— Я, пане, выратаваў вас і вярнуў вам жыццё, а вы замест падзякі стралялі ў мяне, а цяпер робіце мяне злодзеем. Гэта ж вы самі ў мяне худую кабылу ўкралі. Дык хто з нас злодзей?
Паліводскі адумаўся і сказаў:
— Я прашу ў цябе толькі маё золата.
— Я яго і ў вочы не бачыў!
— Лжэш! Лжэш!
Паліводскі выйшаў. Слуга падвёў яму каня, і ён махнуў ходу і знік. Аднак жа Ракуцька паспеў заўважыць, што, перад тым як прыняць ад слугі каня, Паліводскі ні то пастаяў у кароткай задуме, ні то нават можа і памаліўся. Ракуцька падумаў: «А можа я яго чым пакрыўдзіў». Калі ён выказаў гэтую думку жонцы, яна, даволі такі энергічная жанчына, адказала яму, што гэтага Паліводскага варта было б кіем змясіць на калатушу, але найлепш быць ціхім, бо ён мае сілу, а наконт крыўды, дык яго ні крыўдаю, ні праўдаю, нават жалезным шворнам не проймеш. Такім парадкам Ракуцька стаў спакоен душой. Але ненадоўга. У тым жа самым годзе, пад сярэдзіну восені, ён атрымаў позву ў гміну. Ён так і ведаў чаго: ён жа жыве на чужой зямлі і з чужога дрэва хату паставіў! Ён жа не мог пайсці супроць дзяржаўнага закона і першымі замаразкамі выбраўся ў тую самую старую жончыну хату. А новаю яго сялібай заўладаў маёнтак. Жонка яго чакала трэцяга дзіцяці, ён жа стаў, як сугней, угнуў галаву і ўсё маўчаў, маўчаў. Колькі год працы загінула марна! А разам пайшлі ў нябыт і надзеі. Ні ў якую будучыню сваім дзецям ён ужо не верыў. Лягчэй памерці, чым астацца навек без надзеі і веры! Сымон Ракуцька пачаў змагацца з бязвер’ем і безнадзейнасцю. Ён пачаў шукаць, каб на чым пэўным спыніцца думкаю. У гэты якраз час і нагадзілася яму злая прыгода. Жонцы прыйшоў час раджаць. Дзіця радзілася нежывым, і жанчына асталася на некалькі месяцаў ляжаць у хваробе. Ён высах каля яе і каля дзяцей. Пасля пайшоў па свеце шукаць спосабу, каб жыць. Ён абышоў, можа, з паўдзяржавы і нічога не знайшоў, але затое наслухаўся ад людзей усялякіх чутак аб жыцці па той бок граніцы. Больш як паўгода ён думаў, і меркаваў у думках. І нічога іншага вымеркаваць не мог. Так ужо ім апанавала цвёрдая думка. «Гэта ж не жарты! Там зямлі бяры! Там жыві сабе!» І нарэшце настаў момант. Перш за ўсё ён, як перад каменнай сцяной, стаў перад неабходнасцю вырашыць вялікую задачу: ён жа не адзін! З гэтага часу і найшло на яго вялікае ўтрапенне. Раней ён быў спакойны і цягавіты. Цяпер, праўда, трапяткім ён не стаў, але спакой свой, як рысу натуры, страціў. Ён выбраў цёмную ноч, ні зор, ні месяца. Ён назаўсёды пакінуў тую гнілую хату, якая дала яму прытулак у цяжкія часы яго маладосці. Апошні раз ён зірнуў на сваю новую сялібу, у якой думаў гадаваць дзяцей і якой цяпер заўладаў нехта чужы. Малы Тамаш ішоў подбегам, трымаючыся за бацькаву руку. Яна, спадарожніца яго жыцця, несла на руках малую Лізавету. За дзве ночы яны дайшлі да граніцы. Больш тыдня яны чакалі ў лесе навальнічнай ночы. Перад самым змрокам, выбіраючы зручнейшае месца, каб з яго рушыць у гэтую страшную дарогу, усе яны ўбачылі чалавечыя ногі. Ракуцька пабялеў і прыгледзеўся. Ужо тхнула адтуль трупным духам. Мярцвяк ляжаў увесь пад накідам моху. Самога яго не відно было. Малады ён ці стары? І хто ён? Можа шпіён, які ішоў туды і быў падстрэлен чужой ці сваёй куляй? А ці стаў ён шпіёнам ад гадаўскай прыроды свае, ці няшчасце яго павяло па гэтай дарозе, ці стопудовае зло, якому патрэбны граніцы і шпіёны, прыкавала яго навек да гэтага месца? Ці можа гэта проста няшчасны чалавек тутэйшай зямлі, каля ціхай хаты якога лягла тая граніца і, як пякельная жудасць, заўсёды была перад яго бяззлобнымі вачыма? Ракуцька анямеў ад жаху, што такі лёс можа спасцігнуць і яго з усімі тымі, хто дораг і люб яго сэрцу. Аднак жа хутка і ноч настала. Такое ночы ён толькі і чакаў. Пярун ляскаў кожны момант. Ліло, як з бяздоннага мора. Змучаны Тамаш трымаўся за бацьку і ішоў, як святы на пакуту. Пасля двухгадзінных блуканняў яны пачулі, што недзе тут поблізу страляюць. І гэтаму канца няма. Душа яго апала. Яна шапнула яму:
— Назад. У сваю гнілую хату! Лепш там памерці з голаду, чым тут валяцца непахаванаму.
