Урочышча называлася Дзікі Луг. Было да яго кіламетраў дваццаць ад вёскі, за Нароўляю, па другі бок Прыпяці. Кожны год у ліпені туды вербавалі касцоў і жанок, бо мясцовых рук не хапала, а травы перастойвалі.
Рыхтаваліся да паездкі грунтоўна. Брыгадзір паляк Маслоўскі нават рабіў абход кожнага двара, правяраў, ці ўсё ў парадку. Мужчыны кляпалі косы, устаўлялі зубы ў граблі, выразалі з сырых асін мянташкі, запасаліся новенькімі зярністымі брускамі. У кожнага мелася адмысловае паленца з убітай бабкай, каб там, на месцы, пакляпаць. Жанкі пакавалі ў клункі закуску, рыхтавалі флягі, бідоны, біклажкі — пад ваду, а некаторыя, самыя эканомныя — пад беражоны яшчэ з вясны бярозавы квас, перастаялы, сівушны на выгляд і на смак.
Асабліва радасці было малым. Дзікі Луг у іх уяўленні — рай зямны. Там начуюць у шалашах з сена, ядуць каля вогнішчаў, расказваюць розныя гісторыі, там Прыпяць, у якой столькі рыбы, што сама выскоквае з вады на бераг. Малыя рабілі вуды, плавілі ў лыжках волава для грузілаў, вучыліся на выгане закідваць донкі, збіралі пад калодамі тоўстых чарвякоў-выпаўзкаў і складвалі ў бляшанкі з-пад халвы, не забыўшы прабіць у накрыўцы дзірачкі, каб даставіць чарвякоў жывымі — шлях няблізкі!
Выязджалі зацемна, гадзіны ў чатыры раніцы, на дзвюх грузавых машынах. Людзі набіваліся ў кузавы: мужчыны, дзеці, бабы — каторая і з немаўлём. У пярэднюю кабіну побач з шафёрам сядаў Маслоўскі. Дома заставаліся толькі самыя старыя і падлеткі — глядець гаспадарку.
Машыны ехалі з уключанымі фарамі. Дарога вяла праз поле з жытам, праз пясчаныя заносы, дзе колы буксавалі і трэба было выгружацца і штурхаць, праз лес з каранямі, ад якіх кішкі з цябе вытрэсвала, і нарэшце кацілася гладкай роўненькай шашою. У ліпені віднее хутка. Сонца яшчэ не ўстала, а ўжо каля Нароўлі светла, толькі над ракой белы туман, нібы вада кіпіць. Прыткнуты да берага, людзей чакаў маторны паром. На беразе каля яго тапталіся ажно тры начальнікі, усе ў белых сарочках, без пінжакоў, штаны запраўлены ў боты і ва ўсіх трох на раменьчыках афіцэрскія планшэты. Калі пачалі грузіцца, убачылі на пароме бабулю з кароваю — вяроўка накінута на рогі. На нагах у старой кірзавыя чобаты з белымі працёртымі дзірачкамі на халявах, на плячах ваенны кіцель, за спінаю гарбом — хустка з прыпасамі, на твары суровая акамянеласць.
«Хворая карова, — пранеслася між людзей. — На травы вядзе…»
Гэта не было рэдкасцю — калі ў мяcцовага люду хварэла скаціна і не памагаў ветэрынар, дык ішлі ў Дзікі Луг, з надзеяю, што жывёліна сама адшукае, што ёй трэба, і вылечыцца.
Застопарылі колы ў машын, адвязалі канат, завёўся матор. Карова павярнула галаву і пачала глядзець на свой бераг.
…Плыве, скрыпіць паром. Плюхае знізу ў дошкі вада. Над ракой туман. У тумане на сярэдзіне адзінокая лодка з рыбаком. І так прыемна пахне бензінчыкам і дымам ад цыгарак!..
Паром з разгону тыцнуўся тупым носам у пясчаны пляж. Мужчыны перакінулі на бераг дашчаты насціл. Бабуля, ні на кога не зірнуўшы, сышла па ім са сваёй кароваю і пасунулася ў прырэчныя зараснікі, трушчачы ботамі сцябліны балегалову. Выгрузіўся народ, з’ехалі машыны.
Нідзе не было ні пазнакі дарогі. Шырокая, доўгая затока з вербамі адыходзіла ад Прыпяці. За ёй у тумане на пагорку і быў Дзікі Луг. Людзі са сваімі клункамі, граблямі, косамі і віламі на плячах, у сутонні падобныя на паўстанцаў Каліноўскага, цугам пагрэбліся на пагорак, стараючыся ступаць след у след, каб лішне не таптаць траву. Пакуль дабраліся, пярэднія былі мокрыя з галавы да пят, а хітраму начальству, якое замыкала калону, — хоць бы што, толькі боты ад расы блішчэлі.
Адсюль пачыналіся ўчасткі. Уся прасторная абалонь ляжала перад вачыма. Клін нечапанай, белай ад мокрага павуціння травы шырэў на пагорку, звужаўся да затокі і ўпіраўся ў бераг. Злева, унізе, яго мяжу абазначала Прыпяць, а справа, на ўзвышку — няроўная сцяна кустоўя. Хмызняк то залазіў на травяное поле, то адступаў, утвараючы прагалы. А далей, за пагоркам і вакол распасціраліся суцэльныя палескія джунглі, непралазныя зараснікі, пышныя шаты лазняку і алешніку, крушын і вольхаў, шывельгі і вербалозу, і сярод усяго гэтага бяскрайняга зялёнага прастору рэдка вырэзваліся клінкі чыстай травы, ды яшчэ ўзвышаліся, як маякі, то там, то сям адзіночныя дубы з буслянкамі ў ралах.
Гэта было поўнае ўладарства дзікай прыроды, аддадзенай самой сабе, панаванне амаль не кранутай чалавекам першабытнасці, чароўнае запусценне, глушэча, непралазная нізінная дзіч. Толькі рака звязвала з цывілізацыяй, і адзіны спосаб сувязі калі, не дай Бог, што здарыцца — было крычаць, гукаць цераз раку, каб прыслалі з таго берага паром ці лодку.
Даўно, гадоў дзесяць назад, людзей прывезлі сюды ўпершыню, кожнаму адмералі надзел, абазначылі ўбітымі ў зямлю калочкамі, на зачэсаным месцы хімічным алоўкам упісалі прозвішча касца. Калочкі даўно пусцілі карані, сталі добрымі вербалозінамі. Ужо не трэба было кожны год перамяраць па-новаму. Кожны ведаў свой куст і свой надзел да апошняй купінкі, як уласныя паплоўчыкі дома ў агародзе.
Пакуль людзі звыкла разбрыдаліся і разбіраліся, складвалі клункі, бабы ладзілі шалашыкі з посцілак, мужчыны пастуквалі малаткамі — асаджвалі косы, а каторы спрытнейшы ўжо і мянтачыў, — тры начальнікі таксама не гублялі часу. Адзін паказаў пальцам направа, другі рукой махнуў налева, трэці прыставіў далонь да ілба, хоць сонца было збоку ад яго і яшчэ не свяціла ў вочы… І на тым місія іх скончылася. Завярнуліся і спаважна пайшлі пратаптанай сцежкаю ўніз да парома. Маслоўскі на хаду даў апошняе неабавязковае распараджэнне Кулінічу, якога яшчэ ў вёсцы прызначыў замест сябе: «Ну, глядзіце тут», — і заспяшаўся следам. Замарочны дзень у яго наперадзе: мітусня, бегатня, кантора, бухгалтэрыя… Аднаму дагадзі, з другім падхалімнічай, на трэцяга прыкрыкні, з чацвёртым цераз сілу выпі… А ўсё для людзей, каб грошай больш выцыганіць.
Яшчэ цяжкая ад расы трава калыхалася за імі, а мужчыны ўжо шахалі адладжанымі косамі. Трава па пояс, роўная, не пераспелая, дажджом і ветрам не здратаваная, косіцца лёгка; толькі чутно: жых! жых! Фізічная асалода чуць гэты гук — як падсякае танюткая сталь падатлівыя сцябліны, скідвае іх справа налева. Туман апаў на зямлю. Роснае павуцінне блішчыць на сонцы. Хоць сонца ўжо добра ўгравае, а паміж касцоў не ўбачыш голага цела: адзіная вольнасць — адкасаць у кашулі рукавы. Маленькія жабкі так і пстрыкаюць з-пад кос. З бліжэйшых дубоў зляцелі буслы і ходзяць кожны за сваім касцом, дзюбаюць недарэзкаў. Уперамешку з бусламі ззаду бабы з большымі дзецьмі растрасаюць траву; меншыя не адыходзяць ад шалашыкаў — аказваецца, ім забаронена нават пазіраць у бок ракі, не тое, што да вады спускацца: Прыпяць такая непрадказальная, што, калі захоча, можа ўтапіць нават на сухім беразе. Вось табе і рыбалка, вось табе і чаканы Дзікі Луг! Хаця, калі шчыра, саміх туды не надта цягне, яны яшчэ на пароме ўбачылі, што гэта сапраўды небяспечная, глыбокая, шырокая, вялікая рака, асабліва тут, перад упадзеннем у Дняпро. Так што цяпер толькі і забаўкі, калі хто з касцоў захоча папіць і яму паднясеш, або знарок, па дабрыні душэўнай, папросіць прыкурыць папяросіну, — прыкурваеш, маці бачыць, а нічога не кажа.
Мужчыны косяць зверху ўніз. Пакосы доўгія, канчаюцца ля самай затокі. Пад вербамі, схаваўшыся ў цень, стаяць машыны. Вербы тут такія старыя і тоўстыя, што ў абхваце не саступяць дубам. У трэшчынах іх шурпатай кары лёгка хаваецца далонь. Самі дрэвы стаяць на беразе, а карані пераблытанымі вяроўкамі круцяцца па зямлі і залазяць у ваду. Вада каля гэтага берага глыбокая, цёмная, халодная, калі апусціць руку, і чыстая — ні травінкі, нават раскі няма. Затое процілеглы бераг — адкаты, нізкі, раскашуе расліннасцю. Ён увесь зарос сітнікам, аерам, рагозам, а бліжэй да сярэдзіны — трохліснікам, і там на вадзе песцяцца жоўтыя гарлачыкі і незвычайнай белаты буйныя лілеі. І канешне ж, скрозь — і на беразе, і ў вадзе — знаёмы чарот са сваімі карычневымі і чорнымі катахамі; з яго сцяблін атрымліваюцца неблагія шпагі, на якіх можна біцца, пакуль ліпкі пух не пачне лезці ў вочы і ў рот, казытаць у носе; а яшчэ іх можна, каб паддобрыцца да маці, зрэзаць тры-пяць штук і паставіць у слоік на стале — прыгожа…
Там, каля таго берага, поўна рыбы. І ўздрыгвае ў касца сярэдзіна, калі даносіцца адтуль салодкі плёхат… Але ведаюць з горкага вопыту — нялёгка здабыць прыпяцкую рыбку, з-за чаратоў не кінеш ні вуду, ні донку, не ўлезеш з таптухай ці «кабылаю», якія прыдатны толькі для балацянак, копанак, стаўкоў глыбінёй жабе па калена, а тут трэба адмысловыя снасці, якіх яны нават назваў не ведаюць, толькі бачылі, як мясцовыя ловяць…
Застаецца толькі з зайздрасцю на той чаратовы рай пазіраць.
Дакошваючы да затокі, мужчыны боўтаюць з берага косамі ў вадзе. А хто спускаецца да Прыпяці, на пляж, куды прычальваў раніцай паром. Па свежых і высахлых зеленаватых палосках ціны, як па гадавых кольцах, можна вызначыць, якой велічыні бываюць хвалі ў непагадзь, ці калі расплюхае іх буксір з цяжкай баржай або пасажырская «Ракета» на сваіх крылах. Тут сярод рознага нанесенага вадой друзу трапляюцца ракавіны — чорныя, цяжкія, а ўсярэдзіне, калі створкі такой расчапіць ножыкам, — з перламутравым адлівам і з вострым пахам свежай рыбы. Касцы мочаць у вадзе мянташкі, шлэпаюць імі па белым дробным пясочку, каб набіўся ў пазы, — і лепш за любы брусок.
— Давай, давай, давай! — падганяе Кулініч, калі бачыць, што хто прыстаў, ці спыніўся выцерці пот, ці каса не так ходзіць у руках, або занадта марудна падымаецца на пагорак.
— Ніжай! ніжай! ніжай! — пакрыквае ён, калі няма да чаго прычапіцца. У роце яго паблісквае залаты цыганскі зуб, даўно дакураная, патухлая беламорына прыліпла да губы.
Сам ён худы — скура, косці ды мускулы. Такіх звычайна ніякая ўтома не бярэ. Лясніцкая фуражка з зялёным аколышам зухавата ссунута набок, з-пад брыля вылазіць чорны чуб з белымі павуцінкамі сівізны. З халявы звешваецца раменьчык мянташкі. Яму ўжо за сорак, але ён толькі нядаўна, у мінулым годзе, ажаніўся; узяў не са сваёй вёскі, а ажно з Махнавіч — таксама, праўда, немаладую, затое якую ўдалую! У свае трыццаць яна выглядае як дзяўчынка-падлетак. Такая вясёлая, спрытная, са зграбнай постаццю і з мілым наівам у твары. Ёсць у іх ужо маленькі сынок. І ён з імі тут, на лузе, спіць у шалашы пад полагам з марлі. Рахманы, хоць бы піскнуў Махновачка час ад часу ўтыркае граблі ў мяккую зямлю і бяжыць глядзець, выдзьмухвае з шалаша камароў, якія шыюцца ў цень ад сонца. Яна сама ўся як сонца. Усё ёй у навіну — і яе роля замужняй кабеты, і маладой маці, і клапатлівай гаспадыні… Яна ніколі не ведала самастойнасці, век пражыла ў адной хаце разам з бацькамі, і цяпер прагна, з жарам аддаецца гэтым новым абставінам свайго жыцця, якое, аказваецца, можа быць такім поўным, аграмадным!.. Шчаслівая! І як ні стараецца прытушыць бляск у вачах, а ўсё роўна зыходзіць ад яе ззянне, аж наўкол разліваецца: толькі гляньце, людзі, якой я ўмею быць! — і хіба што зрэдку, як воблачка на сонца, набягае на твар вінаватасць — за тое, што ёй пашанцавала, і нават лёгкі спалох: а возьме ды здарыцца нешта, і знікне так раптоўна зваленае на яе шчасце?..
Кулініч да жаніцьбы быў ціхі, спакойны чалавек, «дабрачы», як яго малодшы брат Пятро характарызуе. Працаваў у лясніцтве. За парубкі дужа не ганяў, наадварот, калі натыкаўся ў лесе на свежы пень, дык закрываў мохам і прытоптваў тырсу. Толькі калі ўжо зусім нахабна, проста на вуліцы звальвалі машыну крадзеных дроў, дык папярэджваў, каб схавалі на задворкі, ды не шморгалі двухручкаю, а яго Кулініча, з бензапілою пазвалі. Ніколі не браў ні грошай, ні магарычоў. «Аддасі які дзень», — буркаў, што значыла, каб баба памагла жаць, ці бульбу скапаць, ці памалаціць, ці сечкі нарэзаць, ці капусты ўвосень нашаткаваць. Прычым, як некаторыя з усходніх палешукоў, ён не змякчаў «ц» і ў яго гучала — «капац, рэзац, шаткавац». Удачлівы паляўнічы, ён часта прыносіў з лесу то зайца, то лісу, а бывала, глушца цецерука, адзін раз нават янота. Да яго ў хату знарок прыходзілі падзівіцца, ківалі галовамі, цмокалі языкамі ды так і не верылі, што здабыча з іхняга лесу. Мясцовы люд, вякамі жывучы ў сваіх лясах і балотах, па большасці нецікаўны, флору і фаўну ведае слаба: звычка бачыць вакол сябе адно й тое ж прытупляе ўвагу. Ім лягчэй паверыць, што ў Дальніх Ставах жыве нешта, вогненным шарам гарыць і пужае, чым у сапраўдныя, рэальныя рэчы, у тое, што пад носам.
«Не, то не ў нас… У нас не водзіццца, у нас бедненько… Кудысь ездзіў, але ж ён не скажа…»
Гэта праўда, ён нешматслоўны быў. Нават калі збіраліся зімою мужчыны выпіць, у карты пагуляць — выпіваў крышку, сядзеў маўчком, глядзеў, як іншыя гуляюць, сам адмахваўся: ай, яны сняцца ўночы!..
Варта ж было чалавеку ажаніцца, то быццам яго падмянілі. Задраў Кулініч нос! Набраў у галаву, што ён ужо немавед хто. Пачаў вылазіць наперад, умешвацца ў размовы, перабіваць, нават камандаваць… Як і цяпер, на лузе. Толькі чуваць:
— Давай-давай і ніжай-ніжай!..
Зрэшты, ніхто не крыўдуе. Самі зацікаўлены, каб зрабіць лепш, бо будзе ж праверка. Прыедуць чужыя людзі, убачаць абы-якую пакошу, скажуць — брак.
Суседзяў у Кулініча трое. Па правую руку малодшы брат Пятро, той самы «дабрачы»; па левую — два бабылі, стары і малады, дзед Мікалай Мірон і дзевятнаццацігадовы Грыша Ігнатаў. Яны ўдвух косяць адну дзялянку. За імі няма каму растрасаць, і ўвішная Махновачка паспявае і на сваёй паласе, і на іхняй — шчыруе, стараецца, толькі лыткі незагарэлыя з-пад спадніцы мільгаюць.
Гэты Грыгор Ігнатаў, пакуль яго аднагодкі служылі ў арміі, адсядзеў у турме за бойку год і паўтара месяцы. Цяпер ён адчувае сябе заразным, адрынутым, гнаным — і саромеецца ўсяго да непрыстойнасці. Нават косіць ён угнуўшы галаву, вачэй не падымае, нібы крадзе. На галаве ў яго пілотка з газеты, шэрыя ад старасці гумавыя боты заклеены кружкамі, выразанымі з веласіпеднай камеры, брусок у яго не цэлы, а палавіна, таму ён трымае яго не ў галянішчы, як нармальныя людзі, а запіхвае ў кішэню штанцоў… І ўсё ў яго неяк не па-даросламу, не па-гаспадарску, несур’ёзна.
Грыгор саромеецца свайго з маладых гадоў заплямленага лёсу, і таго, што косіць не адзін, а ўпрычэпку з дзедам, бо яму, як блазну, не далі свой уласны цэлы ўчастак… Сорамна, што ён ужо вялікі хлопец, а такі непрыгожы: круглы ў рабацінні твар, адтапыраныя вушы, кароткая шыя і нечакана доўгія — як выпрастацца, да каленяў — рукі. Да ўсяго ж ён сын сапраўднага ведзьмака. Яго бацька Ігнат быў аграмаднага росту мужчына, з барадой да пояса, зімой і летам хадзіў босы і толькі ў белым — як здань; большую частку жыцця пражыў адзін у лесе, у зямлянцы, зімаваў ледзь не разам з мядзведзямі ў адным берлагу, ведаў мову звяроў, птушак, дрэў (вядома ж, што бяроза і асіна па-рознаму шапацяць лісткамі пад ветрам), а калі паміраў — тры дні і тры ночы не мог адысці, пакуль не здагадаліся засланку ў печы зняць, дзверцы ў грубе адчыніць і юшкі паадкрываць — тады толькі ў коміне загуло, быццам у сталеплавільнай домне, і дух яго адляцеў.
— Грыша, сынок, не ляці так, ты ж старога зацягаў! — просіць Махновачка.
Пятро са сваёй паласы таксама падае голас:
— Грыгор, у травы ног няма, не ўцячэ!
Яны з дзедам разам працуюць на чыгунцы, і ў Пятра ўжо нібы абавязак ім апекавацца.
— Дзед, ідзі адпачні, я дакашу…
— А я не ўтаміўся! — маладым голасам, бадзёра адказвае Мікалай Мірон. Дзе ў чалавека імя, дзе прозвішча, не разбярэш, і яго завуць хто Мікалаем, хто Міронам, як языку зручней. Яму семдзесят гадоў. Узяты ён не так касіць, колькі на падхват: дзе падгрэбсці з бабамі, дзе касу памагчы падладзіць…
Аднак пакуль дзед ні ў чым не саступае маладому. На два Грыгоравых махі ён робіць адзін, а інтэрвал паміж імі не скарачаецца. Пры тым ён паспявае яшчэ перыядычна піць соду ад пякоткі, якую ён называе — жога; спыніцца, дастане пакуначак з газеты, высыпле ў жменю, зап’е вадой з салдацкай біклажкі… На ім чорная форма чыгуначніка. Алюміневые гузікі сцёрты да таго, што ўжо нават не адбіваюць сонца. Душна яму, і ён прыдумаў вентыляцыю: сарочку скінуў, а пінжак адзеў на голае цела, і цяпер з-пад пінжака кусціцца на грудзіне сівы мох. І сам ён падобны на сівы пень. Бываюць у лесе такія пні — стары, але яшчэ моцны, летняе сонца і зімовы мароз выпарылі з яго вільгаць, вятры высушылі, адпаліравалі, і зрабіўся ён цвёрды, як жалеза, стаіць, і будзе стаяць невядома колькі часу, перажыўшы і сваіх спарахнелых суродзічаў, і хілы маладняк.
— Дзед, папі яшчэ соды, — не ўнімаецца Пятро. — Я дакашу за цябе, памагу!..
— А ты ўсім памажы, — раіць ззаду Пятрова жонка Валя. — Ідзі яшчэ брату памажы — яго забыў. Пасля ідзі яшчэ цюрэмшчыку памажы…
Пятро і праўда ўжо цераз край да ўсіх «дабрачы». У яго саладжавая, нечаканая для вясковага мужчыны мянушка — Кветка. Гэта мясцовы прыгажунчык, які памылкова нарадзіўся ў сялянскай хаце. З такой знешнасцю яму трэба было б здымацца ў кіно ці працаваць спецагентам у якім-небудзь непрыкметным куточку буржуазнай Еўропы, пакрысе ўкараняцца, памалу збіраць патрэбныя звесткі… Армію ён адслужыў у Сярэдняй Азіі. У яго альбоме красуецца малады, прыгожы, як кветка, шляхцючок; на галаве замест шаблоннай фуражкі з кукардаю — фарсістая сімпатычная панама. Яна і цяпер на ім. У адрозненне ад Кулініча Пятро ажаніўся рана, адразу пасля службы, узяў старэйшую за сябе на пяць гадоў Валю — гэтую самую, што цяпер, працуючы ззаду граблямі, бурчыць пад нос, не сціхае. Хоць пражылі яны ўжо колькі часу, трое дзяцей-дзяўчынак у іх: Вера, Надзя і чатырохгадовая Любка, — а ладу не было і няма паміж імі. Справа ў тым, што Пятро — горкі п’яніца. Валя яго слабасць тлумачыць так: канешне, ён прыгожы, «кветка», а яна непрыгожая, ён малады, а яна, выматаная дзецьмі, старая, ён добры, асабліва да чужых, а яна паганая… З іншага боку і Пятро ў даўгу не застаецца. Ён ніколі не заве жонку па імені, а толькі мая.
«Ты маёй не бачыў?»
У п’янага ў яго звычка швэндацца па чужых хатах і расказваць, як Валя яго на сабе сілком жаніла: