Сэрца на далоні - Шамякин Иван Петрович 13 стр.


— Хто налізваецца? Хто за бацькавы грошы п'е. А калі чалавек мазалём зарабляе… Я не бачыў сярод рабочага класа…

— Кінь. — Вочы Славіка непрыгожа і злосна звузіліся, ён натапырыўся і стаў падобны на маленькага драпежніка са сваімі каротка падстрыжанымі, непакорлівымі валасамі. — І потым не рабі хоць ты гэтага ідыёцкага дзялення: ты — клас, а я — не клас. А я хто? Я таксама зарабляю свае пяцьдзесят шэсць рублёў. І адрозніваюся ад цябе адным… Табе ўсё падабаецца, ты ўсім задаволены… А я крытыкую ўсё…

— Вось іменна, усё.

— Не лаві на слове. Гагарын паляцеў — я на галаве хадзіў на студыі. Ад захаплення. Крытыкую тое, што не падабаецца мне.

— Дрэннае і я крытыкую. Толькі не ў рэстаранах.

— А дзе? На сходзе? Не люблю сходаў.

Тарас адкінуў далікатнасць, спытаў з'едліва:

— А што ты любіш, парыжскія кафэ?

Славік, разявіўшы рот, змоўк. Паглядзеў на Тараса так, быццам убачыў упершыню.

— Ты ведаеш, што за такія словы б'юць па мордзе?

— Заела?

— Але чорт з табой. Слухай крамольныя думкі далей. Не люблю, калі атлусцелыя дзядзькі пачынаюць мяне вучыць…

Тараса пачала раздражняць Славікава прэтэнзія на глыбакадумнасць і разважлівасць. Ён адчуваў, што гэта нават не перакананні, а проста так — модная гульня. Эклектычны набор чужых думак. Тарасу не хацелася тут, у рэстаране, пачынаць сур'ёзную спрэчку, і ён стрымліваў сябе. Але тое, што сказаў Славік пра настаўнікаў, яго проста-такі ўзарвала.

— Хто гэта «атлусцелыя дзядзькі»? Бацька твой, Яраш атлусцелы?.. Майго бацьку фашысты павесілі. Ён таксама не прыдатны табе ў настаўнікі? Ты…

Тарас гаварыў горача, усхвалявана, хоць і не на поўны голас. Але словы яго, відаць, пачулі многія. На іх пачалі звяртаць увагу. Першы гэта прыкмеціў Славік. Азірнуўся насцярожана, прашаптаў добразычліва:

— Цішэй.

Тарас схамянуўся.

Па радыё абвясцілі, што да адыходу хуткага цягніка «Кіеў — Ленінград» засталася адна хвіліна. Пасажыры паспешліва пакідалі залу рэстарана. На пероне жаночы голас прасіў: «Бора, пішы! Кожны дзень пішы!» Другі, мужчынскі: «Мама, пацалуй Аньку за мяне!»

Тарас глядзеў за акно, на зялёны вагон з шырокімі вокнамі. У адным акне — дзявочы твар, прыгожы і сумны. Тарасу стала шкада яе:

«Чаму яна такая сумная? Не трэба, слаўная дзяўчына. Жыццё прыгожае. І ў ім многа радасці. Каб я мог падараваць табе радасць…»

Вагон ціха паплыў. Дзяўчына сустрэлася з яго позіркам. Ён усміхнуўся ёй і развітальна памахаў рукой. Яму таксама зрабілася трошкі сумна. Плылі вагоны. Вокны. Твары. Многа твараў. Усё хутчэй, хутчэй… А ён, заварожаны, бачыў усё той жа дзявочы твар. Ён быў летуценнік і фантазёр — уяўляў будучую сустрэчу з незнаёмкай. Калі нарэшце Славік адарваў яго ад акна, Тарас убачыў, што на стале стаіць графінчык з каньяком, гуркі, бутэлька нарзану.

— Пра што задумаўся, маэстра?

— Ды вось думаю, чаму ў разумных бацькоў растуць такія дзеці?..

— Дурныя, хочаш сказаць? І маеш на ўвазе мяне? Добра. Вып'ем і паразважаем на гэтую тэму.

Славік звыкла прыгожым рухам наліў у чаркі, падсунуў Тарасу гуркі. Узняў сваю чарку, прыжмурыўшы вочы, палюбаваўся на бурштынавую вадкасць.