Пошапкам яны дайшлі да згоды. Яна з дзецьмі пойдзе назад першая, а ён следам, каб было незаўважней, бо маланка штохвіліну і натоўп вялікі. Ён стаў пад дрэвам тварам ад таго боку, у які ішоў і сям’ю вёў. За кожнай маланкай ён акідаў вачыма мясцовасць. Іх няма. Але нарэшце — радасць, радасць! На самай той дарозе, якою проста дойдзеш да той старой хаты, стаялі яны. Яна, любая, родная, разважлівая, працавітая, верная яго сяброўка, Тамаш, босы, малы, падкасаны. І маленькая Лізавета ў яе на руках, маленькая, кірпаценькая, птушанё… Гэта яны, якіх ён вёў у будучыню. Што яны стаялі на патрэбнай дарозе, ён ведаў з таго, што над імі гойдала веццем знаёмае яму сагнутае дрэва. Яшчэ адна маланка, і ён убачыў, як яны ішлі далей дарогай. Яны ўжо далёка ад страшнага месца. Зараз і ён рушыць за імі. Зноў маланка і крык пагранічніка ў зялёнай шапцы. Ён стаяў на другім баку. Падкасаныя худыя Тамашовы ногі назаўсёды асталіся ўваччу яго. А першыя Лізавеціны ўсмешкі! Смутак наваліўся на яго душу. Якая чакае і іх і яго будучыня? Дзе ім суджана знайсці яе? Але трэба ісці, пагранічнік грозіць, што будзе страляць. Па калені ў вадзе і ўвесь мокры, ён замаршыраваў перад пагранічнікам. Сцяна, глухая і бязлітасная, як вечнасць, замкнулася паміж імі. Бывай, верная сяброўка! Бывайце, дзеці! А можа, адбудзецца цуд? Можа, міне вас лёс без будучыні? Але лепш ні аб чым не думаць, бо навала смутку забівае душу.
Сымон Ракуцька быў пад арыштам доўга. Пакуль у яго руках апынулася даведка, што ён мае права жыць усюды, толькі не ў пагранічных з Польшчай раёнах, ён больш за год усё даводзіў як мог, што ён не шпіён, а проста чалавек з той зямлі, па якой прайшла граніца. А тым часам вялікі ўпарадкавальнік усялякіх хібаў і непарадкаў — час — абтрос і абгладзіў усё, што было не на сваім месцы, і шмат што забылася, шмат прытупілася, а сам чалавек знайшоў сабе месца, і лягчэй яму стала. Але час не меў сілы перад тупым смуткам па малым Тамашу, па першых Лізавеціных усмешках і па ёй, вернай сяброўцы. Гэты смутак, здавалася, апанаваў чалавека назаўсёды. Яму не было адхлання, і ад яго не было ратунку.
