Рылько. Я думаў пра яго, цьмяна ўспамінаючы яго расказы.
...Баба (на тры гады маладзейшая за мяне!..), што жыве, жыла, гадавала дачку на хутары, які стаіць каля братняй магілы, дзе ляжыць уся вёска...
* * *
А хто запіша пакуты тых бабулек, маці і жонак, родныя і блізкія якіх гінулі ад іншых нелюдзяў? Як Надзя нашага Валодзі чакала ноччу на марозе следчага, а потым станавілася перад ім у снезе на калені... Як Якубава маці вазіла падаянку свайму старому,— пасляваенным перапоўненым, п'яна-зладзейскім цягніком, спадарожнай машынай,— як яна чакала чаргі, а пасля пачула ад нейкага, што сёння сядзіць на сытай пенсіі: «Можешь больше не приезжать: подох!..» Як... Як... Тысячы і мільёны такіх як, родныя, блізкія якіх рэабілітаваны пасля, у пераважнай большасці пасмяротна. А смерць іх якая была?..
І як яшчэ сонца не пацямнела, як мы можам радавацца чамусьці, быць наіўнымі аптымістамі?
* * *
Да помніка (зарослага бур'яном), калі мы глядзелі яго, падышла старэнькая бабка, ужо на дзевятым дзесятку, у лапціках і шэрай, як пясок, нібы маскіровачнай, пад вечную галечу, вопратцы.
— Пахавайце мяне тут, каля гэтага помніка. Дачку зажыгацельнай пуляй забілі, сыны на фронце пабіты. Крэпка мне жаль дзяцей. Рабіла ўсё, пакуль магла, а цяпер пала макам...
* * *
Бабка Параска добра ўспамінае немца, які пашкадаваў яе малых дзяцей і аддаў ёй, хаваючыся ад свайго начальства, вала.
«...Каторая тут твая окса? Бяры ды ідзі».
«...Паліцэйскія былі гады найгоршыя. Вунь той кацюга, Бутылка. А немец кажа: «Як будзем у шапках уцякаць — усіх паб'ём, а як без шапак — некалі будзе...»
Разважаючы пра прычыну нашага разгрому ў сорак першым годзе:
«Свае вінаваты: пусцілі. Тут вайна пачалася, а тут ужо яны і прыйшлі. Нябось у Маскву або ў Ленінград не пусцілі...»
* * *
У вёсцы Крынкі сухашчавы, энергічны і талковы Мікола Коцур, што ўцёк з палону з Полацкага лагера. Амаль на змярканні засталі мы яго з запрэжаным канём на дварэ.
«...Маладзіца выцягнула куфар у кусты і схавала ў гэтым куфры дзяцей. А яны не ўседзелі там, павылазілі. І паліцаі іх пабілі.
Немцы ідуць па вуліцы ды цыгарэты кураць, а б'юць людзей паліцэйскія, нашы...»
Што гэта?
* * *
Не прыдумаеш нічога такога страшнага, чаго б ужо не было ў жыцці.
Бабуля крыкнула на немцаў-карнікаў: «Без'языкія вы!» І яны ёй выразалі язык, адрэзалі грудзі. Сямідзесяцігадовай жанчыне.
Другая цётка расказвала (у вёсцы Горваль): Скуб хлопец курэй, якіх яны, карнікі, настралялі. А немец-кухар яму: «Уцякай! Табе засталося цвай мінуты жыць». Угаварыў, а той потым зноў сумняваецца, «дык ён яму яшчэ і нагой пад сраку даў, а хлопец -— у кукурузу».
* * *
Успомнілася.
Сям'я, дый вёска, што не спазнала ў вайну вялікай бяды. У годзе нешта сорак сёмым баба зашывае малому яго школьную, афіцэрскую сумку і ледзь не весела кажа: — Парвалася. Хутчэй бы ўжо зноў каторыя беглі!..
* * *
Трасучыся па бясконцых ямах, думаў, што «еўрапейцы», злосныя на такую дарогу, прыязджалі ў вёскі яшчэ больш азвярэлыя.
І другое,— наколькі горш выглядалі палешукі тады: і менш заможнасці было, і менш культуры.
* * *
Партызанскія сем'і гінулі менш, бо яны, толькі пачуўшы пра набліжэнне карнікаў, уцякалі ў лес, а тыя, што спадзяваліся, як «нявінныя», ацалець,— гінулі больш.
* * *
Умный, положительный русский железнодорожник і наша, утрох з лейтэнантам, гутарка ў купэ. Лейтэнанціка, што едзе ў Талін, трывожыць думка, узятая з дому, ад старэйшых: як там з «эстонскім нацыяналізмам»?..
