Чатыры гадзіны ночы. Брусавец спіць, а я пішу. Ведаю, што, калі зараз лягу ў ложак і выключу святло, пачнецца прыпадак страху. Адзіны паратунак — папера, пісаць. Навошта? Не думаць, я ж вар'ят. Усё складанае проста, ад вялікага да смешнага адзін крок. Аказваецца, паўгода я быў вар'ятам. Замест таго каб самому лячыцца, патрабаваў ад Тані, каб і яна звар' яцела, зраўнялася са мною. Ніякага іншага тлумачэння больш няма. Як мне ўдавалася абдурнаць столькі часу і выкладчыкаў, і сяброў, і матку, прыкідваючыся разумным? Хоць што — лішні доказ. Дзе хто бачыў вар'ята, які прызнаецца? Гэтак жа і вар'яцеюць: перш нікому не кажуць, што вар'яты, жывуць, нешта сваё вар'яцкае робяць і хочуць рабіць, за ўсё хапаюцца, потым злосць, неразуменне, што нічога не выходзіць...
Трэба сабраць неяк у адно рэшткі свайго хворага розуму і пратрымацца хоць гэтую ноч. Заўтра — да псіхіятра, трэба не забыць сабрацца збольшага, бо наўрад ці адтуль вярнуся. Дый самому не хочацца. «Свет — гэта чорны ўзрушаны вір, а я ў ім — нябачны, маленькі вандроўнік». Калі чалавек сядзіць у турме ці на высылцы і ведае, што сядзіць ні за што, ён хоць бачыць і ведае сваіх непасрэдных катаў: наглядчыка ці там каго. Яго становішча так ці інакш залежыць ад волі нечага канкрэтнага. Маё становішча залежьщь толькі мо ад якога д'ябла. Шкада, што я вар' ят, і шкада, што нікому не трэба мае доказы — а даказаў бы я лёгка...
Трэба не няволіць сябе, пісаць, як лягчэй. Пісаць ЁЙ. Усе апошнія запісы, па сутнасці, размовы з ёю на паперы.
Добрай раніцы, мая Танечка! Я ў лісце буду тлумачыць табе сваю віну — не таму, каб апраўдацца, а каб ты пасля мяне верыла людзям. Словы, якія я сёння табе нагаварыў, я ніколі-ніколі не трымаў у галаве. Я ўзнаўлю ўсе сягонняшнія свае і твае дзеянні, і ты зразумееш, чаго я такое казаў.
Я купляў у кіёску на рагу газету, а вы з Вікай выйшлі неяк нечакана і неслі ўдзвюх вялікую гаспадарчую сумку. Ты кіўнула... і пайшла, нават Віка здзівілася, пацягнула за сумку. Тады ўжо ты вымушана была спыніцца. Усё так супадала з маімі думкамі!
Я ўзяў сумку, мы, пакуль ішлі, трохі гаварылі пра ўсё і ні пра што (калі мы не адныя, табе лягчэй), і так зайшлі ў ваш пакой. Ты спалохалася, калі добрая здагадлівая Віка адразу ж некуды сышла; пачала разбіраць сумку, прынесла вады і пачала мыць і рэзаць куру, быццам гэта абавязкова было рабіць цяпер, у дванаццаць гадзін дня. Ніколі ў такі час ты не гатавала ніякіх кураў і ўвогуле абедаў. У цябе былі чырвоныя, у крыві і ў курыных вантробах, рукі, мне здаецца, ты сама гідавала і знарок, на маіх вачах, рэзала яе, каб не абдымацца такімі рукамі. Я моўчкі ўзяў ліст паперы, асадку і пачаў пісаць:
«Таня! Перад Кушлянамі ты пыталася: як я ўяўляю сабе нашую жаніцьбу і як мы будзем жыць у розных месцах? Цяпер, абдумаўшы ўсё як мае быць, я на іх адкажу. Намеры мае жаніцца не тое што не зменшыліся — я не ўяўляю сабе жыцця без цябе. Я пераканаўся, што пачуццё маё не глупства, не гульня, а сапраўднае каханне, якое раней ні да адной дзяўчыны я не адчуваў. Мне хапала маленечкага непарадку ў адзенні альбо, напрыклад, рукі, вымазанай кураю, — і ўсё, нічога не ўспаміналася, акрамя гэтага. Цябе за такія дэталі я кахаю яшчэ больш, бо яны неяк робяць цябе больш даступнаю. Гэта такі доўгі ўступ, а непа срэдна вось што:
Як я сабе гэта ўяўляю?
Лета праводзім разам у будатрадзе, калі выйдзе. Ці — ты едзеш дадому, я — у будатрад, і перапісваемся. Восенню пішаш мне ліст, я прыязджаю, і мы жэнімся.
Як будзем жыць?
Я буду ездзіць да цябе кожны выхадны, вакацыі і святы — разам.
На якія сродкі?
Неяк раней матка паклала мне на кніжку тысячу рублёў. Хоць на нейкі час іх хопіць. Мне абяцалі работу пасля лекцый — рублёў на восемдзесят, плюс шэсцьдзесят павышаная стыпендыя, плюс рублёў сорак шле матка. Калі атрымаецца з работаю, будзе сто восемдзесят рублёў на месяц, і можна будзе жыць.
На што я спадзяюся?
Можа, як мы пажэнімся, ты зменіш трохі свае паводзіны і станеш да мяне ласкавейшай.
Чаго я баюся?
Усіх афіцыйных фармальнасцяў, звязаных з жаніцьбаю; баюся, што зраблю што-небудзь не так і табе будзе за мяне сорамна. Але калі трэба, я згодзен на любую фармальнасць.
Што я табе абяцаю?
Поўную волю, калі табе нешта ўва мне не спадабаецца альбо ты знойдзеш чалавека, якога больш палюбіш, чым мяне — у цябе астаецца поўная воля».
Ты выцерла рукі, стала чытаць паперыну. Я сачыў за тваім тварам і ўсё больш жахаўся. Не таму, што чытаў на ім насмешку ці пахвальбу, а таму, што нічога не чытаў.
— Навошта ты лічыш грошы, смешны... Хм... Вось якраз воля замужам трэба мне меней за ўсё. Як жа мы будзем жыць, калі я буду чакаць Каханага чалавека?
— Дык пакахай мяне — навошта чакаць?
— Я ўвечары скажу табе, добра? Ідзі павучы пакуль іспыт...
Зусім не так, як было перад Кушлянамі! Страшна, калі ты знайшла ў той пісаніне толькі яшчэ адну спробу зрабіць тое, што і Сяргей некалі.
Я вярнуўся ў пакой, лёг на ложак і глядзеў у столь. Побач валялася кніжка, не хацелася на яе глядзець. Прайшло гадзіны тры, тады пастукалі ў дзверы, і ты зайшла — роўна на тры хвіліны.
— А, ты вучыш? Я думала, ён тут мучыцца, думае, а ён вучыць! Ну, вучы і заходзь да мяне, а яшчэ лепш — заходзь заўтра.
— Пачакай.
— Не, пабягу — там справы...
І пабегла. Заўтра — каб не псаваць мне настрой перад экзаменам. Я ўзяў куртку, пайшоў на двор, на выхадзе зірнуў у люстра — так і ёсць, белы як сцяна. Усё знаёмае зараз наваліцца — і няма ратунку, фініш. Я павярнуўся, бягом забег на твой паверх і без стуку ўвайшоў. Ты была адна, сядзела за сталом і перабірала кіпу старых лістоў. Гэта і ёсць «важныя справы», але хай: галоўнае, я падышоў, сеў насупраць — і ўсе страхі адышлі без следу. Як гіпноз. Як п'яніцу з пахмелля трэба гарэлка, так мне трэба яе бачыць увесь час.
— Куды ты ўжо сабраўся?
— Так, гуляць. (Які я, мабыць, быў смешны! Ты ж мяне бачыш усяго як шклянога). Што, Таня?
— Вось што, Вяргейчык. Хай да восені будзе так, як ты напісаў, а там пабачым.
— Па тваім голасе, мусіць, трэба разумець: ні да восені, ні пасля восені гэта немагчыма.
— Час пакажа, давай чакаць.
— Чакаць, пакуль я цябе перастану кахаць?
— Перастанеш, дык хто будзе вінаваты?
Ты ўздыхнула, склала свае лісты ў шафу, лягла на ложак. Зноў — ноч за акном, мы — удваіх, паўгода ў жыцці як і не было.
— Таня, няўжо табе не будзе сорамна? Вось ты паедзеш, выйдзеш замуж. Па Фрэйду ўсялякае каханне цягнецца не больш двух з паловаю гадоў; пройдуць гэтыя два з паловаю гады, і табе, і чалавеку будзе брыдка спаць разам, а трэба будзе. Няўжо ты не ўспомніш і не зразумееш, што так, як ты робіш цяпер, не робіцца? Дык гэта ў лепшым выпадку, а калі ты не выйдзеш хутка замуж? Усё роўна ж знойдзецца чалавек — не такі, як я, не будзе табе баяць казкі... Ён будзе табе падабацца, і ты хочаш не хочаш... Няўжо ты не ўспомніш мяне і гэтыя паўгода?
— Хутчэй за ўсё, так яно і будзе. Я ведаю, што вяду сябе жорстка, але інакш не магу.
— Нічога не разумею!
Прыйшла Віка, села побач з табою. Мінуліся часы, калі ты хоць знешне хавала радасць, калі заходзіў хто трэці. Цяпер ты ззяеш — не будзе ж Вяргейчык гаварыць пры ёй! Назло буду. Ух, як я люблю такія хвіліны, калі злосць сядзіць, здаецца, нават у каленях і тыя пачынаюць уздрыгваць!
— Віка, у цябе хлопец ёсць? — пытаю я.
— Ёсць.
— А хутка вы пажэніцеся?