Шчарбаты талер - Андрэй Федарэнка 12 стр.


— І ты паўдня не ведаў, што ходзіш у другіх штанах?

—Паглядзеў бы я на цябе, каб ты так натаміўся! Ды і восы...

— Добра, хопіць пра восы. Дзе тваё трыко цяпер?

— Відаць, маці памыла ўжо. Вісіць і сохне.

— Ды не трыко,— аж зазлаваў на яго тугадумнасць Міхал,— навошта мне тваё трыко? Манета дзе? Можа, маці згубіла яе неяк, калі вытрусвала адзенне!

— Сапраўды, я пра гэта і не падумаў,— спалохаўся Чэсь. Другі раз за адну гадзіну страціць манету было б для яго занадта.

— Сядай! — скамандаваў Міхал.

Ён разагнаў веласіпед, Чэсь, прабегшы крыху збоку, схапіўся за руль і скочыў на раму. Вулічка бегла ўніз. Праз хвілін колькі хлопцы ўжо ўляцелі ў Чэсеў двор.

Пасярод двара стаялі начоўкі, ад якіх падымалася пара. Пахла пральным парашком. Чэсева маці, сагнуўшыся, шчыравала над бялізнаю; кавалак гаспадарчага мыла ў яе руцэ так і шоргаў па рыфленай дошцы. Амаль усе вяроўкі, нацягнутыя ў канцы двара між дзвюма грушамі, былі занятыя вымытай, прапаласканай адзежаю. Каля начовак засталася толькі невялікая кучка нейкага рыззя.

Хлопцы кінуліся туды і — вось радасць! — трыко! І манета на месцы, у задняй кішэні.

Чэсь працягнуў манету сябру:

— Ну, а ты не верыў?

Маці здзіўлена глядзела на іх, тады пачала бурчэць стомлена:

— Колькі разоў казала: правярай кішэні перад мыццём... А калі б размокла тое, што вы шукалі?

— Не, гэта не размокне! — шчаслівы Чэсь паказаў манету і маці.

— Ты б лепш памог, бэйбус, чым гайсаць цэлы дзень... Хоць бы памытае прапаласкаў, схадзіў бы на раку, ці выкруціць памог,— на маці манета не зрабіла ніякага ўражання.

Міхал падзівіўся: нічога сабе, «гайсае цэлы дзень». Гэта несправядліва было. Чэсь, можа, як ніводзін хлопец з пасёлка ніколі не бегаў ад хатняй работы, заўсёды памагаў дома.

— Давай, прапалашчу,— ухапіўся ён і цяпер.

— Ды ідзі ўжо, гуляй. Пакуль дачакаешся, сама. хутчэй зробіш. Ды ў восы зноў не ўлезь!

— Чаго гэта маці на цябе? — спытаў Міхал, калі яны адышліся.— Я дома і палавіны не раблю таго, што ты.

— Не, гэта яна так, для «звязкі слрў»,— адказаў Чэсь.— Яна добрая.

Яны мінулі двор, зайшлі за паветку, што прыляпілася з краю паплоўчыка, разлегліся на мяккім мурагу. Адсюль адкрываўся від на луг і на красуню Бярэзіну, што рабіла ў гэтым месцы плаўны паварот,— ціхаплынную, шырокую, зарослую з гэтага — нізкага — берага вольхамі і вербамі. Амаль да самай ракі спускаюцца дзялянкі агародаў і сотак. Збоку, на невысокім пагорачку­кургане, віднеецца помнік: звычайная вертыкальная гранітная пліта, па кутках — чатыры бетонныя слупкі, злучаныя прывіслымі пасярэдзіне ланцугамі. На пліце, хлопцы ведалі, залатой фарбаю ззяюць словы:

Русским воинам Отечественной войны

Савецкім воінам Вялікай Айчыннай вайны

Слава героям!

А трохі далей, за паваротам ракі, дзе нізкі бераг пакрысе пачынае падымацца і робіцца высокім, стромкім,— там, на самай строме, надзейна схаваны ў лісці дуба і вольхаў, на галінах, што перапляліся даволі высока над зямлёю,— іхні будан...

Чэсь разглядаў манету.

— Вунь там і знайшоў,— паказаў ён у той бок, дзе быў помнік.— Не, ты глянь, Міхал,— ну, копія як у Аксаны! Не дзіва, што я паблытаў. Толькі ў гэтай манеце шчарбіна глыбейшая... Чаму ж, цікава, Аксана так даражыць гэтым... як яна сказала?

— Талерам.

— Так упрошвала: Чэсік, Чэсік, аддай...

— Як гэта ты так чырванець навучыўся? — насмешліва прыжмурыў на сябра вочы Міхал.

— Ды шчака свярбіць,— яшчэ больш пачырванеў Чэсь.— Паглядзеў бы я на цябе, каб цябе восы пакусалі... А! — успомніў ён.— Скажы лепш, аб чым ты шаптаўся з ёю?

— Я з ёю не шаптаўся.

— Ну, яна з табою — якая розніца? Што яна сказала табе на вуха?

Міхал загадкава пасміхаўся і маўчаў, нібы хацеў набіць цану тым словам, якія можа зараз сказаць сябру, а можа і не сказаць.

— Не забывай, што манета мая,— нагадаў Чэсь.

— Добра. Аксана шапнула, што ў нашых Паплавах схаваны скарб. І разгадка, як яго знайсці — у манеце.

Чэсь недаверліва гмыкнуў. Ён чакаў зусім іншага... А тут — нейкі скарб... Усё гэта дзіцячае, з кніжак і фільмаў. Калі б пачуў гэта не ад Міхала, а ад кагосьці іншага, дык падняў бы таго на смех. Але Міхал ніколі не хлусіць...

— Ты сур'ёзна? — спытаў Чэсь, прыпадняўшыся на локці.

— Аксане сказаў бацька. А яе бацька, не забывай, вядомы гісторык, археолаг, і проста так казкі расказваць не стане.

— А падрабязней? — адразу загарэўся Чэсь.— Што за скарб? Пры чым манета?

— Я ведаю не больш за цябе. Ты ж сам чуў: Аксана абяцала, што сёння ўвечары яе бацька раскажа гэтую гісторыю. Я схаджу, паслухаю — і тады будзем штосьці думаць.

— А чаму ты адзін?

— Таму, што мяне аднаго звалі. Можа, яшчэ ўсёй кампаніяй завалімся — я, ты і Зміцер?

Назад Дальше