Яна спынілася. Ён па інерцыі зрабіў крокі два і павярнуўся. Яна застыла ў дзіўна нязграбнай позе, нахіліўшыся набок, бо трапіла адной нагой у канаўку для сцёку вады. Твар яе, што хвіліну назад палаў, пабялеў, ноздры непрыгожа раздуліся.
Яраш адчуў, што ў ім загучала вясёлая лёгкая музыка. Нарэшце ён знайшоў, чым дапячы ёй. Яна адказала пагрозліва, холадна — ніколі яшчэ не гаварыла з ім такім тонам:
— З'явіцца фельетон, я табе да смерці не дарую. — І, не развітаўшыся, павярнулася і пайшла назад.
Ярашу раптам захацелася гарэзліва, па-хлапечы свіснуць ёй услед.
Майзіс, маленькі, кучаравы, у вялікіх чорных акулярах, сустрэўшы яго на ганку аддзялення, сказаў:
— У вас сёння, калега, добры настрой.
— А хіба вы бачылі калі-небудзь мяне ў дрэнным настроі?
— Не. Але часам чалавек бывае залішне задумлівы. Ён уважлівы ў працы, але не бачыць хараства вакол сябе.
Яраш засмяяўся:
— Майзіс, ведаеце што? Прыязджайце да мяне на дачу. Я пакажу вам такое хараство, якого вы, гараджанін, зроду не бачылі.
Але, пракансультаваўшы колькі хворых, Яраш зноў адчуў сябе стомленым. З ім рэдка гэта здаралася.
— Відаць, зноў будзе навальніца. Хочацца спаць, — сказаў ён Майзісу, пазяхнуўшы, калі яны пераходзілі з палаты ў палату. — Апошні?
— У мяне апошні. Ды вельмі прасіла хворая з тэрапіі, каб вы паглядзелі яе. Асабіста вас просіць, Антон Кузьміч. Па-мойму, цікавы выпадак. Мітральны стэноз. Згодна аперыравацца.
Яраш паглядзеў на гадзіннік, уздыхнуў:
— Ах, Майзіс, Майзіс, карыстаецеся вы маёй слабасцю.
— Што зробіш, Антон Кузьміч. Такая наша прафесія.
— Але, брат, прафесія наша цяжкая. Нічога не скажаш.
Прыгадаўшы аддзяленне, куды яму належала ісці, і галоўнага лекара, Яраш зноў адчуў злосць. Беспарадак, бруд не толькі ў бальніцах, але і ў другіх месцах, яго, звычайна спакойнага, прыводзілі ў лютасць. Можа, праз гэта пра яго хадзілі легенды. Расказвалі, напрыклад, што ён пабіў лекара сельскай бальніцы, якую правяраў, аддаў пад суд хірурга, які аперыраваў п'яны, што ён у часе сваіх аперацый мацюкаецца на асістэнтаў і сясцёр. Усё гэта, безумоўна, выдумкі. Лекара ён завёз у райком, хірургу толькі пагразіў судом, а мацюкнуўся адзіны раз на асістэнта, які зрабіў памылку. Гэтыя выдумкі таксама злавалі Яраша; ён бадай пакутаваў, калі бачыў, што маладыя лекары баяцца яго і праяўляюць залішнюю пачцівасць, быццам ён сапраўды сівагаловы прафесар, сусветнае свяціла.
Па дарозе ў тэрапеўтычнае аддзяленне ён сказаў Майзісу:
— У Гаецкай у кабінеце халадзільнік. А шторы? Бачыце якія? Побач з такім аддзяленнем!
Майзіс падняў галаву, і з яго акуляраў выскачылі асляпляльныя зайчыкі. Усмешка варухнула тоўстыя вусны.
— У нас яе завуць «царыца Тамара».
— Бо вы бяззубыя тут, як малюскі. Прапясочылі б гэтую «царыцу» на партыйным сходзе.
— Для гэтага патрэбна прынцыповасць доктара Яраша.
— Не падхалімнічайце, Майзіс.
Маладзенькая лекарка, якая вяла хворую, сустрэла іх у калідоры і адразу разгубілася — пачырванела, пачала заікацца, называла Яраша «прафесарам». Ён не ўзлаваўся на гэтае дзяўчо. Але, баючыся, што ўсё разам — яе пачцівасць, выгляд аддзялення, успамін пра Тамару — можа даць недзе гнеўную ўспышку, Яраш нахмурыўся, апусціў галаву, выключыў увагу (ён умеў гэта рабіць), каб менш бачыць і чуць.
