Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою (на белорусском языке) - Лонг 2 стр.


15

Так пакутавала, так казала яна, намагаючыся знайсцi назву кахання. Але Доркан, той валапас, што Дафнiса выцягнуў i казла з ямы, дзяцюк з першым пушком на барадзе, якi ведаў каханне ў слове i яве, з таго самага дня адразу закахаўся ў Хлою, i чым далей беглi днi, тым больш распалялася душа, i, на Дафнiса як на хлапчука не зважаючы, наважыўся падарункамi або сiлаю дамагчыся свайго. Спярша ён прынёс iм падарункi: яму валапасаву сiрынгу на дзевяць дудачак, якiя былi меддзю замест воску змацаваныя, а ёй - шкуру ланi, якую носяць вакханкi, - плямiстую, нiбы яе фарбамi размалявалi. З гэтага часу ён, лiчачыся за сябра, штораз меней зважаў на Дафнiса, а Хлоi штодня прыносiў цi мяккага сыру, цi вянок з кветак, цi спелы яблык; аднаго разу прынёс цялятка-сысунка, пазалочаны драўляны кубак, маладзенькiх горных птушак. А яна, недасведчаная ў хiтрыках кахання, прымаючы гасцiнцы, цешылася, а яшчэ больш з таго, што яна цяпер мела чым абдорваць Дафнiса.

I аднаго разу, бо ўжо i Дафнiс павiнен быў спазнаць мукi кахання, усчалася ў яго з Дорканам спрэчка, хто з iх прыгажэйшы, а суддзёю мела быць Хлоя, а за ўзнагароду таму, хто пераможа, было прызначана пацалаваць Хлою. Першы Доркан вось што сказаў:

16

"Я, дзяўчына, большы за Дафнiса, дый я валапас, а ён казапас; i я нагэтулькi лепшы за яго, наколькi каровы лепшыя за козы; i белы я, як малако, валасы залацiстыя, як даспелае поле перад жнiвом, i выкармiла мяне мацi, а не якая жывёла. Ён жа малы i безбароды, як жанчына, i чорны, як воўк. Ён пасе казлоў i пахне пагана, а такi бедны, што i сабакi не пракормiць. Калi яго, як кажуць, паiла сваiм малаком каза, то нiчым ён ад казляняцi i не рознiцца".

Гэтак i падобна да гэтага казаў Доркан, а пасля яго - Дафнiс: "Мяне выкармiла каза, як Дзеўса. Я пасу коз, i яны большыя, чым Дорканавы каровы; я анi не пахну ад iх, як i Пан, хоць той больш як на палавiну сам казёл. У мяне ўдосталь сыру, i хлеба, спечанага на ражне, i белага вiна, а гэта - дастатак заможных сялян. Безбароды я, але такi i Дыянiс; цёмны я, але такi i гiяцынт; Дыянiс жа пераўзыходзiць сатыраў, а гiяцынт - лiлеi. Ён жа руды, як лiс, i барадаты, як казёл, а белы, як гарадская жанчына. I калi табе давядзецца пацалаваць каго, то мяне пацалуеш у вусны, а яго - у шчэць на барадзе. I ўспомнiш тады, дзяўчына, што цябе выкармiла авечка, а ты такая прыгожая".

17

Далей Хлоя не вытрымала, а ўзрадаваўшыся гэтай пахвале i ўжо даўно маючы ахвоту пацалаваць Дафнiса, ускочыла i пацалавала яго, хоць i прастадушна i няўмела, але так, што змагла душу распалiць. Доркан, засмучаны, пайшоў, шукаючы iншай дарогi да кахання; а Дафнiс, бы яго не пацалавалi, а ўкусiлi, тут жа спахмурнеў i часта ўздрыгваў, не могучы суцiшыць сэрца, яму не цярпелася паглядзець на Хлою, а як глянуў - аблiўся румянцам. Тады ён першы раз са здзiўленнем заўважыў, што валасы яе залацiстыя i вочы ў яе вялiкiя, як у цялушкi, i твар яе сапраўды бялейшы за казiнае малако, - быццам ён толькi што вочы займеў, а ўвесь час дагэтуль быў без iх. Цяпер ён да яды ледзь дакранаўся, а пiць калi хто прымушаў, ледзь абмочваў губы. Маўклiвы зрабiўся, а раней стракатаў больш за цвыркуноў, вялы зрабiўся, а некалi быў жвавейшы за коз; ён перастаў сачыць за чарадою, кiнуў сiрынгу; яго твар быў бляднейшы, чым трава ў сухмень. Толькi перад Хлояй быў гаваркi. I калi часам заставаўся без яе, вось так размаўляў сам з сабою:

