«Хацу, не хацу, — перадражніў яго Шэрыф, — а калі цябе не выпусцяць, а апусцяць датэрмінова, га? Ці, можа, гэта ўжо адбылося?»
Усцешаны каламбурам, Шэрыф аж рохкнуў ад задавальнення.
«Вось, — дадаў ён, звяртаючыся да Следака. — Хочаце што ў яго спытаць?»
Слядак падышоў бліжэй і ўключыў дыктафон надалонніка.
«Як вас зваць?» — спытаў ён.
Імбэцыл моўчкі разглядаў яго праз краты. У глыбіні яго вачэй тлелі боязь і нянавісць.
«Скажыце, — роўна і спакойна працягваў дапытвацца Слядак, — чаму вы здзяйснялі гвалт над жанчынамі такім дзікім спосабам?»
«Я іх не гвалціў», — адказаў урэшце вязень.
«Вы хацелі працягнуць свой род? Чаму вы не ажаніліся? У вас была якая сімпатыя?»
Шэрыф за яго спінай незадаволена насупіўся і іранічна хмыкнуў.
«Я не хачу гаварыць! — пачаў крычаць Імбэцыл і раптам сарваўся на істэрыку: — Пайшоў ты… сука!»
Ён павярнуўся і скіраваў у дальні кут.
«Стаяць! — зароў Шэрыф і падхапіўся на ногі. — А-ну сюды, мастурбант, маць тваю, зараз я цябе ўлагоджу!»
Ён выцягнуў з кішэні ключы, кінуўся да дзвярэй, адчыніў іх і вывалак Імбэцыла вонкі.
«А-а-а!» — узвыў той, відавочна напужаны.
«Лаў-кік» справа па вонкавай паверхні бядра прымусіў яго рохкнуць ад болю і апусціцца на падлогу. Слядак, які раней нейкі час, хоць і па-аматарску, займаўся рукапашным боем, адзначыў пэўны прафесіяналізм Шэрыфа.
«Устаць, жывёла!» — загадаў той.
Трымаючыся за сцяну, Імбэцыл падняўся з падлогі. Левая нага не слухалася яго і дрыжэла.
«Дык вось, — сказаў Шэрыф, — табе задалі пытанне: чаму ты не натурал? Можа, ты ўвогуле бертраніст, педык, стрыкер, заафіл? Гавары, вырадак, маць тваю!..»
І Шэрыф, не чакаючы адказу, правёў «лаў-кік» злева, па другой назе. Імбэцыл зноў паваліўся.
«Мне пара», — сказаў Слядак.
«Ды вы не спяшайцеся. Зараз ён пачне гаварыць. Такое вам нагаворыць, што яшчэ раз сюды прыедзеце па працяг. Падобныя на яго маньякі іншым разам становяцца горш за звера».
«Другім разам, — ветліва адмовіўся Слядак. — Магчыма, заўтра».
«Чуеш? — спытаў Шэрыф вязня. — Рыхтуйся да заўтра. Абдумай адказы, бо ты будзеш гаварыць шмат і доўга».
Слядак паціснуў плячыма і павярнуўся на выхад, бо ў ізалятары, да таго ж, адчувальна смярдзела. Ды што было тут пытаць?
«Клініка», — толькі і сказаў ён Шэрыфу. Урэшце, яго ў гэты час цікавіла і непакоіла зусім іншае.
Праз паўгадзіны, таропка і сціпла паснедаўшы купленай у краме бляшанкай кількі і чвэртачкай хлеба, Слядак рушыў на возера.
Сонца ўжо высока ўзнялося ў бязвоблачным небе. Выпаленая, пажоўклая трава на абочынах дарог і кволыя, напаўзасохлыя дрэвы не абаранялі ад пылу. Пах дыму з тарфянікаў казытаў лёгкія. Следаку было горача; як і раней, у кішэню ён, па парадзе Шэрыфа, паклаў з сабой нож. Хадзіць тут без яго было ўжо неяк нязвыкла. Да таго ж ноччу на ўскрайку Паселішча чулася страляніна, якая, праўда, праз некалькі хвілін спынілася. Шэрыф патлумачыў, што гэта, пэўна, ішла чарговая разборка паміж наркаманамі, і прапанаваў забраць рэвальвер, але ён адмовіўся.
Слядак пайшоў сваім старым шляхам — берагам возера на ўсход, пакуль не знайшоў адноснага ўзвышша, на якім крыва расло некалькі асін. Ён ускараскаўся наверх і выцягнуў з сумкі бінокль.
Цяпер большая частка возера, а таксама бліжні бераг былі перад яго вачыма як на далоні. Толькі далёкі востраў хаваўся ў лёгкім вэлюме дыму і прыбярэжнай зеляніны. Слядак лёг на зямлю і стаў глядзець у аб’ектыў. Часам ён прыпыняўся і даваў вачам адпачыць. Ён тады клаўся на спіну і слухаў ціхі плёскат хваль аб бераг і крыкі варон. «Што там балбатаў часам неадэкватны, як відаць, Крэз пра міфічных эрыній, якія быццам пасяліліся на востраве? — меркаваў ён. — Але ці такі ён неадэкватны дзівак, за якога сябе іншым разам выдае? Яго інтэлект раз-пораз адчувальна выпірае з яго супраць яго ж волі і жадання. Безумоўна адно: пэўна, напужаны зачысткамі ці чым іншым, Крэз залёг тут на дно і пра многае маўчыць. Асабліва цяпер, калі жыццё чалавека ў Паселішчы, тым больш у Мегаполісе, а ўрэшце і ў іншых рэгіёнах, не вартае і пляўка».
Слядак зноў лёг на жывот і паднёс да вачэй бінокль. Невялікія хвалі беглі па паверхні возера, слабы ветрык варушыў на востраве прыбярэжныя зараснікі і вербалоз над імі. «Як ціха, — падумаў Слядак. — Цішыня — лепшае, што я тут чуў». Пачуццё спакою і душэўнай раўнавагі зноў на кароткі час ахапіла яго. Чалавеку, зрэшты, не так і шмат трэба: ежа, сон, сям’я. Душэўны спакой. Але для большасці гэта цяпер недасяжная мара…
Слядак успомніў, як у час Катастрофы загінулі яго бацька і маці. Яшчэ напярэдадні некаторыя найбольш «прасунутыя» навукоўцы (дарэчы, усе яны потым трапілі пад «зачыстку») пачалі выказваць і сцвярджаць дзікія, нават вар’яцкія думкі. Яны казалі, што чым раней адбудзецца агульная цывілізацыйная Катастрофа, тым лепш. І што інакш «энергія адтэрмінаваных змен» будзе настолькі вялікая, што перакрые сабой патэнцыял выжывання ўсяго чалавецтва. Яны папярэджвалі, што з моманту яе пачатку пераход у стан хаосу будзе непазбежным, што, урэшце, і здарылася.
Але перадусім у свеце, як заўсёды перад вялікай бядой, нечувана распаўсюдзіліся танны папулізм, крымінал, жорсткасць, подласць, хцівасць, нянавісць, хамства, абрынуўшы апошняе, што трымалася за рамкамі элементарнага выжывання. Пакуль… пакуль і не адбылася тая самая выпадковасць. Трынаццацігадовы хлопчык, геніяльны хакер ад нараджэння, які нейкім чынам праз Сеціва здолеў узламаць камп’ютэрную абарону адной з атамных электрастанцый, запісаў у ячэйкі памяці электроннай сістэмы паразітычны модуль, які памяняў параметры ўводу стрыжняў у актыўную зону рэактара. Вылічальная сістэма, якая абслугоўвала станцыю, выдала няправільны загад робатам, якія загружалі ядзернае паліва ў рэактар. Пачалася некантралюемая ядзерная рэакцыя і — адбыўся выбух накшталт чарнобыльскага. А другога Чарнобыля чалавецтва ўжо не адужала.
Выпадак аказаўся знакавым. Была, разам з людзьмі і наваколлем, знішчана адна са шматлікіх атамных электрастанцый, праз што на іншых, у тым ліку і звычайных, пачалі спрацоўваць сістэмы абароны, адключаліся блок за блокам, спыняліся турбіны. Праз кароткі час былі выведзены з ужытку гіганцкія магутнасці — каля мільёна мегават. Адбыўся збой ва ўсёй сусветнай энергетыцы. Абрынуліся біржы, грошы згубілі сваю каштоўнасць. Спыняліся цягнікі ў падземках, гаслі святлафоры, не паступала вада, людзі засядалі ў ліфтах, асабістая бяспека стала ілюзіяй, бо на вуліцы адразу выйшлі банды падлеткаў. Праз энергетычны калапс і наступнай панікі і дэзарганізацыі загінулі ўсе навігатары з першай касмічнай базы на Месяцы. Слядак успомніў, як раней у спецакадэміі ім чыталі курс лекцый і ў якасці прыкладу схільнасці да імгненнай дэградацыі і дэгуманізацыі прыводзілі сітуацыю стогадовай даўніны, калі ў мэтах маскіроўкі цалкам забаранілі выкарыстоўваць святло ў адным з гарадоў на мяжы былога Саюза і маленькай заходняй краіны. Праз кароткі час у горад рынуліся крымінальнікі з усіх канцоў так званага Саюза. Пачаліся масавыя рабаўніцтвы, забойствы, гвалт. У людзей дзеля садысцкай забавы адразалі насы, вушы, губы, геніталіі. Чалавечае жыццё адразу стала фікцыяй. Прыкладна тое ж адбылося і дзесяць гадоў назад. Тэхнагенная катастрофа супала з экалагічнай. Чалавек, звыкла адчуваючы сябе ў штучнай экалагічнай нішы, аказаўся безабаронным, без медыцынскай падтрымкі. Пачаліся эпідэміі. Сотні тысяч людзей, а потым і мільёны гінулі ад недахопу чыстай вады, медыкаментаў, якія амаль цалкам былі падробленымі. За дозу сапраўднага інсуліну забівалі. Антыбіётыкі каштавалі неверагодных грошай, але нават і за золата неўзабаве нельга было дастаць нічога.
Бацькі яго загінулі ад эпідэміі тыфу. Ён здолеў уратавацца.
…На кароткі міг ён задрамаў, але імгненна ачуняў: рэха быццам данесла да яго чыйсьці смех… Зноў смех. Ён успомніў, як учора плыў тут і чуў усё той жа пранізлівы голас над галавой.
Слядак паднёс бінокль да вачэй і навёў акуляры аб’ектыва на востраў. Міжволі ён страпянуўся: вялізны цень імкліва праплыў над зараснікамі і знік, а за ім другі. На гэты раз Слядак добра разгледзеў белыя крылы, выцягнутую птушыную шыю і шэрае цела гіганцкай птушкі. Дзе ён бачыў такіх вялікіх птушак? Ён быў вымушаны прызнаць, што ні разу ў жыцці такіх не сустракаў. Хто гэта? Вароны? Але яны значна меншыя ў памерах. Каршун? Але каршун таксама не мае такога размаху крылаў і да таго ж наўрад ці будзе жыць у балоце. Чайкі? Але ж такія вялікія? Што там, дарэчы, плявузгаў стары Крэз пра чаек і эрыній? Слядак выцягнуў надалоннік і звязаўся з упраўленнем.
«Пракансультуйцеся з якім біёлагам ці праз Сеціва, — папрасіў ён. — Мне трэба ведаць пра птушак, хутчэй за ўсё гэта чайкі: ці існуюць сярод іх асобіны вялікіх памераў і ці ў стане яны напасці на чалавека і, напрыклад, у вадзе знішчыць яго?»
Слядак зноў узяўся за бінокль і навёў аб’ектыў. Панарама вострава марудна плыла ў яго перад вачыма. Хмызняк, кволыя, скрыўленыя дрэвы, іржавыя лужыны балотцаў, пакрытыя раскай трава, зараснікі. Пуста. Але ж ён бачыў птушак. І вельмі вялікіх.
Праз некалькі хвілін надалоннік засігналіў, і ён прыняў паведамленне. Слядак стаў чытаць на дысплеі:
«Падвід чаек, так зв. чайка серабрыстая, рагатуха (larus arqentatus) — нешматлікі гняздоўны від, корміцца рыбай, грызунамі, ягадамі. Даўжыня цела да 1 м, размах крылаў да 2 м. Маса — 1,5–2 кг. Апярэнне белае, спіна блакітнавата-шэрая, канцы крылаў чорныя. Дзюба жоўтая, ногі бледна-жоўтыя. Голас „йах-йах-йах…“. Кладка з 2–3 яец. Наседжанне 26–30 дзён. У гэты час асабліва агрэсіўная. Зафіксаваныя напады на плыўцоў са смяротным канцом. Зімуе на Паўночным моры».
Слядак успомніў, як вырашыў яшчэ ўчора, што сплавае на востраў, але і цяпер адклаў гэта на потым: ён спачатку знойдзе якую лодку і захопіць з сабой зброю, можа, нават возьме на гадзіну ў Шэрыфа свой рэвальвер.
Ён спусціўся са стромістага берага і пакрочыў назад, у Паселішча. Некалькі разоў яму насустрач трапляліся сапраўдныя апушчэнцы: абадраныя, у зашмальцаванай вопратцы, з апухлымі сінімі тварамі. Ад некаторых за некалькі метраў несла мачой. Усе яны прасілі грошай на дзікай сумесі існуючых у гэтых месцах моў.
Ужо на падыходзе да крайніх халуп ён напароўся на чацвярых цёмнаскурых падлеткаў, якія, пэўна, па чарзе савакупляліся з белай малалеткай, якая моўчкі ляжала ў траве, рассунуўшы ногі. Слядак разагнаў іх выспяткамі, а малалетку, запалоханую і ачмурэлую, павёў дамоў, папярэдне спытаўшы, дзе яна жыве. Наўрад ці тут быў гвалт, але Слядак адразу ўспомніў пра сястру і з цяжкасцю стрымаў сябе ад самасуду: урэшце, гэта тут цяпер, як ён ведаў, была звычайная з’ява.