Выбраныя творы - Кузьма Чорный 2 стр.


Аднак i ў неспрыяльны для вольнай творчасцi перыяд 30-х гадоў Чорны не пакiдаў спроб уздымаць у сваiх творах праблемы, якiя заўсёды хвалявалi беларусаў. Так, героi рамана "Iдзi, iдзi", прадстаўнiкi творчай i тэхнiчнай iнтэлiгенцыi, горача абмяркоўваюць пытанне пра месца нацыянальнага ў працэсе "вялiкай перабудовы" грамадства: раман нараджаўся ў той час, калi "нацыянальная элiта", за выключэннем адзiнак, была выслана за межы Беларусi, а пазней амаль цалкам знiшчана. Таму твор застаўся незавершаным. Шырокi спектр нацыянальнай праблематыкi ў наступным рамане "Бацькаўшчына" звузiўся да адной, але сапраўды важнай у жыццi нацыi, праблемы - праблемы Бацькаўшчыны. Пошукi Радзiмы Леапольдам Гушкам, галоўным героем твора, пошукi сваёй зямлi, палкая мара пра ўласны куток, дзе гэты вялiкi працаўнiк адчуваў бы сябе свабодным i незалежным, пазбыўся б сваёй адвечнай трапятлiвасцi, няўпэўненасцi ў сабе. Гушка шукае праўды то ў пана, то ў папа, то ў ксяндза, то нават у прыстава, пакуль не пераконваецца на ўласным прыкладзе, што яго "беларуская мара" не знаходзiць водгуку ў чужой улады. Яго фанатычная вера ў магчымасць нармальнага iснавання ва ўмовах беззямелля i бяспраўя ператвараецца ў такой жа сiлы расчараванне. У фiнале рамана перад намi iншы Леапольд Гушка: моцны, загартаваны, валявы. Герой, паводле логiкi сюжэта, адшукаў сваю "праўду", хоць Чорны заўсёды любiў "адкрытыя фiналы", бо яны выяўлялi погляд пiсьменнiка на чалавека як вечнага шукальнiка iсцiны.

Раман "Бацькаўшчына" Чорны бачыў у сiстэме iншых сваiх буйных твораў пра гiсторыю беларусаў у ХХ ст. Падзеi сучаснасцi празаiк асэнсоўваў на фоне Вялiкага Часу, прагрэсу чалавецтва, якое на працягу стагоддзяў выпрабоўвала, сцвярджала i абвяргала мноства розных iдэй грамадскага ўладкавання. У рамане "Трэцяе пакаленне", шырокавядомым у 30-я гады савецкаму чытачу (твор выдаваўся штогод на розных мовах былога Савецкага Саюза), празаiка захапiла праблема ўласнасцi як грамадскага iнстытута, што займае такое вялiкае месца ў жыццi. Свае гуманiстычныя погляды на беларуса, якiм ён быў у ХХ ст., аўтар падае ў захапляючай форме дэтэктыва, дзе сваё месца мае iнтрыга, загадка, следчы пошук (аграбленне банка, забойства, пераслед, допыт, суд, пакаранне). Чорны ўвесь свой праведны гнеў скiроўвае супраць уласнiка, якi ў пагонi за багаццем занядбаў у сабе ўсё чалавечае, тым самым аўтар стварае вобраз фенаменальнага злачынцы, кулака Скуратовiча, увасабленне "фiласофii нянавiсцi": чалавек чалавеку воўк... Уласнiцтва ў сваiм крайнiм выражэннi, калi цана грошай i золата пераважае цану чалавечай асобы, сапраўды калечыць дзяцей, такiх, як падлетак Мiхалка Тварыцкi, дэфармуе iх псiхiку, вядзе да духоўнай дэградацыi. У страсным маналогу "кулака" Скуратовiча, акрамя недаверу да ўсiх на свеце, нямала горкай праўды пра жорсткасць жыцця, пра блiзкi апакалiпсiс, калi дзецi, "трэцяе пакаленне", будуць бадзяцца беспрытульнымi па ваенных дарогах. Мiхалка чуе гэтую яго правату: зерне падае не на камень. Iншы шлях выбiрае Зося, яго будучая жонка, якая, у сваю чаргу, паверыла ў "праўду" чырвонаармейца Назарэўскага, захопленага iдэяй "канкрэтнага i страшнага выкарчоўвання эксплуататарскага i нявольнiцкага з душы", i ўзялася за "выкарчоўванне" носьбiтаў "радзiмых плямаў" капiталiзму, пачаўшы з уласнага мужа. Фармальна перамагае Назарэўскi, але ў мастацкiм плане больш пераканаўчай уяўляецца пазiцыя Тварыцкага, якi ахвяруе сабой, каб уратаваць сваю дачку Славу ад будучых трагедый, хоць i разумее гэты паратунак па-свойму. Гэтага вострага прадчування блiзкай трагедыi няма ў камунiста Назарэўскага i ў Зосi: яны аднабаковыя i павярхоўныя ў сваiм пафасным услаўленнi "новага чалавека". Так, "новы", перавыхаваны Кравец, той самы чорнаўскi "трапятун", страцiў сваю непаўторнасць, набыўшы хiба толькi нязвыклую для яго маўклiвасць i спакой, больш падобныя на абыякавасць да людзей i жыцця. Непазнавальнай у другой частцы рамана становiцца i мова, набыўшы нетыповую для Чорнага сухасць i афiцыйнасць, як i ўсякая савецкая "наркомаўка".

Для творчасцi Чорнага характэрна, што свае думкi ён развiвае i ўдакладняе ў наступных палотнах. У аповесцi "Люба Лук'янская", у драме "Iрынка" (1941), у творах для дзяцей, напiсаных у другой палове 30-х гадоў, заўважаецца змякчэнне рыгарыстычнай пазiцыi празаiка, якi зразумеў, што яго героi жывуць у жорсткi час i ў сваiх драмах невiнаваты. Так, у драме "Iрынка", напiсанай пасля ўз'яднання Беларусi ў 1939 годзе, выразна гучыць думка, што "чалавек - стварэнне яснае, светлае, а не змрочнае i злое", i што жыццё трымаецца не на "здаровым розуме" прыгнятальнiка, а на "чыстай, чалавечай, лiтасцiвай, мiласэрнай, ласкавай праўдзе". Па сутнасцi, Чорны, насуперак афiцыйнай прапагандзе "класавай нянавiсцi", недаверу i падазронасцi, сцвярджаў хрысцiянскую мараль, адвергнутую "новым светам". У апавяданнi "Макаркавых Волька", напiсаным у 1938 годзе, у самы разгар рэпрэсiй, празаiк паказаў атмасферу, у якой квiтнела даносчыцтва: "кааператар" Сафрон Дзядзюля лiтаральна вiжуе, не дае жыцця маладой дзяўчыне Вольцы Макаркавых, помсцячы ёй за ўсё на свеце i за ўласныя няўдачы.

Восем месяцаў, з кастрычнiка 1938 па чэрвень 1939 года, праведзеныя Чорным у яжоўскай турме, надламалi яго здароўе i ў адначассе змянiлi адносiны да людзей. У гады вайны Чорны зноў i зноў паўтараў сваю магiчную формулу 20-х гадоў: "Чалавек - гэта цэлы свет".

У першыя днi вайны з фашызмам пiсьменнiк разам з сям'ёй (жонкай i дачкой) пешшу пайшоў на ўсход. У Крычаве ён уступiў у рады Чырвонай Армii, але праз некалькi дзён быў адклiканы ў групу друку i стаў супрацоўнiкам газеты-плаката "Раздавiм фашысцкую гадзiну". З другой паловы студзеня 1942 года Чорны жыве ў Маскве, займае з сям'ёй невялiчкi нумар у гатэлi "Якар", дзе ў той час знаходзiлiся многiя эвакуiраваныя беларускiя пiсьменнiкi. Ён увесь час марыў пра хуткае вяртанне на Радзiму, у Менск, уяўляў, як вернецца ў родныя Цiмкавiчы, у бацькоўскую хату (калi толькi яна не згарэла ў вайну), адпачне душой i целам ад перажытых хвароб i нягод, здзейснiць нарэшце ўсё задуманае, пачатае i незавершанае.

