Нямеючы ад новага гора, Пятрусь скінуў з байца ягоныя рамяні, узняў скрываўленую гімнасцёрку. Рана была невялічкая, але крыві ўжо вылілася багата. У некага знайшоўся індывідуальны пакет – Пятрусь як-колечы перавязаў чалавека.
– Ну, нічога, нічога, – няўпэўненым голасам заспакойваў ён байца. – Патрывай як-небудзь, хутка ўжо.
Нупрэеў стагнаў, зрэдку расплюшчваў вочы і неяк па-асабліваму, быццам просячы што, пазіраў на сержанта.
Узняўшы вочы, Пятрусь убачыў ваўкавата-насуплены свой дазор, які давёў людзей да гэткай бяды. Зноў гарачая хваля гневу хлынула ў Петрусёў твар, хлопец усхапіўся і крыкнуў Агальцову:
– Глядзі, глядзі, што нарабіў ты, гад!
Агальцоў, відаць, працверазеў ужо, зразумеў усё, што сталася, і зацята патупіў вочы.
– Застрэліць яго за гэта! – крычаў баец, паранены ў плячо. – Земляка майго Антохіна забіла праз яго. Пёрычаў вунь канае.
– Не застрэліць, а асудзіць і расстраляць, – разважна казаў той спрытны баец, што на дарозе першы захапіў нямецкі аўтамат. Ён меў ласкавае і славутае прозвішча Мацейка і цяпер стаяў побач і злосна глядзеў на Агальцова.
– Ты чуеш: расстраляць цябе! – крычаў Пятрусь, адчуваючы, як ад абурэння і крыўды дрыжыць яго сківіца. – Дзе тваё сумленне, старшына? Што нарабіў ты, пытаю?
Агальцоў маўчаў.
– Што размаўляць з ім? – зноў закрычаў паранены. – Гад ён, здраднік! Расстраляць яго, хлопцы!
Сержант, збянтэжаны і разгублены ад такіх жахлівых падзей, маўчаў, не ведаючы, што зрабіць з чалавекам. А людзі, поўныя злосці і нянавісці да віноўніка сваёй бяды, пазіралі на камандзіра і чакалі яго прысуду. I калі ўжо зменшыўся ўнутры першы імпэт гарачкі, Пятрусь выразна зразумеў, што і сапраўды старшыну Агальцова трэба расстрэльваць. Ужо такое вялікае было яго злачынства, такі неўтаймаваны гнеў байцоў, гэтулькі пралілося крыві, што інакш яго пакараць было нельга. I разам з выразнасцю гэтае кары з’явілася ціхая жаласць да блізкага знаёмага чалавека. Перад вачыма паўстаў другі Агальцоў, той, што ратаваў байцоў з-пад моста, кідаўся на варожую машыну на дарозе, што заўсёды нёс зухаватасць і смеласць. Два супрацьлеглыя пачуцці да хлопца скрыжаваліся ў сержантавым сэрцы, і ён разгубіўся.
Так, пакутуючы, Пятрусь шукаў справядлівага рашэння гэтай цяжкай задачы і паступова ўсё болей пераконваўся, што іншага прыдумаць нельга. Вунь, заплюшчыўшы ад болю вочы, ляжыць Нупрэеў, ляжаць яшчэ людзі, якіх загубіў ён – не той смелы парывісты Агальцоў, а гэты вось агідны п’яны разгільдзяй, што за распустай забыўся на абавязак, на сцяг і сумленне.
Сержант зірнуў на ваўкаватага хлопца – той, здаецца, разумеў ужо ўсё і маўчаў. Ён не прасіўся, не ўмольваў дараваць, а маўчаў, быццам адчуваў, што заслужыў адзіную кару і гатовы быў прыняць яе. Не, бадай, няма чаго тут шкадаваць Агальцова, відаць, нешта нядобрае сядзела ў яго душы, калі адважыўся ён на такое. Пэўна, не дужа дарагі яму гэты сцяг і гэтыя выратаваныя для будучых бітваў людзі. Відаць, нейкая чарвяточына заўжды гняздзілася ў ім, і не сёння дык заўтра нечым агідным усё роўна выявіла б сябе. Так думаў Пятрусь.
Агальцова расстралялі тут жа, у кустоўі.
Пятрусь быў перакананы ўжо, што зрабілі правільна, але гэтая перакананасць усё роўна не пазбавіла хлопца ад душэўнай скрухі. Жук таксама перажываў, маўчаў увесь час, і яго шырокаскулы твар, некалі такі прастадушны і ўсмешысты, чарнеў зараз ад невыказнага гора. Ён не апраўдваў, але, як і сержант, немаведама чаму шкадаваў Агальцова, шкадаваў яго неразумнага лёсу, так, нібы не сам старшына вытвараў усё агіднае, а якая іншая сіла прымушала яго на тое.
