Гронкі гневу - Стейнбек Джон 43 стр.


— Гэй! Пачакайце! Рэшту вазьміце.

— Ідзі ты к чорту, — сказаў Біл, і сеткаватыя дзверы бразнулі за ім.

Мэй глядзела, як вадзіцелі садзіліся ў вялікую грузавую машыну, як яна з грукатам цяжка кранулася з месца, потым, заскрыгатаўшы перадачамі і набраўшы газ, пайшла сваёй звычайнай рэйсавай хуткасцю.

— Эл… — ціха паклікала Мэй.

Повар адвёў вочы ад катлеты, якую ён спляскваў лапаткай, збіраючыся абкласці яе васкаванымі паперкамі.

— Што там у цябе?

— Зірні сюды, — яна паказала на грошы, што ляжалі каля кубкаў, — дзве манеты па паўдаляра.

Эл падышоў да стойкі, глянуў на іх і вярнуўся да сваіх гамбургераў.

— Вадзіцелі грузавікоў, — паважліва прамовіла Мэй, — гэта вам не задрыпы.

Мухі раз-пораз натыкаліся на драцяныя сеткі і з гудзеннем адляталі прэч. Кампрэсар халадзільніка павуркатаў і сціх. Па шашы № 66 міма бара са зласлівым віскам праляталі машыны — і грузавыя, і зграбныя абцякальныя легкавыя, і нехлямяжыя драндулеты; і ўсе пранізліва вішчалі. Мэй сабрала талеркі і счысціла з іх у вядро крошкі ад торта. Потым узяла мокрую анучу і пачала кругамі выціраць стойку. А вочы яе былі прыкаваныя да шашы, па якой віхрам праносілася міма жыццё.

Эл выцер рукі аб фартух і паглядзеў на паперку, прышпіленую да сцяны над плітой. На ёй былі нейкія кропкі — радкамі ў тры слупкі. Эл падлічыў самы доўгі радок. Тады пайшоў уздоўж стойкі да касы, націснуў на кнопку «Выкл.» і ўзяў з высунутай шуфлядкі жменю манет па пяць цэнтаў.

— Што ты там робіш? — запыталася Мэй.

— Трэці павінен ужо хутка выплаціць, — сказаў Эл. Ён падышоў да трэцяга гульнёвага аўтамата і пачаў апускаць у яго проразь манеты; пасля таго як у машыне пяты раз закруціліся нейкія колцы, у акенцы паявіліся тры палоскі, і ў коўшык высыпаўся галоўны выйгрыш. Эл згроб манеты жменяй і вярнуўся да стойкі, кінуў грошы ў шуфлядку касы і замкнуў яе. Потым вярнуўся да пліты і закрэсліў на паперцы самы доўгі радок. — Да трэцяга часцей за ўсё падыходзяць, — сказаў ён. — Можа, іх месцамі памяняць? — Ён падняў накрыўку і пачаў памешваць у рондалі, дзе тушылася мяса.

— І што яны будуць рабіць у Каліфорніі? — сказала Мэй.

— Хто?

— Ды гэтыя, ну што толькі што да нас заязджалі.

— Аднаму богу вядома, — адказаў Эл.

— Думаеш, знойдуць там працу?

— Я адкуль ведаю?

Мэй паглядзела на шашу.

— Едзе грузавік з прычэпам. Ці спыніцца тут? Няхай бы спыніўся.

І калі грузавік цяжка з'ехаў з шашы і стаў каля бара, Мэй зноў схапілася за сваю анучку і працерла з канца ў канец усю стойку. Хуценька правяла ёю разы два па бліскучай кававарцы і крыху больш адкруціла вентыль газавага балона. Эл паклаў перад сабой некалькі невялікіх рэпак і пачаў іх абіраць. Мэй адразу павесялела, калі адчыніліся дзверы і ў бар увайшлі два шафёры ў аднолькавым форменным адзенні.

— Хэло, сястрычка!

— У мяне брацікаў няма, — адрэзала Мэй. Госці засмяяліся, засмяялася і Мэй. — Што вам падаць, хлопцы?

— Ну, па кубку кавы. А тарты якія?

— Ананасны, бананавы, шакаладны і яблычны.

— Давай яблычны. Не, чакай… а вунь той, вялікі і пышны, які?

Мэй падняла торт, панюхала:

— Ананасны.

— Адрэж кавалак.

А па шашы № 66 са зласлівым віскатам праносіліся машыны.

Джоўды і Ўілсаны як адна сям'я прабіраліся на Захад — Эль-Рэна і Брыджпарт, Клінтан, Элк-Сіці, Сэйр і Тэксала. Тут праходзіла мяжа штата, і Аклахома засталася ззаду. Цэлы дзень абедзве машыны паўзлі ўсё далей і далей па Тэхаскім выступе. Шэмрак і Эланрыд, Грум і Ярнал. Пад вечар мінулі Амарыльё, пасля доўга яшчэ ехалі і на змярканні зрабілі прывал. Усе страшэнна знемагліся, прапыліліся, перагрэліся. У дарозе ад гарачыні ў бабкі зрабіліся сутаргі, і, калі машына нарэшце спынілася, старая ледзь ліпела.

Позна вечарам Эл выламаў з нейкай агароджы перакладзіну, паклаў упоперак грузавіка пад брызент і замацаваў яго з абодвух бакоў. Вячэралі аднымі аладкамі, што засталіся ад снедання, — халоднымі і цвёрдымі. Усе, як былі ў адзенні, так і паваліліся на матрацы і заснулі. Уілсаны нават палаткі не раскінулі.

Ратуючыся ўцёкамі, Джоўды і Ўілсаны ехалі па Тэхаскім выступе — узгорыстай шэрай мясцовасці, удоўж і ўпоперак спаласаванай рубцамі былых паводак. Аклахома засталася ззаду, перад імі быў Тэхас. Па пыле паўзлі чарапахі, сонца паліла зямлю, вечарамі неба астывала, але ўжо сама зямля дыхала жарам.

Уцёкі доўжыліся ўжо два дні, і на трэці дзень прастора нарэшце адолела ўцекачоў і вымусіла іх падладзіцца пад нязвыклыя жыццёвыя абставіны — шаша стала іх домам, а рух — сродкам самавыяўлення. Спакваля яны прынаравіліся да новага ладу жыцця. Спачатку Руці з Уінфілдам, потым Эл, за імі Коні з Ружай Сарона і нарэшце — дарослыя. Зямля выгіналася ўзгоркамі, падобнымі на вялікія застылыя хвалі. Уілдарада, Вега, Боўзі, Гленрыё. Тэхас скончыўся. Цяпер — Нью-Мексіка і горы. Далёка наперадзе на фоне неба ўзвышаліся грабяні гор. Колы машын віскліва круціліся, маторы перагрэліся, з-пад каўпачкоў радыятараў выбівалася пара. Машыны дайшлі да рэчкі Пекас і перабраліся цераз яе каля Санта-Росы. А там праехалі яшчэ дваццаць міль.

Эл Джоўд вёў легкавую машыну, поруч з ім сядзела маці, а каля яе — Ружа Сарона. Наперадзе паволі сунуўся грузавік. Распаленае паветра ішло хвалямі над зямлёю, далёкія горы ад спёкі трымцелі. Сутула адкінуўшыся назад, Эл апатычна кіраваў машынай, слаба абхапіўшы пальцамі адной рукі спіцу рулявога кола; шэры капялюш яго неяк залішне зухавата ссунуўся на адно вока; раз-пораз ён паварочваў галаву да акенца кабіны і сплёўваў на дарогу.

Маці ўпарта змагалася са стомай. Склаўшы рукі на каленях, яна сядзела свабодна, цела і галава пагойдваліся ў такт рухам машыны. Прыжмурыўшы вочы, яна пазірала на далёкія горы. Ружа Сарона, наадварот, супраціўлялася штуршкам і гайданню — уперлася нагамі ў насціл кабіны, перакінула правы локаць за раму акенца. Ад гэтых намаганняў мускулы на яе пухлявым твары напружыліся, галава рэзка паторгвалася, бо мускулы шыі ў яе таксама былі напятыя. Яна старалася заняць такую позу, каб цела, як цвёрдае ёмішча, ахоўвала плод яе чэрава ад штуршкоў.

— Ма… — павярнулася яна да маці.

Матчын позірк ажыў, скіраваўся на дачку. Вочы, слізгануўшы па стомленым пухлявым твары, усміхнуліся.

— Ма, — паўтарыла Ружа Сарона, — калі мы прыедзем туды, усе вы пойдзеце на збор фруктаў і там жыць застаняцеся?

Лёгкая іронія пачулася ў голасе маці, калі яна з усмешкай адказала:

— Туды мы яшчэ не прыехалі. І не ведаем, як там усё. Прыедзем, пабачым.

— Мы з Коні не хочам больш жыць на ферме, — сказала Ружа Сарона. — Мы ўжо абдумалі, як жыць будзем.

Па твары маці прабег цень трывогі.

Назад Дальше