За тры з паловай ваенныя гады К.Чорны, цяжка хворы (амаль паўгода кепска бачыў, балела сэрца, ацякалi да калень ногi), паўгалодны, перагружаны тэрмiновай працай у журналiстыцы ("на хлеб надзённы"), напiсаў каля паўсотнi публiцыстычных артыкулаў, выступленняў, фельетонаў, падрыхтаваў да друку зборнiк апавяданняў "Вялiкае сэрца", напiсаў тры раманы, задумаў i часткова ажыццявiў каля дзесятка iншых эпiчных твораў. У гэты ж час ён рабiў кароткiя, але надзвычай ёмiстыя ў фiласофскiм сэнсе дзённiкавыя запiсы, дзе называў рэчы сваiмi iмёнамi, на поўны голас гаварыў пра трагедыю, якая спасцiгла беларусаў у савецкiя часы, называў некаторыя прозвiшчы канкрэтных вiноўнiкаў многiх людскiх драм. Самы апошнi запiс, зроблены за паўгадзiны да смерцi, гучыць як малiтва (К.Чорны памёр 22 лiстапада 1944 года): "Божа, напiшы за мяне мае раманы, хiба так малiцца цi што?..".

Падзеi другой сусветнай вайны Чорны ўспрымаў як новы этап у трагiчнай гiсторыi народа. Нездарма адзiн з раманаў ён назваў "Вялiкi дзень", а сярод варыянтаў значылася i iншая назва: "Судны дзень". Пiсьменнiк разумеў: у вайне вырашаецца лёс нацыi i ўсяго чалавецтва. Менавiта таму яго захапляла задума стварыць "раман вынiкаў", дзе падводзiлiся б падрахункi вялiкай гiсторыi беларусаў. Ужо ў апавяданнях ваеннага часу "Бацька", "Маленькая жанчына", "Аксiнiны сляды" (усе 1942), "Прасторны дом", "Вялiкае сэрца" (абодва 1944) узнаўляюцца не толькi асобныя эпiзоды вайны, але i даецца фiласофскае падсумаванне маральных вынiкаў, да якiх прыйшло чалавецтва. Чорнага ўразiла карцiна адступлення, разбурэння, гiбелi мноства людзей, у якой ён убачыў выразныя абрысы апакалiпсiса. Яго героi, простыя беларускiя людзi, як бiблейскi Iоў (вобраз якога ён згадваў у адным з раманаў), поўняцца велiзарнай цярплiвасцю, мужна прымаюць свой лёс, застаючыся ў экстрэмальных умовах самi сабою, вернымi чалавечай прыродзе.

У творах Чорнага ваенных гадоў на ўсю моц загучалi гуманiстычныя iдэi, занядбаныя ў часы сталiншчыны. Ствараючы вобразы сялян i iнтэлiгентаў, вясковых мудрацоў, самабытных фiлосафаў, дзiвакоў, праўдашукальнiкаў (а менавiта на iх трымаецца цiкаўнасць чытача нават незавершаных твораў, фрагментаў i ўрыўкаў), празаiк думаў пра тое адвечнае i сапраўднае, чым жыў i жыве народ. Гэта быў унiкальны ў нашай лiтаратуры выпадак, калi пiсьменнiк iшоў паралельна, а то i апярэджваў у мастацкiм асэнсаваннi ХХ ст. сваiх замежных калег, пра многiх з якiх ён нiчога не чуў i не ведаў (А.Камю, Т.Ман, I.Андрыч). Асобныя старонкi чорнаўскай прозы, вобразы, малюнкi, думкi ўспрымаюцца як мастацкае адкрыццё, як "успамiн пра будучыню".

Усведамленне асабiстай адказнасцi за лёс жыцця на Зямлi вызначае пачуццi i думкi герояў рамана "Пошукi будучынi". Аўтар называе iх, жыхароў мястэчка Сумлiчы, сумлiчанамi - ад слова "сумленне". Гэта людзi "з праўдай у сэрцы i розумам у галаве". Вясёлы, гаваркi, чулы да жыцця Фельчар не мае нават iмя: доктар, лекар, ён знаецца на спосабах ратунку i ад фiзiчных траўмаў, i ад душэўнага болю. Ён бязмежна верыць у светлы пачатак у чалавеку, у тое, што зробленае дабро вяртаецца стакроць больш моцным, адгукаючыся ў будучынi. Чорны бачыць сваiх герояў на шырокiм фоне беларускай i сусветнай гiсторыi, разумеючы, што за ваенным подзвiгам "цiхага чалавека" стаiць усё яго ранейшае жыццё. У першай частцы рамана апавядаецца пра Вялiкага Злодзея, якi прымушае згадваць творы Ф.Дастаеўскага, аднаго з самых любiмых чорнаўскiх пiсьменнiкаў: сусветны мiлiтарызм, грамадства, пабудаванае на нянавiсцi, развязалi вайну i "ўкралi" ў бацькоў маленства iх дзяцей. Асiрацелi Кастусь Лукашэвiч, "выгнанец з-пад Вiльнi", i Волечка Нявада, якая чакае не дачакаецца звароту бацькi з вайны. Вайна прымусiла гэтых герояў стаць дарослымi раней часу, а бязлiтасная неабходнасць вымушае разам шукаць паратунак, стаць "вялiкiмi змоўшчыкамi". "Дзецi прыроды", яны выклiкаюць замiлаванне сваiм даверам, жаданнем рабiць дабро, ахвяраваць апошнiм, абы ў свеце надышло замiрэнне, настаў лад. Разам з iншымi сумлiчанамi, "быццам ратуючы ўвесь свет не менш як ад касмiчнай катастрофы", Кастусь i Волечка ратуюць немца Шрэдэра: дабро павiнна адгукацца дабром. Так шукаюць i выбiраюць беларускiя дзецi, "трэцяе пакаленне", будучыню. Якою яна стала, пра гэта апавядаецца ў другой частцы рамана.

У рамане "Вялiкi дзень" Чорны разгортвае панараму глабальнага сутыкнення Дабра i Зла. Дзея адбываецца ў Беларусi, якая ўспрымаецца аўтарам як гiстарычная арэна, на якой сутыкаюцца супрацьлеглыя сiлы. У першай частцы "Пошукi роднай зямлi" ставiцца праблема, што адвеку хвалявала беларусаў. Бацькаўшчына, родная зямля, свой кут - пытанне пытанняў для беларусаў, боль iх душы, незагойная рана. Адны ("кулак" Блецька, пан Гальвас, "тэарэтык" расiзму Тоўхарт) лiчылi "роднай" толькi тую зямлю, якая з'яўляецца iх уласнасцю, другiя (сяляне-земляробы Максiм Астаповiч, Уладзiмiр Вялiчка) перакананыя: Радзiма - паняцце не толькi фiзiчнае, але i духоўнае, яно ўключае ў сябе замiлаванне да прыроды, любоў да працы на сваёй зямлi, чуласць да блiжняга, каханне да любай жанчыны, адданасць звычаям продкаў i родным магiлам. Другая частка "Спусташэнне" ўпершыню ў беларускай лiтаратуры ўзнаўляе трагедыю народа: масавае знiшчэнне мiрнага насельнiцтва, карнiцкiя акцыi фашыстаў, генацыд i этнацыд. Максiм Астаповiч паўтарае ў сваiм лёсе перажытае беларусамi на працягу ХХ ст.: здольны "змянiць аблiчча ўсёй мясцовасцi", ён адвеку працуе на iншых, будуе сабе дом, але вайна руйнуе гэты дом, i гэтак паўтараецца тройчы. Яго вера ў будучыню грунтуецца на ведах, што слушнасць мае толькi сумленная праца, праўда, дабро, хараство. Чорны не шкадуе сваiм героям (Максiму Астаповiчу, Уладзiмiру Вялiчку, Антону Цвiрку) самых высокiх ацэнак: "усеабдымная чалавечая асоба", "вялiкая душа, што змяшчала ў сабе ўвесь свет". Глыбокае замiлаванне да Радзiмы натуральна перарастае ў такой жа сiлы нянавiсць да акупантаў i iх памагатых (Гальвас, Тоўхарт, Блецька), якiмi кiруе халодны разлiк, бяздушны эгаiзм, пагарда да людзей, прапаведнiкаў нацысцкага "сiмвалу веры", "новых прынцыпаў", iдэi "звышчалавека". Вобраз Генрыха Тоўхарта, якi спавядае "новае евангелле" i марыць паставiць "жалезны п'едэстал над усiм светам", з'яўляецца наватарскiм адкрыццём Кузьмы Чорнага, зробленым iм задоўга да Нюрнберга.

Творчая задума рамана "Млечны шлях" (1944) сфармулявана пiсьменнiкам: "беларускi чалавек сярод сваiх эўрапейскiх суседзяў". З першых старонак гэтага невялiкага па аб'ёме, але ёмiстага па змесце твора малюецца панарама спаленай, знявечанай Беларусi. На папялiшчы некалi квiтнеючай краiны сутыкаюцца "апошнiя з людзей": чырвонаармеец Уладзiмiр Ярмалiцкi, якi ўцёк з нямецкага палону, каб дапасцi нарэшце да сваёй любай Случчыны, чэх Эдвард Новак, дэзерцiр, паляк Люцыян Акаловiч, якi марыць аб "вялiкай Польшчы", немцы - "таўсматы" i "стары", беларусы Мiкалай Сямага, навуковец, яго дачка Гануся. Недавер, варожасць, стоеная нянавiсць, якiя запанавалi ў свеце, дзе бушуе вайна, вярнулi гэтых людзей да першабытнага стану, "распрануўшы" iх духоўна, вывернуўшы "на левы бок" iх душы. Пасля перанесеных пакут, голаду, страху яны, аднак, маюць патрэбу паспавядацца перад дзяўчом-падлеткам, маленькай беларускай Мадоннай, якую героi бачаць у Ганусi. Па выглядзе, па манеры гаварыць, па паводзiнах чытач лёгка здагадваецца, хто ёсць хто, якую "фiласофiю жыцця" спавядае. Але душа, патаемныя лятункi выяўляюцца ў адкрытых маналогах гэтых герояў.

У цэнтры аўтарскай увагi - вобраз Уладзiмiра Ярмалiцкага, уражлiвага юнака, iнтэлiгента, якi нiяк не можа вызвалiцца ад убачанага ў канцлагеры, бо гэта, у яго вачах, увасабленне магчымай будучынi ўсяго чалавецтва. Яго душэўная чуласць, высокая духоўнасць знаходзяцца ў прамой залежнасцi ад лёсу ягонага народа, якi мацней, чым хто з эўрапейскiх суседзяў, адчуў цень апакалiпсiса: "Я ўжо думаў, што буду навекi без роду i без радзiмы, без волi i без сваiх жаданняў. Я думаў, што ўсё яны ўдушаць, абязвечаць i вырвуць з душы". Нацыянальная прыналежнасць героя выяўляецца ў яго адносiнах да блiжняга: ён, бадай, адзiны ў кампанii, хто чула рэагуе на ўсякую маральную нечысцiню, зло, варожасць, недалiкацтва. Але наймацней яго душа выказвае сябе ў бурным i працяглым маналогу-споведзi, з якiм Ярмалiцкi звяртаецца да Ганусi. Ён згадвае свой жахлiвы сон-фантасмагорыю, антыутопiю, дзе выявiўся глыбокi сэнс падзей ХХ стагоддзя. Жыццёвая логiка вядзе яго, па натуры цiхага, спакойнага сумленнiка, думаннiка да высновы, якой ён працiвiцца: сiле трэба супрацьставiць сiлу, акупанта трэба гнаць з роднай зямлi з дапамогай зброi. Сваю "фiласофiю дзеяння" Ярмалiцкi выказвае ў словах: "Няхай жыве ўсясветная дбайнасць аб кожным чалавеку, якi толькi хоць дзе на зямлi радзiўся на свет. I чорнае пракляцце таму, хто палiць i разбурае!". Раман завяршаецца стрэлам з вiнтоўкi ў ворага, якiм уяўляецца герою нямецкi акупант.

К.Чорны ў гады вайны выношваў маштабныя творчыя задумы. Разумеючы, што здзейснiць iх ён ужо не можа, пiсьменнiк канспектыўна абазначыў свае iдэi ў "Дзённiку", у незавершаных творах, планах, накiдах. У аповесцi "Заўтрашнi дзень" (1944) ён адкрыта гаворыць пра дачыненнi памiж людзьмi ў перадваенны час, калi ў краiне ўсталявалася сталiнская дыктатура i яе апарат нагляду i здзеку. Гэта, бадай, адзiны выпадак мужнага выяўлення гуманiстычнай пазiцыi пiсьменнiка на ўвесь былы Савецкi Саюз. Пiсьменнiк, не баючыся помсты з боку карных органаў, сказаў усё, што думаў пра злачынны рэжым "дурняў i брахуноў", даносчыкаў, вiжоў, карнiкаў, якi нiшчыў нацыянальную культуру, растаптаў мiльёны чалавечых надзей, светлых дум, лепшых лятункаў. Кузьма Чорны ў сваiх творчых памкненнях i развагах знаходзiўся на сучасным яму эўрапейскiм узроўнi i адпавядаў самым высокiм патрабаванням эпохi. Цi не пра гэты сусветны мастацкi ўзровень марыў ён некалi ў пачатку сваёй творчасцi, марыў разам з сябрамi-аднадумцамi "ўзвышаўцамi"!

Уласнай творчасцю Чорны засведчыў, што на самай справе iснуе беларуская лiтаратура, беларускi стыль, беларуская жанравасць, багатая лiтаратурная мова, на якой льга выказаць тое, што яшчэ не выказалi пiсьменнiкi-гуманiсты на iншых мовах свету. Выдатны майстар слова падрыхтаваў глебу для прыходу i плённай працы таго самага "трэцяга пакалення", пра якое так шмат думаў i дбаў.

Пладзецеся і размножвайцеся,

і напаўняйце зямлю…

Той дзень быў ціхі, хмурны, сухі і цёплы. Стаяў верасень месяц. І даўно гэта было. Час быў такі, што нашы бацькі былі на вайне. Ішла вайна з немцамі 1914–1918 гадоў. Усе мы былі або малыя, або самыя зялёныя падросткі. Асенні дзень ужо хіліўся да вечара свайго. Мы былі ў полі. Тыя гады прымусілі нас змалку дзён прывучвацца да плуга і касы, да пілы і сякеры, да гэбля і долата, да молата і кавадла. Гэтае начынне і прыладдзе, па якім яшчэ нядаўна хадзілі бацькавы рукі, было яшчэ і цяжкае і вялікае кожнаму з нас, але ў той меры, у якой ішоў час, усё больш звыкласць, як светлы ратунак, прыходзіла да нас, і, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам, сталася так, што дзесяцігоднія дзяўчаткі жалі жыта, дванаццацігоднія хлапчукі аралі як мае быць, а пятнаццацігоднія самі вялі гаспадарку, кармілі сем’і працай сваіх рук, ведалі, дзе, што і як сеяць, умелі зрабіць новы панарад і драбіны і давалі слушныя заўвагі кавалю, калі той не так як трэба нацягваў шыну на кола. Шаснаццацігоднія хлопцы хадзілі па пілоўцы, а семнаццацігоднія пачыналі пераймаць цяслярства.

Пакуль змеркне, кожны з нас стараўся ўправіцца з работаю. Унь на самым крайнім палетку ходзіць за плугам чатырнаццацігодняя Волечка Нявадавых. Сам Нявада больш як паўгода не шле пісем з вайны. Волеччын голас, калі яна паганяла каня, чуўся па полі круглы дзень. Сама яна даволі рослая, і ранняя праца выраўняла яе, твар абветрыўся, рукі папрутчэлі і паходка стала цвёрдай. Асмугласць ляжала на яе шчоках, і босыя ногі не баяліся ржэўя. Подых восені ціхай задумёнасцю клаўся на поле, і ўдалечыні сіняя істужка лясоў здавалася разасланай цераз усю зямлю. Каржакаватая хвоя, якая расла на фоне лесу і далёка ад яго, здавалася рухавай: яна як бы ішла ў наш бок.

Дзень бадай-што ўжо канчаўся. Наша мястэчка стаяла ў лагчыне і ўжо ледзь відно было ў засцілах першых прыцемкаў. Сярод поля бялелася роўная істужка дарогі — гэта быў вялікі стары шлях паміж усходам і захадам. Нам дзіўна было бачыць, што ён цяпер пусты. Яшчэ некалькі дзён назад тут дзень і ноч грукацелі выгнанскія фурманкі. Тут праехалі польскія сяляне, нашы гародненцы, беластачане, віленцы і вілейчане. Паабапал гэтай дарогі навыростала многа магіл і крыжоў. Усе дні далёкая артылерыйская кананада на той бок Баранавіч глуха аддавалася ў нашых прасторах і абуджвала ў нашых душах трывогу і няясныя чаканні самага горшага.

Ужо Волечка Нявадавых кончыла работу і збіралася дадому. Сонца вісела над яснай далечынёй за нашым мястэчкам. Усе бачылі, як Волечка стаяла тварам на захад і, прыклаўшы руку да лба, углядалася ўдалечыню. Што яна там бачыць? Усе заўважылі нейкі невялікі рух пад тою адзінокаю хвояй. Тры чалавечыя постаці, воз з канём. Добра відно было, што двое паволі ідуць полем да трэцяга, які стаяў на шашы ля воза і трымаў каня. Ад шашы да хвоі зусім недалёка. Неўзабаве мы бачылі, як двое селі на воз і нешта вельмі высока сядзелі на ім. Нешта было пад імі на возе. Трэці ішоў ззаду, а воз набліжаўся да нас.

— Чаго глядзець, — сказала Волечка і рухава сабралася рушыць дадому. Я вельмі добра аж дагэтуль памятаю тыя яе словы: хіба яна магла тады падумаць, што гэта едзе на старой растрэсенай фурманцы яе лёс?..

Фурманка спынілася на дарозе ў мястэчка, непадалёку ад Волечкі, якая ўжо выводзіла на тую ж дарогу свайго каня. Усё гэта было даволі дзіўнае. На старым, пазвязваным дротам і вяроўкамі возе стаяла зачыненая труна, на ёй, у задку воза, спіною к каню, сядзеў нейкі чалавек. Гэта была істота, на якую мы глядзелі з непаразуменнем: вочы чырвоныя і прыпухлыя, позірк вялы, твар спушчан уніз да грудзей, чалавек увесь сціснуты, скамечаны. Чым больш мы прыглядаліся, тым больш здагадваліся: гэта палонны немец. Ззаду за возам прыйшоў і канвойны расейскі салдат. Цяпер ён стаяў з вінтоўкай пры кані і сказаў да Волечкі:

— Што гэта за мястэчка унь відно ў лагчыне?

— Сумлічы, — адказала Волечка.

— А ці знойдзецца там, каб у каго пакласці нанач гэтага немца?

— Дык дзіва што знойдзецца, — адказалі мы ўсе хорам, зацікаўленыя тым, што ў нашым мястэчку будзе начаваць палонны немец.

— Ён хворы, — растлумачыў нам салдат. — Трэба даць яму паляжаць, а то ён не дойдзе да месца. І так дарогаю колькі разоў лажыўся каля дарогі. Унь пад той хваінай у полі нешта гадзін дзве ляжаў. Гэта добра, што гэты хлопец з возам якраз натрапіўся на дарозе. А то мне было хоць скачы каля яго. Не ўстае, дый годзе. А яшчэ далёка асталося мне яго канваіраваць.

— Але, добры інтэрас! — з пратэстам у голасе і тоне абазваўся трэці з гэтых людзей. Гэта быў хлапчук год шаснаццаці. З усяго відно было, што ён гаспадар каня і воза. Ён сядзеў на другім канцы труны, у перадку воза, тварам к каню і спіною да немца, і трымаў у руках лейцы. — Табе трэба яго канваіраваць ці каб ён вылежваўся, а мне — вазіся з ім і вазі ў труне непахаванага бацьку. Табе добра, у цябе немец, чорт яго бяры, яны з гармат смалілі па нашай вёсцы і нас у свет выгналі, а ў мяне хворы бацька ўчора памёр на дарозе, хворы і з дому выехаў, і маці памерла на тым тыдні, пры дарозе пахована, і сястра памерла.

— Ну дык таго што было не вернеш. Давай падвязём яго ў мястэчка.

— Не павязу я яго! Пакуль не пахаваю бацькі — нікога слухаць не буду! Я яго хацеў хаваць пад той хваінай, а ты казаў, што паможаш мне дзе-небудзь тут пахаваць. Забыўся? Ну дык памагай.

