Я размалюю для цябе неба - Валерий Гапеев 7 стр.


— Пры чым тут разбурэнне. Вы мяне няправільна зразумелі.

— Маўчаць! Неадкладна ў аддзел! Працаваць дваццаць чатыры гадзіны на суткі! Паскорыць усё! Не адна, а ўсе чатыры станцыі павінны быць гатовыя і не праз дваццаць, а праз дзесяць дзён!

Яўген пайшоў у аддзел.

Тут ужо ўсе пра ўсё ведалі. Гэта адчувалася па засяроджанай працы і хвалі шкадавання.

Падчас кароткага абедзеннага перапынку Яўген адышоў з Анатолем ад усіх.

— Я вось думаў у вольны час, чаму ж Трубу Смерці так дбайна ахоўваюць? — нібы пра нейкую дробязь спытаў Яўген. — Што вы на гэта скажаце?

— Скажу, што ў вас шмат вольнага часу, — суха адказаў Анатоль.

— Можа і так. І вось яшчэ пра што падумаў: запусцім мы станцыю, і што будзе з залатым горадам, калі.

Ён не паспеў дагаварыць, ашаломлены тым, як перакасіўся твар старога інжынера, і якая хваля страху выплюхнулася ад яго.

— Маўчыце! Прашу вас!

Праз імгненне Анатоль зноў стаў абыякавым і спакойным. Памаўчаў, мабыць, збіраючыся з думкамі. Нарэшце загаварыў.

— Я доўга думаў пра гэта. Шукаў дакументы пра даследчыя экспедыцыі ў Цемру. Але ні адна з іх не вярнулася. Ваш канцэнтратар — апошняя надзея. Я меў рацыю. Нішто не можа быць зменена.

— Экспедыцыі не вярталіся… Але хто сказаў, што яны гінулі? Я — не веру, — суха адказаў Яўген.

— У што вы не верыце?

— У тое, што экспедыцыі былі…

— Вось як? Вы разумееце, што сказалі? — Анатоль не змог і цяпер схаваць свайго хвалявання.

— Разумею… Дарэчы, сачыце за маім пальцам, — Яўген павольна выводзіў на роўнай паверхні сцяны тыя самыя незразумелыя літары старой мовы, якія памяць дбайна захоўвала ўсе гады.

— Дзе… Дзе вы іх бачылі?

— У сне, — усміхнуўся Яўген. — Так сказаў мой Настаўнік.

— Мы сябравалі, — сцішана загаварыў Анатоль. — Яго перавялі ў Настаўнікі калі ён пачаў шмат часу аддаваць пошукам.

— Але ж ён нешта знайшоў? — Яўген імкліва павярнуўся тварам да Анатоля. — Ён прасіў мяне паверыць, толькі я не паверыў. Я бачыў па яго твары, вачах, што ён ведае сэнс гэтых літар!

— Гэта паданне. Іх сямейнае паданне. Прабачце, яго я вам расказаць не магу. Я і так нагаварыў шмат лішняга… Але мне мала засталося. Праз чатыры месяцы народзіцца тое жыццё, якое стане маім канцом…

— Так нельга! Нельга! — закрычаў Яўген, і на іх пачалі азірацца.

— А як можна? — безнадзейна уздыхнуў Анатоль.

Яўген не адказаў, пайшоў у аддзел.

Ніхто не адарваўся ад сваіх спраў, калі празвінеў званок, які абвясціў канец рабочага часу. У аддзеле ўсе працавалі. І толькі Яўген рашуча падняўся з-за стала, адсунуўшы ў бок прыборы.

— Да сустрэчы, сябры, — задуменна развітаўся ён і выйшаў.

Яго праводзілі ашаломленымі позіркамі.

Відавочна, навіна пра незразумелыя паводзіны Яўгена распаўсюдзілася вельмі хутка — ён адчуваў, як вакол яго ўзрастае пачуццё здзіўлення і страху. А потым адчуў насцярожанасць ахоўнікаў, калі звярнуў на пляц, да будынка Кіравання. Яго спынілі.

Яўген моўчкі, амаль урачыста, нібы выконваў незвычайны рытуал, прысеў, паклаў левую руку з бранзалетам на гладкую пліту паверхні пляца. У яго правай руцэ была заціснута важкая дэталь ад прыбора наладкі палёў.

Яўген размахнуўся і ляснуў дэталлю па бранзалеце.

Разам з аскепкамі бранзалета, што стрэльнулі ў розныя бакі, у знямелым жаху кінуліся ад Яўгена ахоўнікі. Яны ніколі яшчэ не бачылі такога надзвычайнага злачынства, амаль што святатацтва. І толькі іх старэйшы застаўся на сваім месцы. Яўген адчуў, колькі радасці выклікаў ён сваім учынкам у гэтага служакі: арыштаваць за самае страшнае злачынства перад Купалам, што можа быць лепшым для кар’еры!

Дзень пакарання смерцю прызначылі ў дзень арышту.

— Савет Кіравання не хоча смерці аднаму з разумнейшых сваіх інжынераў, — казаў Яўгену суддзя перад карай. — Скажу вам больш: Першы Кіраўнік жадае паказаць людзям сваю дабрыню і чалавекалюбства. Мы збіраемся вас памілаваць. Але для гэтага вы павінны прызнаць сваю віну, спаслаўшыся на кароткае вар’яцтва з-за напружанай працы. Акрамя таго, вы павінны расказаць, якім самотным і чужым самі сабе сталі ў той момант, калі пазбавіліся бранзалета. Г эта ўсё, што ад вас патрабуецца. Вы вернецеся да сваёй працы, паколькі яна павінна быць закончана. Праўда, жыць будзеце ў іншым месцы, і сям’ю завесці вам не дазволяць. Пакуль вам усё зразумела?

— Зразумела.

— Добра. Пасля вашага апошняга слова будзе зачытана рашэнне пра памілаванне.

Калі клетку з Яўгенам паднялі на пляцоўку перад Трубой Смерці, ён адшукаў сярод натоўпу маці. Яна плакала. Але твар яе быў напоўнены цёплым святлом любві і надзеі. Побач з ёй стаяла Ліна з сухімі вачамі.

Вяшчальнік чытаў прысуд, а натоўп перад Яўгенам у страху сціскаўся: за апошнія сто гадоў здзейснена самае страшнае злачынства супраць Купала: спроба ўтойвання і наўмыснае знішчэнне эмацыйнага бранзалета.

Потым вяшчальнік паведаміў, што Яўген можа сказаць свае словы.

Яўген не змог выпрастацца ў клетцы, таму ён проста сеў, перакрыжаваўшы ногі, чым выклікаў гул здзіўлення.

— Людзі! Я без бранзалета, таму не адчуваю вас. І вы не адчуваеце мяне. Але я скажу вам словы, якія ўсе вы зразумееце. Якія адчуеце без бранзалетаў.

Натоўп унізе здрыгануўся і заціх. І Яўген моцным, упэўненым голасам заспяваў:

Ён спяваў у поўнай цішыні, голас яго лунаў над людзьмі, а яны там, унізе, ашаломленыя, агаломшаныя застылі, і толькі вусны ў многіх ледзь-ледзь уздрыгвалі.

— Шпрыц! Калі ўкол! — узарваў цішыню рэзкі загад.

Назад Дальше