Сэрца на далоні - Шамякин Иван Петрович 4 стр.


— Сад для дзяцей. З усім комплексам…

— Так… Цікава. Цікава…

Ён ступіў да другога ліста, да трэцяга. Праект яму спадабаўся. Планіроўка мікрараёна, архітэктура яго не былі падобны на ўсё тое, што яму паказвалі дагэтуль. Абком і гарком паставілі задачу — зрабіць мікрараён найпрыгажэйшым у горадзе, самым сучасным па архітэктурным вырашэнні, і некалькі бяскрылых праектаў ужо былі адхілены. А ў гэтага, здаецца, нешта ёсць. Гукан падышоў да століка, на якім стаялі тры тэлефонныя апараты, патэлефанаваў спачатку галоўнаму архітэктару горада Гамбіцкаму, потым свайму намесніку Кушнеру, які займаўся будаўніцтвам. Папрасіў іх зайсці. Кладучы слухаўку, спытаў:

— Як ваша прозвішча? Хто вы?

— Маё? — зноў-такі нібы здзівіўся хлопец і ўсміхнуўся, мабыць, падумаў: «Нарэшце вы здагадаліся спытаць пра гэта». — Я студэнт Ленінградскага архітэктурнага. Дыпламант. Гэта мой дыпломны праект. Я вырас на Выселках.

— О, брат, гэта ўжо цэлая тэма для рамана! Ведаеш, у нас мясцовы пісьменнік ёсць — Шыковіч?

— Ведаю. Я ў школе яшчэ калі вучыўся, ён у нас выступаў.

— Але… Яго хлебам не кармі, а дай пагаварыць.

І прыгадалася, як учора Шыковіч ледзь не сапсаваў дзень. Хораша было пасля рыбалкі сядзець на верандзе, слухаць, як шуміць дождж і лес. Ён, Гукан, і жанчыны пілі шампанскае, Шыковіч і Яраш — каньяк. Чорт яго пацягнуў за язык выказацца супраць культу асобы (цяпер Гукан нават не помніў, чаму пачаў гаварыць пра гэта). Вось тады Шыковіч і разышоўся. Прыгадаў, як Гукан, будучы сакратаром гаркома, прымушаў яго пісаць пісьмы Сталіну. «Сабраўся які сход, актыў — давай Шыковіча, каб ён напісаў прыгожа, паэтычна. Дзе яны, нашы пісьмы, Сямён? Давай калі-небудзь пачытаем! І некаторыя мясціны з нашай кнігі, з першага выдання. Хочаш, пачытаю зараз?»

Жонка і Яраш рашуча супакоілі шумнага гаспадара. Праўда, ён тут жа павярнуў усё на жарт і нават, здаецца, неяк папрасіў у яго, Гукана, прабачэння. Сямёна Парфёнавіча не пакрыўдзіла п'яная балбатня і напамінак пра яго даўнюю дзейнасць. Не ён адзін так рабіў. Такі быў час. Уразіла іншае: фамільярнасць, з якой Шыковіч казаў гэта. Ён тады ж падумаў, што заўсёды меў рацыю, калі вельмі асцярожна прымаў запрашэнні. Нельга адказнаму работніку хадзіць у госці! Людзі хутка губляюць дыстанцыю.

Цяпер, адганяючы непажаданы ўспамін, ён падумаў інакш, больш злосна: «Зазнаўся, няшчасны пісака… Расперазаўся».

Першы ўкаціўся ў кабінет Гамбіцкі, нізкі, тоўсты, з галавой-шарам, бліскучым, аж шызым ад частага галення. Ён хадзіў, быццам сапраўды катаўся на роліках, хутка, бясшумна. Старшыні архітэктар моцна паціснуў руку. Маладому калегу свайму кіўнуў галавой, прывітаўся здалёк:

— Прывет, Кухараў. Ты ўсё-такі вырашыў патурбаваць Сямёна Парфёнавіча? Ах, моладзь, моладзь!

— І правільна зрабіў, што патурбаваў. Цікавы праект, — сказаў Гукан.

Гамбіцкі пільна паглядзеў на старшыню: сур'ёзна ён кажа, шчыра ці з іроніяй, з падэсцю?

— Цікавы. Але не нашы ўплывы, Сямён Парфёнавіч. Не наш стыль, форма. Заходнія.

— А што, па-вашаму, на Захадзе ў архітэктуры няма нічога цікавага? — спытаў Кухараў.

