Гронкі гневу - Стейнбек Джон


На чырвоныя землі і частку шэрых зямель Аклахомы апошнія дажджы падалі мякка і не размылі сухую, патрэсканую глебу. Плугі ўдоўж і ўпоперак прайшліся па канаўках — слядах дажджавых ручайкоў. Пасля дажджоў кукуруза хутка прарасла, на абочынах дарог сям-там вышугалі трава і бур'ян, і пад зялёным покрывам пачалі знікаць шэрыя і цёмна-чырвоныя фарбы. У канцы траўня неба зрабілася бялёсым, і аблокі, што ўсю вясну віселі кучкамі высока ў небе, паступова расталі. З дня ў дзень сонца апякала гарачымі промнямі падрослую кукурузу, і па краях зялёных расткоў пачалі праступаць карычневыя беражкі. Хмары наплывалі і хутка знікалі, а неўзабаве і зусім перасталі збірацца. Ратуючыся ад сонца, пустазелле набыло цёмна-зялёны колер і ўжо не перакідвалася на новыя ўчасткі. Паверхня зямлі запяклася ў тонкую цвёрдую скарынку, і па меры таго як выцвітала неба, выцвітала і зямля — чырвоная ружавела, а шэрая выгарала да белізны.

У размывах, што засталіся пасля дажджоў, зямля асыпалася сухімі струменьчыкамі. Шмыгаючы па іх, суслікі і мурашкаеды абрыналі маленькія лавіны пяску. Дзень за днём жорстка паліла сонца, і лісце маладой кукурузы траціла пруткасць і прамізну — спярша ліст крыху прагінаўся пасярэдзіне, потым падоўжная жылка яго слабела і ён панікаў долу. У чэрвені сонца пачало пячы шалёна. Карычневыя палоскі па краях кукурузных лістоў шырэлі, падбіраліся да галоўнай жылкі. Пустазелле зморшчылася, яго бадыліны паніклі верхавінкамі да каранёў. Паветра зрабілася празрыстае, неба зусім зліняла, зямля таксама з кожным днём усё больш блякла.

На дарогах, — там, дзе па іх хадзілі работнікі, дзе зямлю крышылі колы павозак і рассякалі конскія капыты, скарынка запечанай гразі ператваралася ў пыл. Усё, што рухалася па гэтых дарогах, падымала яго ў паветра — пешаход узнімаў верхні пласт пылу сабе па пояс, фургон віхурыў пыл на вышыню агароджы, за аўтамашынай ён клубіўся воблакам і потым доўга не асядаў на зямлю.

Калі чэрвень ужо напалову прайшоў, з Тэхаса і Мексіканскага заліва насунуліся вялікія хмары — цяжкія, навальнічныя. Людзі на палях задзіралі ўгору галовы, уцягвалі носам паветра і выстаўлялі насліненыя пальцы, каб праверыць, ці ёсць вецер. Коні трывожна пераступалі з нагі на нагу. Чорныя хмары крыху апырснулі зямлю і імкліва паплылі далей, у іншыя краі. Пасля іх неба засталося такое ж бледнае, сонца па-ранейшаму моцна пякло. Дажджавыя кроплі прабілі ў пыле маленькія ямкі, сям-там абмылі кукурузнае лісце — і толькі.

Услед за хмарамі павеяў мяккі ветрык, ён гнаў іх на поўнач і лёгка пагойдваў падвялы кіяшнік. Мінуў дзень, і вецер набраў сілы, але дзьмуў роўна, без парываў. Пыл падняўся з дарог у паветра і апускаўся на пустазелле, што расло ўзбоч палёў, і ўскрай іх на кукурузу. Потым вецер падзьмуў моцна і рэзка, накінуўся на ўжо засохлую глебу. Мала-памалу неба пацямнела ад вірлівага пылу, а вецер усё шастаў па зямлі, крышыў яе і зносіў з сабой. Неўзабаве ён яшчэ больш разгуляўся. Сухая скарынка зямлі пад яго напорам лопнула, і над палямі падняўся густы пыл, які цягнуўся шэрымі, касматымі, як дым з коміна, пасмамі. Кукуруза змагалася з ветрам, шапочучы сухім лісцем. Тонкі пыл не асядаў на зямлю, а высока ўзнімаўся і знікаў у пацямнелым небе.

А вецер усё мацнеў, шмыгаў пад камяні, выдзьмуваў усё — і салому, і леташняе лісце, і камячкі зямлі, адзначаючы імі свой шлях. Паветра і неба зусім пазмрачнелі, сонца, што прабівалася скрозь морак, здавалася чырванаватым. Ад пылу пяршыла ў горле. Ноччу вецер зусім раз'ятрыўся, спрытна прабіраўся між каранёў кукурузы, якая адбівалася ад яго аслабелым лісцем, пакуль ён не вырваў яе з зямлі, і тады сцябліны стомлена паваліліся набок, вяршынямі паказваючы кірунак ветру.

Пачало світаць, але не разаднела. У шэрым небе выплыла сонца — мутна-чырвоны круг, які свяціўся сутонлівым, кволым святлом; да вечара сутонне паступова зноў перайшло ў змрок, а над паваленым кіяшнікам завываў і плакаў вецер.

Людзі сядзелі ў дамах, а калі даводзілася выходзіць, яны закрывалі нос хусцінкай і надзявалі акуляры, каб не засыпала вочы пылам.

Зноў настала ноч, апраметная цемра, бо зоркі не прабіваліся скрозь заслону пылу, а святло з вокнаў толькі крыху разбаўляла цемрадзь каля самага жытла. Пыл перамяшаўся з паветрам, і ў гэтай завісі з пылу і паветра было пароўну і таго, і другога. Дамы былі зачыненыя наглуха, дзвярныя і аконныя шчыліны заканапачаныя анучамі, але пыл непрыкметна пранікаў у памяшканне і тонкі, быццам кветкавы пылок, клаўся на сталы, на посуд. Людзі счышчалі яго з плячэй. Вузенькія палоскі пылу прымятала да парогаў.

Сярод ночы вецер пакінуў гэты край, наступіла цішыня. Змешанае з пылам паветра прыглушала гукі нават больш, чым туман. Лежачы ў ложках, людзі пачулі, што вецер сціх, — яны прачнуліся, калі шум яго замёр удалечыні. Яны ляжалі, напружана ўслухоўваючыся ў цішыню. Неўзабаве заспявалі пеўні, але галасы іх гучалі глуха, і людзі нервова заварушыліся ў ложках, нецярпліва чакаючы раніцы. Яны ведалі, што тонкі пыл асядзе не хутка. Раніцой ён туманам вісеў у паветры, сонца было ярка-чырвонае, як свежая кроў. Цэлы дзень неба сеяла пыл на зямлю і наступны дзень таксама. Зямля ўкрылася гладкай шэрай коўдрай. Пыл апусціўся на кукурузу, асеў кучкамі на слупах агароджаў, на правадах, заслаў сабой дахі, траву, абсыпаў дрэвы.

Людзі выходзілі з дамоў і, удыхнуўшы пякучае, як жар, паветра, паспешліва прыкрывалі чым-небудзь нос. Дзеці таксама выбягалі на двор, але не насіліся з крыкам па ім, як гэта бывала пасля дажджу. Мужчыны застылі каля агароджаў і пазіралі на звялую кукурузу, якая хутка сохла і Толькі дзе-нідзе вызірала зелянінай скрозь пласт пылу. Мужчыны маўчалі, амаль не адыходзячы ад агароджаў. І жанчыны выходзілі з дамоў і стаялі каля мужоў, стараючыся вызнаць, ці хопіць сілы ў мужчын вытрываць усё гэта. Жанчыны крадком прыглядаліся да іх твараў — кукуруза, што ж, няхай прападае, абы засталося ўсё астатняе. Дзеці стаялі побач, выводзячы пальцамі босых ног узоры на пыле, і таксама стараліся чуццём выведаць, ці хопіць сілы ў гэтых мужчын і жанчын. Дзеці кідалі косыя позіркі на дарослых і асцярожна чыркалі па пыле нагамі. Коні падыходзілі да вадапойных карытаў і, матаючы мордамі, разганялі налёт пылу на паверхні вады. Нарэшце з твараў мужчын сышла роспачная атарапеласць і ўступіла месца злосці, лютасці і ўпартасці. І тады жанчыны зразумелі, што ўсё абышлося, што мужчыны не зламаюцца. Яны пыталіся ў іх: што ж цяпер рабіць? Мужчыны адказвалі: самі не ведаем. Але цяпер было ўжо не страшна, і дзеці таксама зразумелі — не так страшна. Жанчыны і дзеці цвёрда ведалі: няма такой бяды, якую нельга сцярпець, абы толькі мужчын яна не зламала. Жонкі вярнуліся да хатніх спраў, дзеці заняліся гульнёй, але напачатку не вельмі дурэлі. На працягу дня сонца з кожнай гадзінай рабілася ўсё менш чырвоным. Яно палівала спёкай укрытую пылам зямлю. Мужчыны сядзелі на ганках сваіх дамоў — хто круціў у руках пруток, хто падкідваў і лавіў далонню каменьчык. Сядзелі моўчкі… думалі… разважалі…

Каля прыдарожнага рэстаранчыка-бара стаяў вялізны грузавы аўтафургон. Вертыкальная выхлапная труба глуха вуркатала, над ёю слаўся ледзь бачны воку шызаваты дымок. Зусім новенькі грузавік пабліскваў свежай чырванню, футавыя літары па баках абвяшчалі: ТРАНСПАРТНАЯ КАМПАНІЯ АКЛАХОМА-СІЦІ. Шыны на падвойных колах былі новыя, на засаўцы шырокіх задніх дзверцаў стаяў тарчком медны вісячы замок. За загароджанымі сеткамі дзвярыма і вокнамі бара іграла радыё — спакойная танцавальная музыка, уключаная зусім ціха, як бывае, калі няма каму слухаць. Маленькі вентылятар бязгучна круціўся ў круглым гняздзе над уваходам, мухі зласліва гулі, б'ючыся аб металічныя сеткі. У бары быў толькі адзін наведнік — вадзіцель грузавога фургона. Ён сядзеў на табурэце каля стойкі, абапершыся на яе локцямі, і паўзверх шклянкі з кавай глядзеў на хударлявую буфетчыцу, якая нудзілася ад самоты. Ён вяла перакідваўся з ёю словамі, пераскокваючы з аднаго на другое, — такія гутаркі часта заводзяцца між людзьмі ў прыдарожных барах. Шафёр сказаў:

— Я стрэў яго месяцы тры назад. Пасля аперацыі. Яму там нешта выразалі. Запамятаваў што.

А яна:

— Толькі ж на тым тыдні яго бачыла. Здаровы быў з выгляду. Хлапец нядрэнны, пакуль не набярэцца.

Мухі раз-пораз з ціхім гудзеннем наляталі на металічную сетку дзвярэй. Кававы агрэгат за спінай буфетчыцы запыхкаў парай, і жанчына, не азіраючыся, працягнула руку назад і выключыла яго.

Па абочыне шашы ішоў чалавек. Убачыўшы грузавік, павярнуў да яго. Не спяшаючыся, падышоў, крануў рукой бліскучае крыло і зірнуў на наклейку на ветравым шкле: «Пасажыраў браць забаронена». Ён намерыўся ўжо ісці далей сваёй дарогай, але раптам перадумаў і сеў на падножку грузавіка, якая была схавана ад бара кабінай. З выгляду яму было не болей за трыццаць. Цёмна-карыя вочы з жаўтаватымі бялкамі, рэзкія шырокія скулы, дзве глыбокія маршчыны на шчоках і па кутках рота. Верхняя губа ў яго выцягнулася, бо зубы выдаваліся наперад, а ён стараўся трымаць рот закрытым. Рукі былі агрубелыя, з шырокімі пальцамі і тоўстымі, цвёрдымі, як створкі ракавінак, пазногцямі. На западзіне паміж вялікім і ўказальным пальцамі і на падушачках далоняў святлелі мазалі.

На ім было ўсё новае — новае і таннае. Брылёк шэрай кепкі не паспеў яшчэ пагнуцца, гузік на ёй яшчэ не адарваўся. Кепка не страціла формы, не абвісла, як бывае, калі служыць дадаткова яшчэ і сумкай, і ручніком, і насоўкай. Танны гарнітур з шэрай шорсткай баваўнянай тканіны таксама быў такі новы, што на штанах трымалася складка. Сіняя кашуля была гладкая і каляная ад яшчэ не вымытага крухмалу. Пінжак мехавата вісеў на ім, штаны былі не па росце, кароткія, а ён чалавек быў высокі. Плечавыя швы апускаліся занізка, але рукавы ўсё роўна не даставалі да запясцяў, а крыссе пінжака матлялася на жываце. На нагах у яго былі новыя карычневыя чаравікі апошняга армейскага ўзору, падбітыя цвікамі і з жалезнымі падкоўкамі на абцасах. Седзячы на падножцы, ён зняў з галавы кепку, выцер ёю твар, зноў надзеў, пацягнуў за брылёк, і з гэтага моманту пачала набліжацца пагібель яго галаўнога ўбору. Потым ён глянуў на свае чаравікі, нахіліўся, аслабіў шнуркі і так, незавязанымі, пакінуў. Над галавой з выхлапной трубы дызель-матора борзда, адзін за адным, вынырвалі лёгкія шызыя воблачкі дыму.

Музыка ў бары сціхла, з дынаміка пачуўся мужчынскі голас, але буфетчыца прыёмнік не выключыла — не заўважыла, што музыка скончылася. Толькі што яна намацала пальцам прышчык за вухам. Намагалася разгледзець яго ў люстры, што вісела ззаду над стойкай, ды так, каб наведнік не заўважыў, і таму рабіла выгляд, што папраўляе пасмачку валасоў. Шафёр сказаў:

— У Шоні вялікія танцы былі. Кажуць, забілі там некага ці штосьці такое. Нічога не чулі?

— Не, — адказала буфетчыца і пяшчотна памацала прышчык за вухам.

Чалавек падняўся з падножкі, паглядзеў цераз капот на бар. Потым зноў сеў і дастаў з бакавой кішэні капшук з тытунём і кніжачку курыльнай паперы. Не спяшаючыся, умелымі пальцамі скруціў цыгарку, з усіх бакоў агледзеў яе, акуратна падраўняў табачынкі, нарэшце запаліў і ўтыцнуў непатушаную запалку ў пыл пад нагамі. Набліжаўся поўдзень, сонца пакрысе паглынала цень ад грузавіка.

У бары шафёр расплаціўся за каву і ўсунуў здачу — дзве пяціцэнтавыя манеты — у проразь ігральнага аўтамата. Цыліндры закруціліся, але нічога не выдалі.

— Яны так хітра зроблены, што ніколі не выйграеш, — сказаў шафёр буфетчыцы.

Яна адказала:

— Аднаму тут вялікі выйгрыш выпаў. Не болей як гадзіны дзве таму. Калі назад праедзеце?

Ужо адчыніўшы дзверы, шафёр адказаў:

— Праз тыдзень ці дзён праз дзесяць. У Талсу еду, а там заўсёды замінка.

Буфетчыца буркліва сказала:

— Мух напусціце. Ідзіце ці дзверы зачыніце.

— Да хуткага, — сказаў шафёр і выйшаў.

Дзверы за ім з грукатам зачыніліся. Стоячы на санцапёку, ён здзіраў абгортку з жавальнай гумкі, грузны, плячысты, ужо з прыкметным жывоцікам. Румяны твар, вочы блакітныя і вузкія, як шчылінкі, ад прывычкі жмурыцца на яркім святле. На ім былі армейскія штаны і чаравікі з высокай шнуроўкай. Паднёсшы жавальную гумку да губ, ён крыкнуў буфетчыцы праз сеткаватыя дзверы:

— Ну дык паводзь сябе добра, а то да мяне ўсё роўна дойдзе.

Буфетчыца стаяла тварам да люстра. Яна нешта буркнула ў адказ. Шафёр паволі пачаў раскусваць гумку, шырока адкрываючы рот і энергічна працуючы сківіцамі. Потым пайшоў да грузавіка, на хаду размінаючы жвачку зубамі, нарэшце засунуў яе пад язык.

Падарожнік, які стараўся ехаць на спадарожных машынах, падняўся з падножкі і скрозь акенцы кабіны паглядзеў на шафёра.

— Можа, падкінеце, містэр?

Шафёр глянуў на бар.

— Хіба не бачыш, што ў мяне на ветравым шкле?

— Ну ясна — бачу… Але прыстойны чалавек заўсёды застаецца прыстойным, нават калі якая-небудзь багатая сволач прымушае яго ездзіць з такой наклейкай.

Шафёр марудна палез у кабіну, разважаючы над гэтымі словамі. Адмовіш, дык не толькі абняславіш сябе, але яшчэ і прызнаеш, што цябе прымушаюць ездзіць з такой наклейкай, пазбаўляючы людской кампаніі ў дарозе. А возьмеш пасажыра, дык прылічыш сябе да людзей прыстойных, якія да таго ж не дазваляюць усякай багатай сволачы распараджацца табой, як ёй захочацца. Ён разумеў, што трапіў у пастку, але выйсця з яе не бачыў. А яму вельмі хацелася быць чалавекам прыстойным. Нарэшце ён зноў глянуў на бар.

— Як-небудзь прымасціся на падножцы да таго вунь павароту, — сказаў ён.

Чалавек нырнуў уніз і ўхапіўся за дзвярную ручку. Матор зароў, счапленне бразнула, і вялізны аўтафургон скрануўся з месца — першая скорасць, другая, трэцяя, потым машына пранізліва заскрыгатала і перайшла на чацвёртую скорасць. Перад вачамі чалавека, што прыпаў да падножкі, з галавакружнай хуткасцю праносілася дарога, зліваючыся ў мутную пляму. Першы паварот быў за мілю ад бара, там грузавік збавіў ход. Чалавек на падножцы выпрастаўся, прачыніў дзверцы і прабраўся ў кабіну. Шафёр зірнуў на яго праз шчылінкі вачэй, не перастаючы жаваць гумку, быццам думкі яго і ўражанні прыводзіліся ў належны парадак з дапамогай сківіц і толькі пасля гэтага пранікалі ў мозг. Яго позірк затрымаўся спачатку на новай кепцы, потым на новым касцюме і нарэшце слізнуў да новых чаравікаў пасажыра. Той усеўся ямчэй, зняў кепку і прамакнуў ёю пот на лбе і падбародку.

— Дзякуй, дружа, — сказаў ён. — А то капыты мае забаставалі.

— Новыя чаравікі, — прамовіў шафёр. У голасе ў яго была тая ж змоўніцкая хітрынка, што і ў позірку. — Хіба ж можна пускацца ў дарогу ў новых чаравіках, ды яшчэ такой спёкай!

Дальше