На маё пытанне (каб падмацаваць тое, што я гаварыў лейтэнанту сам) чыгуначнік, які салідна перакусваў, сказаў: «Я там пражыў дваццаць сем год і нічога такога не бачыў. Залежыць, хто які чалавек». Па-нашаму: як да чалавека.
* * *
Яшчэ адно «між іншым»: чытаючы ўчора Чукоўскага пра Пастарнака, успамінаў гісторыю з яго Нобелеўскай прэміяй і пахаваннем, і прыемна было, што я тады ані на момант не паддаўся «стадному чувству», і цяпер, бліжэй, глыбей пазнаўшы і пазнаючы гэтага сапраўднага пісьменніка, мне няма ў чым каяцца.
* * *
Інфармацыя, чорт яе забяры!.. Учора, на праходцы з Радавым і Расляковым, а перад гэтым — за сталом, такога дзярма наслухаўся, што каб свайго настрою на душы не было,— хоць плюй ды лайся... Не дай мне, Божа, так старэць — жуючы бяззуба смярдзючую злосць на другіх, усіх без разбору!..
Адно толькі хочацца запісаць — як Маркаў Ніліну гаварыў:
— А ведь смешно, Павел Филиппович, что я на вас смотрел когда-то снизу вверх, лет семь тому назад...
Як тупеюць людзі на высокіх пасадах! Можна паверыць у гэтую гутарку чыноўніка з майстрам, ведаючы трохі і іншых такіх чыноўнікаў ад літаратуры.
* * *
Учора слухаў фізіка Льва Арцімовіча. Знешне падобны на Міхаіла Святлова: хітраваты, разумны і добры прышчур, але яшчэ сімпатычнейшы. Просты, шчыры і сумленны.
Найбольшая небяспека: неадпаведнасць росту тэхнікі і маральнасці людзей. Калі сёння жахлівыя сродкі знішчэння знаходзяцца ў распараджэнні дзяржаў, дык заўтра іх можна будзе пакласці ў кішэню кожнаму нягодніку. Наш тэхнічны прагрэс можа нас і задушыць.
На будучыню чалавецтва ён глядзіць песімістычна. Навуцы трэба свабода. Вучонымі павінны кіраваць вучоныя. Цяпер, ён кажа, так у нас і ёсць, у адрозненне ад сталінскіх і хрушчоўскіх часоў.
У гэтым спачатку быў толькі падтэкст, намёк на наша, літаратараў, становішча. Пасля ён пачаў гаварыць выразней: вялікіх пісьменнікаў у нас у XX стагоддзі няма, палітыка задушыла літаратуру, а вялікі пісьменнік павінен гаварыць што і як ён хоча. А то — «квадратна-гнездавы сацрэалізм»...
Ён не выступаў, а толькі адказваў на пытанні. Апроч «намёкаў» былі і канкрэтныя «дробязі». «Што мне вам, маладым нарысістам, пажадаць? Чым пісаць няпраўду — лепш зусім не пісаць». «Калі з «Нового мира» пайшоў Твардоўскі, я перастаў выпісваць гэты журнал».
...А што ён гаварыў бы, калі б яму трэба было быць пісьменнікам? Чакаць, пакуль зменіцца час? Гэта — не выхад. Чалавек, бясспрэчна, цікавы, сумленны, але ісціны ў яго — толькі частка. А сёння гэта вельмі многа — гаварыць тое, што думаеш і хоць бы думаць правільна.
* * *
Твардоўскаму далі прэмію. Учора, дзе я даведаўся пра гэта, на абедзе ў Прыляжаевай, Федзін глыбакадумна сказаў: «За несколько стихотворений...» А Віталій Озераў: «Хорошо, что он сам еще узнает об этом». Ужо не можа ні пісаць, ні гаварыць — розум працуе, а выказаць нічога немагчыма. Федзін: «Он же физически такой сильный мужик...» Стары, фіктыўны кіраўнік СП і малады, энергічны, па-новаму, па-сучаснаму, у параўнанні са старым, культурны,— абодва яны гавораць, у застольным «благочестии» і элегантнасці, з культурай паліцэйскіх чыноўнікаў вышэйшага рангу, не «посвящая» іншых у нячыстыя таямніцы свае службы...
* * *
Прафанацыя — Кажэўнікаў побач з Твардоўскім [30],— гэта невыпадкова, гэта палітыка загладжвання, «абы ціха», і гэта блізарукая, сляпая кпіна, здзек з сапраўднай літаратуры, пародыя на змычку ідэйнасці і майстэрства.
* * *
Памёр Твардоўскі. Нават і плачуць у друку не тыя або не так, як трэба плакаць па гэтым паэце і чалавеку...
1972
Сын мае пляменніцы, мужчына ўжо (неўзаметку) трыццацігадовы, вырашыў вярнуцца з Расіі ў Мінск. Цяжка з прапіскай — зайшлі з мамай да мяне. Абы як зачапіцца. Дзеці будуць у бабы, у вёсцы. Але ж таксама там доўга не могуць быць — старэйшаму трэба ў школу. «Дык там жа школа ёсць»,— кажу яму. «Вы знаете, дядя Ваня (дзедам мяне з ветлівасці не заве),— она там белорусская, не хочется детей калечить...» «А жонка твая адкуль?» — пытаюся, падумаўшы, што яна, можа, руская. «Ды з нашай вёскі, наша»,— умяшалася яго маці.
З гэтым ідуць да сваяка — беларускага пісьменніка!
Не хочацца думаць, што будзе...
Цяжка нават уяўляць сябе такім жа нармальным літаратарам свайго народа, як які-небудзь англічанін, паляк ці наш эстонец,— у тым асяроддзі, якое гаворыць на тваёй мове, якому ты патрэбен, як свой...
Падумалася ўчора: а ці не ў гэтым часткова прычына і майго не пісання? Адна з прычын?..
* * *
Дакараю сябе, што вельмі мала гаворым з сынам пра найважнейшае. І ўспамінаю, у апраўданне, што бывала такое і з братам, ёсць і з дочкамі. Праўда, ёсць у яго і пашыраецца, паглыбляецца свой свет адзіноты, непазбежны і, відаць, неабходны кожнаму, але ж вось і сумую я па ім, і думаю, што трэба нам быць бліжэй. Хоць — гора наша! — і паміж намі расце ўжо моўны бар'ер: яму ўсё цяжэй гаварыць са мной па-беларуску. А што дасі яму побач з Талстым, Дастаеўскім, Чэхавым, у свет якіх ён акунаецца, і як паставіш яго супраць магутнай плыні асіміляцыі?.. Унучка кажа «тата», але і «тату» гэтага забяруць у яе ў яслях, куды яна днямі пайшла...
Гаўнюкі мы — а як жа сваё захоўваюць іншыя?
* * *
Кончыўшы Карскага («Белорусы. Введение к изучению языка и народной словесности»), не ўстрымаўся, выпісаў:
«В таком состоянии оказалась белорусская народность и ее язык на пороге XX столетия, когда приняты меры к окончательному сравнению ее с господствующими классами населения».
Скажам па-ленінску: «Гм! Гм!..» Гісторыя — у іншай форме — паўтараецца. І так жа горка гэта, а сутыкаешся з такім, у розных праявах, амаль кожны дзень.
* * *
Божа мой, колькі тут трэба жэрці!.. [31]
Учора былі ў цясніне Рапіт, дзе нізам шуміць па каменні рака Кафірніган, на схілах гор цвітуць ружова-бэзавым цветам міндалевыя дрэвы, а пад небам зіхцяць снегавыя вяршыні. Была харошая гутарка ў машыне: Мірза Турсун-задэ (дома ён глядзіцца лепш, цікавей), Баруздзін і новы для мяне Еўдакімаў. Былі харошыя гутаркі на прыпынках — з харошымі хлопцамі нашымі (Аскоцкі, Бітаў, Тэракапян) і таджыкамі (Канаат, Раджаб, Сейтулаеў). Быў паэтычны, чысты і зоркі, відушчы настрой, калі належна адчуваецца ўсё — і тое, хто ты, і тое, што табе трэба. На чарговым дастархане, над ракою, хапіла б, здавалася, свежага агурка, памідора, ляпёшкі і шклянкі баржомі, а тут — процьма ўсякага мяса, зеляніны, кіслага малака, зялёнага чаю, шурцы, лапіны, плову, яблыкаў, вінаграду і каньяку!.. Усё такое смачнае, гаспадары такія гасцінныя, што дзіву даешся пасля бясконцага сядзення: колькі ж можна нарэшце чалавеку з'есці? А так жа было і ўчора, і пазаўчора. А пасля гэтага цябе амаль без перасадкі вязуць у госці, дзе дастархан — у новай некранутасці і з новым націскам гасціннасці... Учора думаў, што наогул ніколі яшчэ ў жыцці не быў так паскудна набарабанены. Як ты ні асцерагайся.
...«Збіраюць на вясельны туй, а потым расплочваюцца з даўгамі, седзячы на ляпёшцы з вадой, а мы ўсё гэтыя туі апісваем!» Так гаварыў адзін з таджыкаў на нашым «круглым стале».
Шафёру Турсуна, службоваму, трыццаць адзін год, у яго чацвёра дзяцей і бацька-пенсіянер (20 рублёў), а сам ён на рукі палучае 85.