— Не. Чаму? Ёсць арыгінальныя рашэнні. Вельмі своеасаблівыя. Але ў нас не тыя задачы, дарагі мой калега, разумееце?

— А па-мойму, галоўная задача, каб было прыгожа, менш каштавала і людзям было зручна жыць. А вы проста кансерватар!

Шызы шар Гамбіцкага пачырванеў, загарэліся маленькія вушы, як два пялёсткі. Гукан засмяяўся.

— О! А вы малады, ды ранні. Зубасты. Гэта добра, — і раптам на твар яго як бы ўпаў цень і замарозіў рысы. — Але паважайце нас, старых. Мы з Феліксам Янавічам узарвалі заводы ў сорак першым. Мы збудавалі горад нанова. Хіба кепска збудавалі?

Гамбіцкі, сентыментальны чалавек, непрыкметна прамакнуў насоўкай вочы і надзеў акуляры.

— Увогуле — нічога.

— Увогуле! Вы чулі? Увогуле! — плаксіва выкрыкнуў архітэктар.

— Добра збудавалі! — сурова і рашуча сказаў Гукан.

— Добра, — з ледзь прыкметнай усмешкай згадзіўся Кухараў. — Я паважаю старэйшых. Яны вучаць мяне. Але, Фелікс Янавіч… вы кажаце: другія задачы. На Захадзе — Чэхаславакія і ГДР з іх высокай будаўнічай культурай. Хіба ў іх не тыя ж самыя задачы?

— Вось гэта правільна! — З Гуканавага твару, надзвычай багатага на пералівы ценяў і святла, напалавіну сышоў цень — з верхняй часткі, з вачэй. У кабінет увайшоў Кушнер, чалавек з маладжавым прыемным тварам, з пустым правым рукавом. Падаў усім левую руку і без лішніх слоў пачаў разглядаць праект, пераходзячы ад аднаго ліста да другога.

— Ну як, будаўнік? — спытаў Гукан, назіраючы за намеснікам з хітрай усмешкай.

— Ліха яго ведае! Для мяне гэта цёмны лес. Я пакуль на натуры не пабачу, не магу зразумець, дзе добра, а дзе дрэнна, — шчыра і проста прызнаўся Кушнер.

Гамбіцкі хмыкнуў. Гукан паківаў галавой. Яго даўно перастала ўжо здзіўляць шчырасць намесніка, яго незвычайная самакрытычнасць. Пра сябе і пра другіх ён гаварыў толькі праўду, якой бы яна ні была. Чаго не разумеў, не ведаў, не саромеўся прызнацца ні начальству, ні падначаленым. За гэта яго і паважалі і не любілі.

— А мне гэтая планіроўка падабаецца. — Гукан пастукаў пальцамі па першым аркушы. — Разгледзь, Гамбіцкі, там са сваімі… Сур'ёзна. Па дэталях… Памажыце таварышу… Кухараву.

— Калі Гамбіцкаму не падабаецца, ён пахавае без доўгіх надмагільных прамоў, — кінуў Кушнер.

— Іван Фёдаравіч! — пакрыўдзіўся архітэктар.

— А мы вынесем усе праекты на выканком, у тым ліку і гэты… Абмяркуем з удзелам грамадскасці. Выселкі павінны быць прыгажэйшым раёнам! — заключыў Гукан.

У Кухарава пры гэтых словах бліснулі вочы, і ён горача падзякаваў старшыні гарсавета. Яму, магчыма, больш, чым каму другому, хацелася, каб Выселкі сталі прыгажэйшым раёнам. Калі, скруціўшы чарцяжы, Кухараў выйшаў, Гукан кіўнуў услед:

— Бачылі, якая моладзь расце.

— Прабіўная, — адказаў Гамбіцкі.

— Адукаваная, — уздыхнуў Кушнер.

Гукан пайшоў за свой стол, сеў у крэсла, перагарнуў паперы, выбіраючы, якой заняцца ў першую чаргу. Спытаў:

— Як выхадны правялі?

— Ездзіў дзяцей праведаць у лагер. Сустрэў хлопцаў з завода. Ехалі назад — заехалі ў чайную ў Вярбовічах. І, канешне, выпілі. Ды што пілі! Піва і нейкае пладовае віно. Пойла. Хто ў нас толькі выпускае такую дрэнь? Бр-р, брыдота! Лепш ужо гарэлку піць, — смешна зморшчыўся Кушнер; нават свае чалавечыя слабасці ён ніколі не хаваў, расказваў пра іх проста і шчыра.

