На беразе ямы стаяла кучка людзей з белым сцягам, анямелых ад здранцвення; маленькія чорныя сілуэты вырысоўваліся на фоне неба над чорнай зямлёю. Успышка зялёнага дыму асвяціла на момант іх бледна-зеленаватыя твары.
Шыпенне перайшло спачатку ў глухое гудзенне, якое паступова стала моцным і бесперапынным; з ямы высунуўся гарбаты цень і мільгануў прамень нейкага штучнага святла.
Языкі полымя, асляпляльны агонь перакінуліся на кучку людзей. Здавалася, нябачны струмень ударыў па іх і ўспыхнуў белым ззяннем. Імгненна яны ператварыліся ў жывыя факелы.
Пры святле гэтага пражорлівага полымя я бачыў, як людзі хісталіся і падалі, а тыя, што далей, ззаду, разбягаліся ў розныя бакі.
Я стаяў і глядзеў, яшчэ не поўнасцю разумеючы, што гэта па натоўпе ад аднаго да другога перабягае смерць. Я зразумеў толькі тое, што адбылося нешта незвычайнае. Амаль бясшумная асляпляльная ўспышка святла — і чалавек падае ніцма і ляжыць нерухома. Ад нябачнага полымя загараліся сосны; патрэскваючы, успыхвала сухое жаўстазелле. Нават у далечы, каля Нэп-Хіла, запалымнелі дрэвы, платы, драўляныя забудовы.
Гэта вогненная смерць, гэты нябачны, непрадухільны палаючы меч наносіў імгненныя, меткія ўдары. Калі ўспыхнула кустоўе, я зразумеў, што ён набліжаецца да мяне, але ўцякаць, ратавацца я не мог: вельмі моцнае было здранцвенне. Я чуў гудзенне агню ў пясчаным кар'еры і раптоўна абарванае ржанне каня. Як быццам чыйсці нябачны распалены палец рухаўся па пустыры паміж мною і марсіянамі, выкрэсліваючы вогненную крывую, і паўсюль кругом дымілася і шыпела цёмная зямля. Штосьці з грукатам упала воддаль, недзе злева, там, дзе выходзіць на пустку дарога да ўокінгскай станцыі. Шыпенне і гул скончыліся, і чорны купалападобны прадмет паволі апусціўся ў яму.
Гэта адбылося хутка; я ўсё яшчэ стаяў нерухома, уражаны і аслеплены бляскам агню. Калі б гэта смерць апісала поўны круг, яна непазбежна ператварыла б у попел і мяне. Але яна слізганула міма і мяне «пашкадавала».
Навакольная цемната стала яшчэ больш страшнай і змрочнай. Узгоркаватая пустка здавалася чорнай, толькі палоска шашы шарэла пад цёмна-сінім небам. Людзі зніклі. Уверсе мігацелі зоркі, а на захадзе свяцілася бледная зеленаватая паласа. Вяршыні соснаў і стрэхі Хорсела выразна выступалі на вячэрнім небе. Марсіяне і іх зброя былі нябачныя, толькі на тонкай мачце няспынна круцілася люстра. Тлелі дрэвы, дзе-нідзе дымілася кустоўе, а ў нерухомым вячэрнім паветры над дамамі каля станцыі Ўокінг падымаліся слупы полымя.
Усё засталося гэткім самым, як было, быццам і не пралятаў гэты вогненны смерч. Кучка чорных фігурак з белым сцягам была знішчана, але мне здавалася, што за ўвесь гэты вечар ніхто і не спрабаваў парушыць цішыню. Раптам я зразумеў, што стаю тут, на цёмнай пустцы, адзін, бездапаможны, безабаронны. Быццам штосьці звалілася на мяне… Страх!
Я з намаганнем павярнуўся і пабег, чапляючыся нагамі за верас. Страх, які ахапіў мяне, быў не проста страхам. Гэта быў неўсвядомлены жах і перад марсіянамі, і перад запанаваўшымі навокал мяне цемрай і цішынёй. Мужнасць пакінула мяне, і я бег, усхліпваючы, як дзіця. Баяўся азірнуцца назад.
Помню, у мяне было такое адчуванне, што са мною хтосьці гуляе, што вось цяпер, калі я ўжо амаль па-за небяспекай, таямнічая смерць, імгненная, як успышка агню, раптам выскачыць з цёмнай ямы, дзе ляжыць цыліндр, і знішчыць мяне на месцы.
Да цяперашняга часу яшчэ не раслумачана, якім чынам марсіяне могуць усмерчваць людзей так хутка і так бясшумна. Многія мяркуюць, што яны неяк канцэнтруюць інтэнсіўную цеплату ў камеры, якая абсалютна не праводзіць цяпло. Гэту кандэнсаваную цеплату яны кідаюць паралельнымі промнямі на той прадмет, які яны абралі за цэль, пры дапамозе палірованага парабалічнага люстра з невядомага рэчыва, падобна да таго, як парабалічнае люстра маяка адкідвае снапы святла. Але ніхто не змог пераканальна гэта даказаць. Несумненна адно: тут дзейнічаюць цеплавыя промні. Усё, што толькі можа гарэць, ператвараецца ў языкі полымя пры іх судакрананні; свінец расцякаецца, як вадкасць; жалеза размякчаецца; шкло трэскаецца і плавіцца; а калі яны, гэтыя промні, падаюць на ваду, яна імгненна ператвараецца ў пару.
Гэтай ноччу каля сарака чалавек ляжалі пад зорамі паблізу ямы, абгарэлыя і знявечаныя да непазнавальнасці, і ўсю ноч пустка паміж Хорселам і Мэйбэры была бязлюдная і над ёю плыло зарыва.
У Чобхеме, Уокінгу і Отэршоў, магчыма, у адзін і той жа час даведаліся аб катастрофе. Ва Ўокінгу лаўкі ўжо былі зачынены, калі гэта адбылося, і групы людзей, зацікаўленых пачутым, ішлі па Хорселскім мосце і па дарозе, акаймаванай дрэвамі, кіруючыся на пустку. Моладзь, скончыўшы дзённыя клопаты, выкарыстала гэту навіну, пэўна, як прапанову пайсці пагуляць і пафліртаваць. Вы можаце сабе ўявіць, якім быў гул галасоў на цёмнай дарозе…
Ва Ўокінгу толькі нямногія ведалі, што цыліндр адкрыўся, хоць бедалага Гендэрсан адправіў пасыльнага на веласіпедзе ў паштовую кантору са спецыяльнай тэлеграмай для вячэрняй газеты.
Маладыя «двойкі» і «тройкі», выходзячы на адкрытае месца, бачылі людзей, якія ўсхвалявана аб чымсьці гаварылі і паглядалі ў бок пясчанага кар'ера на люстраное вярчэнне; хваляванне іх, несумненна, перадавалася новаму папаўненню.
А палове дзевятай, незадоўга да гібелі дэлегацыі, каля ямы сабраўся чалавечы натоўп — чалавек трыста, калі не больш, не лічачы тых, хто збочыў з дарогі, каб падысці бліжэй да марсіянаў. Сярод іх былі тры палісмены, да таго ж адзін конны; яны стараліся, згодна інструкцыям Стэнта, супакоіць натоўп і не падпускаць яго да цыліндра. Не абышлося, канешне, без пратэсту гарачых галоў, для якіх усякае зборышча з'яўляецца новай зачэпкай пашумець і пабалакаць.
Як толькі марсіяне паказаліся з свайго цыліндра, Стэнт і Оджылві, папярэджваючы магчымасць сутыкнення, тэлеграфавалі з Хорсела ў казармы з просьбаю прыслаць салдатаў для таго, каб не дапусціць насілля з боку гэтых дзіўных істотаў. Пасля гэтага яны вярнуліся на чале злашчаснай дэлегацыі. Людзі, якія знаходзіліся ў натоўпе, пасля апісвалі іх смерць — яны бачылі тое ж самае, што і я: тры клубы зялёнага дыму, глухое гудзенне і ўспышкі полымя.
Аднак натоўпу гледачоў пагражала большая небяспека, чым мне. Іх выратаваў толькі пясчаны, парослы верасам пагорак, затрымаўшы частку цеплавых промняў. Калі б парабалічнае люстра было паднята на некалькі ярдаў вышэй, не засталося б ніводнага жывога сведкі. Яны бачылі, як успыхваў агонь, як падалі людзі, як нябачная рука, запальваючы кустоўе, хутка набліжалася да іх у прыцемках. Потым са свістам, заглушыўшы гул з ямы, прамень бліснуў над іх галовамі; успыхнулі вершаліны букаў, акаймоўваючых дарогу; у бліжэйшым доме трэснулі цагліны, разляцеліся шыбы, запалымнелі аконныя рамы і рухнула частка страхі.
Калі затрашчалі і загулі палаючыя дрэвы, ахоплены панікай натоўп некалькі секундаў нерашуча таптаўся на месцы. На дарогу падалі іскры і недагаркі галля, кружылася вогненнае лісце. Загараліся капелюшы і спадніцы. З пусткі даносіўся пранізлівы крык.
Крыкі і стогны зліваліся ў аглушальны гул. Конны палісмен, схапіўшыся рукамі за галаву, праскакаў сярод узбударажанага натоўпу, моцна крычучы.
— Яны ідуць! — крыкнуў жаночы голас, і, налягаючы на прысутных за спіной, людзі пачалі пракладваць сабе дарогу да Ўокінга. Натоўп разбягаўся ўсляпую, як статак авечак. Там, дзе дарога станавілася вузейшай і цямнейшай, паміж высокімі насыпамі, адбылася адчайная даўка. Не абышлося без ахвяр: трое — дзве жанчыны і адзін хлопчык — былі раздушаныя і затаптаныя; іх пакінулі паміраць сярод цемры і страху.
Што да мяне, то я помню толькі, што натыкаўся на дрэвы і часта падаў, прабіраючыся праз кустоўе. Нада мною навіс нябачны страх; бязлітасны цеплавы меч марсіянаў, здавалася, замахваўся, бліскаючы над маёй галавою, і вось-вось павінен быў абрушыцца і дастаць мяне. Я выбраўся на дарогу паміж скрыжаваннем і Хорселам і пабег у бок скрыжавання.
У рэшце рэшт я стаміўся ад хвалявання і хуткага бегу, пахіснуўся і ўпаў ля дарогі, непадалёку ад моста цераз канал, каля газавага завода. Я ляжаў нерухома.
Праляжаў я так, мабыць, даволі доўга.
Я прыўзняўся і сеў у поўным недаўменні. З хвіліну не мог зразумець, як сюды трапіў. Я строс з сябе нядаўні страх, як пыл з адзення. Капялюш мой знік, і каўнерык саскочыў з запінкі. Некалькі хвілінаў назад перада мною былі толькі ноч, прастора і прырода, мая бездапаможнасць, страх і блізкасць смерці. І цяпер усё адразу перамянілася, мой настрой быў зусім іншым. Пераход ад аднаго духоўнага стану ў другі адбыўся непрыкметна. Я стаў зноў самім сабою, такім, які я бываў кожны дзень, — звычайны сцірлы гараджанін. Нямая пустка, мае ўцёкі, крылатае полымя — усё здавалася мне сном. Я дапытваўся ў сябе: ці было ўсё гэта на самой справе? Мне проста не верылася, што гэта сапраўды адбылося.
Я ўстаў і пайшоў па крутым пад'ёме моста. Галава не варыла. Мускулы і нервы расслабіліся… Я хістаўся, як п'яны. З другога боку выгнутага аркаю моста паказалася чыясьці галава і паявіўся рабочы з карзінаю. Побач з ім крочыў маленькі хлопчык. Рабочы прайшоў міма, пажадаўшы мне добрай ночы. Я хацеў загаварыць з м і не мог. Я толькі адказаў на яго прывітанне нейкім абыякавым мармытаннем і пайшоў далей па мосце.
На павароце к Мэйбэры цягнік — хвалістая лента белага іскрыстага дыму і доўгая чарада светлых вакон — пранёсся на поўдзень: тук-тук… тук-тук… і знік. Каля варотаў аднаго з дамоў, што ўтваралі так званую «Усходнюю тэрасу», размаўляла ледзь прыкметная група людзей. Усё гэта было так рэальна, так знаёма! Не тое, што там — у полі… Неверагодна, фантастычна! «Не, — падумаў я, — гэтага не магло быць».
Магчыма, я чалавек своеасаблівы і мае адчуванні не зусім звычайныя. Калі-нікалі я мучуся ад дзіўнага пачуцця адчуджанасці ад самога сябе і вакольнага свету. Я быццам знутры назіраю за ўсім аднекуль здалёк, па-за часам, па-за штодзённай барцьбой з яе трагедыямі. Такое адчуванне было вельмі моцнае ў тую ноч. Усё гэта, можа быць, мне проста падалося.
Тут такая ціхамірнасць, а там, за якіясьці дзве мілі, імклівая, лятучая смерць. Газавы завод працаваў з шумам, і электрычныя ліхтары гарэлі ярка. Я спыніўся каля людзей, якія размаўлялі.
— Якія навіны з пусткі? — спытаў я.
Каля варот стаялі двое мужчын і жанчына.
— Што? — перапытаў адзін з мужчын, павярнуўшыся.
— Якія навіны з пусткі? — спытаў я.
— Хіба вы самі там не былі? — спыталі яны.
— Людзі, здаецца, звар'яцелі на гэтым пустыры, — сказала жанчына з-за варотаў. — Што яны там знайшлі?
— Хіба вы не чулі пра людзей з Марса? — сказаў я. — Пра жывых істотаў з Марса?
— Наеліся па горла, — адказала жанчына з-за варотаў. — Дзякуй. — І ўсе трое засмяяліся.
Я апынуўся ў ніякаватым становішчы. Раззлаваны, паспрабаваў расказаць ім пра тое, што бачыў, але ў мяне нічога не выйшла. Яны толькі смяяліся з маіх блытаных фраз.
— Вы яшчэ пачуеце пра гэта! — крыкнуў я і пайшоў дамоў.
Я напалохаў жонку сваім змучаным выглядам. Прайшоў у сталовую, сеў, выпіў крыху віна і, сабраўшыся з думкамі, расказаў ёй усё, што адбылося. Падалі абед — ужо халодны, — але нам было не да яды.
— Толькі адно добра, — заўважыў я, каб супакоіць устрывожаную жонку. — Гэта самыя непаваротлівыя істоты з усіх, якія мне даводзілася бачыць. Яны могуць поўзаць у яме і забіваць людзей, якія падыдуць да іх блізка, але яны не здолеюць адтуль вылезці… Якія яны страшэнныя!..
— Не гавары пра гэта, дарагі! — усклікнула жонка, хмурачы бровы і кладучы сваю руку на маю.
— Бедны Оджылві! — сказаў я. — Падумаць толькі, што, ён ляжыць там мёртвы!