Сымону Ракуцьку спачатку здавалася, што варта яму толькі зноў звіць сабе гняздо, як ён скіне з душы цяжар свой. Тым часам ужо і хата ў яго была новая, зноў новая, вокнамі на дарогу, і ціха і спакойна ўсё тут было, і зямлі было на чатыры душы, і не трэба стала з жахам заглядваць у заўтрае, а спакой у душу не варочаўся. «А Тамаш, а Лізавета!» Сымон Ракуцька наладзіў сваё жыццё так, як жадала яго натура. Яго ціхманую працавітасць льга было ставіць паўсвету ў прыклад, калі лічыць яе за дабрачыннасць. І дзіўна было. Ён адзін, а ўпраўляўся з полем і з домам. І яшчэ кожны дзень меў часіну сядзець на калодзе і босы пасярод свайго двара. Ці то прывычка, ці то ашчаджанне абутку, але ён цяплом ніколі абуты не хадзіў. Ён яшчэ людзям і колы рабіў, і драбіны з панарадамі майстраваў. Жыў сам-насам. У той меры, у якой ішоў час, смутак яго ператвараўся ў вялікую мару. Гэтая мара заўладала ім, ён ёю жыў і служыў ёй. А пачалі нарэшце прыходзіць моманты, калі і вера, і надзея, хоць здалёк, паказвалі яму свае ясныя твары. Гэты новы час у яго жыцці пачаўся з таго, калі яму прыйшла ў галаву такая думка: яна тады з дзецьмі вярнулася ў тую старую хату. Хто ведае, можа, і цяпер яны жывуць там? А кажуць жа людзі, што поштай можна з Польшчы сюды пісаць, а адсюль у Польшчу. Як страсянула яго гэтая думка! Ён не меў ні сну, ні спакою, пакуль не паслаў пісьма на адрас той старой хаты. Ён дакладна выпісаў і цяперашні свой адрас. Паведаміў аб той мясціне, у якой цяпер жыў. Яно ж магло быць і так, што і адтуль сюды прыйдзе пісьмо. Цяпер яго жыццё стала чаканнем перш за ўсё пісьма, пасля — нейкага невядомага лёсу. «Адтуль прыйдзе вестка. Яны жывыя і здаровыя, і можа нават не галодныя. А хіба хто можа сказаць цвёрда, што на свеце можа быць, а чаго можа не быць? Нават такое магло здарыцца, што граф Паліводскі прасіў ласкі сярод дарогі ў абарванага хлопца. А можа лёс прывядзе іх сюды. Але што такое лёс? Ён сам дойдзе да думкі, што зрабіць. Ён будзе думаць, ён будзе раіцца з людзьмі, ён будзе слухаць па свеце. Слухаць па свеце!» Самае далёкае, дзе ён бываў — гэта яго поле. Але практыка з самага маленства і інстынкт падказвалі яму, што яшчэ многае наперадзе, што яшчэ многа дзе прыйдзецца быць, многае нанава рабіць, многае бачыць і чуць і за многае нечаканае брацца. Мара, чаканне, надзея, упартасць думкі і фантазіі! Гэтым ён цяпер і жыў. Колькі яму аднаму трэба было? Ён задавольваўся самай простай ядой. Улетку ён палуднаваў халодным квасам з зялёнай цыбуляй. Старанна вырабленае поле радзіла ў яго лепш, як у каго тут. У яго пачалі заводзіцца грошы. «Божа мой, вось быў бы спосаб Тамашу!» Нават не маючы намеру купляць што, ён пачаў хадзіць у кааперацыю і прыглядацца да тавараў. Аднойчы ён купіў з сіняга сукна ватоўку, хлопцу гадоў на пятнаццаць. «Калі ж небудзь Тамаш будзе такі, што яму якраз прыйдзецца гэтая вопратка». А толькі невядома, у якія годы з Тамашом суджана спаткацца бацьку. Такім парадкам за доўгі час у Тамаша стала многа ўсялякай адзежы на ўсялякія ўзросты: і на дзесяць год, і на дванаццаць, і на пятнаццаць, і на васемнаццаць, і на дваццаць. Усё купляў бацька. Віселі на вешале ў клеці парамі боты, нагавіцы, вопраткі. Былі плацці для Лізаветы і хустачкі, чаравікі і панчохі… Часамі ж на яго находзіла прасвятленне. Ён як бы адпіхаў ад сябе гэты пусты занятак і ўпадаў у думку, што рабіць, сапраўднае, вялікае, выразнае і сапраўды патрэбнае, каб убачыць дзяцей. Нарэшце прыйшоў канец яго ціхай цярплівасці. Нават сядня на калодзе сярод двара пакінула яму быць прыемнай. Ён нейк пацягнуўся да людзей і як бы затрапятаўся. Яго ўжо бачылі ў навакольных мястэчках на кірмашах, каля цэркваў і касцёлаў на фэстах, у сельсавеце ён бываў часта і без прычыны. Ён пытаўся і раіўся. У тую старую хату ён цяпер слаў пісьмы бадай што цераз дзень.
Усім пачало здавацца, што ён рабіўся больш гаваркім, і панурасць сыходзіла з яго. Аднак жа ніхто не ведаў, што ён сябе пачуваў так, быццам кожны дзень піў атруту. І дзіўная рэч. Хоць час ішоў, нават ужо год за годам, з яго вачэй не сыходзілі босыя Тамашовы ногі, калі ён, у тую навальнічную ноч, асветлены маланкай, стаяў на дарозе пад сагнутым дрэвам. Яго ўяўленне рысавала яму Тамаша толькі малога і Лізавету толькі ў маці на руках. Па-сапраўднаму ён ніколі не задумаўся аб тым, што годы ідуць. Сам ён пачаў сталець так шпарка, што часамі ўжо льга было ў ім заўважыць першыя рысы далёкай яшчэ старасці. Гэта была празмерная на яго гады сталасць. Апошняя бачаная ім усмешка малой Лізаветы! Маланка, і свет уздрыгануўся ад грому. Тамаш стаіць мокры, вада. Босыя ногі яго! Постаць худзенькага хлопчыка! Ён жа вёў свайго Тамаша ў будучыню! На добрае, на шчаслівае! Нехта злы і чорствы, нехта той, што і яму самому праз увесь век не дае спакою, загарадзіў малому Тамашу дарогу ў будучыню. Не туманныя прывіды, а выразна ява: гром і маланка, навальніца разрывае зямлю і, здаецца, крышыць на ёй усё. І ўсё ахоплена страшным сваім утрапеннем. Пад громам і агнём, пасярод дарогі, постаць худзенькага хлопчыка.
Аднойчы ён, як і часта цяпер, цёрся сярод людзей у местачковай кааперацыі. Там прадаваліся люстэркі. Адно вісела на сцяне. Сымон Ракуцька глянуў у люстэрка і сумеўся: ён такі даўно не бачыў сябе і не ведаў, што каля вушэй у яго спрэс сівыя валасы. «Божа мой, дык я ж ужо не малады! Няўжо гэта прайшло гэтулькі год?! А колькі? Мусіць, многа?! Як жа гэта я ніколі не лічыў гадоў?» Увесь той дзень ён правёў у одуме і суме. Каму расказаць? З чаго пачаць, каб не ішло далей жыццё так, як яму не хацелася? Ён хацеў не толькі есці хлеб, але каб разам з ім елі яго і Тамаш, і Лізавета. Каб не мучыць самога сябе, ён больш ужо ніколі не глядзеўся ў люстэрка.
У тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятым годзе Сымон Ракуцька даехаў па чыгунцы да горада Слуцка і выйшаў адтуль пешкам у дарогу на захад па старой Варшаўска-Маскоўскай шашы. Была глыбокая восень. Толькі што мінулася пара безупынных дажджоў. Паабапал шашы стаяла вада на полі. Не кранутая яшчэ марозам трава была зялёная, і, калі сонца высвечвала з-за высокіх хмар, адзінокі падарожны, як здзіўленае дзіця, прыглядаўся да яснай зеляніны, і твар яго свяціўся, як і шырокі свет у той момант. Ён усё ішоў і ішоў шпарка. За адзін дзень ён дайшоў да Піліпавіч, дзе тырчэлі каля шашы яшчэ некаторыя адзнакі былой граніцы. Да гэтага месца ён ішоў яшчэ, як бы раздумваючы і сам сабе не верачы. Тут жа ён увесь змяніўся. Каб чалавек, які добра ведаў яго дагэтуль, бачыў яго ў гэты момант, калі ён, мінуўшы Піліпавічы, спыніўся на палявой дарозе, кожны заўважыў бы як адразу Сымон Ракуцька [скінуў] пячаць таго шматгодняга чакання, якое ўжо часамі ператваралася ў свядомасці, як бы нейкай асуджанасці навек. Магло б здавацца, што ён зараз скажа: «Яно было. А вы хіба хочаце, каб