Як толькі свята, і ў Баркаўцох Пархіма цяжка злавіць — як звалачэцца дзе ў дзесятае сяло, дык з раніцы да вечара будзе там круціць галаву.
Меншы Юстапаў сын Савоста многа спакайнейшы, можна сказаць, удаўся хлопец. Тады, як сыпаліся агоньчыкі за Юстапаў шчыт, як завялася гара пасярэдзіне вёскі ды шмат усякіх іншых датваралася штук, Савоста пільнаваўся дому. Не выжвараў ён лішняе з адзежаю. Толькі ў пялёнкі адзяваўся, і добра, хораша яму было. Калі яшчэ маці, Прузына Юстапіха, умітуські спаўе — вунь якая рызыка была малому Заблоччыку. Бо не абы-які той пояс быў: зялёнымі завушніцамі па белым полі вытканы ён.
Пра Савосту ў такіх гадох, на добры лад, і казаць няма чаго: ніякіх здарэнняў не было ў яго, без жадных прыгодаў ляжаў у калысцы. (А любіў Заблоччык здарэнні, не адкінуў бы ён і прыгодаў). Надта ж цікава было малому носам памацаць зямлі, дазнацца, ці цвёрдая яна. (А даўней жа ў хатах падлогі нават і ў такіх багатыроў, як Юстап Заблоцкі, не было). Усё з калыскі Савоста парываўся, каб галавою ўніз цераз край перавесіцца. Hі хадзіць, ні поўзаць не ўмеў яшчэ, а ўжо прабаваў, каб як лятаць паспрабаваць, каб перш-наперш гэту хітрасць рабіць налажыцца. Мелася ў яго быць калі-небудзь такое здарэнне, але не праз каго чужога, праз сваю мацеру, ліхадзейку Прузыну, не здарылася яно. Быў ёй дурны страх, што ссадзіць нос малое.
— А-а, люлі!.. — бывала, цягне яна над калыскаю сваім нядэшлым голасам. — Люлі, люлі-люліша! Каток дзеткі калыша… — Калі ж ні Прузына, ні каток — ніводнае з іх не дасць плаксіваму дзіцяці рады, тады яна яму забаўку падсуне: сваёю абвіслаю торбаю плаксівы рот закаркуе. Калі ж і гэта не помач — «воваю» пастрашыць, дакляруе старцу аддаць за непаслушэнства. Скажа:
— Ціха, Савостачка!.. Ціха, дзіцятка!.. Спі…
Не было і ў тым ніякага здарэння, што калі надыдзе Ян, дык перад Янам увечары купалле ўсякі раз бывае. Пра гэта нават з песні людзі ведаюць, што «сягоння купалле, заўтра Ян». Год у год так бывае.
І песні на купалле не здараюцца, а павінны быць. На купалле не толькі з песень, але і многа з чаго няма ніякага здарэння. Калі назаўтра, на Яна, пойдзе каторы чалавек поля паглядзець ды ўбачыць у пшаніцы лагво. Не будзе ён дадумляцца, што тут рабілася, як гэта здарылася. Трэба ж дзяўчатам у пшаніцы пакупацца ў купальскую вясёлую ноч. Трэба ж змыць з сябе чарнату, загару свае працы, прыдабыць сабе харашэйшай, бялейшай пшанічнай красы. І не будзе на іх маракаваць змыслы чалавек.
Але пакуль варагі, пакуль купацца ў пшаніцу ціхенька ад хлопцаў уцячы, мелі моду дзяўчаты збірацца на Андруковай прызбе, па-суседству з Заблоцкім.
Хоць і любіў прыгоды Заблоцкіх малы, хоць і спадзяваўся на неспадзяванае здарэнне, але баяўся ён гэтай песні. Заплюшчыць вочы, каб тае «вовы» не бачыць, што сядзіць на плоце проці Заблоцкіх акна, і ў хату пазірае. Мелася, на дзяціны Савостаў розум, тут здарэнне быць. От зараз, здавалася малому, здарыцца яно. Зараз «вова» з доўгаю белаю торбаю адчыніць дзверы ў хату, старэчага скажа «пахвалёнага». Дармо, што ў «вовы» галоўка ў злоце, страшная яна, як і гэты доўгі плаксівы голас у песні.
Марная Савостава надзея была: здарэння не здарылася. Уцяклі з вуліцы дзяўчаты сабе пшаніцы шукаць. І немаведама дзе дзелася «вова» з-пад Заблоцкіх акна. Не здарэнне, а чыстая бяда была Заблоцкім з гэтаю пеўчаю прызбаю. Каб гэта было здарэнне, каб урэдкаю: у два, у дзесяць год, дый то як пападзецца толькі можна было тут песню сустрэць, тады б адчыніла Прузына акно, на ўзлакотках узаперлася б на падаконнік ды людской весялосці паслухала. Неяк бы ўняньчыла малога, неяк гаварыла б, што нічога тут страшнага няма. Тады і малы прыгледзеўся, прыслухаўся б, сказаў бы:
— Мама, от цаца…
A то прыслухаліся Заблоцкім дзявочыя песні. І не залюбіў малы купалля, а яго маці «курч» ненавідзела. Бывала, як пачуе ўвечары з вуліцы: «Акончыў курс свае навукі…» — усякі раз не датрывае Прузына:
— Ізноў гэты ненавідны «курч» зяваюць. Ад’еў ён мне вантробы!
Няма на Прузыну сну праз гэты ненавідны «курч».
— Пайдзі ты, бацька, — скажа яна на Юстапа, да багатыра Заблоцкага, — праштыр іх там з вуліцы: яшчэ дзіця пабудзяць.
І гэта не здарэнне — не раз так было, — што ўстане з ложка Юстап. Ва ўсім белым, ускінуўшы на плечы доўгі кажух, выйдзе ён на двор. Стане ў варотах ад вуліцы.
— Каб вы на жывот зявалі! Каб вам пазачыняла, пазакладала!
Аднаго «курчу» Прузына цярпець не магла, а Юстап і ўсіх песень не надта ўважаў. Толькі як калі ўвечары з карчмы дадому вяртаўся, любіў з песняю ў сваю хату дзверы адчыняць.
Самая вясёлая песня, якую любіў ён.
Не за Юстапаваю бытнасцю, а ў яшчэ даўнейшыя, даўней надта ж шанцавала п'яным на розныя дзіўныя прыгоды. Няма цяпер ім гэтае выгады. Прыстане ідучы каторы: як ужо добра ўлукаткі пойдзе яго дарога. Самлеюць хаджалыя ногі. Абсунецца чалавек на зямлю.
— І ляжы. Чорт цябе бяры! — скажуць на яго людзі, гэта гора ўбачыўшы, даўнейшым словам.
Цяпер на ўзві-вецер ідзе людское слова. А даўней і праўда было, браў чорт п’яных, меў на іх ласку — к сабе ў госці заклікаў. Утоміцца каторы ідучы, дык чорт такога добрага стаеннага каня дасць, што толькі глядзець. А не можаш сам сесці на яго, залішне гарэлкі перадаў, цяжка з сабою падымаць яе — чорт ласку зробіць: падсадзіць. Цалюткую ноч на тым стаенным кані будзе па сваіх маёнтках, па балоце, па куп’і вадзіць. А пад раніцу разгледзіцца, вочы пратрэ чалавек. Сядзіць ён на яловым карчы ці так на якой ламачыне. Плюне, працверазіўшыся, ды пойдзе памаленьку дадому.
— От, — скажа, дадому прыйшоўшы, — са мною прыгода была.
Ого, даўней! Было тады чым п’янаму пахваліцца. Але чакайце, можа, яшчэ што і ў Заблоцкіх будзе. Вы чуеце! Вунь Прузына.
— Ужо сыскаўся, п’яніца, — з свайго запеку сварыцца на Юстапа.
— Тут, сучка! На-цю-на!..
— А што? От зараз… — Вы не глядзеце, што Юстап на ложак кладзецца, як бы ўжо ён знябыўся. Гэта так… Тут нейкая хітрасць.
— Савоста! Савоста!.. — кліча бацька к сабе сына.
Савосту ўжо быў шосты год пайшоў. Ужо і ногі, і язык добрыя ён справіў сабе. Толькі нешта не слухае сын Юстапа.
— Савостачка!.. сынок!.. падыдзі ж, каб ты па свеце не хадзіў!
Не пусціць у паблуд Юстапіха свайго малога.
— От, каб табе язык не служыў! — аказалася яна з запечка. — Гэтак дзіця выклінаць?! Дзе ж: адап’е розум — каб ён смалы напіўся! — ды плявузгае немаведама што.
— Савоста!.. Савоста!.. — не перасціхае п’яны багатыр Заблоцкі.
— Чаго, тата? — падыдзе малы.
Ну, зараз нешта будзе! Зараз павінна здарыцца нейкае здарэнне.
— Падыдзі ў гэнай здыхлы папытайся: можа, ёй падаць трэба чаго. Можа, смалу, дзёгаць, можа, газу піць будзе…
Адыдзецца малы, памаўчыць, пачакае крыху, a потым:
— Мама!
— Чаго ж ты, сынок?
— Можа, вам дзёгцю, можа, газы хочацца? Можа, смалы падаць?
— Ах ты, лайдачына!.. Пайдзі ў гэнага п’яніцы папытай, — пакажа на ложак.
А таго п’яніцы, як і ў хаце няма — спіць. Надта ж падкі ён да сну. І праз гэта без жадных здарэнняў зжывае свой век.
Няма чаго нам больш бавіцца ў гэтай хаце. Ведаем ужо Савостава маленства, Юстапава п’янства і Прузынінага непрыяцеля: ненавідны «курч» — і даволі з нас.
— Аставайцеся здаровы, — скажам Юстапу Заблоцкаму, Прузыне Заблоцкай і іх сыну Савосту Заблоччыку. (Не было Пархіма дома, не віталіся з ім і развітацца з намі не прыйшоў ён). Трохі вуліца падсохла: каторы ўжо год, як той успамінаны дождж прайшоў. Перайдзём цяпер на другі бок да Вінцэнтага Заблоцкага.