Сэрца на далоні - Шамякин Иван Петрович 22 стр.


Сястра схілілася над ім і ўсміхнулася, яму здалося, насмешліва.

— Нарабіў я вам клопату. — Ён не пачуў ці не пазнаў свайго голасу.

— Нічога, на першы раз гэта з многімі здараецца.

Тады ўсплыла карціна таго, што прывяло яго да непрытомнасці, і Кірыла ўстрапянуўся:

— Што там?

— Аперыруюць.

— Яна жывая?

— Безумоўна. Хіба аперыравалі б на мёртвай?

Ён на поўныя грудзі ўдыхнуў паветра і адразу адчуў сябе лепш.

— Ляжыце спакойна, — строга сказала сястра і выйшла з кабінета.

Ён глядзеў у белую столь і… бачыў сэрца, жывое, трапяткое, на далоні, на шырокай добрай далоні. Яму не рабілася страшна і непрыемна, ён з цікавасцю ўглядаўся ў гэты маленькі і вельмі складаны апарат. Ён мацаў сваё сэрца, слухаў яго ўдары. Але як толькі тоўсты палец, здавалася, чужы, варожы, набліжаўся, каб праткнуць гэты жывы камячок, Кірыла ўвесь скаланаўся, быццам хацелі праткнуць яго сэрца, зажмурваўся, круціў галавой, каб рассеяць прывід. Так паўтаралася колькі разоў, і яго пачало трохі ліхаманіць.

Заглянула сястра.

— Як вы тут?

— Што там?

— Зашываюць сардэчную сарочку. Я па тэлевізары бачыла.

Кірыла ледзь не закрычаў. Ліха на іх, як яны гавораць пра такія рэчы! «Зашываюць сардэчную сарочку». Нібы зашываюць начную сарочку.

Але разам з тым гэта настроіла яго на звыклую, крыху гумарыстычную разважлівасць. Падумаў, як, напэўна, Антон і жанкі будуць кпіць з яго.

«Усё бярэшся апісаць — нараджэнне і смерць, а сам не мог вытрымаць аперацыі».

Паглядзеў на гадзіннік. Было адзінаццаць. Каля дзвюх гадзін ужо ідзе змаганне за жыццё чалавека. Не, ён усё-такі напіша пра гэтую аперацыю, хоць Яраш і не хоча, каб пра яго пісалі. І не толькі пра аперацыю… Абавязкова напіша пра гэтую жанчыну. Пра яе жыццё. І пра бацьку яе!

Задумаўшыся пра сваю работу, Кірыла Васільевіч набыў душэўную раўнавагу і ўспомніў, што на дванаццаць яго выклікаюць на бюро гаркома.

12

У прыёмнай было нямнога народу, значна менш, чым звычайна, калі ідзе бюро. Чалавек сем панурых мужчын. Двое — знаёмыя Шыковіча: загадчык кафедры ў педінстытуце Левановіч і галоўны архітэктар горада Гамбіцкі.

Кірыла прывітаўся з імі і з Ларысай Пятроўнай, сакратаркай. Гамбіцкі як сарваўся з крэсла, каб падаць руку, так і пакаціўся ад акна да дзвярэй, ад дзвярэй да акна. Ён сапраўды нагадваў шар, адглянцаваны, бліскучы, галава голая, як бубен, пінжак на пузе выцерты аб чарцёжную дошку і такія ж выцертыя штаны.

Кірыла пацікавіўся, чаго выклікаюць.

Ларыса Пятроўна, сярэдніх год жанчына, стары работнік, абвяла ў надрукаваным на машынцы парадку дня яго пытанне чырвоным алоўкам.

— «Аб выхаванні дзяцей», — прачытаў ён уголас і не адразу зразумеў.

— За сыноў будуць пясочыць, — растлумачыў з кутка пануры Левановіч, доўгі, сутулы, з суровым тварам аскета, і цяжка ўздыхнуў: — Эх, сыны, чортавы сыны!

— Ясна, — па-сяброўску ўсміхнуўся сакратарцы Шыковіч. Гэта яго не ўстрывожыла, за Славіка ён цяпер спакойны.

Да яго падкаціўся Гамбіцкі, выхапіў з кішэні вялікую хустку, абмахнуў ёю твар.