— Будзь здароў, камбрыгадзір! — і, не чокнуўшыся, асушыў чарку да дна. Гурок узяў рукой і смачна захрумстаў. Усё ў яго выходзіла вельмі натуральна.

Тарас выпіў паўчаркі, разрэзаў гурок тупым нажом, пасыпаў солі — па-дамашняму, грунтоўна. І, аднак, сам адчуваў сваю нязграбнасць у параўнанні са Славікам. Рукі, такія хуткія і ўмелыя на зборцы машын, тут як бы выйшлі з-пад улады. Гэта трохі выбівала з каляіны. Глушыла дасціпнасць у адказах на лёгкую балбатню Славіка. А той зноў наліў сабе да ўзроўню — колькі засталося ў Тараса, але не выпіў. Заціснуў чарку ў далоні, нахіліўся над сталом. Шчокі яго заружавеліся, вочы сталі масляністыя і больш шырокія, а то ён усё прыжмурваў іх. Голас панізіў да шэпту:

— А ты лічыш, мае бацькі разумныя? А я думаю, каб гэта было так, яны сумелі б выхаваць мяне інакш. Думаеш, лёгка мне, што я боўтаюся цяпер?..

Тараса здзівіла і насцярожыла такая нечаканая самакрытычнасць. Шчыра гэта ці зноў пазёрства?

— Сын журналіста, пісьменніка. Паважанага ў горадзе чалавека. Хоць кім паважанага? Чуў у чарзе? Ведаюць Яраша, і ніхто не ведае Шыковіча. Хто чытае сумныя фельетоны і нарысы! Але я рос пад бацькавай славай, як пад парасонам. Бохан прыходзіў у школу, выступаў — вучні раўлі ад захаплення. А я задзіраў нос: ні ў каго няма такога таты!.. Усё мне было дазволена. Тут ужо маці старалася што ёсць сілы, каб я купаўся, як той сыр у масле. А потым раптам ажылі бацылы прынцыповасці. У першую чаргу — у бохана.

— Пасаромейся! — не вытрымаў Тарас. — Дзе ты выкапаў такое дзікае слова?

Славік усміхнуўся, пакруціў галавой:

— Маралісты вы ўсе, — і выплеснуў у рот каньяк. — Ну, у таты, у папы. У радзіцеля. Як хочаш… дык вось… Другія плявалі на прынцыповасць, на мараль і паўладкоўвалі свае чады ў інстытут. А мой: «Пойдзеш на завод». Не хачу на завод. Хачу на тэлестудыю. Буду рыхтавацца ў кінаінстытут. Тут, безумоўна, мама на дапамогу: «Можа, у хлопчыка талент». І бацька адступае. Перад талентам. І лёгка ўладжвае хлопчыка на тэлестудыю. І вось ён асістэнт аператара. Як гучыць! А-а? У непісьменных дурніц галава пачынае кружыцца, калі пачуюць такую прафесію. А асістэнт перастаўляе лямпы, чысціць камеры… Пільнуе бацькаву кватэру… І харчуецца ў сталоўцы. На большае не хапае… А бацька не дае. Усё тыя ж бацылы прынцыповасці… А сябра камбрыгады Ганчароў называе гэта праявай вялікага розуму.

— А ты хацеў бы, каб табе адвальвалі па тысячы.

— Чаго я хацеў бы? — Славік даліў Тарасаву чарку, наліў сабе, адрэзаў кавалак адбіўной. — Вып'ю за цябе. Ты шчаслівы чалавек. У цябе многа жаданняў. — Выпіў. — А я… я нічога не хачу. Адзінае хіба — у космас куды-небудзь паляцець.

— Туды дурняў не пускаюць.

— Дзякую за даведку. Мне нават у інстытут расхацелася. Які ў мяне талент! А рамеснікаў хапае без мяне. З людзей, якіх лічаць таленавітымі, я паважаю толькі двух — твайго прыёмнага і нашага сталяра дзядзьку Атроха. Яраш можа вытрыбушыць чалавека, і той застанецца жывы. Гэта нешта значыць. А што вунь мой татулька… Напускае на сябе скромнасць: адзін сядзіць на перыферыі. А лічыць сябе, безумоўна, лепшым за сталічных. А я пачаў чытаць яго апошнюю аповесць і заснуў на семнаццатай старонцы. Калгас. Даяркі. Па-мойму, калі ты ўжо ўзяўся пісаць, дык пішы, як Рэмарк…

— Па-твойму, вышэй за Рэмарка няма пісьменнікаў?

