Сэрца на далоні - Шамякин Иван Петрович 40 стр.


— Глядзі, колькі я знайшла баравікоў! А ты? О, з табой ні ў чым нельга зраўняцца!

— Твая пацыентка? — спытала Гаецкая ў Яраша.

Гэта можна спытаць па-чалавечаму, прафесійна, як лекар у лекара. Яна хацела зрабіць выгляд, што пытае іменна так. Але Яраш бачыў, як яна працягвае глядзець у спіну Зосі, і адчуў, што пачынае закіпаць. Ён сам баяўся свайго гневу, бо ведаў, што «сарвацца» яму, ды яшчэ перад жанчынамі, нельга, непрыстойна.

Гаецкая працягнула яму руку, падвяла да лавачкі, пазнаёміла са сваёй сяброўкай. Гаварылі нейкія пустыя словы. Смяяліся.

— Гаспадары, запрашайце ў хату. Трэба ж абмыць вашы новыя вуглы, — сказала Тамара Аляксандраўна.

Шыковіч сумеўся, паглядзеў на свайго хмурага сябра — можа, ён што прапануе? — і з жалем уздыхнуў:

— Калі я працую, у мяне — «сухі закон». І каб быць далей ад спакусы…

Гаецкая зразумела.

— А мы ў лес ездзім са сваім віном.

— О, тады іншая размова! Калі ласка! Прашу, — галантна пакланіўся Кірыла, паказваючы на сваю палавіну дачы.

Яраш падумаў, што Зося не сядзе за адзін стол з гэтай жанчынай. Ды і не жадае, каб яны сядзелі разам. Ды і ўвогуле: не хапала яму яшчэ піць віно з Гаецкай у лесе, на дачы! Ён сказаў, як адсек:

— Мяне чакаюць дома.

— У Антона Кузьміча раўнівая жонка, — як бы ў жарт, сказала Тамара Аляксандраўна, але знарок так, каб пачулі Зося і Маша.

Нічога не адказаўшы і не развітаўшыся, Яраш рушыў да «Масквіча». Завёў, рыўком пад'ехаў пад самы ганак, узняўшы пыл, быццам стварыўшы дымавую заслону. Зося першая хуценька ўскочыла на задняе сядзенне.

З ветлівасці Яраш махнуў доктаркам рукой, спытаў у Кірылы:

— Што перадаць тваім?

— Прывязі заўтра масла і хлеба.

Гаецкая, закусіўшы губу, злосна прыжмурыўшыся, доўга глядзела ўслед сіняму «Масквічу».

Яе сяброўка спытала:

— Ён заўсёды такі… нелюдзімы?

— Бывае горшы, — нядобразычліва адказаў Шыковіч. Цяпер і ён узлаваўся на няпрошаных гасцей. Чорт іх прынёс! Каб не яны, яму, напэўна, удалося б угаварыць Антона пасядзець гадзінку. Маша засмажыла б грыбы, і яны разам павячэралі б і хораша пагутарылі б. Ён прачытаў бы ім раздзел — расказ Зосі. Што-нішто трэба ўдакладніць. А сядзець з гэтымі чужымі бабамі — мала цікавасці і ніякай карысці для яго працы.

Тамара Аляксандраўна спачатку збянтэжылася, калі яе «ўсемагутная разведка» ўстанавіла, хто тая жанчна, якую яна сустрэла з Ярашам каля дачы. Але, разважыўшы, узрадавалася: гэта яшчэ лепш, бо, акрамя ўсяго іншага, на галаву чалавека, які зрабіўся цяпер ёй ненавісны, падае яшчэ адзін цяжкі грэх — парушэнне лекарскай этыкі.

Больш за дваццаць год яна песціла надзею, што ўрэшце ўсё-такі ачаруе гэтага ўпартага асілка. Уласна кажучы, у апошнія гады ёй не столькі хацелася ачараваць яго, закахаць, колькі проста пераможна ўзяць — націскам, прыступам. Гэта быў ужо своеасаблівы спартыўны азарт. Цяпер усё рушылася, надзея знікла назаўсёды. Жанчына шалела ад злосці. Чакай, доктар Яраш, ты доўга будзеш помніць мяне!

