Гронкі гневу - Стейнбек Джон 24 стр.


Маці зноў пайшла ў дом. Пачуўся ляск металічнай крышкі ліхтара, і ў цёмнай кухні ўспыхнула жаўтаватае святло. Калі яна падняла накрыўку вялікага рондаля, з дзвярэй патыхнула вараным мясам і бацвіннем. Усе чакалі, калі маці выйдзе на цёмны двор, бо сярод гэтай купкі людзей яе голас многа што значыў.

— Трэба абдумаць, калі нам ехаць, — сказаў бацька. — Чым хутчэй, тым лепш. Засталося забіць свіней, засаліць мяса і ўпакавацца. Чым хутчэй усё зробім, тым лепш.

— Калі энергічна ўзяцца за справу, дык заўтра ўсё будзе гатова і паслязаўтра, як развіднее, можна выпраўляцца, — падтрымаў бацьку Ной.

Дзядзька Джон запярэчыў:

— Днём, у гарачыню, мяса не астыне. Што з цёплай свежанінай рабіць будзем?

— Тады зоймемся гэтым сёння. За ноч астыне. Крышачку ж астыне. Павячэраем і зарэжам. Соль у нас ёсць?

Маці адказала:

— Ёсць. Солі многа. Дзве добрыя бочачкі.

— Тады так і зробім, — сказаў Том.

Дзед заёрзаў на падножцы, намагаючыся падняцца.

— Зусім сцямнела, — сказаў ён. — Есці хочацца. Вось прыеду ў Каліфорнію, увесь час буду хадзіць з вялізнай гронкай вінаграду ў руцэ і — у рот, і — у рот, далібог! — Нарэшце ён падняўся; паўставалі і ўсе астатнія мужчыны.

Руці і Ўінфілд, як апантаныя, скакалі ў пыле. Руці сіпла прашаптала брату:

— Заб'ём свіней і ў Каліфорнію! Заб'ём і паедзем — усе адразу.

А Ўінфілд зусім ашалеў — прыставіў палец да горла, страшна скрывіў твар і завіхляўся, ціха ўскрыкваючы:

— Я старая свіння. Глянь! Я свіння. Бачыш, колькі крыві, Руці! — Ён пахіснуўся, грымнуўся на зямлю і слаба задрыгаў рукамі і нагамі. Але Руці была крыху старэйшая за яго і адчувала незвычайнасць таго, што адбываецца.

— І ў Каліфорнію! — паўтарыла яна. Яна ведала: такіх вялікіх падзей у яе жыцці яшчэ не было.

Дарослыя пайшлі ў густым прыцемку да асветленай кухні, і маці падала ім на алавяных талерках мяса з бацвіннем. Але перш чым самой сесці за ежу, яна паставіла на пліту вялікі круглы чан і распаліла яркі агонь у топцы. Потым прынесла некалькі вёдраў вады, наліла чан даверху і паставіла вакол яго яшчэ некалькі поўных вёдраў. Усе спехам паелі і выйшлі з кухні, каб пасядзець на прыступцы каля дзвярэй, пакуль не закіпіць вада. Яны сядзелі, пазіраючы ў цемру і на светлы квадрат, што падаў ад ліхтара на зямлю праз праём дзвярэй; пасярэдзіне гэтага квадрата чарнеўся згорблены цень дзеда. Ной старанна калупаў саломінкай у зубах. Маці і Ружа Сарона мылі талеркі і ставілі іх горкай на стол.

І раптам усе як адзін узяліся за справу. Бацька падняўся і запаліў другі ліхтар. Ной дастаў са скрынкі на кухні крывы мясніковы нож і падвастрыў яго на крэмніевым бруску. Тады паклаў нож і скрэбла на калоду, што стаяла каля дзвярэй на двары. Бацька прынёс дзве тоўстыя палкі тры футы даўжынёй, завастрыў іх з абодвух канцоў сякерай і абвязаў пасярэдзіне моцнай вяроўкай косым крыжам.

Ён прабурчаў:

— Дарэмна прадалі ворчыкі, ніводнага не засталося.

Вада на пліце клекатала, над ёю клубілася пара.

Ной запытаўся:

— Ваду туды панясём ці свіней сюды пацягнем?

— Свіней сюды, — адказаў бацька. — Свіння не кіпецень, яе не расплюхаеш і не апарышся. Вада ўся закіпела?

— Амаль уся, — адказала маці.

— Добра. Ной, і вы, Том з Элам, пойдзем са мной у хлеў. Я ліхтар панясу. Там зарэжам і прыцягнем сюды.

Ной узяў з калоды нож, Эл — сякеру, і ўсе чацвёра пакіравалі да хлява; ногі іх то вынікалі з цемры ў святле ліхтара, то знікалі ў ёй. Руці і Ўінфілд панесліся подскакам за імі. Падышоўшы да свінушніка, бацька нахіліўся над загарадкай і падняў ліхтар. Сонныя маладыя свінні, насцярожана рохкаючы, падняліся на ногі. Дзядзька Джон і прапаведнік падышлі памагчы.

— Добра, — сказаў бацька. — Біце іх. Потым пацягнем да дома, там спусцім кроў і апарым.

Ной з Томам пераступілі цераз загарадку і зрабілі сваю справу спрытна і хутка. Том ударыў два разы абухом, а Ной нахіліўся над паваленымі свіннямі, намацаў артэрыю, успароў яе сваім крывым нажом і пусціў кроў. Потым свіней, якія яшчэ пранізліва вішчалі, перавалілі цераз загарадку. Адну свінню пацягнулі за заднія ногі прапаведнік і дзядзька Джон. Другую — Том з Ноем. Бацька ішоў за імі з ліхтаром, і ў пыле працягнуліся дзве дарожкі чорнай крыві.

Каля дома Ной аддзяліў нажом сухажылле на задніх нагах, ногі развялі ў бакі распоркамі і павесілі тушы на бэлькі, што выступалі з-пад навеса даху. Тады мужчыны прынеслі вар і апарылі чорныя свіныя тушы. Ной успароў іх удоўжкі і выпатрашыў вантробы на зямлю. Бацька завастрыў яшчэ дзве распоркі, каб лепш правялілася мяса, а Том скрэблам і маці тупым канцом нажа счысцілі шчацінне. Эл прынёс пустое вядро, укінуў туды рыдлёўкай вантробы і пайшоў выкінуць іх далей ад дома; за ім, гучна мяўкаючы, пабеглі дзве кошкі, сабакі таксама кінуліся за ім, ціха пагыркваючы на кошак.

Бацька сядзеў на прыступцы, паглядваючы на свіныя тушы, на якія падала святло ліхтара. Шчацінне ўсё саскрэблі, і цяпер толькі рэдкія кроплі крыві падалі ў чорную лужыну на зямлі. Бацька падняўся, падышоў да падвешаных туш і памацаў іх рукамі, тады зноў сеў каля дзвярэй. Дзед з бабкай пайшлі спаць у свіран, у руцэ ў дзеда быў ліхтар са свечкай. Астатнія моўчкі сядзелі каля дзвярэй. Коні, Эл і Том — проста на зямлі, прыхінуўшыся спінамі да сцяны, дзядзька Джон на скрыні, бацька на прыступцы. Толькі маці і Ружа Сарона яшчэ круціліся на кухні. Руці і Ўінфілд ледзь змагаліся са сном. Яны вяла спрачаліся ў цемры. Ной і прапаведнік прыселі побач на кукішкі тварам да дома. Бацька неспакойна пачухаўся, зняў капялюш і запусціў пальцы ў валасы.

— Заўтра ўранні засолім свініну, потым пагрузім усё на грузавік, акрамя ложкаў, і паслязаўтра раніцай пусцімся ў дарогу. Работы і на дзень не хопіць, — сказаў ён няцвёрда.

Том перабіў яго:

— Вось і будзем цэлы дзень сланяцца, шукаючы, што б такое зрабіць. — Астатнія мужчыны неспакойна заварушыліся. — Можна было б скончыць зборы да світання і ехаць, — выказаў думку Том. Бацька пацёр далонню калена. І раптам усіх ахапіла нецярплівасць.

Ной сказаў:

— Можа, мясу нічога не зробіцца, калі яго проста зараз і засаліць. Парэжам на кавалкі, гэтак яшчэ хутчэй астыне.

Дзядзька Джон першы загаварыў рашуча:

— Чаго тут сядзець, чаго чакаць? Хутчэй скончым з гэтым. Ехаць дык ехаць.

Перамена адбылася і ў настроі астатніх.

— Чаму не паехаць як хутчэй? Адаспімся ў дарозе. — Ім ужо не сядзелася на месцы.

Бацька сказаў:

— Кажуць, туды — дзве тысячы міль. Гэта ж чорт ведае як далёка! Трэба ехаць. Ной, давай мы з табой парэжам тушы, потым пагрузім рэчы на машыну.

Маці высунула галаву з дзвярэй:

— А раптам што-небудзь забудземся? У цемры не відаць.

Назад Дальше