Сэрца на далоні - Шамякин Иван Петрович 30 стр.


„Трэба, кажа, Клаўдзя Сідараўна, гэтага хлопчыка памясціць у бокс у дзіцячае аддзяленне“.

А той смяецца:

„Вы мяне коклюшам не заразіце, а то буду кашлем птушак у лесе палохаць“.

„Дайце, — кажа мне Сцяпан Андрэевіч, — на сённяшні вечар якое-небудзь заданне вартаўніку. А на прахадную пастаўце Лёшу. Няхай падзяжурыць. Гэтак жа зрабіце з сястрой. Выдумайце якую-небудзь прычыну. А самі падзяжурце за яе“.

Я ўсё зрабіла як трэба. У той вечар яны доўга раіліся ў працэдурнай. Лысы, Сцяпан Андрэевіч, Раіса Сяргееўна, Вася Адзінец і яшчэ тры ці чатыры незнаёмыя мужчыны, якіх прапусціў Лёша.

Я хачу перапыніць расказ Клаўдзі Сідараўны, каб паведаміць чытачам, што Пракоп Варава, камандзір, пасля камісар атрада імя Чапаева, запіскі якога я знайшоў у архіве, быў лысы і вясёлы чалавек, як расказваюць тыя, хто яго ведаў асабіста. Гэта дае мне падставы меркаваць, што на нараду з падпольшчыкамі прыходзіў не хто іншы, як Варава.

Памер газетнага артыкула не дае магчымасці прывесці расказ К. С. Сухадол цалкам дэталёва. Яна расказала, што недзе ў пачатку сорак другога года загінулі Лёша і Ваня. Прозвішча аднаго з іх было Калуноў, але каторага — жанчына, на жаль, не помніць, ды наўрад ці было гэта сапраўднае прозвішча. Іх схапілі на могілках, яны вялі перадачу з капліцы. Напэўна, гэта пра іх пісаў у сваёй запісцы Варава.

Клаўдзю Сідараўну ў той жа дзень папярэдзіў Савіч, каб у выпадку арышту і допытаў яна нічога не гаварыла. Папрасіліся хлопцы на работу — узялі іх, больш нічога не ведаем, што яны рабілі, чым займаліся. Яе не арыштавалі. Але праз два дні ў бальніцы быў вобыск. Гестапаўцы перавярнулі ўсё дагары дном. Нічога не знайшлі. Але ў часе ператрусу лекар Макейчык, той самы, якога лічылі за фашысцкага агента, замест спірту (да спірту ён часта прыкладваўся) выпіў шклянку кіслаты. Знарок ці выпадкова — невядома. Пасля гэтага, як расказвае Сухадол, ёй доўга не давалі ніякіх даручэнняў. Увогуле ёй здавалася, што і Савіч і Вакулава прыціхлі, нават палонных больш не перапраўлялі за горад. Толькі Вася колькі разоў браў у яе прасціны і марлю. Пасля яна зноў пачала выконваць розныя, як сціпла кажа гэтая жанчына, дробныя даручэнні: узяць да сябе дзяўчыну і выдаць за пляменніцу, да некага схадзіць, нешта схаваць, нешта перадаць і г.д.

Пасля забойства доктара яе не арыштавалі разам з другімі, але тры разы выклікалі ў СД і хітра распытвалі пра ўсіх, больш пра Вакулаву і Васю, менш пра Савіча.

Дзіўны лёс гэтай жанчыны пасля вайны. У наш час, пасля дваццатага з'езда, пра гэта нельга не сказаць. Пасля вызвалення горада яна зайшла ў адну ўстанову „да высокага начальніка“ і шчыра расказала яму ўсё, што ведала пра падпольную дзейнасць Савіча і Вакулавай. Яе ўважліва выслухалі. А праз некалькі дзён яна была зволена з бальніцы „за супрацоўніцтва з фашыстамі“. Цяпер жыве ў далёкай вёсцы без пенсіі, нават без сядзібы. Жыве за тое, што збірае травы і лечыць хворых. За гэта мясцовыя медыкі абвясцілі яе знахаркай.

Прыглядзіцеся, таварышы, хто жыве з вамі побач, узнайце чалавека, яго справы, яго біяграфію. Колькі на зямлі нашай безыменных герояў, сціплых і простых! Мы і дзеці нашы павінны ведаць іх імёны!

