11. Яшчэ доўга абменьвалiся мы такiмi i падобнымi словамi i нарэшце разышлiся.
Як толькi надышла паўдзённая пара, Бiрэва прыслала мне ў падарунак свiнiны, пяць куранят i вялiкi збан добрага дарагога вiна. Я паклiкаў тады Фацiду i кажу: "Вось i Лiбер, узбуджальнiк Венеры i яе збраяносец, прыбыў. Сягоння высмакчам да дна гэта вiно, каб яно прагнала сарамлiвую слабасць i прыбавiла жаданню вясёлай сiлы. На судне Венеры толькi такiя патрэбны запасы, каб на бяссонную ноч хапiла ў лямпе алею, а ў кубку вiна".
Астатак дня быў прысвечаны лазнi i ў канцы вячэры. На запрашэнне добрага Мiлона я раздзялiў з iм даволi прыстойную вячэру i стараўся, маючы ў памяцi перасцярогi Бiрэны, чым радзей трапляць на вочы яго жонцы, адвяртаючы зрок ад яе твару, нiбы ад страшнага Аверанскага возера. Але, наглядаючы за Фацiдай, якая нам прыслугоўвала, я трохi ўзбадзёрыўся. Раптам Памфiла, зiрнуўшы на запаленую лямпу, кажа: "О, якая моцная залева будзе заўтра!" I на пытанне мужа, адкуль ёй гэта вядома, адказала, што ёй лямпа прадказвае. На гэта Мiлон, засмяяўшыся, гаворыць: "Вялiкую Сiвiлу трымаем мы ў гэтай лямпе, якая з вышынi сваёй падстаўкi сочыць за ўсiмi нябеснымi справамi i нават за самiм сонцам".
12. Тут я ўмяшаўся ў гутарку i кажу: "Гэта толькi першыя крокi ў такiх прароцтвах, i няма нiчога дзiўнага, што гэты агеньчык, хоць i сцiплы i запалены рукамi чалавека, памятае ўсё ж пра той вялiкi нябесны агонь, як пра свайго бацьку; боскi празорца ведае i нам паведамляе, што збiраецца зрабiць той вялiкi агонь. Вось i цяпер у нас у Карынфе гасцюе праездам нейкi халдзей, якi сваiмi дзiўнымi адказамi даводзiць увесь горад да вар'яцтва i зарабляе грошы, адкрываючы любому таямнiцы лёсу: у якi дзень найлепш спраўляць вяселлi, у якi рабiць закладзiны будынкаў, якi найбольш прыдатны для здзелак, якi выгаднейшы для падарожжа па сушы, якi — па моры.
Так i мне, калi я ў яго запытаўся, чым закончыцца маё падарожжа, ён сказаў шмат сама дзiўных i сама розных рэчаў. Сказаў, што мяне чакае гучнагалосая слава i вялiкiя прыгоды, якiя трапяць у кнiгi".
13. У адказ на гэта Мiлон, ухмыльнуўшыся, кажа: "А якi з выгляду той халдзей i як ён завецца?" "Доўгi, — кажу, — i чарнявы. Завецца Дыяфан". "Гэта той самы! — выкрыкнуў гаспадар. — Нiхто iншы! Ён i ў нас падобным спосабам шмат каму прарокаваў за немалыя грошы i, дабiўшыся вялiкiх прыбыткаў, апынуўся, бядак, ва ўбостве i мiзэрнасцi.