Старшыну пакаралі, а ў Петруся ўсё не ўсталёўваўся спакой. Душылі хлопца і боль і крыўда – крыўда на Агальцова, што прычыніў бяду і давёў сябе да пагібелі, крыўда на людзей, што ў час небяспекі дрэнна слухаліся камандзіра, крыўда на сябе, што не наладзіў дагэтуль добрай дысцыпліны. Хіба з такім бязладдзем могуць яны прабіцца праз фронт? З кожным днём усё цяжэйшым становіцца іх шлях, і ўсё больш арганізаванасці і парадку трэба атраду. Ён так і сказаў аб тым перад строем калоны. На яго змрочна пазіралі няголеныя маркотныя твары, і ён не ведаў, зразумеюць людзі ці не, але рашуча абвясціў, што парушальнікаў вайсковага парадку чакае тое, што сёння вось старшыну Агальцова.
Як-колечы ўладкаваўшы на самаробныя насілкі цяжка параненых, група зноў падалася ў поле. Ішлі цяпер болей кустоўем, з пералеску ў пералесак, рабілі вялікія крукі, часта спыняліся, пакуль дазор аглядаў шлях. У дазор сержант выправіў Жука і яшчэ двух спрытных байцоў. Яны дзейнічалі асцярожна. Пятрусь пільна сачыў за імі воддаль, прыслухоўваўся да сігналаў у зарасніках і ўсё пакрыкваў на людзей, каб тыя маскіраваліся і не лезлі на адкрытыя месцы.
Ужо на захадзе сонца зусім недалёка недзе гучна забухалі ў паветры моцныя гарматныя стрэлы. Хлопцы ў кустоўі аж здрыгануліся ад нечаканасці. Сержант спыніў калону і разам з Мацейкам выткнуўся з алешніку. Перад імі ляжаў папаравы касагор, зарослы калючым асотам, а наперадзе высіўся ўзгорак з яблыняй-дзічкай на фоне неба, і там, недзе за ўзгоркам, бухала батарэя. Хлопцы весела пераглянуліся, і, вярнуўшыся да байцоў, сержант радасна паведаміў людзям:
– Нашы блізка! Бач, палкавая батарэя б’е. Значыць, кіламетраў пятнаццаць – дваццаць...
«Толькі б праскочыць. Толькі б не наткнуцца і не загубіць людзей», – увесь час стукала ў голаў неадчэпная думка.
Ужо на змярканні да атрада далучылася яшчэ дванаццаць байцоў.
Іх недзе напаткаў дазор, і Жук выправіў іх з дазорным насустрач калоне. Яны нечакана з’явіліся з-за ячменнага пагорка ў полі, і сержант аж спалохаўся, убачыўшы столькі людзей. Але дазорны падаў голас, і Пятрусь, не разумеючы яшчэ, у чым справа, спыніў байцоў. Зблізку ён ўбачыў, што гэта былі свае, і ў хлопца адлегла ад душы. Да яго разам з дазорным падышоў нізенькі бялявы малодшы лейтэнант, ён з павагай зірнуў на сержанта, на яго сцяг і па-сяброўску падаў руку.
– Давай, сержант, разам шукаць удачы. Толькі туды вы дарэмна кіруеце: там нямецкія пантанёры ўсе дарогі забілі – і ў вёсцы, і ў лесе.
– А вы там былі? – запытаў Пятрусь.
– Ага. Мы адтуль. Тыцнуліся, пастралялі і назад. Трэба браць лявей, можа там як.
Яны выйшлі на пагорак і нейкі час пазіралі ў ахінутую ўжо вечарам лясную далячынь. Недзе наперадзе раскацістым рэхам грукацела бойка – чуваць было, як роўна, з пэўнымі прамежкамі рваліся міны. Аднекуль з-за лесу ўзляцела ўгору зеленаватая чарга трасіруючых куль, недзе далёка раўлі, пэўна, буксуючы, танкі. Толькі ззаду было спакойна, а так усюды чулася прысутнасць войска, трывожнае дыханне вялікай затоенай сілы вайны.
Хлопец добра ўяўляў сабе, што варта толькі няўдала сунуцца ў гэтую гушчыню войска, як ад іхняй невялікай групы нічога не застанецца.
