Неўзабаве сцяжынка вывела іх да травяністай, з рэдкім кустоўем забалаці, далей у асацэ і багне ляжалі жэрдкі.
– Ну, вось тут вам, абутым, крызіс, – пажартаваў дзед. – Скідай шчыблеты, а я закуру.
Яны разуваліся, каб перайсці забалаць. Над прасторамі нараджаўся новы, прамяністы ранак, і разам з ім святлела і на Петрусёвай душы. Ужо знікла ўчарашняя трывога, нечым супакойваючым і надзейным павеяла на хлопца ад гэтых пажылых людзей, так нечакана напатканых на яго шляху. Невядома, што яшчэ чакала іх наперадзе, але было радасна, што скончылася сёння самае страшнае ў жыцці – адзінота, побач зноў былі свае людзі, і пакрысе мацнела спадзяванне, што ўсё абыдзецца добра.
– Як жа гэта вы выкараскаліся так ладна: з вінтоўкай і ўсім майном? – пытаўся Пятрусь, гледзячы, як пажылы баец, выклаўшы на процівагаз затвор, чысціў шчэпкай вінтоўку.
Яны ўтрох сядзелі ў алешнікавым гушчары. Было каля паўдня, моцна пякло сонца, і над ляснымі прасторамі вісела нерухомая бязветраная ціш. Сонечныя промні, прабіваючыся праз альховае вецце, хавалі ў травяністым доле блішчастыя далоні. Угары гудзеў чмель, недзе далёка кукавала зязюля.
– Як выбраўся, пытаеш? Гэта, брат, гісторыя – як выбраўся, – казаў баец, калупаючы ў патронніку. Ён сядзеў, прыхінуўшыся да пакручастай закаржэлай алешыны, зняўшы з сябе ўсе рамяні, успатнелы і спакойна засяроджаны ў сваім занятку. Дзед, скрыжаваўшы пад сабой натруджаныя босыя ногі, курыў самакрутку і кашляў усё, аж захліпаўся ад нейкага старэчага ўдушша. Яму, пэўна, былі ўжо знаёмы прыгоды байца, і ён пазіраў на сержанта, нібы спадзеючыся ўбачыць новае ўражанне ад іх.
– Ішлі мы, значыць, маршам, – я ў пяхоце быў – трое сутак ішлі. Фарсіраваны марш, значыцца. Ну, неяк на світанні сталі. Доўга стаялі на дарозе, немца быццам не чутно, чакаем загаду. Прыбягае камбат, сабраў камандзіраў – кажуць займаць баявы парадак. Ну, значыць, разгарнуліся мы ў полі, наша рота якраз ля ўзмежка, на канюшынішчы. Давай акопвацца. Ужо добра развіднела, я гэта лапатай працую, як раптам над ланцугом як трэсне – руды такі, ведаеце, клубок дыму ў паветры, – шрапнель, значыць. Ну, і давай біць. Так, мабыць, з гадзіну білі. Я дык такія штукі ведаю, на фінскай яшчэ нагледзеўся. Калі шрапнель, дык трэба хутчэй падстрэшак гэткі, нішу, значыць, у акопе ладзіць: ад шрапнелі ніша – першы паратунак. Ну я і налягаю на лапатку. А некаторыя маладыя апанурыліся, затаіліся, ну і пабіла іх. Суседа майго Турсунбаева забіла – проста ў патыліцу асколкам, кулямётчыка з другога ўзвода параніла. Ну, думаю, ліха: ён нас б’е, а мы яго і не бачым нават. Але тое яшчэ не ліха, браце. Ліха было наперадзе.
– Ды ўжо ж так. Бяда за бядою ходзіць ды яшчэ сябровак водзіць, – зазначыў дзед. – Таксама вось і ў германскую было...
Дзеду, відаць, хацелася нешта расказаць сваё, але ён у час абарваў сябе і засоп самакруткай. Баец тым часам заклаў у вінтоўку затвор, спусціў курок і паклаў зброю на калені. Пятрусь асцярожна расперазаўся і масціўся побач, прытрымліваючы пад гімнасцёркай сваю ношу. Ён уважліва слухаў чалавека, які з прыкметнай тугой патрывожанай душэўнай раны апавядаў пра невясёлае.
