Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою / Лонг ; пераклад са старажытнагрэцкай, прадмова і каментарыі Анатоля Клышкі. Метамарфозы, ці Залаты асёл : раманы / Апулей ; пераклад з лацінскай мовы, прадмова і каментарыі Пятра Бітэля ; [мастак М. Селяшчук]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. — 283, [1] с., [8] л. каляр. іл. ; 21 см. — (Скарбы сусветнай літаратуры). Тыраж 16 900 экз.
На Лесбасе, палюючы, я ўбачыў у гаі, прысвечаным німфам, найпрыгажэйшае відовішча, якое калі-небудзь бачыў: маляўнічую выяву, гісторыю аднаго кахання. Прыгожы быў і сам гай — шмат дрэў, поўна кветак, удосталь вады: адна крыніца ўсё жывіла, і кветкі, і дрэвы; але прывабнейшы быў абраз — тут і адменнае майстэрства, і праўда кахання; так што і шмат чужаземцаў, прачуўшы пра яго славу, ішло сюды, німфам маліліся, абразам дзівіліся. А на ім жанчыны — адны нараджаюць, другія — немаўлят у пялёнкі завінаюць; дзеці пакінутыя і авечкі ды козы, што кормяць іх, пастухі, што дзяцей да сябе прымаюць, маладыя, што ў шлюб уступаюць, напад разбойнікаў, уварванне захопнікаў. Шмат іншага, але ўсё пра каханне бачыў я і здзівіўся, і прага мяне агарнула паспрачацца ў выяве з тым абразом. І, знайшоўшы таго, хто мне змог вытлумачыць абраз, вышчыраваў я чатыры кнігі ў ахвяру Эрасу, німфам і Пану, у дарунак усім людзям на ўцеху: хворага вылечыць, зажуранага суцешыць, таму, хто ўжо кахаў, згадкі абудзіць, таго, хто яшчэ не кахаў, навучыць.
Бо ўвогуле ніхто ж ад кахання не ўцёк і не ўцячэ, пакуль ёсць краса і вочы бачаць. Нам жа хай дасць бог у ясным розуме каханне іншых людзей апісаць.
1. Горад на Лесбасе ёсць — Мітылена, вялікі, прыгожы; яго разразаюць каналы, яго аздабляюць масты з часанага белага каменю. Можна падумаць, што бачыш не горад, а выспу. Ад гэтага горада Мітылена прыблізна за стадыяў дзвесце быў маёнтак аднага багацея. Цудоўнае ўладанне: дзічына ў гарах, пшаніца ў палях, вінаградная лаза на пагорках, чароды авечак, коз на пашах, і мора набягае на мяккі пясок разлеглага ўзбярэжжа.
2. У гэтым маёнтку казапас, на імя Ламан, пасвячы, знайшоў дзіця, якое карміла адна з яго коз. Быў там лес і гушчар з цярніны, якую абвіваў плюшч, ды мяккая трава, на ёй і ляжала дзіця. Сюды ўпотай усё бегала каза, знікаючы і пакідаючы сваё казлянятка, абы пабыць з немаўлём. Згледзеў Ламан, што яна бегае туды і назад, шкада ж яму было пакінутага казлянятка; і аднаго разу ў самы поўдзень падаўся ён услед за ёю назіркам і бачыць, як каза асцярожна пераступае цераз дзіця, каб не пашкодзіць яго капытцамі, і як малое, нібы з матчынай цыцы, ссе струменістае малако. Поўны здзіўлення, ён, вядома, падыходзіць бліжэй і знаходзіць хлопчыка, моцнага і прыгожага, і пры ім рэчы, зараскошныя як на долю падкідыша: было там коўдзерка пурпуровае, зашпілька залатая і ножык з тронкам са слановай косці.
3. Спярша ён намерыўся забраць толькі прыкметныя знакі, не турбуючыся пра малога; але пасля засаромеўшыся, што з казою і то не зраўняўся ў спагадлівасці, і дачакаўшыся ночы, прыносіць усё да свае жонкі Мірталы — і прыкметныя знакі, і дзіця, і самую казу. Жонка здзівілася, што козы прыводзяць на свет і хлапчукоў, але ён усё расказаў, як знайшоў падкінутага, як бачыў, што дзіця ссала казу, як сорамна стала кінуць яго на пэўную смерць. Яна з ім згадзілася, яны хаваюць усё, што ляжала пры ім пакінутае, а дзіця прызнаюць сваім і аддаюць казе карміць яго. І каб імя дзіцяці здавалася пастушыным, вырашылі назваць яго Дафнісам.
4. Ужо два гады мінула, і вось пастух на імя Дрыяс, што пасвіў на памежных лугах, натыкаецца на такую ж праяву і знайду.