Яны ўвайшлі ў палату, дзе стаяла штук сем ложкаў, паміж імі было цесна праходзіць. Як ні хацеў Яраш, усё адно ўбачыў усё адразу: ложкі, сцены, пацямнелыя ад старасці залатаныя навалачкі, прасціны, ручнікі, абшарпаныя тумбачкі і хворых — хто як глядзіць на яго: з цікавасцю, абыякава ці хоча папрасіць: «Доктар, паглядзіце і мяне».
— Вось наша хворая, — сказала лекарка, спыніўшыся каля ложка ў кутку, і, спахапіўшыся, падала Ярашу табурэт.
Хворая як хворая. Такіх ён бачыў сотні. Маленькая жанчына, такая худая, што здавалася, пад коўдрай — пустата. А на падушцы спакутаваны твар з яркімі прыкметамі яе хваробы: крыху збляклая ўжо сінюшнасць губ, крылляў носа. А шчокі заружавелі. Хвалюецца. І вочы… Якія вочы! І як яны глядзяць! Чаго толькі не бачыў за сваё жыццё і лекарскую практыку Яраш, але такія вось вочы яго заўсёды выводзілі з раўнавагі. Яны прасілі, малілі, выказвалі надзею, страх — усю бясконцую гаму пачуццяў чалавека, які прагне жыць.
Сядаючы на табурэт, ён падумаў, што ў большасці такіх цяжкахворых жанчын прыгожыя валасы. Ад кантрастнасці, відаць. У гэтай вунь таксама якія цудоўныя — светла-залацістая пышная карона. Каб не сустракацца позіркам з хворай, Яраш разглядаў свае вялікія, адбеленыя спіртамі і эфірамі пальцы і слухаў даклад лекара. У яго ўжо выпрацавалася прафесійная звычка: чуць і фіксаваць у памяці толькі тое, што патрэбна яму як кансультанту. Усё іншае, у тым ліку прозвішча і імя, ён выясняў пасля, калі сам пачынаў аглядаць хворага. Але паведамленне лекара аб тым, што хворая перанесла першую атаку рэўматызму ў нямецкім лагеры, узварухнула яго. Ён глянуў на гэтую маленькую жанчыну з цікавасцю і жалем, сустрэў яе вочы, поўныя дзівоснага агню і малення, падумаў:
«Вось яна, вайна. Збудаваны гарады. А сэрцы людзей… Сэрцы ранены». Ён падумаў пра сэрцы не наогул. Не. Як лекар, уявіў канкрэтнае маленькае сэрца, у якім развіўся парок. Лекар расказвала, у якім стане хворая паступіла ў бальніцу:
— Ацёчнасць ніжніх канечнасцей… Рэзка павялічана пячонка…
— Калі паступіла? — спытаў Яраш.
— Два тыдні назад. — Лекар збянтэжылася, забылася, на чым яе перапынілі.
— Гаварыце, гаварыце. — І зноў збоку здавалася, што кансультанта цікавяць толькі ўласныя рукі.
— Быў праведзены курс лячэння…
І раптам у аднатонны даклад, перасыпаны лацінскімі словамі, уварваўся шэпт:
— Кузьма…
Яраш нават спачатку не звярнуў увагі.
— Антон Кузьміч, — гучна паправіў Майзіс, які стаяў за спіной у Яраша.
Тады Яраш рэзка падняў галаву, паглядзеў на хворую. Яна ўсміхнулася вінавата і зноў нясмела прашаптала ўжо другое імя:
— Віктар…
Яраш адчуў, што праз рукі яго быццам прапусцілі электрычны ток, закалола ў кончыкі пальцаў: ён пачуў свае падпольныя клічкі.
У яго былі надзвычай чуткія пальцы, паталагічна чуткія, нават уласныя эмоцыі ён перш за ўсё адчуваў пальцамі. Вось так заколе — значыцца, злосць, радасць, здзіўленне.
Ён пазнаў гэтую жанчыну. Але не верыў вачам.
Хіба ўваскрасаюць мёртвыя? Колькі прайшло год! Дзе яна была дагэтуль?
Ён павольна падняўся з табурэта.
Лекар са страхам глядзела на сваю пацыентку: што тая трызніць?
Майзіс лёгка свіснуў: ён быў рамантык, любіў прыгодніцкія кнігі, фільмы, нечаканыя сустрэчы людзей.
Хворая супакоіла свайго лекара простым і ясным запытаннем:
— Не пазнаяце, Антон Кузьміч?
Яраш умеў стрымліваць свае пачуцці ў любых абставінах. Але тут не стрымаўся.
— Зося? — прашаптаў ён так, што ўздрыгнула лекар, прыўзняліся на локцях хворыя, а Майзіс у захапленні пацёр рукі.
— Зося! — паўтарыў ён гучней і, высокі, мажны, схіліўся над ложкам, як бы хочучы загарадзіць яе ад чужых вачэй, ад хвароб, ад усіх навал. Узяў тонкія, схудалыя рукі ў свае мяккія шырокія далоні, асцярожна сціснуў. — Адкуль вы з'явіліся, Зося?
А ў дзверы ўжо заглядвалі сёстры, хворыя, і ўсё аддзяленне загудзела, як разварушаны вулей.
5
На супынцы таксі каля вакзала адзін з шафёраў ветліва запрасіў Яраша:
— Калі ласка, доктар, у маю машыну.
— У Дзятлаўскае лясніцтва. Ведаеце?
— Ведаю. Наш брат усё мусіць ведаць.
«Волга» рванула з месца, Яраш па інерцыі адкінуўся на спінку і гэтак застыў. Мільгалі вулічныя ліхтары, вітрыны, сігналы сустрэчных машын. Ён заплюшчыў вочы, але не адчуў асалоды адпачынку. Дзень скончаны. Незвычайны дзень. Яраш жыў уражаннямі ад сустрэчы з чалавекам, якога васемнаццаць год лічыў мёртвым. «Вось сюжэт для Кірылы». Ён хацеў надаць думкам іншы кірунак, абстрагавацца і супакоіцца. Але дарэмна. Супакоіцца не так проста.
Зося папрасіла, каб ён аперыраваў яе. І не сказала, як многія іншыя: «Лепш памерці, чым так пакутаваць». Не. Яна верыць, што ён здолее ўратаваць яе.
Калі тая аперацыя! Праз месяц… І ці можна яе ўвогуле аперыраваць? Гэта яшчэ пакажуць даследаванні. А ён ужо хвалюецца. Хвалюецца, бадай, мацней, чым перад сваёй першай самастойнай аперацыяй. Уяўляе яе сэрца, бачыць, як на макеце, звужэнне левай перадсардэчна-страўнікавай шчыліны… Недастатковасць клапана… Мозг пачынае напружана працаваць. Ідзе аперацыя. Ён уважліва і прыдзірліва прасочвае ўвесь ход яе, ад падрыхтоўкі хворай да…
Раскрывае грудзі… Бярэ сэрца… Вось яно…
Машына рэзка спынілася. Яраш расплюшчыў вочы. Стаялі перад закрытым шлагбаўмам каля чыгуначнага пераезду на ўскраіне горада.
«Усяго праехалі?» — здзівіўся ён.
Прайшло некалькі хвілін, а ён траха не скончыў такую аперацыю, на якую патрэбны гадзіны.
— Задрамалі, Антон Кузьміч? — спытаў шафёр.
Дзесьці збоку пыхкаў паравоз. Затрубіў у ражок стрэлачнік.
Яраш заглянуў шафёру ў твар, асветлены слабым водбліскам прыбораў і чырвоным ліхтаром шлагбаўма. Не, гэтага чалавека ён не лячыў, памяць у яго на твары добрая. Шафёр, зразумеўшы, што доктар хоча пазнаць яго, растлумачыў:
— Вы ўратавалі майго сына, Антон Кузьміч. На ўсё жыццё вам удзячны. Маці штодня ўспамінае. Хаця б ты, кажа, павазіў доктара. Скажыце, і я кожны дзень буду вазіць вас.
— Хабар? — усміхнуўся Яраш.
— Які хабар, доктар? — пакрыўдзіўся шафёр. — Хабар даюць за цёмныя дзялы. А тут — жыццё сына…
Прайшоў нядоўгі таварны састаў. Старэнькі паравоз сыпануў у начное неба жменю іскраў. Але яны не сталі зоркамі — упалі назад на зямлю і патухлі.
Павольна падымаўся шлагбаўм. У нейкі міг замест чырвонага ліхтара загарэўся зялёны. Яраша заўсёды здзіўляла гэтая няхітрая механіка.
Машына кінула на пераезд сноп кароткага святла. Заблішчалі рэйкі. Вартаўнік пагразіў пальцам. За пераездам фары выхапілі з ночы больш доўгі кавалак чорнай шашы.
