Сэрца на далоні - Шамякин Иван Петрович 27 стр.


— Не для майго маленькага розуму такія высокія матэрыі.

Самакрытычнасць сына, які раней быў даволі высокай думкі пра свой розум, спадабалася Валянціне Андрэеўне. Яна лагодна сказала:

— Але, усяго адразу не ахопіш. Гэта трэба вывучаць паступова, удумліва.

…Калі хлопцы спыталі, ці чытаў Праграму Славік, ён прыгадаў словы маці і тут жа перакруціў іх, як кажуць, дагары нагамі — усё тое ж недарэчнае жаданне вызначыцца, не быць падобным на другіх.

— А навошта? Прымусяць вывучаць — тады прачытаю.

— А без прымусу ты не можаш? — зноў не стрымаўся Ходас. Была другая прычына пасварыцца з ім. Але Тарас умеў спрытна адвесці размову ад Славікавых часам залішне гарэзлівых, часам празмерна сур'ёзна-песімістычных і амаль заўсёды недарэчных заўваг і адказаў.

Хлопцы гаварылі аб Праграме так, што ў Славіка зноў з'явілася захапленне яе велічнасцю, і ён слухаў моўчкі і сур'ёзна. Ды раптам выявіў, што Іван Ходас не чытаў Праграмы, нават газету не бачыў (Славік зразумеў гэта па тым, як ён разглядаў Тарасаву газету). А робіць выгляд, што чытаў. Паўтарае ўсё, што гаворыць разумны Генрых Варэнік.

«Ах, вось ты які мараліст, ханжа! — узрадаваўся Славік „падзенню“ свайго ворага. — Чакай жа, я зараз цябе злаўлю», — і ўжо пачаў успамінаць тыя раздзелы, якія прачытаў учора, каб на іх выкрыць Ходаса. Але перашкодзіў гудок.

Праз якую паўгадзіну яны сутыкнуліся ля станіны. Страсці накаляліся. Славік гарэў помстай.

У часе абеду ён знарок сеў за той жа стол, што і Ходас. Але ад іх не адступаў Тарас. Брыгадзір хітра нейтралізаваў усе прычэпкі і наскокі вучня. Ды і ад Івана ўсе Славікавы словы — што гарох ад сцяны. Пакуль Косця (яго чарга) выбіваў чэкі і падносіў талеркі з супам, Іван густа намазваў хлеб гарчыцай і еў. Гарчыца, відаць, была пякучая, хлопец крывіўся, чмыхаў, з вачэй сыпаліся слёзы, але еў са смакам. Славіка давяла да шаленства такая Іванава абыякавасць да яго прычэпкі:

— Ты за ўсю брыгаду жарэш хлеба.

— А ён бясплатны.

— Не бясплатны. А ўваходзіць у кошт страў. Пабудуеш з такімі камунізм!

— Слава! Як не сорамна! — абурыўся Тарас. — Табе хлеба шкада? Няхай есць на здароўе. Хлеб застаецца на сталах.

— Гэта крык душы індывідуаліста, які не можа дараваць, што нехта з'еў больш за яго, — спакойна, быццам аб нечым пабочным, сказаў Варэнік з суседняга століка.

А для Славіка яго словы — што аплявуха. Ён зразумеў, наколькі недарэчны папрок, які ён кінуў Івану. Ганебны. Як не сорамна яму, сыну інтэлігента, які рос у выгодзе, папракнуць за кавалак хлеба рабочага чалавека? Пры ўсёй сваёй развязнасці Славік збянтэжыўся і змоўк. Раптам адчуў, што цяпер самому страшна працягнуць руку за хлебам. А хлопцы ўжо гаварылі пра другое. Кінулі дзве рэплікі — і далей, ніколі не перажоўваюць адно і тое ж. У размовах, як у працы, у жыцці, не спыняцца, імкліва рухацца ўперад — такі дэвіз іх.

Славік сербануў гарачага супу і адставіў талерку.

— Ты што? — заклапочана спытаў Тарас.

Хлопец зморшчыўся.

— Нясмачна? Ды не, сёння якраз што трэба, малайцы кухары. Еш.

Суп Славіку падабаўся, есці хацелася, і яму зноў стала ледзь не да слёз шкада сябе. Следам за гэтым прылівам жаласці да сябе — злосць на ўсіх, нібы яны вінаваты, што з-за сваёй упартасці ён застанецца галодны. А Ходас, накідаўшы ў суп гарчыцы, сёрбаў з такім смакам, што ажно варушыліся паружавелыя вушы і раздзьмуліся ноздры.