Была тут пячора німфаў — вялікая скала, усярэдзіне пустая, а зверху акруглая. Статуі ж саміх німфаў былі зроблены з каменю: ногі босыя, рукі да плячэй голыя, валасы распушчаныя на шыю, павязка на паясніцы, усмешка ў вачах; а ўсе разам нібы танцуюць у карагодзе. Уваход у пячору быў якраз пасярод вялікай скалы. Вада, што выбівалася з крыніцы, утварала ручаіну, так што перад пячораю рассцілаўся дужа прывабны луг, густую і мяккую траву яго і паіла гэтая вільгаць. Тут віселі даёнкі, флейты-папярочкі, сірынгі, дудачкі-чарацянкі — ахвярныя дары даўнейшых пастухоў.
5. У гэтую пячору німфаў часта забягала авечка, якая нядаўна акацілася, так што не раз нават думалі, быццам яна загінула. Каб пакараць яе і вярнуць да парадку, пастух скруціў вітку з зялёнай галінкі на ўзор пятлі і падаўся да скалы, каб злавіць авечку. Але, падышоўшы, ён убачыў тое, што найменш спадзяваўся ўбачыць, авечку, якая зусім у чалавечы спосаб дае дзіцяці ссаць вымя, поўнае малака, а немаўля без плачу прагна шукае то аднаго, то другога саска сваім роцікам, чыстым і свежым, бо авечка аблізвала языком твар немаўляці, як толькі яно напівалася. Гэта была дзяўчынка, і пры ёй ляжалі пялёнкі і прыкметныя знакі: залататканая павязка на галаву, гафтаваныя золатам чаравічкі і залатыя бранзалеты на ногі.
6. Прызнаўшы ў гэтай знаходцы боскую волю і ўзяўшы прыклад ад авечкі спагадаць малечы і любіць яе, пастух бярэ немаўля на рукі, кладзе яго прыкметныя знакі ў торбу і моліцца німфам, каб яму пашчасціла выгадаваць іх апякунку ў дабры і шчасці. А калі ўжо быў час дахаты гнаць чараду, вяртаецца ён у двор, жонцы, што бачыў, расказвае ды, што знайшоў, паказвае і ўгаворвае яе прызнаць дзіця за дачку і ўпотай гадаваць, як сваю. Напэ — так звалі жанчыну — тут жа стала дзіцяці за маці і любіла яго, нібы баялася, што авечка пераўзыдзе яе ў злагадзе, і дае дзяўчынцы для пэўнасці таксама пастушынае імя — Хлоя.
7. Гэтыя дзеці вельмі хутка выраслі і красою выдаліся прыгажэйшымі за вясковых. Ужо было хлопцу пятнаццаць гадоў ад нараджэння, а дзяўчаці — на два гады меней, калі аднае начы Дрыяс і Ламан бачаць такі сон. Здаецца, прыйшлі тыя німфы з пячоры, дзе была крыніца і дзе Дрыяс знайшоў дзяўчынку, і перадалі Дафніса і Хлою вельмі вясёламу і прыгожаму хлопчыку, які меў крылы за плячыма і нёс кароткія стрэлы і маленькі лук; гэты хлопчык, крануўшыся адною стралою абаіх, прызначыў пасвіць надалей яму коз, а ёй авечак.
8. Сасніўшы гэты сон, абодва зажурыліся, што гэтыя дзеці павінны былі коз і авечак пасвіць,хоць пялёнкі шчаслівейшую долю ім прадракалі, таму яны іх і далікатнейшаю ядою кармілі, і літарам іх вучылі і ўсяму, што ў сельскім жыцці за годнае ўважалася. І ўсё ж падумалі яны, што павінны ў гэтым слухацца багоў, бо і ўратавала дзяцей найвышэйшая боская воля. І калі яны адзін аднаму свой сон расказалі і прынеслі ў пячору німфаў ахвяру крылатаму хлопчыку — яго імя было ім невядомае, — паслалі яны дзяцей пастухамі з чародамі, навучыўшы перад тым іх усяму: як трэба да полудня пасвіць, як трэба пасвіць, калі спёка ападае; калі гнаць на вадапой, калі гнаць назад у загон, на якую худобу пастухоўскага кія ўжыць, на якую — аднаго голасу. Дзеці з вялікай радасцю ўзяліся за работу, як бы ім высокую ўладу даручылі, і любілі коз і авечак больш, чым гэта звычайна водзіцца ў пастухоў, яна была ўдзячная авечцы за тое, што яе ўратавала, ён жа не забыўся, як яго, падкінутага, каза карміла.
9. Вясна была ў самым пачатку, і ўсе кветкі цвілі — у лясах, на лугах, а колькі іх было ў гарах; і ўсюды ўжо пчаліны гуд, птушыны шчэбет, гульні малечы з новага прыплоду; ягняты скачуць па пагорках, гудуць у лугах пчолкі, у гушчары спяваюць птушкі. І як гожая пара года поўніла ўсё весялосцю, то і яны абое — маладыя, прывабныя — пераймалі ўсё, што чулі і бачылі. Чулі спеў птушак — і самі спявалі, бачылі скокі ягнятак — і самі лёгка скакалі, і, пчол наследуючы, збіралі яны кветкі, аднымі з іх убіралі сабе грудзі, з другіх плялі вяночкі і прыносілі ў дарунак німфам.