Яраш глянуў убок і ўбачыў зоркі. Іх было мала, і яны плылі над чорным лесам, які заўсёды ўначы чамусьці здаваўся горнай градой — з вяршынямі, доламі, цяснінамі. А ўдзень гэта была зусім роўная сцяна лесу за кіламетр ад дарогі. Там, наперадзе, лес падступіць да самай шашы, і тады знікне гэтая ілюзія. Антон Кузьміч ніяк не мог растлумачыць прычыны такога зрокавага падману.
Усё гэта — супынка, размова з шафёрам, зоркі, лес — адцягнула думкі ад Зосі. Праўда, ненадоўга. Хутка ён пачаў зноў думаць пра яе, але ўжо інакш. Прыгадаў, як зноў, другі раз за дзень, сутыкнуўся з Тамарай. Яна раптам запярэчыла супраць пераводу Зосі ў тую клініку, дзе пастаянна працаваў Яраш. Калі ён пайшоў, каб растлумачыць ёй, што мае сам аперыраваць хворую і таму зручней, каб яна была пад яго штодзённым наглядам, Тамара са здзекам спытала:
— Гэта тваё падпольнае каханне?
Антон не вытрываў і вылаяўся груба і злосна. Гаецкая спалохалася, адразу аформіла перавод.
Калі Яраш пазваніў у рэдакцыю Шыковічу, што мусіць затрымацца, той сказаў:
— Хрэн з табой. Сядзі каля сваіх хворых хоць тыдзень. А я млею ад духаты.
Ён доўга сядзеў каля сваёй хворай. Зося глядзела на яго і хораша ўсміхалася, шчасліва і збянтэжана.
— Дзе вы былі ўвесь гэты час?
— Апошнія тры гады тут, у нашым горадзе.
— І не ведалі пра мяне?
— Ведала. Бачыла колькі разоў.
— Бачылі? І не маглі прыйсці?
— Я маленькі чалавек, Антон Кузьміч. Прыёмшчыца арцелі кравецкай на Выселках.
— Ды якое мае значэнне, кім вы працавалі! Глупства! Сорамна падпольшчыцы дзяліць людзей на маленькіх і вялікіх.
— Якая я падпольшчыца! Я дачка доктара Савіча. — Вочы Зосі напоўніліся слязамі.
— Ну, не трэба! Калі ласка! Ніякіх хваляванняў і ніякіх расказаў! Аб усім пагаворым пасля. — Ён падняўся, каб пайсці.
Яна папрасіла нясмела, сарамліва:
— Пасядзіце яшчэ трошкі, Антон Кузьміч. Хлопчык гэты, Тарас, жывы?
— Хлопчык! Хлопчык гэты ў арміі адслужыў. На заводзе робіць…
— Я шукала яго. — Яна як бы вінавата прасіла прабачэння за тое, што не здолела знайсці дзіця.
— Пасля, пасля. Не хвалюйце сябе ніякімі ўспамінамі.
Сёстры і санітаркі хадзілі на пальчыках і гаварылі шэптам. У іх былі спалоханыя твары. Яраша абурыла гэта, але ён змаўчаў. Прымусіў сябе маўчаць. Што б яны падумалі, каб ён, звычайна ветлівы і далікатны з малодшым персаналам, раптам накрычаў на іх?
Цяпер, у машыне, ён падумаў, што трэба заўтра ж пра ўсё расказаць Машы і папрасіць, каб яна ўзяла шэфства над Зосяй. Не медыцынскае. Чалавечае.
Таксі звярнула з шашы ў лес. У святле фар дрэвы здаюцца дэкаратыўна нежывымі і ў той жа час фантастычна прыгожымі. Праплываюць застылыя ствалы з нерухомым белым лісцем. Быццам на міг з'яўляюцца на свет з дагістарычнай цемры і зноў знікаюць назаўсёды. Цені бягуць наперадзе, пераганяючы святло, доўгія і вузкія — блізка і шырокія — удалі. А з бакоў — чарната. А ўгары — цемра: зноў не відаць зорак.
Яраш надзвычай любіў начную язду па лесе. Часта прасіў Шыковіча паездзіць. Той не разумеў яго захаплення. Яраш злаваўся: «Які ты, да д'ябла, пісьменнік, калі не адчуваеш такой прыгажосці? Ты паглядзі на гэтыя сосны! Які ў іх колер? А цені? З чым ты параўнаеш іх? Паспрабуй напісаць гэта рэалістычным пэндзлем. Памрэш — не напішаш. Тут, брат, трэба нейкі асобы, умоўны прыём».
«Хірург-абстракцыяніст! — хмыкаў Шыковіч. — Навіна! Дзіва дзіўнае!»
Шафёр таксі, напэўна, хацеў у знак удзячнасці давезці свайго пасажыра як мага хутчэй і імчаў па карэннях і ямах, не шкадуючы машыны.
Яраш папрасіў:
— Цішэй, калі ласка. Можна?
— Можна! — Шафёр адразу збавіў хуткасць. — Я думаў, вы спяшаецеся.
— Не. Я люблю паглядзець на лес.
— О, лясок тут добры! Каб такіх сосен на дом.
— Што было ў вашага сына?
— Пералом пазваночніка. На будаўніцтве, ведаеце. Няшчасны выпадак.
— А-а, помню.
Шафёра ўзрадавала, што доктар помніў яго сына. Як бы пакрыўджаны за хабар, ён праз усю дарогу маўчаў. Гзта яму, відаць, нялёгка давалася, бо калі прарваўся, то пачаў паспешліва і мнагаслоўна расказваць пра сына, пра сябе, пра ўсю сваю сям'ю.
Яраш слухаў і не чуў. Глядзеў на лес і думаў. Як у святле фар выплывалі з цемры дрэвы, так і з ночы памяці выплывалі эпізоды жыцця, далёкія і блізкія, з падполля і з сённяшняга дня.
Да дачы ён не даехаў. Спыніўся каля канторы лясніцтва, сілком усунуў таксісту грошы і пайшоў пехатой.
Свяцілася толькі адно акно — на паддашку ў Шыковіча.
«Трэба адвучыць яго ад начной працы, — падумаў Антон Кузьміч пра сябра і тут жа пра жонку з пяшчотай: — Спіць Галка. Тут добра спіцца».
Шкада было будзіць яе. Калі пад нагамі піснулі ўсходцы ганка, ён пагразіў ім пальцам: «Цыц!» Потым доўга стаяў нерухома, слухаючы начную цішыню.
Не паднімалася рука, каб ціхенька, адным пальцам, пастукаць у шыбіну веранды. Ён быў упэўнены, што дзверы зачынены. Але паспрабаваў асцярожна націснуць на ручку — і дзверы лёгка адчыніліся. Белая, як прывід, постаць стаяла ў адным кроку ад парога. Навучаны шматгадовым вопытам, Яраш усё зразумеў і ўміг мабілізаваў свой спакой і вытрымку.
— Што, баішся заходзіць? Сорамна? — не сказала, а прашыпела Галіна і тут жа сарвалася: — Не заходзь у дом, дзе спяць дзеці! Бессаромныя твае вочы!
— Галка! — Ён зрабіў крок, ён прасіў, маліў яе ласкавым іменем, каб яна не рабіла шуму: побач людзі, дзеці.
— Не падыходзь! Не датыкайся да мяне! Брудны тып!
— Галя! Выслухай! — не папрасіў, патрабаваў Антон.
— Што мне слухаць? Мне ўсё сказаў чалавек. «Ён заняты на кансультацыі…» Да дванаццаці ночы! Не першы раз ты «кансультуеш» яе… да позняй ночы! Крывасмок! Колькі ты выпіў маёй крыві! Не падыходзь!
Але сама кінулася да яго і пачала ярасна калаціць маленькімі кулачкамі ў магутныя грудзі.
— Паразіт! Я ненавіджу цябе! Не дакранайся да мяне! Усё! Усё, усё!.. Заўтра, заўтра!.. Зараз жа, зараз!.. Забіраю дзяцей… І ўсё. Жыві са сваёй шлюхай! Але я не дам вам жыцця. Не дам! Не чакай. Не!
— Галя! — Ён адступіў на крок і паспрабаваў засланіцца ад яе ўдараў партфелем, які ўсё яшчэ трымаў у руцэ. Але яна выхапіла партфель і моцна стукнула ім па галаве, па твары. Гэта яго ўзарвала. Так жонка не паводзіла сябе ўжо колькі год. Узмахам рукі Антон выбіў у яе партфель, а самую схапіў у абдымкі, лёгка падняў, заціснуўшы рукі, каб не драпалася. А каб не крычала, моцна, да болю, прыпаў вуснамі да яе вуснаў. Яна білася, трапяталася, як рыба, дрыгала ў паветры нагамі, намагаючыся вырвацца. Але дарэмна. Ён насіў яе па прасторнай верандзе, быццам закалыхваў, як малую, і праз сціснутыя вусны шаптаў: