— Якая камуна? Што ты пляцеш?
— Я не пляту. Я, проша пані, усё адразу разгадаў. Гэты вось, Малец, — ён тыцнуў рукой у грудзі Даніку, — падвучыў іх сабраць грошы…
— Няпраўда, — перабіў яго Санька. — Мы не падвучвалі, мы грошай не збіралі…
— Сціхні ты! — крыкнуў Чэсік. Ён хацеў яшчэ нешта крычаць, але настаўніца спыніла яго і звярнулася да Даніка:
— Малец, ты купіў абаранкі?
— Я.
— А дзе ты ўзяў гэтулькі грошай?
— Мама дала.
— А навошта ты гэта зрабіў?
— Пані Мар’я, — умяшаўся Дулемба. — Я думаю, што ён маніць. Ты, дурань, гавары!..
Кіроўнічыха пачырванела і нейкі момант глядзела на Павука.
— Пане Каролю, — сказала цвёрда, з прыціскам, — я прасіла ўжо даць мне святы спакой. Гэта мой клас, і я сама разбяруся… Малец, навошта ты гэта зрабіў?
Данік глядзеў і не моргаў.
— У мяне сёння дзень нараджэння.
— Няпраўда! Ён маніць! — закрычаў Бэндзіньскі.
— А ты адкуль гэта ведаеш, Чэсь? — павярнулася да яго пані Мар’я. — Як можна так гаварыць пра калегу?
— Бо ён не ўсім па абаранку даў, а толькі па нейкім спіску. Вось па гэтаму — у Сурновіча!
Дурны Санька! Ён не схаваў у кішэню, а яшчэ ўсё трымаў у руцэ той лісток са сшытка. Настаўніца ўзяла лісток і пачала вадзіць па ім вачыма.
— На больш у мяне грошай не было, — гаварыў Данік. — Каб мама больш дала, дык я…
Пані Мар’я ўзняла позірк над спіскам і паглядзела хлопцу ў вочы. Доўга так, пранікліва. Аднак ён, па-ранейшаму, нават не моргаў.
— Так, Малец, — сказала нарэшце настаўніца. — Ты ў нас заўсёды нешта прыдумаеш. Больш мне гэтага не рабі. Нават і ў дзень нараджэння. Ты разумееш?
— Разумею, проша пані. Я больш так не буду.
— I добра. Цяпер, дзеці, канчайце хутка снеданне. Засталося на гэта, — яна зірнула на ручны гадзіннік, — чатыры хвіліны. Хадзем, пане Каролю, справа скончана. Дзеці — заўсёды дзеці.
У лютым, калі зіма пачынае прыхворваць адлігамі, якія з’ядаюць снег, калі пеўні пяюць на ўсё горла, думаючы, што вось ужо і вясна, — кіроўнічыха цяжка захварэла. Яе павезлі нават у павятовую бальніцу, а праз два тыдні прывезлі назад, і пані Мар’я ляжала дома.
Вучні сумавалі па ёй, а найбольш, здаецца, Данік. Роднай мовы цяпер — ні гадзінкі, і выхавацелька ў іх новая — худая, крыклівая панна Рузя, якая вучыць і нецікава, і нудна. Адзнакі запісвае ў тоўсты блакнот, які хавае ў чорную сумачку. З усіх пяці адзнак яна найбольш любіць «тры з мінусам» і за ўсё-ўсякае лаецца. Ад яе Данік упершыню пачуў чатыры новыя польскія словы — матолак, дрань і «божы конь».
Панна Рузя часцей за ўсё стаіць каля белай кафлянай грубкі, залажыўшы назад сухія бяскроўныя рукі з пярсцёнкамі. Грэецца.
Аднойчы, на рысаванні, яна стаяла так, а потым пачала:
— I не брыдка вам, драні? Ваша ранейшая настаўніца колькі ўжо часу хварэе, а вы?.. Хоць бы разочак схадзілі адведаць! Ганьба!..
На пераменцы клас загаманіў аб гэтым. Найбольш крычала Каза, — што яна, калі так, павядзе ўсіх сама. I пасля заняткаў дзеці пайшлі. Доўгай чародкай шлёпалі яны па мокрым снезе лапцямі, ботамі, чаравікамі, кідаліся снежкамі, крычалі. Уся вуліца, здаецца, ведала ўжо, куды яны ідуць.
— Не бойцеся, — гаварыла Каза. — Пана кіроўніка цяпер дома няма. Ён яшчэ вучыць у сёмым. У іх цяпер фізіка.
Дзядзька спаткаў іх у сенях каля парога, прымусіў яшчэ на двары паабціраць венікам ногі, а потым ужо загадаў:
— Ціхенька, хораша трэба, без шуму. Пані хворая. Ну, чаго ж вы? Стукайцеся ў дзверы і ўсё. Баіцеся? Эх, вы!..
Нават Каза і тая хавалася за другіх. I ўсе пачалі на Даніка:
— Ты, Малец, ты ідзі!
— Каторы гэта? Ён? — спытаўся дзядзька. — Ну, новыя боты, чаго ж ты, — валяй! А вы — за ім.
Дзядзька ўзяў Даніка за рукаў, падвёў да дзвярэй другой, «тыльнай» палавіны хаты і пастукаў у дзверы.
— Прашу! — адказаў яму знаёмы дзецям і так даўно не чуты імі голас.
Сівы шмаргануў носам і рашуча ўзяўся за клямку. Дзеці шыбанулі хто ў кут, а хто адразу на двор, і Данік апынуўся за парогам адзін.
— А, Малец, гэта ты! — пачуўся голас ад акна. — Прыйшоў адведаць, хлопчык, сваю настаўніцу? Як гэта хораша! Ды ідзі ж ты сюды, павітаемся! Ну?..
I пані Мар’я працягнула да яго рукі. Данік ішоў туды, як заварожаны. Яна ляжала галавою да акна, завешанага фіранкай, па шыю схаваўшыся пад беленькай коўдрай. Чорныя, кучаравыя валасы яе «полькі» растрэсліся на падушцы, а чырвоныя, нібы прыпухлыя губы ўсміхаліся. Калі Данік зусім падышоў, пад далонямі пані Мар’і загарэліся яго шчокі і вушы, а на лбе — зусім нечакана — горача цмокнулі пацалункам губы настаўніцы.
— Харошы мой!.. I чаго ж ты так засаромеўся? Ну, сядзь. Вазьмі вунь крэсла, каля стала.
Данік узяў тое крэсла, паднёс яго да ложка і сеў на краёчку. I гэтак няёмка яму!.. Боты — і выцер жа іх, здаецца! — усё ж такі наслядзілі на чыстай чырвонай падлозе.
— Ну, раскажы мне, Данік, як ты цяпер вучышся? За што ты двойку атрымаў?
— Не двойку, — адказаў Сівы. — Тры з мінусам.