Груды ржавага лому навалам каля агароджы, у заднім канцы двара валяюцца ламаныя карпусы, крылы, замаслены хлам, блокі матораў, скрозь цыліндры прарасла трава. Тармазныя цягі, зваленыя ў кучы выхлапныя трубы — як клубкі змеяў. Разлітая змазка, бензін.
Схадзі пашукай, ці няма дзе цэлай запальнай свечкі, а то ўсе трэснутыя. Чорт, каб раздабыць штук пяцьдзесят прычэпаў, даляраў за сотню, вось быў бы прыварак! Чаго гэта ён там скандаліць? Наша справа прадаць машыну, а дадому няхай ён сам яе піхае. Здорава сказана, ха, мы яе яму дадому не піхаем! Галаву кладу, можна і ў гумарыстычным часопісе «Манслі» надрукаваць. Думаеш, ён так нічога і не купіць? Дык гані яго ў шыю. У нас тут і так спраў шмат, няма часу важдацца з такімі, што самі не ведаюць, чаго хочуць.
Знімі пярэднюю правую пакрышку з «грэхема», павярні яе латай усярэдзіну. Астатняе — проста шык! Пратэктар нават яшчэ не сцёрся.
Абавязкова! Гэтае старое жалеззе яшчэ пяцьдзесят тысяч міль прабяжыць. Толькі больш масла залівайце. Бывайце. Шчасліва.
Падбіраеце машыну? А што б вам хацелася? Знайшлі што-небудзь прыдатнае? Нешта ў горле суха. Як наконт таго, каб прапусціць па маленькай? Давайце пойдзем, а жонка ваша няхай пакуль што паглядзіць на гэты «ласаль». Вы «ласаль» не хочаце? Так, падшыпнікі знасіліся. Праз меру масла бярэ. Магу прапанаваць «лінкольн» 24-га года. Вось гэта машына! Вечная. Пераробіце ў грузавік.
Гарачае сонца на ржавым жалезе. Зямля ў масленых плямах. Людзі азадачана расхаджваюць, ім патрэбна машына.
Вытры ногі. Не прыхінайся да гэтай машыны. Яна брудная. Якую выбраць? Колькі наогул яны каштуюць? Пасачы за дзецьмі. Цікава, колькі яны хочуць за гэтую. Зараз спытаем. За спрос грошай не плоцяць. Спытацца ж можна. Больш за семдзесят пяць ні на адзін пяціцэнтавік даць не магу, а то да Каліфорніі не дабяромся.
Госпадзі, ну каб хоць яшчэ з сотню гэтых дамавін на колах! На хаду ці не на хаду — мне няважна.
Пакрышкі, старыя сцёртыя пакрышкі, наваленыя высокімі штабелямі; камеры — чорныя, шэрыя — вісяць, як кілбасы.
Латкі на камеры? Парашок для чысткі радыятараў? Іскравы кандэнсатар? Укіньце вось гэту пілюльку ў бензабак і атрымаеце лішніх дзесяць міль з кожнага галона. Вось палітура — усяго пяцьдзесят цэнтаў, і кузаў будзе як новенькі. «Дворнікі», рэмень вентылятара, пракладкі? Ну што для вас значыць адзін пяціцэнтавік?
Выдатна, Джо. Ты іх яшчэ крыху апрацуй і вядзі да мяне. А я ўжо іх абламаю — уламлю або зламлю. Толькі балбатуноў не прыводзь. Хачу бізнес рабіць.
Калі ласка, сэр, заходзьце, заходзьце. Вам гэта проста знаходка. Так, сэр. Усяго восемдзесят даляраў, проста знаходка.
— Больш за пяцьдзесят я даць не магу. Мне ваш чалавек сказаў — пяцьдзесят.
Пяцьдзесят… Пяцьдзесят? Ён ачмурэў! Я сам заплаціў за гэту красуню семдзесят даляраў. Ты што, Джо, з глузду з'ехаў? Хочаш пусціць мяне з торбай? Давядзецца прагнаць гэтага ёлупа. Можа, сыдземся на шасцідзесяці? Вось што, містэр, дзень кароткі. Я чалавек дзелавы, а не махляр. Можа, у вас ёсць што-небудзь узамен грошай?
Ёсць пара мулаў, я даплаціў бы імі.
Пара мулаў? Гэй, Джо, ты чуеш? Ён прапануе расплаціцца муламі. А вы хіба не ведаеце, што мы жывём у век машын? Мулы цяпер ідуць толькі на сталярскі клей.
Добрыя, дарослыя мулы — аднаму пяць, другому сем гадоў. Што ж, пашукаю ў іншым месцы.
У іншым месцы? Прыходзіце да занятых людзей, час забіраеце і ідзяце з пустымі рукамі. Джо, хіба ты адразу не зразумеў, што маеш справу са жміндам?
Я не жмінда. Мне патрэбна машына. Мы ў Каліфорнію едзем. Мне машына патрэбна.
Ну добра, няхай я прасцячок. Джо лічыць мяне прасцячком. Калі будзеце, кажа, здымаць з сябе апошнюю кашулю, з голаду здохнеце. Вось мы як зробім: я вазьму вашых мулаў па пяць даляраў за галаву на корм сабакам.
Не, навошта ж на корм.
Ну, я мог бы раскашэліцца і даць па сем ці дзесяць. Дык я скажу вам, як мы зробім. Я бяру вашых мулаў за дваццаць і яшчэ павозку ў прыдачу, згодны? Пяцьдзесят вы заплоціце наяўнымі, а на астатнія дасце вэксаль і будзеце пагашаць па дзесяць даляраў у месяц.
Вы ж сказалі — восемдзесят.
А хіба вы ніколі не чулі пра накладныя выдаткі і пра страхоўку? Гэта крыху павышае цану. За якіх чатыры-пяць месяцаў вы ўсё выплаціце. Распішыцеся вось тут. Мы пра ўсё паклапоцімся.
Проста не ведаю…
Паслухайце. Я гатовы аддаць вам сваю апошнюю кашулю, а вы столькі часу ў мяне аднялі. Я ўжо трох пакупнікоў адпусціў бы за той час, што на вас патраціў. Проста прыкра. Ага, так, распісвайцеся вось тут. Цудоўна, сэр. Джо, схадзі залі бак гэтаму джэнтльмену. Дадзім яму яшчэ і бензіну.
Ну, Джо, дасталося ж нам з табой. Колькі я аддаў за гэту калымагу? Трыццаць зялёненькіх… а не трыццаць пяць? Не я буду, калі не заганю гэтую вупражку за семдзесят пяць, а то які ж я дзялок? Ды яшчэ пяцьдзесят наяўнымі і вэксаль на сорак. Ну так, я ведаю, не ўсе людзі сумленныя, але часам дзіву даешся, як яны ўхітраюцца заплаціць доўг. Адзін выплаціў сотню праз два гады пасля таго, як я спісаў гэтыя грошы ў расход. У заклад іду — гэты выплаціць усё да апошняга. Эх, мне каб толькі раздабыць соцень пяць такіх драндулетаў! Ну, закасвай рукавы, Джо, бярыся за справу. Пайдзі апрацуй яшчэ каго і да мяне прышлі. З гэтай апошняй здзелкі табе перападзе дваццаць зялёненькіх. Ты малайчына, Джо.
Сцяжкі млява паніклі пад дзённым сонцам. Сёння ўцэненая машына — «форд» выпуску 29-га года — «пікап», у поўнай спраўнасці.
А што вы хочаце за пяцьдзесят даляраў — «зефір»?
Конскі волас закручанымі космамі вытыркаецца з падушак, памятыя, аблупленыя крылы. Расхістаныя бамперы вісяць коса. Элегантны двухмесны «форд» з маленькімі каляровымі лямпачкамі — уверсе на радыятары, на крылах і ззаду. Шчыткі ад пырскаў. На рычагу пераключэння скорасцей вялікі штамп фірмы. На кажуху для запасной шыны — яркай фарбай прыгожая дзяўчына і надпіс: «Кора». Папаўднёвае сонца іскрыцца на ветравым шкле.
Госпадзі! Нават пад'есці няма калі. Джо, пашлі хлопчыка па булачку з катлетай.
Перарывісты роў лядашчых машын.
Вунь нейкі ёлупень вытрашчыў вочы на «крайслер». Схадзі дазнайся, ці ёсць манета ў яго ў штанах. Сярод гэтых фермераў трапляюцца і прайдохі такія, што ого! Абгаблюй яго і цягні да мяне. Ты малайчына, Джо.
Так, яна куплена ў нас. Гарантыя? Мы гарантавалі, што гэта аўтамабіль. А мамку прыстаўляць да яго не браліся. Слухайце сюды. Вы набылі машыну, а цяпер гарлапаніце. Будзеце пагашаць доўг ці не, мне напляваць. Вашага вэксаля ў нас тут няма. Перадалі яго ў фінансавы банк. Спаганяць будзе ён, а не мы. У сябе мы вэксаляў не трымаем. Што? Паспрабуйце толькі скандаліць, я зараз жа паклічу фараона. Нічога падобнага, пакрышак мы не падмянялі. Гані яго прэч, Джо. Купіў машыну і яшчэ незадаволены. А што, калі б я купіў кавалак мяса, ад'еў палову, а рэштку панёс бы назад? У нас тут дзелавая ўстанова, а не багадзельня. Як ён табе падабаецца, Джо? Гэй, Джон, зірні! У яго бірулька — ласіны зуб. Знак секты Элка. Дагані яго. Няхай паглядзіць «панціяк» 36-га года. Ну і ну!
Квадратныя насы, круглыя насы, іржавыя насы, насы лапатай, прадаўгаватыя абцякальныя формы, плоскія паверхні яшчэ «даабцякальных» выпускаў. Сёння шмат уцэненага тавару. Дапатопныя пачвары з мяккай абіўкай — іх лёгка ператварыць у грузавікі. Двухколыя трайлеры — на восях яркае сонца выразна высвечвае ржу. Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. Матор перабраны, зусім спраўны.
Госпадзі! Ты толькі зірні. Да якога стану давялі машыну.
«Кадзілакі», «ласалі», «б'юікі», «плімуты», «пакарды», «шаўрале», «форды», «панціякі». Рад за радам, фары пабліскваюць на сонцы. Добрыя ўжываныя машыны.
Ты іх апрацоўвай, Джо. Эх, каб займець тысячы такіх драндулетаў! Ты іх толькі разахвоць, астатняе ўжо мая справа.
У Каліфорнію едзеце? Вось якраз тое, што вам патрэбна. З выгляду з'ездзілася, але прабяжыць яшчэ тысячы міль.
Выстраіліся адна да адной. Добрыя ўжываныя машыны. За бясцэнак. Матор перабраны, зусім спраўны.
Неба між зорак зрабілася шэрым, ушчэрбны месяц здаваўся бязважкім і празрыстым. Том Джоўд і прапаведнік шпарка крочылі па дарозе, праўдзівей — па каляінах, пракладзеных праз баваўнянае поле коламі і гусеніцамі трактароў. Толькі няўстойлівы стан неба выдаваў набліжэнне досвітку — на захадзе яно злівалася з зямлёй, на ўсходзе яго аддзяляла ад зямлі ледзь прыкметная лінія. Абодва ішлі моўчкі, уцягваючы праз ноздры пыл, які ўзнімалі ў паветры іх чаравікі.
— Спадзяюся, ты добра ведаеш дарогу? — сказаў Джым Кейсі. — А то развіднее, і акажацца, што мы забрылі к чорту на балота.
Баваўнянае поле ажывала разам з жыццём, якое паступова абуджалася, — раннія птушкі перапырхвалі з месца на месца ў пошуках корму, патрывожаныя трусы паспешліва ўцякалі па камякаватай зямлі. Прыглушаныя пылам гукі крокаў і пахрустванне сухіх камякоў пад нагамі падарожнікаў зліваліся з таемнымі шолахамі блізкага ўжо світання.
Том сказаў: