Прыгавораны ступіў крок насустрач. Жанчына кінулася да яго. «Alma de mi corason» - «сэрца душы маёй!» - хрыпла выгукнуў асуджаны і прыпаў да яе вуснаў. У гэтае ж імгненне выхапіў з-пад падранай кашулі нож - уявіць цяжка, як ён там яго хаваў, - і ўдарыў жонку ў шыю. З рассечанай вены пабегла кроў, скрывавіла яго кашулю. А ён моцна сціснуў жонку ў абдымках і зноў прыпаў да яе вуснаў.
Ніхто нават не зразумеў, што здарылася, - так хутка ўсё было зроблена. Некалькі чалавек кінуліся да яго, схапілі за рукі: жанчына ўпала б, каб ад'ютант не падхапіў яе. Жанчына страціла прытомнасць. Яе паклалі на зямлю і разгублена сталі побач. Асуджаны ведаў, куды ўдарыць: кроў ужо нельга было спыніць. Праз якую хвіліну ад'ютант, што стаяў ля яе на каленях, падняўся.
- Яна мёртвая, - ціха сказаў ён.
Прыгавораны перахрысціўся.
- Чаму вы забілі яе? - спытаўся генерал.
- Я вельмі яе кахаў.
Быццам уздых прабег па радах; усе глядзелі на забойцу. Генерал таксама не зводзіў вачэй з яго і маўчаў.
- Высакародны ўчынак, - нарэшце сказаў генерал. - І я не магу пакараць за гэта. Завязіце яго на маёй машыне на граніцу. Сіньёр, я адчуваю да вас павагу, як смелы чалавек да смелага чалавека.
Пачуўся гул адабрэння. Ад'ютант крануў забойцу за плячо, і той, не вымавіўшы ні слова, пакрочыў між салдатамі да машыны, што цяпер чакала яго...
Мой знаёмы змоўк, я таксама нейкі час маўчаў. Трэба адзначыць, што ён гватэмалец і расказваў па-гішпанску. Я ж пастараўся як мага лепей перадаць тое, што пачуў, захаваў нават і трошкі напышлівы стыль апавядання, які, шчыра кажучы, цалкам адпавядае сюжэту.
- А дзе ён зарабіў гэты шнар? - спытаўся я ўрэшце.
- А, гэта ён неяк адкаркоўваў бутэльку, і яна ўзарвалася ў руках. Пляшка звычайнай шыпучкі.
Я спаткаў яе ў тэатры. У антракце яна кіўнула мне, я падышоў і сеў побач. Я не бачыў яе вельмі даўно і, калі б не пачуў імя, мабыць, не пазнаў бы.
- Колькі год мы з вамі не бачыліся! - з усмешкай сказала яна. - Як хутка ляціць час! Так, мы не маладзеем. Памятаеце нашу першую сустрэчу? Вы запрасілі мяне паснедаць.
Ці помню я!
Гэта было дваццаць год таму назад, я жыў тады ў Парыжы. У мяне была маленькая кватэрка ў Лацінскім квартале з вокнамі на могілкі. Грошай, што я зарабляў, ледзь хапала, каб звесці канцы з канцамі. Яна прачытала адну з маіх кніг і напісала мне. Я паслаў адказ: некалькі традыцыйных слоў удзячнасці. І неўзабаве атрымаў ад яе яшчэ адзін ліст, яна пісала, што будзе праездам у Парыжы і хацела б са мной пабачыцца; у яе вельмі мала вольнага часу, і адзіны дзень, які яна можа правесці са мной, - наступны чацвер; раніцай яна наведае Люксембургскі палац, а потым мы б маглі паснедаць у Фуая. У рэстаран Фуая ходзяць французскія сенатары, мне напэўна не па кішэні, я ніколі не марыў туды пайсці. Але ўвага яе мне падабалася, дый я яшчэ быў малады і не навучыўся казаць жанчынам «не». (Мужчыну амаль немагчыма гэтаму навучыць, пакуль ён не дасягне такога ўзросту, калі жанчыне ўжо ўсё роўна, што ён скажа.) У мяне да канца месяца заставалася восемдзесят франкаў, сціплае снеданне не магло, вядома, каштаваць больш як пятнаццаць. Калі два тыдні абыходзіцца без кавы, мне гэтых грошаў напэўна б хапіла. Я адказаў, што ў чацвер буду чакаць майго невядомага сябра ў Фуая а палове першай.