— Дзе ў вас тут могільнік? — сказаў салдат у наш бок. Мы оступам стаялі каля гэтага растрыбушанага воза з труною. Ужо сонца вісела на самым пункце свайго захаду: к вечару неба расчысцілася, і восень нарадзіла ясноту хоць перад скананнем дня.

— Могілкі унь, бярозы відны перад мястэчкам.

— Паедзем хаваць, — сказаў салдат.

Хлапчук закруціў над канём канцамі лейцаў, пачаў нокаць і цмокаць. Конь раней угнуў галаву, рэбры пад яго скурай захадзілі ходарам, ён зрушыў з месца воз, салдат пайшоў ззаду, за салдатам Волечка павяла свайго каня, які цягнуў плуг на саначках, а следам мы — з коньмі, плугамі, баронамі. Хлапчук сядзеў у перадку на канцы труны, а немец на другім канцы труны, угнуты, скурчаны, безуважны да ўсяго. Так праз хвілін дзесяць гэтая дзіўная працэсія спынілася каля местачковых могілак, за якімі пачыналіся ўжо местачковыя хаты. Хлапчук саскочыў з воза і скамандаваў:

— Прынясіце рыдлёвак.

Выгляд у яго быў такі, як быццам бы ён быў вялікі спецыяліст хаваць такім парадкам нябожчыкаў.

Добра было слухаць чужую каманду, але як яе адразу паслухаць? Мы ж былі гаспадары! Нашы ж бацькі былі на вайне! Быццам на тое ішлося, каб Волечка першая памагла невядомаму ў мястэчку госцю хаваць бацьку: салдат вырваў з яе рук повад і перадаў мне яе каня: — Пастаў нанач яе каня, а яна прынясе рыдлёўкі. — Тут жа ўсе разышліся, але, як змеркла, ужо ўсе зноў былі тут. Перашкаджаючы адзін аднаму, мы капалі вялікім гуртам магілу невядомаму нам чалавеку. Пасля мы патурбавалі немца. Салдат памог яму злезці на зямлю, і ён лёг на траве. Цяжка было нам апусціць труну ў яму, але нас быў вялікі гурт. Калі ўжо была насыпана магіла, мы зноў уссадзілі немца на воз, і ён на возе лёг, крэкчучы і стогнучы. Волечка пазбірала рыдлёўкі. Працэсія, але ўжо без труны, зноў рушыла. Мы ішлі за возам. Хлапчук сказаў да Волечкі:

— На, падвядзі каня, а я хоць душу пражыўлю крыху: не было часу за цалюткі дзень нават закурыць.

Волечка ўзяла лейцы і пайшла побач каня, недарослы гаспадар якога скруціў у паперы нейкае пацёртае лісце і так зацягнуўся дымам, што здавалася, гэта ён ратуецца ад вялікае навалы.

— Куды ж ехаць? — сказала Волечка.

— Ну вядзі ў сваю хату, — сказаў салдат.

Волечка ўвяла каня з возам у свой двор. Сама яна адразу пайшла ў хату: у яе была гаспадарка. Трэба было падаіць карову, а на дварэ ўжо зусім сцямнела. Следам за Волечкай увайшоў у хату і малады выгнанец, які толькі што пахаваў бацьку. Ён быў босы і ў салдацкай шапцы з пераломаным казырком. Хоць было яшчэ і цёпла, на ім нязграбна сядзела шырокая, не на яго рост, жакетка з самаробнага сукна, вядома ў дарозе. Каўнер абгамтаўся навокал шыі, і, напэўна, ён як адзеўся ў жакетку колькі дзён да гэтага, дык усё ўтрапенне апошніх дзён так і перабыў, не раздзеючыся. Светлага воласу, з абветраным тварам і з рэдкімі вяснушкамі на пераноссі, ён здаваўся ціхманым і не вельмі рухавым. Льга было падумаць, на яго гледзячы, што ён так будзе стаяць доўга ў парозе і чакаць, як і куды пойдуць далейшыя справы. А тым часам Волечка даставала з паліцы збанок і накрывала яго цадзілкай.

— Пойдзеш карову даіць? — сказаў ён з няпэўнай інтанацыяй няпрошанага госця.

— Пайду. Гэта ж ужо так позна, з усім гэтым заваждаліся.

Назад Дальше