Забыты былі справы, хворыя, грыбы. Сама галоўны лекар і ўсё яе даволі значнае акружэнне лёталі па горадзе ў пошуках звестак пра Зосю і Яраша. І вельмі хутка было выяснена ўсё: і тое, што яны, Яраш і дачка здрадніка Савіча, знаёмы яшчэ з часоў акупацыі, і тое, як Шыковіч і Яраш дамагаліся для гэтай жанчыны асобнай кватэры, як яны самі (вядомы хірург і пісьменнік) куплялі для яе мэблю і нават якую суму кожны з іх зняў з ашчаднай кніжкі, і, нарэшце, тое, што яны збіраліся на кватэры ў Зосі ўчацвярых. О, гэта ўжо не проста сувязь аднаго жанатага мужчыны з незамужняй жанчынай! Тут значна большае — групавое маральнае разлажэнне!

І паляцела плётка з касмічнай хуткасцю. Каб Яраш і Шыковіч былі людзі звычайныя, вядомыя толькі ў сваіх калектывах, безумоўна, што ўсё гэта не выклікала б сенсацыі. Але абодвух у горадзе добра ведалі, а таму ўсе праяўлялі да такой навіны незвычайную цікавасць: адны злараднічалі, другія, галоўным чынам замужнія жанчыны, абураліся, трэція ўпотай зайздросцілі.

26

Галіна Адамаўна глянула на ручны гадзіннік і ўзрадавалася — да канца рабочага дня заставаліся хвіліны. Яна сапраўды не любіла сваёй работы. Ёй больш падабаліся хатнія абавязкі — гатаваць смачныя абеды, кроіць і шыць, яна была добрая гаспадыня, ласкавая маці і жонка. Думкі яе ляцелі дадому: што згатаваць сёння, каб страва аднолькава падабалася і Антону, і Віцю, і Наташы, густы якіх даволі розныя.

— Дзве гадзіны нічога не ешце, — сказала яна пацыенту, які паласкаў рот содавым растворам.

У яе самой ніколі не балелі зубы, можа, таму яна ставілася да сваіх пацыентаў з іроніяй, не верыла іх стогнам і пакутам; яна двойчы раджала і ні разу не войкнула, а тут другі так енчыць, што брыдка слухаць. І да крывавых пляўкоў яна не магла прывыкнуць за ўсе пятнаццаць год сваёй работы. Жыла ў чысціні, і ёй быў агідны ўсялякі гной і бруд, фізічны і маральны, нават праяўленне звычайнай неакуратнасці. Сястра глянула за дзверы, таксама не без радасці паведаміла, што нікога больш няма, і пачала праціраць інструмент. Галіна Адамаўна падышла да ўмывальніка, закасала рукавы халата, узброілася шчоткай… У гэты момант шырока расчыніліся дзверы і ўвайшла яна — Тамара Аляксандраўна.

Сэрца ў Галіны адразу быццам адарвалася і ўпала ў нейкую гулкую пустэчу, ад чаго зрабілася балюча ў жываце.

З крана лілася вада.

Страшэнна непрыемныя струменьчыкі холаду папаўзлі па спіне, як толькі яна падумала, што гэтая пышная, прыгожая жанчына з нахабнымі вачамі, якія яна многа год ненавідзела, прынесла ёй гора. У Галіны Адамаўны жыло цвёрдае перакананне, што з добрым намерам Гаецкая ніколі не з'явіцца.

Тамара Аляксандраўна, прывітаўшыся, адразу па-гаспадарску забралася ў зубалячэбнае крэсла, уселася, як царыца на троне, такая ж ззяючая, як панікеліраваныя дэталі апаратуры.

Галіна Адамаўна ўпусціла ў ракавіну шчотку, непаслухмянай рукой закруціла кран. Падумала:

«Калі ў яе зубы, чорт з ёй, неабавязкова для такой мыць рукі».

Ніколі яшчэ і ні пра каго яна так не думала. Спытала холадна-афіцыйна, як у зусім незнаёмай, і троху недарэчна:

— У вас — зубы?

— У мяне — зубы, — з падкрэсленай іроніяй, бліснуўшы залатымі каронкамі, адказала Гаецкая.

Ногі наліліся холадам, яны сталі непаслухмяныя, але Галіна Адамаўна прымусіла сябе наблізіцца і ўзяць інструмент.

— Сястрычка, ідзі пагуляй, любая. Мне трэба нешта сказаць лекару, — мядовым голасам праспявала Тамара Аляксандраўна.

