Яна працавала ў акулярах, цяпер зняла іх.
- Джэф Хэманд.
- Заходзьце, рада вас бачыць.
Яна паднялася і паціснула яму руку. Дзіўна, што ён зайшоў. Хоць яны і былі суседзі, наведвалі адно аднаго вельмі рэдка, а апошнім часам і зусім не бачыліся. Ён працаваў упраўляючым на каўчукавай плантацыі, міль з восем ад дому, і яна не магла зразумець, што прымусіла яго наведацца ў такі позні час.
- Роберта няма дома, - сказала яна. - Ён у Сінгапуры, будзе заўтра.
Ён, відаць, зразумеў, што трэба неяк растлумачыць свой візіт, таму сказаў:
- Шкада. Мне штосьці маркотна стала, вось і надумаў паглядзець, як вы тут.
- На чым вы прыехалі? Я не чула машыны.
- Я пакінуў яе на дарозе. Думаў, мо вы ўжо спіце.
Яно і зразумела. Плантатары паднімаюцца на досвітку, таму і рана кладуцца спаць. Раніцай машыну Хэманда сапраўды знайшлі недалёка ад бунгала.
Паколькі Роберта дома не было, віскі і содавую занеслі на кухню. Леслі падумала, што бой ужо, відаць, спіць, сама схадзіла па пітво. Джэф наліў сабе келіх і напхаў люльку.
У Джэфа Хэманда ў калоніі было шмат сяброў. Прыехаў ён сюды юнаком, цяпер жа амаль сорак. Калі пачалася вайна, ён адным з першых пайшоў на фронт і там хутка праславіўся. Гады праз два з-за ранення ў калена яго звольнілі з войска, і ён вярнуўся ў Малаю з ваенным крыжам і з ордэнам «За храбрасць». Яго ведалі ў калоніі як аднаго з найлепшых більярдных гульцоў. Да вайны ён выдатна танцаваў і гуляў у тэніс, цяпер жа з-за калецтва ён кінуў танцы, дый у тэніс гуляў горш, але ён вельмі ўсім падабаўся, усе яго любілі. Гэта быў прыгожы мужчына, высокі, з дзівоснымі вачыма і чорнай кучаравай шавялюрай. У яго быў адзін толькі недахоп - ён вельмі любіў жанчын, - пра што пасля здарэння ўсе толькі і гаварылі.
Ён пачаў пераказваць Леслі мясцовыя навіны: пра скачкі ў Сінгапуры, пра цэны на каўчук, пра сваё паляванне - нядаўна ў акрузе паявіўся тыгр. Яна хацела хутчэй скончыць карункі - трэба было паспець выслаць іх маці ў Англію да дня нараджэння, - таму зноў надзела акуляры і ўзялася за работу.
- Навошта вам такія вялізныя акуляры? - раптам спытаўся ён. - Прывабная кабета, а стараецца немаведама чаму сапсаваць сваю прыгажосць!
Яна шчыра здзівілася. Раней ён ніколі не дазваляў сабе такіх вольнасцяў. Яна вырашыла звесці ўсё на жарт.
- Я не рвуся ў прыгажуні, і, шчыра кажучы, мяне не хвалюе, лічыце вы мяне непрыгожай ці не.
- Ну якая ж вы непрыгожая. Вы, па-мойму, проста цуд.
- Дзякую вам, - засмяялася яна, - але ў такім разе, па-мойму, вы з глузду з'ехалі.
Ён усміхнуўся. Потым падняўся і перасеў у крэсла побач з ёю.
- Спадзяюся, вы не станеце пярэчыць, што няма на ўсім свеце рук прыгажэйшых за вашы, - сказаў ён.
Ён пацягнуўся да яе. Яна злёгку ўдарыла яго па руцэ.
- Кіньце, прашу вас. Сядайце на сваё месца і супакойцеся, а то я адпраўлю вас дадому.
Ён не варухнуўся.
- Вы ж ведаеце, я без памяці кахаю вас, - сказаў ён.
Яна заставалася спакойнай.
- Не, не ведаю і не веру вам. Але калі б нават так і было, не варта пра гэта гаварыць.
Яго словы тым больш здзівілі яе, што за сем год іх знаёмства ён ніяк не выказваў сваіх пачуццяў. Калі ён вярнуўся з вайны, яны даволі часта бачыліся, потым неяк ён захварэў, і Роберт прывёз яго на машыне. Ён пражыў тады ў іх амаль два тыдні. Але былі яны людзі розныя, і іх знаёмства так і не стала сяброўствам. Апошнія два-тры гады яны бачыліся зусім рэдка. Бывала, ён прыязджаў да іх пагуляць у тэніс, бывала, разам збіраліся ў каго-небудзь з суседзяў-плантатараў, а было і так, што не бачыліся месяцамі.
Ён яшчэ наліў сабе віна. Леслі падумала, ці не выпіў ён яшчэ да прыходу сюды. Быў ён нейкі дзіўнаваты, і ёй стала не па сабе. Яна дакорліва паглядзела на яго.
- Думаю, вам не трэба больш піць, - сказала яна.
Але ён залпам выпіў і паставіў пустую шклянку на стол.
- Вы што ж, думаеце, я гаварыў усё гэта, таму што п'яны? - рэзка спытаўся ён.
- Думаю, што так, хіба не?
- Глупства. Я пакахаў вас з першай нашай сустрэчы. Я доўга маўчаў, хопіць. Я кахаю вас, моцна кахаю!
Яна ўстала.
- Добрай ночы, - сказала яна.
- Я не пайду.
Цярплівасці ў яе не хапіла.
- Не вярзіце лухту. І ведайце ж, я ніколі нікога не кахала, акрамя Роберта, але нават калі б я і не кахала яго, вы мне не пара.
- Мне ўсё роўна. Роберта дома няма.
- Ідзіце, зараз жа ідзіце адгэтуль. Я паклічу слугу, і вас выкінуць вон!
- Ён далёка, не пачуе.
Цяпер яна раззлавалася. Зрабіла крок да веранды - адтуль яе напэўна пачулі б, але ён схапіў яе за руку.
- Пусціце мяне! - гнеўна крыкнула яна.
- Не, цяпер ты мая.