«Яна скажа вам гэта пры асабістай сустрэчы. Вось я пакідаю вам нумар яе надалонніка».
Лёгкімі рухамі дзяўчына скінула з сябе сукенку, а потым і ўсё іншае і зноў лягла на ложак.
Жанчыны Мегаполіса ў сваёй асноўнай масе былі не такія. Маленькія, з нямытымі валасамі галоўкі, блатная мова, крыклівасць, істэрычнасць. Разам з тым амаль атрафіраваная здольнасць нараджаць дзяцей, гатаваць больш-менш прыстойную ежу, ранняя даступнасць — доза ці алкаголь, альбо грошы, альбо якія танныя пацеркі ці завушніцы і абсалютная адсутнасць хоць якога намёку на пачуццё нацыянальнай, у рэшце рэшт, агульначалавечай годнасці.
Многія з іх, як ён лічыў, набылі характэрныя рысы істэрычна-мазахісцкага псіхозу, які іншым разам выяўляўся вельмі дзіўнымі ўчынкамі. Так, некаторыя ішлі ў паслугачкі да цёмнаскурых, станавіліся там ніжэй за рабынь, другія абкрадалі сваіх бацькоў і з украдзеным уцякалі ў іншыя землі да якога-небудзь Мустафы, трэція нараджалі мяшанцаў, чацвёртыя кідалі іх на волю лёсу. Асабліва здзівіла яго адна гісторыя пра дзяўчыну, якая ўвесь час збірала грошы, каб паехаць за акіян, у Індыю, дзе жыў яе любімы кінаакцёр. Яго фотаздымкамі яна заклеіла ўсе сцены ў сваёй кватэрцы і штодня малілася на іх. Патрэбнай сумы аніяк не збіралася, і яна пачала разносіць «дазняк», потым абрабавала і задушыла нейкую старую, трапіла ў турму, але і там пачынала кожны дзень з пацалунка фота яе далёкага абранніка і марыла пра тое, як яна выйдзе на волю, назбірае грошай і паедзе ў той горад ды ўсяго толькі пройдзецца па той вуліцы, падыхае тым паветрам, дзе знаходзіўся яе кумір…
З гэтай было нешта іншае. Механічная пакорлівасць лялькі, гатоўнасць выканаць любое жаданне, пусты позірк.
Слядак думаў нядоўга, у рэшце рэшт ён нічога не губляў. Натуральнае здаровае жаданне варухнулася ў ім пры выглядзе гэтага аголенага маладога цела. Тым не менш ён выцягнуў з сумкі прадукты, якія набыў у краме, паклаў на стол, туды ж паставіў і бутэльку віна, пасля чаго спытаў, ці не хоча дзяўчына павячэраць разам з ім?
Моўчкі тая падхапілася з ложка, накінула на плечы коўдру і пачала наразаць хлеб.
«Ты даўно ў Зары?» — спытаў Слядак.
«Так», — кіўнула дзяўчына.
«Дзе твае бацькі?»
«Не ведаю».
«Прастытуцыя — твой асноўны занятак?»
«Не заўсёды. Я — пакаёўка».
Распытваць далей не было сэнсу. Слядак хацеў сабраць са стала рэшткі ежы, але дзяўчына яго апярэдзіла і хутка зрабіла ўсё сама. Яна скінула з сябе коўдру, якая вісела на ёй накшталт хітона, і зноў апынулася ў ложку. Слядак, пакуль тое, схадзіў да Крэза і аднёс яму віна.
«Мне прыслалі дзяўчыну на ноч», — паведаміў ён.
«Хто?»
«Зара».
Крэз крыху падумаў.
«Значыць, ёй трэба паслуга ў адказ, — урэшце выказаў ён сваю думку. — Тут усё не проста так».
Вярнуўшыся, Слядак не стаў пытаць дзяўчыну ні пра яе імя, ні пра што іншае. Дый што можна выведаць у робата, зомбі?
У ложку яна механічна выконвала быццам запісаную ў ёй раней праграму: пачала з аральнага сексу, потым села на яго верхам, ашчаперыўшы нагамі, — поза, забароненая мусульманамі, — і нават аргазм, якога яна ўрэшце дасягнула, быў у яе ціхі, нібы прытоены.
Ноччу Слядак прачынаўся — ён заўсёды спаў чуйна. Пад раніцу, а світала хутка, у Паселішчы зноў пачуліся стрэлы, ён выйшаў вонкі, захапіўшы нож, але неўзабаве ўсё сцішылася, і ён вярнуўся. Дзяўчына ляжала на канапцы ў куце — ложак быў цесны для дваіх, і як ён вырашыў, ужо не спала, хоць вочы яе былі заплюшчаныя. Слядак паваліўся ў ложак, сунуў нож пад падушку і нечакана для сябе моцна заснуў.
Калі ён прачнуўся, дзяўчыны ўжо не было. Ён апаласнуўся пад самаробным душам на падворку і пагаліўся. Выпадкова Слядак убачыў, як Крэз, азіраючыся, нешта таропка прыкідваў ля плота зямлёй. «Што б гэта магло значыць?» — падумаў Слядак і вырашыў праверыць пасля.
Збольшага паснедаўшы, ён зноў даў старому грошай і папрасіў таго набыць у краме прадуктаў.
«Агаладаліся? — спытаў той з іранічнай усмешкай. — Як прайшла ноч?»
«Непадалёку стралялі. Я выходзіў на двор».
«З дзяўчынай ці адны?»
Слядак усміхнуўся, даючы зразумець, што адчувае гумар, і сказаў:
«Я да ўчастковага, а потым зайду да той самай Зары. Падарунак, пэўна, трэба адпрацаваць?»
У Шэрыфа сядзеў Штучнік. Тое, што гэта менавіта ён — асноўны інфарматар участковага, Слядак чамусьці здагадаўся адразу. Гэта быў невысокі ў гадах чалавек з выбягаючым наперад ілбом і выступаючай яйкападобнай патыліцай. У анфас галава яго нагадвала пілотку. Урэшце, ён выглядаў даволі акуратна і нават прыстойна, бо нягледзячы на спёку, быў апрануты ў адпрасаваныя штаны і пінжак і нават пры гальштуку.
Пабачыўшы незнаёмага яму наведвальніка, Штучнік вымушаны быў сысці. Зрабіў гэта ён з яўнай неахвотай.
«Ноччу стралялі», — сказаў Слядак, сядаючы ў крэсла, з якога раней падхапіўся інфарматар.
Шэрыф паціснуў плячыма.
«Што вам паведаміў Штучнік, калі не сакрэт?» — спытаў Слядак.
«Чаму вы вырашылі, што гэта ён?»
«Ды годзе, я яго адразу „прабіў“».
«Так, — праз паўзу здаўся Шэрыф. — Гэта ён, і прыйшоў да мяне з чарговым, так бы мовіць, „паведамленнем“. Можаце азнаёміцца. Магчыма, гэта вас зацікавіць».
Шэрыф адкрыў сейф, выцягнуў адтуль аб’ёмістую папку і дастаў з яе верхні ліст.
«Чытайце», — сказаў ён.
Слядак узяў з яго рук паперку і пачаў чытаць. Данос быў кароткі:
«Паведамляю наступнае. Некалькі дзён назад у пасяленца на мянушку Крэз спыніліся і правялі амаль суткі трое жанчын, якія ўцяклі з працоўна-папраўчых работ. Крэз не паведаміў пра іх, хоць павінен быў зрабіць гэта адразу. Куды зніклі жанчыны — я не ведаю. Наконт Крэза даводжу, што ён па-ранейшаму з’яўляецца прыхільнікам варожай тэорыі пра тое, што наша дэмакратычная Цывілізацыя, якая служыць народу, не з’яўляецца базавай, а існуе ў Сімуляцыі.
10.06.2036 г. Штучнік (псеўда)».
«Некалі, тады яшчэ існавала школа, ён працаваў настаўнікам гісторыі, — сказаў Шэрыф. — Цяпер вось знайшоў сабе занятак. Зрэшты, ён „даносіў“ і раней. Хобі».
«Спадзяюся, вы не дасце гэтаму ходу?» — спытаў Слядак, вяртаючы паперу.