Сястра глянула на Галіну Адамаўну. Той хацелася крыкнуць: «Не трэба! Не выходзь!» Але замест гэтага яна чамусьці, як вінаватая, збянтэжана апусціла вочы, і далікатная сястра ўміг знікла.

— Галя, дарагая мая, — адразу пачала Гаецкая, шчыра, ласкава, чым яшчэ больш насцярожыла Галіну Адамаўну, — я ведаю, ты ненавідзела мяне. Але ты памылялася…

«Чаму яна кажа мне „ты“? Мы ніколі не былі з ёй у сяброўскіх адносінах».

— …Ты глыбока памыляешся. Ніколі я не пасягала на тваё шчасце. Ніколі не жадала табе кепскага. Твае і мае зайздроснікі плявузгалі табе, хацелі сутыкнуць нас ілбамі. Павер мне, Галечка, я твой лепшы друг. Таму і прыйшла. Таму вырашыла сказаць. Не люблю пляткарыць… Але калі закранаецца наш жаночы гонар…

Галіна Адамаўна ўзялася рукой за штангу бормашыны, да болю сціснула яе. Чамусьці з'явілася жаданне ўдарыць Тамару Аляксандраўну. Вельмі блізка былі яе вочы, яе твар.

«Трэба адысці. Трэба адысці», — загадала яна сабе, аднак баялася скрануцца з месца.

— …Каб хто другі сказаў, не паверыла б. А то ж на свае вочы бачыла. На дачы вашай. І зразумела: частыя госці яны там. Рыжая сястра. І яна… пацыентка яго… Можа, нічога і няма паміж імі. Але што падумаюць людзі? Гэта ж, ведаеш, хто? Дачка таго Савіча. Здрадніка.

Тамара Аляксандраўна спадзявалася, што жонка Яраша, пачуўшы такое пра мужа, якому (Гаецкая гэта ведала) яна не верыла, кінецца ў істэрыку, закрычыць, наробіць шуму і яна, Тамара Аляксандраўна, пацешыць сваю душу такім відовішчам: гэта будзе помста і за тое, што Галіна некалі перахапіла Антона, і за яе шматгадовую нянавісць.

Але Галіна Адамаўна маўчала. Як скамянелая. Ніводная рыска не тузанулася на яе застылым твары.

— Не верыш — спытай у людзей. Ды хіба ты не ведаеш, што ён жыў у іх, у Савічаў, яшчэ ў акупацыю? А ты спытай у яго, як ён са сваім неразлучным Шыковічам дамагаўся ёй кватэру. Якую яны мэблю купілі за свае грошы. Абсталявалі кватэрку — дай-дай. Усё як мае быць, на французскі манер. Не верыш?

Уся трагедыя заключалася ў тым, што Галіна Адамаўна верыла. Верыла ўсяму, кожнаму слову. Ад гэтага ў яе муцілася ў галаве. Быў момант, калі калыхнулася і адплыло крэсла і яна ўбачыла ажно тры Тамары, якія зларадна скаліліся. Яна ўвесь час бачыла гэты зларадны аскал, хоць выраз твару нечаканай госці быў увесь час спачувальны ці абуральна-сур'ёзны.

Нейкім сёмым ці дзесятым пачуццём Галіна Адамаўна здагадалася, чаму прыйшла гэтая жанчына, і ніводным рухам не выдала свайго гора, болю, пакуты. Выдала толькі старую нянавісць. Раптам працадзіла праз зубы:

— Ідзі прэч!

Гаецкая ўстрапянулася:

— Дурная…

— Прэч!

Галіна Адамаўна з грукатам кінула на паднос лапатку і ўзяла востры пінцэт.

З неўласцівай яе паўнаце рухавасцю Тамара Аляксандраўна шмыгнула з крэсла, ледзь не паваліла бормашыну. Толькі ў дзвярах зларадна крыкнула:

— Што? Дажыла?!