10. І ўсё яны рабілі разам, пасвячы блізка адно каля аднаго чароды. І часта Дафніс займаў авечак, якія разбягаліся, часта і Хлоя зганяла ўніз са скал вельмі адважных коз. А то адно з іх глядзела абедзве чарады, калі другое занадта захаплялася гульнёю. Гульні ж іхнія былі пастушыныя, дзіцячыя. Яна, назбіраўшы дзе-небудзь там бадылінак, пляла з іх пастку на цвыркуноў і за работаю спускала з вока авечак; а ён, нарэзаўшы тонкіх чароцін, пракруціўшы дзірачкі ў каленцах, злепліваў трубачкі адну з адною мяккім воскам і аж да ночы вучыўся іграць на сірынзе. Калі-нікалі яны дзяліліся між сабою малаком і віном і спажывалі разам полудзень, што бралі з сабою з дому. І хутчэй можна было бачыць асобна авечак і коз, чым Хлою і Дафніса.
11. Тым часам, калі яны бавіліся, Эрас учыніў ім такую сур'ёзную штуку. Ваўчыца, якая нядаўна вывела ваўчанят, часта цягала авечак з навакольных сёл, бо ёй, каб пракарміць сваіх малых, трэба было шмат яды. І вось сяляне, сышоўшыся ўночы, выкапалі яму — сажань у шырыню, чатыры ў глыбіню. Большую частку выбранай зямлі, аднёсшы далёка, раскідалі, а на яму наслалі сухіх доўгіх жэрдачак і прысыпалі рэштай зямлі, каб усё тут выглядала, як было дагэтуль; але калі б нават заяц прабег тут, то праламаў бы латы, якія былі слабейшыя за саломінкі, і тады можна было б убачыць, што гэта не зямля, а падабенства зямлі. І хоць яны выкапалі шмат такіх ям па гарах і раўнінах, не пашчасціла ім злавіць ваўчыцу: яна ўчула, што зямля тут падманная; затое шмат коз і авечак зламалі сабе каркі, ды бязмала і Дафніс, а выйшла яно так:
12. Два казлы, раз'ятрыўшыся адзін на аднаго, схапіліся ў рожкі. У гэтай гвалтоўнай сутычцы адзін з іх зламаў сабе рог і, падскочыўшы ад болю, кінуўся ўцякаць; але другі, перамогшы, бег за ім следам, не даючы ўцекачу супачынку. Дафніс, перажываючы за зламаны рог і зазлаваўшыся на нахабнага казла, ухапіў палку ды свой пастуховы кій і кінуўся даганяць даганяльшчыка. Але таму, што ні той, што ўцякаў, ні другі, разгневаны, што яго даганяў, не глядзелі, што ў іх было пад нагамі, то абодва падаюць у яму, перш казёл, а Дафніс за ім. Гэта і ўратавала Дафніса, бо, як падаў, апорай яму быў казёл. Плачучы, чакаў ён, ці не прыйдзе хто, каб яго выцягнуць; а Хлоя, убачыўшы гэта, спяшаючыся, пабегла да ямы; і, пераканаўшыся, што Дафніс жывы, кліча валапаса з суседняга поля на дапамогу. Прыйшоўшы, ён пачаў шукаць доўгай вяроўкі, трымаючыся за якую Дафніс мог бы вылезці наверх. Але вяроўкі не было, і Хлоя, развязаўшы сваю павязку, дала яе апусціць валапасу; так яны, стоячы на беразе ямы, абое цягнулі, а ён, ухапіўшыся рукамі за павязку, выбраўся наверх. Выцягнулі яны і няшчаснага казла, які страціў абодва рагі; такая вось кара спасцігла за пераможанага казла. Яны аддалі яго валапасу з удзячнасцю за паратунак, каб той яго прынёс у ахвяру, а дома збіраліся зманіць, што напалі ваўкі, калі б хто заўважыў нястачу; самі ж, вярнуўшыся назад, агледзелі сваіх авечак і коз; а ўбачыўшы, што козы і авечкі ў добрым ладзе пасуцца, уселіся яны на дубовай калодзе і пачалі разглядаць, ці не параніў Дафніс, падаючы, чаго сабе да крыві. Але не было ані раны, ані крыві, толькі ў зямлі і гразі былі валасы ды ўсё цела. І ён намерыўся памыцца, пакуль Ламан і Міртала не даведаліся, што з ім здарылася.
13. І, увайшоўшы разам з Хлояй у пячору німфаў, ён аддаў пільнаваць ёй свой кароткі хітон і пастуховую торбу, а сам, стаўшы над крыніцаю, узяўся мыць сабе валасы і ўсё цела. А валасы яго былі чорныя і густыя, цела — загарэлае ад сонца: можна было падумаць, што гэта ад ценю валасоў такое смуглае. Калі Хлоя ўбачыла так яго, здаўся ёй Дафніс прыгожым, а таму, што падаўся прыгожым упершыню, падумала яна, што прычынаю красы тут купанне. І калі яна змывала яму спіну, адчула, якое мяккае цела, так што яна не раз украдкам дакраналася да сябе, каб пераканацца, ці яе цела далікатнейшае. А пазней яны — сонца ж было на захадзе — пагналі чароды дахаты. Хлоя ж з таго часу нічога больш не хацела, абы толькі зноў бачыць, як Дафніс купаецца.
Назаўтра, калі яны зноў прыйшлі на пашу, Дафніс, седзячы, як звычайна, пад дубам, іграў на сірынзе і заадно сачыў за козамі, якія ляжалі і нібы прыслухоўваліся да яго ігры, а Хлоя, седзячы побач з ім, хоць і сачыла за чарадою авечак, але яшчэ часцей паглядала на Дафніса; і зноў ён, калі іграў на сірынзе, здаўся ёй прыгожым, і зноў яна палічыла музыку за прычыну яго красы, а таму яна пасля яго ўхапіла сірынгу, каб паспрабаваць, ці не зробіцца таксама прыгожаю. Яна ўгаварыла яго зноў скупацца, і глядзела на яго, калі ён купаўся, і, бачачы яго, дакранулася, і зноў адышла з подзівам, а гэты подзіў быў пачаткам кахання.
Што здарылася з ёю, гэтага не ведала маладое дзяўчо, якое вырасла ў вёсцы і яшчэ ні разу не чула імя Эрас. Смутак сціснуў ёй сэрца, вочы няўважна блукалі, і яна часта вымаўляла: Дафніс! Яда ёй была не ў памяці, начамі не спала, забывалася пра сваіх авечак, яна то смяялася, то плакала; то засынала, то зрывалася са сну; твар яе то быў бледны, то раптам зноў успыхваў чырванню. Нават кароўка, якую ўджаліць авадзень, не мучыцца так. Аднаго разу, калі яна была адна, прыйшлі ёй на розум вось такія словы:
14. «Хворая я цяпер, але што за хвароба, не ведаю: мне баліць, а няма на мне раны; сумую я, хоць ніводная з маіх авечак не прапала; я ўся палаю, хоць сяджу ў такім цяні. Колькі разоў ні абдзіралі мяне калючкі, я не плакала; колькі пчол ні джалілі мяне, я не адмаўлялася ад яды; але тое, што цяпер раніць сэрца, яшчэ вастрэйшае. Дафніс прыгожы, але ж і кветкі прыгожыя; прыгожа гучыць яго сірынга, але прыгожа спяваюць і салаўі; ды я пра іх ані не думаю. О, калі б я была яго сірынгаю і ўбірала яго дыханне, ці калі б я была козачкаю і каб ён пасвіў мяне! О ліхая вада, толькі Дафніса ты зрабіла прыгожым, а я ж дарэмна купалася. Гіну я, любыя німфы, і нават вы не ратуеце дзяўчыны, што вырасла пры вас. Хто ж вас вянкамі прыбіраць будзе пасля мяне? Хто бедных ягнятак карміць будзе? Хто дагледзіць майго стракатлівага цвыркуна, якога я з вялікаю цяжкасцю злавіла, каб ён перад пячораю сваім цвырканнем спяваў мне на сон; але я цяпер праз Дафніса страціла сон, і дарэмна стракоча мой цвыркун».
15. Так пакутавала, так казала яна, намагаючыся знайсці назву кахання. Але Доркан, той валапас, што Дафніса выцягнуў і казла з ямы, дзяцюк з першым пушком на барадзе, які ведаў каханне ў слове і яве, з таго самага дня адразу закахаўся ў Хлою, і чым далей беглі дні, тым больш распалялася душа, і, на Дафніса як на хлапчука не зважаючы, наважыўся падарункамі або сілаю дамагчыся свайго. Спярша ён прынёс ім падарункі: яму валапасаву сірынгу на дзевяць дудачак, якія былі меддзю замест воску змацаваныя, а ёй — шкуру лані, якую носяць вакханкі, — плямістую, нібы яе фарбамі размалявалі. З гэтага часу ён, лічачыся за сябра, штораз меней зважаў на Дафніса, а Хлоі штодня прыносіў ці мяккага сыру, ці вянок з кветак, ці спелы яблык; аднаго разу прынёс цялятка-сысунка, пазалочаны драўляны кубак, маладзенькіх горных птушак. А яна, недасведчаная ў хітрыках кахання, прымаючы гасцінцы, цешылася, а яшчэ больш з таго, што яна цяпер мела чым абдорваць Дафніса.
І аднаго разу, бо ўжо і Дафніс павінен быў спазнаць мукі кахання, усчалася ў яго з Дорканам спрэчка, хто з іх прыгажэйшы, а суддзёю мела быць Хлоя, а за ўзнагароду таму, хто пераможа, было прызначана пацалаваць Хлою. Першы Доркан вось што сказаў:
16. «Я, дзяўчына, большы за Дафніса, дый я валапас, а ён казапас; і я нагэтулькі лепшы за яго, наколькі каровы лепшыя за козы; і белы я, як малако, валасы залацістыя, як даспелае поле перад жнівом, і выкарміла мяне маці, а не якая жывёла. Ён жа малы і безбароды, як жанчына, і чорны, як воўк. Ён пасе казлоў і пахне пагана, а такі бедны, што і сабакі не пракорміць. Калі яго, як кажуць, паіла сваім малаком каза, то нічым ён ад казляняці і не розніцца».
Гэтак і падобна да гэтага казаў Доркан, а пасля яго — Дафніс: «Мяне выкарміла каза, як Дзеўса. Я пасу коз, і яны большыя, чым Дорканавы каровы; я ані не пахну ад іх, як і Пан, хоць той больш як на палавіну сам казёл. У мяне ўдосталь сыру, і хлеба, спечанага на ражне, і белага віна, а гэта — дастатак заможных сялян. Безбароды я, але такі і Дыяніс; цёмны я, але такі і гіяцынт; Дыяніс жа пераўзыходзіць сатыраў, а гіяцынт — лілеі. Ён жа руды, як ліс, і барадаты, як казёл, а белы, як гарадская жанчына. І калі табе давядзецца пацалаваць каго, то мяне пацалуеш у вусны, а яго — у шчэць на барадзе. І ўспомніш тады, дзяўчына, што цябе выкарміла авечка, а ты такая прыгожая».
17. Далей Хлоя не вытрымала, а ўзрадаваўшыся гэтай пахвале і ўжо даўно маючы ахвоту пацалаваць Дафніса, ускочыла і пацалавала яго, хоць і прастадушна і няўмела, але так, што змагла душу распаліць. Доркан, засмучаны, пайшоў, шукаючы іншай дарогі да кахання; а Дафніс, бы яго не пацалавалі, а ўкусілі, тут жа спахмурнеў і часта ўздрыгваў, не могучы суцішыць сэрца, яму не цярпелася паглядзець на Хлою, а як глянуў — абліўся румянцам. Тады ён першы раз са здзіўленнем заўважыў, што валасы яе залацістыя і вочы ў яе вялікія, як у цялушкі, і твар яе сапраўды бялейшы за казінае малако, — быццам ён толькі што вочы займеў, а ўвесь час дагэтуль быў без іх. Цяпер ён да яды ледзь дакранаўся, а піць калі хто прымушаў, ледзь абмочваў губы. Маўклівы зрабіўся, а раней стракатаў больш за цвыркуноў, вялы зрабіўся, а некалі быў жвавейшы за коз; ён перастаў сачыць за чарадою, кінуў сірынгу; яго твар быў бляднейшы, чым трава ў сухмень. Толькі перад Хлояй быў гаваркі. І калі часам заставаўся без яе, вось так размаўляў сам з сабою:
18. «Што ж гэта зрабіў са мною Хлоін пацалунак? Губы яе мякчэйшыя за ружы і вусны саладзейшыя за мёд, пацалунак вастрэйшы, чым пчалінае джала. Часта цалаваў я казлянят, часта — маленькіх ягнят і тое цялятка, што падарыў Доркан; але гэты пацалунак нешта новае. Дыханне мяне пакідае, сэрца хоча выскачыць, душа замірае, а я ўсё ж зноў бы хацеў цалаваць. Ах, благая перамога: дзіўная хвароба, імя якой я і назваць не ўмею. Можа, Хлоя атруты паспрабавала, перш чым мяне пацалавала? А як жа тады яна не памерла? Як спяваюць салаўі, а мая сірынга маўчыць; як скачуць казляняткі, а я нерухома сяджу; як цвітуць кветкі, а я вянкоў не пляту! Расцвітаюць лілеі і гіяцынты, а Дафніс вяне. Няўжо Доркан неўзабаве будзе выглядаць прыгажэйшым, чым я?»
19. Так пакутаваў і казаў наймілейшы Дафніс, першы раз спазнаючы ў слове і яве каханне.
А Доркан, валапас, закаханы ў Хлою, прыпільнаваўшы, калі Дрыяс паблізу саджаў атожылкі вінаграднай лазы, падышоў з некалькімі адборнымі сырамі і даў іх у падарунак яму як старому прыяцелю з тых часоў, калі Дрыяс яшчэ сам пасвіў; пачаўшы з гэтага, перавёў ён гаворку на жаніцьбу з Хлояй. Калі б яму аддалі яе ў жонкі, ён абяцаў як валапас шмат каштоўных дароў: пару валоў пад плуг, чатыры раі пчол, пяцьдзесят ушчэпаў яблынь, валовую шкуру на падэшвы і штогод цяля, ужо адлучанае ад каровы; так што Дрыяс, спакусіўшыся гэткімі падарункамі, амаль згадзіўся на шлюб. Але калі разважыў, што дзяўчына вартая лепшай долі, і збаяўся, што трапіць у непапраўную бяду, калі ўсё выйдзе наверх, у шлюбе яму адмовіў, перапрасіў яго і названых дароў не прыняў.
