Стрыечница. Прытча пра жука-чарнацёлку. Пакупнік сноў - Юры Станкевіч 4 стр.


— Я не мент. Сястру маю Аню-«бульбашку» адпусціце з богам, — сказаў Змітрок Дашкевіч. — Пашпарт вярніце, і зараз.

— А-а, вось яно што. Прад’ява, значыць? А ты з «бульбашыі» прыбыў? Ат я радуюся… А ў вас там, як я чуў, не людзі жывуць. А лахі. — (Ён зрабіў націск на апошні склад.) — Гэта праўда?

— Сястру адпусціце…

— А мы яе сюды звалі? Вось няхай табе мае гракі скажуць. У нас — масажны салон. Яна, так бы мовіць, прафесію засвоіла. І — не малалетка. Яна, што — цябе сюды паслала? За пашпартам?

— Усё гэта — вада. Давайце па справе.

— Ну, ты мне ўвесь кайф абламаў. Мо цябе ў карты праіграць? — весяліўся карлік. — Дык ты не парся, усё ўстаканіцца, ха-ха!

Качкі лісліва захіхікалі.

— Аньку сюды! Хутка! — раптам сагнаў усмешку з твару карлік.

Прывялі стрыечніцу Аню. У вачах яе з’явіўся страх, і Зміцер Дашкевіч зразумеў, што дабром усё гэта не скончыцца.

— Значыць, ты, Аня, пашпарт хочаш і зліняць намылілася? Так?

Стрыечніца маўчала.

— А колькі бабла ты нам вінна — ведаеш? Можа, падлічыць?

Стрыечніца Аня раптам затрэслася ў плачы.

— Вы з бабай пра жыццё не вырашайце, — сказаў Зміцер Дашкевіч. — Я за ўсё адкажу.

— Аня, выйдзі.

Стрыечніца выйшла.

— Дваццаць штук. Гатоўкай, — сказаў карлік. — Думай хутчэй.

— Што ж, я пакуль пайду. Пагаворым у іншым месцы.

— Вы чулі, — спытаў карлік, — які мутняк вярзе гэты тормаз? Ён жа мне пагражае! Ён з’ехаў з разьбы, не інакш. Ды навучыце яго жыць, ха-ха… Праводзьце адпаведна!

Быццам чакаючы гэтага, «качкі» накінуліся на яго і, схапіўшы за рукі, пацягнулі вонкі. У холе да іх далучыўся і «вертухай». Білі ўтраіх ужо на ходніках, потым на асфальце.

Ачуняўшы, ён з трэцяга разу спыніў таксі. Таксіст неахвотна і падазрона агледзеў яго, але грошы наперад узяў і адразу палагоднеў.

— У бліжэйшы ламбард, — папрасіў Зміцер Дашкевіч.

У ламбардзе яго ветліва сустрэў малады чалавек з прылізаным праборам на яйкападобнай галаве.

Зміцер Дашкевіч зняў з рукі гадзіннік і паклаў на стойку.

— Можна дамовіцца без афармлення, — сказаў ён. — Я наўрад ці сюды вярнуся.

Малады чалавек пачаў старанна вывучаць гадзіннік, паклікаў яшчэ аднаго — пэўна, больш уплывовага дзялка.

— У вас нешта дрэннае з тварам, — заўважыў той. — Урэшце, гэта ваша праблема, хоць мы можам прапанаваць вам асвяжыцца. Вы з кімсьці пасварыліся?

— Я спяшаюся, — сказаў Дашкевіч. — Давайце па сутнасці. Я прапаную вам «ролекс» за палавіну кошту.

— «Штуку» гатоўкай.

— Паўтары. Вы ведаеце лепш за мяне, што гадзіннік каштуе ў дзесяць раз больш. Інакш я паеду ў іншае месца.

Яны пераглянуліся.

— Згода. Няхай па-вашаму.

Зміцер Дашкевіч забраў грошы і выйшаў. Таксіст чакаў яго, як і абяцаў.

— А зараз, — сказаў Зміцер Дашкевіч, — паедзем у бліжэйшую краму, дзе гандлююць зброяй. Дзеці, бач ты, цікавяцца пнеўматыкай.

Крама знайшлася хутка. У гэты час там было адносна пуста. Прадавец, малады мужчына бандыцкага выгляду, не выказаў аніякага здзіўлення, пабачыўшы нецярплівага наведвальніка са свежым крывападцёкам на твары.

— Чым цікавіцеся? — спытаў. — У нас, дарэчы, шырокі выбар. Усё, так бы мовіць, для самаабароны: пнеўматычныя і газавыя вінтоўкі, карабіны, пісталеты, рэвальверы. Ёсць проста пугачы, камуфляж. Ад сапраўднай зброі не адрозніш.

— Мне натура трэба, — сказаў Зміцер Дашкевіч. — Я заплачу, як належыць.

— Ну, не кісла, — усміхнуўся прадавец, але быццам і не здзівіўся. — Вы, гэта, не заходзьце з поўначы. Вы хто? Мент?

— А што — падобны?

— Ды не вельмі. Бачу, што не мясцовы. Акцэнт. Але зараз нікому нельга давяраць. Жыццё такое.

— Рызыка аплачваецца ўдвая.

Запанавала кароткая паўза.

— Што трэба? — раптам, панізіўшы голас, спытаў прадавец. — Коратка. У выглядзе намёку. А я, можа, зразумею, а можа, і не.

— Калісьці з «макарам» сябрукаваў, — сказаў Зміцер Дашкевіч.

Назад Дальше