Сэрца на далоні - Шамякин Иван Петрович 32 стр.


Маша далонямі ўперлася яму ў твар, у вусны. Ён пацалаваў халодную ад частага мыцця спіртамі і эфірамі далоню. Дзяўчына спрытна, як рыбіна, выслізнула з яго абдымкаў. Адскочыла. З нядобрымі вачамі Славік ступіў да яе. Яна не адступала. Стаяла ў ваяўнічай позе, залажыўшы рукі за спіну.

— Ну!.. Паспрабуй! Атрымаеш такую аплявуху, што апынешся ў рацэ. Не лезь са сваімі пацалункамі… пакуль што…

Гэтае «пакуль што» неяк адразу астудзіла разгарачанага і ўзлаванага цяжкім веславаннем хлопца.

— Пакуль што? А калі можна будзе?

— Ніколі!

Ён весела засмяяўся.

— Ніколі? Тады дазволь цяпер пацалаваць хоць край сукенкі. Ці твой пальчык. Адзін. Любы з дваццаці.

Яна таксама не стрымала ўсмешку:

— Блазен! Калі-небудзь ты моцна пагарыш за свае дурныя жартачкі.

Яна з апаскай абышла яго, ускочыла ў лодку, села за вёслы:

— Адпіхні.

Лодка захісталася. Славік стаяў ззаду, трымаючы раўнавагу, дыхаў ёй у патыліцу, у залатыя косы. Як яму хацелася пацалаваць іх. Што за ліха! Ніколі яшчэ яму не хацелася так пацалаваць ніводную дзяўчыну, хоць цалаваўся ён з многімі. Яна як бы адгадала яго намер.

— Праходзь на карму. Але да мяне не дакранайся, а то будзеш за бартом. — Пасунулася на лавачцы, адхілілася ўбок. Але калі лодка, якую круціла плынь, хіснулася, схапіла яго за руку, падтрымала.

Яна скіравала не ўніз, а таксама ўверх і веславала лёгка, роўна, спорна. Славік, зразумеўшы, што яна знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, ужо зусім сур'ёзна думаючы, як бы ёй адпомсціць.

Але яна сказала проста, па-сяброўску:

— Ты, дурань, траха не сапсаваў мне настрой. А ў мяне сёння такі настрой!

— Ад чаго гэта?

— Не ведаю. Быў кансіліум у Савіч. Сэрца яе ўсе прафесары прызналі нармальным. Цудоўная аперацыя! Антона Кузьміча віншавалі.

— А хто гэты Савіч?

— Гэты! Соф'я Савіч! Няўжо ты нічога не ведаеш? — вельмі здзівілася Маша. — Табе Яраш не расказваў?

— Ты думаеш, я з Ярашам штодня п'ю чай?

— А бацька твой?

— Бацька заклапочаны, каб перавыхаваць мяне.

— О, я табе раскажу.

Яна павярнула лодку назад, уніз па плыні, і, амаль не вяслуючы, толькі накіроўваючы, каб не круціла, пачала расказваць, што ведала, пра Зосю, пра яе бацьку, пра Яраша, Тараса. Славік слухаў, як казку, без скептыцызму, удумліва, забыўшыся на сваю крыўду і ўсе іншыя пачуцці. Калі яна дайшла да аперацыі, ён недаверліва спытаў:

— Ты сама бачыла, як ён дабраўся да сэрца?

— Дзівак! Я аперацыйная сястра. Ты ведаеш, што робіць аперацыйная сястра?

Ён засаромеўся свайго пытання.

Дзіўна, яе расказ не проста зацікавіў хлопца. Ён неяк зусім з іншага боку адкрыў яму самую Машу. Пры першай сустрэчы і цяпер ён глядзеў на яе як на незвычайную, па-свойму цікавую і прыгожую, дасціпную і вясёлую дзяўчыну, з якой прыемна правесці час. Ён не ўнікаў у сутнасць яе прафесіі і ў самую сутнасць як чалавека, які трохі больш пажыў і, безумоўна, значна больш пабачыў. Цяпер ён адчуў гэта, і ў яго з'явілася павага да яе — такая, як да Яраша, да Тараса, да Галыгі, да ўсіх, хто меў цікавую і карысную, на яго думку, для людзей прафесію і цвёрдыя погляды на жыццё.