Аднаго дня, калi народ абступiў яго цесным колам, а ён прарокаваў, падышоў да яго нейкi купец па iмю Кердон, жадаючы даведацца, якi найбольш спрыяльны для яго дзень адплыцця. Той назваў яму дзень, з'явiўся кашалёк, высыпалi грошы i адлiчылi сотню дынараў — дамоўленую плату за прадказанне, як раптам ззаду працiскаецца нейкi малады чалавек знакамiтага роду, хапае яго за крысо, а як той адвярнуўся, моцна яго абдымае i цалуе. А халдзей, адказаўшы на яго пацалунак, пасадзiў яго побач з сабой i, ашаломлены нечаканай сустрэчай, забыўшыся пра справу, якой быў заняты, пытаецца: "Калi ж ты, доўгачаканы, тут з'явiўся?" А той яму адказвае: "Учора пад вечар. А цяпер ты раскажы, як вандраваў ты па сушы i па моры з той пары, як паспешлiва выехаў з выспы Эўбэi?"
14. На гэта Дыяфан, той знакамiты халдзей, не ачухаўшыся яшчэ ад здзiўлення, кажа: "Усiм ворагам i непрыяцелям нашым зычыў бы я такога Улiсавага вандравання. Наш карабель, на якiм мы плылi, патрапаны навальнiцамi, страцiў абодва стырны, прыбiўся да берага i, наткнуўшыся на скалу, пайшоў на дно, а мы, усё згубiўшы, ледзь выплылi. А тое, што ўдалося зберагчы дзякуючы спачуванню незнаёмых людзей цi прыхiльнасцi сяброў, трапiла ў рукi разбойнiкаў. Майго адзiнага брата Арыгнота, якi задумаў супрацiўляцца iх нахабству, на маiх вачах зарэзалi…"
Пакуль ён працягваў гэта сваё слязлiвае апавяданне, той купец Кердон, забраўшы грошы, выкладзеныя на плату за прадказанне, хуценька ўцёк. I толькi тады той Дыяфан, апомнiўшыся, зразумеў, якую зрабiў прамашку, калi ўсе мы, што яго акружалi, выбухнулi гучным смехам.
"Вiдаць, табе аднаму, мой пане Луцый, той халдзей i сказаў праўду. Дык будзь шчаслiвы i няхай будзе ўдачлiвы твой шлях!"
15. Пакуль Мiлон такiм чынам вёў гутарку, я моўчкi пакутаваў i злаваўся, што праз ягоную балбатню, якая па маёй вiне так зацягнулася, буду пазбаўлены добрай часткi вечара i найлепшых яго вынiкаў. Нарэшце, адважыўшыся, я кажу Мiлону: "Пакiньма гэтага Дыяфана ягонаму лёсу, i няхай ён далей дзярэ з людзей скуру, дзе яму спадабаецца — на моры цi на сушы, а я, прызнацца, дагэтуль не пазбыўся ўчарашняй стомы, дык дазволь мне раней легчы спаць".
Пасля гэтага я iду ў свой пакой i застаю там усё падрыхтаванае да вельмi прыемнай бяседы. Пасцелi слуг былi вынесены i пастаўлены далей ад дзвярэй, вiдаць, дзеля таго, каб нiхто нас уночы не патрывожыў. Да майго ложка быў падсунуты столiк, застаўлены посудам з вячэрай, i два вялiкiя келiхi з вiном толькi чакалi, каб далiць у iх вады. Побач стаяў буталь з шырокiм горлам, каб зручней было з яго чэрпаць. Адным словам, быў тут поўны пачастунак перад любоўнай гульнёй.
16. Толькi лёг я ў ложак, як вось i мая Фацiда, завёўшы на спачын гаспадыню, з'яўляеццца з букетам ружаў i з гiрляндамi ў прыпале. Пацалаваўшы мяне моцна ў губы, аблытала мяне вяночкамi i абсыпала пялёсткамi кветак. Пасля схапiла келiх i, падлiўшы туды цёплай вады, падала мне, каб я пiў. Аднак перш чым я яго апаражнiў, далiкатна забрала ад мяне i, памалу пацягваючы губкамi, не зводзячы з мяне вачэй, маленькiмi глыточкамi з асалодай дакончыла. За першым келiхам надышоў другi i трэцi, i часта пераходзiлi ў нас келiхi з рук у рукi.