20. Доркан, другі раз ашукаўшыся ў сваёй надзеі і намарна страціўшы добрыя сыры, надумаўся ўзяць Хлою гвалтам, калі яна будзе адна. І падгледзеўшы, што яны на перамену гоняць на вадапой свае статкі — аднаго дня Дафніс, другога — дзяўчына, прыдумаў ён акурат пастухоўскую хітрасць.
Ён узяў шкуру вялікага воўка, якога некалі бык, абараняючы сваіх кароў, закалоў рагамі, захінуўся ў яе з галавы да ног, пярэднія лапы нацягнуў на свае рукі, заднія — на ногі ад сцёгнаў да пят, а раскрытая пашча прыкрыла яму галаву, як шлем цяжкаўзброенага ваякі. Прыкінуўшыся як мага найлепш дзікім зверам, ідзе ён да ручаіны, з якой пасля пашы пілі козы і авечкі. У вельмі глыбокай упадзіне была ручаіна, усё месца навокал глушылася цярнінаю, ажынаю, нізенькім ялаўцом і бадзякамі; лёгка мог бы там і сапраўдны воўк ляжаць у засадзе. Схаваўшыся тут, Доркан чакаў, калі надыдзе час вадапою, і меў вялікую надзею, што ён перапалохае сваім выглядам Хлою і яна апынецца ў ягоных руках.
21. Прамінула няшмат часу, і Хлоя пагнала статкі да ручаіны, пакінуўшы Дафніса зразаць зялёныя парасткі на корм казлянятам пасля пашы. Але сабакі, якія беглі тут жа, сцерагучы авечак і коз, і па сабачай звычцы прынюхваліся, учулі Доркана, як ён падпаўзаў, каб напасці на дзяўчыну, голасна загаўкалі і кінуліся на яго, як на сапраўднага воўка; і перш чым ён з перапалоху ўскочыў на ногі, аблажылі яго і пачалі рваць шкуру. Нейкі час ён яшчэ ціха ляжаў у гушчары пад накінутаю шкураю, баючыся адкрыцца; але калі Хлоя, перапалохаўшыся пры першым поглядзе на яго, пачала клікаць Дафніса на дапамогу, а сабакі, сарваўшы воўчую шкуру, упіліся ў яго цела, ён залямантаваў і пачаў прасіць дапамогі ў дзяўчыны і Дафніса, які ўжо прыбег сюды. Тыя зычным воклікам хутка супакоілі сабак, а Доркана, у якога былі пакусаны сцёгны і плечы, павялі да ручаіны, прамылі яму раны ад сабачых зубоў і прыклалі да іх зялёнай вязавай кары, пажаваўшы яе; яны палічылі апрананне ў шкуру за пастухоўскі жарт, і, зусім не гневаючыся, суцешылі яго, і, правёўшы яшчэ трохі пад рукі, адпусцілі дахаты.
22. Доркан, выбавіўшыся з бяды і ўратаваўшыся, хоць і не з воўчай пашчы, як гэта кажуць, а з сабачай, пайшоў загойваць свае раны; а Дафніс і Хлоя мелі шмат клопату, аж да ночы збіраючы коз і авечак: бо спуджаныя воўчаю шкураю і ўзбуджаныя сабачым брэхам адны з іх на скалы ўзбеглі, а другія аж да мора дабеглі. Хоць і былі яны прывучаныя слухацца голасу і на сірынгу супакойвацца, а калі пляснуць у далоні — збірацца, але на той раз страх прымусіў на ўсё забыцца. З цяжкасцю, як зайцоў па слядах, расшуквалі іх Дафніс і Хлоя і загналі ў аборы. Толькі тае начы заснулі яны глыбокім сном і знайшлі ў стоме лекі ад мук кахання.
Але калі зноў прыйшоў дзень, зноў яны цярпелі ў той жа спосаб. Радаваліся, убачыўшыся, журыліся, расстаючыся, нечага прагнулі, але не ведалі, чаго прагнуць. Адно толькі ведалі яны, што яго загубіў пацалунак, а яе — купанне.
23. Распальвала іх і сама пара года. Вясна ўжо канчалася, лета пачыналася, усё было ў росквіце, дрэвы ў пладах, палі ў каласах; усцяж мілае цыкад стракатанне, садавіны салодкае пахкае дыханне ды радаснае авечак бляянне. Можна было б падумаць, што рачулкі, спакойна воды коцячы, спявалі, што вятры сваім подзьмухам па соснах на сірынзе ігралі, што яблыкі ў знямозе кахання долу спадалі, што сонца, закаханае ў красу, усіх раздзявала.
Дафніс, распалены ўсім гэтым, кідаўся ў раку, то плёскаўся ў вадзе, то ганяўся за разгулянаю рыбаю; а часта і піў, як бы хацеў патушыць агонь усярэдзіне. Хлоя ж, падаіўшы авечак і многіх коз, доўга яшчэ ўпраўлялася, каб сквасіць малако; а мухі моцна даймалі і кусалі, калі яна іх праганяла. Пасля яна, умыўшы твар, прыбіралася вянком з хваёвых галінак і, ахінуўшы паясніцу шкурай аляняці, напаўняла посуд віном і малаком, каб разам з Дафнісам выпіць гэтага пітва.
24. Калі ж надышоў поўдзень, вочы іх адразу трапілі ў палон чараў. Бо яна, убачыўшы голага Дафніса, уражаная яго дасканалай красою, знемагала, не знаходзячы ў яго ніякай заганы; ён жа, гледзячы на яе, апаясаную шкураю аляняці, у хваёвым вянку, калі яна яму падавала кубак, думаў, што бачыць німфу з пячоры. Пасля ён хапаў у яе з галавы хваёвы вянок і надзяваў яго на сябе, спачатку пацалаваўшы гэты вянок; яна таксама, калі ён раздзяваўся і купаўся, захіналася ў яго вопратку, спачатку яе пацалаваўшы. Часамі яны кідалі адно ў аднаго яблыкі або прыбіралі адно аднаму галаву, расчэсваючы валасы на прабор. І Хлоя параўноўвала яго валасы з міртам, бо яны былі чорныя, ён жа яе твар параўноўваў з яблыкам, бо ён быў белы і румяны. Ён вучыў яе іграць на сірынзе; але калі яна пачынала дзьмуць, ён выхопліваў у яе і сам губамі перабіраў чароціны; і ўдаючы, што папраўляе яе памылкі, прыдумаўшы прыстойную прычыну, праз сірынгу цалаваў Хлою.
25. Аднаго разу апоўдні, калі ён іграў на сірынзе, а чароды ляжалі ў цяні, Хлоя непрыкметна задрамала. Заўважыўшы гэта, Дафніс адклаў сірынгу, прагна агледзеў яе ўсю — цяпер жа ён ані не саромеўся — і патаемна і разам з тым ціха прашаптаў: «Як гэтыя вочы спяць! Як вусны салодка дыхаюць! Так не пахнуць ні яблыкі, ні кусты. Але я баюся цалаваць: пацалунак раніць сэрца і, як малады мёд, прыводзіць у шаленства. І я баюся пацалункам разбудзіць яе. О гаварлівыя цыкады! Яны не дадуць спаць ёй сваім моцным стракатаннем. Яшчэ і казлы, б'ючыся, ляскаюць рагамі. О ваўкі, баязлівейшыя за лісоў, чаму ж вы іх не схапілі?!»
26. Калі ён так казаў, цыкада, уцякаючы ад ластаўкі, якая хацела яе злавіць, упала Хлоі на грудзі; ластаўка — за цыкадаю, і хоць не змагла яе злавіць, але, гонячыся за ёю, праляцела так блізка, што кранулася сваім крыллем Хлоінай шчакі. Не ведаючы, што з ёю здарылася, Хлоя моцна ўскрыкнула і прахапілася са сну, але, убачыўшы над сабою ластаўку і Дафніса, што смяяўся з яе спалоху, яна супакоілася і працерла ўсё яшчэ сонныя вочы. Цыкада, што схавалася ў Хлоі на грудзях, адазвалася, нібы той, хто шукаў прытулку, дзякаваў за свой ратунак. Зноў Хлоя галосна ўскрыкнула, а Дафніс засмяяўся. І, карыстаючыся нагодаю, прасунуў руку між грудзей і выняў добрую цыкаду, якая і ў яго руцэ не маўчала. Хлоя ўзрадавалася, убачыўшы яе, узяла, і пацалавала, і зноў пасадзіла стракатліўку сабе на грудзі.
27. Усцешыла іх раз туркаўка, прабуркаваўшы з лесу сваю пастушыную песеньку. І калі Хлоя захацела даведацца, што яна такое гаворыць, а Дафніс ёй растлумачыў, расказаўшы вядомую казку: «Была, дзяўчо, адна дзяўчынка, такая прыгожая, як ты, і пасвіла яна ў лесе шмат жывёлы. А была яна пяюха, і кароўкі радаваліся яе спевам, пасвячы іх, яна не мела патрэбы ні біць іх пастуховым кіем, ні пароць ражном; а садзілася пад хвойкаю, прыбіралася ў хваёвы вянок, спявала пра Пана і Пітыс, і каровы, зачараваныя спевам, не адыходзіліся ад яе. Адзін хлопец, што непадалёк пасвіў кароў і ўмеў спяваць гэтак жа, як дзяўчына, заспрачаўшыся з ёю, што лепш спявае, узвысіў свой голас, моцны, як у мужчыны, і мілы, як у дзіцяці, завабіў у свой статак восем яе найлепшых кароў і пагнаў іх. Дзяўчына, засмучоная стратаю жывёлы і няўдачаю ў спевах, моліць багоў, каб далі ёй лепей у птушку абярнуцца, чым дахаты вярнуцца. Багі слухаюцца і ператвараюць яе ў гэтую птушку, якая жыве, як тая дзяўчына, у гарах і гэтак жа прыгожа спявае, як яна. І сёння яшчэ, спяваючы, расказвае яна пра сваё няшчасце, спадзеючыся знайсці сваіх заблуканых кароў».
28. Такія ўцехі даравала ім лета. Але калі была восень у самым росквіце і саспеў вінаград, прысталі ў тыя мясціны тырыйскія піраты на лёгкім карыйскім судне (каб іх за варвараў не палічылі), высадзіліся, узброеныя мячамі і ў паўпанцырах, пачалі рабаваць усё, што траплялася пад рукі: духмянае віно, шмат збожжа, скрылі мёду; пагналі яны і некалькі кароў з Дорканавага статка. Схапілі яны і Дафніса, які блукаў па беразе мора; Хлоя ж як дзяўчына выганяла Дрыясавых авечак пазней, таму што баялася свавольных пастухоў. Убачыўшы прыгожага, дужага дзецюка, які здаўся ім больш вартаю здабычаю, чым нарабаванае на палях, разбойнікі не сталі траціць больш намаганняў ні на коз, ні на іншае дабро ў ваколіцы, а пагналі яго на свой карабель, ён жа ўсё плакаў у роспачы і моцна клікаў Хлою. Яны хутка адвязалі канат і, хапіўшы ў рукі вёслы, адплылі ў адкрытае мора; Хлоя якраз тады выгнала сваю чараду, несучы новую сірынгу ў падарунак Дафнісу. Але бачачы коз, якія ў бязладдзі разбегліся, і чуючы, як Дафніс мацней і мацней гукае яе, яна, не думаючы больш пра коз і авечак, кінула сірынгу і памчала бегма да Доркана прасіць дапамогі.
29. Але той ляжаў цяжка збіты разбойнікамі, ледзь дыхаючы, сыходзячы крывёю. Убачыўшы Хлою, ён адчуў у сабе іскру даўнейшага кахання і прамовіў: «Хлоя, я зараз памру; бязбожныя піраты, калі я змагаўся за сваіх валоў, мяне самога забілі, як вала. Але ты павінна ўратаваць для сябе Дафніса, папомсціцца за мяне, знішчыць іх. Я прывучыў сваіх кароў слухацца гукаў сірынгі і збягацца на яе поклік, нават калі б далёка яны дзе пасвіліся. Дык ідзі ж і, узяўшы гэтую сірынгу, зайграй на ёй тую песню, якой я некалі навучыў Дафніса, а Дафніс цябе; пра ўсё астатняе парупяцца мая сірынга і мае каровы, што апынуліся там. Я дару табе гэтую сірынгу, з якою ў змаганні, хто лепшы, шмат валапасаў і аўчароў перамог. А ты за гэта пацалуй мяне, пакуль яшчэ жывы, і аплач мяне, калі памру. А калі ўбачыш другога пастуха, што будзе пасвіць гэтыя кароўкі, успомні пра мяне».
30. Сказаўшы гэта, пацалаваў яе апошні раз,і разам з гэтым пацалункам і гэтымі словамі адляцела яго душа.
А Хлоя, узяўшы сірынгу і прыклаўшы да губ, зайграла наймацней, як толькі магла; і каровы чуюць песню, пазнаюць і, равучы, кідаюцца ў адным парыве ў мора. Ад раптоўнага скачка карабель нахіляецца на адзін бок, і пад цяжарам кароў марская бездань завірыла, карабель пераварочваецца і тоне, хвалі сышліся над ім. Тыя, што былі там, выскокваюць у ваду, але не ўсе з аднолькаваю надзеяй на ратунак. У піратаў на поясе былі мячы, на грудзях лускаватыя паўпанцыры, а ногі аж да паловы прыкрывалі накаленнікі, а Дафніс, які толькі што пасвіў на лузе коз, быў босы і напаўапрануты, бо гэтай парою было яшчэ горача. Нейкі час піраты яшчэ плылі, але цяжкае ўзбраенне пацягнула іх у бездань; Дафніс жа сваё адзенне лёгка скінуў, але, плывучы, зазнаў мукі, бо раней плаваў толькі ў рэчках. Аднак пасля бяда навучыла, што яму рабіць; ён ірвануўся ў сярэдзіну кароў і, ухапіўшы аберуч дзвюх іх за рогі, рухаўся так без клопату і турбот, нібы кіруючы павозкаю.
Гавяда ж плавае так, як ніводзін чалавек, толькі ўступае вадзяным птушкам і самім рыбам. Ніводная карова пры плаванні не гіне, хіба толькі рог у яе на капытах размокне і адваліцца. Пра гэта сведчаць аж да сёння многія мясціны на моры, якія маюць назву «валовага броду».