Дзікі Луг - Андрэй Федарэнка 7 стр.


Хавалі Пятра ў мароз. Дрэвы стаялі ў белым інеі. Мікалай Мірон у кажусе, у тоўстых рукавіцах, у шапцы з апушчанымі вушамі на могілках глядзеў, як капаюць яму, і даваў парады.

— Яно толькі здаецца, што мароз, а ў мароз зямля не цвёрдая… Так, зверху, сантыметраў дваццаць пяць — трыццаць, — здымаў рукавіцу, нагінаўся, мацаў, а зямля і праўда чым глыбей, тым цяплей была.

На памінкі Кулініч прывёз аднекуль ласінае сцягно. Махновачка нарабіла катлет, наварыла застудзіны. Зрэшты, і так усяго хапала, бо тады яшчэ была традыцыя абавязкова несці на памінкі кісель, бутэльку, міску з вінегрэтам, курыцу ці кавалак мяса.

Састаўленыя сталы перасякалі ўсю хату. Але месца ўсё роўна ўсім не хапала, бо людзей на могілках было многа. Вырашылі памінаць зменамі: хто выйдзе — другі зойме яго месца.

— Колісь так — калі сеў, то сеў, — успамінаў Мікалай Мірон. — А падняўся, больш не сядзеш. А цяпер жа кураць. Выйшаў, пакурыў, зноў вярнуўся…

З чужых прыехалі з горада далёкія сваякі па Валінай лініі, муж з жонкаю. Жонка была мясцовая, яе ведалі, а мужа першы раз бачылі. Сціпленькі, культурненькі, у касцюмчыку-гальштучку, маленькага росту, акуратна падстрыжаны, падобны на вучонага ці на настаўніка матэматыкі. Ён не курыў і ад спіртнога адмовіўся катэгарычна, кіўнуўшы ў бок могілак: «Свежы прыклад!» Яго адразу запаважалі.

Толькі пачалі ўсаджвацца, як раптам Сюзана наўзрыд заплакала:

— Я вінаватая!.. Каб хутчэй паспела… Жыў бы!

Валя вусны падціснула, упарта глядзела ў талерку перад сабой. Увесь яе выгляд паказваў — так, вінаватая. І ты, і ўсе за гэтым сталом, толькі не я.

Махновачка аж рукамі пляснула:

— Яшчэ што выдумай! Табе тут зусім быць не трэба! (Сюзана была цяжарная.)

І павяла яе дамоў. А за сталом выйшла новая замінка. Людзі пераглядваліся, перашэптваліся. Трэба было нешта сказаць, і так сказаць, каб не пакрыўдзіць удаву, а гэта практычна было немагчыма. Любыя словы ўспрымуцца як абвінавачванне Валі. Напрыклад, калі пачаць шкадаваць нябожчыка — «чаго ён памёр, мог бы жыць ды жыць…» Альбо паспачуваць яму — «вось і адмучыўся…»

— Ну, хто скажа тост? — гучна спытаў Грыгор, які капаў яму і пачуваўся за сталом свабодна. — Ну, так і быць, давайце я скажу тост.

Але тут устаў Кулініч.

— Брата майго ўжо не падымеш — хай яму зямля пухам. А што з яго работы ніхто не прыехаў, — зларадна павысіў голас Кулініч, — вянка не прыслалі — дык хай яны некалі пабачац самі!.. — урачыста, помсліва закончыў ён.

Вось гэта словы! Так сказаў, што пазайздросціць можна. І вінаватых знайшоў, і Валю не пакрыўдзіў.

У канцы стала сядзелі дзве асірацелыя Пятровы дочкі, Вера з Надзяю, ужо вялікія дзеўкі. На іх непрыгожых, насупленых, з чырвонымі вачыма тварах выразна чыталася прыкрасць, сярдзітасць: і без таго ім з такім бацькам жыццё не было мёдам, а цяпер увогуле што надумаўся, паказаў фокус — узяў ды памёр!.. Малыя Люба з Васільком сумленна капіравалі дарослых, кампотам у чарачках не стукаліся, лобікі наморшчылі, у руках насовачкі, на каленях ручнічок… Толькі раз усчалася ў тым кутку валтузня, і пачуўся шэпат Любкі на ўсю хату:

— Не чапай, мой бацька памер, а не твой!..

Спачатку крыху саромеліся чужога чалавека за сталом. Але гэты гарадскі сваяк, гэты вучоны ці настаўнік вёў сябе, як мыш. Не піў, мала еў. Нешта яму муляла. Хаваў пад скацерку-абрус рукі. А жонка яго неяк умольна, разгублена глядзела на землякоў, нібы напярод просячы за нешта прабачэння. Цярпеў ён цярпеў — і ўсё ж не вытрымаў: хутка кульнуў пяцьдзясят грам, потым, не закусваючы, запар адну за адной яшчэ тры разы па пяцьдзясят. Рашуча адвёў жончыну руку з катлецінай на відэльцы. Падняўся, звонка пастукаў чаркай аб пляшку, патрабуючы цішыні, і павёў такую гутарку.

— Я аб’ездзіў усю Беларусь, і мушу прызнацца, што такой дзічы, як у вас, нідзе больш не ўбачыш. Багацейшую гісторыю, традыцыі, звычкі вы апусцілі да прымітыву. У Маларыцкім раёне — мяжа з Украінай, дзед паўзе ракам, а ўсё адно па-ўкраінску: «Добрага ранку!» А ў вас? Ці чулі вы пра такую традыцыю, як галашэнні? Мужчыны не галосяць ніколі, — ён пачаў загінаць пальцы. — Плач бабулі больш важны, чым маладой жанчыны, а галашэнне дачкі па бацьку больш важнае, чым жонкі па мужу. З могілак вяртаюцца — трэба тры разы печ пагладзіць і сказаць: «Хай паміраюць прусакі, а не людзі». А вы рукі спаласнулі — і ўсё? Хутчэй за стол?

Бедная жонка, чырвоная ад сораму, шморгала, цягнула яго за крысо. Але лектар толькі ўваходзіў у ролю, паставіў чарку і загінаў пальцы ўжо на другой руцэ.

— Тры стравы: куцця, кісель, застудзіна… За жалобным сталом усе павінны быць сумнымі, ніякіх абгавораў, жартаў. А вы — тост, — паглядзеў асуджальна на Грыгора. — Гаварыць трэба стрымана, ціхімі галасамі і толькі пра нябожчыка, — паглядзеў на гэты раз на Кулініча, — а не пра тых, з кім ён працаваў, не пра вянкі… Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына — каму гэта было сказана? Вам? Хто гэта пачуе? Вось дзяўчына была, тут сядзела… Плача, што не памачылася ў рот. Дзіч! Забабоны, нагаворы, ведзьмакі… Самае звычайнае паганства!..

Усе і раней адчувалі, што нешта не тое. А тут проста пакрыўдзіліся. Слова «паганы» ведалі ўсе. Які б ні быў вучоны, а абзывацца за сталом… Гэта ж не вяселле… Ціха загулі, нясмела зашумелі — кшталту «выпіў, дык будзь чалавекам»… Вопытны Грыша даўно не еў, слухаў насцярожана. Асабліва яго зачапілі словы пра ведзьмакоў. Ён зразумеў гэта, як намёк на бацьку. Ніхто да гэтага часу не меў права ўсумніцца ў тым, што Ігнат на самай справе быў чалавекам незвычайным.

— А ў рог? — спытаў Грыгор. Яго вочы нічога добрага не абяцалі, правая рука сціснулася ў кулак, сіні ад татуіровак. — Калі я табе ў рог дам?

Тут якраз увайшла Махновачка, імгненна ацаніла сітуацыю. Кінулася разнімаць. Як птушка крылы, растапырыла рукі:

— Усё, будзе, будзе! На памінках доўга не сядзяць!.. Грыша, пайшлі… А вы — паехаліце!.. — і пачала штурхаць да дзвярэй вучонага разам з жонкаю. — Паехаліце, чуеце!.. — забыўшы, што нікуды яны не могуць паехаць, проста не дабяруцца ў такі час да горада. Так Махновачка павяла дамоў ужо Грышу. І Васілёк пайшоў з імі.

Была зіма, студзень, студня з аплыўшым намёрзлым лёдам, зорнае неба, цішыня, сіні снег і блакітныя, вельмі ўтульныя вокны хат. Роўна перасякала вёску вуліца. Цёмныя платы, цені ад іх і ад хат толькі яшчэ больш падкрэслівалі прыгажосць начнога снегу. Ён іскрыўся і скрыпеў пад нагамі. Васілька трымалі за адну руку Грыша, за другую маці, і ён не столькі ішоў, колькі ехаў па слізкай, як коўзанка, дарозе, а то падціскаў ногі і вісеў паміж дарослымі.

— Мама, а дзядзька вучоны?

— Вучоны, сынок. І ты, як вырасцеш, станеш вучоны… Толькі гарэлкі беражыся, бачыш, што ад гарэлкі бывае…

— Ну і што, што вучоны? — сказаў Грыша без злосці, астыў на вуліцы і палагоднеў. — Калі ён вучоны, дык хай спярша піць навучыцца. Я яшчэ не такіх вучоных бачыў. Цэлую акадэмію прайшоў.

— Ох, прайшоў, Грышачка, прайшоў, не дай Бог нікому прайсці… Ты на іх не глядзі. Яны самі па сабе, а ты цішком сам па сабе. Ён сказаў па вучонасці, а ты сцярпі, змоўчы, адыдзі ўбок… Хіба ты чужому чалавеку свае мазгі ўставіш?.. У іх вучонасць, а ў цябе таксама і розум, і Сюзана, і работа… Сам дабіўся, ніхто не памагаў…

— А хто мне памагаў? Сам!

— Ох, сам, Грышачка, век сам, і не прапаў, у людзі выйшаў, і матку няшчасную глядзіш, не кінуў, і ўсё ў цябе ладненька-складненька…

Каб хто чужы паслухаў, дык можна было падумаць, што Грыша дзве аспірантуры скончыў, а не дзве ходкі меў. Недзе далёка, на другім канцы вёскі, празвінела вядро ля студні, а пачулася як зусім побач. І такое блізкае было неба, што звон вядра даляцеў да яго, і зоркі таксама празвінелі ціхім рэхам у адказ.

— Так цёпленька сядзець дома, целевізар глядзець, а яму холадна, — забывалася Махновачка і казала пра Пятра, як пра жывога. — Так ужо шкода яго, так шкода! Такі добры быў… А што бачыў за век? Нічога. Добрыя ўсе няшчасныя, а злыя — шчаслівыя.

Тут Грыгор не згадзіўся. Ён лічыў сябе і шчаслівым, і не злым.

— А чым ён няшчасны? Яму выкапалі, труну зрабілі, вянок купілі… Усё як у людзей. Ляжы сабе.

— Ён не ў зямлі ляжыць, а вісіць на небе, — сказаў раптам малы Васілёк, падціскаючы ногі. — Бачыць нас і ўсё чуе.

І праўда — такое хараство было разліта вакол, што не дапускала яно думкі пра смерць; ды не бывае яе, не можа яе быць у гэтай зорнай бясконцасці, сярод вечнай гармоніі, дзе ўсяму сваё месца, дзе ніводная касмічная пылінка не з’яўляецца і не знікае сама па сабе, без чыёйсьці на тое волі!..

А зоркі ўсё пераміргваліся, усё тоненька звінелі, нібы на самай справе гэта былі незлічоныя душы даўно ад нас адляцелых, якія цяпер там, уверсе, працягваюць жыць, перамаўляюцца паміж сабою на сваёй мове, пазіраюць на нас і спачуваюць нам.

Пятра пахавалі зімой, а ўлетку да Валі пасватаўся ўдавец з суседняй вёскі, таксама, як і нябожчык Пятро, за яе маладзейшы. Нармальны чалавек. Не піў, не курыў. Меў бензапілу і сына гадамі такога, як Любка. Валя пайшла за яго. Ён прадаў сваю хату, перабраўся да яе, і яны пачалі жыць, як так і трэба.

Чаму такіх мужчын наносіць на такіх, як Валя, што яны ў іх знаходзяць — вялікая загадка, і разгадкі ёй пакуль няма ў гэтым свеце. Справа густу? Каму падабаецца поп, а каму пападдзя? А можа тут звычайны цвярозы разлік: вазьму такую ведзьму — удзячная будзе, больш любіць будзе, здраджваць не будзе, а я, наадварот, пад усю гэтую валынку разгарнуся, пад шумок пачну рабіць, што хачу… А дудкі. Ніколі так не атрымаецца. І хіба пад старасць, калі ўжо, уласна кажучы, позна, спахопіцца такі мудрэц — дык што ж гэта атрымалася? — не я яе, а яна мяне пад сябе падмяла, не я на ёй, а яна на мне ўсё жыццё праездзіла…

У канцы лагоднага ціхага жніўня, калі ляталі сярэбраныя ніці з чорнымі павучкамі на іх, каліна гнулася ад цяжкіх гронак, а пад вокнамі ўздоўж сцяны кіпелі ў самай квецені вяргіні і мальвы, выкідвалі свае высокія стрэлкі гладыёлусы, — увечары Махновачка збірала сына ў першы клас. Васілёк быў рады, ён ужо ўмеў чытаць, пісаць і ведаў табліцу множання. Махновачка нават нагледзела і падвязала нітачкамі лепшыя кветкі, каб зрэзаць іх заўтра свежымі ў букет. На канапе ляжалі касцюмчык, кашулька, стаялі сандалі, усё новенькае. Кулініч спецыяльна вазіў сына ў горад на прымерку. На стале — падручнікі, сшытачкі і ранец. Махновачка сабралася сына мыць. Выпаліла ў печы, наставіла чыгуноў, балею, начоўкі… Думкі раіліся, скакалі весела і бязладна. Яна ўяўляла, як яны будуць з бацькам правяраць дзённік, памагаць яму рабіць урокі; а як вырасце і ажэніцца, будуць любавацца на іх, маладых, і толькі шкада, што нельга ў царкве, бо самі яны з Кулінічам распісаліся ў сельсавеце — так сабе, не вельмі каб было ўрачыста…

Яна наставіла чыгуноў, сын быў ужо голенькі, неяк аступіўся і сеў у кіпецень. Пасля Махновачка расказала, што ён не паспеў нават ускрыкнуць, але яна сама тады зараўла так нема, што ніводзін гук проста не быў бы пачуты. У сына задок, і ўсё, што можна, было зварана ўкрутую, да сіняй чарнаты. Ён сканаў, не даехаўшы да бальніцы. Кулініч сам зрабіў маленькую труну, вычасаў невысокі дубовы крыж. Пастаяў з сякераю ў руцэ, паблукаў позіркам па двары. Потым пайшоў і пад корань пачаў секчы каліну. Падалі на плот, разбіваліся, лопаліся чырвоныя буйныя ягады. Куст супраціўляўся смерці. Сякера саспружыніла на нечакана цвёрдым ствале, рука дрыгнула, і ўдар прыйшоўся па назе. Кулініч аберуч заціснуў рану і прамовіў:

Назад Дальше