Урок арыфметыкі - Вячаслаў Адамчык 2 стр.


— Ага…

Яна абняла мяне адною рукою, і на тонкім пярсцёнку ў яе бэзавым святлом мільгануў каменьчык. Я стаіўся ад нечаканага шчасця, з памяці зноў выплылі тыя дзіўныя словы: «I спраўдзіцца воля твая, і прыйдзе шчасце тваё…»

— А як з пастаўкаю? Нябось, слаба, га? — старшыня гаварыў ужо недзе з сенцаў. — Дык думай пра калгас, хадзяйка.

— Што ж… Я ўжо ні першая ні апошняя, — сказала мама, стоячы каля дзвярэй.

За старшынёю выйшла настаўніца. Дырэктар школы працягнуў з сенцаў руку. Часлава Карлаўна ўзялася за яе і асцярожна ступіла за парог. У сенцах, мусіць, на нешта спатыкнулася — залілася смехам. Зарагатаў дырэктар школы, і яны доўга чамусьці шукалі клямку.

У той вечар маме не спалася: яна гаварыла пра вайну, пра калгасы, а я драмаў пад гэтую гаворку, успамінаючы цёмныя вочы Чаславы Карлаўны, яе прыгожы твар і тонкі пярсцёнак з бэзавым каменьчыкам. I ноччу яе сніў. Мы хадзілі з ёю за рэчку ў карычнева-сіняваты голы алешнік, што пах ветрам і сырым холадам шэрае восені, зграбаць лісце. Набіралі яго поўныя дзяружкі і неслі дадому на подсціл карове, як неслі з мамай, па гнуткай кладцы, праз чужыя падворкі, — і з дзяружкі ў Чаславы Карлаўны ўсё падала мне пад ногі зрудзелае альховае лісце. Я ішоў па гэтым лісці — яно чуйна і мякка шапацела пад нагамі. Назаўтра мне ўспамінаўся гэты сон. А Часлава Карлаўна ўвайшла ў клас па-новаму прыгожая, іншая, чым у той вечар, — у шэрай куртачцы з пазалочаным замочкам, у просценькай спадніцы, у гумовых бліскучых ботах, завязаўшы пад бараду выцвілую празрыстую касынку, — і выдавала зусім маладою, жваваю, як дзесяцікласніца.

— Дзеці, мы паедзем у лес, — сказала яна, і на шчоках у яе задрыжалі ямачкі.

Клас зашумеў, затупаў ад радасці нагамі.

— Мы будзем загатаўляць дровы.

На школьным двары, выстраіўшыся, ужо стаялі старшакласнікі — падпяразаныя піламі, з сякерамі ў руках. Сякеры блішчалі халодным і вострым лязом. Наш клас прыстроіўся самы апошні. Мы пайшлі на вакзал. Дзесяцікласнікі не ў лад, збіваючыся, зацягнулі песню.

Да нас падбегла Часлава Карлаўна і ўзмахнула белымі рукамі:

— Ну, памагайце і вы!

Але песня ў нас не выходзіла. Мы заспявалі толькі ў вагоне. Часлава Карлаўна адчыніла акно — у вагон хлынуў тугі вецер і закруціўся разам з салодкім паравозным дымам. Часлава Карлаўна нямоцна зажмурылася, мусіць, радасна прыслухоўваючыся, як па твары чутна плыў і плыў вецер, як лёгка трапяталася над брывом, над вокам празрыстая пасма валасоў. Я ўсё глядзеў і глядзеў на яе.

З лесу варочаліся толькі мы — пяцікласнікі, старшыя класы засталіся начаваць. Мы ўсе пахлі дымам, смалою — мы сцягвалі і палілі галлё, і рукі ў мяне млява шчымелі і нылі. Каля мяне ў вагоне сядзела Часлава Карлаўна і таксама прыемна пахла сырым дымам, так, як пахла мая мама, калі паліла ў печы зялёным сасновым галлём.

Асалавелыя, маўклівыя, мы яшчэ цягнуліся з вакзала ў школу — па свае сумкі.

— А заўтра пойдзем яшчэ? — хітра пытала ўжо ў класе Часлава Карлаўна, і на шчоках у яе зноў выступілі непрыгожыя ямкі.

— Пойдзем, — як заўсёды, за ўсіх нас крыкнуў з апошняй парты Капейка.

— Толькі не забывайцеся пра арыфметыку. Ці ж усе рашылі задачу?

— Усе-е-э…

— А можа, хто хоча рашыць яшчэ адну? Я дам свой задачнік.