18

"Што ж гэта зрабiў са мною Хлоiн пацалунак? Губы яе мякчэйшыя за ружы i вусны саладзейшыя за мёд, пацалунак вастрэйшы, чым пчалiнае джала. Часта цалаваў я казлянят, часта - маленькiх ягнят i тое цялятка, што падарыў Доркан; але гэты пацалунак нешта новае. Дыханне мяне пакiдае, сэрца хоча выскачыць, душа замiрае, а я ўсё ж зноў бы хацеў цалаваць. Ах, благая перамога: дзiўная хвароба, iмя якой я i назваць не ўмею. Можа, Хлоя атруты паспрабавала, перш чым мяне пацалавала? А як жа тады яна не памерла? Як спяваюць салаўi, а мая сiрынга маўчыць; як скачуць казляняткi, а я нерухома сяджу; як цвiтуць кветкi, а я вянкоў не пляту! Расцвiтаюць лiлеi i гiяцынты, а Дафнiс вяне. Няўжо Доркан неўзабаве будзе выглядаць прыгажэйшым, чым я?"

19

Так пакутаваў i казаў наймiлейшы Дафнiс, першы раз спазнаючы ў слове i яве каханне.

А Доркан, валапас, закаханы ў Хлою, прыпiльнаваўшы, калi Дрыяс паблiзу саджаў атожылкi вiнаграднай лазы, падышоў з некалькiмi адборнымi сырамi i даў iх у падарунак яму як старому прыяцелю з тых часоў, калi Дрыяс яшчэ сам пасвiў; пачаўшы з гэтага, перавёў ён гаворку на жанiцьбу з Хлояй. Калi б яму аддалi яе ў жонкi, ён абяцаў як валапас шмат каштоўных дароў: пару валоў пад плуг, чатыры раi пчол, пяцьдзесят ушчэпаў яблынь, валовую шкуру на падэшвы i штогод цяля, ужо адлучанае ад каровы; так што Дрыяс, спакусiўшыся гэткiмi падарункамi, амаль згадзiўся на шлюб. Але калi разважыў, што дзяўчына вартая лепшай долi, i збаяўся, што трапiць у непапраўную бяду, калi ўсё выйдзе наверх, у шлюбе яму адмовiў, перапрасiў яго i названых дароў не прыняў.

20

Доркан, другi раз ашукаўшыся ў сваёй надзеi i намарна страцiўшы добрыя сыры, надумаўся ўзяць Хлою гвалтам, калi яна будзе адна. I падгледзеўшы, што яны на перамену гоняць на вадапой свае статкi - аднаго дня Дафнiс, другога дзяўчына, прыдумаў ён акурат пастухоўскую хiтрасць.

Ён узяў шкуру вялiкага воўка, якога некалi бык, абараняючы сваiх кароў, закалоў рагамi, захiнуўся ў яе з галавы да ног, пярэднiя лапы нацягнуў на свае рукi, заднiя - на ногi ад сцёгнаў да пят, а раскрытая пашча прыкрыла яму галаву, як шлем цяжкаўзброенага ваякi. Прыкiнуўшыся як мага найлепш дзiкiм зверам, iдзе ён да ручаiны, з якой пасля пашы пiлi козы i авечкi. У вельмi глыбокай упадзiне была ручаiна, усё месца навокал глушылася цярнiнаю, ажынаю, нiзенькiм ялаўцом i бадзякамi; лёгка мог бы там i сапраўдны воўк ляжаць у засадзе. Схаваўшыся тут, Доркан чакаў, калi надыдзе час вадапою, i меў вялiкую надзею, што ён перапалохае сваiм выглядам Хлою i яна апынецца ў ягоных руках.

21

Прамiнула няшмат часу, i Хлоя пагнала статкi да ручаiны, пакiнуўшы Дафнiса зразаць зялёныя парасткi на корм казлянятам пасля пашы. Але сабакi, якiя беглi тут жа, сцерагучы авечак i коз, i па сабачай звычцы прынюхвалiся, учулi Доркана, як ён падпаўзаў, каб напасцi на дзяўчыну, голасна загаўкалi i кiнулiся на яго, як на сапраўднага воўка; i перш чым ён з перапалоху ўскочыў на ногi, аблажылi яго i пачалi рваць шкуру. Нейкi час ён яшчэ цiха ляжаў у гушчары пад накiнутаю шкураю, баючыся адкрыцца; але калi Хлоя, перапалохаўшыся пры першым поглядзе на яго, пачала клiкаць Дафнiса на дапамогу, а сабакi, сарваўшы воўчую шкуру, упiлiся ў яго цела, ён залямантаваў i пачаў прасiць дапамогi ў дзяўчыны i Дафнiса, якi ўжо прыбег сюды. Тыя зычным воклiкам хутка супакоiлi сабак, а Доркана, у якога былi пакусаны сцёгны i плечы, павялi да ручаiны, прамылi яму раны ад сабачых зубоў i прыклалi да iх зялёнай вязавай кары, пажаваўшы яе; яны палiчылi апрананне ў шкуру за пастухоўскi жарт, i, зусiм не гневаючыся, суцешылi яго, i, правёўшы яшчэ трохi пад рукi, адпусцiлi дахаты.

22

Доркан, выбавiўшыся з бяды i ўратаваўшыся, хоць i не з воўчай пашчы, як гэта кажуць, а з сабачай, пайшоў загойваць свае раны; а Дафнiс i Хлоя мелi шмат клопату, аж да ночы збiраючы коз i авечак: бо спуджаныя воўчаю шкураю i ўзбуджаныя сабачым брэхам адны з iх на скалы ўзбеглi, а другiя аж да мора дабеглi. Хоць i былi яны прывучаныя слухацца голасу i на сiрынгу супакойвацца, а калi пляснуць у далонi - збiрацца, але на той раз страх прымусiў на ўсё забыцца. З цяжкасцю, як зайцоў па слядах, расшуквалi iх Дафнiс i Хлоя i загналi ў аборы. Толькi тае начы заснулi яны глыбокiм сном i знайшлi ў стоме лекi ад мук кахання.

Але калi зноў прыйшоў дзень, зноў яны цярпелi ў той жа спосаб. Радавалiся, убачыўшыся, журылiся, расстаючыся, нечага прагнулi, але не ведалi, чаго прагнуць. Адно толькi ведалi яны, што яго загубiў пацалунак, а яе - купанне.

23

Распальвала iх i сама пара года. Вясна ўжо канчалася, лета пачыналася, усё было ў росквiце, дрэвы ў пладах, палi ў каласах; усцяж мiлае цыкад стракатанне, садавiны салодкае пахкае дыханне ды радаснае авечак бляянне. Можна было б падумаць, што рачулкi, спакойна воды коцячы, спявалi, што вятры сваiм подзьмухам па соснах на сiрынзе iгралi, што яблыкi ў знямозе кахання долу спадалi, што сонца, закаханае ў красу, усiх раздзявала.

Дафнiс, распалены ўсiм гэтым, кiдаўся ў раку, то плёскаўся ў вадзе, то ганяўся за разгулянаю рыбаю; а часта i пiў, як бы хацеў патушыць агонь усярэдзiне. Хлоя ж, падаiўшы авечак i многiх коз, доўга яшчэ ўпраўлялася, каб сквасiць малако; а мухi моцна даймалi i кусалi, калi яна iх праганяла. Пасля яна, умыўшы твар, прыбiралася вянком з хваёвых галiнак i, ахiнуўшы паяснiцу шкурай аляняцi, напаўняла посуд вiном i малаком, каб разам з Дафнiсам выпiць гэтага пiтва.

24

Калi ж надышоў поўдзень, вочы iх адразу трапiлi ў палон чараў. Бо яна, убачыўшы голага Дафнiса, уражаная яго дасканалай красою, знемагала, не знаходзячы ў яго нiякай заганы; ён жа, гледзячы на яе, апаясаную шкураю аляняцi, у хваёвым вянку, калi яна яму падавала кубак, думаў, што бачыць нiмфу з пячоры. Пасля ён хапаў у яе з галавы хваёвы вянок i надзяваў яго на сябе, спачатку пацалаваўшы гэты вянок; яна таксама, калi ён раздзяваўся i купаўся, захiналася ў яго вопратку, спачатку яе пацалаваўшы. Часамi яны кiдалi адно ў аднаго яблыкi або прыбiралi адно аднаму галаву, расчэсваючы валасы на прабор. I Хлоя параўноўвала яго валасы з мiртам, бо яны былi чорныя, ён жа яе твар параўноўваў з яблыкам, бо ён быў белы i румяны. Ён вучыў яе iграць на сiрынзе; але калi яна пачынала дзьмуць, ён выхоплiваў у яе i сам губамi перабiраў чароцiны; i ўдаючы, што папраўляе яе памылкi, прыдумаўшы прыстойную прычыну, праз сiрынгу цалаваў Хлою.

25

Аднаго разу апоўднi, калi ён iграў на сiрынзе, а чароды ляжалi ў цянi, Хлоя непрыкметна задрамала. Заўважыўшы гэта, Дафнiс адклаў сiрынгу, прагна агледзеў яе ўсю - цяпер жа ён анi не саромеўся - i патаемна i разам з тым цiха прашаптаў: "Як гэтыя вочы спяць! Як вусны салодка дыхаюць! Так не пахнуць нi яблыкi, нi кусты. Але я баюся цалаваць: пацалунак ранiць сэрца i, як малады мёд, прыводзiць у шаленства. I я баюся пацалункам разбудзiць яе. О гаварлiвыя цыкады! Яны не дадуць спаць ёй сваiм моцным стракатаннем. Яшчэ i казлы, б'ючыся, ляскаюць рагамi. О ваўкi, баязлiвейшыя за лiсоў, чаму ж вы iх не схапiлi?!"

26

Калi ён так казаў, цыкада, уцякаючы ад ластаўкi, якая хацела яе злавiць, упала Хлоi на грудзi; ластаўка - за цыкадаю, i хоць не змагла яе злавiць, але, гонячыся за ёю, праляцела так блiзка, што кранулася сваiм крыллем Хлоiнай шчакi. Не ведаючы, што з ёю здарылася, Хлоя моцна ўскрыкнула i прахапiлася са сну, але, убачыўшы над сабою ластаўку i Дафнiса, што смяяўся з яе спалоху, яна супакоiлася i працерла ўсё яшчэ сонныя вочы. Цыкада, што схавалася ў Хлоi на грудзях, адазвалася, нiбы той, хто шукаў прытулку, дзякаваў за свой ратунак. Зноў Хлоя галосна ўскрыкнула, а Дафнiс засмяяўся. I, карыстаючыся нагодаю, прасунуў руку мiж грудзей i выняў добрую цыкаду, якая i ў яго руцэ не маўчала. Хлоя ўзрадавалася, убачыўшы яе, узяла, i пацалавала, i зноў пасадзiла стракатлiўку сабе на грудзi.

27

Усцешыла iх раз туркаўка, прабуркаваўшы з лесу сваю пастушыную песеньку. I калi Хлоя захацела даведацца, што яна такое гаворыць, а Дафнiс ёй растлумачыў, расказаўшы вядомую казку: "Была, дзяўчо, адна дзяўчынка, такая прыгожая, як ты, i пасвiла яна ў лесе шмат жывёлы. А была яна пяюха, i кароўкi радавалiся яе спевам, пасвячы iх, яна не мела патрэбы нi бiць iх пастуховым кiем, нi пароць ражном; а садзiлася пад хвойкаю, прыбiралася ў хваёвы вянок, спявала пра Пана i Пiтыс, i каровы, зачараваныя спевам, не адыходзiлiся ад яе. Адзiн хлопец, што непадалёк пасвiў кароў i ўмеў спяваць гэтак жа, як дзяўчына, заспрачаўшыся з ёю, што лепш спявае, узвысiў свой голас, моцны, як у мужчыны, i мiлы, як у дзiцяцi, завабiў у свой статак восем яе найлепшых кароў i пагнаў iх. Дзяўчына, засмучоная стратаю жывёлы i няўдачаю ў спевах, молiць багоў, каб далi ёй лепей у птушку абярнуцца, чым дахаты вярнуцца. Багi слухаюцца i ператвараюць яе ў гэтую птушку, якая жыве, як тая дзяўчына, у гарах i гэтак жа прыгожа спявае, як яна. I сёння яшчэ, спяваючы, расказвае яна пра сваё няшчасце, спадзеючыся знайсцi сваiх заблуканых кароў".

28

Такiя ўцехi даравала iм лета. Але калi была восень у самым росквiце i саспеў вiнаград, прысталi ў тыя мясцiны тырыйскiя пiраты на лёгкiм карыйскiм судне (каб iх за варвараў не палiчылi), высадзiлiся, узброеныя мячамi i ў паўпанцырах, пачалi рабаваць усё, што траплялася пад рукi: духмянае вiно, шмат збожжа, скрылi мёду; пагналi яны i некалькi кароў з Дорканавага статка. Схапiлi яны i Дафнiса, якi блукаў па беразе мора; Хлоя ж як дзяўчына выганяла Дрыясавых авечак пазней, таму што баялася свавольных пастухоў. Убачыўшы прыгожага, дужага дзецюка, якi здаўся iм больш вартаю здабычаю, чым нарабаванае на палях, разбойнiкi не сталi трацiць больш намаганняў нi на коз, нi на iншае дабро ў ваколiцы, а пагналi яго на свой карабель, ён жа ўсё плакаў у роспачы i моцна клiкаў Хлою. Яны хутка адвязалi канат i, хапiўшы ў рукi вёслы, адплылi ў адкрытае мора; Хлоя якраз тады выгнала сваю чараду, несучы новую сiрынгу ў падарунак Дафнiсу. Але бачачы коз, якiя ў бязладдзi разбеглiся, i чуючы, як Дафнiс мацней i мацней гукае яе, яна, не думаючы больш пра коз i авечак, кiнула сiрынгу i памчала бегма да Доркана прасiць дапамогi.

Назад Дальше