Людзі спадзяюцца на яго, думаюць, што ён усё ўжо абдумаў і ведае нейкі спосаб перайсці фронт. Надвячоркам ён падслухаў, як нехта ў калоне нягучна сказаў: «Глядзі, а сержант гэты талковы, ён, бадай, выведзе...». Ён тады аж счырванеў, пэўна, ад тых слоў, так яму здалося, што людзі памыляюцца ў ім. Бадай, не вельмі ён талковы – нялёгкі клопат займае зараз яго галаву, і ён не ведае, як зрабіць, каб выйшла лепш. Складаная справа выпала на яго долю. Калі б тут быў іх камандзір палка ці Петрусёў камандзір узвода, ужо яны надумалі б, як ашукаць ворага, як прабрацца да сваіх, – яны былі вучоныя і ведалі ўсе таямніцы вайсковай тактыкі. А сержант Кляновіч, як сляпое кацянё, на ўласных хібах пазнае тую навуку жахлівай барацьбы. З узгорка яны падаліся ўлева, як раіў малодшы лейтэнант. Маленькі, аброслы рудым шчаціннем, ён здаваўся маладжавым. Але на гэтым твары ляжаў такі ж трывожны клопат, які непакоіў і сержантаву душу, але камандзір, відаць, хаваў ад людзей тую трывогу і падбадзёрваў сябе і байцоў.
– Дзе-небудзь праскочым, – казаў ён, таропка крочачы за сержантам. – Не можа таго быць, каб не праскочылі.
Доўгі ліпеньскі дзень канчаўся позна, ноч была кароткая, і ў Петруся з’явіўся новы непакой ад думкі, што яны спозняцца і не ўправяцца да ранку. Ён ужо колькі разоў ціха камандаваў калоне «шырэй крок» і сам спяшаўся, але змораныя ногі хутка запавольвалі хаду. Урэшце яны зноў ўзбіліся на палявую дарожку і пайшлі па ёй. Грукат бою ўночы пацішаў крыху, толькі яшчэ ў розных месцах за лесам бухалі гарматы, і небакрай раз-пораз успыхваў ад дрыготкага святла ракет.
У кусцістай балацявіне, на нізкім разбураным мастку яны дагналі галаўны дазор. Жук і хлопцы зморна сядзелі на ўцалелай перакладзіне, а ля іх стаяў нейкі чалавек з аброццю. Відаць было па ўсім, што яны чакалі калону.
– Ну, што спыніліся? – запытаў сержант, падыходзячы да іх.
Жук устаў з бервяна і кіўнуў галавой на чалавека:
– Вось дзядзька кажа, немцы там: з’язджаюць з дарогі і разгортваюцца ў полі.
– Так, так, – пацвердзіў чалавек, бразгаючы цуглямі. – Усё едуць і едуць. Нейкія машыны вялікія, танкі гэтыя, забілі ўсё поле, патапталі, панішчылі ўсё, каб іх вантробы панішчыла.
– А нашы даўно былі тут? – запытаў малодшы лейтэнант.
– Учора, толькі ўчора, людцы добрыя. Прайшлі каля вёскі, і вось мы ўжо пад немцам.
Пятрусь маўчаў. Побач на дарозе маўкліва стаялі людзі, яны пільна ўслухоўваліся ў іхнюю размову і пазіралі на камандзіраў, пэўна, чакаючы ад іх разумных каманд, удалых рашэнняў. Малодшы лейтэнант таксама маўчаў, толькі чухаў няголеныя сківіцы і аглядаў наваколле. – Дзядзька, скажы нам, дзе можна перайсці да нашых, каб на немцаў не натрапіць? – запытаў сержант.
– А хто ж яго ведае, – няўцямна паціснуў плячыма чалавек. – I там едуць, і там страляюць. Хіба толькі ў Гнілаўшчыне няма.
– А што гэта за Гнілаўшчына?
– Ды балота такое. Гэта вам трэба вярнуцца назад і прайсці вярсты з тры, а потым, значыць, па правую руку будзе Лозіна, а вы яшчэ пройдзеце... – Ну яе тую Лозіну, – перабіў малодшы лейтэнант. – Назад вяртацца не будзем.
Пятрусь незадаволена паморшчыўся: ён таксама не хацеў вяртацца назад. Мо’ там і сапраўды лягчэй было прабрацца да сваіх, але ісці зараз назад проста адмаўляліся ногі.
I яны вырашылі ісці наперад. Пераскочыўшы канаву, сержант рашуча накіраваўся ўдоўж ручая па мокрай пожні. Чалавек пакорліва сказаў на развітанне: «Ну, памагай вам Бог», і, чамусьці зняўшы шапку, усё стаяў на мастку і глядзеў услед байцам.