Эрыніі - Юры Станкевіч


Міфы — гэта падзеі, якія ніколі не здараліся, але стала адбываюцца.

Цягнік з Мегаполіса грукатаў, вывяргаючы дым, які трапляў праз адчыненыя вокны і ў вагоны. У самым куце ля акна сядзеў малады чалавек, апрануты ў танныя тэніску і нагавіцы. На каленях яго месцілася дарожная сумка, а на лоб быў насунуты пашарпаны стэтсанаўскі капялюш. Акрамя яго і яшчэ двух-трох пасажыраў, у вагоне займалі месцы скрозь цёмнаскурыя і яўна выхадцы не з гэтых мясцін. Дзеці іх, рознага ўзросту, з віскам і крыкамі нахабна блыталіся пад нагамі. Вакол знарок брыдкасловілі, нават жанчыны, іншасказальна даючы яму зразумець, хто тут гаспадары.

Але малады чалавек не рэагаваў. Нават, меркаваў ён, калі б яны тут заняліся грумінгам ці пачалі мастурбіраваць — яму пляваць. Ён моўчкі глядзеў у вузкае расчыненае акно, за якім, змяняючыся, праплывалі пустынныя, выпаленыя сонцам краявіды з рэдкімі, убогімі пасёлкамі, і думаў пра сваё.

Стаяла адчувальная ліпеньская спёка. Слупок тэрмометра часам перавальваў за адзнаку сорак градусаў па Цэльсію ў цені. Шмат людзей, у большасці сталых гадоў, раптоўна паміралі ў гэтыя дні ў сваіх кватэрах-клетках, не абсталяваных кандыцыянерамі, у ліфтах, на вуліцах, ля крам, у іншых, часам не падыходзячых для такога, месцах. Дэфіцыт энергарэсурсаў у Мегаполісе толькі паглыбляў неспрыяльную сітуацыю; урэшце мала хто на гэта наракаў — пасля Катастрофы і такое існаванне лічылася амаль прымальным: на некалькі гадзін у суткі ўключалася святло, збольшага нават хадзілі аўто, працавалі крамы і выходзіла некалькі газет.

Сышчык КрымПа па імені Следак, з націскам на першы склад, але якога ўсе калегі і знаёмыя называлі Слядак (на слэнгу і азначае — следчы), выехаў з адмысловым заданнем у Паселішча. Ускосная прычына, з якой ён адправіўся ў далёкі шлях, была дастаткова кур’ёзнай, з дамешкам не зусім здаровай сенсацыйнасці, але цалкам падыходзячай для яго прыкрыцця.

Мясцовы апантаны на мянушку Імбэцыл, — а Слядак адразу вызначыў для сябе, што «паганяла», магчыма, поўнасцю супадае з рэчаіснасцю, — дасягнуўшы пэўнага ўзросту, што адпавядала ступені яго палавога выспявання, пачаў паводзіць сябе неадэкватна. Прастымуляваўшы эрэкцыю, ён эякуліраваў у прабірку, а потым разам з двума-трыма непаўналетнімі лавілі якую дзеўку ці жанчыну, валілі яе на зямлю, распраналі і спрабавалі здзейсніць штучнае асемяненне — выліць у яе эякулят.

Участковы паліцыянт у чарговай справаздачы пра злачынствы, якія рэгулярна скіроўваў ва Упраўленне ў Мегаполіс, паведаміў і пра гэта, просячы ў адказ класіфікацыі такога ўчынку і свайго рэагавання, але яму адказалі не зусім дакладна, параіўшы змясціць вар’ята ў ізалятар, а пасля хоць бы і афармляць на прымусовую лабатамію, што ў апошні час даўно ўжо не выконвалася. Потым, пэўна, пасмяяўшыся, на рапарт участковага проста забыліся, але ў зоне Паселішча, як і паўсюль, сярод вялікай колькасці забойстваў адзін за другім адбыліся два не зусім ардынарныя смяротныя выпадкі з прыкметамі гвалту, якія рэхам адгукнуліся і ў Мегаполісе. Сюды з гэтай прычыны, а яна і была асноўнай, і выехаў сышчык Слядак. Смяротныя выпадкі ніякага дачынення да Імбэцыла не мелі, у іх было шмат загадкавага, адбыліся яны на возеры ля Паселішча, і Слядак павінен быў у сціслыя тэрміны высветліць абставіны і разблытаць справы, аб’яднаныя ў крымінальным Упраўленні ў адну. Фармальна, для прыкрыцця, ён прыбыў па заяве на Імбэцыла. Ва Упраўленні нічога супраць не мелі, хіба што ўвялі ў курс справы мясцовага ўчастковага.