ніколі ніякай прыкрасці не было? Затое цяпер!» Уся яго пастава і выраз твару былі ў часе гэтага падарожжа рухавымі вельмі. На станцыі Гарадзеі ён сеў у поезд і праз паўдня выйшаў з вагона на нейкім занадта ўжо ціхім паўстанку. Доўгі рад старых і высокіх дрэў — ліп, дубоў, бяроз, явараў і вязаў — ішоў ад паўстанка проста ў чыстае поле і там канчаўся. Лісцё пад дрэвамі ляжала яшчэ жоўтае, і, здавалася, чалавечая нага яшчэ не ступала на яго. Сымон Ракуцька мінуў дрэвы і пасля нядоўгіх пошукаў знайшоў у полі вялікі камень. На абымшэлай яго паверхні аставаліся сляды таго, што тут начавалі птушкі. І гэта як бы ўзрадавала гэтага чалавека. З усмешкай ён абгледзеў камень і стаў кіравацца ад яго да вузкай і доўгай грады лесу. Добра ўтаптаная сцяжынка вілася паміж і навокал кустоў шыпшыны і паўз удзірванелыя межы. Пасля яна выбілася ў той дубняк. Якая была восень! Ахоплены радасным узбуджэннем, чалавек як бы думаў, што другой такой восені ніколі не было і не будзе. Рудымі жалудамі была засыпана спрэс уся зямля. Крушыннік густа стаяў над сваім уласным лісцём, ядловец быў повен чорных ягад, дзюбастая птушка кінулася ў куст, драбнюткае лісце, як жоўты дождж, сыпанулася з дрэва, чэзлая кветка на высокім сцябле звесіла жоўтую галаву. «Божа, як яна так захавалася аж дагэтуль!?» А неба! Сонца ў той дзень не было, але на небе адлюстроўвалася яго блізасць. Недзе тут блізка ідзе ціхае асенняе сонца! Хіба на свеце няма дзеля чаго берагчы знойдзеную радасць і шукаць і дамагацца яе вечна!? Якое неба над нашай зямлёй бывае ўвосень!
Сымон Ракуцька ўжо даўно мінуў дубняк, а сцежка ўсё ішла і вяла яго далей, праз поле, праз некалькі хвойных лясоў і купістых паплавоў. Доўга, вельмі доўга ішоў Сымон Ракуцька, дзівячыся, як жа гэта праз гэтулькі год тая самая сцежка вядзе яго, як быццам бы тут усё застыла на вечную нерухомасць. Ён прайшоў сцежкай да самага змяркання. Начаваў у людзей і вельмі многа расказваў пра сябе, так што, пакуль у хаце патушылі агонь і паснулі, ужо ўсе ведалі яго гісторыю. Назаўтра ён сабраўся далей у дарогу яшчэ зацемна. Нават яшчэ зоры свяцілі. Тут ужо недалёка, толькі зоры сыдуць з неба, як ён будзе на месцы. Зноў тая самая сцежка! Тут яна пайшла зялёнай азімінай. Свежая рунь дрыжала пад ветрам, і ў нізінах стаяла чыстая, як сляза, вада. Сонца пачало ўзыходзіць чыста, і вышыня неба пабольшала. Усё заззяла, і прасторы сталі неабдымнымі. Тут, у гэтай яснай шырыні, ужо зусім блізка! Вельмі хутка ён дойдзе. Ужо не было ў яго ні смутку, ні радасці. Хваляванне ўсёй яго істоты і нават нецярплівасць. Цяпер, калі ўжо так блізка перад ім была яго мэта, ён чамусьці як бы зноў апанураў з постаці. Яго заўсёды такім рабіла шпаркая хада. Ён улёг у хаду і ўжо не заўважаў гэтае адзінае на ўсе часы восені. Але чаму сцежка такая доўгая? Тут ужо ёй канец павінен быць. Яшчэ два дрэвы над палявым каменем, і там тады пачыналася выезджаная сялянскімі калясьмі дарога. І ўсё. Чубок лесу будзе з-пад каменя і дрэў перад вачыма.
Вялікае шчасце раптам страсянула яго душу: там, дзе канчалася сцежка і пачыналася дарога, ён убачыў тыя самыя і такія самыя дрэвы. Адно што з карэння пайшлі ў іх парасткі і самі ўжо станавіліся дрэвамі. І камень той самы і такі самы. І нават… Як бы лёс паслаў яму гэты малюнак на тое, каб душа яго ў гэты рашучы момант пазнала да канца ўвесь жах думкі, што мінулае не варочаецца і ўвесь атрутны слодыч успамін. Божа літасцівы! На гэтым жа камені, у ранні вечар, калі яшчэ толькі захад змываў з сябе колеры, ён згаварыўся з ёю стаць яму вернай сяброўкай. Яна сядзела тады на камені, паклаўшы на прыпол згорнутыя рукі, а ён стаяў перад ею. Здань! Прывід! У такой самай паставе, і так жа паклаўшы на прыпол згорнутыя рукі, на камені сядзела жанчына. Дзяўчына, яна нядаўна яшчэ выйшла з падросткаў. На прыполе ў яе ляжаў хлеб, і яна ела яго. Але чаму яна так здаецца знаёмай яму? Як быццам бы ён яе ўжо бачыў дзе, або ведаў даўно, або знаў, што яна якраз тут будзе сядзець? І чаму яна так нагадвае яе, каго ён доўгія годы не бачыў? Чаму — ён не мог бы сказаць, але вельмі нясмела ён глядзеў на яе і баяўся, што перарвуць гэтае яго шчасце. Ён не вытрымаў і пачаў гаварыць з ёю:
— Вы падарожная, што клунак каля вашых ног ляжыць?
— Падарожная.
— А здалёку?
— Здалёку. Цягніком ехала. А гэта іду. Мне тут трэба дапільнаваць брата.
— А дзе ж твой брат?
— Мой брат у польскім войску быў, а што з ім цяпер — невядома. Калі ён, можа, у палоне на савецкай старане — то на гэта ўся надзея. Бо з гэтага палону радавых салдатаў пускаюць, і яны многія папрыязджалі і папрыходзілі ўжо. Вось і я яго сюды чакаць прыехала.
— Як жа гэта сюды чакаць?
— Тут стаіць наша хата, у якой мы выраслі. З гэтае хаты ён і ў войска пайшоў, яшчэ гады за два да вайны, а можа, і больш. Хата наша такая старая, што ў ёй ужо апошнім годам жыць нельга было. Аставалася толькі я з маткай. Мы пакінулі гэтую хату і пераехалі туды, далёка, адкуль я цяпер сюды прыехала. Там я і матка знайшлі працу ў панскім маёнтку. Мы напісалі брату, што ўжо не жывём тут. Пісьмо тое яшчэ, напэўна, не дайшло да яго, як пачалася вайна з немцамі. Цяпер ён можа сюды прыехаць і не ведацьме, дзе мы і дзе знайсці нас. Калі ж яго яшчэ няма дзе-небудзь тут, то я ў суседзяў пакіну яму наш адрас.
Яна змоўкла і паглядзела на яго, быццам думала, ці варта было гэтаму незнаёмаму даверыць сваю душу.
— А калі вам прыйдзецца тут начаваць, дык дзе, калі ваша хата такая дрэнная?
— У суседа. Мы з ім добра жылі.
Яна, гэтая адкрытая душа, шпарка пайшла, а ён назіркам, як баючыся, рушыў за ёю зводдалеку. Чуб хвойнага лесу быў перад імі. Унь дзве хаты. Адна ледзьве ліпіць яшчэ, і страха на ёй упала. Ужо без вокан яна. Побач яе здаровая, вялікая хата з смольнага кругляка. У яе адразу і пайшла дзяўчына. Ён жа, калоцячыся разам са сваім сэрцам, спыніўся перад старой хатай і зводдалеку бачыў, што ў ёй сцены патрухлелі і пагнілі, і стаяць мокрыя і цвілыя. Ён бачыў праз аконную дзіру нават тыя цвікі, якія калісьці ўбіваў у сцены. А гэтая, новая, здаровая, з кругляка хата, куды пайшла дзяўчына! Ён жа ведае хто гэта, толькі сам сабе баіцца прызнацца. Гэта яго хата! Гэта ён яе ставіў. І гэта з яе яго выгналі. А гэтая старая! Унь тое месца, дзе ляжаў Паліводскі. Там тады стаяў ложак. З гэтай хаты ён і сястру яшчэ замуж аддаваў. І адзін жыў у ёй. Ён стаяў і душыўся мінулым, якое адарвалася ад яго з часткаю душы і нават вялікі доктар — час — не загаіў гэтую рану ў душы. Ён ужо ведаў, як назваць тое, што лягло на яго жыццё. Але ён маўчаў і стаяў. «Дык яны тут жылі аж пакуль ужо нельга было! Ці даходзілі сюды яго пісьмы? Тады, калі ён жыў у новых прасторных сценах, гэтая трухліна гатова была ўпасці на іх. Можа ён вельмі мала стараўся, каб выратаваць іх адгэтуль! А ці не вінават ён перад худзенькім хлопчыкам Тамашом і перад маткаю сваіх дзяцей, і перад Лізаветаю?!» Голас пратэсту перад самім сабою ўзняў ён у сабе: «Не! Я ішоў у гром і невядомасць!» «Але ж я жыў гэтулькі год у мілай мне працы, і жыццё гэтае само па сабе льга назваць шчасцем, каб не смутак мой. А ці хоць раз падумаў я, каб ісці сюды да іх і ратаваць іх?» Раптам у яго пахаладзела ў вушах: «Чаму ж я не запытаў у гэтай дзяўчыны — а ці хоць адно пісьмо прыйшло было да іх ад іх бацькі?» «Але я яшчэ ўбачу яе, да вечара я дапільную яе тут, а заўтра зранку пайду гаварыць з ёю». Адразу цяпер ён не мог ісці ў сваю, новую, некалі пастаўленую ім хату, ён баяўся свайго смутку. Да вечара ён праседзеў пад ігрушаю на лаўцы, у двары старой хаты, і пільнаваў яе. Але яна з нова� хаты не выходзіла. Як пачало змяркацца, ён увайшоў у старую хату і лёг на голы тапчан. Парыў ветру ўвагнаў у хату на яго праз аконную дзіру віхор жоўтага лісця з ігрушы. Ён накрыў галаву торбаю ад хлеба, стараючыся заснуць. Цішыні не было! Нешта шастала па сценах і патрэсквала ў столі. А пасля яму здалося, што нешта шарганулася аб яго. Ён падняўся і стаў з шчаслівай думкай: «Не канешне мучыць сябе ляжбой, можна стаяць і сядзець». Свяціў месяц. Ноч была глыбокая. Праз дзіркі і шчыліны ў сценах лілося ў гэтую гнілую пустэльню месячнае святло, а па сценах нешта невядомае ўсё шастала. «Каб хоць хутчэй дзень». З нейкай надзеяй ён выйшаў на двор і зноў сеў на лаўку пад ігрушаю. За ноч з яе апала ўжо апошняе лісцё. Месяц быў якраз у яе чорным голлі. А да дня яшчэ было вельмі далёка. Ён цясней зашпіліўся ў сваёй суконнай жакетцы і лёг на лаўку. Холад не даў яму спаць. З поля цягло роўным шумам. Узняўся вецер. Месяц стаяў нізка. Сымон Ракуцька спаць не хацеў. Седзячы на лаўцы, прычакаў ён дня і больш у старую хату не заходзіў. Як адважыўшыся на вялікі подзвіг, ён закінуў сваю торбу за плечы і пайшоў у суседнюю хату. Там яна была адна, сядзела за сталом і пісала. Як прыгавораны да кары, ён стаў у парозе і сказаў:
— Добры дзень у хату. — Ён нават і не чуў, што яна адказала яму. Ён не мог адарваць вачэй ад акеннай шуфляды. Калі ён устаўляў яе, быў такі самы хмурны дзень позняй восені.
— Гэта я з вамі ўчора гаварыў на дарозе, калі вы сядзелі на камені.
— Я пазнала вас.
— Ну што, няма брата?
— Няма. Я пакіну яму тут гэтае пісьмо. Чакаць яго — мне няма як.
— Што вы яму пішаце?
— Вам хочацца ведаць?
Нават і без здзіўлення яна глядзела на яго, і вочы яе былі такія добрыя, і здавалася, яна абяцае праз іх шчырасць усяму свету.
— Пачытайце мне, што вы яму напісалі.
Яна нават не здзівілася: што гэта за дзіва такое з гэтым чалавекам.
— Калі вам хочацца, я прачытаю. Але я дапішу раней.
Ён сеў на лаву і чакаў, пакуль яна скончыць пісаць. Сочачы за кожным яе рухам, ён час ад часу падаваў голас:
— А ці ведаеце вы, што гэта ваш бацька ставіў гэтую хату?
Не адрываючыся ад пісьма, яна адказала: — Ведаю. Маці мне расказвала ўсё.
— Дык вы пра свайго бацьку ведаеце?
— А як жа! Але нашто вам усё гэта? Хто вы такі?
— Як нашто! Бо вашага бацьку я ведаў так, як ён сам сябе ведаў.