— Паліцаі былі. Цябе шукаюць.
У вачах Серафімкі шаснуў цень страху, і яна зьмянілася з твару.
— Ай, божачкі!..
— Схавай мяне куды, — загаварыў Дземідовіч. — Бо зноў прыйдуць.
— Ай, божачкі! — зноў вымавіла Срафімка і раптам падхапілася ад парогу. — Хуценька, хуценька ідзіце сюды… Я зараз зірну.
Яна выскачыла на падворак, паазіралася і зноў ускочыла ў сені.
— Ідзіце сюды… За мной, во агародамі да тых кусьцікаў…
Ён не пытаўся, куды, цяпер яму засталося толькі спадзявацца на Серафімку, у ёй быў яго паратунак. Хістаючыся ад зьнямогі, ён паклыпаў за ёй па сьцежцы цераз гарод да кустоўя, там ужо было якоеніякое сховішча, і яна пачакала яго, узяла за руку.
— Во туды, у лясок, там… Я знаю, куды.
Паліцаі, мусіць, шукалі яго на выгане на другім канцы спаленай вёскі, а яна хутка прывяла яго ў рэдкі дробны лясок з маладым бярэзьнікам, тут ужо можна было затуліцца ад вёскі, і яна пачакала крыху, пакуль ён адкашляецца.
— Што, кепска вам?
— Кепска, Серафіма, — сказаў ён, цяжка і хрыпата дыхаючы. — Я сказаў, што ты мая цётка.
— Во як! — толькі і сказала яна, з непрыемнасьцю падумаўшы, аднак: якая я табе цётка? Можа, гады на два старэйшая, магла б быць жонкай, сястрой. А то — цётка.
Яна ўжо ведала, дзе схавае яго — іншага схову ў яе не было, а ў бліндажы ўтрох ім, можа, будзе лепей. Сёньня ранічкай, як яна прынесла ежу камандзіру і насунулася на таго немца, дык ледзь не самлела ад спалоху. Добра, што камандзір азваўся, мусіць, зразумеў яе страх і супакоіў. Сказаў, што гэта дэзерцір, ня трэба баяцца. Тады яна пасьмялела трохі, але ўсё роўна баялася, пакуль, седзячы ў бліндажы, карміла сьляпога. На яе радасьць, сёньня камандзір чуўся лепей і трохі зьеў яе харчу, астатняе да крошкі даеў, мусіць, добра такі згаладнелы немец. Трэба было падумаць, чым накарміць гэтыя дзьве душы заўтра, і з такім клопатам яна прыбегла дамоў. А тут такая нагода — паліцыя. Што ж цяпер ёй рабіць, думала Серафімка. Зноў жа, гэты Дземідовіч, мусіць, захварэў не на жарты, ён зусім ня мог бегчы і хістка плёўся за ёй па малаходжанай сьцежцы ў зарасьніках, а то спыняўся зусім, кашляў — гучна і надрыўна, па-сабачы. Трохі супакоіўшыся ад спалоху ў хаце, яна пачала думаць, што цяпер, удзень, мусіць, нягожа весьці цераз поле чужога чалавека. Але і як было пакінуць хворага ў лесе? Яшчэ зусім тут абляжа, што тады з ім рабіць? Цяпер хіба што падысьці да бліндажу ня полем, а збоч, ад поплаву, тою траншэяй. Там усё ж болей схоўна. Мо так іх не заўважаць здаля.
Ня надта хутка і спрытна яны выйшлі з ляску па-над вялізным прасьцягам тарфянішча, і Серафіма, ідучы наперадзе, усё азіралася на Дземідовіча, прытрымлівала свой крок, каб ня дужа адрывацца ад чалавека. Так яны адолелі даволі даўгі схіл і падышлі да канца траншэі. Тут, аднак, у мелкай, па пояс, ня болей, траншэі ня надта каб было схоўна, і дужа гразка ў дне, але Серафімка скочыла ў яе шчыліну; неўзабаве туды, павагаўшыся, улез і Дземідовіч. Прыгінаючыся, яны доўга прабіраліся крывулякамі разьбітых хадоў, якія пакрысе рабіліся глыбейшымі, бруствер абапал вышэў, і высокаму Дземідовічу ўжо можна было ня горбіцца. Але, мусіць, яму не спадабалася нешта, і ён, ужо другі раз прыпыняючыся, пытаўся ў Серафімы:
— Куды гэта мы?
– Ідзіце, ідзіце, — лагодна казала яна, азіраючыся. — Там двое, але нічога. Бліндаж вялікі.
— Бліндаж?..
— Ну, бліндаж.
Дземідовіч ня ведаў, радавацца ці злаваць — бліндаж і нейкіх двое ў ім — добра, калі свае. А калі немаведама якія? Як тады яму быць?
Мусіць, ля апошняй павароткі яны спыніліся, і Серафіма ціха гукнула:
— Гэта я, Серафіма…
— Ты, тётка? — глуха данеслася з-пад зямлі, і Серафімка першая падышла да напаўзасыпанага ходу ў бліндаж. Дземідовіч жа нерашуча спыніўся зводдаль, і толькі як яна схавалася там, сунуўся сьледам.
— Во прывяла яшчэ, — казала камусь Серафімка. — Ня бойцеся, свой. У райкаме рабіў.
Дземідовіч стаяў, дужа ўгнуўшы галаву, якая ўпіралася ў нізкую столь, і ва ўсе вочы глядзеў у паўзмроку на вайскоўца з забінтаваным тварам, што ляжаў у куце. Той паклаў на палу шыняля свой пісталет і адхінуўся на сьпіну.
— Фамилия?
— Дземідовіч, — сказаў госьць. Тут ужо, мабыць, можна было не таіцца, перад ім ляжаў, мусіць, паранены капітан войск сувязі. Трохі паспакайнеўшы, Дземідовіч зірнуў убок, за Серафімку, і сударгава сьцяўся: з другога кутка на яго пільна і выпрабавальна ўзіраўся нейкі дзяцюк у нямецкім мундзіры з няпэўным, але адразу відаць было, чужым выразам на белабрысым твары. Мусіць, зразумеўшы зьдзіўленьне Дземідовіча, Серафімка пасьпяшалася супакоіць яго:
— Нічога, нічога… Як-небудзь…
«Добра — як-небудзь», — падумаў Дземідовіч, які ўжо быў ня супраць даць адсюль драла, каб толькі мог. Але ўжо, мусіць, яму адсюль ня выйсьці, ён ужо ў пастцы — такія думкі перш за ўсё іншае паявіліся ў яго галаве. Капітан між тым варухнуў упартым падбароддзем, паказваючы кудысьці ўбок.
— Садись, Демидович, рассказывай. Где наши? Это немец-дезертир, не обращай внимания. Закурить имеешь?
— Не куру я… — паныла выціснуў з сябе Дземідовіч.
— Не куришь? Жаль… А то у немца эти сигареты, что трава. Серафима! — паклікаў капітан. — Ты не сможешь достать курева? Ну махры там или самосада?
— Табакі? Дык дзе ж… Каб які мужчына быў.
— А ты постарайся. Без курева тут погибель… Так где фронт, не слыхать?
— А хто ж яго ведае. Але няблізка.
Дземідовіч па чарзе пераводзіў свой устрывожаны позірк то на капітана, то на немца ў куце. Пасьля апусьціўся пад сьцяной ля ўваходу, закашляўся. Капітан услухаўся ў яго кашаль і, як той трохі прыціх, спытаўся:
— Что, простудился?
— Прастудзіўся, халера на яго…
— Да, надо было в избе полежать.
— Паляжаў ноч. Ды ранкам паліцаі выкурылі.
— Полицаи? Уже и полиция организовалась? Вот сволочи! И откуда взялись? Свои? Прихожие?
— А чорт іх ведае, — сказаў Дземідовіч, крадком пазіраючы на немца.
— Піліпёнкі, Піліпёнкі гэта, — хуценька ўставіла Серафімка. — Болей некаму. Яны — халерныя людзі.
Хлебнікаў трохі павярнуў галаву ў яе бок.