Гамбіцкі хмыкнуў, ён ніяк не мог звыкнуцца з гэтай святой прастатой намесніка.

— А я працаваў. Нам, творчым работнікам, няма калі і адпачыць.

Гукан і Кушнер не паверылі, што архітэктар сапраўды працаваў, але змаўчалі.

Гукан сказаў:

— А я так хораша парыбаліў. Каля Дзятлава. На такую мясціну натрапіў… Акуні, дурні, аднаго возьмеш, вядзеш, другія следам ідуць, гатовы на бераг выскачыць. Кілаграмы чатыры нацягаў. А пасля насмяшыў мяне адзін дзівак. — Сямён Парфёнавіч адкінуўся на спінку крэсла і весела засмяяўся. — Далібог, даўно ўжо не смяяўся так. Шыковіч. Яны там у лясніцтве дачу сабе адгрохалі. З Ярашам. Хароміна! Жывуць, як паны. Дык вось… Прыйшоў Шыковіч на бераг. П'яненькі, безумоўна. Сеў на абрыве. Бубніў, бубніў нешта. І раптам — боўць. У раку! Я гляджу — адзін капялюш плыве. Ледзь я выцягнуў яго. Задрамаў, аказваецца, чалавек. Ха-ха-ха…

Ніколі яшчэ Гукан не смяяўся так на службе. Ва ўсякім разе, Гамбіцкі не чуў, а таму ў першы момант нават разгубіўся. І толькі крыху пазней, калі старшыня выціраў хусцінкай вочы, архітэктар захліпаў смехам дробным, перарывістым. Кушнер не засмяяўся зусім. Яму чамусьці не спадабалася гэтая весялосць, і ён сказаў:

— Я ніколі не бачыў Шыковіча п'яным.

І гэтым асек Гуканаў смех. Старшыня ўміг замкнуўся: патушыў вочы, сцяў вусны. Нахіліўся над сталом, прыгладзіў рэдкія сівыя валасы.

— Ну, будзем працаваць!

Гамбіцкі выкаціўся.

Кушнер падышоў да акна і, выглядаючы на вуліцу, сарваў каштанавы ліст.

Старшыня ўзлаваўся:

— Колькі разоў я прасіў цябе: не чапай лісця. Дурная звычка! Гэтак ты за лета ўвесь каштан абскубеш.

— Увесь не дастану.

Сямён Парфёнавіч кіпеў. Больш чым за год сумеснай працы ён ніяк не мог зразумець: сапраўды гэты чалавек заўсёды кажа тое, што думае, ці часам робіць гэта дзеля таго, каб паздзекавацца з другіх? Вось як цяпер: «Увесь не дастану».

— Калі намеснік старшыні гарсавета будзе так скубці зялёныя насаджэнні, не ведаю, калі мы выканаем рашэнне абкома…

Кушнер засмяяўся:

— Будзем мець апраўданне: усю зеляніну папсаваў Кушнер.

Гукан не адказаў. Схіліўшы галаву набок, пачаў пісаць рэзалюцыю на нейкай паперы. І Кушнер зноў выказаў тое, што падумаў:

— Мне здаецца, Шыковіч не насмяшыў цябе, а сапсаваў настрой. Чым?

Гукан падняўся, цяжка, па-старэчаму абапіраючыся на стол рукамі. Папрасіў падкрэслена ветліва:

— Іван Фёдаравіч, давай зоймемся справамі.

Кушнер усміхнуўся і бадзёра пайшоў да дзвярэй, кінуўшы на хаду:

— Я еду на будоўлю школы-інтэрната.

Калі за ім зачыніліся дзверы, Сямён Парфёнавіч нервова прайшоўся па кабінеце, спыніўся перад акном, палюбаваўся на каштан, каб супакоіцца. Лісце хутка абсыхала, падымала вострыя зубчыкі ўгору, мяняла колер з ярка-зялёнага на зялёна-матавы. Дзесьці ў верхавіне шамацелі нябачныя птушкі. Усё, як заўсёды, як учора, пазаўчора. А спакой не прыходзіў. Зноў з'явілася трывога ў душы.