Тады я, разагрэты вiном i не толькi душой, але i целам гатовы да асалоды, адчуваючы неспакой, увесь пад абладай нястрыманага i ўжо пакутлiвага жадання, адхiнуў сваё адзенне i, паказваючы сваёй Фацiдзе, з якiм нецярпеннем прагну яе кахання, кажу: "Злiтуйся, хутчэй хадзi мне на дапамогу! Ты бачыш, што я палымяна гатоў да барацьбы, якую ты мне аб'явiла без законнага папярэджання. Ледзь толькi атрымаў я ад бязлiтаснага Купiдона ўдар стралы ў самыя грудзi, як таксама нацягнуў свой лук i цяпер вельмi баюся, каб ад празмернага напружання не парвалася цецiва. Але калi ты хочаш па-сапраўднаму дагадзiць мне, дык распусцi косы i пад покрывам расхваляваных валасоў расхiнi свае абдымкi".
17. Не марудзячы, хутка прыняўшы посуд, зняўшы з сябе адзенне i распусцiўшы валасы, цудоўна пераўтварылася яна для радаснай асалоды, быццам Венера пры ўступленнi ў марскiя хвалi, i, прыклаўшы да гладзенькага выгаленага жаночага месца ружовую ручку, больш для таго, каб яго адцянiць, чым сарамлiва прыкрыць, кажа: "На бой, на моцны бой! Бо я табе не паддамся i не ўцяку. Калi ты мужчына, то атакуй з фронту i нападай з жарам, а, наносячы ўдары, будзь гатоў на смерць! Сягонняшняя бiтва праводзiцца бязлiтасна!"
З гэтымi словамi яна ўскоквае да мяне на ложак, сядае на мяне конна i гуллiва пачынае варушыцца ўдоўж i ўпоперак, пакуль наша здавальненне не дасягае найвышэйшай ступенi, пасля чаго мы, амаль страцiўшы свядомасць, у моцных абдымках, задыханыя падаем ад знямогi.
У гэтакiх i падобных сутычках правялi мы ноч да свiтання, праганяючы час ад часу стому келiхамi, узбуджаючы пажадлiвасць i нанова аддаючыся захапленню. За прыкладам гэтай ночы мы пазней дабавiлi да яе i шмат iншых.
18. Так здарылася, што Бiрэна вельмi настойлiва запрашала мяне прыйсцi да яе на сцiплую сяброўскую вячэру. Я доўга адмаўляўся, аднак мае адгаворкi яе не пераканалi. Тады прыйшлося звярнуцца да Фацiды i спытаць у яе парады, як у аракула. Хоць ёй цяжка было расстацца са мной нават на сама кароткi тэрмiн, яна ласкава згадзiлася на непрацяглае перамiр'е ў ваенных падзеях кахання, але кажа мне: "Ты пастарайся раней пайсцi з вячэры. Водзiцца ў нас хеўра з сама знатных маладых людзей, якiя парушаюць грамадскi парадак. Часта бываюць на вулiцах трупы забiтых, а атрады намеснiка нiяк не могуць ачысцiць горад ад гэтай пошасцi. Лёс шчодра надзялiў цябе сваiмi дарамi, а яны з табой, як з чалавекам прыезджым, цырымонiцца не будуць, дык якраз можаш трапiць у пастку".
"Не трывожся, — кажу, — мая Фацiда. Дзеля таго, што нашы з табой уцехi мне даражэйшыя, чым чужыя вячэры, я супакою твае страхi, вярнуўшыся як найраней. I пайду не без правадыра. Падперазаўшыся сваiм мячом, я сам панясу заруку сваёй бяспекi".
Так падрыхтаваўшыся, выпраўляюся на вячэру.
19. Там застаю я, як i належыць у знатнай жанчыны, шмат запрошаных — цвет горада. Пышныя сталы блiшчаць туяй i слановай косцю, софы засланыя дарагiмi тканiнамi, высяцца вялiкiя келiхi, розныя ў сваёй прыгажосцi, але аднолькава каштоўныя. Тут па-мастацку гранёнае шкло, там чысты крышталь, у адным месцы яснае серабро, у другiм блiскучае золата i дзiвосна выразаны бурштын запрашае вусны да пiцця. I каштоўныя камянi, а нават тое, чаго не можа быць, там было.
Шматлiкiя вытанчана апранутыя слугi бадзёра падносяць поўныя да берагоў блюды, кучаравыя хлапчукi ў прыгожых тунiках раз за разам падаюць ва ўпрыгожаных самацветамi бакалах старыя вiны. I вось прыносяць свяцiльнiкi, застолле ажыўляецца, чуваць смех, то там, то сям вясёлыя жарты падмацоўваюцца фрывольнымi слоўцамi…
Тут Бiрэна звяртаецца да мяне: "Цi добра табе жывецца ў нашых родных мясцiнах? Наколькi мне вядома, мы далёка апярэдзiлi ўсе гарады нашымi палацамi, лазнямi i iншымi будынкамi, прытым у нас недахопу няма нi ў чым неабходным. Хто б да нас нi прыехаў — цi чалавек, якi хоча адпачыць, цi камерсант, кожны знойдзе тое, што яму трэба, не горш, чым у Рыме, а сцiплы госць атрымае сельскi спакой. Адным словам, у нас знайшлi прыстанiшча ўсе зручнасцi i прыемнасцi правiнцыi".
20. На гэта я адказваю: "Праўду кажаш, нi ў якай iншай краiне не адчуваў я сабе так свабодна, як тут, аднак я вельмi баюся тайных падкопаў магiчнай навукi, якiх немагчыма пазбегнуць. Я чуў, што нават нябожчыкi ў магiлах не застаюцца недакранальнымi i з папялiшчаў i скляпоў здабываюцца нейкiя рэшткi i шматкi трупаў на загубу жывым. А старыя чараўнiцы ў хвiлiны пахавання паспяваюць з хуткасцю драпежных птушак прадбачыць новыя смерцi".
Пасля гэтых маiх слоў умяшаўся ў гутарку нехта з прысутных: "Тут i жывым спуску не даюць. Ёсць у нас адзiн чалавек, з якiм здарылася падобная гiсторыя, яму так увесь твар знявечылi, што не пазнаць чалавека".
Тут усе госцi пачалi смяяцца, а iхнiя твары i вочы звярнулiся ў бок аднаго з гасцей на куце. А калi той, збянтэжаны агульнай увагай, штосьцi прамармытаўшы, хацеў устаць са свайго месца, Бiрэна кажа яму: "Не хвалюйся, мой Тэлiфрон, застанься i раскажы, калi ласка, яшчэ раз сваю гiсторыю, каб i сын мой, вось гэты Луцый, мог пацешыцца прыгажосцю твайго выдатнага апавядання!" А ён адказвае: "Ты, панi, як заўсёды, выяўляеш сваю святую дабрату. Але ёсць некаторыя людзi, нахабства якiх немагчыма сцярпець!" Ён быў абураны насмешкамi. Аднак настойлiвасць Бiрэны, якая клялася сваiм жыццём, прымусiла яго, хоць i супраць волi, здацца.
21. Тады зрабiўшы з пакрывалаў падвышэнне, прыўзняўшыся на ложы i абапёршыся на локаць, Тэлiфрон прасцiрае правую руку i, як тыя прамоўцы, прыгнуўшы два крайнiя пальцы i два наставiўшы ўперад, а вялiкi пагрозлiва апусцiўшы, пачынае:
"Быўшы яшчэ непаўналетнiм, накiраваўся я з Мiлета на Алiмпiйскiя гульнi. А дзеля таго, што мне хацелася наведаць гэту вашу славутую правiнцыю, дык, праехаўшы праз усю Фесалiю, у благi час прыбыў я ў Ларысу. Мае дарожныя грошы разышлiся, i я блукаў па горадзе, прыдумваючы, як даць рады сваёй беднасцi. Раптам бачу сярод рыначнай плошчы нейкага высокага чалавека, якi стаяў на каменi i зычным голасам прапаноўваў тым, хто хацеў бы наняцца вартаўнiком да нябожчыка, дамовiцца аб цане.
Тады я звяртаюся да аднаго з прахожых: "Што я чую? Няўжо тут нябожчыкi маюць звычай уцякаць?" "Памаўчы, — адказвае той, — ты чалавек нетутэйшы i яшчэ вельмi малады i, зразумела, не надта ўсведамляеш сабе, што знаходзiшся ў Фесалii, дзе чараўнiцы, здараецца, адгрызаюць у нябожчыкаў для сваiх магiчных мэт часткi твару".
22. "А цi не можаце мне сказаць, — працягваю я, — якiя абавязкi гэтага магiльнага вартаўнiка?"
"Найперш, — адказвае той, — усю ноч нельга задрамаць, расплюшчанымi вачамi, якiя б не ведалi сну, глядзець на труп, не адводзячы позiрку, i нi на хвiлiну не адварочвацца, бо гэтыя ваўкалакi могуць абярнуцца любой жывёлiнай i стараюцца патаемна прабрацца, дык нават вочы самога Сонца, самой Справядлiвасцi могуць лёгка ашукацца. Яны ператвараюцца то ў птушак, то ў сабак цi мышэй, а часам нават у мух. А тады ад iхнiх чараў нападае на вартаўнiка сон. Нiхто не можа назваць тых хiтрыкаў, якiмi карыстаюцца гэтыя шкодныя жанчыны дзеля сваiх мэт. А за гэту такую небяспечную працу звычайна назначаецца плата не большая як чатыры-шэсць дукатаў. Ах вось, яшчэ ледзь не забыўся! Калi вартаўнiк не ўпiльнуе цела, калi пры здачы выявiцца нейкi недахоп, тады ён тое, што прапала, павiнен поўнасцю або часткова аддаць, адрэзаўшы ад свайго твару".
23. Даведаўшыся пра гэта, я прымаю рашэнне, у той жа момант падыходжу да вяшчальнiка i кажу: "Досыць табе крычаць. Вось вартаўнiк, пагаворым пра цану". "Тысяча нумаў вызначаецца табе, — кажа той, — толькi пастарайся пiльна сцерагчы труп ад злых гарпiяў, бо гэта цела сына аднаго з сама знакамiтых жыхароў горада!" "Глупства, — кажу, — ты мне ўтлумачваеш. Я чалавек жалезны, якога сон не бярэ, пiльнейшы, чым Лiнцэй цi Аргус, адным словам, я ўвесь вока!"
Толькi я гэта сказаў, як ён ужо вядзе мяне да нейкага дома з наглуха зачыненай брамай. Упусцiў мяне праз нейкую маленькую брамку, адчынiў дзверы ў цёмны з пазачынянымi вокнамi пакой, дзе сядзела збедаваная матрона, захутаная ў цёмнае адзенне. Наблiзiўшыся да яе, ён кажа: "Вось прыйшоў чалавек, якi не збаяўся наняцца вартаўнiком твайго мужа".
Тады яна адкiнула валасы, якiя закрывалi яе твар, i, паказаўшы прыгожае, нягледзячы на гора, аблiчча, гаворыць, пазiраючы мне ў вочы: "Глядзi, прашу цябе, як найпiльней зрабi гэту справу". "Не турбуйся, — адказваю ёй, — толькi падрыхтуй адпаведную ўзнагароду".
24. Заспакоеная адказам, яна ўстала i вядзе мяне ў другi пакой. Там знаходзiлася цела, накрытае белым пакрывалам. Паклiкаўшы сямёра сведкаў, дама зняла палотны, хвiлiну паплакала над памерлым i ўрэшце паклiкала прысутных засведчыць, што цела не пашкоджанае, i пачала пералiчваць розныя яго часткi, а нехта побач запiсваў яе словы ў таблiчкi. "Вось, — кажа, — нос цэлы, вочы непапсаваныя, вушы цэлыя, губы нечапаныя, падбародак ёсць. Ува ўсiм гэтым вы, добрыя квiрыты, будзьце сведкамi". Пасля гэтага да таблiчак былi прымацаваны пячаткi, а яна накiравалася да выхаду. А я кажу: "Загадай, панi, каб падрыхтавалi ўсё патрэбнае мне для работы". "А што менавiта?" — пытаецца. "Лямпу, — кажу, — алею, каб да свiтання хапiла святла, цёплай вады, добры збан вiна, келiх ды паднос з астаткам вашай вячэры". Тут яна пакiвала галавой i кажа: "Цi пры сваiм ты розуме? У доме жалобы хочаш атрымаць вячэру тады, як у нас ужо каторы дзень на кухнi не паляць! Ты што, банкетаваць сюды прыйшоў? Лепш бы пабедаваў i паплакаў, як у такiм месцы належыць!" Пасля гэтага звярнулася да служанкi: "Мiрына, прынясi зараз лямпу i алею, потым замкнеш вартаўнiка i вяртайся".
25. Так пакiнуты сам-насам з трупам, я працiраю вочы, каб адбiцца ад сну, i, каб падбадзёрыцца, спяваю цiха нейкую песеньку. Тым часам пачынае змяркацца, цямнее, цемра гусцее, настае глыбокая ноч i поўная цемрадзь. А мой страх усё павялiчваецца. Раптам аднекуль выпаўзае ласка, спыняецца насупраць мяне i так пiльна глядзiць на мяне, што ад такой нахабнасцi гэтага маленькага звярка я зусiм збянтэжыўся. Нарэшце кажу ёй: "Iдзi прэч, паганае стварэнне! Выбiрайся да мышэй, яны твая кампанiя, iдзi, пакуль я цябе не выкiнуў вон! Iдзi прэч!" Яна павярнулася i ўмомант знiкла. Але ў тую ж хвiлiну глыбокi сон апусцiў мяне ў нейкую бездань так, што сам дэльфiйскi бог не змог бы адгадаць, якое з двух ляжачых цел было нежывое. Гэтак, нiчога не адчуваючы i сам маючы патрэбу ў вартаўнiку, я нiбыта ў тым пакоi i не быў.
26. I вось моцны крык пеўня абвясцiў, што ноч канчаецца. Я прачнуўся, ахоплены страхам, i бягу са свяцiльнiкам да трупа, адхiнаю з твару пакрывала i пачынаю разглядаць кожную рыску — нiчога не было пашкоджана. Зараз жа i збедаваная жонка са слязьмi, у трывозе ўваходзiць з учарашнiмi сведкамi, кiдаецца на цела мужа, доўга абсыпае яго пацалункамi i пры святле лямпы пераконваецца, што ўсё ў парадку. Тады, адвярнуўшыся, клiча свайго загадчыка хатнiх спраў Фiладэспата i загадвае яму выдаць добраму вартаўнiку плату. Грошы хутка прынеслi, i дама мне гаворыць: "Мы табе, хлопча, вельмi ўдзячныя, i, клянуся Геркулесам, за такую добрую службу будзем лiчыць цябе ад гэтай хвiлiны членам нашага дому". На гэта я, узрадаваны нечаканым набыткам i адурманiўшыся блiскучымi залатымi манетамi, якiмi падзынкваў у руцэ, кажу: "Лiчы мяне, панi, сваiм слугой i, колькi б разоў нi аказалася патрэба ў маёй службе, смела мне загадвай!"
Ледзь толькi я гэта сказаў, як прысутныя, праклiнаючы жудаснае прароцтва, накiнулiся на мяне: хто кулаком заехаў у зубы, хто локцямi таўчэ ў плечы, хто рукамi дае пад бакi, нагамi топчуць, за валасы цягаюць, iрвуць адзежу…
Так, абдзёрты i раскалмачаны, нiбы ганарысты Аанiйскi юнак або сын пiплейскай музы, быў я выкiнуты з дому.
27. I пакуль я на суседняй вулiцы ачухаўся, прыпамiнаючы са спазненнем бязглуздае i злавеснае значэнне сваiх слоў i прызнаючы, што варт яшчэ большага пакарання, аплаканага i абгалошанага нябожчыка вынеслi з дому. А дзеля таго, што хавалi арыстакрата, дык старым звычаем, наладжаная за грамадскi кошт, багатая працэсiя праходзiла праз форум.
Тут падбягае нейкi стары ў цёмнай вопратцы i ў скрусе i слязах iрве свае шляхетныя сiвыя валасы, а потым, абняўшы абедзвюма рукамi катафалк, зычным голасам, хоць i перапыняным уздрыгваннем, пачынае выкрыкваць: "Заклiнаю вас, квiрыты, вашым добрым iмем i ўсiм для вас святым, заступiцеся за забiтага грамадзянiна i надзвычайнае злачынства гэтай бессумленнай жанчыны сурова пакарайце! Гэта яна, i нiхто iншы, атруцiла беднага юнака, сына маёй сястры, каб дагадзiць сваiм каханкам i захапiць спадкi!"
Гэтак у горкай жальбе звяртаўся стары то да аднаго, то да другога. Тым часам натоўп пачаў пагрозлiва хвалявацца, праўдападабенства выпадку змушала верыць у злачынства. Адны пачалi крычаць, што яе трэба спалiць, другiя хапацца за каменне i падгаворваць хлапчукоў забiць злачынную жанчыну. А тая, аблiваючыся слязьмi i кленучыся сама страшнымi кляцьбамi з заклiнаннем у сведкi ўсiх жыхароў неба, пярэчыла абвiнавачанню.
28. Нарэшце стары кажа: "Здамося на найвышэйшую сiлу, якая скажа, дзе праўда. Тут прысутнiчае Затхлас, адзiн з вядомых эгiпецкiх прарокаў, якi згадзiўся за вялiкую ўзнагароду выклiкаць на хвiлiну душу з таго свету i вярнуць на хвiлiну гэтаму целу жыццё". З гэтымi словамi выводзiць на сярэдзiну нейкага юнака ў iльняной вопратцы, у пальмавых сандалях, з гладка паголенай галавой. Цалуючы яму рукi i абдымаючы за каленi, ён кажа: "Злiтуйся, служка багоў, злiтуйся дзеля нябесных свяцiлаў, дзеля падземных багоў, дзеля прыродных стыхiяў, дзеля начной цiшынi, дзеля Копцкiх святыняў, дзеля Нiльскiх паводак, дзеля Мемфiскiх тайнаў i Фароскiх сiстраў. Дай на кароткi момант выкарыстаць сонечнае ззянне i ў навек заплюшчаныя вочы ўлi частку святла. Мы не наракаем i не адымаем ад зямлi таго, што ёй належыць, але, каб пацешыцца адплатай, просiм кароткага вяртання да жыцця".
Прарок, якога ўзрушылi гэткiя ўмольваннi, палажыў нейкую травiцу на вусны нябожчыку, а другую на яго грудзi. Пасля, павярнуўшыся на ўсход, пачаў малiцца да святога Сонца, што ўзнiмалася над гарызонтам. Выгляд яго ў гэты час быў варты глыбокай пашаны, што вельмi добра падрыхтавала ўвагу прысутных да чаканага цуду.