Гэта была не такая ўжо маладая кабета, як я чакаў, больш паважная, чым прывабная, гадоў сарака (узрост цудоўны, але які далёка не спрыяе каханню з першага погляду). У яе былі прыгожыя белыя зубы, толькі мне чамусьці здалося, што іх у яе крыху больш чым трэба. Занадта балбатлівая, яна шмат гаварыла пра мяне, таму я слухаў з вялікай увагай.
Калі я зірнуў у меню, у вачах у мяне пацямнела - цэны былі значна вышэйшыя, чым я чакаў, але яна мяне супакоіла.
- Я ніколі не снедаю, - сказала яна.
- Вы мяне пакрыўдзіце! - запярэчыў я.
- Я на снеданне многа не ем: адна страва, не болей. Па-мойму, людзі ў наш час занадта многа ядуць. Вазьму, бадай, крышачку рыбы. Цікава, ці ёсць у іх ласасіна?
На ласасіну быў не сезон, і ў меню яна не значылася, але я ўсё ж такі спытаўся ў афіцыянта, ці няма ў іх ласасіны. Так, яны толькі што атрымалі выдатнага ласося - сёлета першага.
Я заказаў ёй ласасіну. Афіцыянт пацікавіўся, ці не пажадае яна якой-небудзь закускі, пакуль прыгатуюць ласасіну.
- Не, - адмовілася яна, - я ніколі сытна не снедаю. Праўда, калі ў вас ёсць ікра. Ад ікры я, бадай, не адмоўлюся.
У мяне ёкнула сэрца. Я ведаў, што ікра мне яўна не па кішэні, але як я мог пра гэта сказаць?
Я папрасіў афіцыянта, каб абавязкова падалі ікру. Сабе я выбраў самую танную страву - адбіўную з бараніны.
- І навошта толькі вы ўзялі мяса? - сказала яна. - Не разумею, як можна працаваць пасля такой цяжкай ежы. Я супраць таго, каб перагружаць страўнік.
Цяпер трэба было выбраць віно.
- Я раніцай нічога не п'ю, - сказала яна.
- Я таксама, - хуценька сказаў я.
- Акрамя белага віна, - вяла яна далей, быццам і не чула маіх слоў. - Французскія белыя віны такія лёгкія. Яны цудоўна спрыяюць страваванню.
- Якога б вы хацелі? - спытаўся я ўсё яшчэ ветліва, але ўжо без лішняга захаплення.
Яна бліснула сваімі цудоўнымі белымі зубамі.
- Мой доктар не дазваляе мне нічога піць, акрамя шампанскага.
Здаецца, я збялеў. Я заказаў паўбутэлькі, пры гэтым спакойна заўважыў, што мой доктар катэгарычна забараніў мне піць шампанскае.
- Што ж вы тады будзеце піць?
- Ваду.
Яна ела ікру, яна ела ласасіну. Яна натуральна і проста малола языком пра мастацтва, літаратуру, музыку. А я сядзеў і падлічваў, колькі мне прыйдзецца плаціць. Калі мне прынеслі маю адбіўную, яна пачала сур'ёзна мне тлумачыць:
- Я заўважыла, што вы замнога ясце, не варта так рабіць. Бярыце прыклад з мяне. Паверце, што адчуеце сябе намнога лепш, калі будзеце есці толькі адну страву.
- А я і збіраюся есці толькі адну страву, - сказаў я, заўважыўшы, што афіцыянт зноў падыходзіць да нас з меню.
Яна грацыёзна адмахнулася ад яго.
- Не, не, я ніколі не снедаю. Так, пажую што-небудзь толькі дзеля кампаніі. Я ўжо фізічна не магу з'есці ні кавалачка. Праўда, калі ў вас ёсць французская спаржа... Пабыць у Парыжы і не пакаштаваць спаржы - проста крыўдна.
Сэрца маё абарвалася. Мне давялося неяк бачыць спаржу ў краме, яна вельмі дарагая.
- Мадам жадае ведаць, ці ёсць у вас спаржа, - спытаўся я ў афіцыянта. О, як я хацеў пачуць у адказ «не». Аднак афіцыянтава круглая фізіяномія расплылася ад радаснай усмешкі, і ён запэўніў мяне, што ў іх ёсць выдатная, мяккая спаржа, проста цуд.