Гронкі гневу - Стейнбек Джон 29 стр.


На дарозе дзвесце пяцьдзесят тысяч чалавек. Пяцьдзесят тысяч старых машын — параненых, ахутаных парай. Разваліны, кінутыя гаспадарамі. А з імі што, з людзьмі? Што было потым з тымі, хто ехаў вось у гэтай, напрыклад, машыне? Пайшлі пеша? Дзе яны цяпер? Адкуль бярэцца гэтая страшная сваёй сілай вера?

А вось я вам раскажу адну гісторыю. Вы можаце не паверыць, але гэта праўда. Крыху дзіўная гісторыя, але цудоўная. Адну сям'ю — дванаццаць чалавек — сагналі з зямлі. Машыны ў іх не было. Яны змайстравалі прычэп з рознай непатрэбшчыны і пагрузілі на яго ўвесь свой скарб. Потым падкацілі прычэп да шашы № 66 і сталі чакаць. І неўзабаве іх узяў на буксір легкавы аўтамабіль. Пяцёра ехалі ў машыне, а сем чалавек з сабакам — на прычэпе. Азірнуцца не паспелі — ужо Каліфорнія. Гаспадар легкавой машыны і вёз іх, і карміў. І гэта ўсё праўда. Але адкуль бярэцца такая мужнасць і такая вера ў людзей? Не многае на свеце можа навучыць такой веры.

Людзі ўцякаюць ад жаху, што ў іх за спінай, і з імі здараюцца розныя рэчы — то да жудасці жорсткія, то проста дзівосныя, і ў сэрцах у іх зноў і зноў разгараецца вера і ніколі не гасне.

Дапатопны, перагружаны «гудзон» са скрыпам і крактаннем дабраўся каля Саліса да аўтастрады і пад сляпучым сонцам скіраваў на захад. Але на бетанаванай шашы Эл паддаў газу, бо аслабелым рысорам цяпер нішто не пагражала. Ад Саліса да Гора дваццаць адна міля, і «гудзон» ішоў з хуткасцю трыццаць пяць міль у гадзіну. Ад Гора да Ўорнера трынаццаць міль, ад Уорнера да Чакоты чатырнаццаць, потым доўгі прабег да Генрыэты — трыццаць чатыры мілі, затое ў канцы — сапраўдны горад. Ад яго да Касла дзевятнаццаць міль, а сонца стаяла ў зеніце, і над чырвонымі палямі дрыжэла распаленае сонцам паветра.

Эл засяроджана сядзеў за рулём і ўсёй сваёй істотай прыслухоўваўся да машыны, раз-пораз пераводзячы позірк з палатна дарогі на прыборны шчыток. Ён нібы зліўся з машынай, кожным сваім нервам ловячы яе хібы, глухія стукі ці віск, хмыканне і шчоўканне — любыя перамены ў яе ходзе пагражалі паломкай. Эл стаў душой машыны.

Бабка, якая сядзела побач з ім, жаласна хныкала ў паўсне, раптам расплюшчвала вочы, утароплівалася на дарогу і зноў упадала ў забыццё. А каля бабкі сядзела маці, высунуўшы ў акенца кабіны сагнутую ў локці руку, на якой пад гарачым сонцам пачырванела скура. Маці таксама ўставіла вочы наперад, але яны былі цьмяныя і не бачылі ні дарогі, ні палёў, ні заправачных станцый, ні павільёнчыкаў закусачных. Яна не глядзела на тое, міма чаго праязджаў іхні «гудзон».

Эл пакруціўся на праседжаным сядзенні і перамясціў рукі на абаранку руля. Уздыхнуў:

— Здорава тарахціць, але, думаю, нічога страшнага. А вось калі прыйдзецца браць пад'ёмы з такім грузам, адзін бог ведае, што яна выкіне. Ма, а на дарозе да Каліфорніі ёсць узгоркі?

Маці паволі павярнула да яго галаву, і вочы яе ажывіліся.

— Думаю, павінны быць, — адказала яна. — Напэўна не ведаю. Але помніцца, людзі казалі, узгоркі ёсць і нават горы. Высокія горы.

Бабка працяжна застагнала ў сне.

Эл сказаў:

— На першым пад'ёме расплавім падшыпнікі. Добра было б сёе-тое скінуць. Можа, не варта было браць гэтага прапаведніка.

— Ты яшчэ не раз парадуешся, што мы яго ўзялі, — сказала маці. — Гэты прапаведнік паможа нам. — Яна зноў перавяла вочы на бліскоткую стужку дарогі.

Эл кіраваў адной рукой, другая ляжала на дрыгатлівым рычагу пераключэння скорасцей. Ён усё хацеў нешта сказаць, але не рашаўся. Нарэшце, спачатку бязгучна паварушыўшы губамі, вымавіў:

— Ма… — Маці паволі скіравала на яго позірк, галава яе ледзь пагойдвалася ў такт пагойдванню машыны. — Ма, а табе не страшна? Не страшна ехаць на новае месца?

Вочы ў яе зрабіліся задуменныя, мяккія.

— Не, — рашуча адказала яна. — Пра гэта не думала. Так немагчыма. Мне нельга так думаць. Гэта вышэй чалавечых сіл — для гэтага трэба пражыць некалькі жыццяў, а жыццё толькі адно. А думаць наперад на некалькі жыццяў мне не пад сілу. Ты малады, ты глядзі наперад, а я… у мяне цяпер толькі дарога перад вачамі. І думаю я толькі пра тое, ці хутка ўсе прагаладаюцца і папросяць свіных костак. — Твар у яе звяў. — Гэта ўсё, пра што я магу думаць. Больш ні пра што. А забяруся ў думках далёка, вас устрывожу. Вы ўсе тым і трымаецеся, што я думаю толькі пра вас.

Бабка віскліва пазяхнула і расплюшчыла вочы. Здзіўлена азірнулася па баках.

— Мне злезці трэба, хвала богу, — сказала яна.

— Зараз да кустоў пад'едзем, — адказаў Эл. — Вунь наперадзе зараснік.

— Кусты-кусты, навошта мне ў кусты. Мне вылезці трэба, кажу, — заенчыла бабка. — Злезці мне трэба, злезці.

Эл газануў і каля нізкага кустоўя рэзка затармазіў. Маці шырока расчыніла дзверцы, выцягнула мітуслівую старую з кабіны і павяла ў зараснік.

На версе грузавіка таксама заварушыліся. Твары ва ўсіх ільсніліся і пачырванелі ад сонца, ад якога не было дзе схавацца. Том, Кейсі, Ной і дзядзька Джон стомлена саскочылі на зямлю. Руці і Ўінфілд пералезлі цераз барты і гайсанулі ў кусты. Коні асцярожна зняў з машыны Ружу Сарона. Дзед прачнуўся, высунуў галаву з-пад брызенту, але вочы ў яго былі п'яныя, слязлівыя і няўцямныя. Ён утаропіў іх на людзей, ды наўрад ці пазнаў каго.

Том крыкнуў яму:

— Хочаш, дзед, злезці?

Старэчыя вочы безуважна павярнуліся да Тома.

— Не, — адказаў дзед. На міг у вачах у яго ўспыхнула лютасць. — Казаў, не паеду. Застануся, як М'юлі. — І ён зноў страціў усякую цікавасць да навакольнага.

Маці памагла бабцы падняцца па насыпе на шашу.

— Том, — сказала яна, — вазьмі там, у самым задзе, пад брызентам, патэльню з косткамі. Трэба падсілкавацца.

Том дастаў патэльню і абнёс усіх па чарзе. І сям'я, стоячы на абочыне шашы, пачала згрызаць са свіных костак хрумсткае мяса.

— Шчасце, што хоць гэта з сабой узялі, — сказаў бацька. — У мяне ногі як драўляныя, ледзь ступаю. А вада дзе?

— Хіба не ў вас там? — устрывожылася маці. — Я цэлы галонавы збан наліла.

Бацька палез на борт грузавіка і зазірнуў пад брызент.

— Тут няма. Мусіць, забыліся.

Усіх імгненна апанавала прага. Уінфілд захныкаў:

— Піць хачу. Хачу піць.

Мужчыны аблізнулі губы — ім раптам страшэнна захацелася вады. Усчалася лёгкая паніка.

— Вады на першай заправачнай дастанем, — заспакойліва сказаў Эл. — Нам і гаручае трэба.

Тыя, што ехалі наверсе, зноў палезлі на свае месцы; маці пасадзіла бабку ў кабіну і сама села побач. Эл запусціў матор, і ўся грамада паехала далей.

Ад Касла да Падэна — дваццаць пяць міль, а сонца толькі-толькі прайшло зеніт і пачало хіліцца на захад. Каўпачок радыятара бразгацеў, пара з шыпеннем выбівалася з-пад яго. Непадалёк ад Падэна спыніліся каля заправачнай станцыі; перад хацінай дзве бензінавыя калонкі, ля агароджы — водаправодны кран з доўгім шлангам. Эл падвёў носам да яго свой «гудзон». З крэсла ззаду калонак падняўся таўстун з загарэлым да чырвані тварам і такімі ж рукамі і пайшоў насустрач. На ім былі карычневыя вельветавыя штаны на падцяжках і спартовая кашуля з кароткімі рукавамі, на галаве — серабрыстага колеру кардонны шлем ад сонца. Пот пацеркамі выступіў у яго на носе і пад вачамі і струменьчыкамі сцякаў па складках шыі. Ён перавальваючыся падышоў да грузавіка з непрыязным, суровым выразам на твары.

— Што-небудзь купляць будзеце? — запытаўся ён. — Бензін ці дэталі?

Эл ужо вылез на падножку і кончыкамі пальцаў пачаў адвінчваць каўпачок радыятара, раз-пораз адхопліваючы руку, каб не апячыся.

— Нам патрэбен бензін, містэр.

Назад Дальше