— Дык у вас хоць сыны. А ў мяне — дачка… Дачка! — прашыпеў з гневам, з абурэннем, спалохам і пакаціўся да дзвярэй.

Было душна. Кірыла скінуў пінжак, павесіў на крэсла. Гамбіцкі паглядзеў на яго спачатку са здзіўленнем, потым — з удзячнасцю. І тут жа сцягнуў з плеч свой цесны пінжачок, які трашчаў па ўсіх швах. І ажно павесялеў, няшчасны. Дагэтуль, мабыць, лічыў, што здымаць пінжак у гаркоме няёмка. Падкаціўся да століка ў куце, націснуў клапан пустога сіфона, уздыхнуў, напіўся з графіна — і зноў да Шыковіча:

— Растлумачце, чаго ім не хапае? Чаму яны растуць такія, нашы дзеці?

— Дзеці як дзеці. — Кірылу чамусьці зусім не хацелася разважаць на гэтую тэму. Раптам зноў прыгадалася аперацыя.

Загнаўшы машыну ў двор рэдакцыі, ён ішоў сюды цераз парк, пастаяў над абрывам каля ракі, углядаючыся ў засмужаную лугавую даль. Гэта хораша супакоіла, ён пачаў думаць пра свой «хірургічны» эксперымент з гумарам.

Аперацыя працягвалася, калі ён пайшоў з бальніцы, — значыцца, усё ў парадку.

А тут — зноў перад вачамі сэрца. І трывога… Не, больш чым трывога. Амаль страх за жыццё жанчыны, якую ён упершыню ўбачыў на аперацыйным стале, але якая здавалася цяпер вельмі блізкай і роднай, як сястра, як жонка, як дачка… Дзіўна.

Ён спытаў у сакратаркі:

— Ларыса Пятроўна, вы сэрца бачылі?

— Чыё? — усміхнулася яна, відаць, думаючы, што ён спытаў з алегарычным сэнсам.

— Чалавечае.

— Бачыла. У анатамічным музеі. Наглядзелася — тыдзень не магла есці.

Кірыла паморшчыўся; жаданне расказаць пра аперацыю адразу знікла. Ён зноў застаўся сярод людзей у адзіноце са сваім незвычайным, да болю вострым уяўленнем, прыгожым і страшным.

Пазваніў у бальніцу. Дазваніцца туды было нялёгка: то ніхто не адказваў, то занята. Нарэшце адазваліся.

— Скажыце, калі ласка, аперацыя скончылася? — спытаў ён далікатна, ветліва.

— Якая?

— Якую рабіў Яраш.

— Так.

— Як «так»? Што?

— Нармальна.

Сястра (ці лекар) адказвала голасам манахіні — халодным, бясстрасным. Шыковіча гэта ўзлавала.

— «Нармальна»! Чорт бы вас!.. Калі вы навучыцеся адказваць па-чалавечы? Фармалісты ў белых халатах! Паклічце Яраша!

Голас адразу змяніўся, зазвінеў ручайком: відаць, там, у бальніцы, падумалі, што гаворыць нехта з высокага начальства.

— Антон Кузьміч не можа падысці. Ён у палаце. Каля хворай. Пасля такой аперацыі, зразумейце… Што перадаць доктару Ярашу?

— Вось так заўсёды гаварыце з кожным, хто вам пазвоніць.

Шыковіч паклаў слухаўку.

— Хто-небудзь з вашых блізкіх? — спытала паўшэптам Ларыса Пятроўна.

Ён кіўнуў: але!

— Цяжкая аперацыя?

— На сэрцы. Набыты парок.

Яна ўстрапянулася, паглядзела на яго спачувальна. І ўсе, хто пачуў, таксама зацікавіліся.

— Я магу сказаць Сяргею Сяргеевічу, што ў вас такі дзень. Сказаць?

— Не, не трэба.

— Вас будуць крытыкаваць.

— Мяне заўсёды крытыкуюць. Такая ў мяне прафесія.

Бясшумна адчыніліся абабітыя дэрмацінам дзверы ў кабінет першага сакратара. Групай вывалілі работнікі тэлестудыі: галоўны рэжысёр, сакратар партбюро, загадчыкі рэдакцый, акторы тэатра. Відно было, што ім не церпіцца пагаварыць, паспрачацца, таму і спяшаліся хутчэй у калідор, на вуліцу. Толькі актор Павел Стэльмах затрымаўся, прывітаўся з Шыковічам за руку.

— А ты чаму не быў? Ты ж таксама сябра мастацкага савета.

— Хапае другіх клопатаў.

— Далі нам за перадачы для моладзі, — паведаміў шэптам, азірнуўся на дзверы: — Тукала — дуб. Не слухаў мяне. Ну, будзь…

Шыковіча крыху закранула, што яго не запрасілі на абмеркаванне работы тэлестудыі: ён з'яўляўся бадай самым актыўным сябрам савета.

«Хто гэта пастараўся? Тукала? Ці гаркомаўскія „палітыкі“? Каб перад персанальнай справай патрымаць для строгасці ў прыёмнай?»

Ён не вызначаўся залішняй самалюбівасцю, але яго заўсёды абурала, калі дзе пачыналася палітыканства — гульня ў важнасць і строгасць. А галоўнае, у яго ёсць што сказаць пра тэлеперадачы.

Ларыса Пятроўна сутыкнулася ў дзвярах з Тукалам. Той далікатна ўступіў ёй дарогу ў кабінет. Убачыўшы Шыковіча, Тукала прыветліва, па-сяброўску ўсміхнуўся і накіраваўся да яго. Але Кірыла знарок адвярнуўся да акна.

«Што, наківалі табе — лезеш цалавацца? Не, ты мяне папросіш яшчэ, кар'ерыст няшчасны».

— Заходзьце, таварышы, — запрасіла Ларыса Пятроўна.

Шыковіч рушыў першы, абмінуўшы разгубленага Тукалу.

Павітаўся з сябрамі бюро. Усе — знаёмыя людзі, з якімі прыходзіцца сустракацца амаль штодня і якія нязменна праяўляюць цікавасць да яго працы шаблонным запытаннем: «Чым новенькім парадуеш нас?»

Цяпер на яго «добры дзень» адказаў адзін Тарасаў. Гукан не адарваўся ад папер і не глянуў нават. Затое сакратар гаркома камсамола Васіль Грыбок тарашчыў крыху лупатыя бясколерныя вочы з бесцырымоннай нахабнай цікаўнасцю. Так глядзяць у судзе на злачынцу.

Шыковіча перасмыкнула ад гэтага.

«Што ты ўставіўся, як малады баран на новыя вароты?»

Сакратар па прапагандзе Тужыкаў таксама разглядаў Шыковіча праз свае вялікія, у рагавой аправе акуляры, але зусім інакш, бяскрыўдна. На прывітанне ён адказаў кіўком галавы, сумна ўсміхнуўся і цяпер як бы хацеў нешта падказаць ці здагадацца загадзя, пра што ён, Шыковіч, будзе гаварыць. Яму было балюча, што большасць з тых, каго сёння будуць слухаць па такім незвычайным пытанні, — людзі ідэалагічнага фронту, яго памочнікі. Злосці на іх сакратар не меў. Былы дырэктар школы, ён, магчыма, лепей, чым хто другі, ведаў, якая гэта складаная рэч — выхаванне дзяцей.

Дырэктара машынабудаўнічага завода Лукашэнку нават самыя нечаканыя персанальныя справы мала цікавілі, калі яны не мелі дачынення да выпуску станкоў.

Лукашэнка быў сам канструктар і вынаходца і на ўсіх такіх пасяджэннях займаўся тым, што абдумваў дэталі новых канструкцый, занатоўваў у вялікую запісную кніжку разлікі і формулы. Ён адарваўся ад сваёй запісной толькі таму, што сярод вінаватых бацькоў быў інжынер яго завода. Дырэктар дакорліва паківаў яму галавой. Пакуль рассаджваліся, Гамбіцкі падышоў да Гукана і нешта шаптаў яму на вуха.

Тарасаў пачакаў, пакуль яны скончаць шаптацца. Не дачакаўся. Сказаў:

— Сядайце, таварыш Гамбіцкі. Архітэктурныя справы вырашыце пасля, — і абвёў позіркам сваіх светлых вачэй усіх — і сябраў бюро і «падсудных». — З каго пачнём, паважаныя бацькі?

— Усё адно — з каго. Але я так мяркую, што пісьменніку нашаму належала больш, чым каму, задумацца над такімі пытаннямі, — сказаў Гукан, зноў-такі нават не глянуўшы ў бок Шыковіча.

— Ну, што ж… Раскажыце, таварыш Шыковіч, як вы выхоўваеце сваіх дзяцей.

Кірыла падняўся і… раптам адчуў, што не ведае, пра што гаварыць. Ён не вызначаўся красамоўствам увогуле. А ў такіх абставінах — тым больш. Яму варта было, пакуль сядзеў у прыёмнай, прадумаць сваё выступленне. Але яго мала закранула, што выклікаюць з-за сына. Хвалявала другое — аперацыя.

І цяпер зноў, узіраючыся ў шырокі добры твар Тарасава, Кірыла бачыў… сэрца на далоні. На вялікай, умелай, чулай, ласкавай далоні Яраша. І захацелася яму расказаць пра ўсё гэта сябрам бюро — пра Яраша, Зосю, пра чалавечае сэрца, якое можна адрамантаваць… Але ён усведамляў, што цяпер на хаду не знайсці яму лагічнай сувязі, «трывалага мастка» паміж адным і другім і яго, безумоўна, не зразумеюць, падумаюць, чаго добрага, што ён знарок «расказвае казкі», «водзіць бюро за нос». З чаго ж пачаць?

Ажно ўспацеў ад думак. Дастаў хусцінку і выцер лоб, шыю. Цяпер ужо ўсе, хто прысутнічаў, глядзелі на яго, адны — з цікаўнасцю, другія — са спачуваннем, трэція — з трывогай. Ён стрэўся позіркам з Гуканам, той, можа, адзін з усіх глядзеў амаль зларадна.

«Чаму?»

Успомніліся словы Гукана. З іх ён і пачаў упэўнена і смела:

— Але, Сямён Парфёныч, я многа думаў пра гэта. Вельмі многа. Не толькі як бацька, але як сябра партыі, грамадзянін… Не здымаючы з сябе адказнасці за паводзіны майго сына, я хачу разабрацца… пранікнуць у сутнасць… з вашай дапамогай, таварышы: чаму сярод нашай увогуле здаровай, адданай партыі моладзі трапляюць вось такія…

— Як ваш сын, — кінуў Грыбок.

— Як мой сын. Хоць сын мой не самая небяспечная з'ява, як я разумею. Ёсць горшыя прыклады…

— Гаварыце за сябе. Па сутнасці, — сказаў сакратар Чыгуначнага райкома Красоўскі, малады высокі брунет, апрануты ў асляпляльна белы, модна скроены часучовы касцюм. Шыковіч мала ведаў гэтага чалавека. Глянуўшы на яго, падумаў: «Сам ты ў студэнцкія гады, відаць, быў хват», — і адчуў непрыязнасць, адказаў раздражнёна:

— Маё жаданне разабрацца — не па сутнасці хіба? Я не буду апраўдвацца, але хачу сказаць: у тым, што мой сын вырас, на жаль, не такім, якім бы хацелася і мне, і грамадству, — не толькі віна бацькоў… Думаецца, што ўсе разам мы робім у гэтай важнейшай справе сур'ёзныя промахі… Школа, камсамол…

— Вы не ўмееце выхоўваць, а вінаваты камсамол! Здорава! — хмыкнуў няўрымслівы Грыбок.

Шыковіч глыбока ўдыхнуў гарачае паветра, якое гнаў у адчыненыя вокны лёгкі скразняк, і — быццам захлынуўся ім.

Тарасаў пастукаў алоўкам па стале, папярэдзіў:

— Таварышы, не перашкаджайце. Дайце яму сказаць.

Грыбок паслухмяна апусціў галаву. Але Шыковіча ўзлаваў наскок гэтага маладога пеўня. І ён не стрымаўся, каб не спытаць уедліва:

— А вы лічыце, таварыш Грыбок, што гарком камсамола працуе ідэальна?

Грыбок змаўчаў. Адказаў Гукан, паважна, ветліва:

— Кірыла Васільевіч! Гарком мы будзем слухаць асобна. А цяпер слухаем вас. І ў нас во колькі яшчэ пытанняў. — Ён паляпаў далоняй па стосе папер, што ляжаў перад ім, і адштурхнуўся ад стала, выпрастаўся ў крэсле; найвышэйшы ростам, як бы ўзняўся над усімі і глядзеў паверх галоў.

— Але, — пацвердзіў першы сакратар з нечаканай строгасцю. — Без доўгай прэамбулы, таварыш Шыковіч.

— Добра, Сяргей Сяргеевіч. Як я выхоўваю сваіх дзяцей? Было б недарэчнасцю сказаць — абсалютна правільна, бо абсалютна правільнае выхаванне, у маім разуменні, само па сабе — абсалютнае глупства. Але я адно магу сказаць: у галоўным мы — я і жонка — ніколі не давалі дрэнных прыкладаў…

— У чым — у галоўным? — спытаў Гукан.

— У чым? Я быў дармаедам? Несумленным перад грамадствам, перад партыяй? Хітраваў? Браў хабары? Жыў не па сродках? Вы мяне ведаеце, Сяргей Сяргеевіч. І вы, Сямён Парфёнавіч. Усю вайну я быў на фронце. Пасля настаўнічаў. Жонка і зараз настаўнічае. Можа, хто-небудзь скажа, што праца журналіста лёгкая?

— Чакайце, — перапыніў яго Тарасаў. — Чаму вы задаяце такія катэгарычныя пытанні? Ніхто не сумняваецца, што вы працуеце сумленна.

— Дык у чым жа заключаецца выхаванне дзяцей? Адносіны ў сям'і? Я жыў і жыву з жонкай, далібог жа, душа ў душу. Абодва працуем. Паважаем працу адно аднаго. Скандалаў нашы дзеці не чулі. Калі спрачаемся, то па прынцыповых пытаннях. Між іншым, часцей за ўсё менавіта з-за гэтага самага выхавання. Яна педагог, і, думаю, нядрэнны. Але ў адносінах сваіх дзяцей робіць тую ж памылку, якую робяць многія маці ў інтэлігентных сем'ях. Асцерагаюць ад фізічнай працы. «Я сама зраблю». Год дзесяць ужо мы не трымаем нават хатняй работніцы. Прынцыпова. Усё робім самі. І я не сказаў бы, што сын мой Уладзіслаў — гультай і лежабока. Безумоўна, занятыя працай, нешта мы прагледзелі. Пасля дзесяцігодкі хлопец пачаў адбівацца ад рук. За яго ўчынкі, і ў прыватнасці за апошні ўчынак, я бяру віну на сябе. Вас не віню, таварыш Грыбок, хоць мог бы сказаць пра работу камсамольскай арганізацыі тэлестудыі. Няма там ніякай работы. Але пра гэта — пасля. А што датычыць майго сына, то думаю, што больш, таварышы, вы нічога благога пра яго не пачуеце. Хлопец нарэшце трапіў у добрыя рукі — у брыгаду Ганчарова.

— На станкабудаўнічы? — здзівіўся Тарасаў і глянуў на Лукашэнку. Той нарэшце адарваўся ад сваіх формул.

— Да нас? Цікава. — Аднак дырэктар зусім не выказваў гэтым «цікава» здзіўлення. Не. У яго быў свой погляд на моладзь: пасталеюць — паразумнеюць. Але затое ажно падскочыў уважлівы Грыбок.

— Яшчэ як цікава! Проста з турмы, без перасадкі, — у брыгаду камуністычнай працы. Куды там глядзіць Клецень? Вы бачыце, Сяргей Сяргеевіч, што робіцца!

Шыковіч адчуў, што спіну яго, павернутую да акна, абадзьмуў халодны вятрыска, непрыемны, калючы.

«Няўжо яны супраць, каб Славік быў у брыгадзе?»

Больш, чым пры любой другой акалічнасці дагэтуль, спалохаўся за сына. І разгубіўся. Як даказаць, што нельга выганяць хлопца з брыгады, куды ён пайшоў з радасцю. Што гэта не толькі жорстка і несправядліва… Зноў — каторы раз ужо! — уявілася жывое чалавечае сэрца. А слоў, важкіх, пераканаўчых, каб абараніць сына, не было. Кірыла пакутліва шукаў іх.

Яму сказалі раз і другі: «Сядайце». Кірыла дайшоў да сэнсу слова толькі тады, калі перад ім падняўся Гукан. Гаварыў старшыня роўна, не павышаючы і не паніжаючы голасу, націскі рабіў стукам алоўка аб стол, паўзамі. Атрымлівалася важка, пераканаўча, салідна.

Назад Дальше