Усе маўчалі, бо ва ўсіх былі свае задачнікі, толькі я перапісваў умовы задач у Кіры Фахрушавай. Часлава Карлаўна глядзела на мяне і падышла да мае парты.

— На табе, Мечык.

Яна паклала задачнік на маю парту — я пачуў, як ён лёгка запах светлымі духамі.

Потым ён гэтаксама пах у нашай хаце — і, мне здавалася, у хаце зрабілася хораша, як бывае хораша перад вялікаднем, калі ў нас пахлі свежыя яловыя лапкі, пазатыканыя пад бэльку, і сыры жоўты пясок, якім мама пасыпала гліняны ток. Цэлы вечар я рашаў задачы, а мама ўпраўлялася з вячэраю — у печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы.

— Будзе госць, — гаварыла мама і не баючыся брала пальцамі яшчэ не астылы, што пераліваўся чырвона-сіняватым адлівам, вугельчык і кідала назад у печ.

I мне думалася, што гэтым госцем у нашай хаце будзе зноў Часлава Карлаўна, думалася пра тое, як мы заўтра зноў будзем ехаць у лес, будзе калыхацца жоўты вагон і будзе насупраць мяне сядзець Часлава Карлаўна, а я буду глядзець на яе белы прыгожы твар, на завушніцы, што будуць лавіць сонца, што будзе коса свяціць у наш вагон, на плячо Чаславы Карлаўны.

Але назаўтра раніцаю рэдка і буйна пасыпаўся дождж, і ў школу ўсе прыйшлі мокрыя, невясёлыя, што ніхто нікуды не паедзе, і пасля званка чакалі Чаславу Карлаўну — меўся быць яе першы ўрок, — прыслухоўваючыся, як у вадасцёкавай трубе холадна, аж шэрхне скура, шуміць дажджавая вада і нудна крычыць на школьным двары мокрая варона.

У клас, прыпазніўшыся, увайшоў фізрук, паныла сказаў, што будзе фізкультура. Толькі перад апошнім урокам перапалоханая, здзічэлая Кіра Фахрушава прынесла ў клас нечаканую навіну: сёння ноччу ў лесе параніўся і, можа, памрэ сын Чаславы Карлаўны — ён укінуў у агонь снарад. Кіра сціснула каля грудзей худыя кулачкі і заплакала першая, за ёю мокра зашморгалі насамі ўсе дзяўчаткі. Хлопцы панура маўчалі. Мне чамусьці было шкада не сына Чаславы Карлаўны, а яе самую. У мяне ў нейкай дзіўнай асалодзе закружыліся, замільгалі нечаканыя думкі: некалі Часлава Карлаўна забудзецца, што ў яе быў сын, а я прыйду і скажу, што хачу быць у яе за сына. I яна спярша заплача, а потым засмяецца, абдыме, пацалуе мяне, павядзе дадому. I я стану жыць у хаце з белымі фіранкамі, з цёплай пафарбаванай падлогай, з мяккімі ходнікамі — у такой самай хаце, у якую я заходзіў аднойчы з мамаю, яшчэ пры немцах, калі мы насілі прадаваць у мястэчка малако. I мяне будзе наведваць мама. А Часлава Карлаўна будзе нячутна хадзіць па ходніках у блакітным доўгім халаце з бліскучымі кветкамі, і з-пад халата будуць відны чырвоныя пантофлі з пушыстым белым кутасікам, як у той пані, якой мы прадавалі малако. Толькі ж куды дзенецца немалады, хмуры муж Чаславы Карлаўны?

На другі дзень у нашым класе замест арыфметыкі была зноў фізкультура. Была яна і на трэці… Міналі дні — ужо ў нашай школе ўставілі падвойныя рамы, ужо мы з мамаю на агародзе высеклі капусту, заклалі кастрыцаю падаконне, ужо раніцаю скрозь на і стрэхах шарэў марозік, шэрхла і цвярдзела зямля на дарогах — усе чакалі зімы, і да нас прыйшла выкладаць арыфметыку хімічка з сёмага класа — Чаславы Карлаўны не было.

Ужо аднойчы за акном марудна сыпаўся густы снег — у класе стала цёмна. Мы ўсё прыўставалі і глядзелі ў акно і не маглі дачакацца перапынку. I беглі ўсе на двор, дзе ляжаў сыры снег і крохка хрумсцеў пад нагамі, дзе ўжо мільгалі снежкі і цяжка гупалі ў дашчаты ганак, пакуль нехта не рассадзіў акно, пакуль не выбег той самы пануры вартаўнік, перавярнуўшы ў руках памяло. А Часлава Карлаўна ўсё не прыходзіла ў школу.

Я стаў адчуваць адзіноту, сумную шэрасць апошніх дзён восені і нейкую невыразную тугу, што Часлава Карлаўна не прыйдзе ніколі, хоць хімічка казала, што Часлава Карлаўна хутка выздаравее, што з бальніцы ўжо выйшаў яе сын, — але мне невядома чаму не верылася, і я думаў, што Часлава Карлаўна ніколі не будзе ведаць, што я яе любіў і што яна для мяне была самаю прыгожаю на свеце. А можа, і добра, што яна не дазнаецца пра гэта і ёй не будзе сорамна, як бывае мне, калі я думаю пра яе і ад сораму аж заплюшчваю вочы. Але мне хораша ад гэтых думак, асабліва раніцай, калі я адкрываю вочы і раптам успамінаю яе — і гляджу ў яснае акно, уяўляючы новы дзень, блізкасць зімы, празрыстага марозу, зыркага, пякучага снегу, сініх ценеў на снезе і зноў яе — Чаславу Карлаўну.

У школу Часлава Карлаўна прыйшла на трэцім тыдні: ужо была зіма, за акном сцішна і роўна калыхаліся сосны, ахапкамі з галля сыпаўся пухкі снег, церушыўся на ветры, калюча мігцелі на сонцы драбнюткія сняжынкі, бязважка плылі ў нашыя вокны і прыставалі да шкла. А Часлава Карлаўна глядзела недзе туды за вокны на сінявата-ясны дзень, на косае, разарванае на лапікі сонца, што калыхалася на сцяне ля дошкі, і раптам сціхала і пачынала зноў гаварыць нямоцным, ціхім голасам, і ёй, мусіць, было цяжка.

На трэцім тыдні прыйшоў у школу яе сын. З забінтаванаю, падвязанаю леваю рукою ён хадзіў па калідоры, вочы ў яго раз’ятрана блішчалі, за ім цугам цягнуліся дзеці, а поруч з ім хадзіў Капейка, лісліва яму ўсміхаўся і адпіхаў дзяцей. А я патаемна ўсё цікаваў за ім, за сынам Чаславы Карлаўны, і невядома чаму стараніўся яго.

А раз я стаяў на ганку. Была раніца, было адлежна: са страхі мякка капала ў рыхлы снег празрыстая вада, на страсе недзе на коміне валтузіліся і крычалі галкі, біліся дзеці ў мокрыя снежкі, знарок прытворна, як дарослыя, пішчалі дзяўчаткі і, засланяючы твар локцямі, уцякалі ў школу. Іх гнаў сын Чаславы Карлаўны. Расчырванелы, задыханы, ён спыніўся на ганку, сцягнуў з галавы ўсю ў снезе вушанку з бліскучаю кукардаю, абабіў вушанку аб калена, набычыўся і спытаў у мяне:

— Ты чаго ўставіўся?..

Я, мусіць, зачырванеўся і пастараніўся, каб уступіць яму дарогу, але ён падставіў падножку, я слізгануўся і, ускінуўшы рукі, расцягнуўся тут жа на парозе.

Каля нас ужо сабраліся і рагаталі дзеці. Я ўстаў, адчуваючы нейкі раптоўны глухі звон у вушах, а ў вачах у мяне, мусіць, ужо дрыжалі слёзы.

— Стой! — сын Чаславы Карлаўны дыхнуў адкрытым ротам мне ў твар.

Я пхнуў яго ў грудзі. Сын Чаславы Карлаўны хапіўся рукою за ашаляваны вугал ганка, хацеў яшчэ ўстояць на нагах, але аступіўся і неяк бокам, забінтаванаю падвязанаю рукою паляцеў з высокага ганка. З галавы ў яго звалілася і пакацілася аж пад капеж вайсковая вушанка з бліскучаю кукардаю.

Пачуўся раптоўны крык. Я ўбачыў, як з весніцаў ужо сюды, коўзаючыся на слізкай зледзянелай сцежцы, бегла Часлава Карлаўна.

Ад страху і нечаканасці ў мяне закацілася сэрца.

Сын Чаславы Карлаўны ўжо ўстаў і круціўся на адным месцы, шукаючы сваю шапку.

— Вось, сынок, вось. — Часлава Карлаўна падняла шапку, рукі ў яе дрыжалі. — Ты не пабіўся, не? Хто ж гэта цябе?

Яна стаяла белая, нейкая раптоўна збянтэжаная.

Назад Дальше