Не ўсё яшчэ нам ясна і зразумела ў гісторыі доктара Савіча. Невядома, хто яго забіў. Невядома, навошта акупантам і нацыяналістам спатрэбілася камедыя з пахаваннем доктара. Але тыя факты, дакументы і расказы, якія маюцца, даюць мне права сцвярджаць: у інфекцыйнай бальніцы актыўна дзейнічала падпольная група, пра якую пакуль што нідзе не ўпамінаецца ў нашых афіцыйных дакументах. Кіраваў гэтай групай доктар Савіч, які меў сувязь з камандзірам партызанскага атрада імя Чапаева Пракопам Ігнатавічам Варавам.

Я спадзяюся, што на артыкул гэты адгукнуцца людзі, якія здолеюць дапоўніць факты і выясніць тое, што няясна ў дзейнасці Савіча і другіх савецкіх патрыётаў, жывых і мёртвых, гераічныя справы якіх будуць натхняць многія пакаленні.

К.Шыковіч».

Артыкул спачатку выклікаў буру. Спачатку — у рэдакцыі. Першы ўзвіўся Рагойша.

— Гэта ж прыём жоўтай прэсы! — крычаў ён. — Шыковічу захацелася набыць танную папулярнасць. Паласкатаць нервы абывацеля. Як сябра рэдкалегіі, я катэгарычна супраць надрукавання.

Чуткім нюхам сваім Рагойша адразу адчуў, у кім шукаць надзейнага і аўтарытэтнага саюзніка. Гукан, напэўна, выкажацца супраць, а ён — першы аўтарытэт у горадзе па партызанскай гісторыі. Экземпляр артыкула тут жа апынуўся на стале ў старшыні гарвыканкома.

Сямён Парфёнавіч чытаў, зачыніўшы дзверы, каб ніхто не перашкодзіў.

Назву ён злосна падкрэсліў тоўстым карычневым алоўкам і паставіў напроціў на полі тоўсты клічнік, як бы сцвярджаючы гэтым, што для яго няма пытання ў тым, хто такі доктар Савіч.

На цытаце са сваёй кнігі ён зламаў аловак і шыбануў яго ў кошык. Другі не ўзяў. Чытаў так, раптам сцішаны, засяроджаны, уважлівы. На твары яго не адбіваліся больш ні гнеў, ні раздражненне. Толькі неяк дзіўна ўсё больш і больш аплывалі худыя шчокі і адвісала ніжняя губа, нібы імкнулася дацягнуцца да паперы.

Скончыўшы чытаць, ён згарнуў лісты, паклаў у рэдакцыйны канверт, пераламаў канверт, сунуў у глыбокую кішэню галіфэ і, шырока сігаючы, выйшаў з будынка гарсавета.

Гэтак жа шырока крочыў ён па кабінеце сакратара гаркома, пакуль Тарасаў канчаў размову з загадчыкам аддзела. Тарасаў употай назіраў за ім і здзіўляўся: даўно ўжо ён не бачыў спакойнага Гукана такім устрывожаным.

Не зачыніліся яшчэ дзверы за работнікам — і Сямён Парфёнавіч нецярпліва і непаважліва кінуў канверт на стол:

— Чытаў?

— Што гэта? — Тарасаў выцягнуў з канверта артыкул, глянуў, падумаў: «Ах, вось што цябе…» І чамусьці зманіў: — Не, не чытаў.

А на самай справе чытаў. Рэдактар яшчэ ўчора прыслаў артыкул у гарком.

— Пачытай. Хоць няма чаго чытаць. Дурная фантазія безадказнага пісакі. Знайшоў, ведаеш, нейкую бабу, знахарку, і на яе блытаным расказе хоча перагледзець гісторыю ўсяго падполля…

— Няўжо ўсяго? — як бы здзівіўся Тарасаў, праглядаючы бегла артыкул.

— Хоча абяліць таго, хто сам сябе счарніў. Адкрывацель знайшоўся! Але ж не ў гэтым сутнасць… Гісторыя ёсць гісторыя. Шыковіч яе не рабіў. Не Шыковічу яе і перарабляць. Тут небяспечная сама тэндэнцыя. Я табе папрок кіну, Сяргей Сяргеевіч. Патураеш ты яму. А ён з тых, хто лічыць, што калі партыя развянчала культ Сталіна, значыцца, трэба ўсё перавярнуць дагары нагамі…

— Тэндэнцыя, безумоўна, шкодная, — спакойна згадзіўся Тарасаў, праглядаючы апошнюю старонку артыкула, а потым узняў галаву, глянуў на Гукана і сказаў: — Але я не бачу лагічнай сувязі. Пры чым тут гэтая тэндэнцыя да таго, што Шыковіч хоча даказаць ды амаль даказвае, што ў бальніцы была падпольная група. Ты цвёрда ведаеш, што яе там не было?

Гукан шумна сеў з боку стала, ляпнуў сябе далоняй па грудзях.

— Ды не ў гэтым справа, Сяргей Сяргеевіч! Тут галоўнае — метад. Пры такім метадзе пошукаў любы фашысцкі паслугач можа цяпер аб'явіць сябе падпольным дзеячам…

— А хто тут аб'яўляе? — паклаў на артыкул рукі Тарасаў.

— Ды хаця б баба гэтая…

— Сухадол? — голас сакратара гаркома раптам стаў жорсткі. — Дзе ж яна служыла? У заразнай бальніцы?! — І рэзка падняўся. Але, мабыць, спалохаўшыся, што можа сарвацца, дастаў папяросу, запаліў і сказаў прымірэнча: — Не гарачыся, Сямён Парфёнавіч. А то як бы нам не вярнуцца да старой тэндэнцыі, якая таксама нямала шкоды нарабіла.

Гукан зразумеў, што Тарасаў знаёміўся з артыкулам раней. Не мог ён, так бегла прагледзеўшы, запомніць прозвішчы і абставіны.

«Ясна, Шыковіч узгадняў з ім. Цяпер, безумоўна, Тарасаў будзе падтрымліваць яго. З ім не дамовішся. Трэба ісці ў абком».

— Ты пачытай уважліва. Як ён будуе артыкул. Робіць надзьмутую позу аб'ектыўнага шукальніка. А па сутнасці, рэвізуе рашэнні гаркома аб падполлі.

— Сур'ёзна? — зноў як бы здзівіўся Тарасаў. — Ну, гэта мы паправім.

«Паправім? Няўжо ён збіраецца друкаваць?»

— Ты што, лічыш, што гэтую муру можна друкаваць?

Тарасаў зноў сеў, падсунуўшы крэсла бліжэй да Гукана, каб не было так афіцыйна, убок выпусціў дым і, пранікліва зазіраючы ў глыбокія чорныя вочы Гукана, спытаў па-сяброўску інтымна, каб выклікаць на шчырасць:

— А што цябе, Сямён Парфёнавіч, так усхвалявала? Жаданне Шыковіча рэабілітаваць Савіча? А калі ён сапраўды патрыёт?!

— Сяргей Сяргеевіч, ты далёкі ад нашых партызанскіх спраў. Ты быў на фронце. А я ў самай гушчы варыўся. Ты не ўяўляеш умоў, у якіх мы вялі барацьбу. Акупанты, правакатары, здраднікі. Нарэшце, такія зайцы, якія баяліся вушамі паварушыць. А цяпер хочуць выдаць сябе за герояў. Ну, у атрадах, там ясна, на віду ўсё: хто герой, хто баязлівец. А вось тут, у горадзе… Я семнаццаць год разбіраюся з гэтымі справамі…

«Нічога ты не разбіраешся. Напісаў за цябе ІІІыковіч кнігу, і ты цяпер выдаеш яе за непагрэшную ісціну», — падумаў Тарасаў з абурэннем. А сказаў з усмешкай:

— Памруць гісторыкі, Сямён Парфёнавіч, калі ты захопіш манаполію на ўсе даследаванні.

Гукан зразумеў іронію сакратара, і яна моцна апякла яго. Ён ажно адхіснуўся. Але зрабіў выгляд, што адваліўся на спінку крэсла, прыгладзіў рэдкія валасы, адпарыраваў амаль весела:

— Ну, з Шыковіча гісторык, як з мяне… паэт.

Тарасаў патушыў у попельніцы папяросу і адсунуўся разам з крэслам да стала. Быццам абодва работнікі захацелі разгледзець адзін аднаго з пэўнай адлегласці.

— А гэта дрэнна, што мы з табой не паэты. На нашых пасадах нам трэба быць паэтамі. Неабавязкова, канешне, рыфмаваць. Рыфмачоў без нас даволі. А вось мысліць паэтычна, шырока і вобразна… — Сакратару самому падабалася гэтая нечаканая думка, і ён падняўся да акна з намерам трохі пафіласофстваваць. Але Гукан зірнуў на гадзіннік і таксама падняўся:

— У мяне сустрэча з архітэктарамі. Не хочаш папрысутнічаць? Архітэктура блізкая да паэзіі.

— Не, дзякую. Ты ж казаў, вы самі не разабраліся яшчэ. Не буду перашкаджаць вам спакойна разбірацца.

— Дык што з гэтым? — зняважліва кіўнуў Гукан на стол, дзе ляжаў артыкул.

— Пачытаем. Падумаем. Памяркуем.

— Жывіцкаму пазвані, а то, чаго добрага, пад націскам напорыстага аўтара…

— Не бойся. Без нашай з табой згоды не дадуць.

Застаўшыся адзін, Тарасаў доўга, задумліва паліў каля адчыненага акна, разглядаючы вуліцу, машыны, прахожых. Потым дастаў з сейфа нейкі дакумент, пачаў чытаць яго не сядаючы. Зайшла работніца гаркома высветліць нейкае пытанне — ён схаваў дакумент у шуфляду стала. Пагутарыў з ёй, падпісаў паперы. Выйшла — павольна дачытаў гэтыя нейкія паўтары старонкі на машынцы, прагледзеў дакумент яшчэ раз, схаваў яго ў сейф і зноў паліў каля акна.

Сказаў сам сабе сярдзіта:

— Этыка!.. Даволі такой этыкі! Эх, Сяргей, Сяргей, страхуешся. Пасаромейся! Не бойся шышак.

Рашуча падышоў да століка з тэлефонамі, набраў нумар.

— Жывіцкі? Прывет. Што гэта ты марынуеш справаздачу аб злёце ўдарнікаў камуністычнай працы? Заўтра? Ох, аператыўнасць у вас! Шыковіч у рэдакцыі? Папрасі яго зайсці да мяне.

Спытаў адразу ж, як толькі прывіталіся:

— Што будзем рабіць, Кірыла Васільевіч?

— Трэба друкаваць, — пераканана адказаў Шыковіч. — Я ўпэўнены, адгукнуцца дзесяткі людзей, якія дагэтуль маўчалі. Не разумею, Сяргей Сяргеевіч, чаго мы баімся.

— Мы нічога не баімся. Але, можа, варта яшчэ пашукаць?

— Такая публікацыя — даволі распаўсюджаны і плённы метад пошукаў.

Тарасаў на хвіліну як бы задумаўся. Потым энергічна падышоў да сейфа, адчыніў яго, дастаў той дакумент, які паўгадзіны назад перачытваў.

— Хачу паказаць табе яшчэ адзін дакумент. Гэта з той папкі, з якой ты знаёміўся ў Вагіна. Але тады я параіў гэта выняць.

Кірыла амаль з хваляваннем узяў працягнутыя стандартныя лісты, сашчэпленыя, і адразу чамусьці глянуў на другую старонку, на подпіс. Дакумент быў копія, і подпіс, як і ўсё іншае, надрукаваны на машынцы: «С.Гукан, былы камісар партызанскай брыгады імя Чапаева, сакратар Чыгуначнага райкома партыі». Дата: 16/Х 1945 г.

Гэта была заява ў органы дзяржаўнай бяспекі. Яна пачыналася словамі:

«Мне стала вядома, што ў горад з Германіі, дзе яна прабыла каля двух год, вярнулася дачка ворага народа і здрадніка, фашысцкага прыслужніка доктара Савіча С.А. — Савіч Соф'я Сцяпанаўна».

Прачытаў гэта Кірыла і адчуў, як кроў балюча ўдарыла ў скроні і ў цемя. Перасохла ў горле. Ён каўтнуў паветра.

Тарасаў як бы ўглыбіўся ў газету, але ўпотай сачыў за выразам твару Шыковіча.

У заяве характарызаваўся Савіч. Ён не толькі служыў у нямецкай управе, ён яшчэ, выходзіць, правакатар. Меў сувязь з некаторымі падпольшчыкамі. З адным з партызанскіх атрадаў, з якім — не гаварылася. Але ў выніку яго «падпольнай дзейнасці» адзін за адным правальваліся і гінулі нашы людзі, зрываліся адказныя аперацыі. Падпольная арганізацыя вынесла здрадніку і правакатару Савічу смяротны прысуд.

Далей Гукан пісаў, што дачка жыла з бацькам, вяла яго добрую гаспадарку і «мела цесныя адносіны» з гітлераўскімі афіцэрамі, якія ўвесь час кватаравалі ў «гасцінным доме Савіча».

— Подласць! — злосна кінуў Кірыла, скончыўшы чытаць.

— Не абурайся. — Тарасаў падсунуў яму пачак з папяросамі. — Быў час усеагульнай звышпільнасці.

— Але ж можна было даведацца, з якім «камфортам» яны вывезлі яе ў Германію і дзе трымалі там.

— Гэта, бадай, можна было, але, відаць, не хапала часу. Мнагавата было такіх спраў.

Шыковіч прыпаліў і прагна зацягнуўся дымам.

— Дзякую, Сяргей Сяргеевіч. Для мяне ў гэтым дакуменце больш важна другое. Чаму Гукан нічога не сказаў пра тое, што Савіч быў звязан з падпольшчыкамі? З кім канкрэтна? І з атрадам… З якім? Не сказаў ні тады, калі мы пісалі кнігу, ні цяпер, калі я хадзіў да яго з запіскамі Варавы. Чаму?

— Вось і паспрабуй высветліць чаму. У псіхалагічным плане, — ледзь прыкметна ўсміхнуўся сакратар гаркома.

— Можна сказаць яму пра гэта? — спытаў Кірыла, працягваючы заяву Гукана.

— Лепш не адразу. Такі лабавы ход наўрад ці дапаможа знайсці ісціну.

— Прыйдзецца чакаць, пакуль Яраш дазволіць пагаварыць з Савіч. Можа, яна што праясніць.

Яраш шырока замахнуўся. Застракатала катушка. Блешня, зіхатнуўшы на сонцы, плёснула на сярэдзіну ракі. Яраш даў блешні патануць, і плынь аднесла яе і леску яшчэ далей. Нарэшце ён пачаў круціць катушку павольна-павольна. Катушка ледзь чутна папісквала.

Кірыла стаяў крокаў за пяць. Мачаў з абрыву блешню свайго спінінга ў мелкую ваду, з цікавасцю сачыў, як чырвона-срэбная пялёстачка то лажыцца на жоўты пясок, то выскаквае на паверхню.

«Зараз зачэпіць», — думаў ён пра сябра, пазіраючы, як той павольна круціць — блешня паўзе па дне. Чамусьці хацелася, каб Яраш зачапіўся і адарваў усю леску. Яму абрыдла гэтае бясконцае кіданне.

Сонца з-за ракі біла ў вочы. Лёгкі вецярок шастаў лазнякі. Хацелася сесці ў цяні пад стогам і пагутарыць.

Блешня Ярашава, не зачапіўшы нават ніводнай водарасці, зайграла на мелі.

«Чорт!» — вылаяўся пра сябе Шыковіч.

Яраш зноў гэтак жа прыгожа размахнуўся, далёка закінуў блешню і зноў моўчкі вёў з той жа задумлівай павольнасцю. Кірыла больш не вытрымаў:

— Чаму ты маўчыш?

— Я думаю, — адказаў, не павярнуўшыся нават, Антон Кузьміч. — Я, здаецца, пачынаю разумець сэнс таго, што ты робіш. Пасля твайго расказу…

— Дзякуй Богу. Нарэшце дайшло да тваіх заспіртованых мазгоў. Ты павінен заўтра ж дазволіць мне пагаварыць з Зосяй!

— Не! — пагнаў Яраш блешню шпарчэй. — Не! Ты — як азартны ігрок. Табе абы хутчэй выйграць. А ў мяне — жыццё чалавека. Я ніколі не іграю жыццём.

Кірыла размахнуўся і што ёсць сілы не кінуў, а пляснуў блешню ў ваду.

— Ты халодны, што той шчупак! — кіўнуў ён назад, дзе ў траве сутаргава раздзьмухваў жабры, задыхаючыся ад паветра, светлы рачны шчупак, злоўлены, як ні дзіўна, Шыковічам. Нечаканая ўдача сябра распаліла рыбацкі азарт Яраша, а таму ён і не пераставаў кідаць.

— Не хваліся ты сваім шчупаком. Дрэнь шчупачок. А галоўнае — усё адно дома не павераць, калі я не пацверджу.

Назад Дальше