Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою - Лонг 4 стр.


23. «Род німфаў, мая любая, вялікі: мэліі, дрыяды, гэлеі, усе красуні, усе пявунні. Адна з іх мела дачку Эхо, смертную, бо ад смертнага бацькі, прыгожую, бо ад прыгожае маткі. Німфы яе ўзгадавалі, музы яе на сірынзе, на дудцы іграць навучылі, пад ліру, пад кіфару ўсялякія песні спяваць, так што, увабраўшыся ў дзявочую красу, з німфамі яна танцавала, з музамі спявала. Але ад усіх мужчын уцякала — і людзей, і багоў, любячы сваё дзявоцтва. Зазлаваў на дзяўчыну Пан, зайздросцячы яе спевам, намарна прагнучы яе красы, спаслаў вар'яцтва на пастухоў авечак і коз. І гэтыя, як сабакі ці ваўкі, разрываюць і па ўсёй зямлі раскідаюць яе часткі, якія яшчэ ўсё спяваюць. Зямля з ласкі да німфаў пахавала ўсе гэтыя часткі. А ўмельства гучання зберагла і з волі муз падае голас і ўсё пераймае, як некалі дзяўчына: багоў, людзей, музычныя інструменты, звяроў; нават ігру на сірынзе самога Пана пераймае. А ён, пачуўшы гэта, ускоквае і ганяецца па гарах, не так хочучы злавіць, як даведацца, хто ж гэта за таямнічы вучань».

Калі Дафніс расказаў гэтую легенду, Хлоя не дзесяць, а безліч разоў пацалавала яго, бо амаль тое ж за ім паўтарала Эхо, нібы сведчачы, што ён ані не салгаў.

24. З кожным днём сонца больш прыгравала, бо вясна канчалася, пачыналася лета, і зноў прыйшлі да іх новыя летнія радасці. Ён плаваў у рэках, Хлоя купалася ў ручаінах; ён іграў на сірынзе наўзахапкі з пошумам хвойкі, яна ж спявала навыперадкі з салаўямі. Яны ганяліся за стракатлівымі цвыркунамі, лавілі звонкіх цыкад, збіралі кветкі, абтрасалі дрэвы, елі плады. Урэшце клаліся разам голыя, накрыўшыся адною казлінаю шкураю. І Хлоя лёгка стала б жанчынаю, калі б Дафніса не бянтэжыла кроў. Праўда, баючыся, каб не страціць калі-небудзь улады над сабою, ён не дазваляў Хлоі раздзявацца дагала; Хлою ж гэта дзівіла, але яна саромелася спытацца чаму.

25. У гэтае лета да Хлоі заляцалася шмат хлопцаў, і з розных месцаў прыходзіла шмат народу да Дрыяса сватаць яе; адны прыносілі падарункі, другія — вялікія абяцанкі. Напэ, падахвочаная спадзеўкамі, раіла яму выдаць Хлою і не трымаць далей дома такую дарослую дзяўчыну, якая, пасучы, можа не сёння-заўтра страціць сваё дзявоцтва, узяўшы сабе мужам якога з пастухоў за некалькі яблыкаў ці ружаў; лепей жа зрабіць яе сапраўднаю гаспадыняю дома, а вялікія падарункі самім узяць і зберагчы для свайго ўлюбёнага роднага сына (якраз незадоўга перад тым у іх нарадзіўся хлопчык). Часам Дрыяс пагаджаўся з гэтымі гаворкамі, бо кожны залётнік абяцаў большыя падарункі, чым можна было ўзяць за дачку пастуха; а часам ён зноў пачынаў думаць, што дзяўчына вартая лепшага мужа, чым сялянскія хлопцы, і што калі б яна некалі знайшла сваіх сапраўдных бацькоў, то абагаціла б і ашчаслівіла і яго і жонку; і марудзіў з адказам, адкладаючы яго з дня на дзень, тым часам збіраючы ніштавата падарункаў.

Хлоя, даведаўшыся пра гэта, цяжка зажурылася, але доўгі час не казала Дафнісу, не хочучы яго засмучаць; калі ж ён пачаў прыставаць і распытваць, што здарылася, і яшчэ больш засмуціўся ад няведання, чым бы ад ведання, яна яму ўсё расказала: што шмат залётнікаў сватаецца да яе і якія яны багатыя, пра ўгаворы Напэ, якая прыспешвае вяселле, пра Дрыяса, які не адмовіў нікому, але адклаў усё да збору вінаграду.

26. Сам не свой зрабіўся Дафніс ад гэтага, і, сеўшы, заплакаў, і казаў, што памрэ, калі Хлоя не будзе з ім больш пасвіць; і не толькі ён адзін, але разам з ім і авечкі без такое пастушкі. Пасля, сабраўшыся з духам, ён трохі суцешыўся і надумаў угаварыць яе бацьку, палічыўшы і сябе сярод залётнікаў і спадзеючыся, што возьме верх над імі. Толькі адно турбавала — Ламан не быў багаты, і гэта адно аслабляла яго надзею. Але ён наважыў сватацца, і Хлоя згадзілася з гэтым. Ламану ён не адважыўся сказаць, Міртале ж даверыўся адкрыць сваё каханне і пра шлюб слоўца ўкінуў; а яна ўночы расказала пра гэта Ламану. Той сурова сустрэў прапанову і пачаў папракаць, што яна хоча з дачкою простых пастухоў звесці хлопца, якому прыкметныя знакі абяцаюць багатую долю; бо, калі ён сваіх сапраўдных бацькоў знойдзе, зробіць іх вольнымі і дасць ім куды большыя надзелы зямлі. Міртала ж, баючыся, каб Дафніс, зусім страціўшы надзею на шлюб, з-за кахання не рашыўся зрабіць чаго над сабою, падала яму зусім іншыя прычыны адмовы. «Мы, дзіцятка, бедныя людзі, і нам трэба нявестку, якая сама прынясла б чым болей у хату; яны ж багатыя і хочуць багатых зяцёў. Ідзі ж, угавары Хлою, хай яна пераканае свайго бацьку, каб ён не вымагаў шмат і выдаў яе за цябе. Бо напэўна яна цябе кахае і ёй хочацца лепш спаць з прыгожым, хоць бедным, хлопцам, чым з багатаю малпаю».

27. Міртала, якая ніколі не спадзявалася, што Дрыяс дасць згоду — меў жа ён багацейшых залётнікаў, — думала, што знайшла найлепшую адгаворку, каб унікнуць шлюбу; Дафніс не мог адкінуць яе словы. Бачачы, як далёка ён ад сваіх спадзяванняў, рабіў тое, што звычайна робяць няшчасныя закаханыя: плакаў і зноў клікаў німфаў на дапамогу. І ўночы, калі ён спаў, яны з'явіліся ў сне ў тым самым абліччы, як і мінулы раз, і зноў загаварыла старэйшая: «Пра Хлоін шлюб дбае іншы бог; мы ж дамо табе падарункі, якімі задобрыш Дрыяса. Карабель маладых метымнейцаў, лазовую вітку якога некалі з'елі твае козы, у той дзень ветрам адагнала далёка ад зямлі; але ўночы, калі з адкрытага мора наляцела бура і яно ўсхадзілася, карабель выкінула на скалы гэтага мыса. Сам карабель і шмат чаго ў ім загінула; але гаманец з трыма тысячамі драхмаў, выкінуты хваляю на бераг, ляжыць там і цяпер, прыкрыты марскою травою побач з мёртвым дэльфінам, і ніхто з падарожных не падыходзіць да таго месца, унікаючы смуроду гнілізны. Але ты падыдзі, і, падышоўшы, вазьмі, і, узяўшы, дай. Гэтага на разе табе досыць, каб не здацца бедным; а з часам ты станеш і сапраўды багатым».

28. Гэта сказаўшы, яны зніклі разам з ноччу. Калі ж заняўся дзень, Дафніс, узрадаваны, ускочыў і, голасна насвістваючы, пагнаў сваіх коз на пашу; пацалаваў Хлою і, ушанаваўшы німфаў, пабег да мора, нібы хочучы абмыцца; і там на пяску, побліз прыбою, хадзіў ён, шукаючы тыя тры тысячы. Не шмат давялося прыкласці клопату, бо неўзабаве дайшоў да яго нядобры пах дэльфіна, які ляжаў там і гніў; гэты смурод падлы і паказаў яму дарогу, ён пабег проста туды і, разгробшы водарасці, знайшоў гаманец, набіты серабром. Падняўшы яго і паклаўшы ў сваю пастухову торбу, не адышоў, аднак, пакуль удзячна не памаліўся німфам і мору; бо хоць і быў пастух, але мора ўжо здавалася яму мілейшым, чым зямля, бо яно спрыяла яму ў шлюбе з Хлояй.

29. З трыма тысячамі драхмаў ён больш не марудзіў, лічачы сябе найбагацейшым чалавекам на свеце, а не толькі сярод тамтэйшых сялян, — тут жа прыбягае да Хлоі і расказвае ёй сон, паказвае гаманец, просіць яе папільнаваць статак, пакуль ён не вернецца, і як мага імчыцца да Дрыяса. Знайшоўшы яго на таку, дзе той з Напэ малаціў пшаніцу, ён з усёй адвагаю кідаецца ў гаворку пра шлюб: «Дай мне Хлою за жонку. Я ўмею на сірынзе прыгожа іграць, і вінаградныя лозы падразаць, і дрэвы саджаць. Умею зямлю араць і веяць збожжа на ветры. А як статак пасу — Хлоя сведкаю. Узяўшы пяцьдзесят коз, я падвоіў лік іх; я выгадаваў вялікіх і прыгожых казлоў; а раней мы чужымі казламі сваіх коз пакрывалі. Да таго ж я малады і сусед вам што трэба: а выкарміла мяне каза, як і Хлою — авечка. Пераважаючы ва ўсім гэтым над іншымі, я не ўступлю і ў падарунках. Даюць яны коз і авечак, пару шалудзівых валоў, збожжа, што і курэй не выстачыць пракарміць; а ад мяне — вось вам тры тысячы драхмаў. Толькі няхай ніхто не ведае, нават Ламан, мой бацька». З гэтымі словамі ён даў грошы, абняўшы, пацалаваў яго.

30. Яны ж, убачыўшы неспадзявана гэтулькі грошай, тут жа паабяцалі выдаць за яго Хлою і ўгаварыць Ламана. Напэ асталася з Дафнісам ганяць валоў наўкол току і выбіваць малацільнымі дошкамі калоссе; а Дрыяс, схаваўшы гаманец туды ж, дзе ляжалі Хлоіны прыкметныя знакі, хутка пабег да Ламана і Мірталы, каб — яшчэ такога не бывала — сватаць іх сына. Знайшоў ён іх, калі тыя мералі толькі што правеяны ячмень і былі вельмі зажураныя, бо ўраджай быў ці не меншы, чым пасеяна; на гэта ён іх суцешыў, што скрозь чуваць тыя самыя скаргі; а пасля пачаў прасіць выдаць Дафніса за Хлою і сказаў, што хоць шмат даюць другія, але ён ад іх нічога не возьме, а хацеў бы яшчэ і са сваіх прыпасаў ім дадаць; яны адно з адным гадаваліся і, разам пасучы, павязаны такою дружбаю, якую нялёгка разарваць, і тыя гады, каб ім адно з адным спаць. Гэта і яшчэ шмат чаго казаў ён, бо ўзнагародаю, каб угаварыў іх, меў тры тысячы. А Ламан, які не мог ужо выставіць за прычыну ні сваю беднасць, бо тыя ж перад імі не задаваліся, ні Дафнісавы гады — ён ужо ж дзяцюк, а сапраўднай прычыны, што Дафнісу суджаны лепшы, чым гэты, шлюб, не выказаў; памаўчаўшы трошкі, ён так адказаў:

31. «Вы справядліва робіце, аддаючы перавагу суседзям перад чужымі і не ставячы багацце вышэй за сумленную беднасць. Хай будуць за гэта спагадлівыя да вас Пан і німфы! Я і сам спяшаюся з гэтым вяселлем; бо быў бы вар'ятам, калі б я, стары чалавек, якому ўжо неўзабаве для работы трэба будуць больш спрытныя рукі, не палічыў бы за вялікае дабро парадніцца з вашым домам; кожны б Хлою хацеў, прыгожая, мілая дзяўчына, спрытная ва ўсім. Але я раб і ні над чым, што маю, не гаспадар; трэба, каб мой пан уведаў пра гэта і даў згоду. Давайма адкладзём вяселле на восень. Тады і сам ён тут будзе, як кажуць людзі, што з горада прыходзяць да нас. Тады яны стануць мужам і жонкаю. Цяпер жа хай любяць адно аднаго, як брат і сястра. Толькі ведай, Дрыяс, вось што: дамагаешся ты хлопца, які стаіць вышэй, чым мы». Сказаўшы гэта, пацалаваў яго і даў яму папіць, бо быў полудзень — самая спёка, і, усяляк ушаноўваючы, правёў яго ў дарогу.

32. Але Дрыяс не пусціў паўз вушы апошніх Ламанавых слоў і, ідучы дадому, даўся ў думкі, хто ж такі Дафніс. «Яго выкарміла каза, значыць, багі дбаюць пра яго; ён прыгожы і ані не падобны ні да гэтага кірпатага старога, ні да яго лысай жонкі. А мае ж ён тры тысячы, гэтулькі і грушак-дзічак у казапаса звычайна не бывае. Можа, і яго падкінулі, як Хлою? Можа, і яго знайшоў Ламан, як я яе? Можа, і пры ім ляжалі прыкметныя знакі, падобныя да тых, што знойдзены мною? Калі гэта было так, о ўладны Пане, і вы, любыя німфы, тады, можа, калі ён знойдзе сваіх, што-небудзь выйдзе на свет з Хлоінай таямніцы?» Так ён думаў і мроіў сам сабе, аж пакуль не дайшоў да току; прыйшоўшы туды і ўбачыўшы Дафніса, які напружана чакаў, што ж давядзецца пачуць, падбадзёрыў яго, назваўшы яго зяцем і паабяцаўшы ўвосень справіць вяселле, і падаў яму правую руку ў знак таго, што Хлоя не будзе належаць нікому, апроч Дафніса.

33. Хутчэй чым думка, не піўшы, не еўшы, пабег да Хлоі; знайшоўшы яе — яна якраз даіла і рабіла сыры, сказаў ёй радасную вестку пра вяселле і як бы жонку ўжо, не тоячыся, пацалаваў і разам рабіў усю работу. Даіў малако ў даёнкі, укладаў сыры ў пляцёнкі, каб сушыліся; падводзіў ягнят і казлянят пад маткі. Калі ўсё як мае быць было пароблена, яны памыліся, паелі, папілі і пайшлі шукаць спелых пладоў. Іх было мноства ў гэтую ўсёдайную пару года: шмат грушак, дзікіх і садовых, шмат яблык, адны пападалі долу ўжо, другія былі яшчэ на дрэвах; тыя, што на зямлі, больш духмяныя, тыя, што на голлі, больш румяныя; адны пахлі, як віно, а другія блішчалі, як золата. Адна яблыня была абабраная: ні пладоў на ёй, ні лісця — усе галінкі голыя. Толькі ў самым версе гайдаўся адзінюткі яблык — вялікі, прыгожы, сваёй духмянасцю ўсе іншыя перабіваў. Збіраючы, нехта пабаяўся лезці высока і не парупіўся яго зняць, а можа, збярог для закаханага пастуха.

34. Як толькі Дафніс убачыў гэты яблык, тут жа падышоў, узлез, каб зняць яго, не зважаючы, што Хлоя пярэчыла яму. Зазлаваўшы, што ён яе не слухае, яна пабегла да статкаў; Дафніс жа хутка ўзлез, каб дастаць яблык, прынёс дарунак Хлоі і прамовіў такія словы да гняўлівай: «Дзяўчынка! Гэты яблык прыгожыя Горы ўзрадзілі, прыгожае дрэва яго жывіла, сонца спяліла, а Доля яго ацаліла. Я не мог, маючы вочы, пакінуць яго, каб ён долу ўпаў і каб статак, пасучыся, яго растаптаў, ці паўзун-гад атруціў, ці час там яго зглуміў; яго, якім толькі любавацца ды захапляцца. Такі яблык Афрадыта ва ўзнагароду за красу атрымала, гэты — я табе даю ў знак твае перамогі. І суддзі вашы падобныя: той жа быў пастух авечак, а я казапас».

Гэта сказаўшы, паклаў ён яблык у складкі адзення на грудзях; і калі ён падышоў блізка, яна пацалавала яго, так што Дафніс ані не каяўся, што так адважна лез на гэтую вышыню: бо атрымаў ён даражэйшае, чым нават залаты яблык, — пацалунак.

 1. З Мітылены прыйшоў раб, які належаў таму гаспадару, што і Ламан, і прынёс вестку, што незадоўга да збору вінаграду прыедзе іх гаспадар, каб паглядзець, ці не прынёс шкоды яго палям напад метымнейцаў.

Лета ўжо канчалася, набліжалася восень, і Ламан рыхтаваўся да прыезду гаспадара, каб тут усё яму цешыла вока. Ён пачысціў крыніцы, каб вада была чыстая; вывез гной з двара, каб цяжкі дух не дакучаў; дагледзеў сад, каб ён меў прывабны выгляд.

2. А сад быў надзіва прыгожы, нібы царскі. Цягнуўся на цэлы стадый, а ляжаў на высокім месцы, маючы чатыры плетры ўшыркі. Можна падумаць, шырокае поле. Дрэвы ўсялякіх парод былі тут: яблыні, мірты, грушы і гранаты, а таксама фігі і алівы; а ў другім месцы высокія вінаградныя лозы абвівалі яблыні і грушы, чарнеючы гронкамі, нібы спрачаючыся з пладамі; гэта былі садовыя дрэвы. Але і былі кіпарысы і лаўры, платаны і хвойкі. Усе іх замест вінаграднай лазы абвіваў плюшч, і яго вялікія чорныя пучкі нагадвалі вінаградныя гронкі. Пладовыя дрэвы стаялі ўсярэдзіне, нібы пад аховаю: іх абступалі непладовыя, нібы агароджа, зробленая рукамі людзей; а ўсё разам аточваў нізенькі мур. Усё было акуратна падзелена і размерана, і дрэвы раслі роўна адно ад аднаго. А ўгары голле перапляталася, змешваючы лісце; так што створанае прыродаю, здавалася, было зробленае мастаком. Былі і градкі кветак; адны ўзрасціла самасеем зямля, другія — умельства; кусты руж, гіяцынты і лілеі — з працы рук, фіялкі, нарцысы, гусіныя лапкі зрадзіла зямля. Улетку тут быў цень, увесну — кветкі, увосень — плады, і на ўсякую пару свая раскоша.

3. Адсюль адсланяўся шырокі від на раўніну і можна было згледзець пастухоў, якія пасвілі жывёлу; адсюль адсланяўся і прыгожы від на мора і можна было ўбачыць, як праплывалі караблі; так што і гэта прыдавала прывабнасць саду. А ў самай сярэдзіне па даўжыні і шырыні яго стаяла капліца Дыяніса і ахвярнік; ён абвіваўся плюшчом, капліца — вінаграднай лазою. Усярэдзіне капліцы былі намаляваны карціны з жыцця Дыяніса: роды Семелы, сон Арыядны, Лікург скаваны, Пентэй разарваны. Былі і пераможаныя індыйцы і тырэнцы, перакінутыя ў дэльфінаў; усюды сатыры вінаград тапталі, усюды вакханкі танцавалі. Не абмінулі і Пана: сядзеў на скале, іграючы на сірынзе як бы агульную песню і для тых, што вінаград тапталі, і для тых, што танцавалі.

4. Гэты сад старанна даглядаў Ламан, сухое голле падразаў, вінаградныя лозы падвязваў. Дыяніса ён упрыгожыў вянкамі; да кветак правёў ваду. Была там крыніца, якую знайшоў для кветак Дафніс. Гэтая крыніца хоць служыла кветкам, усё ж называлі яе Дафнісавай крыніцаю. Ламан загадаў Дафнісу, каб ён як мага лепш адкарміў коз, бо гаспадар, сказаў ён, абавязкова захоча пабачыць іх, прыехаўшы пасля доўгай адлучкі. Але Дафніс быў упэўнены, што і так яго пахваляць за коз, бо лік іх, як ён іх узяў, падвоіўся; і воўк ніводнае не ўхапіў, і былі яны тлусцейшыя за авечак; але каб гаспадар ахватней згадзіўся на яго шлюб, усё старанне і руплівасць скіраваў на статак, выганяючы яго, ледзь на золак займала, і прыганяючы позна ўвечары. Два разы вадзіў на вадапой, расшукваў найлепшыя пашы ў тутэйшых мясцінах. Парупіўся і пра місы, каб былі новыя, і каб даёнак было шмат, і большыя пляцёнкі для сушэння сыроў. Яго дбайнасць да таго дайшла, што і рогі алеем намазваў і воўну расчэсваў. Можна было падумаць, што бачыш святы Панаў статак. Ва ўсёй гэтай рабоце яму дапамагала і Хлоя; занядбаўшы сваю ўласную атару, яна праводзіла больш часу каля яго коз, так што Дафніс думаў, што толькі з-за яе яны так цудоўна выглядаюць.

5. Калі яны былі так занятыя, з горада прыйшоў другі пасланец з наказам як найхутчэй збіраць вінаград; і сам, казаў ён, тут астанецца, пакуль з вінаградных гронак не наробяць сусла, а пасля ён вернецца ў горад, каб прывезці з сабою гаспадара ўжо на заканчэнне збору вінаграду. Гэтага Эўдрама — так называлі яго, бо бегаць і была яго работа, — прынялі як толькі маглі і зараз жа пачалі збіраць вінаград, насіць гронкі ў націсі, сусла зліваць у бочкі, а найлепшыя з вінаградных гронак зразалі разам з лазою, каб тыя, што прыедуць з горада, мелі ўяву пра ўраджай і ад яго асалоду.

6. Калі Эўдрам ужо збіраўся вярнуцца ў горад, даў яму Дафніс нямала; а даў яму гасцінцаў, на што і стаць было казапасу: добра адціснутыя сыры, маладзенькае казляня, казліную шкуру з белаю густою воўнаю, каб узімку, бегучы, на сябе накінуць. Эўдрам узрадаваўся, пацалаваў Дафніса і паабяцаў, што скажа гаспадару толькі добрае пра яго. Так ён адышоў у прыязным настроі; а Дафніс у неспакоі пасвіў далей разам з Хлояю чароды. Ды і яна мела шмат страху: падлетак, які дагэтуль звык бачыць толькі коз, горы, сялян, Хлою, павінен быў упершыню ўбачыць гаспадара, толькі імя якога ён чуў раней. Таму яна і турбавалася за Дафніса, як ён сустрэнецца з гаспадаром, і пра шлюб душа яе непакоілася, ці не дарэмна мрояць яны аб ім. І ўвесь час яны цалаваліся і абдымаліся так цесна, нібы зрасліся; але пацалункі ў іх былі баязлівыя і абдымкі сумныя, нібы ўжо гаспадар быў тут, і яны са страху павінны былі ад яго хавацца. А да гэтага надарылася ім яшчэ і такая бяда.

7. Быў там Лампіс, грубы валапас. Ён таксама сватаў Хлою ў Дрыяса і ўжо шмат падарункаў прынёс, каб прыспешыць вяселле. Але даведаўшыся, што Дафніс ажэніцца з ёю, калі ўладар дазволіць, ён пачаў шукаць спосабу, каб разгневаць супроць іх гаспадара; ведаючы, што таго вельмі радуе сад, надумаў ён як мага яго знішчыць і знявечыць. Калі ссекчы дрэвы, то выдасць стук і яго зловяць; таму надумаўся ён спляжыць кветкі. Ён дачакаўся ночы, пералез цераз агароджу і адны з іх вырваў, другія — паламаў, а рэшту растаптаў, як свіння. І непрыкметна ўцёк.

Назаўтра раніцаю прыйшоў Ламан у сад, каб паліць кветкі вадою з крыніцы. Убачыўшы такое спусташэнне ўсяе мясціны — работа не грабежніка, а толькі ворага! — ён тут жа разарваў свой кароценькі хітон і моцным крыкам пачаў клікаць багоў; так што Міртала, кінуўшы тое, што мела ў руках, выбегла з хаты, і Дафніс, які толькі што выгнаў коз, прыбег; убачыўшы, яны закрычалі, а закрычаўшы, заплакалі.

8. Хоць жальбою кветкам не паможаш, але яны плакалі са страху перад гаспадаром; і чужы б хто, трапіўшы сюды, заплакаў, бо гэтая мясціна была збэшчаная, а ўся зямля збітая ў гразь. А тыя з кветак, што ўцалелі ад руйнавання, і далей цвілі і зіхацелі і былі ўсё яшчэ прыгожыя, нават палеглыя на зямлю. І ўсё яшчэ садзіліся на іх пчолы і няспынна гулі, як бы яны аплаквалі іх. А Ламан у роспачы ўсклікаў: «Бяда гэтым кустам ружаў! Як іх паламалі! Бяда градкам фіялак! Як іх здратавалі! Бяда гіяцынтам і нарцысам! Што за нягодны чалавек вырваў іх! Вернецца вясна, а яны не распусцяцца; будзе лета, а яны красавацца не будуць; увосень нікога яны вянком не прыбяруць. І ты ж, уладару Дыянісе, не злітаваўся над няшчаснымі кветкамі, сярод якіх ты жывеш, на якія ты глядзіш, з якіх часта я табе вянкі плёў і цешыўся імі? Як, як пакажу цяпер гэты сад гаспадару? Што ён скажа, калі гэта ўбачыць? Загадае павесіць мяне, старога чалавека, на першай хвойцы, як Марсія; а можа, і Дафніса, думаючы, нібыта яго козы гэта зрабілі».

9. Яшчэ гарачэйшыя слёзы пры гэтым паліліся, і не кветкі аплаквалі яны, а саміх сябе. І Хлоя аплаквала Дафніса, як бы яго ўжо меліся павесіць, і малілася, каб уладар не прыязджаў, і перажывала цяжкія дні, нібы ўжо бачыла, як лупцуюць Дафніса. І калі ўжо ноч надышла, Эўдрам прынёс вестку, што старэйшы гаспадар прыедзе праз тры дні, а яго сын будзе заўтра. Яны зноў пачалі разважаць над тым, што адбылося, і, падзяліўшыся сваімі страхамі з Эўдрамам, папрасілі ў яго рады; ён, спагадаючы Дафнісу, параіў расказаць усё маладому гаспадару і абяцаў ім сваю дапамогу пры гэтым, бо як малочны брат быў у яго ў пашане. І калі надышоў дзень, яны так і зрабілі.

10. Астыл прыехаў конна, і з ім яго парасіт, таксама конна. У Астыла быў першы пушок на падбародку, а Гнатан — так звалі нахлебніка — даўно ўжо галіў бараду. Ламан з Мірталаю і Дафнісам, прыпаўшы да ног маладога гаспадара, прасілі паспагадаць няшчаснаму старому і адвесці ад яго, ні ў чым не вінаватага, гнеў свайго бацькі; і Ламан тут жа расказаў яму ўсё. Паспагадаў просьбе Астыл, пайшоў у сад і, убачыўшы панішчаныя кветкі, паабяцаў ім, што сам папросіць бацьку дараваць і зверне віну на коней: нібыта яны, прывязаныя там, разгуляўшыся, сарваліся з прывязі, адны кветкі паламалі, другія — здратавалі, трэція — збілі. За гэта Ламан і Міртала пажадалі яму ўсялякага дабра, а Дафніс прынёс гасцінцы: казлянят, сыры, птушак з птушанятамі, гронкі вінаграду на лозах, яблыкі на галінках. Сярод гэтых гасцінцаў было і духмянае лесбаскае віно, з усіх мацункаў найлепшае.

11. Астыл пахваліў гасцінцы і пайшоў паляваць на зайцоў, бо дзяцюк ён быў багаты, жыў заўсёды ў раскошы і прыехаў у вёску, каб зазнаць адменнай уцехі. Гнатан жа, чалавек, які ўмеў толькі есці ды піць, абы набрацца, а набраўшыся, распуснічаць, і ў якога толькі і было ўсяго што губа, чэрава ды тое, што пад чэравам, старанна разгледзеў Дафніса, калі той прынёс свае гасцінцы, і, схільны ад прыроды да хлопцаў, знайшоўшы красу, якой і ў горадзе не знайсці, надумаў узяцца за Дафніса, спадзеючыся лёгка ўгаварыць гэтага казапаса.

Наважыўшыся так, ён пайшоў не з Астылам на паляванне, а туды, дзе пасвіў Дафніс, кажучы, што хоча коз паглядзець, а напраўду — Дафнісам палюбавацца. І, каб расчуліць, ён хваліў яго коз, папрасіў яго сыграць на сірынзе пастушыную песню і сказаў, што ён хутка даб'ецца для Дафніса волі, бо ўсё можа зрабіць.

12. Гнатан, убачыўшы, што прыручыў хлопца, падпільнаваў яго ўночы, калі ён гнаў з пашы коз, і, падбегшы, спярша пацалаваў, а потым папрасіў, каб той дазволіў яму ззаду тое, што козы дазваляюць сваім казлам. Доўга не мог уцяміць Дафніс і нарэшце адказаў, што ён добра ведае, як казлы скачуць на коз, але ніхто ніколі не бачыў, каб казёл ускокваў на казла, а баран замест авечкі — на барана, ні пеўні замест курэй на пеўняў, тады Гнатан, пусціўшы ў ход рукі, хацеў узяць яго гвалтам. Але Дафніс штурхнуў п'янага, які ледзь трымаўся на нагах, паваліў на зямлю і ўцёк, як алянятка, пакінуўшы там ляжаць таго, каго весці дадому пад руку мог мужчына, а не хлопчык.

Больш Дафніс увогуле з ім не вадзіўся і пасвіў сваіх коз то тут, то там, унікаў Гнатана, ахоўваючы сваю Хлою. Ды і Гнатан больш не лез да яго, ведаючы, што той не толькі прыгожы, але і дужы. Чакаў толькі зручнага моманту, каб пагаварыць пра яго с Астылам, і спадзяваўся атрымаць яго ў падарунак ад дзецюка, які любіў адорваць часта і шчодра.

13. Але тады нічога не выпадала зрабіць, бо прыехаў Дыянісафан разам з Клеарыстаю, і скрозь чуўся вялікі галас цягла, службы, мужчын, жанок. Аднак пасля ўсяго склаў доўгую любоўную прамову.

Дыянісафан хоць ужо і быў напалову сівы, але быў высокі і прыгожы і мог бы яшчэ пазмагацца з маладымі, да таго ж багаты, як мала хто, і сумленны, як ніхто. Прыехаўшы, ён у першы ж дзень прынёс ахвяры багам, апекунам палёў — Дэметры, Дыянісу, Пану, німфам, а ўсім, хто быў там, паставіў кратэр віна. У наступныя дні ён аглядваў Ламанаву гаспадарку. Убачыўшы палі ў барознах, гронкі на лозах, сад у цэлай красе — за кветкі Астыл узяў віну на сябе, — ён вельмі ўсцешыўся, пахваліў Ламана і паабяцаў адпусціць яго на волю. Пасля гэтага пайшоў на казіную пашу, каб паглядзець і коз, і таго, хто іх пасвіў.

14. Хлоя, засаромеўшыся і спалохаўшыся такога гурту людзей, уцякла ў лес, а Дафніс стаяў там, апяразаны калматаю казлінаю шкураю, з толькі што пашытаю пастуховаю торбаю цераз плячо, у руцэ адной трымаў свежы сыр, другою прытрымліваў малочных казлянятак; калі Апалон некалі, служачы Лаамеданту, пасвіў быкоў, ён быў такі самы, як тады выглядаў Дафніс. Ён нічога не казаў, а толькі, пачырванеўшы, апусціў вочы, перадаючы гасцінцы; а Ламан сказаў: «Гэта, уладару, пастух тваіх коз. Ты мне перадаў пасвіць пяцьдзесят коз і двух казлоў, а гэты выхадзіў табе сто коз і дзесяць казлоў. Бачыш, якія тлустыя, з густою воўнаю, і рогі ў іх не зламаныя. Ён прывучаў іх да музыкі; пачуўшы сірынгу, яны робяць усё, што трэба».

15. Клеарыста, якая была пры гэтай гаворцы, захацела ўбачыць тое, што ён казаў, і загадала Дафнісу, каб зайграў сваім козам, як гэта ён звычайна робіць, і паабяцала за ігру хітон, хламіду і сандалі. Ён пасадзіў іх, як у тэатры, стаў пад букам, выняў з торбы сірынгу і найперш злёгку дзьмухнуў: козы пасталі і паднялі галавы. Пасля ён зайграў «на пашу»: і козы пасвіліся, апусціўшы ўніз галовы; далей ён выдаў мяккія тоны: козы, сабраўшыся, паляглі. І вось зайграў пранізлівы напеў: козы, нібы да іх набліжаўся воўк, уцяклі ў лес. Праз хвіліну ён выдаў поклічны напеў: выбраўшыся з лесу, яны збегліся каля яго ног. Ніколі не ўбачыш рабоў, каб яны так слухаліся гаспадара. Усе дзіву даліся, а больш за ўсіх Клеарыста, яна паклялася аддаць тыя падарункі пастуху — прыгажуну і да таго ж музыку. Вярнуўшыся ў двор, селі снедаць і Дафнісу таксама са свае яды паслалі.

Ён еў разам з Хлояй, смакуючы гарадскія стравы, і быў у добрай надзеі выпрасіць у гаспадара дазвол на шлюб.

16. А Гнатан, пабачыўшы праяву з козамі, толькі яшчэ больш распаліўся пажадлівасцю, уважаючы, што яго жыццё не жыццё, калі не даможацца Дафніса. Прыпільнаваўшы, калі Астыл праходжваўся ў садзе, завёў яго ў капліцу Дыяніса і пачаў цалаваць яму ногі і рукі. Калі Астыл запытаўся, навошта ён гэта робіць, і загадаў яму расказаць, пакляўшыся дапамагчы, той сказаў: «Гіне твой Гнатан, о ўладару! Ён, які дагэтуль толькі твой стол любіў; ён, які некалі кляўся, што няма нічога лепшага за старое віно, ён, хто цаніў тваіх кухараў вышэй за ўсіх мітыленскіх дзецюкоў, цяпер толькі Дафніса ўважае прыгожым. Я не адведаю ніводнай дарагой стравы, хоць бы колькі ні рыхтавалі кожнага дня мяса, ці рыбы, ці мядовых коржыкаў, а ахвотна зрабіўшыся казою, еў бы траву, лісце, слухаючы Дафнісаву сірынгу, пасучыся пад яго наглядам. Уратуй свайго Гнатана і адолей неадольнага Эраса. Калі ж не, то, клянуся табе маім богам, узяўшы нож і напоўніўшы ўдосталь сваё чэрава ядою, я заб'ю сябе самога перад Дафнісавымі дзвярыма: ты ніколі больш не назавеш мяне сваім Гнатонікам, як ты заўсёды меў звычку жартам называць».

17. Тут ён так заплакаў і зноў пачаў цалаваць ногі дзецюку, які быў і велікадушны і не быў ужо недасведчаны ў муках кахання, а таму і не мог адмовіць і паабяцаў у свайго бацькі выпрасіць Дафніса і ўзяць яго ў горад слугою сабе, а каханкам Гнатану. І каб вярнуць вясёлы настрой таму, ён, пасміхаючыся, спытаўся ў яго, ці не саромеецца ён кахаць Ламанавага сына і так хацець легчы з хлопцам, што пасе козы; і пры гэтым зрабіў міну, што яго гідзіць казліны смурод. Але Гнатан, які ў застоллях распуснікаў вывучыўся ўсялякаму любоўнаму пустаслоўю, не без трапнасці сказаў пра сябе і пра Дафніса: «Ніводнага закаханага, мой уладару, гэта не абыходзіць: у якой бы постаці ён ні знайшоў красу, ён у яе палоне. Праз гэта не адзін кахае расліну, раку, дзікага звера. А, між іншым, хто не паспагадае закаханаму, які мае баяцца каханага? Я люблю цела раба, але красу — вольнага. Ці бачыш, як гіяцынты, яго кудзеры, з-пад броваў вочы блішчаць, як дарагі камень у залатой аправе? Твар яго поўніцца румянцам, рот — зубамі бялюткімі, як слановая косць: які закаханы не хацеў бы сарваць адтуль чыстыя пацалункі? Калі я закахаўся ў пастуха, то гэтым пераймаю багоў. Валапасам быў Анхіс, а яго мела Афрадыта; козы пасвіў Бранх, а яго любіў Апалон; аўчаром быў Ганімед, а яго выкраў Дзеўс. Не грэбуйма хлопцам, якога і козы, як закаханыя, слухаюцца, што мы і бачым; падзякуйма Дзеўсавым арлам, што даюць аставацца яшчэ на зямлі такой красе».

18. Весела пасмяяўся Астыл, асабліва з гэтых слоў, і, сказаўшы, што Эрас з кожнага робіць вялікага сафіста, стаў чакаць зручнага моманту, каб пагаварыць з бацькам пра Дафніса.

Усю гэтую размову ўпотай чуў Эўдрам, які, любячы Дафніса як добрага дзецюка, мучыўся, што такая краса будзе згнюшана Гнатанам, і адразу ўсё расказаў Дафнісу і Ламану. Дафніс, уражаны, вырашыў або адважыцца ўцякаць разам з Хлояй, або памерці, узяўшы і яе сваёй хаўрусніцаю. А Ламан, выклікаўшы Мірталу з хаты, сказаў: «Мы прапалі, жонка. Якраз час раскрыць нашу таямніцу. Прапалі нашы козы і ўсё астатняе; але, клянуся Панам і німфамі, нават калі б меў астацца, як кажуць, валом у стайні, не змаўчу пра Дафнісаву долю, а як знайшоў яго падкінутага, раскажу, як яго гадавалі, адкрыю, што я знайшоў пры ім, пакажу. Хай ведае гэты нягоднік Гнатан, хто такі ён і каго адважваецца кахаць. Дастань мне толькі гэтыя прыкметныя знакі — каб былі пад рукою».

19. Умовіўшыся так, яны вярнуліся ў хату; а Астыл, зайшоўшы да бацькі, калі той быў вольны, папрасіў дазволу ўзяць з сабою Дафніса ў горад, бо ён прыгожы і зашкода яго для работы ў вёсцы, а Гнатан хутка мог бы навучыць яго гарадскім манерам. Бацька ахвотна згаджаецца і пасылае па Ламана і Мірталу, каб абвясціць ім добрую навіну, што Дафніс будзе надалей замест козам і казлам слугаваць Астылу; паабяцаў замест яго даць двух казапасаў. І тут Ламан, калі ўжо збегліся ўсе рабы, усцешаныя, што будуць мець такога прыгожага таварыша, папрасіў слова і пачаў казаць: «Выслухай, о ўладару, ад старога чалавека праўдзівае слова: клянуся Панам і німфамі, што ані не схлушу. Я Дафнісу не бацька, і Міртала не мела шчасця быць яго мацераю. Іншыя бацькі падкінулі дзіцятка, відаць, маючы ўжо даволі большых дзяцей; я ж знайшоў пакінутага і гадаванага маёю казою; калі яна памерла, я пахаваў яе ў садзе, бо любіў яе за мацярынскі клопат. Знайшоў пры ім і прыкладзеныя прыкметныя знакі; прызнаюся, уладару, што іх хаваю; яны сведкі лепшай долі, чым наша. Каб ён быў рабом Астылу, я не супроць, прыгожы слуга прыгожага і добрага ўладара. Але каб з яго згнюшаўся п'яны Гнатан, не магу сцярпець; ён стараецца адвесці яго ў Мітылену, каб зрабіць жанчынаю».

20. Ламан, сказаўшы гэта, замоўк і заліўся слязамі. Калі ж Гнатан, нахабна паводзячы сябе, пачаў пагражаць бойкаю, Дыянісафан, уражаны аповядам, загадаў Гнатану замоўкнуць, кінуўшы на яго суровы нахмураны позірк, і пачаў зноў выпытваць у Ламана, загадаўшы казаць праўду і не выдумваць ніякіх баек, абы затрымаць пры сабе сына. Але Ламан стаяў на сваім, кляўся ўсімі багамі і аддаваў сябе на ўсялякую муку, калі ён хлусіць; і Дыянісафан з Клеарыстаю, якая сядзела побач, пачаў узважваць яго словы: «Навошта Ламану хлусіць, калі ён мог за аднаго двух казапасаў атрымаць? Ды і як бы селянін выдумаў такое? І хіба адразу не было відаць, што ад такога старога і ад непагляднай жанчыны такі прыгожы сын не мог нарадзіцца?»

21. І надумаўся ён больш не гадаць, а зараз жа паглядзець прыкметныя знакі, ці сапраўды яны паказваюць на больш слаўную долю. Міртала пайшла, каб іх прынесці: яны зберагаліся ў старой пастуховай торбе. Калі яна ўнясла іх, Дыянісафан першы паглядзеў і, убачыўшы пурпуровую кашульку, золатакаваную засцежку і кінжальчык з тронкам са слановай косці, голасна ўскрыкнуў: «О ўладару Дзеўсе!» І кліча жонку, каб тая паглядзела. Калі яна зірнула, таксама голасна ўскрыкнула: «Любыя мойры! Ці ж не пакінулі мы гэтага з нашым дзіцем і ці не ў гэтыя мясціны казалі мы Сафрасіні аднесці яго? Гэта ж не якія-небудзь іншыя, а якраз тыя. Любы муж, наша гэтае дзіця, твой сын Дафніс, і бацькоўскіх коз ён пасвіў!»

22. Пакуль яна яшчэ гаварыла, а Дыянісафан цалаваў прыкметныя знакі і плакаў з празмернай радасці, Астыл, уразумеўшы, што Дафніс яго брат, скінуў плашч і пусціўся бегчы ў сад, каб першым пацалаваць Дафніса. А Дафніс, убачыўшы, што да яго бяжыць Астыл, а за ім цэлая грамада, гукаючы: «Дафнісе!», падумаў, што ён хоча яго злавіць, кінуў сваю торбу і сірынгу і панёсся да берага, каб кінуцца ў мора з высокай скалы. І было б амаль нечуванае — зноў страціць Дафніса, ледзь толькі яго адшукаўшы, калі б Астыл не зразумеў гэтага і зноў не закрычаў: «Стой, Дафнісе, нічога не бойся: брат я табе, а бацькі — тыя, што да гэтага дня былі ўладарамі тваімі. Ламан толькі што нам пра казу расказаў і прыкметныя знакі паказаў; абярніся і паглядзі, як усе радуюцца і смяюцца. Але мяне першага пацалуй; клянуся ж німфамі, што не хлушу».

Назад Дальше