Машу здзівіла, крыху спалохала і нават расчаравала, калі пасля катання Славіка быццам падмянілі. Пакуль яна разлічвалася і забірала дакумент, ён стаў сур'ёзны да паважнасці, рахмана-сцішаны і ветлівы. Можа, таму позна ўвечары, каля яе кватэры, яна не вырвала сваёй рукі і не абурылася, калі ён раптам на развітанне сціснуў яе тонкія пальцы, нахіліўся і пацалаваў іх.

Ёй упершыню быў прыемны такі пацалунак.

19

А на другі дзень ёй пазваніў Тарас. У бальніцу. Яна толькі скончыла з хірургам Лапацінай аперацыю. Дзяжурная па аддзяленню сястра паклікала яе да тэлефона, амаль таямніча паведаміўшы:

— Трэці раз звоніць.

Маша падумала, што гэта Славік, і пайшла незадаволеная, сярдзітая, збіраючыся добранька прабраць яго.

Ды раптам зусім другі голас, усхваляваны да невыразнасці:

— Маша? Маша! Я прашу прабачыць. Можа, адарваў вас ад работы? Прабачце. Гэта Тарас… Маша… Помніце? Ну, Ганчароў.

Яна павіталася сур'ёзна, стрымана:

— Добры дзень, Тарас.

Ён ажно засмяяўся ад радасці, што яна помніць яго.

— Добры дзень, добры дзень… Маша! Вы прабачце. — І раптам выпаліў на адным дыханні: — Я запрашаю вас на канцэрт Дзяржаўнай капэлы ў клуб Леніна. Сёння ў восем.

Яна анямела ад нечаканасці. Успомніла, што паабяцала Славіку сустрэцца з ім. Яна ніколі не была такой ветранай, каб ад аднаго бегчы да другога. Праўда, да яе раней не надта заляцаліся. І раптам два такія хлопцы, розныя і цікавыя! Каго ж выбраць? Адмовіцца ад спаткання з Тарасам ды яшчэ на канцэрце, на які немагчыма дастаць білетаў? Не, не, не.

Пра Тараса яна думала больш, чым пра каго другога. Падвесці Славіка? Яму можна пазваніць. Не, не трэба і званіць. Няхай паблукае па парку. У яго залішне самаўпэўненасці, хоць учора пад канец ён і быў сур'ёзны. Няхай не думае. Ёй зрабілася смешна, калі яна ўміг уявіла, як Славік будзе шукаць яе. Два дні, учора і сёння, быццам нейкі вясёлы чорцік штурхаў яе на гарэзлівыя ўчынкі. Пакуль мільгалі гэтыя думкі, яна чула, як цяжка дыхаў у слухаўку Тарас.

«Хвалюецца… Няўжо хвалюецца?»

Адказала весела, гучна:

— Дзякую, Тарас. Я з прыемнасцю пайду з вамі. Дзе мы сустрэнемся?

Ён задыхнуўся ад шчасця:

— Дзе хочаце.

— На пераходным мосце. А палове восьмай. Добра?

Яна паклала слухаўку і вясёлымі вачамі пераможна агледзела сваіх калег — маладога лекара і дзвюх сясцёр.

— Хто гэты Тарас? — спытала адна, старэйшая, замужняя і незадаволеная сваім замужжам.

— Ярашаў сын.

— Антона Кузьміча? О-о!

— Нішто сабе!

— Цэліш правільна!

Маша засмяялася. Яна, напэўна, зарагатала б, каб ведала, што адбылося на заводзе.

Славік з'явіўся на працу такі шчаслівы, нібы за ноч ён засвоіў усе таямніцы зборкі і заняў месца брыгадзіра ці нават начальніка цэха. Да гудка частаваў хлопцаў «Казбекам».

— Ого! Ці не атрымаў ты спадчыну? — пажартаваў Косця.

Славік кінуў Тарасу між іншым:

— Табе прывет.

— Ад каго?

— Адгадай.

— Што мне гадаць!

— Ад Машы.

— Ад той?

— Ад той.

— Дзе ты яе бачыў?

— Сустрэў на вуліцы. Яна пыталася пра цябе.

Ён не схлусіў. Маша сапраўды пыталася ў яго пра Тараса.

Косця адразу ж, як толькі адышлі ўбок, накінуўся на свайго брыгадзіра:

— Ну што, не казаў я табе? А ты — вось. — Ён моцна і злосна стукнуў сябе кулаком у лоб. — Я ж бачыў, што яна не зводзіла з цябе вачэй. Дагэтуль не сустрэцца! Аблавух! А яшчэ ў арміі служыў. Памрэш ты халасцяком.

Тарас не крыўдзіўся і не адбіваўся. Ён думаў пра Машу. Яму вельмі хацелася сустрэцца. Але як гэта зрабіць?

— Ведаеш што? — не адставаў між тым Косця. — Я аддаю табе свой білет на сённяшні канцэрт. Запрасі яе.

— Як?

— У дваццатым стагоддзі існуе тэлефон, майстар. Калі ты баішся, я пазваню ад твайго імя.

Рэдка калі Тарас адрываўся ад работы. А то раптам знік да абеду на добрыя паўгадзіны.

У яго, як у намесніка сакратара, быў другі ключ ад пакоя камітэта камсамола. Падпільнаваўшы, калі сакратар пайшоў на чарговую нараду ў райком, ён нырнуў у пакой. Можа, дзесяць разоў падымаў тэлефонную слухаўку і клаў назад, часам набраўшы тры лічбы з чатырох. Па-першае, баяўся наскочыць на бацьку. Кніжка і даведачная станцыя паведамлялі той жа нумар, па якім ён званіў Ярашу. Урэшце адважыўся, вырашыўшы, што калі нават слухаўку возьме і бацька, то ён усё адно папросіць паклікаць Машу. Што тут такое? Бацька — гэта нават лепш, бо ён, на жаль, не ведае прозвішча дзяўчыны.

Адгукнуўся жаночы голас.

— Паклічце, калі ласка, аперацыйную сястру Машу.

— Літвін? Яна на аперацыі.

Так, так, гэта яна Літвін, ён бачыў гэтае прозвішча ў Ярашавых паперах — апісаннях аперацый.

Другі раз ён званіў смялей, чамусьці ўпэўнены, што яе не паклічуць. Трэці раз, пасля абеду, зусім смела. Але калі пачуў і пазнаў яе голас, то спалохаўся, пачаў заікацца.

З'явіўся ў цэх як удачлівы змоўшчык. Прашаптаў аднаму Косцю:

— Запрасіў.

— Згадзілася?

— Ага.

— А што, не казаў я табе? Заяц! Будзеш тыдзень паіць мяне півам.

Але самае смешнае, што Косцю не прыйшлося ахвяраваць у імя дружбы сваім білетам. Ад канцэрта адмовіўся Славік. У канцы змены ён з посным выразам твару сказаў:

— Нешта маці званіла, прасіла прыехаць на дачу. Хлопцы, хто прадасць мой білет?

— Дай мне, — падскочыў Косця. — Да мяне сястра прыехала. Сама ў калгасным хоры спявае.

У хлопцаў былі дарагія месцы, у другім радзе. Апрануты яны, як дыпламаты: у новых гарнітурах. Косця і Генрых нават у чорных, па апошняй модзе, у Генрыха і гальштук — бабачка; блішчалі манжэты накрухмаленых сарочак, зіхацелі дарагія запанкі. Ішлі па зале ўсе разам. Яна сярод іх — як вогненная кветка. Менш бачыла вачамі, больш адчувала аголенымі рукамі, шыяй, патыліцай, спіною, што яе працінаюць позіркамі, разглядаюць усе: мужчыны — з захапленнем, з цікавасцю, жанчыны — з рэўнасцю, асуджэннем, скептыцызмам, пагардай. Гіпноз соцень вачэй моцна і незвычайна хваляваў: радаваў і страшыў.

Добрая палавіна залы — музыкальная публіка, яны калі не былі знаёмы паміж сабой, то помнілі адзін аднаго па сустрэчах на канцэртах, у тэатры. Натуральна, што іх зацікавіла група добра апранутых маладых людзей, якія прабіраюцца да пярэдніх радоў.

— Хто? Адкуль? — пыталіся шэптам сусед у суседа.

— Ды гэта з кінагрупы, што фільм на рацэ здымаюць, — адказаў адзін з тых, што ведаюць усё на свеце.

