Шыковіч, як губка, упітваў гэтыя эпізоды, дэталі. Ён знарок не патрабаваў спецыяльнага расказу, каб не збіцца на біяграфію толькі аднаго чалавека. Чэрпаў матэрыял з іншых крыніц, а Яраша як бы трымаў у рэзерве. Ён пачаў збіраць матэрыял для аповесці, але хутка пераканаўся, што пра падполле іх горада трэба сказаць нейкае новае слова ў нарысавым жанры. Таму ў апошні час больш цікавіўся дакументамі. Яму крыху не падабалася, што Яраш выбраў для расказу такі час і месца, калі нічога нельга занатаваць. А на сваю памяць у сорак пяць год ён не вельмі ўжо спадзяваўся.
Але пры ўсёй сяброўскай блізкасці ён не адважваўся што-небудзь сказаць, няхай і жартам, з гэтай прычыны, адчуваючы, што Антона па-сапраўднаму нешта ўсхвалявала. Каб перапыніць паўзу, Шыковіч сказаў:
— Зямля дыша цеплынёй. Лажыся. Не шкадуй касцюма.
Яраш абышоў вогнішча і лёг з другога боку. Разам з дымам кастра патхнула добрай папяросай. І яму таксама захацелася запаліць. Ён кінуў паліць год шэсць таму. Толькі пасля цяжкіх аперацый яго цягнула запаліць. А так — не. А тут раптам ажно засмактала ў грудзях, перасохла ў роце. Але ён напружыў волю і не папрасіў у Шыковіча папяросы. Каўтнуў горкую сліну.
— Дні праз тры цётка Люба паведаміла мне, што Павел арыштаваны. Каб ты ведаў, што я перажыў. Які боль! І страх. І разгубленасць. Не было Паўла. У каго спытаць парады, што рабіць? Гестапа лёгка можа дакапацца, што мы трымалі сувязь. Уцякаць? Але ўцячы — гэта, напэўна, выдаць сябе. І тады ўжо не будзе ніякай магчымасці выканаць заданне гаркома. І Паўлаву просьбу. Дзе Тарасік? Што з ім?
Цётка Люба паведаміла мне пра арышт на рынку, калі я купляў у яе піражкі. Аглушаны, спалоханы (мне не сорамна прызнацца — дрогнула сэрца, чаго там таіцца), я не паспеў спытаць пра Кацю, Тарасіка. Ды і нельга было гутарыць доўга. Якая можа быць гаворка паміж гандляркай і пакупніком! Навокал шпікі.
Пасля дзяжурства я пайшоў да цёткі Любы на кватэру. Яна спалохалася:
«У суседнім доме засада. Арыштаваны стары рабочы друкарні і яго жонка».
Люба праслязілася, гэтая «жанчына-камень», як мы называлі яе. Скардзіцца:
«Я два гады з суседкай не размаўляла. Яна маіх курэй атруціла. Жылі як ворагі. І не ведалі, што адну справу робім. Божа мой. Можа, на смерць людзей павезлі. Што яны падумаюць пра мяне? І цяпер… Цяжкая мая доля… Жандара-фрыца і „бобіка“, што сядзяць там, я самагонкай пачаставала, піражкамі. Каб другімі вачамі глядзелі на мой дом. Але як затое зірнула на мяне суседка з таго боку! Чаго добрага, падумаюць людзі, што гэта я выдала Рамана Ціханавіча».
Скажу табе, страшная рэч у такіх абставінах — падазронасць. Мне і цяпер сорамна, што я падумаў у той міг: «А можа, праўда гэтая гандлярка — правакатарка?»
Цётка Люба нібы пачула мой душэўны шэпт, бо адразу высушыла вочы. Выставіла на стол пляшку.
Я спытаў пра Паўлаву сям'ю.
«Кацю арыштавалі разам з братам. Куды дзяваўся хлопчык, невядома. У кватэры наш чалавек быў — няма. Там усё разрабавана. Заўтра суседзяў абыдзем. Няўжо і дзіця забралі, ірады?»
Жанчына сказала гэтыя словы так, што знікла мая падазронасць. Не, такая жанчына ніколі не здрадзіць! Ні мужу, ні дому, ні справе. Ні тым больш Айчыне.