* * *

Антон Кузьміч адчыніў дзверы ўласнай кватэры і па беспарадку ў калідоры, па пахах ці, правільней кажучы, па тым, што не было іх, кухонных пахаў, здагадаўся, што нешта здарылася. Не нешта, а ён пэўна ведаў што. Ён добра ведаў, што Гаецкая не змоўчыць. За гэтыя дні пасля іх сустрэчы ў лесе колькі разоў хацеў сам расказаць Галіне, каб папярэдзіць, і не здолеў — не хапіла мужнасці. Не хапіла, бо ведаў: не паверыць, не зразумее ці зразумее зусім інакш, па-свойму, яшчэ горш, чым Гаецкая. Было брыдка і сорамна ад сваёй нерашучасці, боязі. Але ён думаў пра дзяцей і ўпотай спадзяваўся: а можа, абыдзецца. Можа, Тамара зробіць нейкі другі ход? Між іншым, гэтая цікаўнасць — што ж усё-такі яна зробіць? — была адной з прычын яго маўчання. Ён нават не расказаў Шыковічу. Урэшце ён мог бы заклікаць на дапамогу сябра і разважлівую, спакойную Валянціну Андрэеўну, якая неаднойчы ўжо тушыла ўспышкі Галінай хваравітай рэўнасці. Але ўсё гэта выйшла б так, што ён нібы апраўдваецца. Завошта? Ды, нарэшце, ці варта надаваць гэтаму такое значэнне? Ён мае права падняцца вышэй усёй гэтай бытавой лухты, што атручвае жыццё і перашкаджае галоўнаму — працы!

У паліто і капелюшы ён пайшоў у спальню. Галіна сядзела за швейнай машынай халодная, непрыступная. Выгляд яе спалохаў яго. Такой яна не была ніколі. І ніколі так не паводзіла сябе. Каб у яго паляцела машына ці трумо, гэта ўразіла б менш.

Яна не шыла, але, відаць, спрабавала шыць: заціснутая іголкай тканіна звісла на падлогу.

Антон спыніўся пасярод пакоя. Жонка не ўзняла вачэй.

— Што здарылася, Галя?

Твар яе непрыгожа перасмыкаўся.

— Вы, Антон Кузьміч, не ведаеце, што здарылася?! — сказала яна з сарказмам і жахлівай адчужанасцю.

— Галка. Усё гэта лухта!

— Ах, лухта! — адкінула яна тканіну ўбок, выхапіла аднекуль з-пад яе ашчадную кніжку, падняла, патрасаючы. — І гэта лухта? Шчодра, доктар Яраш, аплачваеш палюбоўніцу! Але не думай, што мне шкада тваіх грошай. На! — яна шыбнула кніжку яму пад ногі.

Пры ўсёй яе рэўнасці жонка рэдка кантралявала яго расходы. Ён часта пазычаў буйныя сумы калегам, некаторыя з іх не вярталі гадамі. Галіна, даволі абыякавая да грошай, забывалася пра такія пазыкі, а калі часам і патрабавала справаздачы, то заўсёды ў добрым настроі, абмяркоўваючы чарговую буйную пакупку. А цяпер праверыла ўсё. Ён, Яраш, нават не падумаў, што Гаецкая разведае і выкарыстае ўсё. Яго кінула ў пот ад прадчування цяжкасцей на шляху да прымірэння. Колькі прыйдзецца патраціць энергіі… Ён кінуў паліто на ложак, зрабіў крок да жонкі. Яна ведала яго прыём: абняць, схапіць на рукі, цалаваць… І яна, слабая жанчына, сціхала, даравала яму… Але цяпер не!

— Я табе ўсё растлумачу, Галка. Выслухай толькі.

— Не падыходзь! — Яна ўзброілася нажніцамі, але тут жа шыбнула іх на столік. — Не трэба мне ніякіх тлумачэнняў! Усё! Усё! Усё! Цяпер я не буду ні крычаць, ні плакаць… Мы чужыя. Ты абсталяваў сабе новую кватэру — ідзі туды. Не пойдзеш ты — я ніводнага дня, ніводнай хвіліны не буду тут. Усё! — Яна вымаўляла гэтыя «ўсё», быццам ставіла кропкі.

Яраш зразумеў, што гэта больш, чым нервовая ўспышка, гэта цвярозы намер, і не ведаў, з якога боку падступіцца, каб разбурыць такое яе рашэнне. Ён спыніўся, паглядзеў на яе ласкава, з жалем, дакорліва паківаў галавой: дурніца, дурніца! Яна не вытрымала яго позірку, закрыла твар рукамі, перасмыкнулася ўся. Заціскаючы рыданні, сказала праз далоні глуха, чужым далёкім голасам:

— Божа мой! Шаснаццаць год жыла з гэтым чалавекам! Аддала яму ўсё. А ён… Яму мала было гэтай тоўстай шлюхі, «залатой сястры», усіх баб, якіх ён меў… Яму трэба яшчэ зблытацца з пацыенткай. Які жах! Якая ганьба! — Яна адкрыла твар і вельмі нядобра ўхмыльнулася. — Але што я хацела ад таго, хто мог забіць, зарэзаць з большай лёгкасцю, чым я вырываю зуб.