— Актрыса?

— Як прозвішча?

Маша пачула гэта. І Косця, які ішоў побач, пачуў. Дакрануўся да яе рукі:

— Чулі?

Маша нервова засмяялася. Ёй зрабілася яшчэ больш весела ад таго, што яе прымаюць за кінаактрысу. Але чамусьці боязна, быццам перад адказным экзаменам. Яна так навучылася трымацца сярод людзей, самых розных! І ў тэатры — хіба ўпершыню! А вось жа хвалюецца. Чаму?

Перад канцэртам яна з хваляваннем, першы раз у жыцці, ішла ў лепшую цырульню горада, каб зрабіць прычоску. І нечакана для самой сябе выявіла такую патрабавальнасць, што малодшая майстрыца мусіла перадаць яе старшай, а тая пакрыўджана сказала:

— Ляціце, мілая, у Маскву рабіць сваю прычоску, калі вам не падабаецца ў нас.

Толькі сеўшы ў крэсла паміж Тарасам і жонкай Лапаціна, схаваўшы плечы і рукі, Маша супакоілася.

Адкрылася заслона. Ва ўсім белым, як лебедзі, стаялі праз усю сцэну паўсагнутай шарэнгай спявачкі. Над імі ўзвышаліся ў два ярусы спевакі, у нацыянальных кашулях, у чорных сурдутах.

З-за куліс выйшаў стары. Сівыя валасы, сівая, прыгожая, на клін, бародка, высакароднае інтэлігентнае аблічча і зусім маладая пастава каранастага цела, зацягнутага ў чорны фрак і белы камізэль. Ішоў ён лёгка, ступаў мякка. Пакланіўся зале. Яму горача запляскалі.

Маша падумала, што сам выгляд гэтага чалавека абяцае штосьці харошае, прыгожае.

Ён павярнуўся да хору. Падняў дзве рукі, і на нейкі міг усё замерла. Ён лёгка павёў правай рукой — і палілася песня.

Машы нават спачатку здалося, што спявае не хор, што спяваюць недзе там, за сцэнай, на вуліцы, у полі. Яна ўпершыню чула капэлу — спеў без музычнага суправаджэння. Калі песня нарасла, наблізілася і было бачна, што спяваюць усе харысты, Маша слухала заварожаная, але не бяздумная. Думкі ляцелі, як іскры: то па адной, то роем, згасалі адны, успыхвалі другія. То вясёлыя — яна ўспомніла Славіка. То сумныя — і яна не бачыла сцэны, хору, а праз затуманены зрок убачыла маці: вось яна, вярнуўшыся з калгаснага поля, гне спіну на сваім гародзе. Бясконца ў працы! На нейкі момант дзяўчыне стала сорамна, што яна заплаціла гэтулькі за сваю шыкоўную прычоску. Маці жахнулася б, каб даведалася, што яна столькі плаціць за такую непатрэбшчыну. Якая пані! «Рыжоцце такое!»

«Заўтра я пашлю вам грошы, слаўныя мае, — звярталася яна да маці і малодшых сястры і брата. — Не крыўдуйце на мяне. Я добрая. Я люблю вас».

Потым падумала, што яна разумее рухі гэтага дзівоснага чалавека на сцэне. Яны — як у Яраша. Такія дакладныя. Адзін няправільны рух, адна памылка, і смерць: там — чалавеку, тут — песні.

— Бачылі, які чарадзей? — нахіліўся да яе Тарас.

— А? Але, — яна ўдзячна паклала сваю руку на яго.

Яна тут жа, з новай песняй, забылася на гэта. А ён баяўся паварушыцца. Ён нічога не чуў і нічога не бачыў, толькі адчуваў яе халаднаватую руку.

На перапынак яна выйшла трохі як бы засмучаная — задумлівая, маўклівая. Хлопцы, яе спадарожнікі, круціліся вакол і рознымі спосабамі памагалі Тарасу развесяліць яе. Ажно Вера прыраўнавала свайго Лапаціна і адцягнула ўбок.

У буфеце яны частавалі яе шампанскім, лепшым марожаным і самымі дарагімі цукеркамі.

З нейкай прычыны яна спытала:

— Гэта ўся ваша брыгада, Тарас?

— Не. Яшчэ Славік.

— Які Славік? Той? — вельмі здзівілася яна. — Ён хіба ў вас?

— Мы ўзялі яго вучнем. Хочам зрабіць чалавекам, — адказаў Ходас.

— А дзе ён цяпер?

— Нешта маці пазваніла. Паехаў на дачу.

Маша незнарок праліла на стол шампанскае і зарагатала. Яны не ведалі, чаму яна смяецца, і таксама смяяліся. На іх звярталі ўвагу.

20

Гукан амаль спалохаўся, калі сакратарка паведаміла, што да яго хочуць зайсці Яраш і Шыковіч. Хутка падняўся з крэсла, перабіраючы паперы, як бы шукаючы самую патрэбную.

— Скажы, што я заняты.

Гэта была праўда: пільныя справы, нарады падганялі ў той дзень адна адну. Але ён тут жа сцяміў, што не прыняць Яраша, дэпутата гарсавета, старшыню камісіі, і Шыковіча, таксама дэпутата, было б больш чым неразумна. Можна адкласці размову, калі яна ў іх доўгая, але не пусціць у кабінет…

Ён спыніў дзяўчыну, здзівіўшы яе парушэннем сваёй звычайнай паважнасці, памяркоўнасці.

— Не, не… Няхай заходзяць. Калі ласка, — сказаў мітусліва, разгублена, а сам думаў:

«Абодва. Без званка. Не папярэдзіўшы. Што ім трэба?»

Намеснік яго, Кушнер, з якім яны працавалі над пісьмом у Дзяржплан, падняўся, каб пайсці. Гукан і яго спыніў:

— Не, не… Застанься.

Пайшоў да дзвярэй, шырока і прыветліва расставіўшы рукі, нібы хочучы абняць яшчэ нябачных гасцей.

— Ну, ну!.. Каго я бачу! — выгукнуў ён, калі ў дзвярах з'явілася мажная постаць Яраша. — Прашу, прашу. А то вы, Антон Кузьміч, старшыня камісіі, а ў гарсавет заглядваеце рэдка. Дый ты, Кірыла, даўно ўжо не быў, — паціскаючы руку Шыковічу, усміхнуўся Гукан. — Усё ездзіш? Шукаеш герояў?

— Шукаю, — адчуўшы хітра схаваную іронію ў Гуканавых словах, сур'ёзна і цвёрда адказаў Шыковіч.

— Прашу, прашу, — паказваў на мяккія крэслы каля рабочага стала Гукан.

Калі яны прывіталіся з Кушнерам і селі насупраць адзін аднаго, Гукан зірнуў на вялікі гадзіннік, што стаяў у куце, даючы зразумець, што на доўгія размовы ў яго часу няма. Спытаў напалову з жартам:

— Які клопат звёў разам медыцыну і літаратуру?

Яраш сказаў проста, без дыпламатыі:

— Сямён Парфёнавіч, трэба памагчы аднаму чалавеку.

— Трэба — паможам. Калі хадайнічаюць два дэпутаты…

— Жанчыне, — сказаў Шыковіч, зазіраючы старшыні ў вочы.

Гукан увесь час, з самага парога, адчуваў, што Шыковіч не зводзіць з яго вачэй, і гэтыя дапытлівыя позіркі — «Што ён хоча ўбачыць?» — нервавалі яго.

— Тым больш неабходна памагчы.

— Трэба невялічкая, на адзін пакой, але асобная кватэрка.

Гукан ціха свіснуў:

— Таварышы дарагія, дэпутаты мае, вы не ў курсе нашых кватэрных спраў.

— Жанчына ў бальніцы. Пасля цяжкай аперацыі.

— На сэрцы, — падказаў Шыковіч, разглядаючы на гэты раз Гуканавы рукі, у якіх ён круціў тоўсты зялёны аловак.

— Яшчэ адна аперацыя на сэрцы? — зацікаўлена спытаў Кушнер, падняўся з крэсла каля стала для пасяджэнняў, дзе было прымасціўся, каб не перашкаджаць размове, падышоў да Яраша. — Што ў яе — нікога няма родных?

— Няма.

— А дзе яна жыла да аперацыі?

— Наймала прыватны куток. На ўскраіне. А ёй цяпер неабходны меднагляд.

Назад Дальше