А колькі туяў бачыць, возячы начальства!..
А ўсміхаецца так прыязна.
* * *
Няўжо чалавек абавязкова павінен быць прымацаваны да нейкай царквы, партыі, стаяць у нейкай загародцы, хадзіць у нейкім прыводзе, няўжо яму нельга проста быць чалавекам, які мае права думаць і рабіць тое, што ён лічыць правільным, найбольш чалавечным? Няўжо 220 мільёнаў беспартыйных — не члены партыі па сваёй адсталасці ці па нязгодзе з нашай палітыкай? Даўно я гаварыў калісьці пра сваю пазіцыю ў гэтым сэнсе: у мірныя дні сумленна працаваць для Радзімы, а ў дні вайны — змагацца і, калі трэба, загінуць за яе. Няўжо гэтага мала? Няўжо гэта такая вялікая, недазволеная раскоша — самому думаць, што правільна, а што не, самому вырашаць, звяраючы правільнасць сваіх рашэнняў з самым найвышэйшым, цераз галовы інструктараў і сакратароў?.. У кожным выпадку — я іншым ужо не стану. Толькі б рабіць не горш, чым рабіў.
* * *
Расію, рускіх тут, у Балгарыі, вельмі любяць. Аднак «другой роднай мовы» — няма. Ад гэтага ў такой пашане слова, песня, ад гэтага тут лягчэй быць пісьменнікам, чым у нас.
* * *
Сярод мноства пра рускі х помнікаў ды помнічкаў ледзь што не спадзяваўся сустрэць і помнік... Міхалкову (бачыўся з ім у Сафіі) — таксама ў знак удзячнасці, якое ён тут можа дамагчыся. Штосьці падобнае чуў і пра Салаухіна («его величество»). Даніна бярэцца? За плевенскую ды шыпкінскую кроў, за вызваленне ў сорак чацвёртым?.. Разбэшчаныя ўвагай баре. А тут ім, падобным ды прападобным, рускі шавінізм свабодна і «сладко», кажучы па-балгарску, здаецца... прагрэсіўным, усё ж пераклікаючыся (для мяне) з тым прагрэсам, які нёс палякам Сувораў, які таксама расчульвае рускіх у Кобрыне, якога нашы «сундуки» паказваюць, мацуючы дружбу, і польскім дэлегацыям.
* * *
Каб выратаваць свае сем'і ад смерці, партызаны, пяцьдзесят чалавек, прыйшлі з лесу са зброяй і здаліся. Іх пастралялі, а сямейнікі засталіся.
Першы такі выпадак. На Полаччыне.
* * *
Маленькая, рухавая, згорбленая бабка. Бедная хата, у якой найбагацейшай, найжывейшай дэталлю бялее дзіцячая калыска. Прыязджала дачка з унучкай.
Лясная вёсачка Зарэчча, да якое мы дабіраліся па страшэнным бездарожжы. Яшчэ адно жахлівае адкрыццё, яшчэ адзін пункт супраціўлення і юдоль пакутаў, якія мы ўваскрашаем — для трывогі людзям.
Многа красы, мала багацця. Старое, старое, якога трэба пазбывацца, бо брыдка...
«Не немец, а свой — харошы такі — як даў мне прыкладам у грудзі...» Гаворыць пра ўсё гэта нібы абыякава. Рукі — тонкія, худыя, далоні чорныя з сярэдзіны, загарэлыя, вузлаватыя, як клешні, учэпістыя і спрацаваныя. 17 рублёў пенсіі за мужа і сына, што загінулі. І драпаецца бабка ў мае дзверы, шукаючы — «а можа?» — дапамогі...
* * *
«Мы — з хамута». Так кажуць пра сябе тыя жанчыны, якія пасля вайны самі ўпрагаліся ў плуг.
* * *
У канторы калгаса. Расказвае нестарая жанчына, рахункавод. Хвалюецца, міжвольна лазіць рукой па лічыльніках, стукае лінейкай. Лічыць на пальцах — пры нашым выключаным магнітафоне,— каго ў вёсцы забілі. Іван, Сцяпан, Даніла... А за імёнамі для яе — жывыя людзі.
* * *
Дачка бабулі, якую мы не патрывожылі каля бальніцы, з якое тую везлі дахаты, у адной машыне з маладою парадзіхай. І дачка ўжо старая, незамужняя, пяцьдзесят дзевяць гадоў. Нервова мацае па стале каравымі, учэпістымі пальцамі. Стол — пад клятчастым абрусам.
«Большанькае і меншанькае, пяць гадкоў...» Так гаворыць, сурова і пяшчотна, пра дзяцей, якіх забівалі.