«Шыковіч не насмяшыў цябе, а сапсаваў настрой. Чым?» Сапраўды, чым? Калі не лічыць крыху шумнай размовы аб кульце асобы, Шыковіч паводзіў сябе карэктна і гасцінна. Увогуле ўсё з учарашняга дня падабаецца. І цяпер у вушах стаіць шум дажджу. А ў вачах — струмені вады, што льюцца са страхі. Усяродку дачы моцна пахне свежаю сасной, апетытнай юшкай і смажанай рыбай…

Што яшчэ гаварыў Шыковіч? Ага, кароткая размова на беразе аб падполлі, да якой ён потым не вярнуўся нават тады, калі падвыпіў. Што ён сказаў? «Хачу пісаць аповесць. Дакументальную. Глянуць глыбей. Разабрацца». У чым? У чым ён хоча разабрацца? Безумоўна, штурхае яго на гэта Яраш. Ну што ж, няхай разбіраецца. Магчыма, яму, Гукану, трымацца за ацэнку, якую ён даў падполлю дзесяць год назад, і не вельмі трэба цяпер. Упартасць, нязгода з іншымі поглядамі была б незразумелай… А ўвогуле, каб яго воля, ён не дазволіў бы кожнаму пісаку корпацца ў мінулым. Не твая гэта справа. Пішы пра тое, што бачыш вакол сябе. Быў ты на фронце — пішы пра фронт. А я кіраваў падполлем — я і напісаў пра падполле.

А ўрэшце, усё гэта глупства. Не ў характары Шыковіча заглядваць вельмі глыбока. Не хопіць пораху.

«Я ведаю, якая ў цябе глыбіня, хапаеш адны вярхі. Табе здаецца, што гэта ты напісаў за мяне кніжку. Няўдзячны чалавек. Што б ты напісаў без маёй партызанскай дзейнасці, без маіх матэрыялаў і расказаў? Гультай. Я цябе сілком садзіў за рабочы стол. Мая кніжка памагла табе стаць на ногі. Не забывай гэтага!»

Непрыкметна агульныя думкі набылі канкрэтную форму — водпаведзі Шыковічу, успамін пра якога чамусьці раздражняў. Праўда, Сямён Парфёнавіч стараўся захаваць аб'ектыўнасць. Ён, напрыклад, упікнуў самога сябе за тое, што ў апошнія гады як бы забыўся на чалавека, які памог яму. «Пісьменнікі — народ самалюбівы, трэба было яго прыласкаць». Але такая аб'ектыўнасць мала памагала. Чым больш ён думаў, тым больш расла злосць на гэтага чалавека. «Бач, раскрычаўся! Пісьмы яго прымушалі пісаць!.. Перапрацаваўся… Зазнаўся — вось у чым бяда».

Гукан не пачуў нават, калі ў кабінет увайшоў сакратар выканкома Гарусевіч. Гэты малады чалавек, надзвычай акуратны ва ўсім — у адзенні, у справах, у захаванні рэжыму жыцця, заўсёды з'яўляўся і знікаў бясшумна, як цень. Нават Гукан, сам педант у жыцці і рабоце, здзіўляўся, адкуль у гэтага вясковага хлопца такая звышакуратнасць. Ідзе самае бурнае пасяджэнне, вырашаюцца важнейшыя пытанні, а ён, Гарусевіч, калі наступае пэўны час, бясшумна знікае і, як стала вядома, у сябе ў кабінеце выпівае шклянку баржому і з'ядае бутэрброд, які прыносіць на службу ў кішэні.

Сакратар пачціва кашлянуў.

Гукан нервова ўздрыгнуў, павярнуўся. Ён крыху спалохаўся, бо ведаў, што ў апошні час у яго з'явілася старэчая слабасць — разважаць з самім сабой уголас.

— Як гэта вы заходзіце? Дзверы на ўвесь будынак скрыпяць. Адзін вы ўмееце адчыніць іх бясшумна.

— Вы глыбока задумаліся, Сямён Парфёнавіч. — Гарусевіч спачувальна ўздыхнуў. — Справы.

Гукан пільна агледзеў яго. Як заўсёды, гарнітур быццам толькі што з-пад праса, чаравікі — з-пад аксаміткі чысцільшчыка. І здавалася, гэтай жа аксаміткай надраены шчокі пасля галення. Гукан непрыязна падумаў:

«Убачыць бы хоць раз цябе непаголеным».

Вярнуўшыся за стол, коратка спытаў:

— Што там у нас?

Гарусевіч сеў у крэсла і пачаў даваць паперы на подпіс.

— Пісьмо ў Савет Міністраў аб дадатковых асігнаваннях на будаўніцтва прадуктовых крамаў… Згодна пастановы сесіі…

Гукан зняў з пяра пазногцямі парушынку, акуратна падпісаў і прамакнуў.

— Запіска ў абком аб стварэнні новых паркаў.

Падпісаў размашыста, не чытаючы.

— Адказ у рэдакцыю аб непарадках у пахавальным бюро і на могілках…

— Непарадкі на могілках!.. — Старшыня сумна паківаў галавой. — Чым толькі нам, Кандрат Пятровіч, не прыходзіцца займацца!

— Але, — зноў спачувальна ўздыхнуў Гарусевіч.

Гукан прачытаў адказ і не падпісаў — палажыў убок.

— А тут нам пішуць. Канадскія турысты выказваюць падзяку за гасціннасць. Група балтыйскіх матросаў хваліць наш горад, і асабліва рэстаран.

— Ну, гэта гумарысты, чортавы дзеці. Горад як горад. А рэстаран — дрэнь. Трэба нам паслухаць трэст сталовых і рэстаранаў. — І нечакана спытаў: — Вы бываеце ў рэстаране?

Гарусевіч збянтэжана пачырванеў.

— Не. Што вы, Сямён Парфёнавіч! Праўда, калі працаваў яшчэ ў аддзеле культуры, разы два акцёры тэатра зацягнулі…

Гукан, які любіў свайго сакратара за акуратнасць у рабоце, паглядзеў на яго ў гэты раз зняважліва.

— Чаму гэта ў нас лічаць крамолай, калі чалавек зайшоў у рэстаран? А калі я проста хачу паабедаць культурна?

— Вельмі правільна, Сямён Парфёнавіч! — узрадавана падтрымаў Гарусевіч.

Гукан стомлена пазяхнуў.

— Што там яшчэ?

Сакратар падаў цэлы стос сашчэпленых аркушаў з надрукаваным на машынцы тэкстам.

— Запіска старшыні камісіі па ахове здароўя аб стане бальніц у горадзе і наогул аб усёй нашай медыцыне. І скажу вам, Сямён Парфёнавіч, па-мойму, неаб'ектыўна. Адно адмоўнае бачыць доктар…

— Яраш?

— Яраш. Калі ён пашле гэта вышэй — чакай камісіі.

— Ну, камісій нам баяцца няма чаго. Добра. Я пачытаю. — Гукан ляпнуў па паперы далоняй.

Але чытаць не стаў. Калі сакратар выйшаў, ён зноў падышоў да акна і загледзеўся на свой каштан. Знізу, з вуліцы, далятаў гоман людзей, шыпенне шын на нагрэтым асфальце. Праз лісце каштана прасвечвалася неба, яснае, спякотнае, як і многа дзён ужо. Гукану зноў успомнілася ўчарашняя дача. Ён адчуў сябе стомленым і падумаў, што было б хораша хоць тыдзень адпачыць у такім вось ціхім, лясным, лугавым кутку, каб не ехаць ні на якія курорты, дзе спёка і поўна народу. Могуць людзі арганізаваць сабе адпачынак! А вось ён усё жыццё працуе, хвалюецца. Шыковіч цяпер ляжыць пад соснамі ў гамаку і фантазіруе. Ніхто да яго не просіцца на прыём, не патрабуе выканання плана будаўніцтва. І Яраш… Не, Яраш на рабоце. У хірурга, безумоўна, работы хапае, нічога не скажаш, хворыя не могуць чакаць.

Але навошта яму чарніць тое, чаму аддалі столькі сілы і здароўя і ён, Гукан, і сам Яраш?

Старшыня не ведаў, што напісана ў запісцы, і чытаць яе цяпер не хацеў — баяўся, што яшчэ больш сапсуе настрой. Падумаў, чаму Яраш учора ніводнага слова не сказаў пра гэтую запіску. З-за далікатнасці, каб не турбаваць госця службовымі справамі? Ці, можа, гэта хітры план, разведка праціўніка, на якога рыхтуецца наступ з усіх бакоў? Кніжка, ацэнка падполля, бальніцы… Але чаму гэты наступ яны вырашылі пачаць цяпер? Можа, прачулі што? Ці атрымалі моцную падтрымку? Ад каго? І раптам Сямён Парфёнавіч успомніў. Сакратар гаркома Тарасаў неяк у гутарцы сказаў, што да вайны ён і Шыковіч працавалі ў адным раёне. Вунь яно што! Старыя сябры. Але не падобна, каб Тарасаў мог займацца такімі інтрыгамі. Ды і навошта яму? Працуюць яны мірна і дружна, без канфліктаў.

Назад Дальше