«Чаўкае, як свіння», — падумаў Славік, каб хоць як-небудзь прынізіць свайго непрыяцеля. Да іх падышоў сакратар парткома завода Гарачкін. З тонкімі рысамі твару, белымі валасамі, сакратар здаваўся маладзей сваіх год. Але на заводзе ведалі, што ён дваццаць пяць год праслужыў у арміі палітработнікам. Чалавек ён памяркоўны, далікатны, але напачатку спрабаваў заводскую дэмакратыю ператварыць у вайсковую.

— Я вам прынясу супу, Пятро Савелевіч, — прапанаваў Косця, калі сакратар падсеў да іх стала.

— Дзякую. Няма калі. Тысяча спраў. Я пазней паабедаю.

«Калі ў сталоўцы не будзе рабочых?» — хацеў уедліва спытаць Славік, але стрымаўся.

— Хлопцы, пасля змены правядзём мітынг. Скажам наша рабочае слова аб Праграме. Трэба, каб хто выступіў ад вашай брыгады.

— Тарас.

— Ды ну, хлопцы, няёмка! Усё я ды я.

— Правільна. Лепш, каб хто з сябраў брыгады.

— Тады Іван. Ён народжаны прамоўца.

— Значыцца, дамовіліся: Ходас, — звярнуўся сакратар да рабочага.

Іван кіўнуў галавой.

— Падумайце, што вы можаце яшчэ зрабіць да з'езда, — сказаў сакратар да Тараса. — Паглядзіце свае абавязацельствы.

Тады Славік гучна, здзекліва і зларадна хмыкнуў:

— Хэ! А што ён скажа, Ходас? Ён жа газеты ў вочы не бачыў.

Іван падскочыў, твар яго ўміг наліўся крывёю.

— А ты бачыў?

— Я не толькі бачыў. Я чытаў! А ты ўпершыню ў Тараса пабачыў. А збіраешся выступаць. Балбатун ты!

— Сам ты балбатун! Большага за цябе…

— Ах, я балбатун? Тады скажы шчыра і сумленна — чытаў ты? Ага, маўчыш! Ты ж з Валькай на пляжы пракачаўся.

— Ну, ты! — Іван сціснуў кулак.

— Слава!

— Што «Слава»? А я выкрываю няшчырасць і ханжаства.

Славік знарок амаль крычаў, каб пачулі другія рабочыя, каб прыцягнуць іх увагу. Ён бачыў, як Тарас і ўсе хлопцы стараюцца «спусціць на тармазах» гэтую непрыемную размову. Тарас пацягнуў за палу пінжака Івана, прымусіў яго сесці, сціснуў локаць і сказаў да сакратара:

— Мы абмяркуем, Пятро Савелевіч… Выступленне ад брыгады будзе.

Гарачкін стаяў і моўчкі слухаў, пільна разглядаючы Славіка. Праніклівы позірк сакратара і бянтэжыў і яшчэ больш раздражняў няўрымслівага юнака.

— Славік, дай папяросу, — працягнуў руку Лапацін.

— «Люблю грозу в начале мая», — дэкламаваў у талерку Генрых.

— Што вы загаворваеце зубы? — не сціхаў Славік, яшчэ больш павышаючы голас. — Вам хочацца быць добранькімі? Чаму ты змоўк, прамоўца? Няма чаго сказаць? Дэмагогі!

Гарачкін раптам ляпнуў далоняй па стале.

— Даволі мітынгаваць, Шыковіч! Абед канчаецца, — сказаў сярдзіта і пайшоў у другі канец залы.

Славік, як бы дэманстратыўна выконваючы загад сакратара, пачаў на поўны рот есці катлеты. За сталом усталявалася цяжкая цішыня. Нават жавалі бясшумна. Не ўзнімалі вачэй. Толькі Генрых, разглядаючы шклянку з рэдкім ружовым кісялём, ціха дэкламаваў:

Дорогая, сядем рядом,
Поглядим в глаза друг другу.

…Сакратар парткома выклікаў Тараса.

— Але і экземплярчык ты прыцягнуў. Мне казалі — я не верыў. Разваліць ён табе брыгаду.

— Калі ён можа разваліць брыгаду, то грош нам цана. Чаго мы варты?

— Ты самакрытычны. Але май на ўвазе, Славік твой не такі наіўны, як табе здаецца. У яго даволі цвёрдыя перакананні. Не Ходасу ён крычаў, а ўсім, хто абедаў. Хацеў памітынгаваць раней… Ходас — зачэпка…

Тараса здзівіў такі нечаканы паварот у разважаннях сакратара. Баяцца Славіка? Смешна.

— Ты чуў, што ён крычаў? «Дэмагогі!» Хто — дэмагогі? Хто не прачытаў. Шмат хто не паспеў прачытаць.

— Але не меў Ходас маральнага права згаджацца выступаць! — запярэчыў Тарас. — Тут Шыковіч праўду сказаў. Іншая рэч, як ён гэта сказаў. Непрыязь у іх адзін да аднаго — вось што дрэнна.

— Што ж, глядзі. На тваю адказнасць. Калі што — будзеш адказваць перад парткомам.

Мітынг уразіў Славіка перш за ўсё сваёй масавасцю. Звычайна пасля змены рабочыя спяшаюцца хутчэй дадому. Асабліва жанчыны. Іх цяжка затрымаць на пяць — дзесяць хвілін.

Славік знарок праціснуўся да прахадной, каб пабачыць, як рабочыя будуць уцякаць, сварыцца з вартаўніком. Але нічога гэтага не было. Тыя ж самыя жанчыны, наадварот, ціснуліся бліжэй да трыбуны, выкарыстоўваючы сваё жаночае права быць наперадзе. Людзі засяроджаныя, сур'ёзныя, уважлівыя — і старыя і моладзь. І, што дзіўна, не было нудных прамоўцаў. Гэта таксама ўразіла Славіка. Усе гаварылі з такой палымянасцю, што ў хлопца зноў з'явілася тое пачуццё захаплення, якое ён адчуў учора, калі чытаў праект. Толькі выступленне Тараса яго насцярожыла. Брыгадзір гаварыў пра маральны кодэкс будаўніка камунізму. Славіку здалося, што гэта знарок для яго. А ён страшэнна не любіў, калі хто-небудзь пачынаў чытаць яму мараль з мэтай перавыхаваць. Тады ў яго з'яўлялася жаданне зрабіць усё наадварот. Разам з насцярожанасцю ён адчуваў задавальненне, што не даў Ходасу пакрасавацца перад народам. Хацелася глянуць пераможанаму ворагу ў твар. Славік пачаў прабірацца наперад. На яго зашыкалі, каб не перашкаджаў слухаць. І ён не адважыўся хваляваць ціхае людское мора — застыў на месцы. Ён адчуў, усвядоміў веліч гэтага мора, яго магутную сілу. Разумную сілу, якая не разбурае, а стварае. І, можа, упершыню адчуў сябе часцінкай гэтай сілы. Аднак разуменне таго, што ён — часцінка вельмі маленькая яшчэ, на гэты раз не здалося яму зневажаючым яго чалавечую годнасць.

Ён выходзіў з завода цераз шырока адчыненыя вароты ў натоўпе рабочых з нейкім асаблівым гонарам. Чамусьці яму хацелася, каб у гэты міг яго ўбачыў бацька.

16

Шафёр гнаў па лясной дарозе як ашалелы, таго і глядзі, разаб'е. А дарогі такой — кіламетраў дваццаць. У некранутым сасновым бары — тоўстае карэнне, цэлыя карнявыя вузлы, як добрыя камяні; у дубовых гаях — старыя грэблі, на якіх мала засталося насцілу, адны ямы, палітыя ўчарашнім дажджом. Шафёр ні на што не зважаў. А побач з ім у кабіне бестурботна спаў старшыня. Шыковіч праз шкло ў задняй сценцы бачыў, як з боку ў бок матлялася пляшывая галава. Яго і дзвюх дзяўчат-калгасніц кідала ў кузаве, як тыя кавуны, — ад борта да борта. Дзяўчаты смяяліся, хапаліся адна за адну, потым, асмялеўшы, пачалі хапацца і за яго. Кірылу падабалася такая непасрэднасць і тое, што яго не лічаць яшчэ за старога, калі падбіваюць на жарты. Неяк асабліва хваляваў дотык маладых дужых рук, ад якіх пахла зямлёй і зернем. Ад мяшкоў, на якіх яны сядзелі, патыхаў цёплы водар збажыны. Але хутка Шыковіч адчуў, што ад такой вясёлай язды пачынае балець усё нутро. Не тыя гады, каб так трэсціся.

Нарэшце выехалі з лесу на асушанае балота. Дарога праз тарфянікі — што коўдра, роўная і мяккая. І дзіўна — ці так здалося на раўніне, дзе няма за што зачапіцца воку, ці на самай справе — шафёр павёў машыну асцярожней і павольней. Сціхлі дзяўчаты, як бы засаромеліся сваёй лясной гарэзлівасці. Нават прачнуўся старшыня; з яго боку з кабіны пацягнула папяросным дымком.

Кірыла прылёг на мяшкі і паглыбіўся ў разважанні.

«Трэба будзе выясніць, колькі служыць машына пры такіх дарогах і такой яздзе. Варта ўставіць дзе-небудзь пра тып старшыні, як з гадамі мяняецца іх знешні выгляд. Такіх, як гэты Грак, я даўно не сустракаў. Вынырнуў быццам з сорак пятага года».

Немалады — год пад пяцьдзесят — старшыня больш за ўсё нагадваў калгасных кіраўнікоў таго далёкага пасляваеннага часу: непаголены, у зашмальцаванай, даўно, відаць, не мытай, гімнасцёрцы з чорнага грубаватага сукна, у старамодным дыяганалевым галіфэ, у пажоўклых ботах і, галоўнае, з кірзавай палявой сумкай, невядома чым туга напакаванай. Гэтая працёртая на вуглах сумка проста-такі прываражыла Шыковіча. «Няўжо з ваеннага часу?» — карцела спытаць.

Убачыўшы каля складоў «Закупзерне» старшыню з Загалля, Шыковіч зразумеў, чаму сакратар райкома спрабаваў адгаварыць яго ад паездкі ў гэтую далёкую вёску, куды нават раённыя работнікі рэдка заглядваюць.

Беразоўскі — стары знаёмы Шыковіча, некалі працаваў у абкоме камсамола. Малады энергічны сакратар. Сустрэў Шыковіча з радасцю:

— Нарэшце ты заглянуў і ў наш забыты творцамі раён. Цяпер я цябе не выпушчу.

— Мне трэба перш за ўсё дабрацца да Загалля.

Сакратар насцярожыўся:

— Чаму адразу ў Загалле?

— Ды так. Кажуць, цікавая вёска, — ухіліўся ад тлумачэння Шыковіч.

— Вёска за сямю лясамі, дзевяццю балотамі. Этнаграфічны куток. Гэтым і цікава. Але, скажу табе шчыра, калгас там не самы лепшы.

— А мне і трэба не самы лепшы.

— Значыцца, маеш намер пісаць разгром?

— А ты баішся?

— А хто не баіцца? Ваш брат настрочыць — а нас на бюро абкома па сігналу газеты. Каму-каму, а табе вядома, што пры ўсёй той велізарнай рабоце, якую вядзём у апошнія гады, і пры пэўных поспехах хапае і прарэхаў. Шмат якія намаганні тонуць, як у бяздоннай бочцы. То засушыла, то падмачыла. Працуеш-працуеш, а вынікі…

— Незадаволены вынікамі?

— Якая можа быць задаволенасць? Вышэй дзевяці цэнтнераў ніяк не можам узняцца.

— А кукуруза?

— Кукуруза якраз добрая. На круг цэнтнераў па трыста.

— Лепшая, чым летась?

— Лепшая!

— А летась у вас, здаецца, было па шэсцьсот?

Беразоўскі засмяяўся:

— Гэта твой друг Раманаў у кабінеце на паперы вырошчваў па гэтулькі.

— Ты ў яго быў трэцім. Маеш вопыт.

— Цяпер за такі вопыт будзеш глядзець на неба вось праз што, — сакратар склаў пальцы ў выглядзе крат.

— А не здаецца табе, Барыс Пятровіч, што нежаданне пусціць журналіста ў слабы калгас — гэта сцэна з той жа оперы «Паказуха»?

Беразоўскі пакрыўдзіўся:

— Я хацеў памагчы табе напісаць такі нарыс, за які цябе, пісаку, пахвалілі б, а ты вунь як вытлумачыў… Ну дык каціся ты ў сваё Загалле.

— А як туды дакаціцца?

— Добра. Не будзем крыўдзіцца адзін на аднаго, а то яшчэ пасварымся. Пачакай гадзіны дзве, я правяду нараду дырэктараў школ і пасля завязу цябе сам.

Але, блукаючы па райцэнтры, Шыковіч падышоў да склада, дзе стаяла чарга машын са збажыной, і натрапіў у канторы на загальскага старшыню.

Грак, калі Шыковіч звярнуўся да яго, акінуў падазроным позіркам, спытаў коратка:

— Хто?