Гэта было ўжо занадта. Нават з яго нервамі і разважлівасцю вытрымаць такое нялёгка. І ён грымнуў на ўсю кватэру:

— Вы хаця падумалі б, якая яна жанчына! Лекары задрыпаныя! — і вылаяўся груба, злосна, як не лаяўся яшчэ пры жонцы ніколі.

Ён не ведаў, што дома Наташа. Яна сядзела ў кабінеце, дзе заўсёды рыхтавала ўрокі, калі бацькі не было дома. Яна бачыла, у якім стане вярнулася дадому маці. Калі з'явіўся бацька і адразу накіраваўся ў спальню, дзяўчынка насцярожылася. Не, яна не стала падслухоўваць іх размову. З малых год бацька вучыў яе, што гэта нядобра. Але калі ён закрычаў, Наташа не вытрымала.

Яна з'явілася ў дзвярах спальні ў чорным фартушку, з банцікам у косах, стройная, высокая (у бацьку пайшла), з ласкавай усмешкай на твары.

— Добры дзень, тата. Мы не бачыліся сёння, — падбегла, паднялася на пальчыках, чмокнула ў шчаку.

— Твой тата падлюга! — не вытрымала Галіна Адамаўна, каб не шыбануць у мужа самы цяжкі камень. Яна не чакала, што камень можа паляцець у яе.

Наташа адступіла ад бацькі, агледзела яго, потым — маці. І зноў да бацькі. Абняла за шыю, закрычала:

— Няпраўда! Няпраўда! Няпраўда! Ён добры, ён разумны. А ты… ты… неразумная… ты — раўнівая. Ты атручваеш яму жыццё.

— Наташа! Наташка! Хіба можна! Сціхні! — Антон Кузьміч сварыўся на яе, але прыціскаў да сябе. Гладзіў худзенькія плечы і адчуваў, што сам захлынаецца слязамі.

Дачка вырвалася, выбегла з пакоя.

Галіна Адамаўна самлела, у яе здарыўся сардэчны прыступ.

Валянціна Андрэеўна атрымала ананімнае пісьмо. Немагчыма растлумачыць, чаму Гаецкая жанчынам, якія сябравалі паміж сабой, паведаміла па-рознаму: адной — яўна, другой — ананімна.

Нельга сказаць, што Валянціна Андрэеўна ніколі не раўнавала Кірылу. Усё было ў жыцці. На тое яно і жыццё. Але яна ніколі не траціла розуму і здольнасці разважаць, аналізаваць. Быў у яе вопыт і добрая жаночая мудрасць. Калі ніводзін лекар не задумаўся, колькі патрэбна часу, каб пасля такой аперацыі чалавек вярнуўся да нармальнага, не, ненармальнага, вясёлага жыцця, то яна адразу ж падумала пра гэта і першаму, чаму не паверыла, — сувязі Яраша з Зосяй. Кірыла і Маша?.. Прыпісалі б яе мужу любую другую жанчыну, у Валянціны Андрэеўны, магчыма, яшчэ ўзніклі б нейкія падазрэнні: не бывае дыму без агню. Але Маша… Яна бачыла дзяўчыну адзін раз, ведала, што яна сустракалася з Тарасам і Славікам. І раптам — Кірыла. Не, не, не! Яна з агідай, з нянавісцю да ананімшчыка адганяла гэтую брудную плётку. Яна палюбіла Машу, паверыла ў яе розум, у яе дзявочую сумленнасць і чысціню, інтуітыўна, чуццём педагога, адчувала, што такая натура ніколі не зробіць подласці. Валянціна Андрэеўна любіла людзей і верыла ім.

Увечары яна паказала пісьмо Кірылу. Пакуль ён чытаў, яна ўважліва сачыла за выразам яго твару. Спачатку ён пачырванеў, потым пабляднеў, спацеў. Як бы вытлумачыла гэта тая ж Галіна Адамаўна! Валянціна Андрэеўна ўбачыла іншае: здзіўленне і абуранасць. Дачытаўшы да канца, ён разгублена паглядзеў на жонку.

Назад Дальше