Магчыма, з-за пошукаў дзіцяці і новых сувязей я не спяшаўся з выкананнем задання. Бо ведаў: пасля такой акцыі, калі застануся жывым, мне прыйдзецца пакінуць горад. Як жа я знайду Паўлавага сына? Безумоўна, былі і другія прычыны. Не было з кім параіцца. Не трапляў зручны выпадак. А пасля Лучынскі некуды паехаў. Казалі — у Варшаву. Вопыт пераймаць, ці што. Знік і Лотке. Хіндэль сказаў, што ў механіка захварэла маці і ён паехаў на пабыўку ў Нямеччыну. Але дні праз два адзін з пажарнікаў убачыў Лотке каля казармы зондэркаманды, што размяшчалася ў Бярозках, дзе цяпер туберкулёзная бальніца. Ясна: агент выконваў іншае заданне. У горадзе ішлі арышты. Мне ніяк не ўдавалася звязацца з кім-небудзь з кіраўнікоў падполля, сябрамі гаркома. Настрой у мяне быў цяжкі, жахлівы. Я зразумеў, што пры ўсёй незвычайнасці заданняў, якія мне давялося выконваць, падпольшчык я малавопытны і слаба загартаваны. Маладому, самаўпэўненаму, мне адзін час здавалася, што я ўсё магу, што я ледзь не галоўная фігура ў падполлі. Цяпер жа разумеў: усё, што я зрабіў, гэта заслуга тых, хто нябачна, асцярожна і мудра кіраваў дзейнасцю такіх, як я. І тое, што я на волі, таксама іх заслуга, хоць самі яны, магчыма, у кіпцюрах гестапа.
За тыя дні я стаў другім чалавекам. За тыя два тыдні. З дня арышту Паўла прайшло роўна два тыдні. Калі чакаеш нечага незвычайнага, жывеш у напружанасці, запамінаецца кожны дзень. Гэта адбылося васемнаццатага верасня. Я змяніўся з начнога дзяжурства на каланчы. Ноч і раніца былі ясныя і халодныя. Па-асенняму. Помню, я моцна акалеў. Ніколі не быў прыхільнікам выпіўкі, але ў тую раніцу мне хацелася хутчэй сагрэць душу і цела. Ведаючы, што ласкавая гаспадыня з-пад зямлі дабудзе для мяне чарку, а цёплая пасцеля само сабой чакае, я спяшаўся дадому. Але пры выхадзе з пажарнай мяне затрымалі гестапаўцы. Не, не арыштавалі. А ветліва папрасілі вярнуцца назад. Яны ўмелі быць ветлівымі ў такія моманты, гэтыя звяры.
У людзей, якія ішлі на работу, яны правяралі дакументы, але дазвалялі прайсці. Чаму не выпускалі нас? Мы населі на Хіндэля (ён, як заўсёды, з'явіўся на службу раней за ўсіх), няхай пойдзе высветліць. Стары немец вярнуўся спалоханы, усхваляваны і на наша запытанне адказаў крыкам і лаянкай:
«Той, хто хоча ўсё ведаць, нядоўга жыве ў наш час…»
Невядома, ад чаго ён нас перасцерагаў. Чаму не сказаў праўду? Гестапа не рабіла сакрэту. Наадварот, як мы зразумелі пасля, яны хацелі, каб сабралася больш людзей. Відаць, не спадзяваліся на добраахвотны збор. Ты помніш, да вайны пажарная была на плошчы. Не толькі з каланчы, але і з вокнаў другога паверха, дзе змяшчалася дзяжурка, плошча была як на далоні.
І мы ўбачылі… Я першы ўбачыў… Прыйшлі грузавікі, доўгія, як лесавозы. І салдаты-сапёры пачалі згружаць… Я не адразу зразумеў, што гэта. Нехта іншы з пажарнікаў глянуў у акно і ахнуў:
«Шыбеніцы!»
Але, гэта былі шыбеніцы. З нямецкай акуратнасцю зробленыя недзе ў майстэрні, трывалыя, нават пафарбаваныя ў нейкі брудна-шэры колер. Масавая вытворчасць! Салдаты хутка і ўмела ламалі брук і закапвалі іх у зямлю. У адзін рад — ад увахода ў парк да царквы. На адной адлегласці. Рабілі яны хутка і спрытна, можна было падумаць, што гэта іх штодзённая работа. Я зразумеў… здагадка гэтая абпаліла мозг. Павесяць падпольшчыкаў… Маіх таварышаў, кіраўнікоў… Магчыма, Паўла. Што я мог зрабіць, каб ратаваць іх?
Яраш змоўк. Астывала вогнішча. Шыковіч часта і шумна дыхаў. Праз тоўстыя камлі дубоў пачаў прасвечвацца белы луг. Сонна адгукаліся першыя птушкі. Дзесьці далёка-далёка за ракой спявалі пеўні.
— Я не ўмею і не люблю расказваць пра гэта. У мяне няма слоў. Яны здаюцца мне абразлівымі, звычайныя словы. Я не маю права расказваць спакойна. Але, бачыш, расказваю. Прайшлі гады… Я добра ведаю фізіялогію, вучэнне Паўлава… Але калі адзін хворы неяк пачаў даказваць мне, што мозг можа згарэць ад думак, я паверыў яму. Бо помню, як стаяў тыя дзве гадзіны, учапіўшыся рукамі ў падаконнік. Каб прысутнічаў Лотке, я, безумоўна, выдаў бы сябе. Як толькі не згарэў мой мозг ад тысячы планаў выратавання асуджаных! Яны мяняліся з маланкавай хуткасцю. Першыя здаваліся рэальнымі. Я паміраў, але выратоўваў таварышаў. Але па меры таго як разгортваліся падзеі на плошчы, я бачыў, пераконваўся: памру — і нічога не зраблю. О, яны ўмелі застрахаваць сябе ад любых нечаканасцей у часе пакарання нашых людзей! Машына іх дзейнічала безадказна.
Шыбеніц паставілі чатырнаццаць. Калі сапёры скончылі сваю працу, у кузаў машыны забраўся тоўсты фашыст у форме жандармерыі. Грузавік ціха і плаўна падыходзіў да шыбеніцы, вельмі дакладна спыняўся, і кат замацоўваў вяроўку. Петлі былі загадзя завязаны з двух бакоў. Ён хутка накідваў малую пятлю на перакладзіну і, каб заціснуць і… праверыць трываласць, хапаўся за вялікую пятлю рукамі і павісаў над кузавам. Усе рухі ката былі разлічаныя, дакладныя, ніводнага лішняга, як на канвеернай лініі. І гэта было жудасна.
Кадры мяняліся… Грузавікі з сапёрамі адышлі. На нейкі момант плошча апусцела. А потым з вуліцы, якая называлася пры іх Паркавай, выехаў узвод матацыклістаў. Яны разгарнуліся за шыбеніцамі і накіравалі кулямёты на парк, на царкву і на Савецкую вуліцу. Праз хвіліну па Гандлёвай прайшлі два бронетранспарцёры. Яны сталі ў супрацьлеглых баках плошчы, і іх буйнакаліберныя кулямёты пагражалі руінам цэнтра горада і нашай пажарнай. Кулямётчык глядзеў на мяне. Я бачыў яго вочы, маладыя, насцярожаныя, пільныя.
Прагрукатала па бруку зондэркаманда.
Карнікі ўтварылі першы ланцуг вакол шыбеніц. Воддаль, таксама ланцугом, стала паліцыя ўнутранага парадку — «бобікі». Яны ж выконвалі другую ганебную місію: зганялі народ. Праўда, першыя з'явіліся добраахвотнікі, тыя, хто хацеў выслужыцца перад акупантамі. Яны прыходзілі па адным, па два, нясмела аглядаючыся, не давяраючы адзін аднаму, ціснуліся бліжэй да паліцыі, але стаялі асобнымі кучкамі. Потым паліцаі прыгналі рабочых станкабудаўнічага завода і друкарні. Рабочыя адразу зліліся ў адну групу. Сталі яны каля самай пажарнай сцяны, наблізіўшыся да бронетранспарцёра. Паліцыя адціснула рабочых, а бронетранспарцёр адсунуўся заднім ходам бліжэй да шыбеніц, і кулямёт, які глядзеў на мяне, быў скіраваны на рабочых. Жанчынам, якіх паліцаі прыгналі з другога боку, не дазволілі зліцца з рабочымі. Іх паставілі асобна.
Сабралі чалавек пяцьсот.
Здаецца, дурны і подлы Гвоздзік крыкнуў у дзяжурцы: «Хлопцы! Лезем на каланчу! Камуністаў будуць вешаць».
«Але, на каланчу! Адтуль відней», — падумаў я, не ведаючы, які чарговы план з'явіцца там, у вышыні. Усе мае планы рушыліся. Што можна зрабіць аднаму супраць матацыклістаў, бронетранспарцёраў, сотні гестапаўцаў? Але я ўсё яшчэ спадзяваўся, што з'явіцца нейкі асаблівы план. Каб там, на каланчы, стаяў кулямёт, як на вышцы каля паліцэйскай управы! А то ў мяне не было нават пісталета.
Каля лесвіцы мяне затрымаў Хіндэль.
«На каланчы гестапа», — ціха сказаў ён і, узяўшы за локаць, павёў у свой кабінет. Мы сталі ўдвух, беларус і немец, каля адчыненага акна і моўчкі глядзелі на плошчу, на злавесныя шыбеніцы, на якіх вецер гойдаў вяроўкі, на гестапаўцаў і на натоўп. Што адчуваў Хіндэль у той час? І ўвогуле, што за чалавек ён быў?
Прыехала «высокае начальства» — фельдкамендант Шміт, начальнік СД штурмбанфюрэр Бругер, афіцэры гестапа і СС. Следам за імі лакеі — бургамістр Цішчанка, начальнік паліцыі Лучынскі, іншыя здраднікі. Я шмат каго з іх добра ведаў. У мае падпольныя абавязкі ўваходзіла вывучэнне ворагаў.
І вось… Недзе ўнізе на Савецкай непрыемна зараўла сірэна. Два вялікія чорныя фургоны, за імі грузавік з эсэсаўцамі хутка выехалі на плошчу і, крута павярнуўшыся, спыніліся каля першай шыбеніцы. Гестапаўцы саскочылі з машыны, адчынілі дзверы фургонаў, па двое залезлі ўсяродак і пачалі выкідваць асуджаных. Так выштурхоўвалі спакутаваных людзей, што колькі чалавек не ўтрымаліся на нагах і ўпалі на брук.
Хіндэль прашаптаў па-нямецку:
«Нельга біць асуджаных. Сволачы!»
Здалёк яны былі падобны адзін на аднаго, нашы таварышы. Асабліва мужчыны. З чорнымі ад катаванняў тварамі, ускудлачанымі валасамі, у падраных сарочках, са звязанымі за спіной рукамі, босыя… Але ўсё адно я адразу пазнаў Паўла. Ён выскачыў з фургона не першы. Але адразу прайшоў наперад і стаў побач з чалавекам з белай галавой. Гэтага чалавека я таксама пазнаў. Разы два сустракаў у Паўла. З тых, каго я ведаў, ён быў, бадай што, самы старэйшы, выглядаў за паўсотню год. Але, знаёмячыся, назваў сябе, як юнак, сур'ёзна, без усмешкі: «Саша». Так да яго звяртаўся і Павел. У часе сустрэч чалавек гэты больш маўчаў і слухаў, што казалі другія. Але па тым, як ён слухаў, я адразу зразумеў, што гэта адзін з кіраўнікоў падполля. Калі пасля я запытаў у Паўла, хто такі Саша, той адказаў з хітрай усмешкай:
«Саша. Пакуль што проста Саша».
Тады нават крыху пакрыўдзіла, што мне, падпольшчыку, які выканаў ужо не адно баявое заданне, не давяраюць. Але канспірацыя ёсць канспірацыя, гэта я разумеў. І ўсё-такі цяпер мне шкада, што я так мала ведаў Аляксандра Якаўлевіча Дубецкага — другога сакратара гаркома. Ды і другіх таксама… Тады там, у пажарнай, помню, балюча было, што я не ведаю нават прозвішчаў сваіх таварышаў. Не, я ўсё яшчэ ліхаманкава думаў, як памагчы ім, перашкодзіць пакаранню. Няхай бы лепш і я і яны, асуджаныя, загінулі ад куль, у барацьбе, чым на шыбеніцах. Але што я мог зрабіць? Адзін мой рух — і мяне знішчылі б. Вязняў было больш чым чатырнаццаць. Я палічыў — дваццаць тры чалавекі. Шэсць жанчын… Але, жанчын было шэсць. Яны трымаліся разам, у цэнтры групы.
Фургоны адышлі. На іх месца стаў грузавік з адкінутымі бартамі, з прымацаванымі ззаду ўсходцамі. Па ўсходцах гэтых у кузаў падняліся два чалавекі — тоўсты гестапавец-кат, які вешаў вяроўкі, і малады фашыст у форме армейскага афіцэра. Юрыст. Ён пачаў чытаць прыгавор крыклівым голасам. Але дрэнна ён вывучыў расейскую мову, каверкаў словы, і толькі асобныя з іх я разбіраў. Звычайнае фашысцкае абвінавачванне ў бандытызме, забастоўках, дыверсіях. І раптам… усё гэтае з нямецкай дакладнасцю адрэпетаванае прадстаўленне было паламана. Звонкі і ясны жаночы голас заглушыў словы прыгавору песняй. Якой песняй! Той, якую я спяваў дагэтуль толькі аднойчы, шэптам, на кватэры ў Паўла. І слоў яшчэ ўсіх не ведаў. Але музыка яе жыла ў маім мозгу, у сэрцы.
Шыковіч адчуў нешта накшталт прыступу астмы: з шумам выдыхнуў паветра.
Яраш на момант змоўк, падняўся з зямлі і, стоячы, паўтарыў словы песні, ціха, пранікліва:
— «Идет война народная, священная война». І песню падхапілі ўсе асуджаныя. Матыў яе, без слоў, перакінуўся ў натоўп рабочых. Начальнік СД закрычаў, адарваўся ад світы, падбег да асуджаных, пагражаючы пісталетам. Гестапаўцы прыкладамі аўтаматаў глушылі песню. Бронетранспарцёр пасунуўся на рабочых, ледзь не задавіўшы паліцаяў. Даў чаргу кулямёт. Кулі прасвісталі каля нашага акна. Хіндэль баязліва адсунуўся за сцяну. А я глядзеў… Я глядзеў… Знік з кузава «пракурор». Застаўся адзін кат. І вось гестапаўцы за рукі паднялі туды першага асуджанага. Яны спяшаліся. Яны білі яго. Білі Паўла. Гэта быў ён. Павел не ішоў пакорліва. Ён так ірвануўся, што два дужыя гестапаўцы зваліліся з кузава на зямлю. Павел закрычаў у натоўп:
«Таварышы! Браты нашы і сёстры! Адпомсціце за нас! Біце праклятых фашыстаў! Каб духу іх не было на нашай зямлі. Мы паміраем з верай у перамогу! За Радзіму! За партыю нашу! За народ!»
Не ўсё, безумоўна, удалося яму сказаць. Яны білі яго, шматгалосым гоманам глушылі яго словы. Але ён крыкнуў менавіта гэтыя словы. Я пачуў іх сэрцам. І яшчэ ўбачыў, як да машыны падбег Лучынскі, доўгі, сутулы. Гэты панок, подлы нацыяналіст, заўсёды хадзіў з нагайкай. Войт, прыслужнік. Ён ударыў гэтай нагайкай Паўла па твары. Заварушыўся натоўп. Загаласілі жанчыны. Я не помню, што я зрабіў: застагнаў, заскрыгатаў зубамі?.. Але Хіндэль схапіў мяне за руку і пацягнуў ад акна.
«Адыдзі! Дурань! Ідыёт! Ты чуеш? Пачуюць». Ён лаяўся па-расейску, па-нямецку, у яго выцягнуўся, пабялеў твар і дзіўна трэслася барада. Я адпіхнуў яго. Але ў гэты міг, калі я адвярнуўся, Паўла павесілі. Машына адышла, і цела яго сутаргава курчылася ў паветры.
Павел! Паша! Друг ты мой дарагі! Ні да каго, здаецца, я не меў такой любові, як да цябе, вясёлы, ясны, сардэчны чалавек. Жудасна захаладала ў мяне ўсярэдзіне. Быццам спынілася кроў. І астылі думкі. Яны сталі цвярозыя, халодныя, жорсткія. І адразу прыйшло непахіснае рашэнне. Цяпер я ведаў, што мне рабіць. Я не выратую вас цяпер, сябры мае, бо адзін, без зброі, перад такой зграяй ашалелых ад крыві сабак. Але я буду помсціць. Помсціць! І першая кара будзе таму, каму вы калектыўна вынеслі прысуд. Лучынскі памрэ сёння!
«Сёння!» Відаць, я падумаў уголас, бо Хіндэль спытаў: