Затрапяталіся высокія языкі полымя, адкідваючы цені на сцены дома, сухое дрэва патрэсквала і страляла. Неба ўжо амаль зусім пачарнела, на ім выразна вылучаліся зоркі. Шэрая кошка выйшла са свірна і, мяўкаючы, пабегла да агню, але каля самага вогнішча скіравала ў кусты бавоўніку, да кучкі вантробаў. Яна кусала і прагна глытала, і з яе рота звісалі доўгія кішкі.
Кейсі сеў каля вогнішча, кідаў у агонь трэскі і падсоўваў у яго доўгія дошкі, калі яны абгаралі на канцах. Кажаны гойсалі ўзад і ўперад у слупе святла над вогнішчам. Кошка, нізка прыпаўшы да зямлі, выйшла з кустоў, села і пачала аблізвацца, мыць пыску, чысціць вусы.
Джоўд узяў аберуч дрот з нанізанымі на яго кавалкамі мяса і падышоў да вогнішча.
— Ану, М'юлі, бярыся за адзін канец. Накруці вунь на гэты калок. Ага, вось так, добра. Цяпер давай тужэй нацягнем. Лепш было б пачакаць, пакуль касцёр не выгарыць, але ў мяне ніякага ўжо цярпення. — Ён напяў дрот, падняў з зямлі палачку і перасунуў кавалкі мяса так, каб яны апынуліся над самым агнём. Агонь пачаў лізаць мяса, яно зацвярдзела і пакрылася глянцавітай скарынкай. Джоўд сеў на зямлю і стаў палачкай паварочваць мяса, каб яно не прыпяклося да дроту. — Зараз пабалюем! — сказаў ён. — У М'юлі ўсё ёсць — і соль, і вада, і трусяціна. Вось каб яшчэ і гаршчэчак мамалыгі знайшоўся ў яго ў кішэні! Гэта верх майго жадання.
М'юлі сказаў цераз вогнішча:
— Вы, хлопцы, пэўна, думаеце, што я ненармальны і што гэтак жыць нельга.
— Яшчэ чаго — ненармальны! — сказаў Джоўд. — Калі ты ненармальны, дык хай бы ўсе былі такія.
М'юлі гаварыў далей:
— Вось што дзіўна, панове. Калі мне загадалі з месца знімацца, са мной сам не ведаю што такое зрабілася. Спачатку вырашыў: пайду і пераб'ю ўсіх без разбору. Потым мае ўсе паехалі на Захад. Пачаў я бадзяцца па наваколлі. Усё недзе тут. Далёка не адыходзіў. Спаў дзе папала. Сёння надумаў у вас заначаваць. З гэтым і прыйшоў сюды. Бадзяюся з месца на месца, а сам сабе кажу: «Трэба і наглядаць за чужым дабром, каб усё было ў парадку, калі людзі вернуцца». Але я ведаў, што гэта няпраўда. Няма за чым тут наглядаць. І ніхто сюды ўжо не вернецца. А я блукаю тут, як здань на могілках.
— Чалавек прывыкае да месца, яму з ім цяжка расстацца, — сказаў Кейсі. — І да думак сваіх таксама прывыкаеш, ніяк ад іх не пазбавішся. Я ўжо больш не прапаведнік, але бясконца лаўлю сябе раптам на тым, што, сам таго не ведаючы, малітвы кажу.
Джоўд перавярнуў кавалкі мяса на дроце. З іх ужо капаў сок, і ў тым месцы, куды падалі кроплі, успыхваў язычок полымя. Гладкая паверхня мяса пачала маршчыніцца і рабіцца бледна-карычняватай.
— Панюхайце, — сказаў Джоўд. — Вы толькі гляньце і панюхайце!
М'юлі не замаўкаў:
— Як здань на могілках. Абышоў усе памятныя мне месцы. Вось ёсць за нашым надзелам кустоўе ў лагчынцы. Я там першы раз з дзяўчынай лёг. Было мне тады чатырнаццаць, і я тупаў, тузаўся і соп, як рагач, і быў настырны, як казёл. Прыйшоў я туды, лёг на зямлю, і быццам зноў са мной усё гэта адбылося. А яшчэ ёсць месца каля павеці, дзе бацьку бык насмерць забадаў. Там яго кроў на зямлі, і цяпер яна там засталася. Ніхто ніколі не змываў. І я паклаў руку на зямлю, што насыцілася крывёю майго таты. — Ён памаўчаў. — Вы думаеце, я ненармальны?
Джоўд паварочваў мяса, позірк у яго быў задумлівы. Кейсі падцягнуў калені да падбародка і ўтаропіўся на агонь. Крокаў за пятнаццаць ад людзей сядзела сытая ўжо кошка, акуратна абвіўшы хвастом пярэднія лапкі. Вялікая сава з крыкам праляцела над вогнішчам, і агонь асвятліў знізу яе белае пер'е і распасцёртыя крылы.
— Не, — сказаў Кейсі. — Проста ты нудзішся ад адзіноты, але ты нармальны.
Маленькі, туга абцягнуты скурай твар М'юлі быццам скамянеў.
— Я паклаў руку на тое самае месца на зямлі, дзе яшчэ і цяпер яго кроў. Убачыў бацьку з дзіркай у грудзях і адчуў, як ён дрыжыць, прыціснуўшыся да мяне. Потым ён паваліўся на спіну і выцягнуў рукі і ногі. Вочы памутнелі ад болю, пасля ён заціх, вочы зноў сталі ясныя… і ў неба глядзяць. Я быў яшчэ зусім малы, сяджу, не плачу, не крычу, проста сяджу і маўчу. — М'юлі таргануў галавой. Джоўд усё важдаўся з мясам на дроце. — А яшчэ я зайшоў у пакой, дзе нарадзіўся наш Джо. Ложка няма, але пакой як быў, такі і застаўся. Усё, што было, не знікла — засталося там, дзе адбылося. Там з'явіўся на свет Джо. Шырока раскрыў рот, уцягнуў паветра і як закрычыць — за мілю чуваць было, а бабка стаіць побач і ўсё прыгаворвае: «Красачка ты мая, ах ты мая красачка!» Паўтарае і паўтарае. І так заганарылася ўнукам сваім, што за адзін вечар тры кубкі разбіла.
Джоўд адкашляўся.
— Думаю, можна ўжо есці.
— Няхай прасмажыцца як след, дай яму падрумяніцца амаль да чарнаты, — сярдзіта сказаў М'юлі. — Мне пагаварыць ахвота. Даўно ўжо я ні з кім не гаварыў. Ненармальны… ну і хай ненармальны — і канец. Як здань на могілках, блукаю начамі ад аднаго суседскага дома да другога. Да Пітэрсаў, да Джэйкабсаў, да Рэнсаў, да Джоўдаў… Дамы стаяць цёмныя, як пацуковыя норы, а быў час — госці з'язджаліся, скакалі. Маленні, воклічы на славу гасподню. Былі вяселлі — і ўсё тут, у гэтых дамах. І ўзяло мяне жаданне пайсці ў горад і забіць каго трэба. Прагналі людзей трактарамі, а што ім дасць гэтая зямля? Што яны возьмуць з яе, каб забяспечыць сабе «мінімальны прыбытак»? Яны возьмуць майго бацьку, што загінуў на гэтай зямлі, нашага Джо, які з крыкам зрабіў свой першы ўдых, мяне, які торгаўся ноччу, як казёл, пад кустом. Што яшчэ яны возьмуць? Зямля спустошаная, бог сведка. У нас тут ужо колькі гадоў ва ўсіх быў недарод. А гэтыя сволачы за пісьмовымі сталамі — яны рассеклі людзей на дзве паловы дзеля сваіх «мінімальных прыбыткаў». Проста рассеклі папалам. Людзі і зямля, на якой яны жывуць, — адно цэлае. А калі яны блукаюць бяздомныя па дарогах у набітай хатнім скарбам машыне, дык яны ўжо толькі напалову людзі. Яны мерцвякі. Іх забілі гэтыя сукіны дзеці. — М'юлі змоўк, але яго тонкія губы яшчэ варушыліся, грудзі цяжка ўздымаліся. Ён сядзеў, уставіўшыся на свае асветленыя вогнішчам рукі. — Я… я даўно ўжо ні з кім не гаварыў, — сказаў ён ціха выбачлівым тонам. — Усё шастаю па наваколлі, як здань на могілках.
Кейсі падсунуў доўгія дошкі ў вогнішча, і агонь лізнуў іх і зноў шугануў угору, да падвешанага на дроце мяса. Сцены дома звонка патрэсквалі, астываючы ў начным паветры. Кейсі спакойна сказаў:
— Трэба пабачыць людзей, што пусціліся ў дарогу. Адчуваю, мне абавязкова трэба іх пабачыць. Ім патрэбна дапамога — не пропаведзі, а дапамога. Спадзявацца на царства нябеснае, калі яны яшчэ і на зямлі не пажылі? Які ўжо тут святы дух, калі ўласны іх дух зрынуты ў смутак і скруху? Ім патрэбна дапамога. Яны павінны жыць, бо паміраць ім яшчэ рана.
Джоўд нервова крыкнуў:
— Госпадзі, давайце ўжо есці, а то мяса зробіцца меншае за вараную мыш! Вы толькі гляньце. Панюхайце, які пах! — Ён ускочыў на ногі і перасунуў падсмажанае мяса далей ад агню. Тады ўзяў нож, які даў яму М'юлі, падрэзаў адзін кавалак і зняў з дроту. — Гэта прапаведніку, — сказаў ён.
— Казаў жа табе, што я ўжо больш не прапаведнік.
— Ну добра, не прапаведніку, дык чалавеку. — Джоўд адрэзаў яшчэ адзін кавалак. — А гэта табе, М'юлі, калі яшчэ не расхацеў ад засмучэння есці. Зайчаціна. Цвярдзейшае за буйвалінае мяса. — Ён сеў і ўсадзіў свае доўгія зубы ў мяса, адхапіў імі вялікі кавалак і пачаў жаваць. — Ого, як храбусціць! — Ён з прагнасцю адкусіў яшчэ.
М'юлі сядзеў, пазіраючы на сваю долю ежы.
— Можа, мне не трэба было так гаварыць, — сказаў ён. — Такое лепш трымаць у галаве.
Набіўшы поўны рот мясам, Кейсі глянуў на яго цераз вогнішча. Прапаведнік жаваў і глытаў, і ў яго на шыі пад скурай энергічна працавалі мускулы.
— Не, гаварыць трэба, — сказаў ён. — Часам апанаваны горам чалавек вылівае ўвесь свой боль у словах. Часам чалавек, які рашыўся на забойства, вылівае сваю злосць словамі, і тым усё і канчаецца. Ты правільна зрабіў, М'юлі. Нікога не забівай, перасіль сябе, калі можаш. — Кейсі зноў адкусіў мяса.
Джоўд кінуў косткі ў агонь, ускочыў і зрэзаў з дроту яшчэ адзін кавалак. М'юлі жаваў паволі, і яго маленькія неспакойныя вочкі прабягалі з аднаго свайго сутрапезніка на другога. Джоўд еў з прагнасцю звера, вакол яго рота пабліскваў тлушч.
М'юлі доўга глядзеў на яго ледзь не з бояззю. Потым апусціў руку, у якой трымаў мяса.
— Томі, — сказаў ён.
Джоўд падняў вочы, не перастаючы ўгрызацца ў мяса і жаваць.
— Га? — сказаў ён з поўным ротам.
— Томі, ты не злуеш на мяне за тое, што я загаварыў пра забойства? Ты не пакрыўдзіўся, Том?
— Не, — адказаў Том, — не пакрыўдзіўся. Што было, тое было.
— Мы ўсе ведалі, што ты невінаваты, — сказаў М'юлі. — Стары Тэрнбул гразіўся адпомсціць табе пасля турмы. Ён, кажа, забіў майго сына, і я яму не спушчу. Але суседзі адгаварылі яго, абразумілі.
— Мы п'яныя былі, — ціха сказаў Джоўд. — Падпілі на танцульках. Сам не ведаю, з чаго ўсё пачалося. Раптам пачуў, што мяне нажом пырнулі, і працверазеў. Бачу, Херб зноў замахваецца на мяне нажом. А тут ля сцяны школы рыдлёўка стаяла, і я схапіў яе і ўдарыў Херба па галаве. Я ніколі не меў нічога супраць яго. Хлопец быў добры. Яшчэ малым увіваўся вакол сястры маёй Разашарны. Не, мне Херб нават падабаўся.
— Ну, ягонаму бацьку ўсе так і казалі і нарэшце ўціхамірылі. Ад некага чуў, быццам у яго роднасць з Хэтфардам па маці, вось ён і фанабэрыцца. Не ведаю, праўда гэта ці не. Яны ўсёй сям'ёй паехалі ў Каліфорнію яшчэ паўгода таму.
Джоўд зняў з дроту апошнія кавалкі мяса і раздаў іх сваім субяседнікам. Тады зноў сеў каля вогнішча і еў ужо не так паспешліва, як раней, разжоўваў мяса старанна і выціраў рукавом тлушч з губ. А яго цёмныя прыплюшчаныя вочы задумліва глядзелі на ачахлы агонь.
— Усе падаліся на Захад, — сказаў ён. — А я падпіску даў нікуды адсюль не адлучацца. Мне ў іншы штат нельга.
— Падпіску? — запытаўся М'юлі. — Я нешта чуў пра іх, пра гэтыя падпіскі. А што гэта азначае?