Нядоля Заблоцкіх - Лукаш Калюга 6 стр.


А даўней гэта не першыня была. Па дванаццаць, па чатырнаццаць год некаторыя цягаліся ў пачатковую школу. Усё скончыць яе не маглі ніяк.

Дык от: стаіць Клемка Філончык — сам у сабе хлапец — на заручычах пад Заблоцкіх бярозаю і на ўсё поле спявае. (От бачыце, таварыш чытач, мы загаварыліся пра сёе, пра тое: пра чаравікі, пра немагчымую закладку на зямлі, пра патаемныя кладкі ў гэтым гразкім месцы і пра іншую дробязь, і не чулі Клемкі за паўганей ад яго стоячы. І гэтак ён моцна і даўно тут чытаў! Можна ж было вам многа раней яго пачуць).

— Мы-а, ма, мы-а: мама. Мы-ы, мы-лы-а, ла: мыла. Ры-а, ра, мы-у-му: раму. Мама мыла раму, — такі паўздужаў сяк-так. Аж палягчэла Клемку, як пачуў, што на волі цяпер яго розум, не зашыты ўжо ён у яго. Весялей зірнуў на свет Філончык. Але ненадоўга вясёлы быў яго пагляд. Убачыў Клемка малога Юстапчыка на заручычах.

— І ты ў школу? — пытае ў яго Савоста проста, па-сяброўску.

От тут і па ўсёй Філончыкавай радасці было. Ізноў найшла хмара над яго яснымі, віднымі вачыма.

— У школу, — неяк не падумаўшы сарвалася ў яго слова з языка. Напусціўся Клемка ды, як роўнаму, Савосту адказаў. І сам ён гэтаму быў не рад.

— І я ж у школу йду!

— Смаркач! Пайдзі шчэ свінні папасі. Які цябе дурань прыме?

— Той самы, што і цябе прымае.

Быў Клемка дужаваты хлопец. Ужо ціхенька ад бацькі на вячоркі хадзіў. І росту не вобмаль было ў яго. А Савоста Юстапчык проці яго саўсім дзіця. Не выпадае Філончыку з ім разам у школу йсці. І папрабаваў Клемка перш крыху шырэй распусціць свае доўгія галы. Але няма рады — Заблоцкіх малы бягом услед бяжыць. Тады Клемка нага за нагу папрабаваў ісці. Ідзе з ім пораўне і Савоста, як там і што ў школе, распытуецца. Тады стаў Філончык. І Заблоччык стаіць, не йдзе.

— Адыдзі, жаба, a то як плюну зараз — згарыш!

О! Гэта памагло!

Савоста, як меншы, паперадзе, пабег, а Клемка — многа за яго сталейшы — адзін, сам сабе, памаленьку ззаду за ім пасунуўся.

Не саўсім так, як летась, пачаўся сяголетні Клемкаў першы дзень у школе. Тымі самымі словамі яго Зубрыцкі стрэў, толькі выткнулася ў клас з-за дзвярэй добра знаёмая настаўніку шапка, тымі самымі чатырма лапамі — у адну руку дзве і ў другую дзве — ён з ім прывітаўся. Ды не тое, што летась, на першы дзень было ў Клемкі чытанне. І далей перайначылася крыху настаўнікава мова:

— Памыліўся ж я, наперад табе даўшы гасцінца. Не зарабіў ты яго ў мяне сягоння, — сказаў справядлівы Зубрыцкі. — Але: дармо! Некалі змяркуемся. Некалі тое за тое адыдзе, — памеркаваўся ён. — Некалі яго заробіш. Быць жа не можа, каб ты на гэтым нават тыдні ў мяне лапы не зарабіў!

І не такая крыўда Клемку была, як пасадзіў яго Зубрыцкі ў першае, а Савосту прыняў у першазімны. Але меў потым крыху ён на малога закалец: не раз перападала Юстапчыку кухталёў, як нарвецца ён калі пад злосць.

Не святы быў Савоста Юстапчык; не мінала, але частавата нават, нарывалася на яго настаўніка дубовая лінейка — то за дур, то за няздадзеную лекцыю, то за задачы. Свянціў Зубрыцкі і яго рукі. Аднаго разу быў такіх гарачых лап яму ў абедзве жмені палажыў настаўнік, што аж рукі ў рот хапіў з непрывычкі, як бы і не разагрэліся, а саўсім зледзянелі яны. Так быў таго разу даўся яму Зубрыцкі ў знакі, што не было сну на Савосту ўсю ноч пасля таго: дадумляўся ўсё Юстапчык — дзе б яму лепшую, не такую балючую навуку знайсці.

Дадумляўся і дадумаўся. Не ў школу, а на рэчку назаўтра ж ён пайшоў з кніжкамі. Тут было многа мудрэй, як у школе. У кніжцы столькі, у першазімцах седзячы, і за тыдзень не пройдзеш, колькі тут за адзін раз па лёдзе праедзеш. Хоць лапці драліся ад гэтай новай навукі, але затое рукі цэлыя былі.

Разам з дзецьмі Савоста з дому ішоў, разам з імі і вяртаўся са школы. Але такі неяк дайшлося бацьку пра сынаву навуку. Калі выдаў Юстап яму дома баль! А ў школу як прыйшоў, там Зубрыцкі яшчэ паправіў…

І ад тых дат пачаў ладзіць Клемка Язучок з Савостам Юстапчыкам, як пачуў сваё вяршэнства над ім.

Была восень. Быў вецер. Рос ясень над адзінокаю школаю. Восень гразкая. Вецер — дзікі, сярдзіты. Ясень — высокі, гучысты. Восень дрэва паабскубала. Вецер далёка іх лісты ад школы адмёў, растрос па выгане, па чыстым полі, нагнаў у высокае ад жняяркі скарбовае іржышча. І стаяў адзін-адным ясень над школаю, голымі цыбінкамі сварыўся з абрыджонымі дажджамі, што праз частае маруднае сіта ліліся яму на абскубеную галаву. Нэндза яго заядала ад такой пацярухі. І прасіў сабе ясень весялейшых, жвавейшых летніх навальніц, прасіў звонкага грому, шытых бліскавіцаю цяжкіх, цёплых хмар. Але ўсё гэта на дварэ, усё за акном. А ў акне, калі мы з вамі, таварыш чытач, станем пад ясенем ды знадворку зірнем у школу, там — лямпа, настаўнік, кніжка… Сам дзяціны страх Зубрыцкі — пажылы ўжо хлапец — памалу гартаў кнігу. З балонкі на балонку перабіраўся. Лямпа ў яго была — восьмы нумар, а кніга — дармовы дадатак да «Нивы». Цярушыліся з таго дадатку на Зубрыцкага словы, як праз перша ўспамінанае, маруднае частае сіта на ясень дождж. Спацыравалі настаўнікавы вочы па дробных радкох, а было ў яго крозах нешта лепшае, весялейшае, чаго й заваду няма ў дармовых дадатках.

Верныя каханкі, здрадлівыя жонкі, смешныя ашуканыя мужыкі, упартыя бацькі, сквапныя на багацце і гонар… Усе яны ў кнігах мелі на сваім вяку гора, роспач і радасць, а на 315-й якой балонцы ці жаніліся, ці, пакаяўшыся, ціха і прыгожа паміралі, ці пачыналі жыць з усім светам у злагадзе, сабе і сваім блізкім на радасць і ўцеху. Усе яны, гэтыя кніжныя людзі, таго вечара з сваіх пярэстых, даўно чытаных балонак сышліся былі ў настаўнікаў цесны пакой. Утаміліся на шпацыры Зубрыцкага вочы. І рад быў ён, перагарнуўшы, што ўбачыў новы раздзел.

— А я сам? — папытаў Зубрыцкі ў самога Зубрыцкага, спыніўшыся перад новым раздзелам. — Я сам на якой цяпер балонцы, у якім раздзеле жыву?

Палажыў у сярэдзіну кніжкі палец, каб не закінуць, дзе чытаў; ды захінуў Зубрыцкі свой дармовы дадатак. І калі мы з вамі, таварыш чытач, не будзем трымацца ясеня, як сляпы плота, ды калі падыдзем бліжэй пад акно, прыгнёмся ды знізу паглядзім, што за дадатак у настаўніка ў руках, дык на вокладцы круцялі заўважым, а крышку пад верх у чорных чатырохкантовых асадках, калі добра прыгледзімся, можна разабраць: «Куприн. Сочинения». Зубрыцкі не завешуе фіранкамі сваіх акон і, крыху каля іх забавіўшыся, можна ўсё чыста, што ў школе робіцца, даследзіць.

Так, трымаючы кніжку, разгледзеўся, раздумаўся настаўнік над сваім адзінокім жыццём. І заўважыў Зубрыцкі, што жыве толькі ў нуднай, нецікавай прадмове. Дзе быў, што рабіў і адкуль паходзіць, толькі пісалася і пакуль што пішацца ў настаўнікавым жыцці. Усяго адно вясёлае, гумарыстычнае месца, вытрымка — хто яго ведае з якога раздзела — ёсць у гэтай прадмове: яго ўлюбёныя лапы.

Але такі верыў настаўнік. Верыў і спадзяваўся, што такі будзе некалі і ў яго жыцці першы раздзел. Усёю сваёю тэўсцю будзе ляжаць новы, дагэтуль нязнаны раман за тым раздзелам. Нічога меншага не хоча мець Зубрыцкі — ніякага дармовага дадатку.

Схілецеся за вушак, таварыш чытач! Бачыце: Зубрыцкі зірнуў у акно.

Якраз напроці блішчэлі вокны папоўскага дома. «Нива» казала, што адтуль павінен у настаўнікаў пачынацца першы раздзел: з нуднага рассасульвання з папом, з нясмелага заглядвання пападзянак. Далей-болей пажыўшы-пачытаўшы, зложыцца якраз праўдзівая аповесць настаўнікавага жыцця. Так казала «Нива», і «нивина» праўда была. Але нешта не блішчэлі так у настаўніка вочы, як блішчэлі ў паповым доме вокны, калі ён глядзеў на іх. Нешта не відаць было ў тым поглядзе надзеі, што адтуль пачнецца настаўнікаў першы раздзел. Не так, як у дармовых дадатках, павінен пачацца ён: не з далёкай сенажаці, не з пазалеташняга дажджу, не з трацяголетняй мяцеліцы. Не, настаўнікаў пачатак будзе просты і звычайны.

«Настаўнік Баркаўское пачатковае народнае школы»…

Застане ён Зубрыцкага з раніцы, апоўдні ці ўвечары, a то і ў самую ноч — усё роўна, хоць калі; зловіць неўспадзеўкі ў школе, дыктоўку даючы, дому за полудзень сеўшы, а то і ў дарозе дзе. А далей і пойдзе балонка за балонкаю.

Надоўга быў Зубрыцкі на адным месцы дармовага дадатку перад новым раздзелам застыў. Аж тут грукнулі ў сенячках дзверы. Прахапіўся настаўнік. Сеў раўней. Пусціў большы ў лямпе агонь. Падрыхтаваўся стрэць вялікія падзеі.

— Ці не першы раздзел?!

От з гэтага месца так і пачнецца: «Настаўнік Баркаўское пачатковае народнае школы позна ўвечары (хоць цяпер і не позна: гадзіны не будзе, як агонь запаліў ды за дадатак узяўся — але ў рамане, калі ўвечары, дык трэба, каб і позна было) пры лямпе № 8 чытаў дармовы дадатак да „Нивы“, як адчыніліся дзверы і…»

Пачнецца першы раздзел проста і трафарэтна, але потым, можа, адбудуцца падзеі, вартыя таго, каб здзівіць свет. Просты і трафарэтны пачатак, каб большыя былі неўспадзеўкі. Не так, як «Нива» ўгадвае, пачнецца, і не так, як у «Ниве», разгорнуцца падзеі. «Нива» будзе ўспамянёна толькі, як просты і малавыдатны эпізод, як дробны матыў у вялікай рэчы.

Таварыш чытач! Відаць, збрыдла вам па падваконню стоячы. Мне хоць работа ёсць — от гэта, што перад сабою бачыце. А вы што будзеце дарма мерзнуць на восеньскім халодным ветры?! Аднак — вам час — пайдзеце… памажэце (не скажу каму, трэ было вам самім глядзець, як ён сюдою ішоў паўз нас)… памажэце яму ў сенцах клямку знайсці. Нешта доўга ён там забавіўся. Трэба, каб хутчэй у хату ішоў, a то Зубрыцкаму аднаму няма чаго там рабіць. Ужо як мае быць, пачаў у думках свой першы раздзел, падрыхтаваўся і цяпер сядзіць, на дзверы пазірае, вялікіх чакае падзей.

Не заўважыў, не ведаю, як яно там было — памагалі вы ці яму самому трапіла клямка пад руку. Толькі добра гэта бачыў, што адчыніліся тугія дзверы проста ў настаўнікаў пакой і Юстап, баркоўскі багатыр Заблоцкі, з торбачкаю за плячыма яшчэ з-за парогу:

— Добры вечар, паночку! — настаўніку дае.

Аднак Юстап нагадзіўся. Каб не забыцца, раскажам адно здарэнне, што гэтымі днямі было яму.

Гэта ж пашанцавала старшаму Заблоцкаму ў бульбяніку на соннага зайца найсці. Дармо, што той і сплючы пазіраў — не ўгледзеў, як Юстап яго за вушы згроб. Як ужо ўцякаць не пара было, хутка тады заяц прачнуўся. Само шчасце багатыру ў рукі прыйшло. Толькі не ведаў ён, што гэтаму шчасцю рабіць: печанае, смажанае ці абгатаванае есці яго? З панскаю ядою ніякага толку не можа зрабіць нават баркоўскі багатыр. І давай тады Юстап блізкіх паноў перабіраць, каб прадаць занесці. Пачаў іх лічыць знізу. Самага першага адлічыў пастуха. Адлічыў і добра над гэтым «панам» падумаў: пан ён ці не? І выйшла ў Юстапа, што не толькі пан, але і над сваім рагатым войскам ён палкоўнік. Толькі як ты гэтаму пану прадасі, калі на зайца яго пэнсія малая: па капейцы збярэ з гаспадароў ад кожнага свайго салдата ды чакае восені, калі будуць ссыпшчыку ссыпаць, як адпасецца. Дзе такі пан зайца купіць?! Давай лічыць далей. Другі за пастухом па ліку настаўнік прыпадаў. На гэтым пану Юстап і спыніўся.

— Хлопец ходзіць. Трэ была б занесці… Як ты думаеш, старая?

— Па мне: занясі сабе. Усё роўна тымі грашыма не запаможашся, — сказала багатырка Прузына. — Колькі там за яго будзе?!

Дык от якое здарэнне было Юстапу Заблоцкаму. Расказана яно ў гэтым месцы, толькі каб не забыцца. Адложым яго надалей: можа, калі і згодзіцца. Цяпер паглядзім, што ў настаўнікавым пакоі дзеецца.

Дык от:

— Добры вечар, — не ўслед адказаў настаўнік. Першы раз ён бачыць Юстапа ў сваім адзінокім пакоі. Падумалася Зубрыцкаму, што з далёкай дарогі гэты чалавек. Нешта цяжкое, пэўне, нясе ён у сваім мяшэчку за плячыма. Утаміўся, прыстаў. І падумалася яму на школу, што карчма — сюды пераначаваць зайшоў. Хто ён: тутэйшы, блізкі ці далёкі, — прышлы — не ведаў Зубрыцкі. І рад быў настаўнік, што першы раздзел пачынаецца з загалоўка «Герой і таемны незнаёмы».

Назад Дальше