– Але страшнае было потым, – уздыхаючы, казаў ён. – Чуем, нешта загыркатала ўдалечы, і вось з імшарынкі наперадзе высоўваюцца танкі. Я гэта палічыў з цікаўнасці – васемнаццаць штук! Ідуць, значыць, а між іх і ззаду за імі немцы. Ну і сыпнулі яны па нас. Усё, брат, закурэла ад пылу і дыму, што тут рабіць будзеш? Праўда, і мы спачатку далі агню, але хіба ты іх вінтоўкамі стрымаеш? Танкі ўжо з узмежка скульнуліся, адзін проста на мяне шыбуе; гудзе, лязгаціць, куды ты тут дзенешся? Ледзьве я ногі паспеў падцягнуць, каб гусеніцай не аддушыла – праскочыў. Не паспеў я яшчэ што і падумаць, як тут аўтаматчыкі. I да мяне падлятае адзін з потным гэткім звярыным тварам. Прыплюшчыў я вочы, ды і сунуў голаў у канюшыну: ляжу, як мёртвы. Заб’е, дык заб’е, а можа і не стрэліць, думаю.
Баец змоўк на хвіліну, узяў з долу абдзёрты свой кацялок, папіў троху, выцерся рукавом і коратка, тужліва зірнуў на сержанта. Відаць было па ўсім, што ён зноў балюча перажываў тую сваю бяду, апавядаў сумна, гэтак, як расказваюць пра апошнія часіны блізкага чалавека. Апушчаная з калена звісала заскарузлая ад даўніх мазалёў рука чалавека, пакручастыя грубыя пальцы далікатна неяк трымалі тонкую драцінку мокрага кацялка. Пятрусь глядзеў на тыя пальцы, на ногі чалавека ў стаптаных чаравіках і аблезлых абмотках. I зноў хлапечае сэрца кранулі людскія пакуты, і ўжо не здавалася такім балючым уласнае гора: відаць, у тыя часы шмат каму выпала горкая доля. Ён слухаў, і між слоў чалавека неяк цьмяна выплывалі знаёмыя абліччы тых, каму выпаў горшы лёс і каго ўжо не было ў жыцці. Перад вачыма паўсталі і камандзір палка, што, паміраючы, прагнаў яго ад сябе, і небарака Наскоў, што сканаў на яго спіне, і нежывы лейтэнант, пакінуты непахаваным на той жахлівай сядзібе. А колькі яшчэ невядомых яму смерцяў! I ў грудзях хлопца разам з крыўдай і болем усё мацней гарэла нянавісць да звар’яцелых, крыважэрных чужынцаў. А баец, журботна паціраючы ложа вінтоўкі, усё казаў сваё набалелае.
– Мінулі яны наша канюшынішча, а я паціху ўзняўся: дай, думаю, дзе кулямёта пашукаю. Хацеў ручнік дзе падхапіць ды лупануць па іх з тылу. Нашых багата ляжыць на полі, я – да аднаго, да другога – забітыя і з вінтоўкамі ўсе. I раптам адзін енчыць, убачыў, пазнаў: «Нупрэеў, братка, ратуй, не кідай». Гляджу, знаёмы баец, зямляк нават, наш, валагодскі. Я да яго, а тут другі качаецца – ногі перабіты. Куды тут страляць будзеш, людзей ратаваць трэба.