Слядак быў русавалосы, са светлымі вачыма, высакарослы трыццацігадовы мужчына, без прыкмет атлусцення і валасатасці на целе. Вынік этнічна блізкага шлюбу — бацька яго, жмудзін, паходзіў з Балтыі, а маці з беларускай сям’і — ён даволі змушана ўпісваўся ў стракатае навакольнае асяроддзе, у якім белае насельніцтва, нават у глыбокай правінцыі, было ўжо ў значнай і пагражальнай меншасці.

Урэшце ён праціснуўся да выхаду і пакінуў вагон. Мінуўшы абшарпаны будынак станцыі, ён рушыў у напрамку да шэрых адна- і рэдка двухпавярховых будынкаў — гэта і было Паселішча.

Участковы ўжо чакаў яго. Слядак ведаў яго мянушку, дадзеную мясцовымі — Шэрыф. Шэрыф аказаўся налітым сілай каржакаватым мангалоідам, распісаным на бачных участках цела, акрамя твару, шматлікімі «тату».

«Так, — сказаў ён Следаку, як толькі яны паціснулі адзін аднаму рукі. — Вычварэнца я трымаю ў нашым пастарунку. Дарэчы, вы б там, у Мегаполісе, паспрыялі, каб мне далі якога памочніка. Адзін я тут, вядома ж, не магу даць рады: вы ж ведаеце, усё скрыміналізавана, прагніло, тых, хто сумленна працуе меншае, і яны ўжо не могуць абараніць сябе».

Слядак уважліва агледзеў яго і выцер лоб насоўкай — было па-ранейшаму нязвыкла горача.

«Прызначце каго з тутэйшых самі», — параіў ён.

«Гэта немагчыма, бо тут свае законы. Ад страху ніхто на такое не рызыкне».

«Бяспраўе не толькі тут у вас, яно паўсюдна», — сказаў Слядак.

Абодва замаўчалі, прыглядаючыся адзін да аднаго. Сонца пераходзіла ў зеніт. Бязлітасная ліпеньская спёка апальвала іх твары. З далёкай мячэці пачуліся гукі паўднёвага намазу.

«Я тут агледжуся, — пасля непрацяглага роздуму сказаў Слядак, — пажыву пару-тройку дзён. А пакуль мне трэба дзесьці спыніцца. Нашы нескладаныя справы пачнём вырашаць ужо заўтра».

Шэрыф задумліва нахмурыў лоб. Яго раскосыя вочы ўтаропіліся ў нябачную кропку.

«Вам можна „кінуць косці“ ў старога Крэза, — урэшце сказаў ён. — Той жыве адзін, праўда, не надта сімпатызуе людзям, так што можа і адмовіць. Станоўчае тое, што ў яго хаце ёсць прыбудова і няма клапоў».

«Крэз — гэта прозвішча ці „паганяла“?»

«Паганяла».

Не згаворваючыся, яны рушылі з месца. Вострыя вочы Следака выхоплівалі фрагменты заняпаду: закіданыя смеццем люкі каналізацыі, брудныя лужыны, зграі варон, якія неймаверна размножыліся, і не толькі тут, пасля Катастрофы, спітыя твары нестарых яшчэ мужчын і жанчын. На кароткі міг туга авалодала ім, але ён звыкла вярнуў сябе ў стан штодзённых спраў і клопатаў.

«Што так? — працягваў размову Слядак. — Чаму такая мянушка? Ён што, такі багаты? Крэз — ха-ха…»

Шэрыф сплюнуў пад ногі.

«Ён бедны, як мыш з мячэці. Пэўна, мянушка і дадзена ў насмешку, ад процілеглага. Жартаўнікоў хапае».

«Вы сцвярджаеце, што ён амаль адзіны ў гэтым квартале, у каго чыста?»

«Так, ён вельмі ахайны. Тут па начах не толькі забіваюць, а і гадзяць адна групоўка другой, а больш белым: выкідваюць смецце абы-куды. Ну а ён прыбірае, на беразе возера асабліва. Яго лічаць юродам».

«Ён мясцовы?» — спытаў Слядак.

«Жыве тут даўно, а сам з Мегаполіса. На ім у мінулым адна „ходка“».

«I якая?» — пацікавіўся Слядак.