— Лектар.

Шыковіч не хлусіў: кожны раз, выязджаючы ў раён, ён браў у абкоме партыі лектарскую пуцёўку. Часцей за ўсё рабіў даклады пра літаратуру. Але цяпер яму хацелася расказаць сялянам аб праекце Праграмы, пачуць іх думкі.

— Лектар — рэч патрэбная, — паблажліва дазволіў пад'ехаць супакоены старшыня. Але, пераканаўшыся, што едзе ў калгас птушка невялічкая, ніякі не рэвізор, ён тут жа страціў усялякую цікавасць да гэтай «рэчы патрэбнай».

Шыковіча такое вызначэнне лектара спачатку абурыла, пасля рассмяшыла. Прыгадаўшы ў машыне, што ён — «рэч патрэбная», не стрымаўся — усміхнуўся, пакруціў галавой. Дзяўчаты глядзелі на яго як на дзівака.

Зноў лес. Зноў балота, не асушанае, з дзедаўскімі грэблямі. І вось яно — Загалле, вялікае сяло ў падкове дубовых гаёў.

Не вызначаюцца яшчэ асаблівай навізной нашы вёскі. Пра гэта многа гаварылі і пісалі. Пісаў і Шыковіч. Але амаль усюды, дзе ён ні ездзіў, то бачыў побач са старымі хатамі новыя збудаванні: ці то тыповая школа, бальніца, клуб, ці новыя дамы, светлыя, прасторныя, хоць і нетыповыя (кожны будаваў па ўласнаму праекту), шмат дзе цагляныя, пад гонтай і шыферам, і бадай што ва ўсіх калгасах новыя гаспадарчыя пабудовы: кароўнікі, свінарнікі, над якімі ўзвышаюцца воданапорныя вежы, ветраныя рухавікі. Усё гэта надае вёскам новы выгляд. Нічога новага не было ў Загаллі. Сяло ў вайну не гарэла. І ўсё тут было старое. Хаты бадай што дарэвалюцыйныя, прыплюснутыя, з нізкімі і маленькімі акенцамі, з замшэлымі стрэхамі. Быццам і не раслі тут людзі, не жаніліся, не аддзяляліся ад бацькоў, не заводзілі свой куток, не дбалі, каб ён быў больш прыгожы, чым дзедаўскі.

Калгасныя патрэбы, відаць, задавальнялі тыя хлявы і свірны, якія злеплены былі пасля калектывізацыі з абагуленых гумнаў.

На доўгай травяністай вуліцы гуляла многа малых, пасвіліся шматлікія чароды гусей. Відаць, праз гэта шафёр вёў машыну з асцярожнасцю вучня: куды знік той ліхач, які ляцеў па лясной дарозе з хуткасцю ветру. Больш, чым выгляд хат, Шыковіча ўразілі андаракі на старых жанчынах. Даўно ўжо ён не бачыў андаракаў! Сапраўды, этнаграфічны куток. Кірыла чамусьці падумаў пра адзенне старшыні і яго пацёртую кірзавую сумку. Андаракі хоць прыгожыя — квяцістыя. Трэба купіць адзін — для экзотыкі.

Машына спынілася насупраць дома, які стаяў у глыбіні старога і, пэўна, здзічэлага саду: пладоў на яблынях і грушах не было. У суседніх сялянскіх садках чырванабокія яблыкі былі відны здалёк.

Старшыня выскачыў з кабіны і, нічога не сказаўшы Шыковічу, не запрасіўшы нават у праўленне, хутка пайшоў па сцежцы да дома, памахваючы сваёй сумкай.

Калі машына адышла, Шыковіч застаўся адзін на вуліцы. Ён нават не паспеў спытаць у дзяўчат, якія таксама выскачылі з кузава, што ж там, у садзе: кватэра старшыні ці калгасная канцылярыя? Ён толькі беспамылкова вызначыў, што гэта былы папоўскі дом. На другім баку вуліцы ці, хутчэй, цэнтральнай плошчы (тут перакрыжоўваліся вуліцы) узвышалася былая царква. Шыковічу хацелася адгадаць, што ў гэтай недарэчнай будыніне — клуб ці склад?

Ды раптам з'явіўся Грак. Без сумкі. З прыветлівай усмешкай на ўвесь шырокі загарэлы твар:

— Таварыш Шыковіч?

Кірыла адразу здагадаўся, што адбылося: пакуль яны ехалі, пазваніў Беразоўскі. Усміхнуўся ў адказ.

Назад Дальше