Перавязаў, як умеў, пад кусты пасцягваў аднаго і другога. Танкі ўжо ў лагчыну схаваліся, наўкола пуста стала, толькі нябожчыкі ляжаць. Я, гэтак прыгнуўшыся, яшчэ па полі пашарыў, яшчэ дваіх знайшоў – сапёраў, што прыдадзены нам былі. I камандзіра батальёна знайшоў: ляжыць старшы лейтэнант з акрываўленай галавой, гімнасцёрка ўся крывёю заліта і нават дакументы ў крыві. Шкада гэтак стала, ды толькі сумаваць па мёртвых няма калі: жывыя чакаюць. Вярнуўся я да тых кустоў, напаіў Швяцова – асабліва ён, бядак, пакутаваў, усё дабіць прасіў, – што тут далей рабіць? Не сядзець жа мне з імі ў тым полі, чакаць, значыць, няма чаго – ужо, брат, пад немца трапілі. Пабег я раўком шукаць якіх жывых людзей, якое вёскі, і, праўда, натрапіў. Вёсачка маленькая, прыгледзеўся – быццам няма фашыстаў. Знайшоў чалавека, расказаў: так і так – трэба людзей ратаваць. Добры такі чалавек трапіў, маўклівы. «Ну, што ж, – кажа, – калі трэба, дык трэба». Запрог каня, паехалі, схавалі мы тых чацвярых у добры гушчар – ельнік такі, – напаілі. Швяцоў сканаў хутка, трое засталося. Глядзі, кажу чалавеку, – пільнуй байцоў. Вярнуся – запытаю, як і што. Ну, а самому што тут было рабіць? Усё ж баец я. Ну, і падаўся на ўсход. Так і нясу на сабе ўвесь рыштунак і вінтоўку – не кідаць жа дабро. I вось ужо тыдзень іду. Не думаў, што такое здарыцца, што аж пад Полацк скіраваць прыйдзецца.
– I я вось не думаў, што гэтак будзе, – сказаў Пятрусь. – I як гэта здарылася?..
– Сталася вось. Хіба і я гадаў, што гэтак абернецца, – жвава пачаў дзед. – Я ж таксама ў войска падаўся. У мяне, каб ты ведаў, сын у войску, камандзір, і чын, ведаеш, добры мае. А я з малодшым на Слонімшчыне жыў, а раз вайна, – я, братка, пагаліўся, тытуню падкрышыў запас і ў Слонім, у ваенкамат, значыць. Думаў, прыйду да ваенкома – знаёмы чалавек быў – скажу, давай, Іван Кузьміч, да сына накіраванне. Няўжо старому ваяку, георгіеўскаму кавалеру, якога месца пры войску не будзе? Павінна быць. I што ж: прытупаў у Слонім, а там ля ракі пад вербамі машын панастаўлена, бензінам смярдзіць – немцы! Не, думаю, не быць такому, каб бацька чырвонага камандзіра ў палон здаваўся. Завярнуў на дарожку і ў поле. Пайшоў сабе на ўсход. Вось на яго натрапіў, так і ідзем.
– Ну, і я таксама, – сказаў Пятрусь. – Як ачуняў на тым полі, агледзеўся, што адзін, і давай даганяць сваіх. Думаў, дзе недалёка нашы, а яно ўсюды фашысты, куды ні сунься. Штосьці тут, відаць, здарылася, што не ўтрымалі. Ну, але не можа таго быць, каб не спынілі тую навалу.
– Спыняць! – запэўніў дзед. – Ужо пад Полацкам спыняць. Там, браце, войска шмат, я яшчэ раней чуў, і, зноў жа лясы. У лясах самалёт, што сляпы каршун: нічога не зробіць. Скулу яму ў бок, таму Гітлеру! Нічога ў яго не выйдзе.
– Яно, пэўна, так. Але цяжка будзе. Танкамі гэтымі бярэ, нягоднік, – нявесела казаў Нупрэеў.
Пятрусь канчаткова зразумеў, што мае справу са сваімі людзьмі, ён ужо цалкам даверыўся ім, толькі ніяк яшчэ не мог рашыцца на тое, каб даверыць і свой найвялікшы клопат, сваю таямніцу. Некалькі разоў наважваўся ён сказаць, што нясе з сабой на ўсход, якая святыня хаваецца пад яго гімнасцёркай, але ад незвычайнасці тае справы, ад выключнасці і важнасці тае рэчы ўсё неяк не ставала смеласці адкрыцца людзям. Аднак хіба схаваеш што ў такі час ад блізкіх людзей, якія бачаць ые толькі пад тваёй світкай, але і ў тваёй душы. Калі ў алешнікавым гушчары змоўклі размовы і настала кароткая хвіліна ціхай задумы, дзед першы запытаў сержанта:
– Скажы, камандзір, што гэта ты пад гімнасцёркай хаваеш? Ці якую адзежыну, ці што?