«Мутняк. Не за „дзялюгу“, наколькі я зразумеў. Я зрабіў запыт праз Сеціва і вось што даведаўся. Гадоў дваццаць назад ён лічыўся буйным навукоўцам, вёў нейкія распрацоўкі, адсядзеў тэрмін і там быццам пашкодзіўся ў розуме. У іх, „вучоных дзятлаў“, гэта здараецца часта, — Шэрыф выдаў з горла нешта накшталт кароткага хіхікання. — Ну а потым пачаліся зачысткі, пасля — Катастрофа, але ён ужо апынуўся тут, у Паселішчы. Спачатку за ім нават сачылі, ён павінен быў штодня адзначацца ў мяне на ўчастку, а потым плюнулі і ўвогуле запамятавалі. Ён, на іх думку, цяпер не ўяўляе небяспекі».

«А на вашу?» — спытаў Слядак.

Шэрыф задумаўся на некалькі секунд.

«На мой погляд, ён і цяпер небяспечны. Але вар’ят. Небяспечны вар’ят, ха-ха…»

«Дык ён белы?»

«Так».

Яны ішлі па доўгай, амаль прамой вуліцы, імкнучыся трымацца зацені. Групы падлеткаў, частка якіх у сезон працавала на плантацыях, а цяпер альбо займалася дробным крадзяжом, альбо, брыдкасловячы, суткамі бадзялася вакол будынка школы, замест якой, тлумачыў Шэрыф, як і ў іншых месцах, тут быў цяпер створаны забаўляльны комплекс.

Слядак уважліва разглядаў жылыя блочныя каробкі дамоў, якія больш нагадвалі баракі: з нізкімі, амаль плоскімі дахамі, комінамі над імі і маленькімі вокнамі. Часам яны перамяжоўваліся драўлянымі сялянскімі хатамі. Ля брамак і веснічак цёмнаскурыя дзеці і падлеткі адразу ажыўляліся пры іх набліжэнні. Яны яўна былі незадаволеныя ці рабілі такі выгляд і паводзілі сябе даволі нахабна: нешта гучна выкрыквалі, курчыліся і за спінай рабілі непрыстойныя жэсты.

«Нам не вельмі радыя», — пахмурна заўважыў Слядак.

«Да мяне яны прывыклі, а вы — белы, чужынец».

Дзве дзяўчынкі, мулаткі, мяркуючы па колеры скуры, з бояззю пазіраючы на Шэрыфа, наблізіліся да Следака і спыталі таго, ці не знойдзецца ў яго цыгарэты.

«Вось, — заўважыў, гыркнуўшы на іх Шэрыф, — праз год-два яны пойдуць па руках, а потым апынуцца ў бардэлях. Адзіная для іх перспектыва».

Слядак прамаўчаў. Думкі яго перакінуліся на іншае, а дакладна — на тую справу, па якой ён сюды прыбыў.

Першае забойства, а не няшчасны выпадак, як спачатку наўмысна яго класіфікавалі ва Упраўленні, адбылося каля двух тыдняў назад. Забіты — старэйшына шматлікай мясцовай цёмнаскурай групоўкі Іларыён — быў даволі багатым чалавекам і меў уплывовых сваякоў у Мегаполісе, якія адразу пачалі патрабаваць вышуку. Старэйшына, а паводле іх звычаяў купацца ў вадзе было забаронена, вырашыў паплаваць па возеры ў спецыяльна прыстасаванай для яго надзіманай гумавай камеры-лодцы без суправаджэння целаахоўніка. Камеру к вечару знайшлі, але пустую. Ларыён, як тут яго звалі, знік. Слядак ведаў, што дыягностыка смерці ад утаплення часта бывае цяжкай, толькі комплекс прыкмет і выкарыстанне лабараторных метадаў даследавання дазваляюць правільна ўстанаўліваць прычыну. Тым не менш пасля таго, як труп з утварэннем гніласных газаў усплыў — а тады, як і цяпер, было вельмі спякотна, — прыбылы судмедэксперт, якога запрасілі сюды за вялікія грошы, агледзеў яго, узяў на пробу для аналізу літр вады з вадаёма і зрабіў заключэнне. Слядак памятаў некаторыя самыя істотныя яго часткі. Паколькі нябожчык пры жыцці не пакутаваў ад ішэміі ці гіпертаніі, раптоўнасць смерці ад інфаркту ці інсульту амаль выключалася. Тып утаплення быў нехарактэрны. Пры сапраўдным утапленні ўзнікае тыповая асфіксія: спачатку рэфлекторная затрымка дыхання, якая працягваецца да хвіліны, потым вада трапляе ў лёгкія. Настае стойкае спыненне ў выніку паралічу дыхальнага цэнтра, а праз пяць-дзесяць хвілін і спыненне сэрца. Тут жа быў іншы выпадак.

Дальше