— Памру, — кажа жонка, — калi ня прызнаешся.
Што было рабiць — прызнаўся Янка i паказаў жонцы залатую табакерку.
— Толькi, кажа, — прысягнi, што ты сама безь мяне нiколi яе ў рукi ня возьмеш.
Прысягнула жонка, а потым зноў прыстала да яго:
— Хачу жыць у замку на высьпе! Загадай свайму памочнiку, каб зрабiў мост.
Янка не пасьмеў пярэчыць: адчынiў пры жонцы табакерку, загадаў памочнiку i стаў мост.
Пераехалi яны ў Зьмеяў замак. Жонка кажа:
— Ня зьнiмай маста: мы будзем па iм на бераг езьдзiць — у госьцi да бацькi i куды захочам.
Пажылi яны колькi дзён у замку. Захацелася Янку на паляваньне паехаць. Узяў ён лук, катка i мышку, каб весялей было ў дарозе, i паехаў па мосьце на бераг.
Толькi сышоў ён на бераг, як бачыць — ня стала за iм маста! «Што за дзiва?» — думае Янка. Мац у кiшэню — аж няма табакеркi! Катка ўзяў, мышку ўзяў, а табакерку забыўся…
Тут ён аб усiм здагадаўся.
«Вось табе i прысяга каралеўны! — падумаў сам сабе засмучаны Янка. — Я яе зь бяды выбавiў, а яна мне за дабро злом заплацiла. Цяпер зноў давядзецца iсьцi ў сваю хатку i галадаць, як раней».
Сеў ён на беразе мора i аж заплакаў ад крыўды. Раптам чуе — мышка скрабецца ў кiшэнi. Высунула адтуль галоўку i пытаецца:
— Чаго плачаш, добры чалавек?
Расказаў ёй Янка пра сваю бяду.
— Нiчога, — суцяшае яго мышка, — гэтай бядзе мы дамо рады.
Пашапталася яна аб нечым з катком, потым села яму на сьпiну, i паплылi яны цераз мора. Даплылi да замку. Тут каток схаваўся ў садзе, а мышка прабралася праз шчылiну ў пакой да каралеўны. Доўга сядзела яна там, цiкуючы, дзе каралеўна хавае табакерку. I дагледзела-такi — у драўляным куфэрку!
Уночы, як лягла каралеўна спаць, прагрызла мышка куфэрак, схапiла табакерку ды пабегла ў сад да катка.
— Ёсьць, — кажа, — залатая табакерка!
— То садзiся зараз-жа мне на сьпiну! — загадаў каток. — Паплывем назад.
Села мышка яму на сьпiну, каток i паплыў, фыркаючы па хвалях.
Даплылi ўжо траха не да берагу. Каток пытаецца ў мышкi:
— Цi ня згубiла ты табакеркi?
— Не, — кажа мышка, — вось яна!
Падняла табакерку, каб паказаць катку, ды ня ўтрымала: табакерка плюх у мора!
— Ах ты, недарэка! — узлаваўся каток. — Што-ж ты нарабiла?
Выплыў ён на бераг i схапiў мышку зубамi:
— Я цябе задушу!
Убачыў гэта Янка, адабраў мышку. А як даведаўся, што здарылася, дык зноў сеў каля мора i моцна заплакаў — так шкада было яму табакеркi!
Раптам з мора паказалася галава серабрыстай рыбкi:
— Чаго ты плачаш, добры чалавек? Раскажы мне: можа я табе ў чым дапамагу за тое, што ты калiсь збавiў мяне ад сьмерцi?
Прыгледзеўся Янка — пазнаў тую рыбку.
— Эх, — цяжка ўздыхнуў ён, — вялiкая, рыбка, у мяне ўтрата…
I расказаў рыбцы пра сваю бяду. Выслухала яго рыбка i кажа:
— Гэта бяда — не бяда! У мяне тут у моры табакерак колькi хочаш. Я буду выкiдаць, а ты пазнавай, якая твая. Сваю забярэш, а мае мне назад кiнеш.
Вiльнула рыбка хвастом i нырнула на дно мора.
Неўзабаве пачала яна шпурляць на бераг табакеркi — залатыя, сярэбраныя, дыямэнтавыя, маленькiя i вялiкiя. У Янкi аж уваччу мiтусiцца ад табакерак. Давай ён пiльна прыглядацца да iх, i нарэшце-такi ўбачыў сваю.
Зарадаваўся Янка, павыкiдаў у мора лiшнiя табакеркi i крыкнуў да рыбкi:
— Дзякую, даражэнькая! Збавiла ты мяне ад бяды.
Адчынiў ён сваю залатую табакерку. Выскачыў зь яе чалавечак:
— Што загадаеш, гаспадар?
— Апошняя мая просьба да цябе, добры мой памочнiк, — кажа Янка: — аблажы ў поўнач саломаю Зьмеяў замак на высьпе i спалi яго.
— Добра, гаспадар! Будзе зроблена.
Дачакаўся Янка поўначы i, як зашугаў Зьмеяў замак, пайшоў адсюль з катком i мышкаю шукаць лепшых людзей.