– I я гляджу, нешта ўжо занадта круглявы сержант, – хітравата ўсміхнуўся Нупрэеў. – Не таіся, мы людзі свае.
– Ды не, што таіцца? Я і сам хацеў сказаць. Ужо такая справа: трэба як разам цяпер клапаціцца... Палкавы наш сцяг у мяне...
Ён устаў на ногі, пад гімнасцёркай разматаў з цела палотнішча, разгарнуў на ўсю шыр і кароткім імклівым рухам разаслаў на траве. Нупрэеў нібы скамянеў на месцы, высока ўзняўшы свае белыя касматыя бровы, дзед хуценька ўскочыў услед за сержантам і праз хвіліну, пэўна яшчэ не зразумеўшы ўсёй важнасці падзеі, загаварыў:
– Ай-яй, якая штуковіна! Палкавы, кажаш? Глядзі ты, і нумар і назва. Як жа гэта ён трапіў табе?
Устаў з долу і Нупрэеў, далікатна ўзяў за ражок пакамечанае палатно, моўчкі ўздыхнуў. Потым таксама моўчкі паглядзеў на сержанта – нешта шматзначнае, пытальнае было ў тым яго працяглым позірку.
– Трапіў вось. Уратаваў пакуль, але ці ўдасца зусім уратаваць, хто ведае? – сціпла адказаў хлопец, не адводзячы позірку ад агністага шоўку.
– Ах ты, горачка, – чухаў патыліцу дзед. – Сапраўды задача. Гэта ж не жартачкі: вайсковы сцяг.
Нупрэеў змрочна маўчаў, захаваўшы ўглыб свае вочы, нізка схіліўшы голаў, стаяў Пятрусь. Некалькі праменьчыкаў паўдзённага сонца праз гушчар гарачымі пятакамі ўпалі на шоўк, запалілі яго і ціхенька гарэлі чырванню між золата літар. Так, не зводзячы з тае рэчы самотных вачэй, перамагаючы наплыў чагосьці светлага і жаласлівага, доўга глядзеў Пятрусь на сцяг і бачыў другі, ужо далёка адсунуты віхурай падзей той незабыўны дзень, калі ён прымаў прысягу, і на пляц перад строем палка ўпершыню выносілі гэты вось сцяг. Ён тады быў цэлы і акуратны, без чатырох дзірак, што цяпер свіціліся ў шоўку, яго неслі пад музыку, а камандзір палка, які мёртвы застаўся на тым пагорку, тады ладны і моцны, падаваў строю каманду. Пятрусь Кляновіч у той час лічыўся зусім зялёным байцом, ён і не марыў не тое, каб патрымаць сцяг, а нават і наблізіцца да яго. Сцяганосцам быў старшы сержант Саўкін, які за Фінскую меў два ордэны. А цяпер як змянілася ўсё! Няма ні Саўкіна, ні камандзіра палка, толькі застаўся ён, былы зялёны баец Кляновіч, і гэты вось прабіты ў чатырох месцах сцяг.
Пасля доўгай маўклівасці Нупрэеў сказаў:
– Ну, нічога. Як-небудзь зберажэм. Тут ужо нельга не зберагчы.
– Ну, канешне ж, – азваўся дзед. – Сцяг, ён найвышэй за ўсё. Я ж ведаю.
Нейкі час гэтыя трое людзей пастаялі яшчэ ў гушчары, глядзелі на сцяг, уздыхалі і маўчалі ў нялёгкай задуме. Вырашыўшы, што несці пад гімнасцёркай гэткую рэч нягожа, Нупрэеў аслабаніў свой рэчавы мяшок, у які добра запакавалі сцяг, і Пятрусь уздзеў яго на спіну. Нупрэеў інакш, неяк уважлівей, стаў пазіраць на сержанта і аднойчы сказаў:
– А ты таго, маладзец, хлопец.
Уладкаваўшы ўсё, пасур’ёзнеўшыя і прымоўклыя ад новага клопату людзі зноў падаліся ў сваю невядомую дарогу.
Не спыняючыся на начлег, яны ўсё ішлі на ўсход.
Мінулі другія суткі, як яны сустрэліся, і за час няспыннага падарожжа ўжо добра прывыклі адзін да другога. Пятрусь шчыра радаваўся, што трапілі на ягоным шляху гэтыя двое людзей, з імі хлопцу было куды весялей і надзейней, а галоўнае – яны шчыра, аддана паставіліся да ягонага цяперашняга імкнення. Ніводзін з іх і не марыў зараз пра што іншае, як толькі найхутчэй далучыцца да сваіх і тым канчаткова выратаваць сябе і сцяг.
Пятрусь ужо добра чуў на абодва вухі, але часам яшчэ ныла плячо і калі-нікалі пад грудзі падкатвала млосная нудота. Хлопец, аднак, трываў, перамагаў нядужанне і без скарг імкнуўся наперад.
Аднаго разу яны спыніліся ля ручаіны ў кустоўі, напіліся і моўчкі палеглі ў падсохлай ужо няроснай траве. Сонца ўзнялося і добра прыгравала, ад стомы і спакою да людзей чапляўся сон. Старыя адразу прыціхлі, а Пятрусь упарта гнаў ад сябе цягучую дрымоту. З мінулай ночы ўсталявалася так, што ён вызначаў час адпачынку і першы падаваў голас, калі трэба было рухацца далей. Ён гэта рабіў проста, па-сяброўску, без ценю каманды, але неяк стала, што хлопца слухаліся гэтыя двое людзей. Так, мабыць, прызнавалася яго вайсковае старшынства, а можа людзі зважалі на яго большую, чым іх, маральную адказнасць у справе, якую яны на сябе ўзялі цяпер.
Моцным намаганнем струхнуўшы дрымоту, сержант узняўся з травы і хацеў гукнуць людзей, каб рушыць далей, ды раптоўна ахапіўшая млосць паваліла яго на зямлю. Нупрэеў адразу заўважыў гэта і заклапочана сеў у траве.
– Э, братка, трэба падсілкавацца табе. Так нягожа. Мы то стрываем, а табе догляд патрэбны.
Узняўся і дзед, і яны вырашылі ў першай жа вёсцы, якая трапіцца на іх шляху, накарміць сержанта.
Як-колечы Пятрусь аднак ачуняў, і з паўгадзіны яны паціху ішлі лагчынай уздоўж ручая. Час ад часу старыя пазіралі ўправа, пакуль не ўбачылі на ўзгорку ў збажыне нейкія будынкі – то быў хутар. Коратка параіўшыся, Пятрусь з Нупрэевым засталіся на жытнёвым узмежку, а дзед выправіўся здабываць харчы.
Сядзелі яны досыць доўга, чакалі, а дзеда ўсё не было. Сержант пачынаў ужо непакоіцца за старога, калі ад хутара пачулася гаворка. Хлопец выглянуў над збажыною і хуценька схаваўся зноў. Ад будынкаў па сцежцы ішоў дзед і з ім яшчэ трое нейкіх людзей, – за плячыма ў іх, здаецца, вісела зброя. Нупрэеў таксама зірнуў і таксама ўстрывожана схаваўся. Сержант і баец пераглянуліся, а затым Нупрэеў саўгануў затворам вінтоўкі.
Калі ж людзі наблізіліся і стала чуваць іх размова, байцы зноў зірнулі адзін на аднаго, і сержант узняўся з узмежку. Да іх даносіўся спакойны, гаварлівы голас старога, – нічога трывожнага ці падазронага не чулася ў ім.