— Ведаю. Ведаю. Талстой. Чэхаў… Колас. — Славік узлаваўся чамусьці. — Яны набілі мне аскоміну ў школе.

— Ты ж ніколі іх сур'ёзна не чытаў.

— А навошта?

— Што ж цябе ў Рэмарка захапіла? Кальвадос?

— Што?

Але гэты юны нігіліст добра засвоіў галоўны сакрэт абароны. Успомніўшы, што такое кальвадос, тыркнуў у Тарасавы грудзі пальцам:

— Вось дзе ваша ханжаства. Самі чытаеце пад коўдрай… Глытаеце… Смакуеце… А потым робіце посныя фізіяноміі. «Рэмаркізм заражае моладзь». Ты сур'ёзна думаеш, што я магу нечым заразіцца?

Гэта ўжо было падобна на п'яны выклік, і Тарас, замест адказу, паклікаў афіцыянтку, каб разлічыцца.

— Закажы нашага кальвадоса, — прымірэнча сказаў Славік.

— Не. Мне трэба ехаць.

— Ну чорт з табой.

Тарасу спадабалася такая падзяка за пачастунак, і ён весела засмяяўся. Усё-такі ён цікавы хлопец, гэты Славік. Але ў галаве яго — куча смецця.

Наташка радасна крыкнула:

— Мама! Тарас прыехаў! — кінулася насустрач брату, павісла на шыі, пацалавала. І адскочыла, здзіўленая. Нахмурылася. І тут жа выдала: — Мама! Тарас п'яны.

— Што ты выдумала. Які я п'яны?

— Але выпіў.

— Выпіў, — з вінаватай усмешкай прызнаўся Тарас, вітаючыся з жанчынамі.

Галіна Адамаўна ласкава і дакорліва паківала галавой:

— Тарас!

Валянціна Андрэеўна, любуючыся хлопцам, сказала:

— Што вы апякаеце яго, як маленькага? Ах, які страх, чарку ўзяў рабочы чалавек! Мала якая прычына магла быць.

— Я Славіка сустрэў. І ён зацягнуў мяне ў рэстаран.

Усмешка знікла з твару жанчыны.

— Славік зацягнуў? — І ў голасе яе прагучала недаверлівасць. — Як магло здарыцца, што мой сын зацягнуў цябе, старэйшага на пяць год?

— Сказаў, што галодны, з раніцы нічога не еў. А па-мойму, схлусіў. У рэстаране ён часты госць. Усіх афіцыянтак ведае.

— Афіцыянтак? — Валянціна Андрэеўна адразу змянілася з твару. Не, не пабялела і не пачырванела. А неяк стала непадобнай на самую сябе, заўсёды добрую, вясёлую. Нешта жорсткае, калючае з'явілася ў яе твары. Можа, адчуўшы гэта, яна вінавата ўсміхнулася, прыгладзіла валасы на скронях. Нічога не стала распытваць. Сказала: — Адбіваецца хлопец ад рук. Трэба прасачыць.

Яна была аб'ектыўны і разумны педагог. Але ў першую чаргу — маці. Як педагог паверыла Тарасу. Як маці адчула непрыязь да яго. Яна заўсёды любавалася прыёмным сынам Яраша, ставіла ў прыклад сваім дзецям. А цяпер падумала: «Грубаваты хлопец, недалікатны. Таварыскай салідарнасці не мае. Калі ўжо разам былі, прамаўчы».

Несвядомы парыў мацярынскай душы: пачула дрэннае пра сына — хочацца, каб і на другіх былі плямы.

Хутка Валянціна Андрэеўна выдумала нейкую прычыну і пайшла ў хату.

Галіна Адамаўна, якая адчула гэтую змену ў настроі сяброўкі, з дакорам сказала Тарасу:

— Нядобра так… Трэба разумець, што маці чуць такое балюча. Ты мог бы і памаўчаць.

— Ды нельга маўчаць, Галіна Адамаўна! — запярэчыў Тарас. — Каб вы ведалі, як ён паводзіў сябе і якую лухту гарадзіў. Ва ўсім расчараваўся, усё яму абрыдла, усё не падабаецца. А мы будзем глядзець і маўчаць? У нас часта так робяць. Ад бацькоў хаваць, ад грамадскасці… Пакуль чалавек не апынецца ў балоце. Тады будзем ахаць. Не. Я знарок. Яшчэ Кірылу Васільевічу скажу. Няхай ён пацікавіцца, чым там камсамол займаецца на студыі.

— А сам піў з ім, — усё яшчэ хмурылася Наташа.

— Не сунь носа ў мужчынскія справы! — асек яе Віця.

— Фу, мужчыны! — зняважліва фыркнула дзяўчынка і паскакала на адной назе да ручая.

— Піў я дарэмна, — разважліва згадзіўся Тарас, звяртаючыся да Галіны Адамаўны. — Але каб вы бачылі, як ён умее заказваць. Сціва Аблонскі! Калі ён схлусіў, што ў яго ні капейкі грошай, баюся, што наліжацца. І, чаго добрага, накуралесіць.

Выпіўшы з Тарасам дзве трэці ад заказаных трохсот грамаў, Славік хадзіў і шукаў, за чый кошт пажывіцца яшчэ. І знайшоў у парку. Адзін графаман страшэнна хацеў надрукавацца ў газеце. Ведаючы, што лёс яго вершаў залежыць ад кансультацыі Шыковіча, ён настойліва шукаў сцежку да яго «чэрствага сэрца». Падвярнуўся сын Шыковіча. Што ж, можна паспрабаваць зрабіць і такі ход, тым больш што хлапчына працуе на тэлестудыі: там таксама можа спатрэбіцца пратэкцыя.

Працу сваю малады Шыковіч любіў. Але пасля таго як высмеяў сваё асістэнцтва перад Тарасам, пасада сапраўды здалася яму мізэрнай і смешнай. Падвыпіўшы, ён вырашыў на работу не ісці. Адбудзецца перадача і без яго.

Пасля шчодрага пачастунку графамана ў Славіка пачало дваіцца ў вачах. Насупраць сядзелі два «вялікія паэты». Падавалі дзве «каралевы» з каронамі на галаве. А міма адкрытай пляцоўкі летняга рэстарана хадзіла то двое, то цэлы атрад дружыннікаў. Славік баяўся дружыннікаў больш, чым міліцыі.

Прыйшло ў галаву, што яны пільнуюць яго. Таму ў хвіліну прасвятлення ён уцёк ад «вялікага паэта», які ўвесь вечар чытаў вершы. Нырнуў у кусты, выйшаў цераз глухія вароты з парку і з найлепшым намерам — пільнаваць кватэру, каб не залезлі зладзеі, — ішоў дадому. Але, на няшчасце, кватэра яго была побач з гатэлем.

У гэты абласны горад не так часта заязджаюць замежныя турысты. Але ў той летні вечар спыніліся праездам з поўдня ў Ленінград ангельскія студэнты. На дзвюх вялікіх старамодных машынах. Машыны сабралі цэлы натоўп зявак. Славік, безумоўна, адразу далучыўся да іх. П'янаму, калі ён даведаўся, што гэта ангельскія студэнты, страшэнна захацелася абмеркаваць з імі некаторыя міжнародныя праблемы. Пайшоў шукаць гасцей. Яны вячэралі ў рэстаране. Славіка не пусцілі туды. Гэта яшчэ больш распаліла, раззлавала яго, умацавала рашучасць дабрацца да турыстаў любым чынам. Ён пралез у рэстаран праз кухню, ведаў усе хады і выхады — жыў побач, часам, па даручэнню маці, купляў абеды на дом.

Ён шумна прывітаў ангельцаў. Тыя ўзрадаваліся выпадку пазнаёміцца з савецкім юнаком і запрасілі яго к сталу. Але ангельскую мову Славік вучыў — абы выцягнуць на тройку. Ды і тое, што вывучыў, за год забыўся. Вымаўленне ў яго было жахлівае. Запас слоў бедны. Ды яшчэ да таго ж ап'яненне. Хацеў сказаць адно, а выходзіла зусім другое, супрацьлеглае. Пры ўсёй сваёй стрыманасці і паважнасці ангельцы не вытрымалі. Моладзь ёсць моладзь. Спачатку — ветлівы смех, потым — выбухі рогату. Гэты рогат абразіў Славіка. Ён хоча пагутарыць зусім сур'ёзна, даведацца, напрыклад, што яны думаюць пра вайну і мір, а яны — вось як, рагочуць… Чакайце ж! І Славік перайшоў на родную мову:

— Чаму ржаце, як шатландскія жарабцы? Чэрці рыжыя! Шпіёніць прыехалі? Куды атамную бомбу скінуць? Дык мы на вас дзесяць скінем! І ад вашага задрыпанага вострава не застанецца мокрага месца!

Па-ангельску ангельцы не разумелі, па-расейску зразумелі. Усхапіліся ўсе адразу. Не столькі ад абурэння, колькі ад нечаканасці, ад боязі скандалу. Абурыліся наведвальнікі. Усхадзілася ўся прыслуга рэстарана. Ветліва, пад ручкі, вывелі Славіка з гатэля і перадалі дружыннікам. Тыя не былі такімі ветлівымі і, калі Славік пачаў куралесіць, далі кухталёў.

Прачнуўся хлопец у працвярэзніку. Балела галава і ўсё цела. Прыгадаў, што натварыў, і адразу ўявіў маці, як яна будзе перажываць. І хацелася яму… не, не памерці, а збегчы на край свету. Але яго нікуды не пусцілі. Павялі ў народны суд. Вось тут Славіку хацелася памерці. Суддзя — іх знаёмая, Зоя Цімафееўна. Жылі ў адным доме. У госці прыходзіла, у лес разам ездзілі. Славік глядзеў на яе з надзеяй, з маленнем: злітуйся, усё жыццё буду дзякаваць.

Але поўная, з шырокім добрым тварам жанчына толькі на нейкі момант глыбока задумалася. А потым без лішніх роспытаў і натацый прачытала прыгавор: дзесяць сутак.

7

Гукану далажыў пра выпадак з Шыковічам-малодшым начальнік міліцыі. Старшыня выканкома выслухаў спакойна, як быццам нават без цікавасці. Цяжка ўздыхнуў пад канец: што толькі ні валіцца на яго палыселую галаву, усім трэба займацца. Спытаў філасофскі разважліва:

— Скажы мне, Сізоненка, хто вінаваты, што растуць вось такія?..

Падпалкоўнік чвэрць стагоддзя праслужыў у міліцыі і навучыўся з незвычайнай праніклівасцю адгадваць, які адказ патрэбны начальству ў той ці іншы момант. Толькі з Гуканам у яго гэта не выходзіла. Гукана немагчыма было раскусіць. Пры суровасці на твары ён нечакана выяўляўся добрым і ласкавым, калі пачынаў нешта вырашаць. І наадварот, пры знешняй весялосці і ветлівасці аказваўся дужа круты.

Сізоненка ўспомніў, што сустрэў яго старшыня жартам. Але ад міліцэйскіх спраў твар яго ўсё больш і больш выцягваўся, некуды ў падброўе схаваліся зеленаватыя вочы. Спытаў ён, не ўзнімаючы галавы ад папер. Таму Сізоненка пачаў манеўраваць:

— Усе патроху.

— Хто?

— Школа. Камсамол. Мы.

— Хто «мы»?

— Міліцыя, я маю на ўвазе. Не праводзім прафілактычных мер… Ліберальнічаем.

— А бацькі? — Гукан узняў галаву.

Сізоненка ўпотай назваў сябе дурнем: заняўся самакрытыкай, чурбан! А патрэбны зусім просты адказ.

— Бацькі — гэта само сабой… У першую чаргу, безумоўна, бацькі.

— Правільна. У першую чаргу, — згадзіўся Гукан.

І больш ні слова пра гэта. Былі другія справы.

Але калі начальнік міліцыі пайшоў, Сямён Парфёнавіч падняўся з-за стала, на сярэдзіне кабінета смачна пацягнуўся і бадзёра прысеў разы два, узмахваючы рукамі. Ён нярэдка рабіў такую размінку, але тэмп яе заўсёды залежаў ад настрою: чым вышэй настрой — тым хутчэй рухі. Потым падышоў да акна, палюбаваўся на свае каштаны. Цудоўныя каштаны! Толькі гэты аднарукі «прынцыпал» на злосць яму, Гукану, шморгае лісце. Цэлую галіну абарваў. Двойчы ўжо яны пасварыліся з-за каштана. Але гэтаму ўпартаму д'яблу лепш нічога не казаць. Вось жа даў бог намесніка. І за яго гарой Тарасаў.

Назад Дальше